Я прызнаюся табе ў любові…




Дата канвертавання27.06.2018
Памер38.92 Kb.
Я прызнаюся табе ў любові…

Мая Радзіма – наша вёска, і лесу вузкая палоска,


І сенажаць, і поле тое, дзе спее збожжа залатое,
І хата, у якой жыву. ..

Усё Радзімай я заву.


Радзіма… На карце вялікага свету ты як кляновы лісток. Я ганаруся, што мая зямля, мая Радзіма названа светла – Беларусь!

Маленькай часцінкай маці-Беларусі з’яўляецца мая родная вёска Вялікая Рагозніца. І сапраўды, яна Вя-лі-ка-я! Вялікая сваім мінулым і сучасным, сваімі дасягненнямі і поспехамі, а таксама сваімі людзьмі, простымі, шчырымі, няўрымслівымі. На працягу трох стагоддзяў суседнічае са старэйшай сястрой - Малой Рагозніцай, вабіць сваёй прыгажосцю, прымае навасёлаў, шчодра дзеліцца культурнымі набыткамі.

Я хачу прызнацца табе ў любові, мая родная вёска. Хіба можна не любіць сваё роднае, такое чыстае і святое? Пагаджаюся са словамі Сенекі: “Любяць радзіму не за тое, што яна вялікая, а за тое, што яна свая”. Я люблю цябе, мая Рагозніца, за тое, што тут мая сям’я, мае сябры, мой дом, мая вуліца, школа. Тут жывуць родныя мне людзі, мае бацькі, для якіх калісьці не стаяла пытанне: дзе пусціць карані маладой сям’і?

Я ўдзячна лёсу, што маю магчымасць прачынацца пад вясёлае шчабятанне ластавак, схавацца ад летняй спёкі ў засені мададога саду, што пасадзіў мой тата. Мне штораніцы падміргвае праз акно прыгажуня- бярозка, заклікае да сябе гучная рачулка Юхнаўка, што спяшаецца на сустрэчу з Зяльвянкай. Я заміраю ад радасці, калі бачу над хатай пасля дажджу вялізны каромысел рознакаляровай вяселкі. І ўсё гэта тут, побач, глядзі, захапляйся, а самае галоўнае – умей цаніць і берагчы гэты незвычайны цуд.

Нельга любіць сучаснае, не ведаючы мінулага. А яно ў Вялікай Рагозніцы багатае. Як напамін аб мінулым, упрыгожвае вёску былы палац роду Сухадольскіх, які цудоўна захаваўся да нашых дзён і зараз з’яўляецца нашай візітоўкай. З-за сцен палаца выглядае стары парк, пасаджаны яшчэ гаспадарамі, з рэдкім дрэвам, прывезеным калісьці з-за акіяна, - ясенялісным клёнам. Непадалеку ад вёскі захавалася капліца, дзе, як сведчаць гісторыкі, збіраліся паўстанцы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Вітае здалёк кожнага, хто пад’язджае да Рагозніцы, мясцовы касцёл і здзіўляе тым, што пабудаваны ён з колатых валуноў, сабраных нашымі продкамі па ўскраінах вёскі ў пачатку мінулага стагоддзя. І нават у часы непрызнання веры ён не даў сябе зганьбаваць, разрабаваць, а мужна вытрымаў усе выпрабаванні і ў 90-я гады расчыніў дзверы для вернікаў.

Як не сказаць яшчэ пра сваіх землякоў, і пра тых, каго ўжо даўно няма, і пра тых, з кім сустракаюся штодзённа?! Я ганаруся, што ў Вялікай Рагозніцы звіў сваё радавое гняздо Ян Сухадольскі, а яго сын Януар сёння вядомы ў Еўропе як першы мастак батальнага жанру. Райнольд Сухадольскі, другі сын, праславіўся як аўтар рэвалюцыйных вершаў, песень.

Кожнаму на Мастоўшчыне знаёма імя вялікай жанчыны-маці, працаўніцы Домны Іванаўны Варац, якая, застаўшыся ўдавой пасля вайны, паставіла на ногі семярых дзяцей, а за яе працу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Мае землякі – людзі шчырыя, сумленныя, працавітыя. Ужо стала традыцыяй штогод вітаць пераможцаў жніва, лепшых працаўнікоў, кіраўнікоў гаспадаркі на рэспуліканскіх святочных мерапрымствах. Па-іншаму не ўмеюць тут людзі жыць і працаваць.

Гледзячы на старэйшае пакаленне, моладзь таксама імкнецца ўпісаць сваю яркую старонку ў гісторыю нашай вёскі. Памятаю, як усе мы радаваліся, калі наша дзесяцікласніца Вікторыя Драбышэўская задавала сваё пытанне Прэзідэнту на сустрэчы ў Мінску. Ганарымся дасягненнямі Лудзіча Андрэя, выпускніка школы, якія два гады запар быў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, адзначаны спецыяльным прызам міністра адукацыі як лепшы сельскі вучань, узнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў. Ды не толькі яны... Штогод школа выпускае ў самастойнае жыццё сваю будучыню, таленавітую, здольную, мэтанакіраваную.

Усе гэта яшчэ раз даказвае, што менавіта людзі праслаўляюць сваю малую радзіму, а не мясціна ўпрыгожвае людзей.

Якая яна зараз, мая Рагозніца? Маладая, сучасная, прыгожая, дагледжаная, змяніла свой статус на аграгарадок, дала прытулак перасяленцам пасля чарнобыльскай бяды, прыняла суседзяў- украінцаў, якія ўцякалі ад вайны. І калі я чую пра тое, што сёння вёска аджывае свой век, мне хочацца крыкнуць: “Гэта няпраўда! Наша Вялікая Рагозніца жыве, развіваецца, у яе ёсць будучыня”. Аб гэтым сведчыць амаль сотня вясёлых дзіцячых галасоў у садку і ў школе, будаўніцтва камфортнага жылля, новыя вуліцы і дагледжаныя двары, а таксама моладзь, якая смела глядзіць у будучыню.

Сёння я выпускніца, а гэта значыць, што час перагортвае апошнія лісткі календара, імя якому - дзяцінства. Дарога з роднай вёскі, з бацькоўскай хаты выведзе мяне ў свет. У мяне, як і маіх аднагодкаў, ёсць мара, якой я пастараюся дасягнуць. Цяжка сказаць, куды закіне мяне лёс, але я цвёрда ўпэўнена, што мая Рагозніца не раз будзе сніцца па начах, будзе ветліва сустракаць і ў святы, і ў будні, што я ніколі не пасаромлюся прызнацца, што я вясковая. А хіба можа быць інакш?

Ужо цяпер я ўяўляю той момант, калі я, як той матылёк, лячу на агеньчык роднай хаты, у галаве мрояцца думкі, а з душы вырываюцца словы прызнання ў любові сваёй малой радзіме:

Няма, мабыць, лепшага месца ў свеце,

Чым тое, дзе блізкія людзі, сям’я,

Шчаслівая тым, што ёсць на планеце

Мясцінка, дзе нарадзілася я.


Маленства мой край, родны, любы куточак,

Рагозніца… Буду вяртацца сюды

Па сцежках, у думках, павер, не разочак.

Ты, вёсачка, у сэрцы маім назаўжды.



Кацярына Крэўская
Крэўская Кацярына,

вучаніца ХІ класа Рагозніцкай СШ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка