Вынікі навуковага семінара на тэму: «Аб неабходнасці і шляхах удасканалення заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях»




Дата канвертавання04.04.2017
Памер52.09 Kb.
Вынікі навуковага семінара на тэму:

«Аб неабходнасці і шляхах удасканалення заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях»
Навуковы семінар, які адбыўся 24 ліпеня 2015 года ў Доме Урада, быў арганізаваны і праведзены Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Старшынствавалі на навуковым семінары намеснікі старшыняў пастаянных камісій Чаравач У.А. і Карашкоў Я.Ф.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, а таксама прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт».

Абмеркаваўшы комплекс пытанняў, звязаных з удасканаленнем заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях, удзельнікі навуковага семінара адзначаюць наступнае.

Па стане на 1 ліпеня 2015 года было прынята 102 законы аб унясенні змяненняў у КаАП 2003 года, агульная колькасць змяненняў (разам з ПВКаАП) перавысіла 1000. У 2014 годзе было злучана ў адным праекце дванаццаць праектаў КаАП і ПВКаАП, ужо ў бягучым годзе аб’яднаны ў адзін шэсць праектаў і шэсць артыкулаў (у агульнай складанасці дванаццаць).

Аднак эфектыўнасць унесеных змяненняў і самога адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства дастаткова нізкая і не накіравана на папярэджанне адміністрацыйных правапарушэнняў, пра што сведчаць статыстычныя даныя (2010 год –– 2 931 071 улічанае адміністрацыйнае правапарушэнне; 2011 год –– 3 101 141; 2012 год –– 3 094 082; 2013 год –– 3 535 118; 2014 год –– 4 402 139).

Такім чынам, сур’ёзным недахопам сучаснага адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства з’яўляецца яго дынамічнасць, якая выяўляецца ў вялікай колькасці ўносiмых змяненняў і дапаўненняў, у тым ліку і ў вынiку палітыкі па гуманізацыі крымінальнага заканадаўства, якая праводзіцца ў краіне і, адпаведна, дэкрыміналізацыі крымінальных злачынстваў. Пры гэтым многія нормы, як існуючыя, так i тыя, што прымаюцца, часта носяць бланкетны характар, усачыць за імі часам цяжка нават спецыялiсту.

Праблемы сучаснага адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства прагучалі ў выступах дакладчыкаў (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт –– Васілевіч Р.А.; Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь –– Улога Д.А.; Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь –– Дзяркач А.У.; Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь –– Лапека I.Д.; Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь –– Шпак А.С.; Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь –– Папова М.В.) і ў абмеркаваннях удзельнікаў.

Таксама справядліва звярталася ўвага на існуючыя калізіі ва ўжыванні працэсуальных нормаў, якія рэгламентуюць працэдуры разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Адзначаныя абставіны, узятыя ў сукупнасці, узводзяць змяненнi адміністрацыйнага закона ў ранг самастойнай навуковай і практычнай праблемы, якая мае мноства аспектаў і настойліва патрабуе свайго канцэптуальнага аналізу і вырашэння. Яны ж спараджаюць у сучаснай навуцы і практыцы радыкальныя прапановы аб нарміраванні і абмежаванні заканадаўчай дзейнасці па змене КаАП і ПВКаАП, аб усталяванні ў якасці ўсеагульнага правіла «пакетных змяненняў» у закон пасля акумулявання, абагульнення і аналізу ўсіх заявак аб яго мадыфікацыі, што паступілі на працягу года; аб абмежаванні ініцыятывы праваахоўных і іншых ведамстваў у справе змянення дзеючага адміністрацыйнага заканадаўства; аб вяртанні да дарэвалюцыйнага вопыту перыядычнага (але не раней чым праз пяць гадоў пасля прыняцця) ўнясення абагульненых сістэматызаваных змяненняў і дапаўненняў.

Такія прапановы, без сумнення, падкупляюць відавочнай прастатой вырашэння пытання знешне надзейнымі гарантыямі забеспячэння сістэмнасці і ўзгодненасці КаАП і ПВКаАП. Разам з тым павінна быць відавочна, што практычная рэалізацыя падобных ідэй здольна знізіць аб’ектыўна неабходную аператыўнасць прымаемых рашэнняў, узвесці змяненнi адміністрацыйнага закона ў ранг планавых заданняў, спарадзіць сур’ёзныя праблемы міжгаліновага разузгаднення нормаў.

На наш погляд, сучаснае адміністрацыйна-дэліктнае заканадаўства характарызуецца адсутнасцю зразумелай прававой палітыкі па яе фарміраванні. Задачы датычна заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях, што былi пастаўлены ў Канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь (пункты 47 і 48), выкананы. Асноўныя напрамкі і метадалагічныя падыходы ўдасканалення адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства ў Рэкамендацыях па тэарэтыка-метадалагічных асновах удасканалення прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь не вызначаны.

Бясконцыя змяненнi КаАП не спрыяюць павышэнню эфектыўнасці адміністрацыйна-прававой абароны грамадскіх адносін. А штучнае раздзіманне адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства не дадае нашай прававой палітыцы стабільнасці.

У сувязі з вышэйсказаным вельмі важным з’яўляецца ўяўленне аб тым, з дапамогай якіх метадалагічных падыходаў павінна будавацца заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці.

Неабходна сістэма прынцыпаў, пры рэалізацыі якой вырашыцца праблема балансу публічных і прыватных інтарэсаў пры ўсталяванні адміністрацыйнай адказнасці i якая зменіць практыку прававога рэгулявання адміністрацыйнай адказнасці.

Такім чынам, на сённяшні дзень аб’ектыўна наспела неабходнасць распрацоўкі і прыняцця канцэпцыі развіцця адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства, якая адлюстроўвае ўзгодненыя ўяўленнi ўлады і грамадзянскай супольнасці аб належным стане і перспектывах адміністрацыйна-дэліктнага права, яго месцы ў сістэме захавання бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы ад разнастайных пагроз. Менавіта канцэпцыя павінна вызначыць стратэгію ўзаемных адносін грамадства і правапарушальнікаў, на аснове яе і павінна будавацца заканатворчасць у гэтай важнай сферы грамадскіх адносін.

У аснове гэтай канцэпцыі, акрамя ідэалогіі адміністрацыйнай палітыкі, павінны ляжаць прынцыпы ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці. Гэтыя прынцыпы будуць абумоўліваць змест заканадаўства аб адміністрацыйных правапарушэннях, «цэментаваць» матэрыяльны і працэсуальны складнікi адміністрацыйнай адказнасці.

Акрамя таго, неабходнасць прынцыпаў устанаўлення адміністрацыйнай адказнасці абумоўлена ўваходжаннем Беларусі ў сусветную прававую прастору і важнасцю выканання патрабаванняў агульнасусветнай практыкі. Так, Міжнародны інстытут адміністрацыйных навук абгрунтаваў і сістэматызаваў чатыры групы прынцыпаў адміністрацыйнага права: надзейнасць і прадказальнасць; адкрытасць і празрыстасць; адказнасць; прадуктыўнасць і эфектыўнасць публічнай адміністрацыі.

Улічваючы вышэйсказанае, удзельнікі навуковага семінара рэкамендуюць:

1. Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве:

абагульніць прапановы ўдзельнікаў навуковага семінара для ўліку ў працы па законапраектнай дзейнасці;

2. Нацыянальнаму цэнтру заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь:

разгледзець пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі канцэпцыі развіцця адміністрацыйна-дэліктнага заканадаўства.

Намеснік старшыні

Пастаяннай камісіі

Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу



Рэспублікі Беларусь

па заканадаўстве У.А.Чаравач


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка