Як трэба пісаць пераказ?




Дата канвертавання06.10.2018
Памер34.46 Kb.
Як трэба пісаць пераказ?

1. Падчас першага чытання тэксту звярніце увагу на яго моўныя асаблівасці, структуру. Трэба пастарацца вылучыць мастацкія сродкі. Самае важнае зразумець - а навошта аўтар гэта напісаў? Што ён хацеў сказаць? Падчас першага прачытання тэксту звычайна не рэкамендуюць што-небудзь пісаць, а вось пасля - запісаць асноўныя, ключавыя для раскрыцця асноўнай думкі словы і словазлучэнні, прычым пакідаць паміж імі вялікую пустую прастору, каб потым можна было ўпісаць яшчэ. Адразу вызначце стыль (мастацкі, навуковы, публіцыстычны, афіцыйна-дзелавы, гутарковы). Частай памылкай з'яўляецца менавіта змена стылю пры напісанні пераказу. !!! Калі пачуеце незразумелыя словы, абавязкова высветліце іх значэнне  (практыка паказвае, што ў словах, значэнне якіх невядома,  робяць памылкі).

2.Таксама важнай задачай з'яўляецца і вызначэнне тыпу маўлення: апісанне, апавяданне, разважанне. Пры апісанні вызначце прадмет і якія яго прыкметы выбраны аўтарам як характэрныя. Калі апавяданне, то як пачынаюцца падзеі, якая кульмінацыя (самае напружанае сюжэтнае дзеянне) і развязка. Пры разважанні неабходна дакладна выявіць тэзіс, доказы і выснову.

3.Пасля першага праслухоўвання можаце накідаць і план тэксту. Чым падрабязней ён будзе, тым лягчэйвам будзе аднавіць зыходны змест. Дзякуючы плану будуецца лагічная схема пісьмовай працы.



!!!   Не трэба:

–     старацца запісаць як мага больш слоў, словазлучэнняў, сказаў, бо гэта парушае цэльнасць успрымання;

–     намагацца запомніць складаныя сінтаксічныя канструкцыі.

4. Галоўная мэта другога праслухоўвання - канкрэтызацыя першапачатковых уражанняў.Тут запішыце ключавыя словы і словазлучэнні, пастарайцеся прасачыць развіццё кожнай мікратэмы. У пакінутыя пустоты ўпішыце словы, якія будуць удакладняць змест.

Пасля завяршэння паўторнага чытання прыступайце да напісання чарнавога варыянту пераказу.

5.Пры напісанні тэксту абавязкова выкарыстоўвайце мастацкія абароты і эпітэты, каб ён не быў сухім і знежывелым . Аднак не варта занадта захапляцца, каб пераказ не атрымаўся занадта яркім.Гэтак жа не варта суха апісваць факты, падзеі або дзеянні. Адной з самых распаўсюджаных памылак у напісанні пераказу, ды і, мабыць, любога іншага тэксту, лічыцца паўтор адных і тых жа слоў, што называецца таўталогія. Каб пазбегнуць гэтай непрыемнасці, уважліва перачытайце напісаны тэкст і замяніце словы, якія паўтараюцца, сінонімамі, а таксама выключыце лішнія словазлучэнні .

6. Спачатку пішыце так, як вам запомнілася. Затым загляніце ў запісы, зробленыя падчас другога чытання, і ўнясіце патрэбныя змяненні, дапаўненні. Прачытайце, што ў вас атрымалася; пры гэтым сачыце за тым, каб выказванне вызначалася паслядоўнасцю, лагічнасцю, каб не было сказаў, сэнс якіх цяжка обо ўвогуле нельга зразумець (няправільна пабудаваны сказ, прапушчана слова, няўдалы парадак слоў і г.д.). Калі трэба, перабудоўвайце сказы, замяняйце ці перастаўляйце словы. Прачытайце тэкст яшчэ раз, звяртаючы ўвагу на тое, ці ўдала вы падзялілі яго на абзацы. Пры наступным чытанні праверце напісанне слоў і пастаноўку знакаў прыпынку. Важна асэнсаваць, для чаго патрэбны той ці іншы знак прыпынку (што ён раздзяляе ці выдзяляе) і які знак павінен стаяць у кожным канкрэтным выпадку (калі вы не ўпэўнены, лепш перабудаваць сказ такім чынам, каб знак прыпынку не выклікаў у вас пытанняў).

7.Некалькі хвілін адпачніце, а потым перапісвайце работу на чыставік. Старайцеся не рабіць выпраўленняў і пісаць разборліва, думайце над кожным пераносам. Прачытайце тэкст яшчэ раз. Зверце чыставік з чарнавіком (ці не прапусцілі якое – небудзь слова, знак прыпынку, ці не забыліся выдзеліць абзац). Калі дазваляе час, крыху адпачніце і потым яшчэ раз прачытайце сваю работу так, як чыталі чарнавік.



Як правяраць напісанае.

1.Звярніце ўвагу на:

правапіс о, э, а (ы), а таксама е, ё, я

напісанне прыслоўяў і спалучэнняў, блізкіх да прыслоўяў;

ужыванне часціц не, ні;

напісанне часціцы не з рознымі часцінамі мовы;



напісанне прыназоўнікаў (прыназоўніка с не бывае).

2.Для таго, каб правільна паставіць знак прыпынку, трэба высветліць яго ролю ў сказе (раздзяляе аднародныыя члены, часткі простага сказа, ставіцца на месцы пропуску выказніка і г.д.). Злучнікі, якія сустракаюцца ў тэксце, - гэта своеасаблівыя “падказчыкі”, якія дапамогуць у прыняцці правільнага рашэння.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка