Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце




Дата канвертавання11.09.2018
Памер226.09 Kb.
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Асновы бяспекі жыццядзейнасці»

для VII клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання




Тлумачальная запіска
Найважнейшай часткай сістэмы грамадскай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца навучанне падрастаючага пакалення асновам бяспекі жыццядзейнасці, што замацавана ў Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавiка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Галоўная роля ў падрыхтоўцы падрастаючага пакалення да бяспечнай жыццядзейнасці адводзіцца ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх вывучэнне ўсіх вучэбных прадметаў спрыяе фарміраванню ў вучняў сучаснага ўзроўню культуры бяспекі. Асаблівае месца займае вучэбны прадмет «Асновы бяспекі жыццядзейнасці», праз змест якога рэалізуецца падрыхтоўка вучняў да бяспечнай жыццядзейнасці ў рэальным навакольным асяроддзі – прыродным, тэхнагенным і сацыяльным. Толькі праз адукацыю можна забяспечыць павышэнне агульнага ўзроўню культуры насельніцтва краіны ў галіне бяспекі жыццядзейнасці і зніжэнне адмоўнага ўплыву «чалавечага фактару» на бяспеку жыццядзейнасці асобы, грамадства і дзяржавы.



Мэты навучання прадмету «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» – фарміраванне ў вучняў вопыту бяспечных паводзін; развіццё асобасных, маральных і фізічных якасцей, якія забяспечваюць такія паводзіны; выхаванне адказных адносін да асабістай і грамадскай бяспекі.

Задачы навучання:

сфарміраваць у вучняў уяўленні пра асновы бяспекі жыццядзейнасці;

забяспечыць засваенне ведаў пра дзяржаўную сістэму папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый;

спрыяць набыццю практычнага вопыту распазнавання і ацэнкі розных небяспечных і надзвычайных сітуацый у навакольным асяроддзі па характэрных прыметах іх праяўлення, а таксама на аснове аналізу спецыяльнай інфармацыі, якую вучні атрымліваюць з розных крыніц;

развіць здольнасці ацэньваць небяспечныя сітуацыі, прымаць рашэнні і дзейнічаць бяспечна з улікам сваіх магчымасцей;

сфарміраваць мадэлі бяспечных паводзін ва ўмовах паўсядзённага жыцця і ў розных небяспечных і надзвычайных сітуацыях;

закласці асновы здаровага ладу жыцця.

Вучэбная праграма заснавана на ідэях асобасна арыентаванага, дзейнаснага і кампетэнтнаснага падыходаў да адбору зместу адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу.



Асобасна арыентаваны падыход накіраваны на стварэнне ўмоў для праяўлення і развіцця асобасных якасцей вучняў, уліку іх інтарэсаў, індывідуальных асаблівасцей і магчымасцей. Яго рэалізацыя забяспечыць дасягненне запланаваных вынікаў і створыць аснову для самастойнага паспяховага засваення вучнямі ведаў пра небяспеку рознага паходжання, меры па яе прадухіленні, ліквідацыю яе наступстваў; фарміраванне ўменняў прымаць рашэнні і дзейнічаць бяспечна з улікам сваіх магчымасцей.

Рэалізацыя ідэй дзейнаснага падыходу дазволіць уключыць вучняў у самастойную вучэбна-пазнавальную дзейнасць, у навучанне яе прыёмам. Толькі праз уласную актыўную дзейнасць вучань зможа спасцігаць асновы бяспечнай жыццядзейнасці, развіваць і ўдасканальваць асабістыя якасці, неабходныя для забеспячэння бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях.



Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу да адбору зместу адукацыі і арганізацыі адукацыйнага працэсу па асновах бяспекі жыццядзейнасці забяспечыць падрыхтоўку вучняў да жыцця, фарміраванне ў іх ключавых кампетэнцый у галіне бяспекі жыццядзейнасці.

Каштоўнасна-сэнсавыя кампетэнцыі – здольнасць бачыць і разумець навакольны свет, арыентавацца ў ім, распазнаваць і ацэньваць розныя небяспечныя і надзвычайныя сітуацыі ў навакольным асяроддзі, усведамляць, што найвышэйшая каштоўнасць грамадства – чалавек, яго жыццё і здароўе; валоданне ўменнем выбіраць мэтавыя і сэнсавыя ўстаноўкі для сваіх дзеянняў і ўчынкаў, прымаць рашэнні, ацэньваць свае паводзіны, рысы характару, фізічны і эмацыянальны стан.

Вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі – валоданне ўменнямі вызначаць мэты пазнавальнай дзейнасці па асновах бяспекі жыццядзейнасці, арганізоўваць яе, знаходзіць аптымальныя спосабы дасягнення пастаўленай мэты, альтэрнатыўныя шляхі і сродкі дзеянняў у складаных сітуацыях, ацэньваць атрыманыя вынікі і публічна прадстаўляць іх; здольнасць выяўляць прычынна-выніковыя сувязі таго, што адбываецца ў навакольным асяроддзі; валоданне ўменнем самастойна выконваць розныя творчыя работы, праекты; здольнасць арганізоўваць і праводзіць вучэбна-даследчую работу.

Камунікатыўныя кампетэнцыі – валоданне ўменнямі самастойна наладжваць кантакт з любым суразмоўнікам, выконваць нормы і правілы зносін, слухаць суразмоўніка, праяўляючы павагу і цярпімасць да чужога меркавання, выказваць, аргументаваць і ў культурнай форме адстойваць уласнае меркаванне, па магчымасці пазбягаць або граматна вырашаць канфлікты ў зносінах з аднагодкамі, мяняць пры неабходнасці свае маўленчыя паводзіны, карэктна завяршаць сітуацыю зносін; валоданне навыкамі работы ў групе; валоданне рознымі сацыяльнымі ролямі ў калектыве; здольнасць дапамагаць людзям вакол сябе і ўзаемадзейнічаць з імі ў сітуацыях, небяспечных для іх фізічнага, псіхалагічнага здароўя і жыцця.

Інфармацыйныя кампетэнцыі – валоданне ўменнем самастойна інтэрпрэтаваць, сістэматызаваць, крытычна ацэньваць і аналізаваць атрыманую пры дапамозе рэальных аб’ектаў (тэлевізара, магнітафона, тэлефона, факса, камп’ютара, прынтара, мадэма) і інфармацыйных тэхналогій (аўдыя- і відэазапісу, электроннай пошты, СМІ, інтэрнэту) інфармацыю з пазіцыі вырашаемай задачы; здольнасць свядома ўспрымаць інфармацыю, якая распаўсюджваецца па каналах СМІ; валоданне ўменнем рабіць аргументаваныя высновы з мэтай пазбягання махлярства, падману, небяспечных кантактаў з незнаёмцамі ў інтэрнэце.

Кампетэнцыі асобаснага самаўдасканалення – валоданне спосабамі фізічнага, духоўнага і інтэлектуальнага самаразвіцця; наяўнасць асобасных якасцей, якія фарміруюць бяспечныя паво­дзіны ў розных жыццёвых сітуацыях.

Здароўезберагальныя кампетэнцыі – валоданне спосабамі эмацыянальнай самарэгуляцыі, самападтрымкі і самакантролю; навыкамі асабістай гігіены, уменнямі клапаціцца пра ўласнае здароўе; наяўнасць патрэбы прытрымлівацца норм здаровага ладу жыцця; наяўнасць унутранай экалагічнай культуры, вопыту арыентавання ў прадуктах харчавання; здольнасць адрозніваць карысныя і шкодныя звычкі, супрацьстаяць ціску людзей у набыцці шкодных звычак; валоданне элементарнымі спосабамі аказання першай дапамогі.

Праблема бяспекі ахоплівае многія сферы дзейнасці чалавека і з’яўляецца вынікам узаемадзеяння людзей з навакольным асяроддзем. Вучэбнай праграмай вызначаны для разгляду наступныя змястоўныя лініі з галіны бяспекі жыццядзейнасці: асабістая і калектыўная бяспека; распазнаванне і ацэнка розных небяспечных і надзвычайных сітуацый, абарона ад іх; навакольнае асяроддзе і бяспека ў ім; стаўленне да здароўя і здаровы лад жыцця.

Пры адборы зместу вучэбнай праграмы і яе пабудове ўлічаны педагагічныя прынцыпы адукацыйнага працэсу ў галіне асноў бяспекі жыццядзейнасці: мінімізацыя тэарэтычных звестак з улікам іх значнасці для практыкі; бесперапыннасць навучання з II па VIII класы і паступовае павелічэнне інфармацыйнай і выхаваўчай нагрузкі вучняў у галіне асноў бяспекі жыццядзейнасці з улікам іх узроставых асаблівасцей і ўзроўню падрыхтоўкі па астатніх вучэбных прадметах у кожным класе.

Агульным прынцыпам пабудовы вучэбнай праграмы, які аб’ядноўвае яе раздзелы, з’яўляецца прынцып пашырэння сацыяльнага вопыту бяспечнай жыццядзейнасці вучняў.

Вучэбны матэрыял у вучэбнай праграме прадстаўлены сістэмай паняццяў, азначэнняў, правіл, якія складаюць тэарэтычную базу для фарміравання ў вучняў вопыту бяспечных паводзін у паўсядзённым жыцці.

Спецыфіка вучэбнага прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» раскрываецца ў назве і змесце яго раздзелаў:

І. Асабістая і калектыўная бяспека.

II. Абарона ад надзвычайных сітуацый.

III. Навакольнае асяроддзе і бяспека.

IV. Здаровы лад жыцця.

Змест кожнага раздзела размеркаваны па класах навучання з апорай на вопыт практычнай дзейнасці вучняў рознага ўзросту, узровень агульнага развіцця. У кожнага раздзела свае задачы. Аднак комплекснае іх рашэнне дазваляе дасягнуць мэт вучэбнага прадмета.

Галоўнымі задачамі раздзела «Асабістая і калектыўная бяспека» з’яўляюцца: азнаямленне вучняў з асноўнымі відамі бяспекі жыццядзейнасці (транспартнай, антыкрымінальнай, псіхалагічнай, сацыяльнай); развіццё ў іх індывідуальных якасцей, якія забяспечваюць асабістую бяспеку; назапашванне практычнага вопыту па распазнаванні і ацэнцы розных небяспечных і надзвычайных сітуацый навакольнага асяроддзя (ва ўстанове адукацыі, у хатніх умовах, у транспарце, на дарогах, вуліцы, у прыродзе) па характэрных прыметах іх праяўлення. Змест раздзела «Асабістая і калектыўная бяспека» дазваляе не толькі азнаёміць вучняў з правіламі паводзін дома ў выпадку адсутнасці дарослых, у выпадку знаходжання прадметаў, пакінутых без нагляду, або падазроных прадметаў, пашырыць уяўленні пра ўзаемаадносіны з аднагодкамі, пра старонніх (чужых, незнаёмых) людзей і пра паводзіны пры сустрэчы з такімі людзьмі, але і сфарміраваць мадэлі бяспечных паводзін ва ўмовах паўсядзённага жыцця.

У сістэме асабістай і калектыўнай бяспекі асаблівае месца займае транспартная бяспека, якая абумоўлена ўсё большай колькасцю ахвяр аўтамабільных аварый, лётных здарэнняў, катастроф на вадаёмах і чыгунцы. У вучэбнай праграме ў раздзеле «Асабістая і калектыўная бяспека» адведзена значная колькасць гадзін на разгляд пытанняў асабістай і калектыўнай бяспекі пры ўдзеле ў дарожным руху: прадугледжана вывучэнне правіл дарожнага руху, правіл бяспечных паводзін удзельнікаў дарожнага руху на дарогах, у транспартных сродках, прадугледжана стварэнне ўмоў для набыцця звычкі выконваць правілы ў якасці і пешахода, і пасажыра, і вадзіцеля, фарміраванне здольнасці выкарыстоўваць атрыманыя веды ў практычнай дзейнасці.

Асабістая і калектыўная (грамадская) бяспека складаюць базавы сэнс паняцця «бяспека жыццядзейнасці», якое можна вызначыць як бяспечнае ўзаемадзеянне чалавека з асяроддзем пражывання. У сувязі з гэтым пытанні асабістай і калектыўнай бяспекі разглядаюцца ва ўсіх раздзелах вучэбнай праграмы з пункту гледжання тэматыкі і задач раздзелаў.

Змест раздзела «Абарона ад надзвычайных сітуацый» уключае сістэму ведаў пра надзвычайныя сітуацыі, існуючую цесную ўзаемасувязь паміж станам навакольнага асяроддзя, створанай чалавекам тэхнасферай, сацыяльнай сферай і катастрофамі.

У раздзел «Абарона ад надзвычайных сітуацый» уключаны матэрыял аб правілах пажарнай бяспекі. У сувязі з такімі рэальнымі сітуацыямі, як няправільная эксплуатацыя электрасетак у значнай частцы жылога фонду краіны, павелічэнне колькасці паверхаў у новабудоўлях, павышэнне магутнасці бытавых электрапрыбораў, якія ўключаюцца ў сетку, атрыманыя пры вывучэнні раздзела веды пра пажарную бяспеку станоўча паўплываюць на развіццё ў вучняў здольнасці ацэньваць небяспечныя сітуацыі, прымаць рашэнні і дзейнічаць бяспечна з улікам сваіх магчымасцей, паводзіць сябе так, каб не ствараць небяспечных сітуацый.

Змест раздзела «Навакольнае асяроддзе і бяспека» накіраваны на фарміраванне бяспечных паводзін падрастаючага пакалення ў найбліжэйшым асяроддзі: у доме, двары, ва ўстановах адукацыі, у месцах збору вялікай колькасці людзей, на вадаёмах і каля іх у розную пару года, у прыродных умовах, пры сустрэчы з жывёламі. Набытыя веды і ўменні будуць выкарыстоўвацца ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці. Вучні навучацца быць пільнымі і асцярожнымі пры пагрозе тэрарыстычнага акту, а ў выпадку неабходнасці аператыўна і правільна звяртацца ў адпаведныя службы экстраннай дапамогі (выклікаць іх).

Раздзел «Здаровы лад жыцця» вырашае задачы маральнага выхавання вучняў; атрымання імі сістэматызаваных уяўленняў пра сваё здароўе, здаровы лад жыцця, здароўе насельніцтва; фарміраванне індывідуальнай сістэмы здаровага ладу жыцця; захаванне і ўмацаванне здароўя, а таксама фарміраванне ўменняў аказваць першую дапамогу пры апёках, абмаражэннях, ударах, крывацёках. У кожным класе нададзена ўвага фарміраванню карысных звычак. Асабліва прадстаўлены матэрыял пра шкодныя звычкі (тытунекурэнне, ужыванне наркатычных рэчываў і алкаголю): яны разглядаюцца з пункту гледжання ўплыву на здароўе і з пункту гледжання магчымых наступстваў, да якіх могуць прывесці. У змест раздзела ўключаны навучальны матэрыял антынаркатычнай бяспекі, якая стала ў апошнія гады адной з важных умоў выжывання значнай часткі маладога пакалення, схільнай да ўздзеяння алкагольнай або наркатычнай залежнасці. Акрамя таго, у раздзеле «Здаровы лад жыцця» прадстаўлены тэмы, вывучэнне якіх дазволіць выхаваць пачуццё адказнасці за асабістую бяспеку, каштоўнаснае стаўленне да свайго здароўя і жыцця, сфарміраваць у вучняў уменні абараняц­ца ад бактэрыяльных і вірусных інфекцый, грыбковых і паразітных захворванняў, ядавітых насякомых, змей, грыбоў, раслін. Вучэбнай праграмай прадугледжана бесперапыннасць навучання вучняў правільным дзеянням у небяспечных для жыцця і здароўя ўмовах, пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.

Вучэбная праграма пабудавана па лінейна-канцэнтрычным прынцыпе: вучэбны матэрыял раздзелаў прадстаўлены ў змесце кожнага класа, але пры гэтым ад класа да класа ён ускладняецца і пашыраецца, уводзяцца тэмы, якія раней не разглядаліся.

Настаўнік мае права змяніць паслядоўнасць вывучэння раздзелаў і тэм для кожнага класа з улікам асаблівасцей мясцовасці і наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы пры захаванні цэласнасці сістэмы падрыхтоўкі вучняў і логікі вывучэння прадмета.

Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вучэбных заняткаў, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да кампетэнцый, якія фарміруюцца ў вучняў, ведаў і ўменняў вучняў з улікам іх узроставых асаблівасцей. Мэтазгодна выкарыстоўваць актыўныя формы і метады навучання, прыцягваць вучняў да вырашэння сітуацыйных задач, абгрунтавання матэрыялу ўласнымі прыкладамі, аналізу спосабаў работы, выбару аптымальных прыёмаў вучэбнай дзейнасці.
змест вучэбнага прАдмета

(35 гадзін)

Р а з д з е л

Асабістая і калектыўная бяспека (14 гадзін)
Правілы дарожнага руху (8 гадзін)

Рух транспартных сродкаў

Хуткасць руху транспартных сродкаў. Шлях спынення транспартных сродкаў. Час, неабходны для спынення транспартнага сродку. Бяспечная адлегласць ад пешахода да транспартнага сродку для пераходу праезнай часткі дарогі ў розных умовах (туман, дождж, снег, галалёд, лістапад, цёмны час сутак) пры руху транспартнага сродку з пэўнай хуткасцю.


Рух пешаходаў па абочыне і праезнай частцы дарогі
ў светлы і цёмны час сутак, ва ўмовах недастатковай
бачнасці дарогі

Роля сігнальных ліхтароў і святлоадбівальнікаў для бяспекі транспартных сродкаў і пешаходаў. Удзел у дарожным руху пешаходаў, якія вядуць у руках веласіпед, мапед, матацыкл (п. 2.34, 2.55, 2.78, 2.63, 2.30, 17.1-17.3, 19 Правіл).


Правілы дарожнага руху ў аб’ёме патрабаванняў,
якія прад’яўляюцца да вадзіцеляў веласіпедаў, мапедаў,
гужавых транспартных сродкаў

Патрабаванні да тэхнічнага стану і знешняга выгляду веласіпеда, мапеда, гужавога транспартнага сродку. Патрабаванні Правіл, якімі павінны кіравацца вадзіцелі мапедаў, веласіпедаў, гужавых транспартных сродкаў. Узроставы цэнз на атрыманне права кіра­ваць механічным транспартным сродкам. Размяшчэнне веласіпедаў, мапедаў, гужавых транспартных сродкаў на дарозе. Парадак руху груп веласіпедыстаў. Небяспека неарганізаваных спаборніцтваў на хуткасць (п. 2.5, 2.13, 2.27, гл. 20 Правіл).


Правілы перамяшчэння на веласіпедах, матацыклах,
скутарах, квадрацыклах

Экіпіроўка. Правілы паводзін пасажыра. Дапушчальная колькасць пасажыраў. Абмежаванні, якія накладваюцца Правіламі для


перавозкі пасажыраў на матацыклах, мапедах, веласіпедах. Веласіпедыст і яго экіпіроўка (п. 2.27, 2.28, 9.5, 23.2, 153 Правіл).
Рух у жылой і пешаходнай зоне

Правілы руху пешаходаў і транспартных сродкаў на дваровых тэрыторыях, пазначаных дарожнымі знакамі «Жылая зона», «Пешаходная зона» (п. 2.21, 2.48, гл. 18 Правіл, дарожныя знакі 5.38-5.41, Дадатак 2 да Правіл).


Асабістая бяспека (6 гадзін)

Правілы бяспечных паводзін у сітуацыях крымінагеннага характару
ў падлеткавым асяроддзі

Крымінальныя сітуацыі ў падлеткавым асяроддзі (бойка, крадзеж, ужыванне і распаўсюджванне наркотыкаў, ілжывае паведамленне пра небяспеку і інш.). Магчымыя спосабы процідзеяння крымінальным сітуацыям. Паведамленне пра злачынства. Спосабы паведамлення пра небяспеку (выкарыстанне тэлефона, зварот да знаёмых або дарослых, падача сігналаў пра небяспеку і г. д.).


Бяспечныя паводзіны з незнаёмымі людзьмі

Бяспечныя паводзіны пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі ў двары, пад’ездзе, ліфце, на вуліцы, у транспартных сродках, парку.


Правілы паводзін у месцах масавага збору грамадзян

Правілы паводзін у месцах правядзення святочных, відовішчных, спартыўных і іншых мерапрыемстваў, а таксама ў надзвычайных і экстрэмальных сітуацыях (масавыя беспарадкі, акцыі пратэсту, узяцце ў заложнікі). Ахова фізічнага і псіхалагічнага здароўя.


Правілы паводзін пры пагрозе гвалту

Узаемная адказнасць бацькоў і дзяцей за гвалтоўныя дзеянні ў адносінах адзін да аднаго. Святы ў сям’і, сярод сяброў, у малазнаёмай кампаніі і бяспека падчас правядзення такіх мерапрыемстваў.


Правілы бяспечных паводзін
у сітуацыях крымінагеннага характару

Месцы асаблівай небяспекі і крымінагеннага характару (цёмныя алеі, закрытыя двары, будоўлі, яры, рынкі, стадыёны, вакзалы). Правілы паводзін і спосабы самаабароны ад розных відаў нападзення на чалавека. Паводзіны пры навязванні знаёмства.

Канфлікты, іх прычыны. Паводзіны пры ўзнікненні канфліктаў паміж людзьмі, боек на вуліцы і ў грамадскіх месцах. Папярэджанне і вырашэнне канфліктаў.
Р а з д з е л

Абарона ад надзвычайных сітуацый (10 гадзін)

Пажарная бяспека

Пажарная бяспека пры правядзенні
масавых мерапрыемстваў

Пажарная бяспека на адкрытых пляцоўках (на стадыёнах, у парках, на гарадскіх плошчах, падчас вулічных шэсцяў). Недапушчальнасць выкарыстання ў натоўпе піратэхнічных вырабаў, запаленых свечак, падсвятлення запалкамі або запальніцамі. Захаванне асцярожнасці на святочных мерапрыемствах і народных гуляннях, якія прадугледжваюць пускі салюту, феерверкаў, распальванне вогнішчаў. Дзеянні па ахове здароўя і жыцця ў выпадку ўзнікнення пажаранебяспечных сітуацый.



Пажарная небяспека рэчываў і матэрыялаў

Цвёрдыя гаручыя рэчывы і матэрыялы. Самазагаранне рэчываў. Выбуховапажаранебяспечныя пара- і газапаветраныя сумесі. Пажаранебяспечнасць драўнянага і мучнога пылу.


Бытавыя і газавыя прыборы

Забеспячэнне пажарнай бяспекі пры карыстанні бытавымі і газавымі прыборамі.


Небяспека чаднага газу

Прычыны ўтварэння чаднага газу. Прыметы атручэння чадным газам. Дзеянні ў выпадку з’яўлення характэрнага пагаршэння самаадчування. Першая дапамога пацярпелым. Меры па прадухіленні ўзнікнення чаднага газу.


Апавяшчэнне пра пажар

Спосабы апавяшчэння людзей пра ўзнікненне пажару. Дзеянні ў выпадку атрымання такога паведамлення.


Першасныя сродкі пажаратушэння

Віды першасных сродкаў пажаратушэння. Шчыты з наборам пажарнага інвентару.

Вогнетушыцелі. Месцы іх ўстаноўкі. Прызначэнне, віды, правілы ўтрымання і парадак прымянення вогнетушыцеляў.

Выкарыстанне першасных сродкаў пажаратушэння пры ўзнікненні пажару.


Надзвычайныя сітуацыі тэхнагеннага характару

Аварыі на хімічна-, радыяцыйна-, гідрадынамічна-, пажара- і выбухованебяспечных аб’ектах і камунальна-энергетычных сетках, на транспарце. Прадпрыемствы, якія знаходзяцца на тэрыторыі горада (вобласці), іх небяспека. Аварыі з выкідам радыеактыўных або небяспечных хімічных рэчываў, іх магчымыя наступствы. Парадак правядзення экстраннай эвакуацыі. Правілы паводзін, спосабы і сродкі аховы ў забруджанай зоне.

Аварыі ў метрапалітэне, іх асаблівасці.

Бяспека ў надзвычайных сітуацыях тэхнагеннага характару.


Псіхалогія паводзін у надзвычайных і экстрэмальных сітуацыях

Паніка. Небяспека натоўпу. Псіхалогія і правілы паводзін у надзвычайных і экстрэмальных сітуацыях.

Псіхалагічная падрыхтоўка да дзеянняў у экстрэмальных умовах: уменне ацэньваць рэальную небяспеку і дзейнічаць згодна з абставінамі.
Р а з д з е л

Навакольнае асяроддзе і бяспека (3 гадзіны)

Бяспечны адпачынак на прыродзе

Выкананне правіл бяспекі паводзін у месцах адпачынку (у лесе, на вадаёмах, на дачы, у лагеры). Прафілактыка траўматызму пры купанні. Прафiлактыка няшчасных выпадкаў пры пераходзе па мастах, бярвенні, камянях.

Бяспечнае абыходжанне з рэчамі, інструментамі, посудам. Правілы догляду рэчаў на адпачынку.

Папярэджанне канфліктных сітуацый падчас адпачынку.


Вымушанае аўтаномнае існаванне чалавека

Аўтаномнае існаванне чалавека або групы людзей. Прычыны пападання ва ўмовы вымушанага аўтаномнага існавання.

Правілы бяспечных паводзін у аўтаномных умовах (арыентаванне на мясцовасці, выхад да населеных пунктаў, абсталяванне часовага прытулку, здабыча агню, забеспячэнне вадой і харчаваннем, падача сігналаў бедства, пераадоленне страху).
Р а з д з е л

Здаровы лад жыцця (8 гадзін)

Небяспечныя звычкі

Шкодныя звычкі, іх уплыў на здароўе. Паводзінская рызыка, уплыў шкодных звычак на рэпрадуктыўнае здароўе. Курэнне і алкаголь, іх уплыў на паводзіны і здароўе чалавека. Сацыяльныя наступствы ўжывання алкаголю.

Наркаманія і таксікаманія, агульныя паняцці. Небяспека ўжывання спайсаў.
Псіхічнае здароўе падлеткаў

Механізм развіцця стомы. Праяўленне падлеткавай узбуджальнасці, раздражняльнасці, іх прычыны. Прафілактыка неўрозаў.


Першая дапамога пры атручэннях
і траўмах

Першая дапамога пры атручэннях, апёках, крывацёках.

Спосабы апрацоўкі ран, меры антысептыкі. Індывідуальная аптэчка.

Віды і спосабы перамяшчэння пацярпелых.

Траўмы галавы і пазваночніка. Першая дапамога пры такіх траўмах.
Першая дапамога тапельцу

Паняцце ўтаплення і яго віды. Штучнае дыханне і яго праядзенне. Непрамы масаж сэрца.


Камп’ютар: залежнасць або звычка

Асаблівасці праяўлення камп’ютарнай залежнасці ў падлеткаў. Прыметы камп’ютарнай залежнасці. Вызначэнне камп’ютарнай аддыкцыі (залежнасці, прывыкання) у падлеткаў. Прафілактыка камп’ютарнай залежнасці.


Асноўныя патрабаванні
да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў VII класа

Асобасныя вынікі вучэбнай дзейнасці:

выкананне правіл карыстання транспартнымі сродкамі;

захаванне мер пажарнай бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, пры знаходжанні дома;

уменне захоўваць асабістае фізічнае і псіхічнае здароўе ў сітуацыях крымінагеннага характару;

уменне аказваць дапамогу ў надзвычайных і экстрэмальных сітуацыях людзям, якія акружаюць;

разуменне ўзаемасувязі бяспечных паводзін з папярэджаннем траўматызму ў розных небяспечных сітуацыях.



Прадметныя вынікі вучэбнай дзейнасці:

захаванне экалагічнай бяспекі, бяспекі жыццядзейнасці падчас удзелу ў дарожным руху, адпачынку на прыродзе;

здольнасць выконваць патрабаванні бяспекі як у светлы, так і ў цёмны час сутак і ва ўмовах недастатковай бачнасці;

гатоўнасць выконваць Правілы ў аб’ёме патрабаванняў да вадзіцеляў веласіпедаў, мапедаў, гужавых транспартных сродкаў у выпадку ўдзелу ў дарожным руху;

праяўленне адэкватных паводзін у сітуацыях крымінагеннага характару;

здольнасць бяспечна існаваць у аўтаномных умовах;

праяўленне адэкватных паводзін пры ўзнікненні аварый, надзвычайных сітуацый;­

здольнасць рашуча адмаўляцца ад прапаноў ужываць тытунь, курыльныя сумесі, алкаголь, наркотыкі, таксічныя рэчывы;

валоданне прыёмамі аховы фізічнага і псіхічнага здароўя;

усведамленне пажарнай небяспекі гаручых рэчываў і матэрыялаў;

гатоўнасць да бяспечных дзеянняў пры ўзнікненні пажару;

уменне аказваць першую дапамогу;

усведамленне бяспечных паводзін як асновы папярэджання траўматызму;

здольнасць да бяспечных дзеянняў пры небяспечных сітуацыях тэхнагеннага характару.



Лінейна-канцэнтрычны прынцып пабудовы зместу вучэбнага прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» абумовіў на працягу ўсяго перыяду навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстанне наступных відаў і спосабаў дзейнасці:

рэгулятыўныя: самастойная і матываваная арганізацыя сваёй пазнавальнай дзейнасці; прагназаванне, кантроль, карэкцыя і ацэнка вынікаў сваёй дзейнасці; пастаноўка мэт; мадэліраванне сітуацый паўсядзённага жыцця з праяўленнем бяспечных паводзін; складанне схем, інструкцый, алгарытмаў бяспечных паводзін, у тым ліку ў крымінагеннай абстаноўцы; дзейнасць з інфармацыяй (атрыманне, перапрацоўка, захаванне і перадача); пошук у крыніцах рознага тыпу патрэбнай інфармацыі па зададзенай тэме; знаходжанне аптымальных спосабаў дасягнення пастаўленай мэты; дзейнасць па ацэнцы атрыманых вынікаў, публічнае іх прадстаўленне; аказанне першай дапамогі пры атручэнні харчовымі прадуктамі;

камунікатыўныя: вядзенне дыялогу; выказванне свайго пункту гледжання і ўлік пункту гледжання іншых людзей; доказ свайго пункту гледжання; планаванне вучэбнага супрацоўніцтва з настаўнікам і равеснікамі; выкананне розных сацыяльных роляў у калектыве, у асяроддзі равеснікаў; аказанне дапамогі, узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў розных сітуацыях з людзьмі, якія акружаюць; рашэнне канфліктаў; адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, светапоглядных меркаванняў; вывучэнне правоў, свабод і абавязкаў у сям’і і грамадстве; удзел у трэнінгах па выпрацоўцы ўмення супраціўляцца групавому ціску, пераадольваць стрэсы, страх;

пазнавальныя: распазнаванне і ацэнка розных небяспечных і надзвычайных сітуацый у навакольным асяроддзі; азнаямленне з новымі паняццямі; разгляд, аналіз і рашэнне сітуацыйных задач (з выкарыстаннем слайдаў мультымедыйнай прэзентацыі, відэаролікаў), звязаных з дарожным рухам, пажарнай бяспекай, радыяцыйнай бяспекай, асабістай бяспекай; аналіз аб’ектаў з вылучэннем істотных і неістотных прымет; устанаўленне прычынна-выніковых сувязяў, вылучэнне гіпотэз і іх абгрунтаванне; аналіз, параўнанне, класіфікацыя асноўных задач, якія вырашае МНС Рэспублікі Беларусь па абароне насельніцтва краіны ад надзвычайных сітуацый; правядзенне стараннага назірання; вывучэнне правіл бяспечных паводзін да і падчас наведвання месцаў збору вялікай колькасці людзей, да і падчас праявы небяспечных прыродных з’яў; прайграванне дзеянняў у выпадку небяспечнай або надзвычайнай сітуацыі, узяцце ў заложнікі; вывучэнне гідралагічных надзвычайных сітуацый, правіл дарожнага руху, правіл пажарнай бяспекі, вывучэнне пераліку мерапрыемстваў, якія праводзяцца па ахове здароўя насельніцтва ў месцах з неспрыяльным экалагічным становішчам; вывучэнне правіл бяспечных паводзін дома ў выпадку адсутнасці дарослых, у выпадку выяўлення безгаспадарных або падазроных прадметаў, правіл паводзін пры сустрэчы з незнаёмымі людзьмі, правіл здаровага ладу жыцця; ажыццяўленне практычнай дзейнасці па набыцці звычкі выконваць правілы бяспекі ў якасці і пешахода, і пасажыра, і вадзіцеля; самастойнае выкананне заданняў у адпаведнасці з тэматыкай вучэбнай праграмы, творчых заданняў, дзейнасць па ацэнцы стану навакольнага асяроддзя.

Для дыягностыкі сфарміраванасці ўменняў і навыкаў рэкамендуюцца наступныя формы кантролю: франтальнае апытанне, індывідуальнае апытанне, практыкум, тэсціраванне, залік.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка