Юры Туронак Беларуская кніга пад нямецкім кантролем




старонка1/7
Дата канвертавання02.01.2017
Памер1.35 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7
Юры Туронак
Беларуская кніга

пад нямецкім кантролем

(1939—1944)
Мiнск

2002
c:\temp\tur.jpg



Змест
Уступ .................................................................................... 5

1. Аўтары і выдаўцы ....................................................... 13

1.1. Перыяд нямецка–савецкага супрацоўніцтва ..13

1.2. Пасля нашэсця Нямеччыны на СССР ....... 25

Генеральная акруга Беларусь ......................... 25

Генеральная акруга Літва ................................ 53

Генеральная акруга Латвія .............................. 54

Беластоцкая акруга ........................................... 58

Генерал–губернатарства ................................... 60

Нямеччына ........................................................... 62

Нямецкія беларускамоўныя выданні ............ 68

2. Алфавітны каталог кніг і брашур ............................. 71

3. Бібліяграфічная характарыстыка выданняў ........... 97

4. Кніга і палітыка ............................................................ 108

5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання .................. 117

Індэкс асобаў ...................................................................... 136



Спіс скарачэнняў ............................................................... 141
Уступ

Аднойчы ў 60-х гадах адзін вядомы дзеяч Беларускага грамадска–культурнага таварыства на Беласточчыне і паважаны педагог у Бельску Падляшскім пазычыў у свайго сябра Міколы Калодкі выдадзеную ў 1942 г. у Берліне кнігу Гісторыя Беларусі ў картах, пасля чаго занёс яе ў павятовы камітэт Польскай аб’яднанай рабочай партыі (ПАРП) з даносам на Калодку за захоўванне і распаўсюджванне фашысцкай літаратуры. І хаця ў камітэце не змаглі разабрацца са зместам кнігі і ацаніць яе, але на ўсялякі выпадак Калодку выключылі з партыі. У той самы час згаданая кніга захоўвалася ў адкрытым фондзе універсітэцкай бібліятэкі ў Варшаве і была даступная для ўсіх зацікаўленых.

Магчыма, гэты эпізод выкліча іранічную ўсмешку ў грамадзян Беларусі, якія перажылі пасляваенныя наступствы нямецкай акупацыі. «Толькі выключылі з партыі… — сказаў мой менскі калега, — дык гэта ж яшчэ не так страшна, у параўнанні з тым, што ў нас пагражала за такую літаратуру». Многія нават адукаваныя людзі знішчалі, палілі кнігі і часопісы, выдадзеныя ў гады нямецкае акупацыі, а ў архівах і бібліятэках БССР яны захоўваліся ў закрытых фондах і былі даступныя бадай толькі для следчых органаў і выкрывальнікаў «ворагаў народа».

На гэта ўплываў перш за ўсё час выпуску кнігі, а не ейны змест. Таму «пад замок» траплялі кнігі савецкага ці заходнебеларускага выпуску, як Сымон Музыка Якуба Коласа, Беларускі правапіс і Беларуская граматыка Браніслава Тарашкевіча і нават выдадзеная за царом–бацюшкам брашура Арцёма Музыкі Прыгоды Панаса і Тараса, якія былі перавыдадзеныя падчас вайны. Кнігі, што выйшлі пад нямецкім кантролем, былі асуджаныя на небыццё. Пра гэта сведчылі манаграфіі Аляксандры Бергман і Арсеня Ліса пра Б. Тарашкевіча, у якіх замоўчвалася шостае выданне яго Беларускай граматыкі (1943 г.).

У такіх умовах доўгі час не магло быць гутаркі пра вывучэнне непадкантрольнай савецкім уладам выдавецкай прадукцыі перыяду II сусветнай вайны. Маўчалі не толькі беларускія савецкія гісторыкі, але і эмігранты, якія ў ваенныя гады бралі ўдзел у выдавецкіх працэсах. Бадай усе яны ўжо адышлі на той свет і толькі нямногія пакінулі для гісторыі годныя ўвагі ўспаміны пра сваю выдавецкую дзейнасць.

Толькі ў 90-я гады ўзніклі ўмовы для навуковага вывучэння і публікацыі гісторыі выдавецкага руху ваеннага часу, чаму спрыялі крах камуністычнай ідэалогіі, распад СССР і рассакрэчанне беларускіх бібліятэк і архіваў. У 1996 г. была выдадзена невялікім накладам (300 асобнікаў) салідная манаграфія Сяргея Жумара Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. На шчасце, змест кнігі С. Жумара не адпавядае яе загалоўку, бо аўтар разгледзеў становішча беларускай прэсы таксама ў Літве, Беластоцкай акрузе і ў Нямеччыне, у выніку чаго манаграфія атрымала комплексны характар.

Затое не шанцавала гісторыі кнігі. Праўда, у 90-я гады былі перавыдадзены ў Менску скарочаная кніга Язэпа Найдзюка Беларусь учора і сяньня, як на здзек спалучаная з успамінамі яго асабістага ворага Івана Касяка, зборнік вершаў Тодара Лебяды Песьні выгнаньня, Янкі Станкевіча Маленькі маскоўска–беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны; Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску і, магчыма, іншыя выданні ваеннага часу, аднак комплекснае вывучэнне гэтага пытання чакала даследчыка.

Прапанаваная праца з’яўляецца, бадай, першай спробай вывучэння гісторыі беларускай кнігі перыяду Другой сусветнай вайны. У ёй улічаны кнігі, якія з верасня 1939 г. і да канца 1944 г. (у 1945 г. яны ўжо не выдаваліся) выпускаліся пад кантролем нямецкіх уладаў як на акупаваных тэрыторыях (Беларусь, Літва, Латвія, Беластоцкая акруга, Генерал–губернатарства), так і ў самой Нямеччыне ўключна з Пратэктаратам Багемія і Маравія, далучаным да яе на падставе вымушанага нямецка–чэхаславацкага пагаднення.

На гэтых тэрыторыях у той час існавалі разнастайныя ўмовы для выдавецкай дзейнасці: палітыка нямецкіх улад, грамадскі попыт на кнігу, наяўнасць аўтараў і выдаўцоў, іх фінансавыя магчымасці, варункі паліграфіі і распаўсюджвання выданняў. Да таго, гэтыя ўмовы з бегам часу змяняліся ў залежнасці ад стану ўзаемадачыненняў Нямеччыны і СССР: адныя яны былі ў перыяд нямецка-савецкага супрацоўніцтва (са жніўня 1939 г. да 22 чэрвеня 1941 г.), а іншыя пасля нашэсця Нямеччыны на Савецкі Саюз. Пастаянным фактарам была толькі нямецкая цэнзура, хаця і ў гэтым выпадку былі пэўныя адрозненні. Найбольш жорсткая яна была ў Генеральнай акрузе Беларусь, а адносна лагоднай — у самой Нямеччыне.

Зыходным пунктам даследавання і асноўнай падставай аналізу выдавецкіх працэсаў з’яўляецца каталог кніг і брашур. Яго апрацоўка патрабавала шматгадовай карпатлівай працы. Ніводная бібліятэка, як у Беларусі, так і за яе межамі, не імкнулася пасля вайны стварыць па магчымасці поўны фонд выданняў, якія выпускаліся пад кантролем нямецкіх уладаў. Як вынік, у лепшым выпадку, сёння можна адшукаць у паасобных бібліятэках ці архівах толькі невялікую колькасць гэтых выданняў. Некаторыя з іх, магчыма, беззваротна страчаныя або захоўваюцца ў прыватных калекцыях.

Пачатак быў зроблены даволі даўно. Пасля смерці варшаўскага кнігалюба Пятра Ластаўкі ў 1968 г. мне пашанцавала купіць усю яго калекцыю — блізу 20 беларускіх кніг, выдадзеных у ваенны час у Берліне, Варшаве і Менску. Пазней, дзякуючы прыхільнасці і даверу іншых аматараў кнігі ў Варшаве, Вільні і на эміграцыі мая прыватная бібліятэка час ад часу папаўнялася новымі набыткамі. Аднак доўгі час яны трактаваліся не больш як бібліяграфічная рэдкасць.

Актыўныя пошукі кніг пачаліся толькі ў 90-я г., гэтым разам ужо з акрэсленай мэтай апрацоўкі іх каталога. Яны праводзіліся ў бібліятэках Менску, Варшавы, Вільні, Рыгі, Прагі і Лондана, а таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве (цяпер Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь) і Беларускім дзяржаўным архіве–музеі літаратуры і мастацтва ў Менску. Некаторыя выданні адшуканыя ў прыватных калекцыянераў.

Усяго выяўлена 117 кніг і брашур, з якіх каля 80% апісана ў каталозе на падставе агледзін арыгінала ці яго ксеракопіі. Астатнюю частку складаюць выданні, якіх, пакуль што, не давялося бачыць. Яны апісаны на падставе звестак, апублікаваных у прэсе, — «Беларускай Газэце», «Голасе Вёскі», «Раніцы», «Новай Дарозе» і іншых перыёдыках.

Кнігі беларускіх аўтараў і выдаўцоў даволі часта апісваліся, рэкламаваліся ці рэцэнзаваліся ў тагачаснай прэсе. З гэтай прычыны прадстаўленая ў каталозе іх колькасць, спадзяемся, блізкая да поўнай дакладнасці. Але засталося некалькі пытальнікаў. У прыватнасці, не высветленыя бібліяграфічныя дэталі баранавіцкага буквара Зорка і кнігі прафесара Калыньша Смалакурэньне. Таксама невядома, ці Арытмэтыка Зофіі Дабрынскай, якая з лета 1943 г. друкавалася ў Рызе, выйшла да прыходу Чырвонай Арміі ці пасля.

Затое выпуск нямецкіх беларускамоўных выданняў адзначаўся ў газетах надзвычай рэдка. Так, нічога не паведамлялася аб прапагандысцкіх брашурах, якія выпускала «Вінэта», афіцыйны орган нямецкай прапаганды (гл. каталог, № 105—117). Таму, на нашу думку, колькасць гэтых выданняў магла быць большай, чым паказана ў каталозе.

У каталог не ўключаны перыядычныя выданні: газеты, часопісы, календары, нават калі іх выпуск спыняўся на першым нумары. Таксама не ўключаны геаграфічныя карты, неперыядычныя ўлёткі, плакаты і непагінаваныя ілюстраваныя складанкі. Кніга, выдадзеная двума алфавітамі (кірыліцай і лацінкай), лічыцца як дзве кнігі. Такіх выданняў было ўсяго два: Беларускі правапіс Антона Лёсіка і Кароткі малітаўнік для беларусаў-каталікоў.

Пры апісанні кнігі браліся пад увагу наступныя бібліяграфічныя дэталі: прозвішча ці псеўданім аўтара, поўны загаловак, месца і год выпуску, выдавец, друкарня, аб’ём, фармат, наклад і цана. Таксама пададзеныя месца захавання кнігі, першая прэсавая інфармацыя аб яе выпуску і рэцэнзія. Аднак з увагі на недаступнасць некаторых выданняў і недастатковую інфармацыю, якая падавалася на вокладках кнігі і ў газетах, часта было немагчыма падаць усе жаданыя бібліяграфічныя звесткі.

Сумнай спецыфікай тагачасных беларускіх выданняў была адвольнасць і разнастайнасць алфавітных сістэм, непаслядоўнасць правапісу і тэрміналогіі. Нават у выданнях, здавалася, найбольш кампетэнтнага ў галіне мовазнаўства школьнага інспектарата часам стасавалася «школ», а часам — «школаў». Гэтае пытанне ўзнікла пры апісанні кніг у каталозе, аднак уніфікацыя ўсяго запісу на базе тагачаснага ці сучаснага правапісу выглядала б недарэчна. Па гэтай прычыне прозвішчы аўтараў, загалоўкі кніг і назвы газет падаюцца ў арыгінальнай форме, а іншыя бібліяграфічныя дэталі — згодна з сучасным правапісам. На жаль, і гэты спосаб не гарантуе поўнай паслядоўнасці і не робіць добрага ўражання.

Кніга паздзелена на некалькі частак. У першым раздзеле пададзены ў храналагічным парадку ініцыятывы і здзяйсненні аўтараў і выдаўцоў на ўсіх падкантрольных нямецкім уладам тэрыторыях.

Гэта нібы гістарычны агляд кнігадрукавання на фоне знешніх і ўласна беларускіх умоў. У гэтым раздзеле, акрамя выданняў, што выйшлі, улічаны творы, якія, паводле прэсавых звестак, пасляваенных успамінаў і іншых крыніцаў, былі падрыхтаваныя да друку, але ў выніку ваенных аперацый не пабачылі свету.

Увесь другі раздзел займае каталог кніг і брашур. Тэматычная структура выданняў і іншыя аналітычныя высновы разглядаюцца ў наступным раздзеле. Урэшце ў заключэнні прадстаўлены палітычныя аспекты кнігадрукавання і лёсы яго ўдзельнікаў. Кнігу завяршаюць кароткія біяграмы аўтараў, складальнікаў, выдаўцоў і іншых дзеячаў выдавецкага руху, іх здымкі, а таксама ілюстрацыі вокладак найбольш цікавых кніг.

Аўтар лічыць сваім прыемным абавязкам выказаць падзяку Ганне Запартыцы, дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва–музея літаратуры і мастацтва, айцу Аляксандру Надсану, дырэктару Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане, Людміле Рабок, загадчыку беларускага аддзела нацыянальнай бібліятэкі ў Менску, Здэнцы Рахунковай, дырэктару Славянскай бібліятэкі ў Празе, В. Ціхаміравай, галоўнаму бібліёграфу Нацыянальнай бібліятэкі ў Рызе, а таксама Алегу Гардзіенку, Лене Глагоўскай, Алесю Жынкіну, Валянціне Панько, Генадзю Сагановічу, Антону Шукелойцю, Язэпу Янушкевічу за іх канкрэтную дапамогу ў стварэнні гэтай кнігі.

1. Аўтары і выдаўцы

1. 1. Перыяд нямецка–савецкага супрацоўніцтва

Да жніўня 1939 г. у нямецкіх планах ваенных аперацый супраць Польшчы бралася пад увагу магчымасць арганізаваць на беларускіх і ўкраінскіх тэрыторыях гэтай дзяржавы дыверсійныя дзеянні, якія павінны былі палегчыць задачы Вермахта. З такой мэтай прадугледжвалася выдаваць для насельніцтва адпаведную прапагандысцкую літаратуру на беларускай і ўкраінскай мовах.

Аднак пасля заключэння 23 жніўня 1939 г. савецка–нямецкага пакта аб ненападзе і дамовы аб размежаванні сферы інтарэсаў СССР і Нямеччыны ў Польшчы ўжо не было патрэбы прапагандысцкай актывізацыі заходнебеларускага і заходнеўкраінскага насельніцтва, якое далучалася да СССР. Змянілася становішча і ў Нямеччыне. 25 жніўня, г. зн. літаральна праз два дні пасля заключэння пакта, усе пасты нямецкай паліцыі на тэрыторыі гэтай дзяржавы атрымалі дырэктыву начальніка гестапа, якая забараняла існуючым у Нямеччыне рускім, украінскім, казацкім і каўказскім эмігранцкім арганізацыям і іх сябрам выказваць вусна ці пісьмова варожае стаўленне да Савецкага Саюза, ладзіць публічныя мерапрыемствы, выкарыстоўваць нацыянальныя сцягі і адзнакі1. У дырэктыве не згадваліся беларускія арганізацыі, якія тады яшчэ не існавалі.

Загад паліцэйскіх уладаў адносіўся таксама да рэдакцый нямецкіх газет, часопісаў і кніжных выдавецтваў. У выніку з восені 1939 г. да чэрвеня 1941 г. у Нямеччыне выйшла толькі адна кніга — універсітэцкая дысертацыя Вернера Концэ, прысвечаная аграрным пытанням у Вялікім Княстве Літоўскім, і толькі адзін невялікі артыкул Петэра Шайберта пра станаўленне БССР, дарэчы, блізкі з тэзісамі савецкай гістарыяграфіі2. Беларуская і ўкраінская праблематыка знікла са старонак навуковых выданняў, такіх як берлінскія Jahrbücher für Geschichte Osteuropas (выпускі 1940 і 1941 гг.).

Пасля заканчэння польскай кампаніі ў нямецкіх лагерах апынулася вялікая колькасць ваеннапалонных жаўнераў польскай арміі, а ў іх ліку некалькі дзесяткаў тысяч беларусаў. Для ваеннапалонных ваеннае міністэрства Нямеччыны выдавала на розных мовах газеты, сярод іх са снежня 1939 г. і беларускамоўную «Раніцу», якая да 22 чэрвеня 1941 г. старанна пазбягала антысавецкіх выказванняў.

У апошнім квартале 1939 г. выдавецтва ваеннага міністэрства Die Wehrmacht выпусціла невялікую кнігу Ота Лемана Нямецкія салдаты, якая была першай беларускамоўнай кнігай, выдадзенай у разглядаемы перыяд (1939—1944) пад кантролем нямецкіх уладаў. Кніга Лемана, багата ілюстраваная, прызначалася ў асноўным для ваеннапалонных і знаёміла іх са структурай нямецкай арміі, відамі войск, вайсковымі рангамі і г.д. Цяжка ў ёй дашукацца іншай прапагандысцкай ці ідэйнай накіраванасці, тым больш антысавецкіх тэндэнцый. Як і газеты, кніга Лемана выдавалася на розных мовах ваеннапалонных, пра што сведчыць яе польскамоўны варыянт żołnierz niemiecki, які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Пасля выдання кнігі Лемана нямецкія ўстановы доўгі час не выпускалі кніг па–беларуску. Іх выданне было справай саміх беларусаў, наколькі гэта дазваляла дзяржаўная палітыка, тэхнічна–фінансавыя магчымасці і наяўныя інтэлектуальныя сілы.

Тым часам на пачатку Другой сусветнай вайны на падкантрольных Нямеччыне тэрыторыях беларускія інтэлектуальныя сілы былі малаколькасныя, раскіданыя па розных гарадах і толькі пачыналі арганізоўвацца. Іх росту ў пэўнай ступені спрыяў прыток некалькіх дзесяткаў новых эмігрантаў з Вільні, якія напярэдадні акупацыі Літвы Чырвонай Арміяй перасяліліся ў зону нямецкай акупацыі. У іх ліку: Мікола Шкялёнак прыехаў у Берлін, а Янка Станкевіч і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі — у Варшаву.

Акрамя ўрадавай установы, т. зв. Беларускага прадстаўніцтва, летам 1940 г. узнікла ў Берліне дазволеная ўладамі грамадская арганізацыя Беларускі камітэт самапомачы ў Нямеччыне (далей БКС), якой да канца студзеня 1943 г. кіраваў юрыст Мікола Шкялёнак. Берлінскаму цэнтру падпарадкоўваліся філіялы БКС у розных гарадах Нямеччыны, Пратэктарату і далучаных да рэйху польскіх заходніх тэрыторыях. Беларускі камітэт у Генерал–губернатарстве не падпарадкоўваўся БКС, а дзейнічаў самастойна і, акрамя цэнтра ў Варшаве, меў два філіялы (дэлегатуры) у Кракаве і Белай Падляшскай. З ліку гэтых камітэцкіх структураў толькі тры — у Берліне, Празе і Варшаве — адыгралі пэўную ролю ў гісторыі беларускага кнігадрукавання гэтага перыяду (жнівень 1939 — чэрвень 1941 г.).

Аднак, акрамя знешніх умоваў, вырашальнае значэнне ў выдавецкай справе мелі не камітэцкія структуры, а канкрэтныя людзі, зацікаўленыя і здольныя ствараць, арганізоўваць выдавецкую дзейнасць, распаўсюджваць кнігі і брашуры. Аўтары і выдаўцы, якія жылі ў Берліне, Празе і Варшаве і працавалі ў мясцовых камітэтах, не раз супрацоўнічалі паміж сабой, а кнігі, якія апрацоўваліся ў адным горадзе, нярэдка друкаваліся ў іншым, што залежала ад мясцовых варункаў.

Спачатку на першым плане апынулася Прага. Тут з даваенных гадоў жыло некалькі беларусаў, якія ў час вайны імкнуліся ўплываць на лёс бацькаўшчыны і, між іншым, арганізаваць выдавецкую дзейнасць. Да гэтай групы належалі лекар Іван Ермачэнка, які заснаваў Беларускае выдавецтва ў Празе, лекар Іван Геніюш з жонкай Ларысай, інжынеры Васіль Русак і Аляксандр Калоша, філолаг Пётр Бакач і іншыя. Да пражскай сябрыны прымыкалі Мікола Абрамчык, які жыў у Парыжы, і Янка Станкевіч, які з чэрвеня 1940 г. знаходзіўся ў Варшаве і даволі часта наведваў Прагу. Усе яны, акрамя паэткі Ларысы Геніюш, былі выпускнікамі чэхаславацкіх навучальных установаў і дзеячамі беларускага студэнцкага руху, што ўплывала на іх супрацоўніцтва.

Пачынальнікам кнігадрукавання быў Пётр Бакач. У канцы 1940 г. ён скончыў апрацоўку папулярнага Падручніка нямецкага языка для Беларусаў і, як яго дапаўнення, кароткага нямецка–беларускага слоўніка. Быў гэта піянерскі пачын, паколькі дасюль беларускія падручнікі нямецкай мовы нідзе не выдаваліся. У апрацоўцы падручніка супрацоўнічалі з аўтарам берлінскія дзеячы М. Шкялёнак, Э. і А. Шкуткі і С. Саўчук, а пражскі прадпрымальнік В. Русак аказваў Бакачу матэрыяльную дапамогу падчас яго працы над рукапісам. Магчыма, усе яны складалі выдавецкую групу, ад імя якой была напісана прадмова да гэтай кнігі.

Падручнікам П. Бакача зацікавілася берлінская выдавецкая фірма Bernard und Graefe, якая яго надрукавала ва ўласнай друкарні ў красавіку або на пачатку траўня 1941 г. Нягледзячы на даволі значны аб’ём (357 старонак) і наклад у некалькі тысячаў асобнікаў, ні аўтар, ні выдавецтва не баяліся фінансавай рызыкі, паколькі запатрабаванне на гэтую кнігу перавышала ўсе разлікі і спадзяванні. Як паведамлялася ў прадмове, ужо падчас друку падручніка была прададзена авансам амаль палова накладу.

Тысячы заказчыкаў у Нямеччыне і Генерал–губернатарстве з нецярплівасцю чакалі выпуску падручніка П. Бакача. Пра гэта берлінская «Раніца» змясціла 30 траўня 1941 г. наступнае характэрнае паведамленне:

«У справе „Падручніка нямецкага языка для Беларусаў” выясьняем: Падручнік выйшаў з друку і рассылаецца фірмай адзіночным заказчыкам. Не ўсе, аднак, заказчыкі маглі дастаць кніжку ў першых днях пасьля яе выхаду, бо заказаў набралася больш за пару тысячаў (падкр. намі — Ю. Т.), а высланьне вымагае шмат тэхнічнае працы (упакоўка, выпаўненьне фрахтаў і г. д.). Як паведаміла нас фірма, дзе кніжка друкавалася (Bernard und Graefe Berlin SW 68, Alexandrinnenstr. 134), у бліжэйшым тыдні ўсе заказчыкі кніжку дастануць. Далейшыя заказы можна кіраваць у нашую Рэдакцыю, або ў Беларускае Прадстаўніцтва <…>. Хто мае намер кніжку выпісаць, хай сьпяшаецца з заказам, бо запасы яе ўжо невялікія, а калі выйдзе другое выданьне — няведама».

Аднак другога выдання кніга П. Бакача не дачакалася, а яе аўтар пасля вайны апынуўся ў савецкіх лагерах. Доўгі час ёю цікавіліся толькі спецслужбы, на што паказвае кароткая пазнака, змешчаная на трэцяй старонцы вокладкі асобніка, які захоўваецца ў варшаўскай Нацыянальнай бібліятэцы: 16. VIII 1945 r. Dar Milicji Obywatelskiej m. st. Warszawy.

Таксама з Прагай быў звязаны выдавецкі пачын, які ў 1941 г. ажыццяўляўся пад грыфам «Карэспандэнцыйных курсаў беларусаведы». Такія курсы арганізоўваліся падчас вайны ў некалькіх найбольш значных асяродках беларускай эміграцыі ў форме лекцый, галоўным чынам, па беларускай мове, літаратуры і гісторыі Беларусі, якія чыталіся для сябраў камітэтаў у Берліне, Варшаве, Лодзі і, магчыма, у іншых гарадах.

Асаблівасцю курсаў беларусаведы ў Празе, дзе беларуская калонія была нешматлікая, было тое, што паводле задумы іх арганізатараў даклады на паасобныя тэмы павінны былі апрацоўвацца ў пісьмовай форме спецыялістамі з розных гарадоў і выпускацца пражскім выдавецтвам Івана Ермачэнкі ў выглядзе асобных брашур і рассылацца зацікаўленым беларусам у Нямеччыне, Пратэктараце і Генерал–губернатарстве. З гэтай прычыны курсы называліся «карэспандэнцыйныя».

З такой мэтай напрыканцы 1940 г. была створана рэдакцыя курсаў, якой кіраваў Я. Станкевіч з дапамогай тэхнічнага супрацоўніка выдавецтва П. Бакача. У склад рэдакцыі ўваходзілі М. Абрамчык (Парыж), А. Мамчыц (Варшава) і М. Шкялёнак (Берлін), задачай якіх было распаўсюджванне брашур сярод беларускіх эмігрантаў у Францыі і Генерал–губернатарстве, а таксама ваеннапалонных у Нямеччыне. Апошнім сябрам рэдкалегіі быў старшыня Рады БНР В. Захарка, які не браў удзелу ў рэдакцыйнай працы і лічыўся толькі ганаровым фігурантам.

З увагі на тагачасныя палітычныя ўмовы рэдакцыя пражскіх курсаў беларусаведы абмяжоўвалася пытаннямі, якія не мелі антысавецкай накіраванасці і не маглі быць прычынай падазрэння нямецкіх уладаў у падтрымцы беларускага нацыяналізму. Таму невыпадкова публікацыі, выдаваныя пад грыфам курсаў, не закраналі актуальных пытанняў беларускага нацыянальнага руху, але датычылі такіх «нейтральных» пытанняў, як мовазнаўства і ранняя гісторыя Беларусі.

Агулам рэдакцыя курсаў выдала чатыры брашуры, з іх ліку дзве выпускаліся часткамі («лекцыямі»). Першай з іх была ананімная брашура Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску, надрукаваная на пачатку 1941 г. у пражскай друкарні пад крыху іншым грыфам «Беларускія карэспандэнцыйныя курсы ў Празе». Брашура была перадрукам аднайменнай публікацыі, выдадзенай у 1937 г. у Вільні Янкам Станкевічам, ксяндзом Станіславам Глякоўскім, Янам Хворастам і Антонам Шукелойцем, з якіх толькі Станкевіч меў мовазнаўчую адукацыю і несумненна быў яе аўтарам.

Пасля выпуску гэтай брашуры выдаўцы рашылі выправіць назву курсаў на «Карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы» і пад такім грыфам выпусцілі рататарнай тэхнікай тры чарговыя брашуры: Я. Станкевіча Курс беларускае мовы (у дзвюх частках) і Курс гісторыі Крывіі–Беларусі (у трох частках), а таксама І. Ермачэнкі Пранцы (Сыфіліс).

Такім чынам, мовазнаўчыя і гістарычныя працы Я. Станкевіча складалі пераважную частку выдавецкай прадукцыі пражскіх курсаў.

Заслугоўвае ўвагі Курс гісторыі Крывіі–Беларусі, у якім Я. Станкевіч упершыню ў беларускай навуцы выказаў погляд аб балта–славянскім этнагенезе беларусаў. Гэты яго погляд толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў ухвалілі вучоныя Савецкай Беларусі.

Праца І. Ермачэнкі пра сіфіліс, вядома, магла быць карыснай для чытачоў, аднак не мела нічога агульнага з беларусаведай. Яе выпуск, напэўна, задавальняў лекарскія амбіцыі аўтара — шэфа Беларускага выдавецтва і пражскага аддзела БКС, але таксама сведчыў пра тое, што ў рэдакцыйнай тэчцы не было больш адпаведных матэрыялаў.

Супастаўленне гэтых выдавецкіх вынікаў, цікавых, мабыць, толькі для вузкага кола спецыялістаў, з асабовым складам рэдкалегіі, у якую, акрамя Я. Станкевіча, уваходзілі такія дасведчаныя дзеячы, як М. Абрамчык і М. Шкялёнак, наводзіць на думку, што «Пражскія курсы» былі задуманыя як зручная фірма для наладжвання неафіцыйных кантактаў эмігранцкага актыву і выпрацоўкі канцэпцыі палітычнай дзейнасці ва ўмовах блізкай нямецка–савецкай вайны. На гэтым грунтавалася і супрацоўніцтва Я. Станкевіча з І. Ермачэнкам, якое неўзабаве працягнулася ў акупаваным немцамі Менску.

Тым часам, у другой палове 1940 г. Станкевіч, заснаваўшы ў Варшаве нелегальную Партыю беларускіх нацыяналістаў, ствараў перадумовы для будучых кантактаў з кіраўніцтвам польскага падполля3. Адначасова ён заняўся падрыхтоўкай падручнікаў для беларускіх пачатковых школ на бацькаўшчыне, якія пад яго кіраўніцтвам апрацоўвала варшаўская настаўніца Зоф’я Дабрынская.

Янка Станкевіч пазнаёміўся з З. Дабрынскай у другой палове 1940 г. у Беларускім камітэце ў Варшаве. Яна паходзіла з Дрысеншчыны, ведала беларускую мову, мела педагагічную адукацыю і настаўніцкі досвед. Дабрынская прыняла прапанову Станкевіча і на працягу двух гадоў (1941—1942) апрацавала сем падручнікаў: два лемантары (кірыліцай і лацінкай), чытанку для другога класа і чатыры арыфметычныя задачнікі для I—IV класаў. Малюнкі выконваў варшаўскі графік беларускага паходжання Гайкоўскі. Гэтую іх працу перыядычна аплочваў Я. Станкевіч.

Інфармацыя З. Дабрынскай аб апрацаванні ў такі кароткі і неспрыяльны ваенны час сямі падручнікаў спачатку ўяўлялася малаверагоднай. І толькі пазнейшыя пошукі ў газетах ваенных гадоў і нядаўняя публікацыя лістоў Я. Станкевіча да К. Езавітава развеялі сумненні. Першы яе арыфметычны задачнік быў надрукаваны ў 1942 г. у Празе, а два наступныя — у 1943 г. у Менску. Яшчэ адзін задачнік друкаваўся ў Рызе.

На заканчэнне агляду выданняў гэтага перыяду спынімся на дзвюх брашурах:

У. Верес Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою і У. Верас Як створым нашую сілу.

Яны былі выдадзеныя рататарнай тэхнікай без пададзенага месца і года выпуску і якіх–кольвечы іншых выдавецкіх дэталяў. Гэта адпавядала патрабаванням нелегальнай публіцыстыкі, у сувязі з чым і прозвішча аўтара можна лічыць псеўданімам. Паспрабуем расшыфраваць гэтыя загадкавыя брашуры.

Дапушчаныя ў адной з іх правапісныя памылкі («Верес», «Шляхом», «Москвою» і іх выпраўленне ў другой паказвае, што найперш была выдадзена брашура Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою. Гэтая чарговасць мае для нас істотнае значэнне для ўстанаўлення часу выпуску брашур.

Так, у брашуры Як створым нашую сілу аўтар згадвае пра перамогу Нямеччыны над Польшчай і Францыяй (с. 3—4) і спадзяецца на разгром Савецкага Саюза (с. 6), а гэта значыць, што яна выйшла ў другой палове 1940 г. (Францыя капітулявала 22.06.1940 г.), або ў першай палове 1941 г. Аналіз тэксту другой брашуры Шляхом барацьбы Беларусі з Москвою дазваляе больш дакладна вызначыць гэты тэрмін. Змешчаныя ў ёй фразы «рашучая барацьба набліжаецца» ці «будзьце гатовыя да рашучай барацьбы» (с. 20) паказваюць на тое, што яна выйшла незадоўга да нападу Нямеччыны на СССР. Гэта дазваляе вызначыць час выдання брашур на вясну 1941 г.

Несумненна, абедзве брашуры былі выдадзены ў Берліне. На гэта паказвае, па–першае, якасць паперы, аналагічная рататарным выданням Берлінскага аддзела БКС, такім як Гісторыя Беларусі ў картах Міколы і Ніны Абрамчыкаў і іншых, па–другое, машынапіс зроблены на машынцы з украінскім шрыфтам, якой з–за адсутнасці машынкі з беларускім шрыфтам тады карысталіся ў берлінскім БКС.

Як створым нашую сілу — гэта тыповы для нямецкага нацыянал–сацыялізму пераказ асноваў грамадскага станаўлення, арыенцірам якога былі ўласныя сілы, а не спадзяванні на знешнюю дапамогу. Прапаганда гэтай ідэалогіі, а таксама змешчаны ў брашуры Шляхом барацьбы… заклік да ўзброенай барацьбы «пад прапарам беларускага нацыяналізму» (с. 20) пераконваюць, што выдаўцом брашур была група Фабіяна Акінчыца — ідэолага беларускіх нацыянал–сацыялістаў. Хто быў іх аўтарам — пытанне менш істотнае. Мог ім быць сам Акінчыц ці нейкі яго супрацоўнік.

Верагодна, выпуск брашур У. Вераса быў інспіраваны нямецкімі службамі, але ў тагачаснай палітычнай сітуацыі нельга было выявіць іх выдаўцоў. Неўзабаве, калі пачалося наступленне Нямеччыны на Савецкі Саюз, такая «канспірацыя» была лішняя.

 1 Косик В. Україна і Німеччина у другій світовій війні. Паріж—Львів—Нью Ёрк, 1998. С. 486. (дакумент № 35).

 2 Conze W. Agrarverfassung und Bevölkerung in Litauen und Weissrussland. Leipzig, 1940; Scheibert P. Der Weg der Weissruthenen zur weissruthenischen Sowjetrepublik. «Jomsburg», 1940. S. 191—196.

 3 Turonek J. Kwestia białoruska w polityce obozu londyńskiego 1941—1944. «Studia z dziejów ZSRR i Europy Srodkowej», 1983. Tom XIX.

 4 Інфармацыя З. Дабрынскай для аўтара з 1984 г.

 5 Лісты Я. Станкевіча да К. Езавітава. Спадчына. 1999. № 5—6. С. 55—68.
  1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка