Як вайна закранула маю сям’ю




Дата канвертавання30.01.2017
Памер70.1 Kb.
Як вайна закранула маю сям’ю

Мэта мая адна – яшчэ раз напомніць людзям, да якіх ахвяр і жахаў прыводзіць вайна, як яна калечыць чалавечыя лёсы, асабліва дзіцячыя, і тым самым заклікаць берагчы мір для сябе і будучых пакаленняў.

Па ўсёй тэрыторыі чуўся подых вайны. Напачатку людзі не разумелі, што адбываецца... Гэта было нечакана, але ўсё ж было. Вайна прынесла шмат болю, крыві... Шмат людзей загінула, змагаючыся за сваю Радзіму, за мірнае неба над галавой. Сваімі вачамі бачылі вайну мае бабуля, дзядуля, прадзед, прабабка. Але на жаль сёння ў жывых засталася толькі бабуля, Закервашэвіч Марыя Сяргееўна 1930 года нараджэння. Вайну яна бачыла дзіцячымі вачыма. І напярэдадні шасцідзесяцігоддзя са дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна паведаміла мне пра тыя падзеі вайны, якія бачыла сама.

“Прайшло больш шасцідзесяці гадоў з той трагічнай раніцы апошняй нядзелі верасня 1942 года, - расказвала бабуля, - калі немцы ўварваліся ў маю родную вёску Глінаўка. Што тады рабілася ў маім сэрцы, сёння за даўнасцю часу цяжка прыгадаць. Адно магу з упэўненасцю сказаць: вялікі незразумелы страх. На маёй дзіцячай памяці быў толькі адзін пажар. Летнім днём пярун ударыў у наш ток і ён тут жа загарэўся...

Памяць вачэй-маіх дзіцячых вачэй памяць. Яна і сёння не дае мне спакою, зноў і зноў вяртае да падзей немалой даўнасці. Розныя карціны і вобразы паўстаюць перада мною.

Хвалююся, трывожуся, ацэньваю, праклінаю, пакутую, выціраю слёзы...

Дзеці,не спазнаўшы да канца радасці дзяцінства,былі вывезены ў нямецкае рабства, сталі палоннымі. Якое сэрца не здрыганецца пры гэтым успаміне!

Не ўсім было наканавана вырвацца з жахлівага пекла. Многія памерлі ў канцлагерах ад доследаў, якія праводзіліся на іх урачамі-нелюдзямі, ад пастаяннага лютага голаду, ад шматлікіх хвароб. А хтосьці сканаў у дарозе, так і не пабачыўшы родных сядзіб, на месцы якіх і прысак быў развеяны вятрамі.


...Даваенная мая вёска!

...Даваенная мая вёска! Я памятаю цябе ў белай квеціне садоў, у засені стройных бяроз і кучаравых ліп, якія то беглі ўздоўж дыхтоўна брукаванай вуліцы, што танула ў чыстых, як дзіцячая душа, шляха. Шмат людзей жыло ў вёсцы, усе сябравалі...

Да вайны мая сям’я з пяці чалавек жыла ў вялікай хаце, якая складалася з прасторнага пакоя, каморы, варыўні. Знутры ў хаце на покуці вісеў абраз, упрыгожаны вышываным ручніком, стаяў стол, ля яго дзве лавы, на якіх не толькі сядзелі, але і спалі, калі трэба было ўступіць ложак госцю.

Амаль чацвёртую частку пакоя займала печ. Штодзённа каля яе завіхалася маці.У дзяцінстве я вельмі любіла, як у печы гарыць агонь, пячэцца хлеб! Які гэта быў хлеб! Зараз, на жаль, такога нідзе няма.

Печ называюць чамусьці рускай. А як мне здаецца, дык яна ўся беларуская. Хвала табе, печ-царыца! У сваім жыцці я табе абавязана.

Яшчэ я любіла глядзець у вакно (вокны ў той час у сялянскіх хатах мелі адну раму. Аб падвойных вокнах у людзей тады не было, відаць, аніякага ўяўлення) і любавацца лесам, які хістаўся ад ветру, любіла слухаць спеў птушак. А што чула тады, у 1941г. Замест спева птушак - стрэлы, замест ціхага пагойдвання дрэў -пажар...

Да маёй вёскі вайна ў гэтым годзе яшчэ не дайшла, але мая сям’я ўжо чула яе насцярожаныя крокі.

Вешчы сон


Неяк маці прысніўся сон. Нехта нябачны каціў агромісты, невядома з чаго зроблены шэра-зялёны, пакрыты сліззю шар. Недалёка ад вёскі ён распаўся – праз хвіліну ўсё навокал нішчыла агнём... Сон аказаўся вешчым...

Раніцай, а гэта была апошняя нядзеля верасня, недзе а дзесятай гадзіне з пагорка, што знаходзіўся за метраў пяцьсот ад вёскі, у наш бок пацягнуліся адзін за адным два доўгія шнуры. Праз хвілін дзесяць-пятнаццаць гітлераўцы ўварваліся ў вёску Глінаўку, пачалі страляць. Людзей выганялі з хат. Запальнымі кулямі салдаты падпальвалі хаты, лазні, хлявы. Кругом бушавала сапраўднае мора агню. Загадалі запрагаць коней, грузіць той-сёй скарб і чакаць далейшых распараджэнняў. Маёй сям’і, - працягвала бабуля, - крыху пашанцавала: мы ўцяклі ў лес, доўгі час хаваліся. Праз тыдзень, калі немцы пакінулі вёску, мы вярнуліся, але вярнуліся ўжо не ў вёску, а на папялішча. Усё згарэла, людзей не было... Душа рвалася некуды далёка, хацелася крычаць... Трэба было шукаць новы прытулак.”

“Чаму немцы знішчылі толькі вашу вёску?- спытала я ў бабулі.- А суседнія не?”

“Справа ў тым, - працягвала бабуля, - што ў нашай вёсцы часта спыняліся на начлег партызаны. Неаднойчы яны начавалі і ў нашай хаце. Пад раніцу бацька адводзіў іх туды, куды загадвалі. Прычынай таго, што вёску спалілі, стаў, відаць, яшчэ і данос на тых вяскоўцаў, якія пайшлі ў партызаны. Удругой палове дня мы дагналі абоз, які рушыў на захад краіны. Дзень быў па-асенняму цёплы. Надвор’е ў канцы верасня стала такое, што можна было прыступаць да уборкі бульбы. Засталася яна, наш другі хлеб, зімаваць на полі.

Пачалі спускацца з пагорка. Усё навокал было зацянута дымам. Мінулі яшчэ адну вёску, потым другую.Нарэшце абоз дабраўся да патрэбнага мёсца. Праз нейкі час усіх загналі у царкву. Дзверы з глухім і цяжкім скрыпам зачыніліся, здавалася, назаўсёды.

Наступіла ноч... На сэрцы было трывожна. І хоць разумела, што знаходзілася ў Божым храме, у святым месцы, але было вельмі нязвыкла. Будынак царквы-не хата. У каменных сценах любы гук аддаваўся гулкім рэхам. Таму трывога пераходзіла ў нейкі невытлумачальны страх. Менавіта тут, у царкве, я па-сапраўднаму адчула подых вайны, мора крыві. Яна была тут, за дзвярыма царквы, клікала мяне... Але навошта? Я ж зусім дзіця... Страх перамог мяне - я заплакала. Аглянуўшыся вакол, убачыла яшчэ меньшых дзетак, чым я, стала сорамна. У трывозе прайшла ноч, пачынала світаць... Дзверы царквы адчыніліся, увайшлі салдаты, немцаў ужо не было.

Зноў дарога... Невядомы шлях, людзі...У кожнага свае думкі, пачуцці, але нас аб’ядноўвае адно-мы ў аднолькпвых абставінах, мы - дзеці вайны. У памяці засталася адна дэталь вайны - голад. Дужа хацелася есці - нічога не было. Памятаю: вясной ратаваліся бульбай, якую бацька збіраў на полі. Перамерзлая, мяккая. Бацька сплюшчваў яе рукамі, клаў прама на пліту, бо патэльні не мелі. Хлеб! Сапраўдную цану яму ведаюць толькі тыя, хто яго вырошчвае і хоць аднойчы ў жыцці зведаў голад. Мне часта прыходзілася бачыць у вёсках, як пасля абеду гаспадар змятаў з настольніка хлебныя крошкі ў руку і адпрааўляў сабе ў рот. А перад тым, як адрэзаць ад бохана скібы для сваіх дамашніх, няспешна хрысціўся. І не дзіва: хлеб-святы, у ім наша сіла, праўда, вялікая мудрасць. І зусім недаравальна, калі сёння той-сёй кавалак хлеба выкідвае ў смеццепровад, альбо ён валяецца на зямлі, ці яшчэ зусім горш-дзеці футболяць яго нагамі. Які гэта вялікі грэх!

Дзень цягнуўся за днём, праходзілі месяцы. Людзі забівалі людзей. Тады, восенню 1943 года, мая сям’я знайшла сабе новы прытулак, але не такі, як тая хата, якой зараз ужо няма.

Марыю Сяргееўну часта наведваюць думкі аб былой вёскі, як яна гуляла па лесе, збірала ягады, слухала спеў птушак, смяялася... Але гэта толькі думкі... З вачэй капалі слёзы, перад вачыма стаяла карціна папялішча... Сэрца пачало біцца хутчэй. Родная хата клікала да сябе, але паміж намі дзесяткі кіламетраў...

Мая бабуля – Закервашэвіч Марыя Сяргееўна ўспамінае “...Нарэшце лета 1944. Блізілася развязка. Ужо выразна чулася, як на ўсходзе грымела кананада. Мы разумелі, што час вызвалення не за гарамі. Дарослыя былі ў тым настроі, калі чакаюць вялікіх, прыемных перамен у жыцці. І яны адбыліся. Вёска спала мірным сном. Скончылася вайна, пачалося новае жыццё, але яшчэ першых два месяцы ўсе жылі ў трывозе.

Страх прайшоў, я зноў пайшла ў школу, уступіла ў піянеры (гэта быў самы цудоўны дзень у маім жыцці). Калі мне споўнілася 20 гадоў, я вырашыла наведаць сваю родную вёску Глінаўка. Машына пад’язджала да знаёмых мясцін. Амаль усё тое ж самае, але вёскі пакуль яшчэ няма (яе ў той час яшчэ не аднавілі). На яе месцы пачынаў расці малады лясок. Сэрца сціснулася ад болю, успамінаў...»
Спытае нехта: як жывеш?

І ты ў адказ кіўнеш: нічога...

Пасля спытай сябе самога:

Як ты жывеш? Ці так жывеш?


Прыйдзі да Вечнага агню

І моўчкі,стаўшы на калені,

Правер агнём сваё сумленне

На праўду і на чысціню,

Калі ж устанеш прысягнуць

Усім,хто не вярнуўся з бою, -

Ты не шукай іх за спіною.
Зараз непадалёк ад цяперашняй в. Янаўшчына ўзвышаецца помнік, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год на дзень Перамогі піянеры, школьнікі прыносяць сюды кветкі. Ветэраны расказваюць пра сваё жыццё, пра крывавыя старонкі вайны.

Нават цяпер Марыя Сяргееўна часта наведвае свае родныя мясціны.Стаіць, думае, успамінае...” Вочы яе напоўнены слязьмі, голас дрыжыць...


Пасля размовы з бабуляй я пачала глядзець на свет зусім іншымі вачыма, пачала шмат разважаць на тэму вайны.Успомніла, што Германія выдзеліла адзін мільярд марак з мэтай кампенсацыі матэрыяльных страт, якія панеслі былыя непаўналетнія вязні фашызму з Беларусі, Украіны і Расіі.

Злашчасныя дойчмаркі... Ды імі не кампенсуеш і сотай долі матэрыяльных страт. А хто падлічыў, колькі каштуе ўвесь маральны ўрон, прычынены нам фашысцкімі гвалтаўнікамі? Вельмі дзіўна, што нехта нават вызначыў і колькасць марак за кожны месяц пакут у Нямеччыне.

Мне глыбока запалі ў душу словы адной жанчыны, якая перад тэлекамерай сказала:


  • Дойчмаркі – гэта знявага нашай чалавечай годнасці, гэта здзек, які чыніцца над намі. Ніколі б не ўзяла гэтых марак, каб не жабрацкае жыццё...

А хіба можна адкупіцца грашыма хаця б за тое, што тысячы дзяцей не селі за школьныя парты, а пасля вайны пераросткамі вымушаны былі асвойваць грамату, пачынаць з азоў. А як вучыцца, калі не было кніг, сшыткаў, чарніла.Такое не кампенсуеш ніякімі маркамі!

Незваротна бяжыць час і робіць сваю справу: старэюць былыя непаўналетнія вязні фашызму, а той-сёй з іх ўжо адышоў у іншы свет.

Нам, сённяшняй моладзі, складана ўявіць тыя жахі вайны, бо мінула шмат часу, але я магу сказаць адно: “У нашых сэрцах заўсёды будзе жыць памяць пра вайну”.

Зараз стаю ля помніка ва ўрочышчы “Ліпавец “, гляджу на дошку, дзе напісаны імёны людзей, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.Слёзы самі капаюць з вачэй, хочацца крычаць...

Уяўляю сабе вайну, перад вачамі паўстаюць вобразы маленькіх дзетак, якія крычаць, плачуць...Іду па сцежцы, вобразы ідуць за мной... Яны недзе блізка, але ўжо сталыя. Суцяшаю сябе тым, што нада мною роднае неба, што хаджу па той зямлі, якая шчодра паліта крывёю і потам продкаў.

Пройдуць гады і мае дзеці, унукі даведаюцца пра тое, што было ў гады вайны. Я спадзяюся, што яны таксама будуць памятаць сваю гісторыю, будуць шанаваць і аберагаць сваю Радзіму.



На гэтым у мяне ўсё. Шмат можна гаварыць, пісаць пра вайну, але гэта вельмі складана, балюча... Пройдзе час, і я больш даведаюся пра Вялікую Айчыннаю вайну, мой розум, душа, сэрца будуць па-іншаму ўспрымаць гэтыя жахлівыя, крывавыя падзеі... Але дзе б я не была, я заўсёды буду памятаць сваю краіну, яна будзе разам са мною, бо тут мае карані, тут прайшлі мае лепшыя хвіліны жыцця...

Матэрыял падрыхтаваны вучаніцай дзяржаўнай установы адукацыі «Крупская раённая гімназія» Гарбузавай Аленай


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка