Якуб Колас: асоба і творчасць




Дата канвертавання09.01.2017
Памер327.63 Kb.
Якуб Колас: асоба і творчасць

Якуб Колас - класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі. Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, педагог, грамадскі дзеяч.

Сапраўднае імя Якуба Коласа - Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Ён нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. (па новым стылі) у засценку Акінчыцы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер у межах горада Стоўбцы Мінскай вобласці), ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі - Міхаіл (Міхал) Казіміравіч і Ганна Юр'еўна (з роду Лёсікаў) паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З 13 дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям'і, да сталых гадоў дажылі 9. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва - Сухошчына). У 1890-1904 гг. сям'я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

Жыццё ў Альбуці, маляўнічыя навакольныя краявіды, цікавыя апавяданні розных падарожных, якія, як успамінаў пазней пісьменнік, раскрывалі яму новы свет разуменняў і ўяўленняў, пакінулі значны след у душы юнага Костуся. Слухаў ён і беларускія песні, якія спявала маці. Вялікі аўтарытэт меў у падлетка дзядзька па бацьку - Антось, які першы абудзіў цікавасць да літаратуры. Костусь сам навучыўся рускай грамаце. Дзве зімы ён разам са старэйшымі братамі вучыўся дома, у так званага "дарэктара" (хлапчука, які скончыў народную школу), потым скончыў народнае вучылішча ў Мікалаеўшчыне (1892-1894 гг.). У 1895-1897 гг. Канстанцін Міцкевіч жыў у Альбуці, дапамагаў бацькам па гаспадарцы і адначасова рыхтаваўся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю, шмат чытаў. Прыкладна ў 10-гадовым узросце пад уплывам твораў Крылова Костусь склаў байку "Варона і Лісіца". У 12 гадоў напісаў свой першы верш "Вясна", за што быў заахвочаны бацькам. У той жа час юны Міцкевіч упершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю (верш Янкі Лучыны "Стары ляснік"), і гэта зрабіла на яго моцнае ўражанне.

У 1898 г. паступіў "на казённы кошт" у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую закончыў у 1902 г. У час вучобы захапляўся мастацкай літаратурай: чытаў творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Гогаля, А. Кальцова, М. Някрасава, Л. Талстога, І. Хемніцара, Т. Шаўчэнкі, І. Франко, А. Міцкевіча. Складаў вершы і байкі на рускай мове, збіраў матэрыялы па беларускай этнаграфіі, запісваў вусную народную творчасць. У гэты ж час пачаў ствараць вершы і празаічныя творы на беларускай мове. Складаў вершы аб прыродзе, нялёгкім існаванні селяніна,напісаў паэмы "Каля кастра" і "Страх", тэксты якіх не захаваліся, а таксама першы празаічны твор - нататку "Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле". Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі Ф. Кудрынскі, ён ухваліў літаратурныя практыкаванні маладога Міцкевіча і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. Гэта ў поўнай меры адпавядала памкненням самога аўтара. Ён адзначаў пазней: "Руская мова не можа выклікаць у такім поўным аб'ёме, калі я пішу, тых адчуванняў, тых пачуццяў і тае каларытнасці, якія ўласцівы беларускай мове, беларускім малюнкам, у якім дае беларуская мова, што з малаком маці ўвайшла ў маю натуру".

На першае дзесяцігоддзе XX ст. прыпадае пачатак працоўнай дзейнасці і першыя праявы грамадскай актыўнасці К. Міцкевіча, жанравы дыяпазон яго літаратурных твораў пашыраецца, яны робяцца больш дасканалымі, тады ж з'яўляюцца і першыя публікацыі.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гг. малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён). Рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў беларускі фальклор. У гэты ж час ён пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, праводзіў растлумачальныя гутаркі з сялянамі. Якуб Колас пазней пісаў: "У 1905 годзе я хоць і не мог яшчэ добра арыентавацца ў партыях, але быў ужо заўзятым ворагам самадзяржаўя і ў гэтым кірунку вёў работу". Так, у лістападзе 1905 г. ён склаў петыцыю жыхароў Пінкавіч да памешчыка з патрабаваннем забяспечыць права сялян на карыстанне азёрамі і ўчасткам зямлі для пашы. Мінскі губернатар прадпісаў паліцыі праверыць звесткі аб "узбуджэнні настаўнікам с. Пінкавічы Міцкевічам сялян...". У студзені 1906 г. у парадку пакарання за грамадскую дзейнасць К. Міцкевіча перавялі ў Верхменскае народнае вучылішча (цяпер Смалявіцкі раён). 9-10 ліпеня 1906 г. ён прыняў актыўны ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, які адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына. На гэтым сходзе было пастаўлена пытанне аб неабходнасці рэарганізацыі народнай асветы на аснове дэмакратыі і дэцэнтралізацыі. З'езд разагнала паліцыя, К. Міцкевіч у ліку іншых быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам.

1 верасня 1906 г. у віленскай беларускамоўнай газеце "Наша доля" з'явіўся верш - "Наш родны край", у якім аўтар называў родную зямлю "беднай старонкай", "забытым Богам краем". Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас (надалей ужываліся таксама псеўданімы Тарас Гушча, Карусь Лапаць, К. Адзінокі, К. Альбуцкі, Андрэй "сацыяліст", Тамаш Булава, Ганна Груд, Мікалаевец, Лесавік і іншыя). 15 верасня 1906 г. у "Нашай долі" пад псеўданімам Дзядзька Карусь змешчана апавяданне "Слабода" пра самавольства царскай паліцыі - першы надрукаваны празаічны твор пісьменніка. У той жа час ён пачынае актыўна супрацоўнічаць у якасці аўтара з віленскай беларускамоўнай газетай "Наша ніва". У творчасці Якуба Коласа гэтага перыяду з'яўляюцца новыя формы. Ён выходзіць на больш высокі ўзровень літаратурнай працы - пачынае пісаць алегарычныя апавяданні "Казкі жыцця", дзе па-філасофску асэнсоўвае рэчаіснасць.

Зіму 1906-1907 гг. Колас жыў у родных у леснічоўцы Смалярня, дзе без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць навучальны дапаможнік "Другое чытанне для дзяцей беларусаў". У 1907 г. прыехаў у Вільню, некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў "Нашай ніве", але паводле загаду паліцыі быў вымушаны пакінуць горад. У пачатку 1908 г. некаторы час выкладаў у прыватнай школе ў вёсцы Сані (цяпер Талачынскі раён). 15 верасня 1908 г. Якуб Колас засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення паводле абвінавачання ў актыўных дзеяннях, накіраваных на выкананне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, які, як было заяўлена на судзе, меў на мэце ліквідацыю існуючага ў Расійскай імперыі грамадскага ладу (у тым ліку ў складанні адозвы да настаўнікаў, хоць пісаў яе іншы чалавек, якога Колас суду не назваў). Увесь тэрмін пакарання Якуб Колас адбыў у Мінскім астрозе.

За турэмнымі кратамі ўдавалася пісаць вершы і перапраўляць на волю. У многіх творах Коласа выразна гучаць матывы вызвалення ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту

(Я - мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

"Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!", верш "Мужык", 1909 г.).

У 1910-я гг. ён у сваёй творчасці звяртаецца да буйных літаратурных форм з філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці - пачынае працу над ліра-эпічнымі паэмамі "Новая зямля" і "Сымон-музыка".

Напісаныя ў гэты перыяд вершы і апавяданні друкаваліся ў газеце "Наша ніва". У 1909 г. у Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" выйшла першая яго кніга "Другое чытанне для дзяцей беларусаў", змест якой складалі вершаваныя і празаічныя творы пра з'явы прыроды, байкі і казкі пра жывёл, вершы і апавяданні на маральна-этычныя тэмы, а таксама прысвечаныя нялёгкай долі селяніна. У 1910 г. у Вільні надрукаваны першы зборнік вершаў "Песні жальбы" (напісаны ў 1906-1909 гг.), дзе паэтызуецца вобраз беларуса-мужыка, які нягледзячы на цяжкія сацыяльныя ўмовы, верыць у адраджэнне роднага краю, апавядае пра свой бяспраўны лёс, але пры гэтым мае пачуццё ўласнай годнасці, выказвае імкненне да лепшай долі. Высокую ацэнку гэтым раннім творам Якуба Коласа даў вядомы рускі пісьменнік Максім Горкі.

Пасля выхаду з турмы з верасня 1911 г. па 1914 г. Якуб Колас займаўся настаўніцкай працай: некалькі месяцаў без афіцыйнага дазволу навучаў дзяцей чыгуначнікаў у мястэчку Лунінец, у 1912-1914 гг. пасля атрымання пасведчання аб дабранадзейнасці працаваў настаўнікам спачатку ў вёсцы Купяцічы недалёка ад Пінска, потым у Пінскім 3-ім прыходскім вучылішчы. Гэты час вельмі адметны для асабістага жыцця Якуба Коласа. У жніўні 1912 г. на хутары Смольня, каля вёскі Мікалаеўшчына, адбылася яго першая сустрэча з Янкам Купалам, якая паклала пачатак іх сяброўству. У чэрвені 1913 г. Канстанцін Міцкевіч узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў.

У той час у газеце "Наша ніва" рэгулярна друкаваліся вершы Якуба Коласа, прысвечаныя пераважна розным аспектам жыцця беларускай вёскі. У 1912 г. у Вільні выходзіць яго зборнік "Апавяданні", у 1913 г. у Санкт-Пецярбургу асобнымі выданнямі апавяданні "Нёманаў дар", "Тоўстае палена", зборнік вершаваных апавяданняў "Прапаў чалавек". Галоўная тэма гэтых твораў - жыццё беларускага сялянства, адпаведна галоўны герой - жыхар вёскі з яго клопатамі, звычаямі, норавамі, у іх аўтар ад апісання сялянскага побыту пераходзіў да стварэння разнастайных і глыбокіх вобразаў сялян. У Вільні ў 1914 г. Беларускім Выдавецкім Таварыствам выдадзены зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону "Родныя з'явы". Празаічныя творы Якуба Коласа таго перыяду па сваёй тэматыцы, ідэйнай накіраванасці, вобразнай структуры збліжаліся з яго паэзіяй. У 1916 г. у Петраградзе ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" надрукаваны і драматургічны твор пісьменніка - невялікая п'еса "Чарка ўсё на свеце робіць", якая мела падзагаловак "Трагедыя з нядаўніх год (з вясковага жыцця)."

Падчас Першай сусветнай вайны у 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту Якуб Колас разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губерню, дзе быў мабілізаваны на вайсковую службу. Пасля заканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча (Масква, 1916 г.) служыў у запасным палку ў г. Пермі. Летам 1917 г. у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт, але ў хуткім часе ў сувязі з хваробай атрымаў адпачынак і паехаў да сям'і ў горад Абаянь (цяпер Курская вобласць Расіі). Як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў выкладчыкам, школьным інструктарам у г. Абаяні і яго наваколлі.

У вершах гэтага перыяду гучаць антываенныя матывы, трывога паэта за лёс Беларусі ў новых гістарычных акалічнасцях, якія склаліся ў выніку вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., і адначасова заклік да стваральнай працы на карысць роднага краю (зборнік вершаў "Водгулле", выдадзены ў Мінску ў 1922 г.). Таксама Якуб Колас працягваў працу над тэкстамі паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка", спрабаваў свае сілы і ў галіне драматургіі. Адзін з твораў гэтага жанру - п'еса "Антось Лата" (1917 г., упершыню пастаўлена ў 1918 г. у Мінску), дзе аўтар паказаў трагічны лёс селяніна, які меў калісьці сваю гаспадарку, але, страціўшы зямлю і ўсякія сродкі існавання, ператварыўся ў чалавека "дна". Пераломны гістарычны перыяд - ад Лютаўскай рэвалюцыі да Кастрычніцкай 1917 г., роздум Якуба Коласа над далейшым лёсам Беларусі адлюстраваны ў п'есе "На дарозе жыцця" (1917 г., пастаўлена ў Мінску ў 1921 г.).

Першая палова 1920-х гг. - вельмі плённы час у жыцці Якуба Коласа, яго службовай і літаратурнай дзейнасці. У 1921 г. па выкліку ўрада Савецкай Беларусі Якуб Колас вярнуўся ў Мінск. Быў супрацоўнікам Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы, літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры, выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку, працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У 1921 г. у Коўне выйшаў зборнік апавяданняў "Казкі жыцця" (большасць "Казак жыцця" створаны да 1917 г., але працу над цыклам аўтар працягваў і надалей). У гэтых творах у алегарычнай форме выкладзены погляды на гісторыю і жыццёвую філасофію беларусаў як нацыі, іх месца сярод народаў-суседзяў, закрануты важныя сацыяльна-палітычныя імаральна-этычныя праблемы, паказана імкненне чалавека да пазнання таямніц прыроды і быцця.

У першай палове 1920-х гг. Якуб Колас завяршае вялікія творы, задуманыя яшчэ за дзесяць гадоў да таго, у якіх намаляваў шырокую карціну жыцця беларусаў у канцы XIX - пачатку XX ст., выклаў сваё бачанне шляхоў развіцця нацыі.

У 1923 г. у Мінску выйшла асобным выданнем паэма "Новая зямля". Гэты твор з'яўляецца мастацкай энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства на рубяжы стагоддзяў. У паэме Колас па-філасофску асэнсоўвае цэлую эпоху ў жыцці беларускага народа. Аўтар апаэтызаваў духоўнае багацце і маральную веліч працоўнага чалавека, яго адвечную мару быць гаспадаром на ўласнай зямлі. У творы яскрава апісаны быт народа, выведзены тыповыя беларускія характары. Цудоўныя замалёўкі беларускай прыроды характарызуюць Якуба Коласа як выдатнага майстра пейзажу.

У 1925 г. у часопісе "Полымя" апублікавана трэцяя рэдакцыя паэмы "Сымон-музыка". У гэтым творы асвятляецца роля мастака і мастацтва ў жыцці народа, тут найбольш поўна выявіліся эстэтычныя погляды Якуба Коласа. Гэта твор аб народных вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драматычныя матывы ў ім пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Аўтар стварае вобраз маладога беларуса - свядомага творцы свайго лёсу, які імкнецца да духоўнага адраджэння роднага краю. Паэт асвятляе своеасаблівасць нацыянальнага шляху беларусаў, выказвае надзею на актывізацыю духоўна-творчых сіл народа.

У гэты перыяд пашыраецца тэматыка твораў Якуба Коласа. Ён прыходзіць да апісання жыццёвых шляхоў беларускай інтэлігенцыі пачатку XX ст., яе духоўных пошукаў. Пісьменнік стварае так званыя палескія аповесці: два вялікія празаічныя творы "У палескай глушы" (выдана ў Вільні ў 1923 г.) і "У глыбі Палесся" (выдана ў Мінску ў 1927 г.). Яны пазней увайшлі як 1-я і 2-я часткі ў трылогію "На ростанях" - найбольшы празаічны твор Якуба Коласа. У 1925 г. была апублікавана п'еса "Забастоўшчыкі", пра тое, як беларускае настаўніцтва ўключалася ў палітычную барацьбу. У аснове сюжэту - першы нелегальны з'езд настаўнікаў у Мікалаеўшчыне. Гэты твор не атрымаў сцэнічнага ўвасаблення. Акрамя таго, у 1925 г. напісана аповесць "На прасторах жыцця" (выдадзена ў 1926 г.), прысвечаная моладзі 1920-х гг., праблемам яе духоўнага станаўлення, адукацыі, культуры, імкненню да пераўтварэння жыцця.

Другая палова 1920-х - 1930-я гг. гэта час актыўнай грамадскай дзейнасці Якуба Коласа, прызнання яго заслуг і пры гэтым вельмі складаны перыяд жыцця, падзеі якога адбіліся на псіхалагічным стане, негатыўна паўплывалі на ўсю далейшую творчасць пісьменніка. 18 кастрычніка 1926 г. Якубу Коласу нададзена званне народнага паэта Беларусі, яму прызначана пажыццёвая пенсія. З 1928 г. ён акадэмік Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт Акадэміі. Быў кандыдатам у члены Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1927-1929 гг., членам ЦВК у 1929-1931, 1935-1938 гг. Якуб Колас удзельнічаў у рабоце 1-га Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і 1-га Усесаюзнага з'езда савецкіх пісьменнікаў у Маскве (1934 г.), дзе быў абраны ў кіруючыя органы творчых саюзаў літаратараў. У 1935 г. ён выступаў з прамовай на Сусветным кангрэсе абароны культуры ў Парыжы.

Пры гэтым яшчэ з сярэдзіны 1920-х гг. Якуб Колас трапіў у поле зроку савецкіх рэпрэсіўных органаў. У 1925 г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з так званай "лістападаўскай справай", якая датычылася "контррэвалюцыйнай арганізацыі" на Случчыне. У 1930-я гг. ціск на Якуба Коласа яшчэ больш узмацніўся. Яго адкрыта абвінавачвалі ў так званай нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзілі ў творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, перабольшванне ролі інтэлігенцыі. У 1930 г. Якуб Колас быў змушаны публічна каяцца ў палітычных "памылках". Былі арыштаваны і рэпрэсіраваны блізкія сваякі паэта - дзядзька па матчынай лініі грамадскі і палітычны дзеяч, мовазнавец Язэп Лёсік, родны брат жонкі Коласа Аляксандр Каменскі. 6 лютага 1938 г. у доме пісьменніка шукалі зброю, яго прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Якубу Коласу пагражаў арышт, аднак санкцыя на яго ад вышэйшага савецкага кіраўніцтва не была дадзена. Магчыма, з-за шырокай вядомасці і народнага прызнання песняра.

Як адзначаюць біёграфы Якуба Коласа літаратуразнаўцы М. Мацюх і М. Мушынскі, пачынаючы з канца 1920-х - пачатку 1930-х гг. пісьменнік трапіў у бязвыхаднае становішча, цалкам залежнае ад ідэалагічных установак камуністычнай партыі і грамадска-дзяржаўных структур таталітарнай сістэмы. Жахі прымусовай калектывізацыі, разбурэнне традыцыйнага ўкладу вёскі, татальны кантроль над усімі сродкамі грамадска-палітычнага, духоўнага жыцця, фактычная забарона свабоды слова і волевыяўлення, масавыя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі - усё гэта негатыўна паўплывала на Коласа як творцу. Ён аказаўся сапраўдным заложнікам антыгуманнай сістэмы, міжвольным прапагандыстам сацыялістычнага рэалізму, які быў зводам палітычных патрабаванняў, але выдаваўся за эстэтычную катэгорыю.

У 1926 г. Якуб Колас пачаў пісаць паэму "На шляхах волі" аб цяжкіх умовах існавання падчас Першай сусветнай вайны, іх уплыве на фарміраванне пратэстных настрояў народных мас і станоўчага стаўлення да бальшавікоў у перыяд рэвалюцый 1917 г. Над гэтым творам паэт шмат разважаў, працаваў і ў 1930-я і ў 1950-я гг., але так і не завяршыў. У творчасці Коласа 1930-х гг. прысутнічае і тэма калектывізацыі. Галоўны герой яго даволі схематызаванай аповесці "Адшчапенец" (1930-1931 гг., выдадзена ў 1932 г.) пасля доўгіх ваганняў прыходзіць да высновы аб перавагах калектыўнай гаспадаркі перад аднаасобнай. Акрамя таго, у гэты перыяд Якуб Колас звярнуўся да драматычных падзей Першай сусветнай вайны галоўным чынам праз паказ "салдацкай праўды" - у п'есе "Вайна вайне" (1927-1931 гг., апошняя рэдакцыя 1938 г.) і грамадзянскай вайны - у аповесці "Дрыгва" (1933 г.) і створанай на яе аснове п'есе "У пушчах Палесся" (1937 г.). У 1940 г. пачаў пісаць паэму "Рыбакова хата" пра жыццё працоўных Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы, іх барацьбу за свае правы. У гэты перыяд Колас плённа працаваў у галіне перакладу з рускай, украінскай, польскай моў ("Палтава" А. Пушкіна, некаторыя творы М. Лермантава, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, Р. Тагора і інш.).

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў пад Масквой у Клязьме, Ташкенце, Маскве. У вершах (зборнікі "Адпомсцім", 1942 г.; "Голас зямлі", 1943 г.), паэмах "Суд у лесе" (1942 г.), "Адплата" (1943-1944 гг.), публіцыстычных артыкулах перыяду Вялікай Айчыннай вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм савецкіх людзей, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. У 1944 г. Якуб Колас удастоены звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У канцы 1944 г. вярнуўся ў Мінск.

Пасля вайны, з сярэдзіны 1940-х гг. і да канца жыцця Якуб Колас працаваў у Акадэміі навук Беларусі, быў вядомы як грамадскі дзеяч: выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета БССР, членам Цэнтральнага Камітэта на XX-XXII з'ездах Камуністычнай партыі Беларусі і ўсесаюзнага Камітэта па Дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, віцэ-старшынёй Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, старшынёй Беларускага і членам Савецкага камітэта абароны міру - і гэта была не фармальная праца. У Якуба Коласа заўсёды знаходзілі водгук праблемы асобных грамадзян, паслядоўна адстойваў ён інтарэсы і ўсёй беларускай нацыі. У 1956 г. пісьменнік напісаў ліст у вышэйшыя партыйныя інстанцыі, у якім выказаў занепакоенасць становішчам беларускай мовы ў грамадскім жыцці, прапанаваў меры па яе абароне.

Яго літаратурная праца ў другой палове 1940-х гг. атрымала афіцыйнае ўшанаванне. У 1946 г. за вершы ваенных гадоў Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 1-й ступені. У 1949 г. - Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 2-й ступені за паэму "Рыбакова хата" (завяршыў у 1947 г.)

У 1950-я гг. Якуб Колас у якасці навуковага рэдактара удзельнічаў у падрыхтоўцы першага выдання "Руска-беларускага слоўніка" (1953 г.).

У 1954 г. завершана аповесць "На ростанях", у якой апісаны падзеі 1906-1911 гг. Яна стала 3-й, апошняй (разам з дзвюма папярэднімі - "У палескай глушы", "У глыбі Палесся"), часткай аднайменнай трылогіі. Трылогія - адзін з першых беларускіх раманаў. Гэта шырокае мастацкае палатно сацыяльна-грамадскай сітуацыі ў Беларусі, эпапея жыцця беларускага народа перыяду Рэвалюцыі 1905-1907 гг. і паслярэвалюцыйных гадоў. Твор напісаны на аўтабіяграфічным матэрыяле, у ім створана галерэя партрэтаў нацыянальнай інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, "адраджэнцаў", адлюстраваны побыт сялянства і іншых сацыяльных слаёў. Аўтар выявіў глыбокае майстэрства псіхалагічнага аналізу ў апісанні сваіх герояў. У трылогіі раскрылася і майстэрства Коласа-пейзажыста: створаны цудоўныя малюнкі беларускай прыроды.

13 жніўня 1956 г. Якуб Колас памёр за сваім рабочым сталом. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

* * *


Шлях, які прайшоў Якуб Колас, - адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці - сумленнасць, высокароднасць, нераўнадушша, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, адстойванне ў прамым ці ўскосным выглядзе ўласных поглядаў, любоў да радзімы і яе народа, клопат аб захаванні нацыянальнай самабытнасці беларусаў, аб беларускай мове, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Гэтыя якасці ў поўнай меры адбіліся на творчасці пісьменніка, які ўнёс значны ўклад у нацыянальную і сусветную літаратуру. Сярод творчых дасягненняў найбольш важкімі з'яўляюцца пашырэнне жанравых магчымасцяў беларускай літаратуры, выкарыстанне шырокай і актуальнай тэматыкі ў паэтычных і празаічных творах, узбагачэнне паэзіі філасофскай і пейзажнай лірыкай, спалучэнне лірыкі і эпасу, закладанне асноў беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці праз алегарычны аповед, станаўленне норм беларускай літаратурнай мовы.

Ужо ў 1920 г. у выдадзенай у Вільні "Гісторыі беларускай літаратуры", якую напісаў вядомы беларускі пісьменнік і літаратуразнавец М. Гарэцкі, Якуб Колас названы класікам беларускай літаратуры.

"У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як "беларускі Гамер", стваральнік нацыянальнай "Іліяды" і "Адысеі" - менавіта такія аналогіі напрошваюцца пры думцы аб ягоных "Новай зямлі" і "Сымоне-музыку"... Імя Якуба Коласа, аднаго з буйнейшых песняроў сялянства, стваральніка маляўнічых беларускіх краявідаў, самабытнага філосафа, надзвычай натуральна глядзіцца ў шэрагу імёнаў класікаў сусветнай літаратуры", - сказаў пра песняра беларускі літаратуразнавец М. Тычына.

Паэтэса і перакладчык з Вялікабрытаніі В. Рыч вельмі высока ацэньвае паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Яна параўноўвае гэты твор са старажытнарымскімі трагедыямі, з драмамі і трагедыямі Уільяма Шэкспіра. "Без такіх твораў, як "Новая зямля", - лічыць паэтэса, - сусветная літаратура была б значна бяднейшая".

* * *

Дзейнасць Якуба Коласа, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі.



Створанае Коласам вывучае асобная галіна беларускага літаратуразнаўства - коласазнаўства.

Зборы твораў песняра выходзілі ў 1928-1929 гг. (у 2 тамах), у 1952 г. (у 7 тамах), у 1961-1964 гг. (у 12 тамах - першае навукова каменціраванае выданне спадчыны пісьменніка), 1972-1978 гг. (у 14 тамах). У 2007 г. пачалося выданне першага поўнага збору яго твораў у 20 тамах.

Многія творы Якуба Коласа ўключаны ў школьныя праграмы.

У 1959-1965 гг. прысуджалася Літаратурная прэмія імя Якуба Коласа, з 1965 г. - Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа (за творы прозы і літаратуразнаўчыя працы).

Імем Коласа названы Інстытут мовазнаўства і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску.

Працуюць Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску (з філіялам, які ўключае мемарыяльныя сядзібы Акінчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня), літаратурна-этнаграфічныя музеі ў Люсіне і Пінкавічах. Створаны Коласаўскі заказнік у Стаўбцоўскім раёне, дзе адкрыты мастацка-мемарыяльны комплекс "Шлях Коласа", які налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў пісьменніка. Грамадскія літаратурныя музеі дзейнічаюць у сярэдніх школах вёсак Люсіна Ганцавіцкага, Пінкавічы Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Верхмень Смалявіцкага, Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага, пасёлка Лясны Мінскага раёнаў Мінскай вобласці

Помнікі Коласу пастаўлены на плошчы яго імя ў Мінску і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў вёсцы Мікалаеўшчына, у горадзе Навагрудку Гродзенскай вобласці, вёсцы Плоскае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі існуе мемарыяльны пакой Коласа. На будынках, дзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. Вобраз пісьменніка ўвасобілі ў творах выяўленчага мастацтва Л. Асядоўскі, І. Ахрэмчык, М. Будавей, Ю. Герасіменка, Т. Ігнаценка, Я. Кулік, М. Купава, Я. Раманоўскі, І. Рэй, У. Стальмашонак, В. Шаранговіч, Л. Шчамялёў, А. Яр-Краўчанка і інш. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня яго нараджэння. Жыццё і дзейнасць Якуба. Коласа пакладзены ў аснову фільмаў: "Народны паэт" (1952 г.), "Якуб Колас" (1962 г.), "Дзядзька Якуб" (1982 г.).

Творы Якуба Коласа ўвасоблены ў тэатральным, музычным, кінематаграфічным мастацтве. У тэатрах ставіліся п'есы паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі. Ю. Семянякам створана опера па паэме "Новая зямля", Ю. Багатыровым па аповесці "Дрыгва" - опера "У пушчах Палесся". На словы Якуба Коласа напісана шмат музычных твораў. Коласаўскую паэзію для напісання песень і рамансаў выкарыстоўвалі кампазітары М. Чуркін (песні "Краска", "Вясна", рамансы "Маёй каханцы", "Гусі..."), А. Туранкоў (рамансы "Усход сонца", "Дудка", песня "Радасць"), Я. Цікоцкі (рамансы "Каманіну, Малакову, Сляпнёву", "Пераможны май") і інш. Яшчэ ў 1929 г. быў зняты фільм "Песня вясны" (рэжысёр В. Гардзін) паводле аповесці Якуба Коласа "На прасторах жыцця". У 1960-1961 гг. экранізавана трылогія "На ростанях" (фільм "Першыя выпрабаванні", рэжысёр Ул. Корш-Саблін).

За межамі Беларусі з творчасцю Якуба Коласа знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы (пераважна паэтычныя) перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя - англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую. Творчасць пісьменніка і яго ролю ў літаратуры разглядалі у сваіх працах славісты Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Асобае месца сярод перакладаў твораў займаюць выданні на славянскіх мовах - рускай, польскай, украінскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа. У былых рэспубліках Савецкага Саюза добра вядома імя пісьменніка. Яго імем былі названы цеплаход Дунайскага параходства, вуліцы многіх населеных пунктаў. У Варшаве мяркуецца паставіць помнік Якубу Коласу і Янку Купалу.

Рэгулярна праводзяцца прысвечаныя творчасці паэта Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, па выніках якіх выдаюцца зборнікі матэрыялаў "Каласавіны".

100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе.

У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Якуба Коласа.

У 2007 г. у Рэспубліцы Беларусь на дзяржаўным узроўні адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Якуба Коласа.

Янка Купала: асоба і творчасць

Янка Купала - класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі, духоўны лідэр беларускага нацыянальнага адраджэння. Выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Сапраўднае імя Янкі Купалы (зарэгістраванае ў афіцыйных дакументах аб нараджэнні) - Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Ён нарадзіўся 7 ліпеня 1882 г. (па новым стылі) у фальварку Вязынка Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці). Бацькі - Дамінік Ануфрыевіч і Бянігна Іванаўна - паходзілі з дробнай чыншавай шляхты, якая мела свае адметныя саслоўныя рысы, але па эканамічным становішчы і ладзе жыцця была блізкай да сялян. Дваранскае паходжанне роду Луцэвічаў Сенатам Расійскай імперыі зацверджана не было. Тым не менш пры хрышчэнні ў Радашковіцкім касцёле Іван (для блізкіх - Ясь) Луцэвіч быў запісаны дваранінам, але пазней паводле афіцыйных дакументаў належаў да мяшчан. Матэрыяльнае становішча сям' і рэзка пагоршылася, калі Луцэвічы ў 1870-х гг. былі выселены з засценка Пяскі (называўся таксама Лазараўшчына, Луцэвічы; цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці), дзе род жыў з XVII ст. (Да гэтага Луцэвічы як чыншавая шляхта хоць і не мелі спадчыннай зямлі, але валодалі сядзібай на падставе бясплатнага карыстання.) Дамініку Луцэвічу давялося арандаваць чужую зямлю. Сям'я была шматдзетнай, часта пераязджала з месца на месца. Ясь як старэйшы сын быў галоўным памочнікам бацькі па гаспадарцы.

З дзяцінства будучага паэта цікавіў беларускі фальклор. Даволі рана ён навучыўся чытаць, імкнуўся да ведаў. Але бацькі не мелі сродкаў, каб даць сыну сістэматычную і дастаткова поўную адукацыю. Шмат што хлопчык спасцігаў шляхам актыўнай самаадукацыі. З 1888 па 1890 г. вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, займаўся ў Сенніцкім народным вучылішчы, у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску. Толькі ў 16-гадовым узросце змог скончыць поўны курс (два класы за адзін год) Бяларуцкага народнага вучылішча.

З 1895 да 1904 г. сям'я жыла ў засценку Селішча (цяпер у Лагойскім раёне Мінскай вобласці). Вялікі ўплыў на фарміраванне светапогляду маладога чалавека мела знаёмства з удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ўладальнікам суседняга маёнтка 3. Чаховічам. Ясь карыстаўся яго багатай бібліятэкай, дзе была і нелегальная літаратура, пераважна пра паўстанне 1863 г. Знаёмства з З. Чаховічам стала штуршком для развіцця нацыянальнай самасвядомасці юнака, абудзіла ў ім цікавасць да мінулага Беларусі.

Пасля смерці бацькі ў 1902 г. Ясю, каб пракарміць сям'ю, давялося на працягу шасці гадоў (1902-1908 гг.) не толькі працаваць на сваёй гаспадарцы, але таксама шукаць работу ў іншых месцах. Ён быў хатнім настаўнікам, прыказчыкам у панскім маёнтку, чорнарабочым, тры гады працаваў памочнікам вінакура на броварах. Да гэтага перыяду адносяцца першыя літаратурныя спробы.

Паэт-пачатковец шмат чытаў. Найбольш падабаліся яму кнігі тых пісьменнікаў, якія блізка стаялі да народа, пісалі аб яго жыцці і працы. Асаблівую цікавасць выклікала творчасць М. Някрасава, А. Кальцова, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі і іншых. Пазней вялікае ўражанне на Я. Купалу зрабілі творы М. Горкага.

Першыя вершы - сентыментальна-рамантычныя - былі напісаны па-польску (1902 г.). Але ў хуткім часе паэт усвядоміў, што толькі родная беларуская мова - тая стыхія, праз якую ён можа выказаць у поўным аб'ёме свае думкі і памкненні. Рашэнне пісаць па-беларуску ў той час было смелым крокам. Беларуская мова ўсё яшчэ знаходзілася пад забаронаю, спадзявацца на публікацыю не даводзілася. Дапамагло гэта асэнсаваць і знаёмства з кнігамі беларускіх літаратараў XIX ст. Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча.

Найбольш ранні з вядомых твораў маладога паэта Луцэвіча, напісаных па-беларуску, - "Мая доля", датаваны 15 ліпеня 1904 г., перадае псіхалагічнае самаадчуванне чалавека з народа, яго прыгнечанасць і зададзенасць жыццёвага шляху. 15 мая 1905 г. у мінскай газеце "Северо-Западный край" быў надрукаваны верш "Мужык" - першы апублікаваны твор паэта на беларускай мове У ім закрануты тэмы чалавечай годнасці і самасцвярджэння працоўнага селяніна.

З гэтага ж часу замест афіцыйнага імя - Іван Луцэвіч - літаратар пачаў ужываць псеўданім Янук Купала. Выбар такога літаратурнага імя звязаны з народным святам Купалля, пошукам чароўнай кветкі шчасця, што для паэта стала ўвасабленнем пошуку лепшай долі для народа, памкнення да светлай будучыні.

11 мая 1907 г. у газеце "Наша ніва" змешчаны верш "Касцу", які стаў першым выступленнем Купалы ў беларускамоўным друку. Пасля гэтага Купала ў "Нашай ніве" друкаваўся рэгулярна. Асноўныя тэмы тагачасных вершаў - бяспраўнае становішча селяніна, прыгажосць роднай зямлі. Купала - паэт-рамантык. Разам з тым ён аддаў пэўную даніну ідэям рэвалюцыйнага абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нацыянальнага адраджэння з радыкальна-рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі.

У гэтыя гады створаны паэмы "Зімою", "Нікому", "Калека", "Адплата кахання", заснаваныя на рэальных фактах з жыцця беларускіх сялян, якія засведчылі схільнасць іх аўтара да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый, а таксама драматычная паэма "Адвечная песня" - апафеоз мужычаму імкненню да шчасця.

У пачатку 1908 г. у Санкт-Пецярбургу ў беларускім выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" выйшаў першы зборнік Я. Купалы - "Жалейка", дзе былі надрукаваны вершы 1905-1907 гг. і паэма "Адплата кахання". У гэтых лірычных творах у элегічнай форме выразна адлюстравана адвечная скарга селяніна на сваю цяжкую долю, выказаны памкненні народа і самога паэта як выразніка яго думак і пачуццяў. У зборніку ўпершыню апублікаваны верш "А хто там ідзе?", які адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай нацыі, на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам. "Жалейка" двойчы канфіскоўвалася ўладамі. З нагоды выхаду зборніка беларускі публіцыст і літаратурны крытык У. Самойла пісаў пра яго аўтара: " Сонца жывой, сапраўднай паэзіі заглянула ў ваконца цёмнай, беднай, але вялікай хаты беларускага народа! Няхай ён будзе для беларусаў тым, чым быў Шаўчэнка для Украіны!.." Рэдактарам зборніка быў выдатны дзеяч беларускай культуры, педагог, выдавец, адзін з лідэраў беларускага руху ў Санкт-Пецярбургу ў пачатку XX ст. Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла - чалавек, які адыграў вельмі істотную ролю ў жыцці паэта. Цікавы факт - псеўданім аўтара зборніка Янук Купала ён памылкова напісаў як Янка Купала. І з таго часу псеўданімам менавіта ў такой форме пачаў карыстацца Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

У 1908-1909 гг. Янка Купала жыў у Вільні, працаваў у рэдакцыі газеты "Наша ніва" і адначасова бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы. У гэты час ім напісаны паэмы "У Піліпаўку" і "За што?", сюжэты якіх - трагічныя здарэнні з жыцця беларускіх сялян. У канцы 1908 г. адбылося асабістае знаёмства Янкі Купалы і Б. Эпімах-Шыпілы

У 1909-1913 гг. Я. Купала займаўся на агульнаадукацыйных курсах А.С. Чарняева ў Санкт-Пецярбургу, якія паводле слоў паэта, далі яму "вельмі многа... сістэматызавалі хаатычныя веды", там ён вывучаў тэорыю і гісторыю літаратуры. Б. Эпімах-Шыпіла дапамог з паступленнем на курсы, аказаў значную падтрымку маладому літаратару, як духоўную, так і матэрыяльную. Увесь час навучання на курсах Купала жыў у яго кватэры. Ён пазнаёміўся з прадстаўнікамі перадавой рускай інтэлігенцыі, рэвалюцыйна настроенай моладдзю, удзельнічаў у пасяджэннях Беларускага навукова-літаратурнага гуртка - культурна-асветнай арганізацыі студэнтаў-беларусаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта, якія доўгі час да афіцыйнай рэгістрацыі сваёй арганізацыі праводзілі пасяджэнні на кватэры Б. Эпімах-Шыпілы. Свайму апекуну Янка Купала прысвяціў верш "Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам", а таксама паэму "Паляўнічы і пара галубкоў" (Легенда з індыйскай кнігі "Магабгарата"). У сваю чаргу ён выказаў яму маральную падтрымку ў вершы "Прафесару п. Б. Эпімах-Шыпілу", з падзагалоўкам "З прычыны пажару ў яго маёнтку", калі ў 1910 г. згарэў дом Б. Эпімах-Шыпілы на яго радзіме, дзе пецярбургскі руплівец трымаў вялікую калекцыю рарытэтаў для будучага беларускага музея. Б. Эпімах-Шыпіла захаваў у сваім архіве многія вершы Янкі Купалы, напісаныя ім у час вучобы ў Пецярбургу, склаў два машынапісныя сшыткі ненадрукаваных у свой час твораў паэта. Кантакты паміж імі працягваліся да канца жыцця Б. Эпімах-Шыпілы, які памёр у 1934 г. У 1910 г. з творчасцю Янкі Купалы пазнаёміўся Максім Горкі, які выказаў вялікую цікавасць да яе і шчырае захапленне. Летам 1912 г. адбылася сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа. Дагэтуль яны асабіста знаёмыя не былі, хоць добра ведалі адзін аднаго па літаратурных творах. Знаёмства з часам перарасло ў сяброўства двух вялікіх майстроў слова.

У 1910-1913 гг. былі створаны паэмы "На Куццю", "На Дзяды", "Яна і я", рамантычныя паэмы на фальклорнай аснове "Курган", "Бандароўна", "Магіла льва", драматычныя паэмы "Сон на кургане", "На папасе", дзе Купала выявіў сябе буйнейшым прадстаўніком нацыянальнага рамантызму. Ва ўсіх гэтых творах - глыбокі філасофскі роздум пра мінулае і будучыню роднага краю.

Восенню 1910 г. выйшаў з друку другі Купалаў зборнік - "Гусляр", у якім выразна выяўлена рамантычнае светаадчуванне паэта, яго хваляванне за лёс Бацькаўшчыны. У 1913 г. быў выдадзены трэці паэтычны зборнік «Шляхам жыцця». Побач з творамі выразнай грамадзянскай, патрыятычнай накіраванасці сюды ўвайшлі шэдэўры Купалавай філасофскай, пейзажнай, інтымнай лірыкі. Ва ўсіх гэтых паэтычных выданнях Купала заклікаў народ да барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Пачаў працаваць Я. Купала і ў галіне драматургіі. Ужо першыя яго вопыты ў гэтым накірунку былі вельмі паспяховамі і сталі падмуркам беларускай нацыянальнай камедыі і драмы. У камедыі "Паўлінка", сцэнічным жарце "Прымакі" высмейваюцца дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Разам с тым вобразы Паўлінкі і яе каханага Якіма ўвасабляюць сабой новыя перадавыя павевы ў жыцці вёскі. У драме "Раскіданае гняздо" раскрываецца цяжкі лёс беларускага абеззямеленага сялянства пасля рэформы 1861 г., пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні.

Творчасць Купалы мела свае праявы і ў перакладчыцкай дзейнасці. Да 1913 г. ён пераклаў на беларускую мову з рускай асобныя творы І. Крылова, А. Кальцова, М. Някрасава, з украінскай - Т. Шаўчэнкі, з польскай - А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, тэксты ў п'есах "Сялянка" і "Залёты" В. Дуніна-Марцінкевіча.

Беларуская літаратура праз творчасць Я. Купалы пецярбургскага перыяду пачала выходзіць на еўрапейскі культурны абсяг. Актуальныя праблемы быцця атрымалі ў ёй глыбокае філасофскае асэнсаванне, асвятляліся на высокім мастацкім узроўні, з улікам нацыянальных культурных асаблівасцей.

З кастрычніка 1913 да жніўня 1915 г. Я. Купала зноў у Вільні, працуе ў "Беларускім выдавецкім таварыстве", у газеце "Наша ніва". Як рэдактар гэтага выдання падвяргаўся судоваму пераследаванню царскіх уладаў. 3 удзелам Купалы арганізоўваліся літаратурныя вечары, сустрэчы з рускімі, літоўскімі і польскімі пісьменнікамі. Сяброўскія адносіны падтрымліваў Я. Купала з дзеячамі літоўскай культуры: паэтам Л. Гірай, кампазітарам С. Шымкусам, мастаком і кампазітарам М. Чурлёнісам. У 1914 г. адбылася сустрэча з рускім паэтам В. Брусавым, вучнем якого Купала сябе называў і які пазней пераклаў некаторыя яго вершы на рускую мову.

У творах гэтага часу ўсё больш выразнымі становяцца матывы нацыянальнага адраджэння, абароны роднай мовы. Публіцыстычныя выступленні Купалы заклікалі да паляпшэння сацыяльнага становішча шырокіх народных мас Беларусі, закраналі праблемы нацыянальнай самасвядомасці. У 1913 г. у артыкуле "Чаму плача песня наша?" ён выказаў сваё бачанне прынцыпаў тагачаснай беларускай літаратуры - адзначыў неабходнасць установак на народнасць і дэмакратызм, а таксама арыентацыю на высокі мастацкі ўзровень еўрапейскай літаратуры. У артыкуле "А ўсё ж такі мы жывём!.." Купала палемізаваў з польскімі нацыяналістамі, якія лічылі Беларусь часткай Польшчы, і мясцовымі шавіністамі-чарнасоценцамі, якія заяўлялі, што Беларусь гэта "истинно-русский край ", гаварыў пра дасягненні беларускага нацыянальна-вызваленчага і культурнага руху. У артыкуле "Ці маем мы права выракацца роднай мовы?" Я. Купала назваў родную мову народа найвышэйшай каштоўнасцю. У гэты ж перыяд з'яўляюцца шэдэўры любоўнай лірыкі Купалы, цыкл антываенных вершаў "Песні вайны" - як водгук на пачатак баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны.

Летам 1915 г. у сувязі з набліжэннем нямецкіх войск перастала выходзіць "Наша ніва", і Купала выехаў з Вільні.

З верасня 1915 г. знаходзіўся ў Маскве, займаўся ў народным універсітэце А.Л. Шаняўскага на гісторыка-філасофскім факультэце. У студзені 1916 г. узяў шлюб з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч. У хуткім часе быў прызваны ў армію. Служыў у Мінску, Полацку, Смаленску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Увесь 1918 г. Купала пражыў у Смаленску. З ліпеня працаваў агентам аддзела забеспячэння харчовага камітэта Заходняй вобласці, ездзіў па Смаленскай, Арлоўскай і Курскай губернях. Восенню 1918 г. падаў заяву з просьбай залічыць яго слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. Абставіны жыцця, ваенныя падзеі не спрыялі творчасці. З сярэдзіны 1915 г. на працягу больш як трох гадоў Купала як паэт нічога не пісаў.

Рэвалюцыйныя падзеі 1917 г., грамадзянская вайна 1918-1920 гг. нарадзілі матывы асуджэння насілля, класавай нянавісці, антыгуманізму. У канцы кастрычніка 1918 г. пасля доўгага творчага маўчання Купала напісаў вершы "Для Бацькаўшчыны", "У дарозе", "Песня", "Свайму народу", "На сход!", у якіх выявілася яго расчараванне ў рэвалюцыі, трывога за родны народ, прагучаў заклік да беларусаў згуртавацца і самім вырашыць лёс Беларусі.

З студзеня 1919 г. Я. Купала пастаянна жыў у Мінску. Працаваў бібліятэкарам ва ўстанове Народнага камісарыята асветы. У Мінску знаходзіўся і падчас польскай акупацыі (жнівень 1919 - ліпень 1920 г.), у пачатку 1920 г. перанёс цяжкую хваробу. З прыходам Чырвонай Арміі працаваў рэдактарам розных беларускіх выданняў, намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы, у рэдакцыі часопіса "Вольны сцяг".

У 1919-1920 гг. шмат выступаў як публіцыст. У артыкулах гэтага перыяду ("Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год" і інш.) выкладаў свае погляды наконт шляхоў беларускага народа да нацыянальнага самавызначэння, прапаведаваў ідэал нацыянальнай рэвалюцыі, якая дазволіла б кожнаму народу стаць гаспадаром свайго лёсу, і супрацьпастаўляў яе рэвалюцыі сацыяльнай. Погляды Купалы вызначаліся дэмакратызмам, адмаўленнем насілля, сцвярджэннем прыярытэту агульначалавечых духоўных каштоўнасцей. У той час Купала напісаў шэраг вершаў, пераклаў на беларускую мову "Слова аб палку Ігаравым", пралетарскі гімн "Інтэрнацыянал".

З 1921 да 1930 г. Я. Купала актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім і культурна-мастацкім жыцці, у тым ліку ў стварэнні Беларускага дзяржаўнага універсітэта, нацыянальнага тэатра, рэспубліканскіх выдавецтваў, уваходзіў у склад камісіі па стварэнні Інстытута беларускай культуры. Абраны правадзейным членам Інбелкульта, рэарганізаванага ў кастрычніку 1928 г. у Акадэмію навук Беларусі, узначальваў літаратурна-мастацкую секцыю Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы. У 1924-1925 гг. працаваў тэхнічным рэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 10 чэрвеня 1925 г. Савет Народных Камісараў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) прысвоіў Янку Купалу - першаму з беларускіх пісьменнікаў - ганаровае званне народнага паэта Беларусі і таксама пастанавіў прызначыць паэту пажыццёвую пенсію і вызваліць ад пасад, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчай працы. З 1928 г. Я. Купала - правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, з 1929 г. - Акадэміі навук Украіны.

У 1922 г. быў выдадзены зборнік "Спадчына", у які ўвайшлі вершы, напісаныя ў кастрычніку - снежні 1918 г. Назву гэтаму выданню даў аднайменны праграмны філасофска-патрыятычны верш. Усе творы тут знітаваны думкай пра лёс беларускай нацыі і чалавека на ключавым павароце гісторыі, паказаны ўвесь драматызм і трагізм рэвалюцыйных падзей, што прынеслі новыя выпрабаванні Бацькаўшчыне. У 1925 г. выйшаў зборнік "Безназоўнае", складзены пераважна з вершаў 1919-1924 гг. Тэма змешчанай у ім аднайменнай паэмы "Безназоўнае" - нацыянальнае дзяржаўнае будаўніцтва Беларусі, духоўнае самасцвярджэнне беларускага народа. У 1930 г. выдадзены зборнік вершаў Я. Купалы "Адцвітанне", у які галоўным чынам увайшлі творы, напісаныя да 1915 г. і ў 1918-1919 гг.
У трагікамедыі "Тутэйшыя", напісанай у 1922 г., прагучала ідэя нацыянальнай незалежнасці Беларусі як ад Захаду, так і ад Усходу, у вострай сатырычнай форме выкрываліся прыстасаванства і нацыянальны нігілізм.

З 2-й паловы 1920-х гг. Я. Купалу адкрыта пачалі абвінавачваць у так званай нацдэмаўшчыне. У маі 1930 г. у партыйным органе - газеце "Звязда" з'явіўся артыкул, дзе ён абвяшчаўся "ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму". Родных паэта раскулачылі, ледзь не выслалі на Поўнач. Летам таго ж года Купалу выклікалі ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне (ДПУ), каб дапытаць у сфабрыкаванай справе "Саюза вызвалення Беларусі", прыпісаць яму кіраўніцтва гэтай міфічнай арганізацыяй. У лістападзе ізноў давялося даваць паказанні ў ДПУ. Паводзіў ён сябе падчас допытаў мужна і высакародна - гэта адзначалі нават следчыя, адхіляў усе абвінавачанні на адрас сябе і іншых. Праследаванне рэпрэсіўнымі органамі, цяжкі псіхалагічны стан прывялі да таго, што 20 лістапада 1930 г. Я. Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. У снежні 1930 г. у газеце "Звязда" быў апублікаваны так званы "пакаянны" ліст Я. Купалы, напісаны, на думку многіх даследчыкаў, пад дыктоўку, у якім паэт вымушаны быў прызнавацца ў "памылках" і "шкодных поглядах", абяцаў "аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву".

У наступны перыяд Купала выбіраўся членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і Мінскага гарсавета, быў членам рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы тэксту Канстытуцыі БССР, удзельнічаў у розных камітэтах і камісіях па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур, з'яўляўся дэлегатам літаратурных форумаў і з'ездаў, выступаў на шматлікіх літаратурных нарадах. У маі 1934 г. прыняты ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў. Стваралася ўражанне, нібыта Купала сапраўды прымае паўнавартасны ўдзел у грамадскім жыцці. Аднак з боку ўлады гэта было толькі прыкрыццём палітыкі духоўнага тэрору, якую праводзіў у адносінах да яго сталінскі рэжым.

У той час літаратурная актыўнасць Купалы рэзка зменшылася. Ажывілася яна толькі ў сярэдзіне 1930-х гг. (ляўкоўскі цыкл). Мастацкая ж вартасць паэм "Над ракою Арэсай" (1933 г.) і "Барысаў" (1934 г.), напісаных у рэчышчы "сацыялістычнага рэалізму", не адпавядала творчым магчымасцям паэта. У 1936 г. выдадзены зборнік вершаў і паэм "Песня будаўніцтву", дзе Купала паказвае працэс будаўніцтва новых форм жыцця. У 1937 г. выйшаў зборнік "Беларусі ардэнаноснай" - своеасаблівая анталогія творчасці паэта савецкага часу. Акрамя таго, у 1930-ыя гг. Купала пераклаў на беларускую мову паэму "Медны коннік" А. Пушкіна, паэмы і вершы Т. Шаўчэнкі.

У 1937 г. Я. Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсій, аднак, хоць мясцовыя рэпрэсіўныя органы і звярталіся да вышэйшага кіраўніцтва па дазвол на яго арышт, такой санкцыі на атрымалі. Пры гэтым у студзені 1939 г. Я. Купала быў узнагароджаны ордэнам Леніна. У кастрычніку таго ж года разам з групай беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У 1941 г. за зборнік "Ад сэрца", куды ўвайшлі паэма "Тарасова доля" - паэтызацыя жыццёвага лёсу ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі і вершы, напісаныя ў 1937-1939 гг., якія ўслаўлялі савецкую рэчаіснасць, Я. Купалу была прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія СССР 1-й ступені.

У час Вялікай Айчыннай вайны паэт жыў у Маскве, потым у пасёлку Пячышчы каля Казані. У вершах і публіцыстычных выступленнях заклікаў да барацьбы з нямецкімі акупантамі, выказваў упэўненасць у перамозе над ворагам. Артыкулы з яго подпісам змяшчаліся ў газетах "Правда", "Известия", "Красная звезда" і інш. Купала быў членам прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, удзельнічаў у грамадскіх мерапрыемствах, прысвечаных барацьбе з захопнікамі. У чэрвені 1942 г. Я. Купала прыехаў у Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды яго 60-годдзя. 28 чэрвеня ён трагічна загінуў (упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха) у гасцініцы "Масква" пры невысветленых абставінах.

У 1962 г. урна з прахам паэта перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
* * *

Янка Купала пражыў няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Аднак яго высокія якасці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасць, высакароднасць, гуманізм, любоў да свайго народа і Айчыны, вернасць вызначальнай ідэі ўсёй яго творчасці - нацыянальнаму, сацыяльнаму і духоўнаму разняволенню людзей, раскрытай на высокім мастацкім узроўні, заставаліся нязменнымі і неаспрэчнымі з цягам часу. Беларускі пясняр стаіць ў шэрагу тых вялікіх мастакоў свету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасць свайго часу, народа, яго гісторыі і выказаць гэта ў яскравай, толькі ім уласцівай форме.

Нельга не пагадзіцца з наступнай ацэнкай беларускіх літаратуразнаўцаў: "Творчасць Янкі Купалы - летапіс жыцця беларускага народа, адбітак нацыянальнага характару, нацыянальнага светаразумення і паэтычнага светаўспрымання на пераломных гістарычных рубяжах 1-й паловы XX ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, мастацкай арыгінальнасцю, нацыянальнай адметнасцю".

Вельмі дакладным з'яўляецца і выказванне аб Янке Купалу рускага паэта А.Т. Твардоўскага: "Лірык па складу свайго цудоўнага таленту, пясняр Беларусі, які выявіў сэрца яе з незвычайнай сілай, ён усёй сваёй паэтычнай існасцю як бы сімвалізаваў творчую моц народа".

Можна сцвярджаць, што гучныя азначэнні, якія часта ўжываюць у адносінах да Купалы: вялікі пясняр беларускага народа, прарок нацыянальнага адраджэння і нават стваральнік нацыі з'яўляюцца цалкам дарэчнымі.

Янка Купала належыць да тых выдатных асоб, чые творы маюць вечную каштоўнасць, з'яўляюцца класічнымі для нацыянальнай і сусветнай культуры.


* * *

Дзейнасць Янкі Купалы, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.

Створанае ім вывучае купалазнаўства - галіна беларускага літаратуразнаўства.

Творы песняра неаднаразова перавыдаваліся асобнымі выданнямі. Зборы твораў выходзілі ў 1925-1932 гг. (у 6 тамах, першы збор твораў у гісторыі беларускай літаратуры), 1928-1940 гг. (у 4 тамах), 1952-1954 гг. (у 6 тамах), 1961-1963 гг. (у 6 тамах), 1972-1976 гг. (у 7 тамах), 1995-2003 гг. (у 9 тамах).

Многія вершы і паэмы ўключаны ў школьныя праграмы.

У 1959-1965 гг. прысуджалася Літаратурная прэмія імя Купалы, з 1965 г. - Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Купалы.

Працуюць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску і чатыры яго філіялы: "Акопы" ў Лагойскім раёне, "Яхімоўшчына" ў Маладзечанскім раёне, Купалаўскія мемарыяльныя запаведнікі "Вязынка" ў Маладзечанскім раёне (дзе штогод праводзяцца купалаўскія святы паэзіі) і "Ляўкі" ў Аршанскім раёне.

Імем паэта названы Інстытут літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр у Мінску, Гродзенскі універсітэт, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім раёнах, калгасы, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі.

Асоба Янкі Купалы знайшла значнае ўвасабленне ў мастацтве. Яму прысвечаны скульптурныя і жывапісныя работы, музычныя і кінематаграфічныя творы, вершы. Помнікі Янку Купалу пастаўлены ў Вязынцы, Акопах, Радашковічах, Ляўках, Мінску. На дамах, дзе ў розны час жыў Купала, - у Ляўках Аршанскага раёна, Вязынцы і Яхімоўшчыне Маладзечанскага раёна, вёсках Сенніца Мінскага раёна, Бяларучы Лагойскага раёна, Старая Беліца Сенненскага раёна, Косіна Лагойскага раёна, у гарадах Мар' інай Горцы, Барысаве, Маладзечне, Капылі - устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Шэраг твораў жывапісцаў, прысвечаных асобе і дзейнасці народнага паэта, сабраны ў альбоме "Янка Купала ў творчасці беларускіх мастакоў". Да юбілейных дат былі прымеркаваны мастацкія выстаўкі. У гонар 110-гадовага юбілею Я. Купалы выпускалася памятная манета. Кампазітарам В. Помазавым напісаны вакальна-сімфанічны твор "Янка Купала". Жыццю і творчасці паэта прысвечаны хранікальна-дакументальны фільм "А зязюля кукавала", тэлефільмы "Паклон мой народу за песні", "Ніколі я не паміраў", "Імша па Купалу".

Творы Янкі Купалы сталі крыніцай натхнення многіх кампазітараў. М. Чуркіным створана опера "Раскіданае гняздо". Па матывах паэмы "Магіла льва" напісаў оперу "Машэка" Р. Пукст, а Я. Глебаў - сімфанічную "Паэму-легенду". Ён жа на сюжэты "Кургана" і "Магілы льва" стварыў балеты "Выбранніца" і "Курган". І. Лучанок напісаў паэму-легенду "Гусляр" паводле Купалавага "Кургана", Г. Гарэлава - сімфанічную паэму "Бандароўна", Ю. Семяняка - музычную камедыю "Паўлінка". А. Мдзівані стварыў цыкл хораў, Л. Шлег - харавую паэму "Вяснянка" паводле паэмы "Яна і я". Оперу-прытчу "Песня пра долю" У. Мулявіна на словы Купалы выконваў ансамбль "Песняры". Вершы паэта паклалі на музыку М. Аладаў, М. Анцаў, А. Багатыроў, К. Галкоўскі, А. Грыневіч, М. Мацісон, С. Палонскі, А. Пашчанка, Р. Пукст, Л. Рагоўскі, А. Сакалоўскі, А. Туранкоў, У. Тэраўскі, Я. Цікоцкі, М. Чуркін, Л. Ямпольскі і інш.

Драматургічныя творы Янкі Купалы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. Яго п'есы "Паўлінка", "Раскіданае гняздо", паэма "Магіла льва" экранізаваны.

Творчасць Янкі Купалы заслужыла сусветнае прызнанне - пра гэта сведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна атрымала ў многіх краінах свету. Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш "А хто там ідзе?" перакладзены на 82 мовы народаў свету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя - англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.

Пра міжароднае ўшанаванне памяці паэта сведчаць купалаўскія мемарыяльныя знакі за межамі Беларусі. Помнік Купалу ўсталяваны ў Араў-парку ў Нью-Йорку, плануецца адкрыццё помніка ў Маскве. У Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Кіславодску, пасёлку Пячышчы каля Казані, вёсцы Соф' іна Раменскага раёна Маскоўскай вобласці (Расія), Вільнюсе (Літва), пасёлку Гаспра каля Ялты (Украіна) устаноўлены мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя паэту. Імем Янкі Купалы былі названы судны Дунайскага і Волжскага параходстваў. Купалаўскія найменні атрымалі школа і вуліца ў Душанбе (Таджыкістан), бібліятэка ў Харкаве і вуліцы ў Кіеве і Запарожжы (Украіна), вуліцы ў Ташкенце (Узбекістан), Тбілісі (Грузія), Рызе (Латвія), Ніжнім Ноўгарадзе (Расія), Беластоку (Польшча) і інш. У Порту-Алегра (Бразілія) у 1932 г. імя Я. Купалы прысвоена бібліятэцы-чытальні.

У 1996 г. створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы.



100-гадовы юбілей беларускага песняра паводле рашэння ЮНЕСКА адзначаўся ў міжнародным маштабе.

У 2007 г. у Рэспубліцы Беларусь на дзяржаўным узроўні адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Янкі Купалы.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка