Яшчэ раз пра словы адзяваць надзяваць – апранаць




Дата канвертавання14.04.2017
Памер23.62 Kb.
Яшчэ раз пра словы адзяваць - надзяваць – апранаць

Каб не захварэць, мы шалік і шапку апранаем, надзяваем або адзяваем? А што мы робім з акулярамі, з парыком ці нават з процігазам?

Пра гэта ўжо неаднаразова пісалі лінгвісты, аднак дагэтуль у носьбітаў мовы ўзнікаюць пытанні, датычныя ўжывання названых словаў. Паспрабуем разабрацца. Для гэтага вызначым, што агульнага і чым адрозніваюцца паміж сабой словы адзенне і вопратка. З аднаго боку, гэта, безумоўна, сінонімы. Але як вядома, поўныя сінонімы – з’ява рэдкая і неўстойлівая. Вось і словы адзенне і вопратка да іх таксама не адносяцца.

Адзенне і яго варыянт адзежа – гэта, паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, сукупнасць прадметаў з тканіны і футра, якія надзяваюць і носяць на сабе. Вопратка (гутарк. апранаха) – выключна верхняе адзенне, то бок слова з больш вузкім значэннем.

Такім чынам, да вопраткі адносім куртку, паліто, плашч і г.д. А да адзення тыя самыя куртку, паліто, плашч, але таксама і сукенку, кашулю, нагавіцы, панчохі, ніжнюю бялізну і шмат што іншае.

Паводле логікі, вопратку апранаюць, але паколькі гэта ў шырокім сэнсе від адзення, мы таксама можам яе надзяваць і адзяваць: апрануць паліто, надзець паліто, адзець паліто. Такім чынам, любое адзенне мы можам надзець або адзець: надзець сукенку, адзець кофту, адзець/ надзець сподняе. Але не любое – апрануць: нельга сказаць “апрануць сподняе”  Што да варыянтаў адзець і надзець, дык часта ў мове яны функцыянуюць паралельна, як мы ўжо адзначалі: адзень паліто і надзень паліто. А вось калі не ўдакладняецца, які менавіта прадмет адзення хочам “ускласці” на сябе або кагосьці іншага, тады ў літаратурнай мове ўжываем слова адзець: адзень дзіцёнка (немагчыма надзець!).

Дарэчы, калі слова адзяваць ужываецца ў больш шырокім значэнні ‘ўтрымліваць, гадаваць’, яно сінанімічнае слову апранаць: дзяцей карміць-адзяваць і карміць-апранаць.

Калі гаворка ідзе пра абутак, дык яго мы не толькі абуваем, але і надзяваем, прычым апошняе слова ўжываем часцей: надзень боты, надзень сандалеты. Галаўныя ўборы мы таксама звычайна надзяваем: надзень панамку. Як і нейкія аксесуары, што не з’яўляюцца адзеннем: надзець акуляры, надзець парык, надзець процігаз. Праўда, у гутарковай мове ў спалучэнні з гэтымі словамі сустракаем таксама варыянт адзець: адзець хустку, адзець боты, адзець акуляры.

Антонімамі да апрануцца і адзецца будуць словы распрануцца (зняць верхнюю вопратку, адсюль і распранальня ў значэнні ‘гардэроб’) і раздзецца (зняць любое адзенне, у тым ліку ніжняе; адсюль раздзявальня, напрыклад, у басейне).

Як тады павінна па-беларуску гучаць знакамітая фраза “Раздеваться и работать!”, якая выклікала цэлую хвалю флэшмобаў у фэйсбуку: “Радзявацца і працаваць!” ці “Распранацца і працаваць!”?..

Заданне

Апрануць (апрануцца), адзець (адзецца) або надзець (надзецца)?

Фартух – надзець

Камізэльку – надзець, адзець

Кайданкі – надзець

Футра – апрануць, надзець, адзець

Дзіця – адзець, апрануць

Чаравікі – надзець

Дажджавік – апрануць, надзець, адзець

Станік – надзець

Брыль – надзець

Самому – апрануцца, адзецца

Пінжак – адзець, надзець

Кажух – апрануць, надзець, адзець

Упрыгожанне – надзець

Спадніцу – надзець, адзець

Карону – надзець

Андарак – надзець, адзець

Шкарпэткі – надзець (адзець)



Даспехі - надзець

Споднюю бялізну – надзець, адзець


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка