Юры Туронак Беларуская кніга пад нямецкім кантролем




старонка6/7
Дата канвертавання02.01.2017
Памер1.35 Mb.
1   2   3   4   5   6   7

5. Біяграмы ўдзельнікаў кнігадрукавання

Абрамчык Мікола (1903—1970), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, інжынер. Нарадзіўся ў в. Сычавічы, што пад Радашкавічамі (сённяшні Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). У 1923 г. выехаў у Чэхаславакію, вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі; дзеяч Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. З 1930 г. — у Францыі, заснавальнік і кіраўнік Аб’яднання беларускіх рабочых «Хаўрус», выдавец яго перыядычных выданняў «Бюлетэнь» і «Рэха». У 1941—1943 гг. дзеяч Беларускага камітэта самапомачы (БКС) у Берліне, арганізатар і лектар курсаў беларусаведы, выдавец кніг Я. Коласа Сымон Музыка і Л. Геніюш Ад родных ніў. Напрыканцы 1943 г. вярнуўся ў Парыж, са снежня 1947 г. — прэзідэнт Рады БНР.

..\temp\001.jpg

Абрамчык (дзяв. Ляўковіч) Ніна (літ. псеўданім Ніна Раса). Нар. 20.03.1916 у в. Шані на Пружаншчыне. Закончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, сябра Беларускага студэнцкага саюза. З восені 1939 г. настаўнічала на Пружаншчыне. На пачатку 40–х гг. пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, жыла ў Берліне, працавала ў «Раніцы» і БКС, у 1942—1943 гг. апрацавала і выдала Гісторыю Беларусі ў картах і некалькі зборнікаў вершаў і песняў. Жыве ў Вілепэне (Villepint) пад Парыжам.

Адамовіч Антон (1909—1998), літаратуразнаўца, гісторык, публіцыст, доктар філалогіі. Нарадзіўся ў Менску. У 1930 г. арыштаваны, пасля васьмігадовай высылкі ў 1938 г. вярнуўся ў Менск, скончыў БДУ, працаваў настаўнікам. У час нямецкай акупацыі арганізатар выдавецкай дзейнасці, галоўны рэдактар выдавецтва «Менск». Напрыканцы 1943 г. выехаў у Нямеччыну, працаваў у «Раніцы». Пасля вайны ў Нямеччыне, а потым ЗША развіваў актыўную навуковую, публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць.

..\temp\adam-1.jpg

Аляхновіч Францішак (1883—1944), беларускі тэатральны дзеяч, драматург, напісаў каля 20 п’ес. Нарадзіўся ў Вільні. У 1926 г. выехаў у Менск, неўзабаве быў арыштаваны і высланы на Салавецкія астравы. У 1933 г. вярнуўся ў Вільню. аўтар кніг Праўда пра Саветы і У капцюрох ГПУ. З сакавіка 1942 г. рэдактар штотыднёвіка «Biełaruski hołas» у Вільні. Забіты на сваёй кватэры невядомымі тэрарыстамі.

Арсеннева Наталля (1903—1997), беларуская паэтка. Нарадзілася ў Баку, з маленства жыла ў Вільні, вучылася ў беларускай гімназіі і універсітэце, жонка вайсковага дзеяча Франца Кушаля. Вясной 1940 г. з дзецьмі выслана ў Казахстан, у 1941 г. вярнулася ў Беларусь. Падчас нямецкай акупацыі працавала ў рэдакцыі «Беларускай Газэты», выдала зборнік вершаў Сягоньня, напісала лібрэта да опер М. Шчаглова Лясное возера, Усяслаў Чарадзей і аперэты З выраю. Пераклала на беларускую мову некалькі п’ес, якія ставіліся ў менскім гарадскім тэатры, сярод іх Затонуты звон Г. Гаўптмана, Вяселле Фігаро і Чарадзейная жалейка В. А. Моцарта, Кармэн Ж. Бізэ і Цыганскі барон Ё. Штраўса. Супрацоўнічала з А. Кецкам у падрыхтоўцы зборніка Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік. З лета 1944 г. — на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША. Займалася літаратурнай творчасцю.

Байкоў Мікола (1889—?), літаратуразнавец, лінгвіст, педагог. Нарадзіўся ў 1889 г. у г. Бежацк Цвярской вобл. З 1913 г. выкладаў у навучальных установах у Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Інспектараце беларускіх школ і ў Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску. Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, працаваў у рэдакцыі часопіса «Малады змагар». У 1945 г. арыштаваны савецкімі акупацыйнымі органамі, утрымліваўся ў менскай турме.

..\temp\baj.jpg

Бакач Пётр, грамадска–культурны дзеяч. Нарадзіўся каля 1910 г., вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, дзеяч нелегальнага «Змагання» ў Вільні. У лістападзе 1932 г. асуджаны на чатыры гады зняволення. Пасля вызвалення выехаў у Прагу, скончыў Карлаў універсітэт, браў удзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Аўтар Падручніка нямецкага языка для Беларусаў, артыкулаў у часопісах «Іскры Скарыны» (Прага) і «Рэха» (Парыж), даследчык гісторыі беларускай літаратуры. Напрыканцы 1943 г. узначаліў берлінскі філіял БКС, працаваў у беларускім аддзеле міністэрства прапаганды. 20 студзеня 1945 г. быў уведзены ў склад БЦР. Пасля капітуляцыі Нямеччыны арыштаваны савецкімі органамі ў Берліне, высланы ў Магаданскі лагер, з якога пасля смерці Сталіна быў вызвалены. У Беларусь не вярнуўся.

Барткевіч Баляслаў. Нарадзіўся ў 1909 г. у Чалябінскай губ., удзельнік нямецка–польскай вайны (1939), трапіў у палон. Пасля вызвалення з лагера для ваеннапалонных з кастрычніка 1940 г. кіраваў філіялам Беларускага прадстаўніцтва ў г. Торунь, а з 1943 г. — сакратар цэнтральнай управы БКС у Берліне. Ілюстраваў кнігі, выдаваныя Нінай Абрамчык. У 1945 г. арыштаваны савецкімі органамі, далейшы лёс невядомы.

Бобіч Ільдэфонс (1890—1944), каталіцкі святар, празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Дзедзіна Дзісенскага павета. Падчас нямецкай акупацыі падрыхтаваў да друку беларускамоўныя зборнікі казанняў Роднае слова ў касьцёле і Навучайце ўсе народы, а таксама працу, прысвечаную філасофіі малітвы, якія засталіся ў рукапісе. Памёр у красавіку 1944 г. у Іўі Лідскай акругі.

Віцьбіч (сапр. Шчарбакоў) Юрка (1906—1975), беларускі пісьменнік, грамадска–культурны дзеяч. Нарадзіўся ў г. Веліж Віцебскай губ. Падчас нямецкай акупацыі ўдзельнік літаратурнага руху, друкаваўся ў «Беларускай Газэце», «Раніцы» і інш. У 1944 г. выйшлі ў Берліне яго кнігі Нацыянальныя Сьвятыні і Вяліскія паўстанцы. Геньдзікаўскія змагары. Пасля вайны на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

..\temp\vic.jpg

Гадлеўскі Вінцэнт (1888—1942?), каталіцкі сьвятар, грамадскі дзеяч, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Шурычы Ваўкавыскага павета. У чэрвені 1940 г. выехаў з Вільні ў Варшаву, працаваў у Беларускім камітэце, у кастрычніку 1941 г. прызначаны галоўным школьным інспектарам у Менску, кіраваў працай па падрыхтоўцы праграмаў навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова сябра Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы (БНС). 24 снежня 1942 г. арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску, неўзабаве закатаваны ў Трасцянцы (пад Менскам).

..\temp\hadl.jpg

Геніюш (дзяв. Міклашэвіч) Ларыса (1910—1983), беларуская паэтка. Нарадзілася ў Жлобаўцах Ваўкавыскага пав. Скончыла Ваўкавыскую гімназію, пабралася шлюбам з лекарам Іванам Геніюшам. У 1937 г. выехала ў Прагу, брала ўдзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. Падчас вайны друкавалася ў «Раніцы». У 1942 г. выйшаў зборнік яе вершаў Ад родных ніў. У 1948 г. у Празе арыштавана савецкімі органамі, саслана ў лагер. Пасля вызвалення ў 1956 г. жыла ў Зэльве.

Гладкі Язэп (1890—1972), педагог, даследчык, выдавец. Нарадзіўся ў в. Міхалкавічы на Лагойшчыне. У 1921—1930 гг. працаваў настаўнікам, у 1935 г. закончыў Менскі педінстытут, пазней навуковы работнік Інстытута школьнай педагогікі ў Менску. У 1941/42 настаўнічаў у роднай вёсцы, але пад ціскам партызанаў на пачатку 1943 г. пакінуў працу і пераехаў у Менск, уладаваўся ў ВШПЛМ у Менску. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША. Аўтар кніг Краёвы слоўнік Лагойшчыны, Прыказкі Лагойшчыны, школьных падручнікаў і іншых.

..\temp\hladki.jpg

Глыбінны (сапр. Сядура) Уладзімір (1910—1995), даследчык, публіцыст. Нарадзіўся ў Менску, вучыўся ў БДУ, у 1933 г. быў арыштаваны, тры гады знаходзіўся ў высылцы. У 1939 г. скончыў Ленінградскі універсітэт, у маі 1941 г. атрымаў ступень доктара філалагічных навук. У гады нямецкай акупацыі рэдактар часопіса «Новы шлях», апрацаваў кнігі Беларускі тэатр, Беларускае мастацтва і зборнік публіцыстыкі Жыве Беларусь, якія не пабачылі свету. З лета 1944 г. у эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША. Выдаў шэраг прац па гісторыі беларускай і рускай культуры.

Глякоўскі Станіслаў (1896—1941), каталіцкі святар, рэлігійна–грамадскі дзеяч, выдавец. Нарадзіўся ў в. Поразава Ваўкавыскага пав. У ліпені 1941 г. выехаў з Вільні ў Менск, рамантаваў касцёлы, арганізаваў беларускае каталіцкае душпастырства і пачаў выдаваць беларускамоўную каталіцкую літаратуру. Загінуў у выніку міжканфесійнага канфлікту.

..\temp\hliak.jpg

Грыцук Аляксей (1910—1976), настаўнік, беларускі грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў в. Міхноўка Бельскага пав. Гродзенскай губ. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, у 1938 г. гістарычны факультэт Варшаўскага універсітэта. Падчас нямецка–савецкай вайны (1939) трапіў у палон, адкуль уцёк на радзіму. Падчас нямецкай акупацыі сябра Беларускага камітэта ў Беластоку, у чэрвені 1942 г. прызначаны інспектарам беларускіх школ Беластоцкай акругі, апрацоўваў школьныя падручнікі. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, Аўстрыі, з 1948 г. у Канадзе.

Дабрынская (дзяв. Карсак) Зоф’я (1904—1992?), настаўніца. Паходзіла з Дрысенскага пав. Віцебскай губ. З 1918 г. жыла ў Вільні, скончыла гімназію і настаўніцкую семінарыю, працавала ў школах Віленшчыны. У 1933 г. выйшла замуж і пераехала ў Варшаву. Падчас нямецкай акупацыі працавала ў беларускай пачатковай школе ў Варшаве, апрацоўвала школьныя падручнікі, брала ўдзел у заснаванай Янкам Станкевічам Партыі беларускіх нацыяналістаў. Пасля вайны настаўнічала ў Ольштыне, а з 1950 г. — у Варшаве.

..\temp\dabr.jpg

Езавітаў Канстанцін (1893—1946), грамадскі і палітычны дзеяч, вайсковец. Нарадзіўся ў г. Дзвінску. У 1918—1920 гг. — дзеяч БНР. З 1921 г. жыў у Рызе, кіраваў грамадска–культурнай дзейнасцю беларусаў Латвіі. Падчас нямецкай акупацыі заснаваў уласнае выдавецтва ў Рызе, якое выпусціла серыю музычных твораў і іншыя беларускія кнігі. Улетку 1944 г. эвакуяваўся ў Берлін, удзельнічаў у структурах БЦР. У 1945 г. арыштаваны савецкімі органамі, памёр у турэмным шпіталі Менска.

..\temp\jez.jpg

Ермачэнка Іван (1894—1970), беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, лекар. Нарадзіўся ў в. Капачоўка Барысаўскага пав. З 1922 г. жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава універсітэта (1929), браў удзел у беларускім студэнцкім руху (АБСА) і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі. У 1940 г. заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска–нямецкага супрацоўніцтва. У верасні 1941 г. прызначаны кіраўніком БНС, у сваіх пачынаннях карыстаўся даверам і падтрымкай генеральнага камісара Вільгельма Кубэ, аднак на фоне палітычных канфліктаў сярод акупацыйнай адміністрацыі ў красавіку 1943 г. быў вымушаны пакінуць Менск і вярнуцца ў Прагу. Пасля вайны жыў у ЗША.

..\temp\jerm.jpg

Ільяшэвіч Хведар (1910—1948), беларускі паэт, празаік, гісторык, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і гістарычны факультэт Віленскага універсітэта. Падчас нямецкай акупацыі дзеяч Беларускага камітэта, а з вясны 1943 г. старшыня Беларускага аб’яднання ў Беластоку, рэдактар штотыднёвіка «Новая дарога». У ліпені 1944 г. выехаў у Берлін, працаваў у рэдакцыі «Раніцы», выдаў серыю кніг у рамках «Народнай бібліятэчкі». Трагічна загінуў у аўтакатастрофе ў лагеры для перасяленцаў у Ватэнштэце.

Калубовіч Аўген (1912—1987), гісторык, літаратуразнавец, палітычны дзеяч. Нараджэнец в. Ціхінічы Рагачоўскага пав. У 1930 г. арыштаваны, пасля высылкі ў 1933 г. вярнуўся ў Беларусь, скончыў Менскі педагагічны інстытут, працаваў у наркамасвеце БССР. У 1941—1944 гг. — у Менску, працаваў у ВШПЛМ, сябра Рады Даверу, БЦР, старшыня Беларускага культурнага згуртавання. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША.

Кецка Антон (1907—1978), прэсвітэр царквы Эвангельскіх хрысціян–баптыстаў. Нарадзіўся ў в. Замагілле (сённяшні Салігорскі раён). У 1928 г. прыняў воднае хрышчэнне ў Старобінскай абшчыне ЭХБ. У 1942 г. выбраны прэсвітэрам ЭХБ г. Менска, апрацаваў беларускамоўны Эвангельскі хрысціянскі спеўнік, пісаў у «Беларускай Газэце» аб становішчы царквы ЭХБ у Беларусі. У чэрвені 1944 г. вывезены з сям’ёй у Нямеччыну, адкуль у красавіку 1945 г. вярнуўся ў Менск. У лістападзе 1945 г. арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў зняволення. На пачатку 1953 г. вызвалены, вярнуўся ў Менск, працаваў будаўніком, з 1967 г. старшы прэсвітэр ЭХБ на Менскую вобл., пад ягоным кіраўніцтвам пабудаваны новы малітоўны дом Менскай абшчыны.

..\temp\kecka.jpg

Кіпель Яўхім (1895—1969), біёлаг, педагог, грамадска–палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Байлюкі Бабруйскага пав. Скончыў БДУ (1926), працаваў у сярэдніх школах, у Інбелкульце. У 1930 г. арыштаваны ў Менску, высланы, у 1935 г. зноў арыштаваны ў Арле. З чэрвеня 1942 г. у Менску, працаваў у Школьным інспектараце і рэдактарам газеты «Голас Вёскі», у 1944 г. — кіраўнік навуковага аддзела БЦР, старшыня II усебеларускага кангрэса. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

..\temp\004.gif

Клішэвіч Уладзімір (1914—1978), беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Краснадворцы Слуцкага пав. У 1933 г. паступіў у Менскі педінстытут, у 1936 г. арыштаваны, высланы на Калыму. У 1940 г. прывезены ў Менск на перагляд справы, дзе яго і заспела вайна. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у рэдакцыі «Газэты Случчыны», склаў і выдаў зборнік Песьняры Случчыны. З ліпеня 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША. Двойчы прыязджаў у СССР.

Лебяда Тодар (сапр. Шырокаў Пётр) (1914—1970), драматург, паэт, празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў Віцебску. У 1933 г. паступіў у Менскі педінстытут, у 1936 г. арыштаваны, сасланы ў Новасібірскую вобл., у 1940 г. прывезены ў Менск для перагляду справы. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газету «Беларускае Слова», выдаў зборнічак вершаў Песьні выгнаньня, напісаў п’есу Загубленае жыцьцё, якая ў 1944 г. ставілася ў менскім гарадскім тэатры. У чэрвені 1944 г. выехаў у Нямеччыну, дзе ў 1945 г. быў арыштаваны савецкімі акупацыйнымі органамі, рэпрэсаваны. Памёр у Разанскай вобл.

Лёсік Антон (1872—1949), настаўнік, мовазнавец, удзельнік беларускага нацыянальнага руху. Нарадзіўся ў в. Мікалаеўшчына Менскага пав., брат Язэпа Лёсіка. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, з 1897 па 1900 г. вучыўся ў настаўніцкім інстытуце ў Глухаве, працаваў настаўнікам у школах Койданаўшчыны, у Ноўгарад–Северску. З 1923 г. быў навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, разам з братам Язэпам вывучаў пытанні беларускага правапісу, выкладаў беларускую мову ў Менскім педагагічным тэхнікуме. З–за рэпрэсіяў супраць брата Язэпа звольнены з тэхнікума з забаронай займацца выкладчыцкай дзейнасцю; да нямецкай акупацыі зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі. Падчас акупацыі працаваў у ВШПЛМ у якасці рэцэнзента кніг, апрацаваў і выдаў Беларускі правапіс. Памёр у Мікалаеўшчыне.

Лясун М. (сапр. Целеш Мікола), беларускі пісьменнік. Нарадзіўся ў 1900 г. у в. Зазер’е Барысаўскага пав., скончыў гімназію і педагагічныя курсы, у 1919—1922 гг. у Чырвонай Арміі, пасля дэмабілізацыі прыехаў у Менск, працаваў у дзяржаўных установах, друкаваўся. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай Газэце». Апрацаваў зборнік апавяданняў На крыжы. З чэрвеня 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША. Дата смерці дакладна невядомая (1976?).

Мікула Віталь (1913—1945?), вайсковец. Нарадзіўся ў в. Нялетава Нясвіжскага раёна. Лейтэнант польскага войска. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Нясвіжы, у структурах БНС і БЦР па арганізацыі Самааховы і Беларускай краёвай абароны, пераклаў на беларускую мову Страявы вайсковы статут. Пасля эвакуацыі ў Нямеччыну служыў у дывізіі Зіглінга, аднак у выніку дэзерцірства салдатаў быў арыштаваны і ўвязнены ў канцлагер Дахаў, дзе, праўдападобна, загінуў.

Мядоўскі Станіслаў. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, вучыўся ў Віленскім універсітэце, сябра Беларускага студэнцкага саюза і рэдкалегіі «Шляху беларускага студэнта» (1938). У 1943—1944 гг. прадстаўнік менскага ВШПЛМ у Вільні. Пасля вайны арыштаваны і рэпрэсаваны. У 1956 г. вярнуўся ў Вільню, дзе неўзабаве і памёр.

Найдзюк Язэп (1909—1984), дзеяч беларускага нацыянальнага руху, друкар, публіцыст, выдавец. Нарадзіўся ў в. Бойдаты Ваўкавыскага пав. Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Ваўкавыску і ў Віленскай гімназіі. У 1926—1941 гг. — кіраўнік друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні, выдавец і рэдактар часопіса «Шлях моладзі». Падчас нямецкай акупацыі — супрацоўнік школьнага інспектарата і тэхнічны кіраўнік ВШПЛМ, супрацоўнік менскіх газет, аўтар папулярнай кнігі Беларусь учора і сяньня. Улетку 1944 г. выехаў у Нямеччыну, аднак пасля вайны пасяліўся ў г. Інаўроцлаў (Польшча), дзе пад прозвішчам Александровіч працаваў да пенсіі ў мясцовай друкарні.

..\temp\naj.jpg

Радзіміч Лявон (сапр. Рублёў Цімох) (1910—?). Нарадзіўся ў в. Будзіна (сённяшні Дрыбінскі раён Магілёўскай вобл.), беларускі пісьменнік, педагог, перакладчык. Скончыў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут (1928), у 30–х гг. працаваў у «Савецкай Беларусі», на радыё, у Інстытуце школьнай педагогікі, настаўнічаў. Пераклаў на беларускую мову Першыя людзі на Месяцы Г. Уэлса і Дон Кіхота М. Сервантэса. За часамі нямецкай акупацыі настаўнічаў на Нясвіжчыне, друкаваўся ў «Беларускай Газэце». Па адных дадзеных, улетку 1944 г. выехаў у Польшчу, дзе жыў пад прозвішчам Лукашэвіч, па другіх дадзеных — загінуў падчас бамбёжкі ля Гарадзеі. У Берліне ў серыі «Народная бібліятэчка» выйшла ягоная кніга Адам і Ева. Чабор. Апавяданні.

Русак Васіль (1896—пасля 1946), беларускі нацыянальны дзеяч, прадпрымальнік. Нарадзіўся ў в. Ячава Слуцкай воласці. У 1917—1920 гг. удзельнік беларускага вайсковага руху, браў удзел ва ўсебеларускім з’ездзе (снежань 1917), Слуцкім паўстанні (1920). Напрыканцы 1922 г. выехаў у Чэхію, вучыўся ў Пражскай вышэйшай тэхнічнай школе на агранамічным факультэце, браў удзел у грамадка–палітычным жыцці беларускай эміграцыі, адзін з кіраўнікоў АБСА. Выдаў Беларускі сьпеўнік (1934), фундаваў выданне часопіса «Іскры Скарыны», выпусціў на нямецкай мове інфармацыйную брашуру пра Беларусь з этнаграфічнай картай (1939 г.), паштоўку з выявай Пагоні (1941), Беларускія (крывіцкія) песьні (1943). У чэрвені 1945 г. арыштаваны савецкімі акупацыйнымі органамі, асуджаны на 10 гадоў канцлагеру. Далейшы лёс невядомы.

Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд) (1922—1978), беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Крысава Койданаўскага раёна. Падчас нямецкай акупацыі — супрацоўнік рэдакцыі «Новы шлях», выдаў зборнік вершаў Мае песьні. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, Аўстрыі, Аўстраліі. Жыў пад імем Альберт Кадняк.

..\temp\sal.jpg

Случанін (сапр. Шпакоўскі) Лявон (1914—1995), беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Лучнікі Слуцкага пав. Вучыўся ў Слуцкім педтэхнікуме, Менскім педагагічным інстытуце, які закончыў у 1936 г. Быў рэпрэсаваны, высланы на будову Беламорска–Балтыйскага канала, у Варкуцінскія шахты. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Беларусі, працаваў у рэдакцыі «Газэты Случчыны», а ў 1944 г. выйшла яго гістарычная паэма Рагнеда. Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, дзе праз год быў арыштаваны савецкімі органамі, адпраўлены ў лагер. Пасля вызвалення жыў у Салігорску, друкаваўся.

Станкевіч Адам (1891—1949), каталіцкі святар, рэлігійны і палітычны дзеяч, гісторык, літаратуразнавец і выдавец. Нарадзіўся ў в. Арляняты Ашмянскага пав. Адзін з заснавальнікаў Хрысціянска–дэмакратычнай злучнасці ў Петраградзе (1917 г.), галоўны ідэолаг Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД), аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў. Падчас нямецкай акупацыі жыў у вільні, выдаў вучнёўскі малітаўнічак і Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу. У 1949 г. высланы ў лагер у Іркуцкую вобл., дзе і памёр.

..\temp\stan.jpg

Станкевіч Янка (1891—1976), беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў в. Арляняты Ашмянскага пав. Скончыў Карлаў універсітэт у Празе са ступенню доктара філасофіі (1926), выкладаў беларускую мову ў Варшаўскім і Віленскім універсітэтах, аўтар шматлікіх мовазнаўчых і гістарычных прац, школьных падручнікаў. Падчас Другой сусветнай вайны дзейнічаў у Вільні, Варшаве, Празе і Менску. Заснаваў і ўзначаліў Партыю беларускіх нацыяналістаў, галоўны рэдактар пражскіх курсаў беларусаведы, аўтар некалькіх кніг, выдадзеных у 1942—1944 гг. у Менску. З лета 1944 г. на эміграцыі ў Нямеччыне, потым у ЗША, дзе працягваў навуковую дзейнасць.

..\temp\stanj.jpg

Сяднёў Масей (1913—2001), беларускі паэт, празаік. Нарадзіўся ў в. Мокрае Клімавіцкага раёна. Вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце, у 1936 г. быў рэпрэсаваны і высланы на Калыму. У чэрвені 1941 г. прывезены ў Менск на перагляд справы. Падчас нямецкай акупацыі жыў у бацькоў у вёсцы Мокрае, у кастрычніку 1943 г. у сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі выехаў у Беласток, працаваў у рэдакцыі «Новая дарога», падрыхтаваў зборнік вершаў Ад сына твайго, Беларусь і кнігу Ахвяры бальшавізма.

Тумаш Вітаўт (1910—1998), лекар, гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Слягліцы Вілейскага раёна. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і медыцынскі факультэт Віленскага універсітэта (1937), дзеяч Беларускага студэнцкага саюза. У 1940—1941 гг. — старшыня Лодзінскага аддзялення БКС у Нямеччыне, з ліпеня 1941 г. да сярэдзіны лістапада 1941 г. — бурмістар Менска. Выехаў у Нямеччыну, рэдагаваў «Раніцу», складальнік і рэдактар зборніка Л. Геніюш Ад родных ніў. Пасля вайны жыў у Нямеччыне, потым у ЗША. Аўтар шматлікіх навуковых прац, асабліва ў галіне скарыніяны.

Туранкоў Аляксей (1886—1958), кампазітар. Нарадзіўся ў Пецярбурзе. Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. У 1941—1944 гг. супрацоўнік ВШПЛМ у Менску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе. Пасля вайны рэпрэсаваны, сасланы на 10 гадоў у лагер, пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь, дзе неўзабаве і памёр.

..\temp\turan.jpg

Шутовіч Віктар (1890—1960), каталіцкі святар, публіцыст. Нарадзіўся ў в. Шутавічы Ашмянскага пав. Апрацаваў зборнік Калядныя песні, выдадзены Нінай Абрамчык у Берліне. Вясной 1944 г. прыехаў з Беласточчыны ў Менск, служыў у Чырвоным касцёле. У снежні 1945 г. арыштаваны, высланы ў лагер. У 1953 г. вызвалены, вярнуўся ў Менск, з 1956 г. служыў у Барысаве.

Шчаглоў (на эміграцыі Куліковіч) Мікола (1896—1969), кампазітар, дырыжор, педагог. Нарадзіўся на Смаленшчыне. З 1936 г. працаваў у Менску. У гады нямецкай акупацыі пісаў музыку для менскага тэатра эстрады, стварыў оперы на лібрэта Н. Арсенневай Лясное возера, Усяслаў Чарадзей і аперэту З выраю, апрацаваў СБМаўскі Юнацкі сьпеўнік. Супрацоўнік ВШПЛМ, пісаў на музычныя тэмы ў «Беларускай Газэце» і «Новым шляху». Летам 1944 г. выехаў у Нямеччыну, дзе выдаў кнігу Беларуская музычная культура. З 1950 г. жыў у ЗША, аўтар зборнікаў песняў, прац па гісторыі музыкі, шматгадовы рэгент хору беларускай грэка–каталіцкай царквы ў Чыкага.

..\temp\003.jpg
1   2   3   4   5   6   7


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка