Як засцерагчыся ад інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам




Дата канвертавання08.05.2017
Памер28.5 Kb.
картинки по запросу профилактика иппп

Як засцерагчыся ад інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам

Інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, больш за тры дзясяткі. Адны з іх выклікаюць бактэрыі (сіфіліс, ганарэя), у іншых вінаваты вірусы (герпес, кандыломы, ВІЧ-інфекцыя), прасцейшыя (трыхаманіяз), грыбы (кандыдоз). Пры палавых кантактах перадаюцца яшчэ кароста і вошы. Штосьці з гэтага спіса дакладна было вядома яшчэ за некалькі стагоддзяў да нашай эры, аб чым сведчаць старажытныя рукапісы Егіпта, Грэцыі, Індыі, Кітая. Нагадваем, як важна дакладна ведаць, што і ты сам, і твой палавы партнёр здаровыя.

— Асаблівасць інтымнага жыцця сёння — распаўсюджванне практыкі аральнага і анальнага сексу. У першым выпадку, як правіла, грэбуюць прэзерватывамі і забываюцца аб тым, што большасць палавых інфекцый перадаюцца пры любых формах сексуальных адносін. Такім чынам можна заразіцца і ганарэяй, і герпесам, і г.д. А пры анальным сексе без прэзерватыва нярэдка ўзнікае запаленне мочапалавых шляхоў, напрыклад, звязаны з кішэчнай палачкай урэтрыт, які дрэнна паддаецца лячэнню.

Ці можна тут казаць пра самавылечванне?

— Такога не адбываецца. А знікненне некаторых сімптомаў тлумачыцца пераходам захворвання ў схаваную, хранічную форму. Таму, чым раней пастаўлены дыягназ і пачата лячэнне, тым больш шанцаў вылечыцца і не атрымаць ускладненняў — бясплоднасці ў мужчын і жанчын, вострых станаў, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшання, магчымасці заражэння плода падчас цяжарнасці, нараджэння хворага дзіцяці і нават гібелі, як у выпадку з ВІЧ і гепатытамі.

Як зразумець, што з арганізмам адбываецца штосьці не тое і звязана гэта менавіта з палавым кантактам?

— Насцярожыць павінны любыя адхіленні ад нормы — ад пачырванення скуры да мікратрэшчын, свербу, смылення падчас мочаспускання або палавога кантакту. Усё гэта пры розных інфекцыях можа праяўляцца ў розны час пасля заражэння. Адны інфекцыі могуць заявіць аб сабе праз суткі пасля кантакту, а для іншых спатрэбяцца некалькі месяцаў. Самае непрыемнае, што многія з іх могуць наогул ніяк не праяўляцца, а таму носьбіт інфекцыі будзе ненаўмысна заражаць іншых партнёраў.

І як зразумець, што будзем лячыць?

— Без спецыяльных метадаў даследавання мы не адрознім ганакокавы працэс ад хламідыйнага. Праводзіць лабараторнае абследаванне на палавыя інфекцыі неабходна пры з'яўленні першых прыкмет дыскамфорту ў палавых органах. І лепш абследавацца адразу на ўсе інфекцыі, якія дыягнастуюцца сёння, бо пры сучаснай эпідсітуацыі верагоднасць таго, што гэта будзе толькі адна інфекцыя, не большая за 25—30 працэнтаў.

Не варта прымаць перад здачай аналізаў ніякіх лекавых прэпаратаў. Нават адна таблетка антыбіётыку можа цалкам змяніць клінічныя праявы інфекцыі, зменшыць верагоднасць выяўлення ўзбуджальніка. Прычым абследаваць трэба ўсіх сексуальных партнёраў.

Якой можа быць шкода ад самастойнага лячэння?

— Бескантрольнае прымяненне антыбіётыкаў небяспечнае, гэта не сакрэт. Акрамя таго, не ўсе інфекцыі імі лечацца — антыбіётыкі змагаюцца з бактэрыямі, але ад іх няма карысці пры вірусных захворваннях. Пад уздзеяннем антыбіётыкаў могуць слабець і ахоўныя сілы арганізма, закліканыя змагацца з вірусамі. Няправільна падабраны прэпарат і схема лячэння здольныя часам знізіць актыўнасць бактэрый, але не вылечыць захворванне. А бактэрыі ў сваю чаргу набудуць устойлівасць да антыбіётыка, і хвароба стане хранічнай.

Усё, што трэба зрабіць пры з'яўленні першых падазрэнняў, — адразу здаць аналізы крыві і мазок. Магчыма, ужо гэта развее падазрэнні. Або давядзецца рабіць спецыяльныя аналізы на палавыя інфекцыі.

Ці можна знізіць рызыку заражэння?

— Выпадковыя сувязі — гэта заўсёды рызыка, і ніякія знешнія прыкметы не могуць сведчыць аб наяўнасці ці адсутнасці венерычных захворванняў. Класічны сродак абароны — прэзерватыў, хоць і яго эфектыўнасць не стапрацэнтная. Вытрымлівайце правілы асабістай гігіены і патрабуйце таго ж ад партнёра. Не забывайце, што бяспечных відаў сексу не існуе наогул, а самыя небяспечныя — вагінальны і анальны без прэзерватыва.



Емельянчык В.В.--дэрматавенеролаг


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка