Вольга Ярмак




Дата канвертавання01.06.2018
Памер176.35 Kb.
Вольга Ярмак БАЙКА ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ (1921-1939)

Рыжскі мірны дагавор 1921 г. падзяліў Беларусь на дзве часткі. Яе заходнія землі трапілі пад уладу Польшчы. У выніку іх насельніцтва апынулася пад сацыяльным і нацыянальным уціскам. І таму, як "рэзультат цяжкога палажэньня народу", паводле С. Станкевіча, "беларускае літаратурнае жыццё ў Заходняй Беларусі... далёка не адпавядае вялікаму поэтыцкаму разгону ў Усходняй Беларусі" [13, с. 165-166]. Магчыма, па гэтай прычыне творчасць байкапісцаў Заходняй Беларусі амаль не даследавана. Заходнебеларуская байка не прадстаўлена ні ў зборніку "Беларуская байка" (1986), ні ў "Анталогіі беларускай байкі" (2001). Нават у прадмовах не згадваюцца прозвішчы заходнебеларускіх байкапісцаў, якія мелі мужнасць пісаць па-беларуску байкі ва ўмовах жорсткага пераследу. Зараз гэты жанр даводзіцца вывучаць па падшыўках палітычных газет, а біяграфіі пісьменнікаў - па архівах судоў і паліцэйскіх участкаў (да прыкладу, толькі з архіваў мы даведваемся, што Я. Быліна пісаў ліст да В. Ластоўскага з просьбай дапамагчы перавыдаць кнігу баек і вершаў "Na pryzbie").

Слова "байка" ў заходнебеларускай перыёдыцы сустракаецца ў двух значэннях: як вусна-паэтычны твор і як навуковы тэрмін для абазначэння літаратурнага жанру. У першым выпадку "байка" выступае як сінонім казкі, легенды, падання, анекдота - карацей усяго, што звязана са значэннем "баяць" (расказваць забаўную або павучальную гісторыю). Гэтае значэнне слова відавочнае з прыкладаў: "...уплывы беларускага народнага творства - песьні, байкі і інш." (Калоссе, 1936, № 3, с. 186) або "дзеткі акружылі... бабулю... Ім толькі не да сну, бо якраз байка ідзець аб самым цікавым" (Калоссе, 1936, № 4, с. 227) і інш. Трэба заўважыць, што такая ж сітуацыя назіраецца і ў некаторых замежных літаратурах: напрыклад, англійская пісьменніца Луіза Олкат выпусціла зборнік казак пад назваю "Байкі пра кветкі" (Flower Fables, 1855). Але нас будуць цікавіць байкі з іншым значэннем - як жанр літаратуры.

Творчасць заходнебеларускіх байкапісцаў была цесна звязана з грамадска-культурным цэнтрам - Вільняй, таму што менавіта тут выходзілі сатырычны часопіс "Авадзень" (1924-1929), гумарыстычны часопіс "Маланка" (15.01.1926 - снежань 1928), гумарыстычна- сатырычны месячнік, або штотыднёвік грамадскага гумару і сатыры, "Асва" (25.03.1934 - жнівень 1934), "Беларускія ведамасці" (1921-1922), "Беларускі дэкламатар" (1924-1929), "Маладое жыццё" (1921-1923), часопіс для беларускіх дзетак "Praleski" (дадатак да "Хрысціянскай думкі"), беларускі рэлігійны часопіс "Да злучэньня" (1932-1934), штогадовы "Беларускі каляндар", літаратурна-навуковы часопіс "Калоссе" (люты 1935 - верасень 1939), "Хрысціянская думка" (19331939), газета "Крыніца" (1924-1925, 1939-1940, з 1926 да 1937 - пад назвай "Беларуская крыніца"), "Шлях моладзі" (1929-1939), "Наша праўда" (1927) і іншыя выданні, дзе друкаваліся байкі. Праўда, пасля добра памятнай у народзе "Маланкі" ў Заходняй Беларусі "не ўзнікла адпаведнага перыядычнага выдання. Напрыклад, "Асва" не толькі з-за свайго кароткага жыцця, але і з прычыны ідэалагічнай і тактычнай пазіцыі рэдакцыі не магла сканцэнтраваць вакол сябе значныя літаратурныя сілы" [3].

Заходнебеларускія газеты і часопісы нярэдка давалі запыт на пэўныя тэмы для баек. "Гнілое" інтэлігенцтва, палітычнае прадажніцтва, эксплуатацыя, амаральнасць, бесчалавечнасць (бяздушнасць, жорсткасць, гвалт, грубасць), крызіс, тэрор, беспрацоўе, хутарызацыя, эміграцыя і г. д. - так вызначалі тэматыку баек чытачы. Байкапісцы выбіралі сабе шматзначныя псеўданімы: Быліна, Адважны, Жук, Звястун, Вількоўшчык, Дзяркач, Васілёк, Асот, Жэшка, Башкір, Куралес і інш. Па-першае, у тых абставінах толькі так можна было выдаваць свае творы, а па-другое, грунтуючыся на выказванні Д. М. Буланіна, можна сцвярджаць, што "ананімнасць станавілася апазнавальнай прыкметай пэўнага роду тэкстаў" [2, с. 49]. На байках вучыліся дзеткі Заходняй Беларусі. Напрыклад, "Zasieuki: bielaruski lemantar dla chatniaha navu

annia" (Vilnia, 1937) змяшчалі байкі В. Адважнага ("Варона і Лісіца", паводле Крылова) і Я. Быліны ("Свіння і пчолы") лацініцай і кірыліцай, ілюстрацыі да якіх рабіў У. Ініцкі. Алесь Ляжневіч у "Дэкламатары" нават публікаваў парады "Як дэкламаваць вершы, апавяданні, байкі". Гумарыстычныя творы Я. Быліны выкарыстоўваліся аматарскімі калектывамі ў Заходняй Беларусі для выхавання патрыятычных пачуццяў. "Гісторыя беларускай літаратуры" (Вільня, 1924) М. Гарэцкага і "Дэкламатар" (Вільня, 1921) таксама не абмінулі яго творчасць. У. І. Каяла ў сваёй манаграфіі выказаў шкадаванне, што "яшчэ ніхто пакуль не займаўся паэтычнай спадчынай беларускага пісьменніка (Я. Быліны. - В. Я.), звесткі пра якога скупыя і нешматлікія, хоць ён і пакінуў пасля сябе вядомую сатырычную камедыю "Выбар старшыні", быў сапраўдным патрыётам, выкрываў вялікадзяржаўную палітыку польскага ўраду супраць беларусаў, у гады таталітарызму не пазбег рэпрэсій" [8, с. 60]. Улічваючы гэта, спынімся на асобе і творчасці Я. Быліны больш падрабязна. Янка Быліна (Янка Семашкевіч, 1883-1956) спалучаў святарскую місію з баечным пакліканнем. Байкі пачаў пісаць яшчэ да Першай сусветнай вайны і друкаваўся ў "Гомане", "Крыніцы", "Pralescy" і інш. Патрыятызм і крытычныя адносіны да рэчаіснасці прывялі Я. Быліну ў 20-я гг. ХХ ст. у сатырычныя часопісы "Авадзень" і "Маланка".

Наконт мастацкай вартасці яго твораў у даследчыкаў існуюць самыя розныя меркаванні. Напрыклад, М. Казлоўскі на сайце "Астравеччына" адзначыў, што "...асаблівай мастацкай вартасцю... вызначаюцца вершы на гумарыстычную тэму і байкі, створаныя на аснове побытавага гумару. Змест іх часцей за ўсё пабудаваны на рэальных здарэннях і фактах, узятых з вясковага жыцця. Напісаны яны жывой гутарковай мовай з вялікай колькасцю трапных вобразных слоў і выслоўяў і вызначаюцца дасціпнасцю і тонкім назіральным сялянскім гумарам" [5]. У. І. Каяла з сумам гаварыў, што "не ацэнена творчасць Я. Быліны" [8, с. 37]. А У. Калеснік лічыў, што вартасць сатырычных твораў байкапісца зніжаецца "традыцыйна-баечнай літаратурнасцю і дыдактычнасцю... шматслоўем і адкрытай павучальнасцю" [цыт. па: 8, с. 60]. На нашу думку, калі некаторыя байкі ходзяць па вёсках і іх ведаюць на памяць, значыць, мастацкая вартасць іх не аспрэчваецца. У народзе на памяць добра ведаюць байку "Блыха і Пан", якую У. Содалю ўдалося запісаць паводле ўспамінаў кушлянцаў. Праўда, аўтарства інфарматары прыпісваюць Ф. Багушэвічу. Гэта здарылася, хутчэй за ўсё, таму, што малавядомы пісьменнік паступова забываўся і твор пачаў атаясамлівацца са спадчынай вядомага на той час байкапісца. Гэта байка была надрукавана ў "Крыніцы" (1922) і падпісана Я. Былінам. Спісаць яе ў Ф. Багушэвіча Я. Быліна не мог, бо яна нідзе не друкавалася. Калі б аўтар узяў сюжэт з фальклору, то не было б столькі аднолькавага ў пераказах баек інфарматарамі. Мы падзяляем думку У. Каялы і У. Калесніка, што гэту байку напісаў менавіта Я. Быліна, бо па стылі яна аднолькавая з іншымі яго байкамі.

Я. Быліна, відаць, добра быў знаёмы з байкамі І. Крылова "Мірская сходка" і А. Абуховіча "Старшына". Да другога са згаданых твораў ён напісаў працяг і паказаў, што адбылося за той час, калі Воўк "над звярамі войтам быў": "Ён звяроў усіх душыў / Без разбору". Не вытрымаўшы, звяры падаюць у суд самому цару - Льву. Але калі той спытаў, якую маеце крыўду, звяры збянтэжыліся і прызналі, што крыўды мала. Воўк быў рады такому выніку, бо "тут дурні не звяліся" ("Леў і Воўк", ці "Леў-суддзя"). Перавыдаючы гэту байку, пісьменнік то змяняе загаловак, то дабаўляе радкі, выкідваючы іншыя, і г. д. Відаць, увесь час працуе над выразнасцю, над сваім стылем.

Першы зборнік "Na pryzbie", які змяшчаў дзве байкі ("Husi", "Žabka"), выйшаў у 1918 г. Другое яго выданне пабачыла свет у 1924 г. Хоць на вокладцы і напісана "папраўленае і дапоўненае", на нашу думку, гэта зусім іншы зборнік. Тут змешчаны новыя 10 баек, але няма папярэдніх.

Трэба адзначыць, што гэта кніга баек і вершаў выйшла раней за крапівінскую. Пачынаючы з 21 сакавіка 1920 г. Я. Быліна наладжвае сталае супрацоўніцтва з беларускай газетай "Крыніца", якая была разлічана на жыхароў Заходняй Беларусі і беларусаў эміграцыі. На старонках гэтай газеты (1920 - 1933) ён змяшчае наступныя байкі:

  1. - "Муха", "Свіння", "Свіння і пчолы", "Зязюля і Варона";

  2. - "Свіння і Сабака", "Леў і Воўк", "Свіння і пчолы", "Зязюля і Варона", "Блыха і Пан";

  3. - "Сасна і Верас", "Гусі", "Курыца", "Матылёк", "Сярдут і Сярмяга", "Баран", "Кабан і Мурашка", "Жабка";

    1. - "Баба і Гусь", "Леў";

    2. - "Зязюля", "Сава";

    3. - "Воўк", "Баран", "Сабака і мяса", "Воўк і Мужык".

Усе гэтыя і іншыя байкі ўвайшлі ў першую частку зборніка "Na pokuci" (у 1934 г. выдаў лацінкай Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры ў Вільні). Тут ужо налічваецца 41 байка, у якіх пісьменнік паказаў шкоднае ўздзеянне эканамічнага крызісу на культуру зносін паміж людзьмі. З 1937 па 1939 г. у дзіцячым часопісе "Praleski" з'яўляліся байкі, падпісаныя псеўданімам Janka Jalawiec, або J. J. (у слоўніку Я. Саламевіча гэты псеўданім не адзначаецца [12]), якія таксама належаць Я. Быліну. Адзначаецца ўплыў на творчасць пісьменніка рускай і еўрапейскай культуры, што пацвярджаюць падзагалоўкі баек: з Талстога ("Сабака"), Красіцкага ("Мыш і Кот", "Пан і Сабака"), Крылова ("Мельнік і Куры", "Варона і Лісіца"), Эйсманда ("Баба і Заяц"). Многія байкі аўтара прысвечаны пэўным людзям ці падзеям: "Husi i pastuch" (Paświa

aju St. Hl.), „Rak pasłom" (Paświa

aju P. F. Jaremi

u), „Saławiej" (Niaudałym krytykam), "Лісіца і Тхор (з нагоды нядаўных падзеяў)" і г. д.

На наш погляд, Я. Быліна - адзін з першых, хто стварыў мікрабайкі або байкі-карацелькі, дзе мнагазначным з'яўляецца кожнае слова. Такія байкі звычайна складаюцца з 4-8 радкоў, да прыкладу: "Муха і Вол", "Міцкевіч і Мураўёў", "Дзве бабы" і г. д.

Здавалася б, што можна сказаць у такім невялікім аб'ёме? Але аўтару ўдаецца ў кожным творы выбудаваць свайго роду мікрамадэль свету Заходняй Беларусі. Напрыклад:

З павучыньня муха ўцячы не магла - "Ратуй, браце, мяне!" - яна просіць вала, Рогам вол ў павуцьцё даў, муха паляцела -

У вала на хрыбце смактаць кроў яна села.

("Муха і вол")

Дзякуючы сваёй лаканічнасці і трапнасці, калі адзін дакладны штрых замяняе ёмістыя апісанні, жанр байкі пачынае існаваць у новай якасці і новым модусе.

Трэба сказаць, што ў Беларусі нішто нікуды не знікае. Могуць быць страчаны дакументы, але знойдуцца людзі, якія выступяць сведкамі. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца творчасць байкапісца Язэпа Вількоўшчыка (1898-1984). У "Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХУІ-ХХ стст.)" Я. Саламевіч падае, што сапраўднае прозвішча пісьменніка (з інфармацыі С. М. Новіка і А. С. Пякарскага, аднакурсніка Я. Саламевіча) - Вількоўскі Восіп Андрэевіч. Прагляд некаторых вершаў паказаў, што Я. Вількоўшчык часта звяртаецца да тлумачэння пэўных рэалій Слонімшчыны. Так, напрыклад, у вершы "Песьня селяніна" (Нёман, 1932, № 5, с. 165) заўважае, што "шнюр у Слонімшчыне дзеляць на вузварата рознай даўжыні". З гэтага вынікае, што месцам нараджэння Я. Вількоўшчыка можна лічыць Слонімшчыну. Пасля гэта пацвердзіць і Я. Саламевіч, які з'яўляецца земляком байкапісца. Я. Вількоўшчык нарадзіўся ў в. Варонічы. З артыкула Я. Саламевіча, змешчанага ў "Слонімскай газеце", можна дазнацца яшчэ аб тым, што, хутчэй за ўсё, Я. Вількоўшчык зведаў турэмнае зняволенне: "У Слонімшчыне праявіліся даволі многа культурных сілаў, якія раней пераважна пераследаваліся і часта сядзелі ў польскіх ці бальшавіцкіх турмах. Так, ёсць тут... А. Іверс, Я. Вількоўшчык і дзіцячы пісьменнік С. Пяюн" [11]. Трэба сказаць, што Я. Вількоўшчык часта згадваецца на старонках заходнебеларускіх перыядычных выданняў: то ў вершах (напрыклад, у вершы "Родны край" М. Машары: "Казлоўшчык, Жук, Улад-Ініцкі, / Язэп Вількоўшчык і Бартуль / Ў запале шчыра паэтыцкім / Кідаюць град скрыдлатых куль"), то ў адрасаваных яму адказах рэдакцыі ("За прысланыя вершы дзякуем. Вы наракаеце, што мы не надрукаваўшы ўсіх вашых вершаў, якія маем у сябе, просім прыслаць болей. У гэтым нічога дзіўнога, бо Рэдакцыя мусіць выбіраць толькі лепшыя вершы да друку" (Нёман, 1932, № 4, с. 152)).

Байкі Я. Вількоўшчыка, змешчаныя ў часопісе "Шлях моладзі" за 1933-1934 гг., нас зацікавілі наступным. Як вядома, традыцыйныя байкі пішуцца вольным ямбам, астрафічным вершам, нерэгулярнай рыфмоўкай. З шасці знойдзеных намі баек дзве напісаны вольным ямбам - „Воўк у сяле" (Я1-5) і „Курыца і качаняты" (Я1-6). У многіх байках пісьменнік імкнецца прытрымлівацца аднаго памеру: „Рэпа і Рэдзька" - Х3, „Хцівасць" - Я4, „Воўк і авечкі" - Я6. Такое адступленне ад традыцыйнасці назіраецца і ў сучасных байках. Трэба заўважыць, трохстопным харэем напісаны байкі і К. Крапівы („Дзед і Баба", „Памагаты"). Згаданыя вышэй байкі Я. Вількоўшчыка напісаны катрэнамі (акрамя байкі „Хцівасць"), у апошняй мараль складаецца з двух радкоў, што сведчыць пра максімальны лаканізм. Байкі ж „Цыган і Воўк", „Хцівасць" таксама лёгка можна разбіць на катрэны, бо чатырохрадковыя рыфмаваныя комплексы не вызначаюцца асаблівай звязанасцю паміж сабой. Большасць баек мае мужчынскія і жаночыя рыфмы (па месцы націску), за выключэннем баек „Хцівасць" і „Рэпа і Рэдзька", якія ўтрымліваюць толькі жаночыя.

Трэба адзначыць, што амаль кожная байка настоена на „зёлках" іншых твораў. За прыклад можна ўзяць байку „Цыган і Воўк", якая з'яўляецца кантамінацыяй вядомай беларускай народнай казкі „Лёгкі хлеб" і народнай прыказкі „Галоднаму хлеб толькі ўночы сніцца". Я. Вількоўшчык замяняе беларускага селяніна цыганом-злодзеем, які прапаноўвае ваўку вырошчваць хлеб і жыць як людзі. Цыган, пералічыўшы ўсе бар'еры, праз якія прыйдзецца прайсці, сам разумее нерэальнасць сваіх парад. Яны разыходзяцца, такім чынам яшчэ раз пацвердзіўшы мараль-прыказку. Гэтая байка магла стаць донарам пазнейшых баек-казак (напрыклад, „Жук і Слімак" Максіма Танка). Я. Вількоўшчык паказаў сябе таксама як перастваральнік баек іншых пісьменнікаў: яго твор „Воўк і Авечкі" мае асновай байку Ф. Багушэвіча „Воўк і Авечка", а „Воўк у сяле" - байку І. Крылова „Волк на псарне". Але ў першай байцы пісьменнік поўнасцю змяняе сюжэт, пры гэтым пакінуўшы мараль амаль сугучную:

Прапала бы і два... і ўсе б яны прапалі

Каб воўка пастухі па скуры не пазналі.

Я. Вількоўшчык
Ды скінь скуру дабрадзею,

Бо зубкі відаць.

А авечка, хоць дурная,

А Воўка ж пазнае.

Ф. Багушэвіч

У другой байцы пісьменнік бярэ сюжэт крылоўскай байкі, але дыялогі робіць больш аб'ёмнымі, глыбокімі і змястоўнымі, што набліжае да натуральнасці маўлення. Адчуваецца, што пісьменнік уклаў у твор часцінку самога сябе, свой жыццёвы вопыт, літаратурную дасведчанасць. Асаблівасць байкі „Рэпа і Рэдзька" ў тым, што аўтар спалучае неспалучальнае: змяняе сэнс прымаўкі на супрацьлеглае значэнне: „Ложка толькі дзёгцю / Псуе бочку мёду".

Мараль байкі „Хцівасць" перагукваецца з многімі творамі, дзе з пазіцыі жыццёвай мудрасці высмейваецца чалавечая сквапнасць, напрыклад з пушкінскай казкай пра залатую рыбку. Параўнаем:

Sto chcivy - cho

a mieci bolej,

To peuna usiakamu viadoma;

Jamu nikoli nie davoli,

Cho


-by usiaho mieu dosy

doma.


Байка Я. Вількоўшчыка ставіла за мэту выхаванне грамадскай свядомасці згодна з прынцыпамі хрысціянскай маралі.

Хочацца верыць, што аднойчы выказанае жаданне байкапісца: "Прайду жыцьцёвы шлях ў змаганьні і тварэньні, / Каб сьлед майго быцьця ня кончыўся з жыцьцём" (верш "Мой шлях", Нёман, 1932, № 4, с. 124) - спраўдзіцца.

Не ацэнена належным чынам і творчая спадчына яшчэ аднаго байкапісца і святара - Вінцука Адважнага (Германовіч Язэп Станіслававіч, 1890-1978). Ён любіў падпісвацца псеўданімамі Унук Вінцук, Лявон Ветрагон, Хлопчык з-пад Горадні або крыптанімамі А. V., A. W., А. В. Паспяхова працаваў у гумарыстычных і сатырычных жанрах, "хоць і нярэдка абмяжоўваўся варыяцыямі матываў Ф. Багушэвіча і І. Крылова" (такой думкі прытрымліваліся А. Станкевіч, У. Калеснік, А. Мальдзіс) [1, І, с. 49]. А часопіс "Калоссе" пісаў пра творчасць гэтага пісьменніка так: "вызначаецца чысьцінёй беларускага языка, простым стылем, сьвежасьцю, ня кажучы ўжо аб іншых вартасьцях, - а сам аўтар вызначаецца не абыякім талентам" (1935, № 4, с. 235).

Спачатку В. Адважны змяшчаў свае байкі ў "Хрысціянскай думцы", "Беларускай крыніцы", "Зорцы", у пасляваенны перыяд (у эміграцыі) працягваў пісаць у часопісы "Зніч", "Божым шляхам". На жаль, вялікая частка яго твораў загінула (напрыклад, напісанае ў Харбіне там і засталося). Байкі нават выходзілі асобнымі кніжкамі ў Лондане - "Князь і Лапаць" (1964), "Байкі і іншыя вершы" (1973). Другая кніга падаецца нам найбольш цікавай. Складаецца яна з трох частак. Першая частка змяшчае "Байкі - з жыцьця даўнейшага і сучаснага" (уласныя байкі розных гадоў), другая - "Байкі з розных краёў, з аўтараў і жанраў", дзе 70 баек - паводле Крылова, 25 - паводле Красіцкага, 53 - армянскія байкі (ХІІІ-Х^ ст.). Адчуваецца, што пісьменніка цікавіць не толькі змест, тэма байкі, якую ён апрацоўвае па-свойму, але аўтар хоча як бы паспаборнічаць, даказаць, што можа сказаць лепш. Таму не проста так ён інфармуе чытача, якую байку бярэ за аснову (у адрозненні, напрыклад, ад І. Крылова, які нідзе нават не згадваў пра Лафантэна, калі скарыстоўваў яго байкі). Для прыкладу возьмем байку І. Красіцкага "Пан і сабака", якую абыграў і Я. Быліна, і параўнаем іх:

Pies szczekał na złodzieja, calaj noc sie trudził:

Obili go nazajutrz, że pana obudził.

Spal smaczno drugiej nocy, złodzieja nie czekał,

Ten dom skradł; psa obili zа to, że nie szczekał.

І. Красіцкі

На зладзея ўсю ночку трэ' было брахаці:

Рана білі сабаку - ня даў пану спаці!

Заўтра цюцька спаў

Смачна - не пасьмеў брахаці:

Білі цюцьку, бо злодзей быў у панскай хаце.



В. Адважны

Такім чынам, яшчэ раз звяртаючыся да класікі (Эзопа, Лафантэна, Крылова, Красіцкага), байкапісцы адчувалі, што "эстэтычная асалода звязана са зваротам да... ужо вядомага, але заўсёды такога, чаго нельга ведаць да канца..." [9, с. 177].

Самым папулярным сатырыкам Заходняй Беларусі быў М. Васілёк (Міхась Касцевіч, 1905-1960), ад якога часопісы з нецярпеннем чакалі новых твораў. Паводле "Гісторыі беларускай літаратуры", менавіта ў "Маланцы" раскрылася адна з найбольш арганічных граняў яго таленту - гумарыстычная. Яго байкі перыяду 1921-1939 гг. намі не выяўлены, але ў 1955 г. у "Гродзенскай праўдзе" надрукаваны байкі "Хто віной?" і "Інжынер-«наватар»", пераклады літоўскіх баек. Перыяд жыцця і творчасці М. Васілька тоіць нямала пытанняў і загадак, як і творчасць Я. Гароха.

Улад-Ініцкі (Уладзіслаў Паўлюкоўскі, 1895-1955) з'яўляецца майстрам жартоўных і гумарыстычных вершаў і баек. З 1927 г. друкаваўся не толькі ў "Маланцы", але і ў "Нашай праўдзе", "Шляху моладзі", "Pralescy" Вядомы байкамі "Баравік і Мухамор", "Каўка" (увайшла ў зборнік "Сон Гаўрылы і розныя вершы", 1928), "Зайцы" і г. д., якія вызначаюцца каларытнай мовай. Байка "Баравік і Мухамор" мае шаснаццаць радкоў, якія завершаны па думцы, метрычным і інтанацыйна-сінтаксічным малюнку. Тут страфа складаецца з чатырох катрэнаў з перакрыжаванай рыфмоўкай, якія графічна не адасоблены прабеламі. Усе радковыя групы вельмі цесна звязаны паміж сабой рыфмамі і памерам (тут чатырохстопны харэй строга чаргуецца з трохстопным, як і ў астатніх байках; такім жа памерам былі напісаны амаль усе байкі А. Абуховіча, Ф. Багушэвіча, частка баек Я. Коласа, Я. Купалы). "Драматычная сцэнка" байкі заканчваецца афарыстычным двухрадкоўем, але гэта не мараль, а лагічны канец: "Мухамор расьці астаўся, / Потым згніў і так прапаў", - бо ў спецыяльным вывадзе-маралі тут няма неабходнасці, чытач сам лёгка разбярэцца, што да чаго. Яго байкі без маралі сталі прыступкай для сучасных, якіх шмат можна знайсці ў часопісе "Вожык".

Я. Башкір (Янка Пачопка, 1890-1977) таксама стала супрацоўнічаў з часопісам "Маланка", дзе былі змешчаны яго байкі "Хто быў Адам", "Дарадзіла", "Паправіў". Пісьменнік, на наш погляд, "варыўся" ў межах традыцыйнай байкі, вучыўся на творах К. Крапівы. Тым больш што байкі К. Крапівы не знікалі са старонак "Маланкі". Да прыкладу, тут надрукаваны яго байкі "Воўк і Ягнюк" (1926, № 11), "Вол і Авадзень" (1926, № 13), "Ганарысты Парсюк" (1927, № 10), "Сава, Асёл ды Сонца" (1928, № 7), "Дыплёмаваны Баран" (1928, № 13) і інш.

Прыкметнай і даволі перспектыўнай у літаратурным жыцці Заходняй Беларусі 20-х гг. ХХ ст. выглядала праца І. Дварчаніна (1885-1937), які падрыхтаваў "Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры" (1927). Упершыню І. Дварчанін надрукаваў сваю байку "Мурашнік" у часопісе "Маладое жыццё" (1921, № 3). Байкі паэта-самавука М. Засіма (19081957) намі не адшуканы, але У. Калеснік сцвярджаў, што яго "літаратурная схільнасць выявілася яшчэ ў час вучобы ў рускай пачатковай школе, калі ён, пераймаючы І. Крылова, спрабаваў пісаць байкі... імкнуўся ісці сцежкамі... байкапісца К. Крапівы" [1, ІІ, с. 506].

  1. Твардоўскі таксама даваў высокую ацэнку таленту М. Засіма: "У яго свой голас, свая тэма, свая арганічна склаўшаяся манера пісьма... асаблівасцю гэтай манеры з'яўляецца яе блізкасць да жанру сучаснай, насычанай востра палемічным зместам прытчы, байкі" [цыт. па: 6, с. 193]. Звястун (П. Пестрак) і А. Станкевіч таксама адыгралі пэўную ролю ў станаўленні заходнебеларускай байкі. Звястун, для прыкладу (акрамя таго, што сам спрабаваў пісаць байкі), рэцэнзаваў кнігу У. Корбана "Мы іх ведаем" (1950), дзе аналізаваў байкі пісьменніка. А з прадмовамі А. Станкевіча і пад яго рэдакцыяй выйшлі кнігі

  2. Адважнага, Я. Быліны, крытычныя нарысы пра творчасць В. Адважнага (гл.: Аб жыцці і творстве В. А. // Беларускія цымбалы / В. А. - Вільня, 1933). На творчасці яшчэ аднаго заходнебеларускага байкапісца - Б. Друцкага-Падбярэскага - мы спыняцца не будзем, бо яго байкі добра даследаваны ў артыкулах і манаграфіі У. І. Каялы [7], [8]. А колькі яшчэ баек не даследавана і знішчана ці згублена! Напрыклад, К. Лейка ў лютым 1921 г. паслаў у Вільню ў Беларускае навуковае таварыства 8 сшыткаў сваіх твораў, але лёс гэтых сшыткаў невядомы, толькі знойдзены некаторыя рукапісы баек на бытавыя, маральныя і сацыяльныя тэмы. Асобныя яго рукапісы, паводле З. П. Мельнікавай, зберагаюцца ў Вільнюсе [1, IV, с. 28].

Спадчына байкапісцаў Заходняй Беларусі, вядома, не дасягнула ўзроўню спадчыны Кандрата Крапівы, але ўсё ж такі яна адыграла пэўную ролю ў станаўленні жанру байкі. Байкі Заходняй Беларусі дапамагаюць нам - людзям іншай эпохі і ментальнасці - больш выразна ўявіць сабе вобраз думак пісьменнікаў таго часу, што неабходна для рэканструкцыі працэсу развіцця беларускай літаратуры. Некалі У. Калесніка папракалі за ўключэнне ў зборнік заходнебеларускай паэзіі "Ростані волі" слабых твораў, на што ён адказаў: "...хоць і сціплы іх даробак, але ён наш, як і іхняя творчая спадчына".

ЛІТАРАТУРА:



    1. Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. / Ін-т літ. імя Янкі Купалы АН Беларусі; Беларус. энцыкл.; Нац. навук.-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны; пад рэд. А. В. Мальдзіса. - Мінск, 1995.

    2. Буланин, Д. М. История русской переводной художественной литературы. Древняя Русь. ХУІІІ век: в 2 т. / Д. М. Буланин. - СПб., 1995. - Т. 1: Проза.

    3. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст.: у 5 т. / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Янкі Купалы. - 2-е выд. - Мінск, 1999. - Т. 2: 1921-1940. - С. 267-271.

    4. Грынкевіч, Я. Вяртанне Я. Быліны [аб 1-х краязн.-літ. чытаннях, прысвеч. 120-годдзю з дня нарадж. бел. паэта, байкапісца, драматурга, святара ] / Я. Грынкевіч // Наша слова. - 2003. - 13 жн. (№ 30). - С. 1.

    5. Казлоўскі, М. Творы Янкі Быліны на старонках газеты "Беларуская крыніца" / М. Казлоўскі // Астравеччына [Электронны рэсурс]. - 2005. - Рэжым доступу: http://www.astraviec.org/links.php. - Дата доступу: 21.09.2006.

    6. Калеснік, У. Час і песні / У. Калеснік. - Мінск, 1986. - С. 186-198.

    7. Каяла, У. І. Байкі І. А. Крылова на беларускай мове / У. І. Каяла // Взаимодействие литератур в мировом литературном процессе: материалы межресп. науч. конф. / ГрГУ. - Гродно, 1993. - С. 95-98.

    8. Каяла, У. Станаўленне і развіццё жанру беларускай байкі / У. Каяла. - Мінск, 2002. - С. 37.

    9. Криса, Б. Пересотворення світу. Украі'нська поезія ХУІІ-ХУІІІ ст. / Б. Криса. - Львів, 1997. - С. 177.

    10. Мілаш, Л. Пад знакам Янкі Быліны / Л. Мілаш // Наша слова. - 2003. - 1 кастр. (№ 36). - С. 4.

    11. Саламевіч, Я. Культурныя сілы / Я. Саламевіч // Слонімская газета [Электронны рэсурс]. - 2006. - 22 сак. (№ 459). - Рэжым доступу: http:/www:nigma.ru/find_words.php?url. - Дата доступу: 23.10.2006.

    12. Саламевіч, Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХУІ-ХХ стст.) / Я. Саламевіч. - Мінск, 1983. - С. 36, 172.

    13. Станкевіч, Я. Аб беларускай літаратурнай сутнасьці ў Заходняй Беларусі / Я. Станкевіч // Нёман. - 1932. - № 5. - С. 165-166.

    14. Юркойць, А. Светлай памяці Янкі Быліны / А. Юркойць // Краязн. газ. - 2004. - Студз. (№ 1-2). - С. 14.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка