Як навукова-педагічная дысцыпліна змест І задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры Методыка выкладання беларускай літаратуры




старонка1/9
Дата канвертавання24.01.2017
Памер1.45 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9







1пыт. МЕТОДЫКА ВЫКЛАДАННЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

ЯК НАВУКОВА-ПЕДАГІЧНАЯ ДЫСЦЫПЛІНА
Змест і задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры
Методыка выкладання беларускай літаратуры - навука педагагічнага цыкла, якая дае магчымасць рацыянальна арганізаваць вывучэнне літаратуры як вучэбнага прадмета, паспяхова вырашыць задачы выхавання і развіцця асобы.

Змест методыкі выкладання беларускай літаратуры складаецца з трох асноўных раздзелаў:

  1. Агульныя асновы методыкі (развіццё методыкі, метадычныя школы, погляды; праблемы, прынцыпы і метады выкладання).

  2. Сістэма вывучэння літаратуры на ўроках (шляхі, метады, прыёмы вывучэння літаратуры; эмацыянальныі лагічны падыходы; распрацоўка ўменняў і навыкаў; самастойная праца; інтэграванасць).

  3. Сістэма пазакласнай працы (разнастайнасць і сістэмнасць пазакласнай працы).

Як і кожная навучальная дысцыпліна, методыка выкладання беларускай літаратуры мае свае задачы:

    • пазнаёміць вучняў з тэарэтычнымі асновамі выкладання літаратуры;

    • выпрацаваць першапачатковыя практычныя ўменні і навыкі для падрыхтоўкі да ўрока роднай літаратуры;

    • даць напрамкі да самаадукацыі і творчага пошуку;

    • дапамагчы настаўніку адказаць на асноўныя прынцыповыя пытанні, што ўзнікаюць у час падрыхтоўкі да заняткаў, у працэсе выкладання, пасля аналізу праведзенага ўрока.

Методыка павінна даць настаўніку вычарпальныя адказы на пытанні: што? як? для чаго?

Методыка выкладання беларускай літаратуры цесна звязана з іншымі навукамі:



  • педагогікай;

  • псіхалогіяй;

  • лінгвістыкай;

  • гісторыяй;

  • этыкай (эстэтыкай);

  • этнаграфіяй;

  • рыторыкай;

  • педагогікай;

  • сацыяльны цыкл дысцыплін (філасофія, сацыялогія, культуралогія).

Методыка выкладання беларускай літаратуры цесна звязана з метадалогіяй, тэорыяй літаратуры. Гэта сувязь выяўляецца перш за ўсё ў вызначэнні мэты, зместу і структуры курса літаратуры. Метадалогія літаратуразнаўства аказвае ўплыў і на метады навучання. Літаратуразнаўства дапамагае адказаць на першае пытанне методыкі - што вывучаць?

Методыка выкладання беларускай літаратуры звязана з педагогікай і псіхалогіяй. Псіхалогія дае настаўніку веды аб узроставых адметнасцях дзяцей, садзейнічае наладжванню цеснага кантакту з вучнямі, выяўленню іх духоўнага свету, характару ўспрымання, асаблівасцей памяці.

Дзякуючы педагогіцы, настаўнік мае магчымасць даведацца пра агульнадыдактычныя прынцыпы, метады і прыёмы выкладання, ты пы і віды ўрокаў, грунтуючыся на якіх, методыка выпрацоўвае свае спецыфічныя крытэрыі.

Педагогіка з псіхалогіяй даюць настаўніку адказ на другое пытанне методыкі: як вывучаць?

Нельга вывучаць беларускую літаратуру, не звяртаючы ўвагі на маральна-этычны бок пэўнага твора. Адсюль вынікае, што методыка выкладання беларускай літаратуры мае самыя цесныя сувязі з эстэтыкай - навукай аб прыгожым і этыкай - навукай аб маралі.

Немагчыма ўявіць вывучэнне беларускай літаратуры адасоблена ад гісторыі, паколькі кожны творца - гэта прадстаўнік пэўнага гістарычнага працэсу. Акрамя таго, вельмі часта пісьменнік звяртаецца да гістарычных крыніц: летапісаў, дакументаў, ліставання і г.д. Гістарычны аспект у дачыненні да аналізуемага твора методыка літаратуры рэкамендуе выкарыстоўваць з улікам трох патрабаванняў: часу напісання твора, часу, які адлюстраваны ў творы, і сённяшняга часу.

Вывучэнне літаратуры ў школе не можа разглядацца ў адрыве ад мовы.
2 пыт. ПРЫНЦЫПЫ I МЕТАДЫ ВЫКЛАДАННЯ ЛІТАРАТУРЫ
Агульнадыдактычныя прынцыпы выкладання літаратуры

Дыдактычныя прынцыпы - гэта пэўныя метадалагічныя палажэнні, якімі вызначаюцца працэсы навучання і выхавання, што складаюць адзіную сістэму, якая вызначае агульныя падыходы да выкладання канкрэтных прадметаў.

Вывучэнне літаратуры базіруецца на наступных дыдактычных прынцыпах:



1. Прынцып навуковасці забяспечвае дакладнасць падачы ісцін, устаноўленых гісторыяй і тэорыяй літаратуры; а таксама ўспрыманне вучнямі твора як эстэтычнай з’явы. Пры гэтым нельга дапускаць, каб агульнапрызнаныя ацэнкі літаратурных твораў навязваліся вучням, да іх яны павінны падыходзіць свядома.

Прынцып навуковасці сінтэзуе светапоглядны, тэхналагічны і развіваючы аспекты.



2. Прынцып даступнасці і сістэмнасці забяспечваецца праграмай праз змест твораў, тэарэтыка-літаратурных паняццяў і праз пошукава-пазнавальную, самастойную працу.

3. Прынцып свядомай і актыўнай дзейнасці вучняў нры вядучай ролі настаўніка ажыццяўляецца праз пошукава-пазнавальную, самастойную працу.

4. Прынцып нагляднасці рэалізуецца праз актывізацыю пачуццёва-зрокавага ўспрыняцця, багатую ілюстраванасць.

5. Прынцып выхаваўчай накіраванасці - гэта фарміраванне перакананняў, светапогляду, жыццёвай пазіцыі на аснове вывучэння літаратурных твораў.

Прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу

Вывучэнне літаратуры - гэта, у першую чаргу, аналіз твораў, а значыць, і падыходаў, якія склаліся ў літаратуразнаўчай навуцы.

Безумоўна, літаратуразнаўчы аналіз мае многа агульнага з аналізам агульнашкольным. Аднак існуюць і адметныя прынцыпы літаратуразнаўчага аналізу.

1. Прынцып вывучэнн твораў як твораў мастацтва слова. Літаратура адлюстроўвае свет у вобразнай форме, гэтым яна

адрозніваецца ад навукі, гісторыі, іншых відаў мастацтва. Яшчэ I. Замоцін гаварыў, што літаратурныя творы не павінны ўспрымацца якілюстрацыі да гісторыі ці грамадазнаўства. Вучні павінны ўсвядоміць,што літаратурны твор - спецыфічны твор мастацтва, і выразна бачыш гэту спецыфіку. Не толькі, што паказана, але і як паказана.



2. Прынцып аналізу мастацкіх з’яў у адзінстве формы і зместу. Ён прадугледжвае аналіз мовы і стылю пісьменніка ў непарыўнай сувязі з ідэйна-вобразным зместам, у працэсе такога аналізу школьнікі вучацца разумець сэнс і функцыю сродкаў выразнасці.

Пад зместам мы разумеем тое, што адлюстроўвае пісьменнік, змест жа знаходзіць сваё ўвасабленне ў форме (жанр, кампазіцыя, сродкі выразнасці).



3. Прынцып гістарызму. Кожны твор нясе адзнакі гістарычнай эпохі, і зразумець яго можна толькі ў кантэксце часу. Прынцып гістарызму ўключаетры аспекты: эстэтычны, гісторыка-генетычны, гісторыка-функцыянальны.

Метады выкладання літаратуры

Метады навучання - гэта спосабы работы настаўнікаў і вучняў, пры дапамозе якіх дасягаецца авалоданне ведамі,уменнямі і навыкамі, фармуецца светапогляд вучняў, развіваюцца іх здольнасці. 3 паняццем «метады навучання» цесна звязана паняцце «прыём» - частка метаду, яго прыватнае праяўленне, з дапамогай якога вырашаюцца канкрэтныя сітуацыі метаду.

У сучаснай метадычнай літаратуры існуюць розныя падыходы да класіфікацыі метадаў выкладання. Найбольш пашыранай з’яўляецца наступная класіфікацыя:



Метад творчага чытання. Спецыфіка дадзенага метаду заключаецца ў актывізацыі мастацкага ўспрыняцця і эстэтычнага перажывання, якія з’яўляюцца першай і неабходнай ступенню ў разуменні літаратуры. Гэта чытанне не ў звычайным сэнсе, яно патрабуе спецыяльнай увагі да слова, фразы, рытму, інтанацыйнага малюнка. Дадзены метад утрымлівае ўсе метадычныя прыёмы: выразнае чытанне настаўніка, артыста, вучняў і г.д., а таксама не выключае кароткую гутарку, каментарый, самастойную інтэрпрэтацыю, разгляд ілюстрацый. Метад творчага чытання выкарыстоўваецца ў самым пачатку вывучэння твора і пасля яго аналізу, калі твор успрымаецца вучнямі ўжо значна глыбей.

Асноўныя віды вучэбнай дзейнасці школьнікаў:

  • Чытанне

  • Слуханне

  • Складанне планаў

  • Пераказы

  • Ілюстраванне

  • Водгукі (вусныя і пісьмовыя)

Эўрыстычны метад прызначаны для паглыблення першапачатковага эмацыянальнага ўспрымання школьнікаў, стымуляцыі іх інтэлектуальных магчымасцей. Задача настаўніка - шляхам разнастайных метадычных прыёмаў (гутаркі, заданні, пытанні, назіранні і г.д.) дапамагчы вучням знайсці праблемы, узнятыя аўтарам у творы, прааналізаваць іх адлюстраванне ў мастацкім тэксце. Эўрыстычны метад садзейнічае засваенню вучнямі метадаў аналізу літаратурнага твора, развівае крытычную думку.

Асноўныя віды вучэбнай дзейнасці школьнікаў:

  • Падбор цытат і ўрыўкаў

  • Адказы на пытанні

  • Аналітычныя назіранні

  • Выкананне заданняў

  • Пастаноўка праблем

  • Фармуляванне высноў

Даследчы метад скіраваны на самастойную працу вучняў. Дадзены метад блізкі да эўрыстычнага, але функцыя настаўніка заключаецца не ў дапамозе вучням у аналізе матэрыялу, а ў тым, каб шляхам пастаноўкі праблемных пытанняў, даследчых заданняў нацэльваць на даследаванне літаратурнага матэрыялу, выбудоўванне ўласных абгрунтаванняў і меркаванняў.

Асноўныя віды вучэбнай дзейнасці школьнікаў:

  • Самастойны аналіз

  • Супастаўленне

  • Назіранне

  • Канспектаванне

  • Абмеркаванне

  • Падрыхтоўка рэфератаў

  • Складанне і каменціраванне табліц, схем

Рэпрадуктыўны метад вызначаецца тым, што вучні атрымліваюць веды ў гатовым выглядзе: праз слова або лекцыю настаўніка, з падручніка, дапаможніка і г.д. Гэты метад прадуктыўны толькі пры ўмове не механічнага запамінання, а асэнсаванага засваення, якому садзейнічаюць праблемнае выкладанне матэрыялу, шырокае выкарыстанне нагляднасці, звязаныя з пэўнай тэмай. Рэпрадуктыўны метад эфектыўны пры выкладанні вялікага, новага для вучняў матэрыялу, пры сістэматызацыі і абагульненні.

Асноўныя віды вучэбнай дзейнасці школьнікаў:

  • Слуханне

  • Запісы лекцыі

  • Складаннс планаў і тэзісаў

  • Састаўленне сінхраністычных табліц

  • Падрыхтоўка вусных адказаў


3 пыт. НАСТАЎНІК I ВУЧНІ НА ЎРОКАХ ЛІТАРАТУРЫ

Настаўнік беларускай літаратуры і прафесійныя патрабаванні да яго

У наш час, калі ідзе актыўнае рэфармаванне сістэмы адукацыі, мадэрнізацыя літаратурнага навучання, калі ажыццяўляецца выхад краіны ў сусветную адукацыйную прастору, асаблівую значнасць набываё асоба школьнага настаўніка, ад якога найперш і залежыць эфектыўнае вырашэнне вышэй адзначаных задач.

Асаблівая нагрузка кладзецца на настаўніка роднай мовы і літаратуры, паколькі мастацкая літаратура па праву называецца чалавеказнаўствам, а выкладанне яе становіцца працэсам фармавання духоўнага свету юнай асобы.

Ідэалы і роля прафесіі настаўніка-славесніка гістарычныя, яны мяняюцца з развіццём грамадства, залежаць ад яго сацыяльнай арганізацыі, ідэалогіі і культуры.

Гаворачы пра гістарычнасць настаўніцкай прафесіі, нельга не зазначыць, што ёсць у гэтых ідэалах нешта ўстойлівае, што нараджалася і фармавалася на працягу стагоддзяў, гістарычных эпох. Гэта гуманістычная накіраванасць прафесіі настаўніка-літаратара. Яна абумоўлена як педагагічнай сутнасцю, так і непарыўнай сувяззю з мастацкай літаратурай. Зыходзячы з гэтага, можна вылучыць і шэраг патрабаванняў, якія ставяцца да настаўніка беларускай літаратуры. Гэтыя патрабаванні падзяляюцца на агульнадыдактычныя і вузкаспецыяльныя.

Агульнадыдактычныя патрабаванні:


  1.  Ведаць дыялектычныя асновы выкладаемай навукі.

  2.  Валодаць агульнымі метадамі перадачы ведаў.

  3.  Ведаць і ўлічваць узроставыя асаблівасці мыслення вучняў, аб’ём і характар іх жыццёвага вопыту.

  4.  Разумець самую сутнасць выкладаемага прадмета, этапы яго развіцця, сучасны стан, сувязь з іншымі навукамі і практыкай.

  1.  Цікавіцца і авалодваць новымі тэхналогіямі навучання.

  2.  Уяўляць сабой узор высока маральнай асобы.

Вузкаспецыяльныя патрабаванні:

1. Данесці ўсё лепшае, створанае пісьменнікам.

2. Быць пасрэднікам паміж пісьменнікамі і чытачамі.

3. Мець уласную ацэнку кожнага мастацкага твора, які вывучаецца ў школьным курсе беларускай літаратуры.

4. Быць у курсе ўсіх літаратурных навінак.

5. Быць эмацыянальна настроеным пры чытанні кожнага мастацкага твора.



  1.  Мець творчы падыход.

  2.  Бездакорна валодаць роднай мовай у яе вуснай і пісьмовай формах.

8. Ведаць гісторыю свайго народа, краю.

9. Быць папулярызатарам культурных традыцый свайго народа.

I яшчэ, абапіраючыся на сучасныя даследаванні псіхалогіі і педагагічнай працы, можна таксама назваць найважнейшыя бакі дзейнасці настаўніка-літаратара:


  • даследчы - вывучэнне ўсяго новага ў галіне свайго прадмета, вопыту калег;

  • канструктарскі - распрацоўка сістэмы выкладання літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў;

  • арганізатарскі - рэалізацыя спланаванай работы;

  • камунікатыўны - устанаўленне кантактаў з вучнямі, якія садзейнічалі б вырашэнню педагагічных задач, выпрацоўка вопыту міжасобасных маўленчых навыкаў.

Апошнім часам вялікая ўвага скіроўваецца і на псіхалагічны бок, паколькі плён настаўніцкай дзейнасці ў вялікай ступені залежыць ад таго, наколькі настаўнік умее валодаць сабой, здольны да самаацэнкі і самавыхавання.

Больш таго, прафесія педагога сёння становіцца прадметам навуковага даследавання, паколькі сапраўдны настаўнік - асоба творчая. Творчасць - у самой прыродзе настаўніцкай працы, хоць, як вядома, не кожны настаўнік - творца. Каб быць творцам, трэба мець сваю пазіцыю, сваё педагагічнае крэда, трэба ўдасканальваць майстэрства, свой стыль, індывідуальную выхаваўча-педагагічную сістэму.



Чытацкія асаблівасці вучняў у залежнасці ад узросту

Асноўны напрамак сучаснай літаратурнай адукацыі - гэта стварэнне гуманістычнай сістэмы навучання і выхавання з асобасна арыентаваным і дзейнасным падыходам. Якасная рэалізацыя такой задачы немагчыма без уліку і ўвагі да ўзроставых асаблівасцей школьнікаў.

Плануючы працу на ўроку літаратуры, настаўнік у першую чаргу павінен дасканала ведаць, што ўяўляюць сабой яго выхаванцы як чытачы. На сённяшні дзень ёсць нямала прац, прысвечаных аналізу заканамернасцей развіцця школьніка як чытача, залежнасці ўзроўню чытацкай культуры ад характару навучання, аб якасных зменах адносін школьнікаў да мастацтва ў сувязі з узроставымі зрухамі і г.д.

Найбольш зменны аспект, які патрабуе дамінуючай увагі, -псіхалагічныя асаблівасці развіцця школьнікаў, а таму разгледзім яго больш дэталёва.

Сістэматызуючым стрыжнем узроставай адметнасці, якую ў першую чаргу, плануючы вучэбны працэс, неабходна ўлічваць настаўніку, з’яўляюцца наступныя паказчыкі:


  • эмацыянальнае жыццё;

  • сацыяльныя пачуцці ў дзіцяці;

  • эстэтычнае жыццё школьніка;

  • рэлігійнае жыццё;

  • развіццё інтэлекту;

  • спецыфіка мыслення.

Пры дадзеным новым напаўненні традыцыйным застаўся падзел падлеткаў на ўзроставыя групы.

1. Малодшы падлеткавы ўзрост (10-12гадоў). Вучнігэтагаўзросту цікавяцца адлюстраваннем у літаратуры подзвігаў, прыгод, моцных валявых людзей. Дзеці даюць просталінейныя ацэнкі падзеям і героям. Настаўніку неабходна пераадольваць наіўны рэалізм ва ўспрыманні твораў, выпрацоўваць навыкі аналітычнага падыходу да іх.

2. Старэйшы падлеткавы ўзрост (13-15 гадоў). У такім узросце пашыраецца кола літаратурных інтарэсаў, вучні цікавяцца складанымі пачуццямі, перажываннямі герояў, стараюцца даць ацэнку падзеям, праблемам, якія ўзняты ў творы. Настаўніку неабходна пераадольваць максімалізм у ацэнках герояў, іх учынкаў, анэстэтычнасць ва ўспрыманні літаратурнага твора.

3. Старэйшы школьпы ўзрост: ранняе юнацтва (16-17 гадоў). У гэтым узросце ўзнікае імкненне пазнаць свет і сваё месца ў ім, заявіць аб сабе як асобе. Вучні гэтай групы скіроўваюць асаблівую ўвагу на светапогляд, перакананні, самаацэнкі герояў. Яны здольны да аналітычнага прачытання мастацкага твора. Настаўніку неабходна ўмела актывізаваць разумовую і эмацыянальную дзейнасць вучняў, літаратурных твораў і ўменне рабіць самастойныя высновы.

Адразу агаворымся, што падзел падлеткаў на ўзроставыя групы ў пэўнай ступені ўмоўны, паколькі развіццё асобы залежыць ад розных фактараў і досыць індывідуальнае. Даволі часта ў адной і той жа ўзроставай групе можна сустрэць вучняў з вельмі рознымі ўзроўнямі псіхалагічнага развіцця ў цэлым і ў яго межах - літаратурнага: некаторыя школьнікі апярэджваюць сваіх аднагодкаў на 1-2 гады, другія, наадварот, адстаюць. Аднак пры ўсёй адноснасці ўзроставых характарыстык у вучняў аднаго ўзросту вельмі многа агульнага. На гэтых агульных тэндэнцыях мы і спынімся больш падрабязна.

Калі ў ранейшых методыках сцвярджалася, што ў падлеткаў праяўляецца павышаная цікавасць да мастацтва наогул і кіно і літаратуры ў прыватнасці, то на сённяшні дзень цікавасць да чытання рэзка знізілася. Настаўнік, безумоўна, павінен улічваць дадзены факт і рабіць стаўку на тое, што ў гэты перыяд жыцця ў падлеткаў развіваецца тэарэтычнае рэфлексіўнае мысленне. Таму да ацэнкі літаратурных герояў вучні 1-й узроставай групы падыходзяць толькі з маральнымі (у 5 класе нават спрошчанымі) крытэрыямі: усё добрае, моцнае, смелае імі прымаецца, а злое адмаўляецца, у выніку яны часта ўспрымаюць герояў не як тыпізаваныя вобразы, а як рэальных асоб, што прымітывізуе ўспрыняцце мастацкага твора.

Напрыклад, пры выву чэнні ў 7 класе паэмы Я. Купалы «Курган» першасна вучні расстаўляюць наступныя акцэнты: гусляр - добры, князь - дрэнны. Калі ж настаўнік улічыць, што ў гэтым узросце адбываецца далейшая інтэлектуалізацыя ўспрыняцця і памяці і адпаведна гэтай асаблівасці падбярэ формы і прыёмы працы, то школьнікі прыйдуць да неабходнай высновы: у гэтым творы яскрава адлюстравана сутыкненне высокай духоўнасці, маральнасці з бездухоўнасцю і бесчалавечнасцю, а сама паэма з’яўляецца не толькі займальным аповядам пра даўніну, але і творам, дзе ўздымаецца праблема мастака і мастацтва.

Яшчэ адзін «рыф», які павінен улічваць настаўнік, працуючы з вучнямі гэтых класаў, - паслядоўнае праяўленне асаблівай формы самасвядомасці: прэтэнзіі на сталасць. Яна праяўляецца ў маральным максімалізме, безапеляцыйных сцвярджэннях або адмаўленнях, катэгарычнасці. 3-за гэтага вучням дадзенага ўзросту вельмі цяжка разабрацца са складанымі і супярэчлівымі героямі твораў. Таму пры аналізе твора настаўнік павінен праецыраваць пытанні і заданні, ашчаджаючы згаданыя вышэй прэтэнзіі на сталасць, дыпламатычна прыводзячы да правільных высноў. Саюзнікам настаўніка ў гэтым будзе характэрнае для дадзенага ўзросту імкненне да самастойпасці. Шырока выкарыстоўваючы разнастайныя віды самастойнай дзейнасці, настаўнік зможа рэалізоўваць патрабаванні праграмы да засваення матэрыялу, вучыць школьнікаў мысліць літаратурна і ўдасканальваць чытацкую культуру.

Другая група (старэйшы падлеткавы ўзрост) характарызуецца такой дамінуючай асаблівасцю, як фарміраванне Я-канцэпцыі - сістэмы ўнутрана ўзгодненых уяўленняў пра сябе. Адсюль вынікае цікавасць падлетка да ўнутранага свету, складаных перажыванняў, узаемаадносін. Ён у асноўным складваецца як чытач: ад чыста падзейных, маральных крытэрыяў у ацэнках літаратурных твораў паступова пераходзіць да асэнсаваных, эстэтычных.

Такому падлетку важна мець не столькі адказы на пытанні кшталту «Што здарылася?», «Што адбылося?», «Які герой?», колькі на пытанні «Чаму так здарылася?», «Па якой прычыне адбылося?», «Чаму такі герой?». Як бачым, асаблівая ўвага скіроўваецца на прычынна-выніковыя сувязі, але навыкаў аналізу ў такім рэчышчы ў падлеткаў яшчэ не хапае. На гэтай базе і павінна грунтавацца стратэгія працы настаўніка па навучанні літаратуры.

Неабходна ўлічваць і адмоўныя рысы чытачоў гэтага ўзросту. Першая з іх заключаецца ў тым, што псіхалагічная неабходнасць у самавыражэнні аказваецца настолькі моцнай, што аналіз твора часам падмяняецца аналізам уласных перажыванняў або разважанняў, на тэмы, якія іх хвалююць. Такія суб’ектыўныя адносіны неабходна пераадольваць, падбіраць формы аналізу, дзе б арганічна злучаліся аб’ектыўныя погляды на твор. Другая складанасць бачыцца ў наяўнасці арыентаванасці на поспех.

Вучні баяцца выказаць памылковую думку і праз гэта трапіць, як яны лічаць, у смешнае становішча і выставіць сябе ў нявыгадным святле, а таму настаўніку варта вельмі далікатна ставіцца да недакладных адказаў, ашчадна і дыпламатычна выпраўляць памылкі, накіроўваць на правільныя адказы, ухваляць цікавыя разважанні.

Выхаванне чытальніцкіх якасцей у гэтай групы значна ў большай ступені, чым у папярэдняй, павінна ўключаць фармаванне тэарэтыка-літаратурных ведаў і перш за ўсё аб’ектыўных крытэрыяў падыходу да чытання і аналізу твора.

Абсалютна па-іншаму адбываецца праца на ўроках літаратуры (як і на многіх іншых) у вучняў старэйшага школьнага ўзросту. Тлумачыцца гэта зноў жа асаблівасцямі псіхічнага развіцця. 10-11 класы (16-17гадоў) - гэта перыяд ранняга юнацтва, чым у многім абумоўлена і ад чаго залежыць навучанне маладых людзей. У гэты час падлетак імкліва выйшаў за межы школьных зацікаўленасцей і, адчуўшы сябе дарослым, рознымі спосабамі імкнецца далучыцца да жыцця старэйшых. Аднак у гэтым узросце школьнікі ўсё ж застаюцца на ўзроўні сваёй падлеткавай субкультуры, яны ўсё яшчэ залежаць як ад бацькоў, так і ад настаўнікаў. Што да апошніх, то варта зазначыць, што ў гэты перыяд узаемаадносіны вучняў з настаўнікам адбываюцца на прынцыпова іншым узроўні.

Калі ў больш раннія перыяды развіцця падлеткі не заўважалі прабелаў у працы настаўніка, адсутнасці ў яго глыбокіх ведаў і педагагічнай культуры і пры добрай арганізацыі навучання досыць плённа выконвалі нават аднатыпныя заданні, то ў працы са старшакласнікамі названыя недахопы адразу выявяцца.

Па-першае, неабходна памятаць, што ў гэты час у юнакоў замацоўваюцца эстэтычныя ідэалы, адносіны да мастацтва ў цэлым. Сутыкаючыся з творам любога віду мастацтва, яны асэнсоўваюць, што гэта - толькі мастацкае адлюстраванне рэчаіснасці, створанае пры дапамозе вымыслу, фантазіі, але разам з тым яно заключае ў сабе глыбінны сэнс. У 16-17 гадоў, калі фактычна сфарміравана мастацкая свядомасць, маладыя людзі разумеюць, што кожны твор мастацтва павінен у першую чаргу выконваць функцыю эстэтычную і толькі пасля адукацыйную, развіццёвую, выхаваўчую і г.д. Менавіта ўлічваючы гэта і павінна планавацца праца па літаратурнай адукацыі ў старшых класах.

Па-другое, акрэслены перыяд жыццёвага цыклу развіцця чалавека з’яўляецца пераходным, ад чаго таксама залежыць спецыфіка і навучанне ў школе. У гэты перыяд вырашаецца пытанне пра далейшае жыццё: адбываецца прафесійнае самавызначэнне, разам з якім часта назіраюцца і крызісныя моманты. Пошукі сэнсу жыцця, свайго месца ў гэтым жыцці становяцца бадай што асноўным. I тут вялікую ролю павінны адыгрываць урокі літаратуры. Школьная праграма па беларускай літаратуры для старшых класаў прапануе зварот да мастацкіх твораў, якія сваім зместавым напаўненнем, ідэйным зместам часта вельмі блізкія юнакам. Многія героі твораў, што вывучаюцца, з’яўляюцца равеснікамі старшакласнікаў. Так, галоўныягероі «Раскіданага гнязда» Я. Купальг, Сымон з паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка», Ганна Чарнушка і Васіль Дзяцел з «Палескай хронікі» I. Мележа і іншыя прадстаўляюць той жа ўзрост, што і вучні. Таму, характарызуючы герояў вывучаемых твораў, вучні міжволі будуць параўноўваць сябе з імі. А такое параўнанне можа дапамагчы старшакласнікам разабрацца ў сабе, убачыць сябе нібы збоку і зрабіць пэўныя высновы.

Пры ўспрыманні і аналізе мастацкага твора старшакласнікі часта імкнуцца да арыгінальнасці, адкрытага выяўлення сваёй індывідуальнасці. Іх ужо не заўсёды задавальняе матэрыял падручніка, меркаванне настаўніка можа быць праігнараваным або ўспрынятым у штыкі. Тут важна даць магчымасць таму ці іншаму вучню выказацца цалкам. Калі яго думка памылковая, то пры плённай працы на ўроку, у час дыскусій ён сам зразумее, што яго меркаванне не зусім правільнае ці няправільнае зусім.

Як бачна, кожная прааналізаваная група мае сваю асаблівую, адметную спецыфіку развіцця (у тым ліку і літаратурнага), і толькі пры дасканалым валоданні асновамі ўзроставай псіхалогіі і прыёмамі працьі на ўроку з боку настаўніка магчыма паўнавартаснае літаратурнае навучанне ў сярэдняй школе.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка