Вучэбна-педагагічны комплекс яслі сад-сярэдняя школа №24 г. Барысава




Дата канвертавання03.04.2017
Памер55.96 Kb.

Шышла Ірына, 8а клас ДУА “Вучэбна-педагагічны комплекс яслі сад-сярэдняя школа №24 г.Барысава”


Першае падарожжа мурашыка

(казка)

Трошкі бліжэй да сонца і трошкі далей ад месяца, дзе Захад і Усход бяруцца за рукі, у беларускіх лясах жыў-быў муравейка Кузя. Ён нарадзіўся ў мяккай земляной пасцілачцы і, упершыню расплюшчыўшы вочкі, доўга не мог нешта разлічыць у цемры. Потым юны жыхар землянога царства прызвычаіўся да цемры, але яна не вельмі яму падабалася. Крыху агледзеўшыся, муравейка пачаў сваё падарожжа па наваколлі. Ён цярпліва пераадольваў сантыметр за сантыметрыкам і раптам убачыў цьмянае ззянне празрыстага праменьчыка. Сэрцайка яго забілася мацней ад прадчування нечага незвычайна прываблівага і таямнічага.

Муравейка паволі выйшаў на святло і знерухомеў: перад ім адкрыўся дзіўны свет, поўны фарбаў, сонца і нейкай незразумелай музыкі, якая ішла ад шматлікіх зялёных плям, на якіх адбівалася і спявала зыркае святло. Кузя доўга стаяў, аслеплены і збіты з панталыку. Але потым ён пачуў пяшчотны голас старога мураша:

- Што малеча, разгубіўся?

Смелы мурашок, пераадолеўшы здранцвенне, бойка адказаў:

- Не тое каб разгубіўся, проста незнаёмы з гэтым нязвыклым светам. Я пра яго нічога не ведаю.

- Гэты свет небяспечны,- дзелавіта прамовіў сталы мураш.- Тут шмат ёсць істот, якія могуць пакрыўдзіць цябе і нават знішчыць.

- Як знішчыць? Паслухайце, колькі тут незвычайнай музыкі, ды і нашы мурашы некуды спяшаюцца, будуюць свой дом. Значыць, у гэтым зыркім свеце таксама можна жыць.

- Які ты, аднак, смелы! Так, можна жыць, але вельмі асцярожна патрэбна пракладаць па зямлі свой шлях, бо ты маленькі і цябе лёгка сцерці з зямлі.

Сказаўшы гэта, мураш пайшоў па сваёй справе, а Кузька стаяў і разважаў, што ж яму рабіць. Схавацца ад небяспекі пад крылом мурашніка ці далей знаёміцца з новым, такім зманлівым жыццём.

Пераступіўшы з нагі на нагу, Кузька вырашыў прайсці за другімі мурашамі, бо, калі здарыцца нейкая небяспека, можна будзе папрасіць паратунку ў іх. Крок за крокам муравейка ўсё больш і больш захапяўся непаўторнымі краявідамі. Паступова ён стаў адрозніваць гучнейшую музыку, якая лілася проста з неба, змянялася рознымі тонамі і літаральна растваралася ў маленькай трапяткой душы мурашыка. Асцярожна перабіраючы ножкамі, ён паволі крочыў па лісточках і сцяблінках, па іглічках і сухіх галінках, выпаўзаючы на прагалінкі і падстаўляючы сонейку маленькі тварык.

Раптам зусім нізка пранеслася, лопаючы нечым па паветры, невядомае стварэнне і села проста на травінку, ледзь не збіўшы мурашыка.

-Ты хто?-хутка пераадолеўшы страх, спытаў мурашык.

-Я – жук, - склаўшы на спінцы тое, чым біў па паветры, і аглядаючы незнаёмца, адказаў лятун.

- А я – мурашык. Як гэта ў цябе атрымліваецца перамяшчацца ў вышыні?

- Гэта я лятаю пры дапамозе крылаў, - і ён яшчэ раз расправіў тое, што толькі што назваў крыламі.

Муравейка перабраў плечыкамі, але нічога не адчуў.

Новы знаёмы, заўважыўшы гэты рух, паблажліва прамовіў:

-Ты так не можаш. Не ва ўсіх бываюць крылы. Ты можаш толькі хадзіць ці поўзаць.

- А які ён, гэты свет зверху? - пераадолеўшы хвалю крыўды за сваю несамавітасць, не стрымліваючы цікавасць, спытаў Кузя.

- О, ён вельмі розны,- захоплена адказаў жук. - Там многа хто жыве. У свеце ўсе жыхары розныя. Хтосьці лятае, як я, хтосьці плавае, як выдра, рыба, жаба і іншыя. А ёсць зусім велізарныя жыхары з чатырма лапамі.

- А адкуль чуецца чароўная музыка?

- Гэта спяваюць птушкі. Яны прыгожыя, але вельмі небяспечныя для нас, жучкоў. Ад іх трэба ратавацца.

- А мне таксама трэба ратавацца ад птушак?

- Не, табе прасцей. Цябе могуць хутчэй растаптаць. Ты гэтага сцеражыся.

- А што ёсць на зямлі акрамя раслін?

- Вада.

- А што такое вада?



- Гэта такая бліскучая роўнядзь, як люстра. Яна мяккая і мокрая. У тоўшчы яе таксама ёсць свае жыхары, а на паверхні растуць расліны. Над вадой забаўляюцца хуткія стракозы, носяццца хмары мошак, камароў.

- Я не магу паляцець,- разважаў уголас Кузя. - Але я магу дайсці да вады і ўбачыць яе жыхароў. Ты ведаеш, дзе гэтая вада?

- Так. Толькі паспяшайся. Мне трэба па справах. Я буду ляцець над травой, а ты хценька ідзі, толькі не адставай.

Так і зрабілі. Муравейка радасна пракладаў сцяжынку да чысцюткай вады, час ад часу пазіраючы ўверх, дзе каларытна жужжаў празрыстымі крылцамі жук.

Доўга ці коратка бег маленькі мурашык, стаміўся вельмі, але цікавасць гнала яго наперад. Раптам трава скончылася, і Кузю асляпіў гарачы праменьчык. Пад нагамі пачаўся знаёмы пясочак, толькі не цёмны, да якога прывык мурашык, а светленькі-светленькі, у якім мякка адбівалася сонейка.

Дарэшты, святло асляпіла маленькае мурашаня, і ён павольна ступаў па зіхоткіх кругляшыках. Пасля погляд яго ўпаў на вялізнае празрыстае люстра.

- Дык вось яно якое сонца,- ускрыкнуў мурашык.

- Ха-ха-ха! Гэта не сонца. Гэта вада!- адазваўся нехта зялёны-зялёны ля самай бліскучай роўнядзі.

- Хто ты? – яшчэ больш здзіўлена перапытаў мурашык, з цікавасцю разглядаючы вялікую істоту з вялікімі вачыма і надзвычай шырокім ротам. Кузька міжволі ўспомніў пра небяспеку, але потым супакоіўся, паглядаючы толькі на дзіўныя ногі незнаёмца.

- Я – жабяня. Я тут жыву, у вадзе, каля берага. Вада – гэта такая радасць. Яна вельмі мяккая, пяшчотная, светлая, празрыстая. Я так люблю падарожнічаць па вадзе і песціцца ў ёй, грэцца на сонейку на шырокім лісці гарлачыка. Паспрабуй, калі ласка.

Кузя, заахвочаны словамі новага знаёмага, хуценька пабег да вады, але як толькі ён крануўся зіхоткай паверхні, ножкі адразу праваліліся ў нейную вязкую тоўшчу. Мурашык ускрыкнуў і ледзь здолеў выбрцца назад.

- Я ведаю, я ведаю, чаму вада цябе не прымае. Проста ты тут не жывеш і не ўмееш плаваць.

- Дык як жа я змагу падарожнічаць па вадзе?

- На гарлачыку! Сядай сюды, а я буду цябе цягнуць. Табе спадабаецца.

Кузька недаверліва паглядзеў на жабяня, але ў таго быў такі шчыры позірк, што ён імгненна супакоіўся і асцярожна пайшоў на прыгожы зялёны дыванок. Жабяня паволі пацягнула ўздоўж берага свайго новага сябра. Пакрысе мурашык агледзеўся, супакоіўся і шчасліва падставіў пяшчотнаму сонейку сваю рыжую спінку. Бачачы яго стан, жабяня пакрысе кіравала свій човен на сярэдзіну возера. Потым ён і сам далучыўся да Кузькі. Зялёны сябар апавядаў і апавядаў пра розныя вадзяныя здарэнні.

Усё было б добра, але гарэза-вецер захацеў таксама пагуляць з некім. Убачыўшы жывую бяседу новых сяброў, ён захацеў далучыцца і узняў хвалькі, каб звярнуць на сябе ўвагу.

Мурашок толькі паспеў заўважыць, як нешта цёмнае засланіла сонца, а потым увогуле яго паглынуў змрок, вязкі, непрымірымы.

Калі мурашык расплюшчыў вочкі, сіняя далеч глядзела на яго, а лёгкі праменьчык казытаў шчочкі. Не паспеў ён іх расплюшчыць, як нехта аграменны схіліўся над ім. Кузька падскочыў і тут жа пачуў:

- Нічога, жыць будзе!

Мурашык не ведаў гэтую істоту, пакрытую поўсцю, але звярнуў увагу на яго добрыя вочкі – і страх адступіў. Яшчэ некалькі хвілін ён няўцямна разглядаў вялізны пляскаты хвост, белыя вострыя зубы, а потым пачуў голас свайго новага сябра.

- Не бойся. Гэта дзядуля бабёр. Гэта ён выратаваў цябе, калі нас накрыла хваля, бо я сам спужаўся і ледзь выбраўся. Вада – гэта ж такая радаць...

- Каму вада – радасць, а каму – бяда,- павучальна прамовіў дзядуля. Толькі сваім жыхарам яна не страшная. Астатнія павінны быць вельмі асцярожнымі і заўсёды памятаць, што празмерныя гульні-забавы на вадзе могуць скончыцца вельмі дрэнна. Памятайце гэта, дарагія, і вельмі ўважлівымі будзьце.



Мурашык зусім пасмялеў і супакоена прамовіў:

- А яшчэ вельмі важна мець такіх мужных ахоўнікаў, як дзядуля-бабёр!


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка