Ян Баршчэўскi Ян. Баршчэўскі




Дата канвертавання27.05.2018
Памер232.31 Kb.
Ян Баршчэўскi
Ян. Баршчэўскі.
Беларускi i польскi пiсьменнiк, выда­вец, адзiн з пачынальнiкаў новай бела­рускай лiтаратуры Ян Францавiч Бар­шчэўскi нарадзiўся ў 1794 г. (паводле iншых крынiц у 1790 цi 1796 г.) у в. Мурагi Расонскага раёна ў сям'i беднага шляхцiца.

Вёска Mypaгi размешчана каля возера Нешчарда. Як сведчаць гiстарычныя кры­нiцы, на адным з паўастравоў яго ўсход­няга берага ў старадаўнi час узвышаўся добра ўмацаваны замак. Гата магутная фартэцыя нiбы плыла па возеры, ззяючы на сонцы i адлюстроўваючыся ў водным люстэрку. У час паходу караля Стэфана Баторыя 13 снежня 1579 г. гэта крэпасць была ўзята штурмам i спалена палякамi. У свой час Ян Баршчэўскi апiсаў вялiкi курган на беразе возера i сцвярджаў, што ў iм пахавана ўся княжацкая дру­жына. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, потым вучыўся ў Полацкай езуiц­кай акадэмii (кaлeгii), якая давала трыва­лыя веды ў галінe лiтаратуры, мастацтва, класiчных моў. Яшчэ будучы навучэнцам, Ян Баршчэўскi праявiў вялiкую цiка васць да фальклору, паэзii, да гiстарыч­нага мiнулага. Падарожнiчаў па Беларусi, збiраў фальклор. Тады ж пачалася яго лi­таратурная дзейнасць. Першымi творамi Яна Баршчэўскага былi польскiя класi­цысцкiя паэмы “Пояс Венеры” i “Псi­хея” (1809).

У час вучобы ў Полацкай калегii Бар­шчэўскi кожнае лета прыязджаў у Mypaгi. Тут яго любілі i шанавалi, запрашалi на вяселлi, хрысцiны, розныя iншыя ўра­чыстасцi. Ён быў вясёлы, далiкатны, чы­таў часта тут жа напiсаныя вершы. Яны хадзiлi ў народзе, перадавалiся з вуснаў у вусны. Яго песня «Да чым жа твая, дзе­ванька, галоўка занята?” i твор “Рабункi мужыкоў”, паводле сведчання Р. Зямке­вiча, разышлiся ў спiсах па ўсёй Бела­pyci. А польскi гiсторык Ю. Барташэ­вiч пiсаў, што

вершы Баршчэўскага ў свой час былi настолькi папулярныя, што нянькi пелі іх дзецям у калысках.

Пасля сканчэння калегii Ян Баршчэўскi нейкi час працаваў гувернёрам, у 1820-я гады пераехаў у Пецярбург, дзе працаваў у Марскiм ведамстве, а пасля зноў гувернёрам. Там пазнаёмiўся з А. Мiцкевiчам i Т. Шаўчэнкам, арганiза­ваў лiтаратурны гурток, якi аб'ядноўваў выхадцаў з Беларусi, выдаваў польскi аль­манах «Niezabudka» («Незабудка», 1840-44). Друкаваўся ў польскiх часопi­сах «Rubon» («Рубон»), «Athenaeum» («Атэнаум») i iнш. Да пачатку 19 ст. адносяцца беларускiя вершы «Дзеванька» i «Гарэлiца». Падзеям Айчыннай вайны 1812 г. прысвяцiў беларускi твор «Ра­бункi мужыкоў», якi распаўсюджваўся ў рукапiсах (вядомы адзiн з варыянтаў пад назвай «Размова хлопа»). Галоўны твор у лiтаратурнай спадчыне Яна Баршчэўска­га - празаiчны зборнiк «Шляхцiц За­вальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», выдадзены ў 4 тамах у 1844-46 гг. У кнiгах “Шляхцiц Завальня» , у поўнай меры раскрыты пiсьменнiцкая манера i творчая iндывiдуальнасць Я. Баршчэўскага. Увядзенне ў твор народ­ных казак, легенд, паданняў (i ў вялiкай колькасцi) ставiць гэты зборнiк Яна Бар­шчэўскага на асаблiвы ўзровень у бела­рускай лiтаратуры 19 ст. Пiсьменнiк стаў наватарам i ва ўвядзеннi ў нашу лiтара­туру фантастычнага апавядання. Рэцэн­зенты таго часу пiсалi, што ў кожным слове твора “чуваць беларус», параўноў­валi зборнiк з цыклам казак «Тысяча i адна ноч”. У перакладзе на беларускую мову легенды з гэтага аборнiка апублi­кавала вiленская газета «Гоман» (1916). Сучасны чытач таксама можа пазнаёмiцца з гэтым выдатным творам - «Шляхцiц Завальня» выдадзены ў 1990 г. у выда­вецтве “Мастацкая лiтаратура» у Мiнску.

«Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фанта­стычных апавяданнях», на думку лiтаратура­знаўца Н. С. Перкiна, хоць i напiсаны на польскай мове, але духам сваiм i зместам - гэта чыста беларускi лiтаратурны твор. I Ра­муальд Зямкевiч, якi першы выпусцiў асоб­ную брашуру пра жыццё i лiтаратурна-вы­давецкую дзейнасць Яна Баршчэўскага, так­сама сцвярджаў, што ўсе яго творы былi на­пiсаны на польскай мове таму, што па-беларуску друкаваць не дазвалялi. Р. Зямкевiч пicaў: “Балады, апiсальныя вершы Баршчэў­скага, а таксама i«Szlachcic Zawalnia “ так i просяцца, каб ix пералажыць на бела­рускую мову, бо ўсё гэта ўзята жыўцом з бе­ларускага жыцця i ў полъскай лiтаратуры не мае i не будзе мець такога вялiкага значэн­ня” (З я м к е в i ч Р. Ян Баршчэўскi: Пер­шы беларускi пiсьменнiк XIX сталецця. Вiльня, 1911. С. 7).

Баршчэўскi, пa праву пiсьменнiка, умела “дырыжыруе” усiм тым, што адбываецца на дварэ i ў хаце Завальнi, нават у наваколлi возера Нешчарда. Дзе-нiдзе нават штучна прываблiваюцца ў гасцiнны дом шляхцiца ўсё новыя гутарнiкi, каб не перарывалася жы­вая нiтачка апавядання i каб не страцiлася ад гэтага сэнсавая нагрузка кнiжак, каб астэ­тычная думка ўсё новых дзеючых асоб была сугучнай, каб не знiжалася энергiя слова i думкi. Гэтай задачы падпарадкавана i струк­тура “Шляхцiца Завальнi”: апiсанне ўкладу жыцця ў доме гаспадара, самi апавядальнiкi­ - гутарнiкi, ix казкi i, нарэшце, аўтарскiя лi­рычныя застаўкi, замалёўкi, адступленнi.

Фальклорныя творы, якiя ўведзены ў кнiгi зборнiка, прайшлi праз лiтаратурную iнды­вiдуальнасць пiсьменнiка, атрымалi пры гэ­тым пэўную стылявую афарбоўку. Паводле заключання Р. Падбярэскага, блiзкага да Я. Баршчэўскага, у зборнiку толькi ядро належыць народу, а вобраз цалкам а'яўля­ецца вымыслам аўтара. “Шляхцiца Заваль­ню» трэба разглядаць як твор мастацкi i ў той жа час фальклорны.

Ян Баршчэўскi перакананы, што народная творчасць, у тым лiку i народная фантасты­ка, звязаны з жыццём, вынiкаюць з яго i нараджаюцца пад уздзеяннем адпаведных калiзiй. Падзеi ўcix 14 фантастычных апавя­данняў, што ўваходзяць у зборнiк, адбываюц ца ў зусiм канкрэтных мясцiнах: возера Нешчарда, paкi Дзвiна, Дрыса, Палата, вёcкi Юхавiчы, Краснопаль, канкрэтныя замкi, замчышчы. Гэтым самым творы яшчэ больш прываблiваюць чытача, прымушаюць яго па­верыць хоць на кароткi час, суперажываць.А вобраз самога Завальнi - гэта, па сутнасцi, самы раннi вобраз беларускага фалькларыста, прапагандыста вуснай народнай творчасцi. Для большага каларыту i адчування рэалi­стычнасцi аўтар паказаў быт шляхцiца Завальнi. Заезджыя ж пэўным чынам абма­лёўваюць тагачаснае жыццё. Баршчэўскi звяртае ўвагу чытача на самабытнасць краю, мовы, народнай творчасцi. У забiтай горам вёсцы не страчана галоўнае - вера ў жыццё, не замёр, не страцiўся духоўны воблiк на­рода, якi з незапамятных часоў захаваў, данёс вусную творчасць: песнi, легенды, казкi, прымаўкi, ашчадзiў помнiкi старажытнасцi, сляды ваенных падзей, валы, якiя ўзнесены чалавечай рукой, курганы. Ян Баршчэўскi быў адным з першых фалькларыстаў, хто злучаў у сабе цiкавасць да помнiкаў археалогii i фальклору, запiсаў шмат твораў, што iдуць з часоў найбольш старажытных.

У кожным з 14 твораў зборнiка жыве павага да простага чалавека з яго гуманнасцю, раз­вагай, сялянскай дасцiпнасцю, павагай да тра­дыцый краю. А з другога боку паўстаюць фанабэрыстыя тыпы са сваёй разбэшчанасцю, прагай самаўладства, паразiтызмам, чэрст­васцю, свавольствам паноў i падпанкаў.

Праз герояў сваiх твораў Ян Баршчэўскi iмкнуўся паказаць чалавечую чысцiню, сум­леннасць. Дабрадзейнасць, цвярозасць ва ўчынках, чалавечая годнасць i цярплiвасць - вось галоўнае крэда i грунт этыкi Яна Баршчэўскага. Сацыяльныя погляды Баршчэўскага падчас даволi супярэчлiвыя, але ён заўсёды на баку прыгнечаных. Нават праз та­кiя на першы погляд бяскрыўдныя фанта­стычныя апавяданнi пiсьменнiк перадаў настрой беларускага селянiна, яго ўнутраную крыўду - пратэст супраць прыгнятальнiкаў.

У беларускiм лiтаратуразнаўстве доўгі час невыразна вырысоўваўся «пасля­пецярбургскi” лёс Баршчэўскага. Вядома было толькi, што памёр ён на Укpaiнe. Давялося весцi доўгiя пошукi ў архiвах Лyцкa, Роўна, Кiева, нарэшце, Жытомiра, дзе i былi знойдзены запiсы аб смерцi паэта. Апошнiм прыстанкам нашага славутага земляка стаў невялiкi горад Чуднаў, дзе жылi далёкiя сваякi Баршчэў­скага - Ржавускiя. Да ix i прыехаў у 1840-х гадах пiсьменнiк-вандроўнiк, якi перад гэтым пабываў у некалькiх кpaiнax Заходняй Еўропы, абышоў палавiну Бела­pyci. Чуднаў быў цiкавы яму сваiмi помнi­камi apxeaлoгii, курганамi, гарадзiшчамi, замчышчам, а таксама вялiзнымi кiрма­шамi. Пiсьменнiк па-ранейшаму не па­кiдаў пiсаць. З мастацкiх твораў Яна Баршчэўскага ў той час у Кiеве выйшаў зборнiк «Проза i вершы” (1849).

Як сведчаць архiўныя звесткi, Ян Бар­шчэўскi памёр 28 лютага (па старым сты­лi) 1851 г, у Чуднаве ад сухотаў, меўшы ад роду 54 гады(1). Пахаваны на мясцовых могiлках.

Г. А. Каханоўскi.
_________________________________________________

(1) Да гэтага часу дакладна невядома, колькi гадоў пражыў пiсьменнiк. Польскi i бела­pycкi выдавец, лiтаратуразнаўца i фалькларыст Р. Падбярэскi ў сваiм артыкуле “Беларусь i Ян Баршчэўскi” (прадмова да т. 1 кн. Баршчэўскага “Шляхцiц Завальня...”, 1844) пiсаў, што пiсьменнiк нарадзiўся ў 1794 г., хоць крыху далей у тым жа артыкуле заўважае, што песеньку “Да чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?”, “вельмi папулярную цяпер”, аўтар склаў “у Марогах з нагоды залётаў да маладой панны Максiмавiчанкi, яшчэ у студэнцтве, блiзу 1809 года, калi меў не больш за 18 год” (Б а р ш ч э ў с к i Я. Шляхцiц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. С. 350-351). Другi ж даследчык, гiсторык i лiтаратуразнаўца Ю. Барташэвiч, у артыкуле “Ян Баршчэўскi”, надрукаваным у газеце “Dziennik Warszawski» 23 i 25 кpacaвiкa 1851 г., назваў год на­раджэння пiсьменнiка 1790, а сам артыкул завяршаў фразай: “Аўтар “Завальнi” жыў 61 год” (Там жа. С. 366). Запiс жа аб смерцi нiсьменнiка ў царкоўнай кнiзе, якая захоўваецца ў Жытомiрскiм абласным apxiвe i ў якой сказана, што Баршчэўскi меў ад роду каля 54 гадоў, вымушае даследчыкаў уводзiць ва ўжытак яшчэ адну магчымую дату нараджэння - 1796 г.


Нарыс Паўночнай Беларусі.
Гэты твор Я. Баршчэўскага ўпершыню на­друкаваны Р. Падбярэскiм у выданнi “Rocznik Literacki» за 1843 г. Потым нарыс без змен быў уключаны iм у зборнiк “Шляхцiц Завальня”.

Той, хто падарожнiчае з поўначы ў бок Беларусi, бачыць перад сабою велiзарныя вёскi накшталт мястэчак, белыя мура­ваныя храмы i камянiцы двароў (1), шыро­кiя засеяныя палi, сям-там невялiчкi сасновы бор або бярозавы гай, чуе не раз працяглы i гучны спеў селянiна, якi далё­ка, наколькi сягае вока, разносiцца па палях або пералятае горы i далiны з мело­дыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калi сонца наблiжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам i ў ядвабных саянах у атачэннi юнакоў-залётнiкаў; водзяць яны карагоды,спяваючы народныя песнi, а старыя, седзячы на прызбах, разважа­юць пра мiнулыя i сённяшнiя часы...

Аднак калi ён наблiжаецца да межаў Се­бежа i Невеля, то бачыць перад сабою раз­леглыя цёмныя пушчы, якiя, быццам хмары, навiсаюць на даляглядзе, памiж лясоў - саламяныя стрэхi бедных жыхароў; дзе-нiдзе позiрк сустракае вытырклы па­мiж хвоямi жалезны крыж пакрытай мохам каплiчкi, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вiсяць або два, або тры званы; па ваколiцах раскiданы магiль­ныя крыжы i камянi. Рэдка натрапiш там на прыстойна пабудаваны панскi дом; няшмат i касцёлаў такiх, дзе можна было б бачыць густ архiтэктара або выдаткi ба­гатага фундатара; i гэты выгляд зямлi, змрочны i дзiкi, пачынаючыся ад ракi Ловаць, распасцiраецца да берагоў Дзвiны, дзе канчаецца Палата i Дрыса.

На ўсiм гэтым абшары вузкiя камянi­стыя дарогi, пераразаючы гарыстыя мясцi­ны i мiнаючы дзiкiя бepaгi азёраў, ха­ваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя i будзённыя днi заўсёды пануе нейкая панурая цiшыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, i па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапо­чаныя думкi, бо няўрод часта ашуквае тут надзеi працавiтага земляроба...

У гэтых краях прайшлi дзiцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымi сваiмi таварышамi па Полац­кай акадэмii, не могучы мець пры сабе iн­шых кнiг, апрача некалькiх лацiнскiх i грэчаскiх класiкаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любiў чытаць у кнiзе прыроды, калi вячэрняй парою ад­крыецца старонка, на якой мiльёнамi зiхоткiх угары зорак напiсана Божая ўсемагутнасць. На зямлi, пакрытай безлiччу раслiн i жывёл, я чытаў аб мiласэрнасцi i волi Творцы. Гэтая кнiга прыроды ву­чыла мяне сапраўднай паэзii, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнiя гаваркiя крытыкi, якiя чужыя пачуццi i розныя здольнасцi, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.

Апавяданнi старых пра розныя здарэннi ў народных ix аповесцях, якiя перайшлi ад чалавека да чалавека са старадаўнiх часоў, былi для мяне гiсторыяй гэтай зямлi, характару i пачуццяў беларусаў.

Пасля таго як лёс закiнуў мяне ў далёкiя мясцiны, як жа часта самотныя думкi мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлi лепшыя гады майго жыцця, дзе столькi мiлых успамiнаў ма­люе мне памяць! Успамінаю недалёкiя ад Невеля ваколiцы Рабшчызны, дзе прырода ўзняла высокiя горы, быццам паверхi велiзарных гмахаў, якiх стагоддзi пакры­лi ценем лясоў, а некаторыя пад пагод­лiвым сонцам ззяюць залатым пяском. Якiя там разнастайныя краявiды, якiя цудоўныя малюнкi! Калi хто, будучы ў гэ­тым краi, зышоў на вяршыню Пачаноў­скай гары(2) i глядзеў на дзiкiя ваколiцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут i там, нiбы люстэркi, адбiваюць дзённы прамень, а над ix берагамi дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нiдзе па схiлах чар­неюць бедныя сялянскiя хацiны; але не ўбачыш тут нiдзе нi гарадскiх муроў, нi вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра спрэчкi французскай палаты ў справе Егiпта i Турцыi, не чуваць там пра англiй­скi парламент, пра вайну з кiтайцамi, не гамоняць там нi пра чыгункi, нi пра дзiвосную вынаходку Дагера. I толькi го­лас пастушка, стрэл паляўнiчага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалiнах пу­шчы, парушаюць на хвiлiну цiшыню ва­колiцы...

Блiжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькi мiль залiвае абшар, падмывае хвалямi ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень - шырокiя паплавы, усеяныя крупамi лазняку, сям-там рэчкi, бегучы здалёк сярод чароту, хаваюцца ў разлiве азёрнай вады. Там вясна - рай; самыя розныя птушкi, здаецца, збiраюцца з ycix канцоў свету, тысячы розных меладычных дзiкiх i чуллiвых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах i лясах: енк зязюлi, пошчак салаўёў,голас бугая ў чароце, рэз­кiя крыкi качак... Гэтая дзiвосная сулад­насць i гэты канцэрт прыроды перано­ciлi мае ўяўленнi ў нейкi чарадзейны рай.

I цяпер гэтыя мясцiны, дзе ў маленстве я бачыў столькi цудаў прыроды, гэтыя гai, гэтыя зялёныя бepaгi Нешчарды памяць малюе мне, нiбы прыснёны сад. Прыпамiнаю народныя расказы пра паданнi гэтага краю, пра горы, дрэвы, Не­шчарду, якiя ходзяць сярод простага лю­ду; i хоць у яго апавяданнях цяжка знайсцi поўную праўду, аднак можна ба­чыць нейкi след мiнуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцiнах можна назiраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якiя не ўспомнiў анiводзiн гiсторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлiвых хвояў спачывае там якi-небудзь ваяўнiк, iмя якога даўно забытае. Я не раз чуў аповяды простага народа пра даўнiя войны, але да ix столькi дамешана казак i цу­даў, што застаўся толькi слабы след мi­нуўшчыны, без iмёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтай ваколiцы.

На паўднёвым баку возера Нешчарда ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары - драўляны маленькi касцёлак i некалькi хвояў. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамi срэб­ныя манеты, шкляныя аздобы, якiя нaciлi бабулi нашых бабуляў, iржавыя рэшткi разнастайнай старасвецкай зброi. Кажуць, на той паўвыспе быў некалi горад. Аднак чый горад, хто ў iм уладарыў, не­вядома. Тамтэйшы люд, якi жыве ў адда­леных лясiстых ваколiцах, доўга не ведаў нападаў розных плямёнаў, што блукалi ў тым кpai дзеля рабунку. Праз некаторы час страшны волат, якога звалi Княжа, прываблены да берагоў Нешчарды надзе­яй на багаты рабунак, аблажыў з велiзарнай хеўраю разбойнiкаў гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазбавiў жыхароў, у касцёлах паабдзi­раў абразы i спустошыў ахвяравальны посуд, нават касцёл зруйнаваў, а званы ўтапiў у возеры i з натоўпам сяброў атабарыўся ў спустошаным горадзе. Аднак Бог цудоўным чынам абвясцiў сваю кару блюзнерам. Званы, затопленыя на дне во­зера, штодзень на захадзе i ўсходзе сонца абуджалi глухое маўчанне на дзiкiх бера­гах Нешчарды так, што птушкi, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклi паветранымi шляхамi, а серны i ласi, дрыжу­чы ад страху, хавалiся ў далёкiх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чор­нaгa шара, i дзе яна дакранулася да сця­ны, з гэтага дому ўжо нiхто не выходзiў жывы, i такiм чынам вымерла ўся дружы­на Княжа; сам ён, пакiнуўшы ўсе ба­гаццi, закапаныя ў гары, уцёк з некалькiмi сябрукамi, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ i зараз па­казвае вялiзны курган, якi называецца Магiлай Княжа.

Шмат i iншых паданняў у тым кpai кружыць сярод простага люду; у многiх з ix згадваюцца гiстарычныя выпадкi, iн­шыя ж - болей плён фантазii i мелан­халiчнага духу, якi адзначае жыхара гэ­тых дзiкiх i лясiстых ваколiц; ад прыроды ён здольны да жвавай думкi, уяўленне яго стварае дзiўныя карцiны. Нека­торыя з тамтэйшых простанародных па­данняў я перадаў у баладах, змешчаных у трохтомiках штогоднiка «Незабудка», а ме­навiта: «Крынiца Дзяўчыны”, якая знахо­дзiцца на поўнач ад горада Полацка, схава­ная ў ценю адвечных лясоў; “Дзве Бяро­зы», якiя i цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвiна; “Курганы i Русалка”, узятыя з песнi чараўнiцы, якая спя­вае:
Гусанькi, лябёданькi,

Скiньце мне па пёрачку,

Я з вамi палячу (3).
Бываюць тут часам у нядзелю кiрма­шы, людзi збiраюцца з блiжэйшых вёсак у касцёл. Там на могiлках можна бачыць сцэны, якiя наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымi дзецьмi ля драўля­нага крыжа, якi стаiць над магiлаю яе му­жа, а там сiрата над магiлаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, якi раздзiрае сэрца; калi хто наблiзiцца да ix i падслухае iхнiя словы,- яны зайздрос­цяць мёртвым, i гэтыя слёзныя скаргi, здаецца, працялi б i каменныя грудзi.

Пасля набажэнства ўсе збiраюцца ў ад­ным месцы, дзе-небудзь паблiзу карчмы; тут з'яўляецца некалькi жыдкоў са стуж­камi, iголкамi i рознымi блiшчастымi аздобамi для адзення; падае голас адмысло­вая беларуская дуда. Распачынаецца музыка пад адкрытым небам; малады хлопец i сiвы дзед, падхмеленыя гарэлкай, ска­чуць да поту, ix радасць часта пераходзiць межы прыстойнасцi. А журботныя пла­кальшчыцы, якiя нядаўна залiвалiся сля­замi над магiлаю мужа i бацькi, скачуць пад мелодыю дуды:


Слава табе, Хрысце цару,

Што мой муж на цмантару,

І бяда пазбылася,

І гарэлкi напiлася.

________________________________________________________


1 Гэтак тамтэйшы народ называе мураваныя дамы маёнткаў. (Тут i далей заўвагі Я. Бар­шчэўскага).

2 Верш пад гэтай назвай змешчаны ў “Незабудцы» за 1841 г.


3 Беларускiя словы, сказы i дыялогi, напi­саныя Я. Баршчэўскiм лацiнкаю, выдзелены ў нашым выданнi курсiвам.

Або таксама:


Калi ж тая серада прайшла,

Як не еўшы на прыгон пайшла,

Весь дзень жала, не лянiлася,

3лому войту пакланiлася;

А цяпер жа ні а чом тужыць,

І войт п'яны ў карчме ляжыць.
У большасцi песень гэтага простага народа, як у думках, так i ў мелодыi, ёсць нешта меланхалiчнае, i нават вясельныя песнi, дзе маладым зычаць шчаслiвага су­польнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давя раюць будучаму лёсу ў гэтай юдолi пла­чу... Але вясельныя абрады адметныя ры­царскiм запалам; малады, перш чым стаць ля парога нарачонай, прывучае свайго каня не баяцца агню i кiдацца ў полымя, а пасля такой падрыхтоўкi, са­браўшыся ехаць да сваёй нарачонай, ён i яго дружына надзяваюць чырвоныя шап­кi, звешваюць на грудзi чырвоныя хусткi i iмчацца праз горы да дому, дзе ix ча­каюць нявеста i госцi. Перад варотамi яны спыняюцца: салома шугае полымем, ён i дружына пераскокваюць яе наўскач на ўдалых конях, але i тут яшчэ запале­ныя пучкi саломы, якiя кiдаюць коням у вочы, не дазваляючы заехаць у адчыне­ныя вароты; яны здольваюць усе пера­шкоды; малады са схiленай галавою ўваходзiць у хату, сядае за сталом, чуецца песня “Баслоў Бог вяселле iграць”, i тут пачынаецца блаславенне маладых i вясельны баль. Але ў часе таго балю зда­раюцца розныя незвычайныя выпадкi.

Беларусь, як i iншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваiх мiфалагiчных баж­коў. Русалкi, калi жыта красуе ў полi, з распушчанымi доўгiмi валасамi гушка­юцца на бярозах i спяваюць песнi; ixнi смех адгукаецца ў глыбiнi лясоў i трыво­гай працiнае тых, хто збiрае грыбы або ягады. Лясны бог - пан дзiкix пустэчаў; каб чалавечы зрок не мог Яго ўгледзець, ён пад размаiтымi выглядамi хаваецца ў сваiх уладаннях; мiнуючы лугi, так змян­шаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; iдучы праз пушчы, раўняецца з са­мымi высокiмi хваiнамi. Ён апякун звяроў i лясных птушак. Кажуць, што бачылi ве­лiзарныя чароды вавёрак, якiх лясны ба­жок перапраўляў з адной пушчы ў дру­гую; ён paбiў гэта, каб выратаваць ix ад агню, бо прадбачыў, у якiм баку выбухне пажар.

Урачыстасць Купалы вядома амаль усiм славянскiм народам. На Беларусi 23 чэрве­ня, пасля захаду сонца, адбываецца Ку­палле, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслiвы той, каму пашэн­цiць сарваць кветку папарацi, яго зрок у глыбiнi зямлi прыкмячае закапаныя скар­бы, i ён столькi можа мець золата, колькi сам захоча. Кабеты разам з юнакамi i дзяўчатамi каля вогнiшчаў са смалавага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песнi:

Іван ды Мар'я,

На гарэ купальня,

Дзе 7ван купаўся,

Бераг калыхаўся;

Дзе Мар'я куnалась,

Трава рассцiлалась.

I iншыя падобныя леснi гучаць у полi, аж пакуль сонца не зайграе на небе.

Ноч Купалы ў тым баку Беларусi поў­ная незвычайных здарэнняў. На думку простага народа, уся прырода ў гэтую ноч весялiцца. Рыбакi бачаць азёрнае люстра, якое часам раскашуе ў месяцо­вым ззяннi, i, хоць неба яснае i паветра спакойнае, блiскучыя хвалi, удараючы ў берагi, разбiваюцца на кроплi, якiя, нiбы зоркi, свецяцца ў паветры. I гэтае цу­доўнае вiдовiшча на зарослых чаротам берагах абуджае дзiкiх качак i iншых ва­дзяных птушак, якiя, прывабленыя дзiвос­ным свячэннем вады, уздымаюцца тут i там над ясным возерам.

Дрэвы ў лесе таксама могуць перахо­дзiць з аднаго месца на другое; шумам cвaix галiн яны размаўляюць памiж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папа­рацi i бачыў не толькi скарбы, схаваныя ў зямлi, але i незвычайныя дзiвы ў пры­родзе, разумеў гаворку кожнага стварэн­ня; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцiн i, зрабiўшы кола, гамоняць шола­хам галiн, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераiчныя ўчынкi i даўнiя заслугi. Лiпы i бярозы, збiраючыся там, хвалiлiся сваёй прыгажосцю; сярод ix былi некаторыя, нiбыта гocцi з суседнiх садоў, класiчна падстрыжаныя i выпраста­ныя; тыя гаманiлi пра залётнасць дваро­вых дзяўчат i свавольства панiчоў, свед­камi якога яны не раз былi; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалi задуменныя хвоi i ялiны; бачыў вербы, якiя, стоячы над рэчкай i ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталiся адна ў адной, што якой з ix пасуе,- i гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.

Усход сонца пасля гэтай бяссоннай, урачыстай ночы таксама бывае крыху асаблiвы. Натоўп люду, што весялiцца ў полi, канчае песнi i танцы i моўчкi cкi­роўвае вочы на неба, нiбы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павiнна з'явiцца штосьцi не­звычайнае. Узыходзiць сонца, уздымаецца над гарамi i лясамi i на вачах усяго лю­ду рассыпаецца ў небе на дробныя зiхат­лiвыя зорачкi, зноў збягаецца ў адзiн агнiсты шар; яго акружае безлiч вясёлка­вых кругоў, i ён мiгцiць, кружачыся ва­кол сваёй восi. Гэтая праява паўтараецца некалькi разоў, i такiм чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.

Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя травы. Разрыў-трава можа дзiвосна ўз­дзейнiчаць на жалеза, разрывае нiбыта замкi і кайданы ў вязняў; калi каса натрапiць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькi частак. Пералёт-­трава, або лятучае зелле; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносiцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая i прыгожая, а ў сваiм палёце часам блiшчыць, быццам зорачка. Шчаслiвы, хто яе сарве, бо не зазнае ён дерашкодаў у сваiм жыццi, усе яго жадан­нi неадкладна здзейсняцца, i гэтая тра­ва - трава шчасця. Людзi, марачы пра шчасце на гэтай зямлi, малююць яго ў розных вобразах; грэкi i рымляне верылi ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокi i зноў апускае ў бяздонне. Беларускi народ уявiў сабе нейкую лятучую траву, гонячыся за якой не адзiн збiўся з дapoгi i не вярнуўся да свае роднае хаты. I я, шукаю­чы яе далёка, кiнуў тэтую родную ста­ронку, дзе прайшлi самыя прыемныя днi майго жыцця, i цяпер у паўночнай ста­лiцы, паглядаючы на тэатр вялiкага свету, чытаю кнiгу, што часам смешыць, часам прымушае лiць слёзы, i гэта - кнiга чала­вечых сэрцаў i характараў.


Край мой, дзе горы паўсталi ўзнёсла,

Край ciнix вод, чаратамi зарослых,

Пушчаў, дзе ў голлi хаваецца сонца,

Колькi прыгадак ты будзiш штодзённа,

Ў промнях вясновых, у барвах зялёных

Ты мне з'яўляешся казкай бясконцай.

Згадваю сумную песню ратая

Цi-пастуха, што па-простаму грае,

Часам, калi ў лясах ля азёраў

З кобзаю рэха гамонiць паўторам

Цi калі люд пасля дзённае працы

Гучна спяшае ля хаты сабрацца,

Чуючы мяккi палон прахалоды,

Слухаць ад старца сiвога прыгоды

Прашчураў слынных, асiлкаў, герояў.

Слава i дзiва паданне старое,

Што аж ад продкаў па бацькавым кpai

З вёскi да вёскi вандруе, блукае!


Друкуецца па кн.: Ба р ш ч э ў с к i Я. Шлях­ціц 3авальня, або Беларусь у фантастыч­ных апавяданнях. Мн., 1930. С. 10-19.
ДЗЕВАНЬКА
Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята?

Цi табе не напрыкрылася чужая хата?

На каго ж ты павяраеш,

Сваё сэрца прыкланяеш?

Не будзе тут пуцi.

Прывучыла ж ты двух хлопцаў, як пташак

у сецi.

Яны к табе ўдзень i ўночы рады прыляцецi.



I ты к iм лятаеш,

Панскi двор пабуджаеш

На вялiкi смех.

Прывучыла ж ты лоўчага, ён жа i стралец,

I дудар быў некалi, i pycкi пявец.

А стралец i дудар –

Не вялiкi гаспадар,

Будзеш без хлеба.

Палюбiла садоўнiка, i гэта не ў пуць.

Ды ён жа слуга гасподскi, асцярожна будзь:

Мадамай табе не быць,

Дзяцей табе не ўчыць,

Ведзь ты не ўмееш.

Я. Баршчэўскi



­


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка