Вобраз Якуба Коласа ў кнізе М. Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”




Дата канвертавання18.04.2017
Памер81.2 Kb.
Вобраз Якуба Коласа ў кнізе М. Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”

ПЛАН


  1. Уступ.

  2. “Ад нараджэння чалавека да нараджэння паэта”.

  3. Дбайны збіральнік мастацкай праўды.

  4. Гаспадарскія клопаты Я. Коласа.

  5. З клопатамі пра чалавека.

  6. Колас і моладзь.

  7. Заключэнне.

Асоба Якуба Коласа, яго жыццё і дзейнасць – па сутнасці, асобная тэма ў беларускай літаратуры. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што толькі ў бібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” зафіксавана каля 300 твораў, прысвечаных славутаму песняру.

Духоўнае прыцягненне беларускіх пісьменнікаў да асобы Якуба Коласа невыпадковае: ён быў лідэрам, заканадаўцам ідэй, эстэтыкі маладой беларускай літаратуры; творчае станаўленне не аднаго аўтара праходзіла пад уплывам ягонай ліры.

Максім Лужанін, працуючы сакратаром Якуба Коласа, меў магчымасць назапашваць матэрыял для кнігі мемуараў “Колас расказвае пра сябе”. Кніга-эсэ стваралася на працягу 1967 – 1972 гг., перавыдывалася, аўтар дапрацоўваў свой твор. З паўсядзённых назіранняў рупна, карпатліва вылепліваецца постаць народнага пісьменніка, які бачыцца буйным планам у розных іпастасях – у працы над новымі творамі і дапрацоўкі тых, якія былі напісаны раней, у сямейных абставінах і паўсядзённым побыце. Чытач прысутнічае пры сустрэчах Якуба Коласа з рознымі людзьмі, бачыць яго ў бальнічнай палаце. Пашыраючы навукова-інфармацыйныя абсягі коласазнаўства, аўтар наладжвае экскурс у дзяцінства, праводзіць па ўлюбёных мясцінах пісьменніка, распавядае пра яго схільнасці і сімпатыі, патрабавальнасць да сябе і іншых, стварае ўяўленне пра коласаўскае асроддзе і духоўна-псіхалагічную атмасферу першага пасляваеннага дзясяцігоддзя. Ныгледзячы на тое, што некаторыя сентэнцыі ў дачыненні да поглядаў Якуба Коласа не пазбаўлены пэўных суб’ектывісцкіх уяўленняў самога аўтара, твор Максіма Лужаніна стаў значным укладам у беларускае літаратуразнаўства, у распрацоўку мемуарнага жанру.

Максім Лужанін, пэўны час працуючы сакратаром Якуба Коласа, штодзённа назіраў за ім, гаварыў, раіўся, дзяліў паўсядзённы клопат, радасці, гадзіны хваробы. Сам паэт, Лужанін думаў і хацеў адгадаць, як Міцкевіч стаў Коласам. “Жыў сабе сялянскі хлапчук, пасвіў кароў на палянах у хвойніку, бегаў з белай торбачкай за плячыма ў школу на беразе Нёмана – і раптам гэты басаногі Костусь адчуў сябе паэтам і назваўся Коласам” [2;7]

З дзяцінства Костусь быў вельмі ўражлівым. Ён, напрыклад, не проста запомніў назвы дзён тыдня, а нават уяўляў іх: “Нядзеля – поўная шпулька белых нітак. Панядзелак – такая самая шпулька, але без нітак. Аўторак – на гліняным белым кубку сіняя плямкв – фабрычная марка. Серада – драўлянае біла на ложку. Чацвер – адвёртка з ручкаю. Пятніца ўяўлялася як прыклад паляўнічай стрэльбы. Субота – … верхні абрэз халяў у мужчынскіз ботах” [2;30-32] Дзіцячае ўяўленне малявала розныя карціны штодзённага побыту і звязаных з ім няхітрых рэчаў.

Хлапчука з паэтычнымі задаткамі вылучала “…непасрэднае ўспрыманне, блізкае адчувальнасцю да фатаграфічнай плёнкі, здольнай утрымліваць адбіткі падзей, твораў, родных з’яў і вобразаў, усяго, на што б ні пасвяціў сонечны прамень з уласнага дапытлівага вока” [2;9]

Толькі адна ўражлівасць не магла “паставіць хлапчука на дарогу паэта” [2;9] Канечне, яго падтрымалі блізкія: матчыны песні, бацькава жаданне адправіць сына ў навуку, дзядзькаў гумар, дасціпнасць.

І не толькі гэта. “Тут прычынілася ўся зямля… Яна настойліва і неадкладна патрабавала галасніка, праз які б магла гаварыць не толькі пра сваё гора, але і пра сваю мару, не толькі аб прыгнёце, але і аб нізрынутасці яго” [2;9]

Праз усё жыццё Колас пранёс удзячнасць бацьку за тое, што зразумеў сынава жаданне да навукі: “…гаспадара з хлопца… не будзе. Хоць ён і рупны, і старанны, а пра сваё думае, усё цікуе, каб аднаму застацца” [2;59] Так хлопец атрымаў дазвол рыхтавацца да экзаменаў у настаўніцкую семінарыю.

Вучыцца даводзілася многа. Яго навучанне падштурхоўвалі ўласнае самалюбства, нежаданне быць звольненым і да ўсяго “пачало абуджацца замілаване да выбранай прафесіі” [2;64]

Іменна там, у семінарыі, “адкрылася яму магчымасць прыкласці неакрэсленую здольнасць да цвёрдай дзейнасці, якая потым зрабілася стрыжнем жыцця” [2;83] Міцкевіч-семінарыст з часам пачаў разумець усю якасць той навукі, якая ўбівалася ім у галаву прадстаўнікамі царскага рэжыму. Усё ж у сталыя гады ў гаворцы час ад часу пракідалася нотка добразычлівасці да сваёй першай і адзінай школы. Ён разумеў, што іменна ў гэтых сценах нарадзіўся пратэст супраць увязнення чалавечай волі ў мурах яшчэ большай тагачаснай турмы, турмы народаў. Удзячны быў лёсу Колас яшчэ і за таварыскі гурт верных сяброў, з кім давялося шукаць сцежкі ў рэвалюцыю.

Яшчэ ў маленстве і потым у юнацтве прыйшлі і ўзварушылі чулую душу Пушкін, Гогаль, Крылоў. Байкапісец, напрыклад, надоўга заставаўся ў маладога Міцкевіча недасяжным літаратурным богам. У час навучання ў семінарыі з’явіліся іншыя імёны і сярод іх – Чарнышэўскі. Кніга ўразіла сваёй глыбінёй: паралелі з розных галін навукі, вандроўкі ў гісторыю чалавецтва, імёны філосафаў, пра якія ў семінарыі нават не чулі. Неспадзявана для будучага пісьменніка прыйшло разуменне: у рукі пашчасціла злавіць меру “для ўласных трывог і разваг, для напісанага ім самім і другімі, а найбольш – для паднесенага яму ў выглядзе спрадвечных і непарушных ісцін” [2;86]

Усё ж сапраўдным узорам мастацкай дасканаласці для Коласа стаў Гогаль. Словы рускага класіка сталі для беларускага пісьменніка запаветам, ён здзіўляецца вастрыні гогалеўскай думкі, называе яе звышлюдскай.

Якуб Колас вельмі тонка адчуваў стыль пісьменніка. Захапляўся дасканаласцю (музыка і марскі вецер у “Пунсовых ветразях” А.Грына; выразнасць персанажаў А.Дзюма). Да дасканаласці ўсё жыцц імкнуўся сам. Чытаў рускіх класікаў, іх працы па вершаскладанню. Правіў уласныя радкі нават нават пасля іх з’яўлення ў перыядычным друку. Выкасоўваў цэлыя раздзелы паэмы “Сымон-музыка”. Усё гэта рабілася з мэтай удасканаліць форму і змест, выразна данесці ідэю да чытача. У гэтым – Колас – мастак, Колас – эстэт.

Неаднаразова чытаецца і перачытваецца Коласам аповесць “У палескай глушы”. Пісьменнік клапаціўся аб выразнасці малюнка, ажыўляе карціны, клапоціцца аб энергічнасці і гнткасці сказа, пазбаўляючы лішніх слоў, паўтораў. “Усё тлумачылася проста. Коласаўская манера пісаць зрабілася куды сціслейшая, карацейшы стаў сказ, змянілася яго пабудова, паменшала пабочных слоў і выразаў”. [2;207]

Але Якуб Колас быў не толькі дбайным збіральнікам мастацкай праўды. Іншы клопат быў у яго. Сын лесніка, выхадзец з сялянскай сям’і, з дзяцінства добра зведаў гаспадарчыя клопаты. З клопатам чалавека-гаспадара ён вёў справы на пасадзе віцэ-прэзідэнта ААН БССР. Рыхтуючыся да пасяджэння прэзідыума, Я. Колас праглядвае парадак дня: восем пытанняў. Яго турбуе ўсё. Як гаспадар ён разумее: не даклады ў Інтытуце торфу і Інстытуце меліярацыі дапамагаюць вядзенню спраў, а непасрэдная даследчая і практычная дзейнасць на месцах – на тарфянішчах і на балотах. Трэба “там працаваць і зрэдку рабіць даклады…” [2;42] Разумеў ён недарэчнасць вялікай колькасці штатных адзінак: “Сядзіць, скажам, у аддзеле пяць асоб. Двое працуюць, двое іх папраўляюць, адзін правярае. Дык ці нельга пакінуць толькі дваіх, набавіўшы ім па палавіне акладу” [2;42] Хвалявалв Коласа драбната думкі, праблема псеўдааўтарытэтаў. Ён не любіў дармаедства і марнатраўства. “І чым толькі не займаюцца людзі! Усім, апрача карыснага і цікавага для краіны” [2;42]

Многія свае вывады Колас рабіў з уласных назіранняў, вопыту і доследаў. У яго, напрыклад, была клумба з жытам. Участак ён засяваў штогод і па ўраджаі з яго меркаваў, як зародзіць жыта сёлета.

Клопат пра гаспадарку быў штодзённы, пастаянны. Якуб Колас не вельмі зазіраў у калгасныя паперы. Яму дастаткова было прыехаць на палеткі восеню. “Калі блізка ад дарогі і па разорах чорна ад сытых шпакоў, а побач перавальваюцца спасныя, вялікія, як гусі, гракі, - няма тут гаспадара. Бо палавіна намалочанага парасцярушвана, а што пасеялі, кепска забаранавалі. Каб быў у тым калгасе гаспадар, ён бы рабіў іначай” [2;298]

Ён ведаў, як праходзіла калектывізацыя на Полаччыне, колькі коней на Мазыршчыне і іншае. Усё гэта сведчыць пра яго неабыякавасць, гаспадарлівасць, дасведчанасць.

Як чалавека, Якуба Коласа характарызуе многае. Узяць хаця б справу з асабістымі пазычкамі і дапамогамі. Вялося гэта ад выкладання ім ў Мінскім педагагічным тэхнікуме. Канстанцін Міхайлавіч часта падтрымліваў студэнтаў. Ён добра ведаў, каму і ў якой меры патрэбна дапамога: “у аднаго пазнілася дапамога з дому, у другога стыпендыі не хпапла, каб замяніць порткі, што пачыналі свіціцца на каленях, трэці кволіўся здароўем, меў патрэбу ў шклянцы малака” [2;53] Яму часта раілі праверыць у райвыканкаме пра асобу і матэрыяльнае становішча прасіцеля дапамогі. Але Колас быў перакананы, што людзям трэба верыць. Ён амаль беспамылкова выбіраў са сваёй пошты лісты, якія патрабавалі грамадскай, дзяржаўнай ці асабістай дапамогі. У адказ прыходзілі падзякі, запрашэнні на наваселле, “на свежы тварог ад купленай з яго дапамогай каровы ці на клубную вечарынку, дзе будуць танцаваць пад нядаўна набыты гармонік” [2;53]

Неяк прыйшоў да Коласа проста ў Акадэмію малады чалавек з падзякай пра дапамогу. Дзякуючы Коласавай падтрымцы, ён скончыў школу і працаваў на добрай рабоце. Спачатку абодва разгубіліся, а потым размова пацякла проста і непасрэдна. А калі малады чалавек сказаў, што яны з жонкай назвалі нованароджанага сына Якубам, пісьменнік расчуліўся. Кранулі душу шчырыя словы і памяць пра дабро.

“Ідучы насустрач людской патрэбе, Канстанцін Міхайлавіч не любіў марных патрат, неразважлівага выдаткавання ніякіх сродкаў і мог здацца, што называецца скупаватым Ён патрабаваў акуратна гасіць святло, выходзячы з пакоя,і дома, і яшчэ больш , у гасцініцах, не напальваць залішне печаў, не марнаваць, не выкідаць рэчаў, прыдатных да ўжытку” [2;53]

Ён сам у штодзёным побыце задавальняўся малым: еў мала, гарнітур гатовы быў насіць некалькі год. Але ва ўсім гэтым адчуваецца здабытае ўласным вопытам веданне, чаго варта праца чалавека. Гэта ён шанаваў у першую чаргу. “Іменна працу шанаваў Колас, і толькі гэта пабуджала яго да ашчаднасці” [2;55]

“Колас не быў добранькі слязлівай дабратою, ён адчуваў унутраны абавязак падтрымаць, а часам і выратаваць чалавека” [2;55]

Канстанцін Міхайлавіч не любіў шумных і дакучлівых людзей. Ён губляўся перад цырымоннасцю некаторых просьбітаў, але выслухоўваў іх. “Ды не толькі выслухоўваў і дапамагаў праз прыроджаную далікатнасць, а вышукваў у кожным зернятка сапраўднага, чалавечнага” [2;249] Гэта сведчыць пра тактоўнасць, уважлівасць да чалавека.

Педагог па адукацыі і душэўнай схільнасці, Якуб Колас заўсёды адчуваў турботу і хваляванне перад пачаткам навучальнага года. Ён не толькі навучаў дзяцей. Пазней навучаў будучых настаўнікаў методыцы мовы, працаваў выкладчыкам тагачаснага факультэта БДУ. І заўсёды ў думках і справах паэта была моладзь.

“Моладзь гарнулася да Коласа, плаціла за ўвагу і клопат аб сабе адданай любоўю, а ён, паэт, не менш любоўна гарнуўся да моладзі. Нездарма ж правёў усё сваё жыццё з дзецьмі…”[2;394] У Канстанціна Міхайлавіча было цёплае бацькоўскае пачуццё да сваіх выхаванцаў. Ён радаваўся, што яны маюць тое, чаго быў пазбаўлены ён: вольна дыхаюць, духоўна ўзбагачаюцца, завуцца людзьмі.

Канстанціну Міхайлавічу даводзілася выкладаць мову на настаўніцкіх курсах, гутарыў са слухачамі пра літаратуру, а галоўнае, чытаў свае творы. “Новыя знаёмыя песняра надоўга захавалі добрыя пачуцці і прыхільнасць да выдатнага паэта і ўважлівага педагога” [2;399] Ён вельмі многа шчырага сэрца ўкладаў у выхаванне і навучанне многіх пакаленняў моладзі. І гэта быў адзін з яго найважнейшых клопатаў.

Якуб Колас – пісьменнік, надораны народнай стваральнай сілаю, чалавек надзвычайнай мужнасці, дужы творча, мужны па-грамадзянску.

Якуб Колас – адзін з адкрывальнікаў таленту беларускага народа ў працы, у барацьбе, у песні.

“Колас – узор сапраўднага народнага чалавека ў жыцці і ў літаратуры. Па абавязку сумлення і розуму, па абавязку сына народа ён збіраў, занатоўваў, крышталізаваў лепшыя памкненні, пачуцці, спадзяваванні, філасофскую сутнасць, працоўную вогнетрываласць нацыі”. [2;404]

ЛІТАРАТУРА



  1. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ тагоддзя. У 4 т.Т.3. – Мінск: Бел.навука. 2001. – 952 с.

  2. Лужанін, М. Колас расказвае пра сябе: Аповесць-эсэ. – Мінск: Маст.літ., 1997. – 462 с.

  3. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5-ці т.Т.3. – Мінск: белСЭ, 1986. – 751 с.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка