Займеннік як часціна мовы




Дата канвертавання17.06.2018
Памер104.35 Kb.









Тэма: “Займеннік як часціна мовы”

Мэты:

фарміраваць уяўленне пра асабовыя займеннікі:вучыць ставіць склонавыя пытанні да займеннікаў;

фарміраваць навык рэдагавання тэксту: пазбягаць паўтораў пры дапамозе займеннікаў;

развіваць мову вучнящ праз уменне звязна пераказваць тэкст;

спрыяць выхаванню культуры маўлення, абуджаць пазнавальны інтарэс: цікаўнасць да гісторыі роднага краю.

Абсталяванне: прэзентацыя, табліца з тэзісамі, “чароўнае кола”, камень, тэкст-лабірынт, пісьмы-падзякі, табліцы-дапаможнікі, сігнальныя карткі.

Ход урока

Арганізацыйны этап.

(Слайд 1. Гучыць таямнічая музыка)

Настаўнік. Добры дзень! Ці любіце вы разгадваць тайны? (Так) Тады сёння на ўроку мы бліжэй пазнаёмімся з самай загадкавай часцінай мовы, а таксама паспрабуем прыўзняць завесу тайн гісторыі роднай зямлі. Для гэтага нам патрэбна мець… Паўтарайце за мной: “Кемлівы розум (дзеці дакранаюцца рукой да ілба), зоркія вочы (да скроняў) і плячо надзейнага таварыша (да пляча суседа).

Этап падрыхтоўкі вучняў да актыўнага і свядомага засваення новага матэрыялу.

Настаўнік. Прачытайце словы на слайдзе. Якая часціна мовы магла пра сябе так сказаць? (Слайд 2)

Я – таямнічая часціна:

Як цень, як маска ці то шырма.

Сабой назоўнік замяняю,

Прыметнікі абагульняю.

Лічэбнік мною карыстаўся

І задаволены застаўся.

Каб тэкст не брудзілі паўторы,

Памочнік я для часцін мовы.

Настаўнік. Сапраўды, тэма нашага ўрока “Займеннік як часціна мовы”.

Як вы здагадаліся, што гэта займеннік? Назавіце асабовыя займеннікі. Што вы ўжо ведаеце аб гэтай часціне мовы? (Займеннік указвае на асобу ці прадмет, але не называе іх. Я, ты, ён, яна, яно – займеннікі адзіночнага ліку. Мы, вы, яны – множнага.)



Па меры адказаў дзяцей з’яўляюцца тэзісы:

(Слайд 3)

займеннік ─ часціна мовы

указвае, але не называе

лік мае

ён, яна, яно ─

род маюць

Настаўнік. А сёння мы даведаемся, што асабовыя займеннікі…

(Працяг табліцы – слайд 4):

змяняюцца

Па чым?

дапамагаюць пазбегнуць

Чаго?

звязваюць

Што?

ужываюць пры ветлівым звароце

Які займеннік?

Настаўнік. Уважліва паслухайце і адкажыце, якія часціны мовы размаўлялі?

Першы вучань. Я ─ неабходная людзям часціна мовы. У мяне ёсць самастойнае значэнне. Я называю прадметы, з’явы, пачуцці. Маю род, магу змяняцца па ліках і склонах.

Другі вучань. Але ты заўсёды абазначаеш адно і тое ж. А я ў розных сказах маю розны сэнс. Я магу замяняць цябе і змяняюся, як і ты, па склонах. Маю лік, а некаторыя з нас ─ род. Я магу звязваць сказы. І ты сам мяне заклікаеш, калі не хочаш часта паўтарацца.

А пры ветлівым звароце да старэйшых або паважаных людзей аднаго з маіх сваякоў пішуць з вялікай літары.



Настаўнік. Назавіце часціны мовы. Хто з вас уважліва слухаў і можа адказаць на пытанні з табліцы?

змяняюцца

па склонах

дапамагаюць пазбегнуць

паўтораў

звязваюць

сказы

ужываюць пры ветлівым звароце

займеннік Вы

Настаўнік. Тайны займенніка яшчэ не разгаданы. Гэта толькі гіпотэзы, якія патрабуюць доказаў. Таму з дапамогай чароўнага кола, якое можа перанесці нас у любы куток зямлі і ў любы адрэзак часу, паспрабуем пацвердзіць нашы меркаванні. Кола рухаецца, калі правільна выканана заданне. (Настаўнік вывешвае кола, на якім запісаны займеннікі, а з адваротнага боку ─ словы- заданні.)

Этап праверкі дамашняга задання.

Яно. (Дамашняе заданне. Чыстапісанне.)

Вучані чытаюць словы “дамашняе заданне” і “чыстапісанне”, а настаўнік тлумачыць, што трэба рабіць.

Настаўнік. Нам трэба праверыць дамашняе заданне і выканаць чыстапісанне.

Назавіце займеннікі, якія вы ўставілі.



Чыстапісанне

Прыгожа напішыце літары і словы. (Узор настаўніка.)



// // Пп пл пр па

плямёны прашчуры продкі

Настаўнік. Што такое племя? Растлумачце значэнне астатніх слоў?

Настаўнік. Вы добра выканалі заданне, значыць кола можа рухацца далей. (Настаўнік раскручвае кола.)

Слоўнікавая работа.

Ён. (Рэбус)

Настаўнік. Вам трэба разгадаць рэбус. Да слова-адгадкі падабраць роднасныя словы. (Слайд 4)

(Дзеці расшыфроўваюць слова “памочнік”, утвараюць ад яго роднасныя словы. Выдзяляюць корань. Складаюць і запісваюць сказ з гэтым словам.)

Памочнік, памочніца, дапамога, дапамагчы.

Настаўнік. Памочнік ─ слоўнікавае слова. Правапіс яго трэба запомніць.

А зараз праверым, як вы ведаеце іншыя слоўнікавыя словы.



Гульня “Адшукай займеннікі”.

Булён, калектыў, бервяно, паштальён, дэлегацыя, берэты.

(Дзеці запісваюць пад дыктоўку словы, знаходзяць у іх займеннікі. Адзін чалавек працуе на дошцы з адваротнага боку, а астатнія ў сшытках. Далей праводзіцца самаправерка.)

Арфаграфічная размінка.

Яна. (Загадка)

Настаўнік. Паслухайце верш і здагадайцеся, аб чым ідзе размова. (Настаўнік чытае верш.)

(Слайд 5,6)

Яна мне да_ена адзіная,

На _сё жы_ё, на ц_лы век.

Мая адзіная, р_дзімая

Ў в_нках лясоў і сту_ках р_к.

М. Шаўчонак

(Слайд 5,6)

Пісьменнік кажа пра Радзіму. У беларускай зямлі цікавая гісторыя. Прапаную вам апынуцца ў сярэдневякоўі. Для гэтага трэба правільна ўставіць літары і растлумачыць іх правапіс. (Дзеці паказваюць устаўленую літару на картцы і тлумачаць свой выбар.)



Настаўнік. (Слайд 7). Мы трапілі ў старажытнае славянскае паселішча. Нашы продкі былі працавітымі людзьмі. Чым яны займаліся? (Земляробствам, жывёлагадоўляй.)

Вы казалі, што займеннікі ўжываюцца замест назоўнікаў. Зараз я буду дыктаваць вам назоўнікі, а вы паспрабуйце размеркаваць словы па трох слупках.



яна

ён

яно

Сабака, свіння, шчаня, яблык, жыта, гусь.

Адзін чалавек працуе на дошцы з адваротнага боку, а астатнія ў сшытках.



(Самаправерка па слайдзе 8.)

Этап засваення новых ведаў, першаснага замацавання.

Яны. Ты (Прыказкі, склоны)

Настаўнік. На беларускай зямлі заўсёды жылі свабодалюбівыя, працавітыя людзі. Яны ўмелі трымаць дадзенае слова, дапамагалі адзін аднаму, цанілі сапраўднае сяброўства.

Прачытайце беларускія прыказкі і растлумачце іх сэнс. (Слайд 9)



Скажы, хто твой таварыш, я скажу, хто ты.

Шануй людзей, то і цябе пашануюць.

Пажыві для людзей, пажывуць і для цябе.

Як аб табе чуюць, так аб табе і мяркуюць.

Не той друг, хто мёдам мажа, а той, хто табе праўду ў вочы кажа.

Настаўнік. Які займеннік сустракаецца ў кожнай прыказцы? Давайце паспрабуем вызначыць склон займенніка ты ў кожным сказе. Што для гэтага трэба зрабіць? (Знайсці слова, ад якога будзем ставіць пытанне. Успомніць склонавыя пытанні.)

(Па меры вызначэння склона дзеці запісваюць займеннікі ў свае табліцы -дапаможнікі.)

Н. скл.

ёсць

хто?

што?




ты


Р. скл.

няма

каго? дзе?

чаго? адкуль?

ад, з, без, да, для, каля, у, з-за

цябе

Д. скл.

даю

дзякую

каму?

чаму?

к


табе

В. скл.

бачу

каго? куды?

што?

за, на, пад, у, пра,

цябе

Т.скл.

любуюся

кім? дзе?

чым? калі?

над, пад, перад, за , з




М. скл.

думаю

аб кім? дзе?

аб чым? калі?

аб, на, па, у, пры



аб табе

Настаўнік. Займенніка ў якім склоне не хапае? (У Т. скл.)

Як будзе гучаць гэты займеннік у творным склоне? Што вы можаце сказаць пра займеннік ты ў родным і вінавальным склонах? (Ён аднолькава пішацца ─ цябе.)



Настаўнік. Як зразумець: у родным ці ў вінавальным склоне стаіць займеннік, падкажа нам “мовазнаўчы” камень.

Не здзіўляйцеся. На тэрыторыі Беларусі можна сустрэць шмат вялікіх камянёў-валуноў. Са старажытных часоў іх шанавалі: давалі імёны, прыносілі розныя падарункі, складалі паданні. У камянёў прасілі дапамогі. Вы ведаеце пра цудадзейны Божы камень з Любанскага раёна, Святы камень з Лагойскага раёна. (Слайд 10)

А на нашым уроку “мовазнаўчы” камень падкажа, як адрозніваць займеннікі Р. скл. і В. скл.

Паглядзіце ўважліва на камень і адкажыце, якая падказка тут запісана?



(Трэба падставіць замест займенніка назоўнік жаночага роду адзіночнага ліку. Калі ў назоўніка канчатак –ы (-і), то гэта Р. скл., а калі -у (-ю) ─ В. скл.) Праверце на прыкладах.

Настаўнік. Нашы продкі ўмелі не толькі добра працаваць, але і добра спяваць і граць на музычных інструментах.

Фізкультхвілінка (музычная) Пад народную музыку дзеці імітуюць ігру на народных інструментах. (Слайд 11)

Этап замацавання ведаў.

Работа па падручніку.

Замацаванне ведаў. Вусна выконваецца заданне № 62.

Настаўнік. Якую гіпотэзу даказалі? Што мы вучыліся рабіць? (Вызначаць склоны займеннікаў у сказах.)

Настаўнік. Ці дапамагаюць займеннікі пазбегнуць паўтораў? Зараз праверым.

Назавіце імя самай вядомай князёўны-манашкі. (Ефрасіння Полацкая.)



Дзеці выконваюць заданне № 61.

Настаўнік. Прачытайце тэкст. Пра каго ён? Што вам не спадабалася ў тэксце? Якая часціна мовы дапамагла б пазбегнуць паўтораў?

Прачытайце выпраўлены тэкст. Самастойна напішыце апошні абзац.



Настаўнік. Якую гіпотэзу мы даказалі?

Вы. (Бацька гарадоў беларускіх. Славутыя людзі Беларусі.)

Бацька ─ значыць старэйшы, галоўны, пачынальнік роду.

Які горад Беларусі так называюць? (Полацк.) Самы старэйшы горад.

Ён мае таямнічую энергетыку. Старажытны Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўская царква. Полацк  месца нараджэння славутых людзей Беларусі. (Слайд 12)

Нездарма гэты горад ахутаны рознымі легендамі. Напрыклад, пра Полацкі лабірынт, які быццам бы змяшчаў незлічоныя багацці, злучаў старадаўнія будынкі горада і цягнуўся, па чутках, ажно да Кіева.

Парная работа “Лабірынт”

Настаўнік. Прапаную вам таксама прайсці лабірынт. Перад вамі заблытаныя хады. Вы павінны паслядоўна знайсці словы-ключы і па іх звязаць сказы ў адзін тэкст. А каб вам было не так цяжка, работаць будзеце разам са сваім суседам.

Словы-ключы: янтар пра яго продкі яны

з самацвета яго янтар або бурштын

 Яго часта прымяняюць у медыцыне.

 Яны яшчэ шэсць тысяч гадоў таму назад з янтару выраблялі амулеты і каралі.

 Янтар або бурштын ёсць і ў Беларусі.

 Продкі лічылі, што гэты светлы камень прыносіць шчасце.

 Зараз з гэтага самацвета робяць лакі.

 З даўніх часоў людзі ведалі янтар.



 Пра яго стваралі легенды і паданні.

Настаўнік. З дапамогай якой часціны мовы звязваліся сказы? (Сказы нам дапамаглі звязаць займеннікі.)

Пр. 64.

Прачытаць ліст, звярнуць увагу на паслядоўнасць яго напісання, неабходнасць ужывання займенніка Вы.

Выпісаць займеннікі, якія ўжыты пры звароце да цётачкі Марыны.

Вы, Вас, Вашага, Вам, Ваша, Вашым, Вашай.

Групавая работа “Пісьмо-падзяка”.

Настаўнік. Кожная група атрымлівае пісьмо-падзяку да славутага чалавека Беларусі. Вам трэба выкарыстаць ветлівыя звароты: ужыць займеннік Вы ў розных склонах. У час праверкі капітаны будуць зачытваюць ліст, а астатнія каманды павінны здагадацца, да каго звяртаюцца ў пісьме.

Заданне для 1 групы.

Паважаны !

__________ нарадзіліся ў канцы 15-га стагоддзя ў Полацку. Людзі ведаюць __________ як першадрукара, вучонага і асветніка. ___________ першая друкаваная кніга выйшла ў свет у 1517 годзе ў Празе. Пазней ______ перавезлі сваю друкарню на Радзіму.

_________ жыццё з’яўляецца прыкладам сапраўднага патрыятызму. Людзі Беларусі ганарацца ____________.

(Францыск Скарына)

Заданне для 2 групы.

Паважаны !

У пачатку 12-га стагоддзя ___________ нарадзіліся ў горадзе Тураве.

Бацькі далі _________ добрую адукацыю, але юнаком _________ пайшлі служыць у манастыр. Там _________ былі напісаны павучанні да людзей з заклікам любіць адзін аднаго, рабіць толькі добрае. Некаторыя _________ кнігі дайшлі да нас.

За талент сучаснікі празвалі __________ Златавустам.

(Кірыла Тураўскі)

Заданне для 3 групы.

Паважаны !

У 11 стагоддзі ________ правілі Полацкім княствам. Чуткі аб _____________ хадзілі па ўсім белым свеце. Людзі казалі, што _________ можаце абярнуцца турам ці воўкам. За гэта ____________ празвалі Чарадзеем. Сафійскі сабор, пабудаваны па ____________ загадзе, быў не менш вядомы, чым саборы ў Кіеве ці Ноўгарадзе. Пры _________ жыцці Полацкае княства дасягнула найбольшага росквіту.

(Усяслаў Чарадзей)

Заданне для 4 групы.

Паважаная !

_________ нарадзіліся ў сям’і полацкага князя. Слава аб _________

дабрадзейнасці разышлася па ўсім свеце. Будучы манашкай,___________перапісвалі кнігі, вучылі дзяцей, дапамагалі бедным. Па _______________ жаданні была пабудавана царква і Лазарам Богшам зроблены крыж.

Царква абвясціла _______ святой. Добрая памяць аб __________ засталася на многія стагоддзі.

(Ефрасіння Полацкая) (Слайд 13, 14)

Настаўнік. Які займеннік трэба ўжываць пры ветлівым звароце да старэйшых? З якой літары ён будзе напісаны?

Этап інфармацыі вучняў аб дамашнім заданні, інструктаж па яго выкананні.

Паспрабуйце дома напісаць ліст свайму старэйшаму сваяку па ўзоры пр. 64.



Падвядзенне вынікаў урока.

Мы. (Вучні.)

Настаўнік. Аб чым вы сёння даведаліся? Што навучыліся рабіць? Што даказалі?

Я (! . ?)

Рэфлексія.

! ─ усё зразумеў. На ўроку з лёгкасцю выканаў усе заданні.

. ─многае зразумеў, але некаторыя заданні здаліся складанымі.

? ─ засталіся пытанні. На ўроку многае было незразумелым.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка