Задача для размінкі: Два землякопы выкапалі 2 м канавы за 2 гадзіны. Колькі землякопаў выкапаюць 5 м канавы за 5 гадзін? Адказ аргументуйце




Дата канвертавання14.02.2017
Памер35.57 Kb.
Беларускае пяціборства-ХVІ Магілёў 11 студзеня 2017 года
Парады. Спачатку прачытай усе заданні. У дужках указаны максімальныя балы за іх выкананне.На ўсе заданні часу можа не хапіць, таму выбірай больш табе знаёмыя. Не забудзь пазначыць нумар задання, якое выконваеш. І паміж заданнямі рабі прабел, каб заданні не зліваліся ў адзін тэкст (інакш журы пры хуткаснай праверцы можа не заўважыць выкананае заданне – аднойчы такое здарылася). Пакідай палі па адным см справа і злева для пазнакаў журы. Не раздражняй журы кепскім нечытэльным почыркам.

Асобны бал будзе за мову працы. Ён будзе вызначацца па формуле M:(N+1), але не болей за 50 – 2N і не болей за М/2, дзе М – колькасць выкарыстаных слоў даўжынёй не менш за 4 літары, N – колькасць дапушчаных памылак. Скарочаныя словы не ўлічваюцца. Таму кожнае скарыстанае і правільна напісанае слова дадасць табе адзін бал. Бывае, што адзін бал вырашае лёс прызавога месца. Можна напісаць “Дыяганалі разбіваюць пар-м на 4 тр-кі” – журы зразумее, але тут за мову толькі два балы. А можна напісаць “Дыяганалі разбіваюць паралелаграм на чатыры трохвугольнікі” – тут за мову пяць балаў. Улічвай таксама, што ў нашай мове ненапісаныя кропачкі над ё і непазначаны хвосцік над ў лічацца памылкай. Плённай працы!
Заданне 1 (матэматыка: 5+10+40+5+25) а) Старажытная задача для размінкі: Два землякопы выкапалі 2 м канавы за 2 гадзіны. Колькі землякопаў выкапаюць 5 м канавы за 5 гадзін? Адказ аргументуйце.

б) Пры дзяленні ліку А на 13 атрымалася астача 4, пры дзяленні ліку В на 13 атрымалася астача 10. Якая астача будзе пры дзяленні на 13 лікаў А+В і А·В? Адказ аргументуйце.

в) Успомнім пра лікавыя мноствы! Ці ведаеце вы (калі ведаеце, то напішыце), якія лікі называюць натуральнымі? Цэлымі? Рацыянальнымі? Ірацыянальнымі? Рэчаіснымі (сапраўднымі)?.. Да якога з мностваў гэтых лікаў адносяць лік π; лік 0,24242424… (карацей яго запісваюць так: 0,(24) і чытаюць: нуль цэлых і 24 ў перыядзе); лік 7,99999… або 7,(9); лік ? Апошні адказ дакажыце.

г) Ці існуюць два ірацыянальныя лікі, сума і здабытак якіх з’яўляюцца лікамі рацыянальнымі?

д) Калі нейкі адрэзак дзеляць на дзве няроўныя часткі так, што адносіна самога адрэзка да яго большай часткі роўная адносіне большай часткі да меншай, то такое дзяленне называюць залатым сячэннем (а яшчэ й так: боскай прапорцыяй). Калі абазначыць кожную з такіх адносін літарай φ (грэчаскае “фі”), то знайдзіце значэнне φ (дакладнае і прыблізнае з акругленнем да дзясятых) і патлумачце, да якога з названых мностваў аднесці гэты лік.
Заданне 2 (літаратура: 40). У гэтым годзе спаўняецца 180 год даволі знакамітаму вершу “На смерть поэта”. Хто аўтар верша і якому паэту прысвечаны верш? З якой нагоды напісаны? Колькі год было аднаму і другому? Працытуйце колькі радкоў з верша (натуральна, у арыгінале).
Заданне 3 (геаграфія: 20 + 30). а) Ніжэй пададзены назвы чатырох найбуйнейшых прытокаў Дняпра, якія працякаюць па Беларусі: 1. Бярэзіна. 2. Друць. 3. Прыпяць. 4. Сож.

Які з гэтых прытокаў мае самую вялікую даўжыню? У квадраціку пазначце нумар ракі: 

Якая з гэтых рэк мае найбольшую беларускую частку? У квадраціку пазначце нумар: 

Якая з іх працякае па большай колькасці абласцей Беларусі? У квадраціку пазначце нумар: 

Па якой вобласці Беларусі (1.Брэсцкая, 2.Віцебская, 3.Гомельская, 4.Гродзенская, 5.Магілёўская, 6.Мінская) не працякае ні адна з названых рэк? У квадраціку пазначце нумар вобласці: 

б) Дзе сонца ўстае раней – у Магілёве ці ў Віцебску? Напішыце ў квадраціку нумар правільнага адказу і патлумачце, чаму так. Адказы: 1. Заўсёды ў Магілёве. 2. Заўсёды ў Віцебску.

3. Летам у Магілёве, зімой у Віцебску. 4. Летам у Віцебску, зімой у Магілёве.


Заданне 4 (гісторыя: 40). Ёсць два знакавых для Беларусі слова: Катынь і Хатынь. Што вы можаце сказаць пра гэтыя мясціны? Раскажыце ЎСЁ, што ведаеце. Ці можна як патлумачыць падабенства назваў?
Заданне 5 (мова: 20 + 15). Дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Л.Рашэтнікаў нядаўна заявіў, што беларускай мове ўсяго 90 год, бо яна была створана пастановай аргбюро ЦК ВКП(б), якая была надрукавана ў газеце «Правда» за 1926 год. І далей у яго заяве: «Беларусь – гэта гістарычная частка вялікай Расіі».

(Заўвага: ЦК ВКП(б) – Цэнтральны камітэт усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў)

а) Якімі спасылкамі на гістарычныя рэаліі вы маглі б абвергнуць выказванне расійскага стратэга пра малы ўзрост нашай мовы? Назавіце хаця б тры.

б) Што Вы можаце сказаць генерал-лейтэнанту службы замежнай разведкі Расійскай Федэрацыі Л.Рашэтнікаву наконт Беларусі як гістарычнай часткі Расіі?
Яшчэ да 50 балаў вы зможаце атрымаць за мову працы.


Максімальны бал за працу = 300 Рэкорд пяціборства = 214 (Юлія Фешчукова – 2011 год)



Старшыня аргкамітэта “Беларускага пяціборства” М.Булавацкі


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка