З адною думкаю аб шчасці Беларусі




Дата канвертавання05.12.2018
Памер29.25 Kb.
ВЯЗЫНКА СУСТРАКАЕ ГАСЦЕЙ
6 ліпеня ў Вязынцы прайшло традыцыйнае Свята паэзіі, песні, фальклору і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”, арганізаванае Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Маладзечанскім райвыканкамам і Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Яно было прысвечана дню нараджэння нашага славутага песняра і 60-годдзю адкрыцця філіяла Музея ў Вязынцы. Цёплую сустрэчу падрыхтавалі маладзечанцы сваім гасцям—вялікай дэлегацыі прадстаўнікоў творчай эліты Беларусі, сярод якіх былі сын Якуба Коласа М.К.Міцкевіч, У.Карызна, А.Бутэвіч, М.Мятліцкі, Н.Гальпяровіч, М.Шабовіч, В.Шніп, Л.Рублеўская, М.Шавыркін, У.Мазго, П.Васючэнка і іншыя.

Пасля сустрэчы хлебам-соллю і спевамі маладзечанскага фальклорнага гурта “Харашуха” каля помніка Янку Купалу пачаўся святочны мітынг, у якім прынялі ўдзел як гаспадары свята, у прыватнасці В.Рагойша, так і госці—У.Карызна, Н.Гальпяровіч і іншыя творцы. Сярод гасцей прысутнічаў і У.Гілеп—галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты”, якая якраз нядаўна адзначыла свой юбілей.

Калі мітынг скончыўся, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, згодна са шматгадовай традыцыяй, усклалі кветкі да помніка Янку Купалу, а потым наведалі Купалаўскі музей, пасля чаго ўсе госці сабраліся каля імправізаванай сцэны пад адкрытым небам. Святочны канцэрт пачаўся з выступлення квартэта настаўнікаў музычнай школы горада Маладзечна. Шчымліва-пяшчотныя гукі паланеза М.Агінскага напаўнялі прастору дзіўнай мелодыяй, ствараючы лірычна-ўрачысты настрой.

Надвор’е неўзабаве ўнесла свае карэктывы, падрыхтаваўшы “сюрпрыз” для ўсіх прысутных. Неба раптам абрынулася моцным дажджом, і ўжо знаёмы ўсім фальклорны калектыў з Маладзечна “Харашуха”, які да гэтага моманту ўжо паспеў выканаць—і вельмі добра!—шэраг беларускіх песень і запрашаў усіх гасцей разам праспяваць і станьчыць польку, мужна працягваў выступленне пад дажджом, незважаючы на гэты “святочны падарунак” надвор’я. Пасля невялікага перапынку пачалася новая старонка канцэрта—літаратурная, з новымі вядучымі—цудоўнай сямейнай парай, вядомымі беларускімі паэтамі В.Шніпам і Л.Рублеўскай.

Паэзія, як і музыка, мае моцную энергетыку. Таму нездарма публіка так цёпла сустрэла выступленні славутых гасцей. М.К.Міцкевіч, сын Я.Коласа, падзяліўся сваімі ўспамінамі пра сустрэчы з Я.Купалам, а таксама прачытаў некалькі вершаў у яго гонар. Аўтар Дзяржаўнага Гімна Рэспублікі Беларусь паэт У.І.Карызна не толькі выказаў словы павагі да Я.Купалы, але і падкрэсліў выключнасць купалаўскай паэзіі ў выхаванні маладога пакалення. Вершы Уладзіміра Іванавіча, якія ўжо даўно сталі песнямі, былі добра сустрэты ўсімі прысутнымі.

Не пакінулі нікога абыякавымі і словы яшчэ аднаго цудоўнага творцы—паэта М.Шабовіча, лірычныя вершы якога вельмі сугучны купалаўскім і таксама ў большасці сваёй атрымалі другое жыццё—увасобіліся ў песні. Вядомы навуковец і пісьменнік А.Бутэвіч даў гістарычную ацэнку творчасці славутага песняра, а добра знаёмы ўсім беларусам паэт (а яшчэ і дырэктар радыёстанцыі “Беларусь”) Н. Гальпяровіч аздобіў свята сваімі вершамі.

На канцэрце, акрамя паэзіі і прозы, гучала і песня. В.Шніп, які, як вядома, нарадзіўся ў вёсцы Пугачы, недалёк ад Вязынкі, прадставіў публіцы свайго земляка, ураджэнца Заслаўя, паэта і кампазітара Дз.Пятровіча, у выкананні якога прагучалі вершы, а таксама песні як на яго словы, так і на словы Я.Купалы. Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных было выступленне паэта і выканаўцы А.Скарынкіна. Дзве мулявінскія песні “Чырвоная ружа” і “Малітва” (апошняя, дарэчы, на словы Я.Купалы), дзякучы таленту спевака, прагучалі нанова свежа, узнёсла, урачыста. Публіка была ў захапленні.

Некалькі сапраўды незабыўных хвілін падаравалі гледачам У.Мазго і П.Васючэнка, прачытаўшы некалькі сваіх твораў і павіншаваўшы прысутных са святам. Завершылі літаратурную старонку канцэрта выступленні вядучых—знакамітай сямейна-паэтычнай пары В.Шніпа і Л.Рублеўскай. Людміла, дарэчы, якраз напярэдадні Купалаўскага свята адзначыла свой дзень нараджэння, з чым яе і хацелася б павіншаваць. Таксама з пажаданнем здароўя, шчасця, творчага даўгалецця хочацца звярнуцца і да Анантоля Іванавіча Бутэвіча, які нядаўна адсвяткаваў 60-гадовы юбілей.

Свята Купалы не заканчваецца—у нашых сэрцах яно будзе працягвацца, жыць, як і вечна маладое, неўміручае купалаўскае слова…

6.06.2008 г. Дзмітрый Рымша

(Дзмітрый Пятровіч)







База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка