Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання»




старонка1/3
Дата канвертавання25.11.2017
Памер453.67 Kb.
  1   2   3
Канстытуцыйны закон Рэспублікі Беларусь «Аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання»

(Малая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь)
Дадзены Канстытуцыйны закон аб сістэме і паўнамоцтвах органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў мясцовага самакіравання, які называецца ў далейшым «Малая Канстытуцыя», прымаецца ў мэтах выйсця беларускай дзяржавы і грамадства з зацяжнога канстытуцыйнага крызісу, забеспячэння ў краіне канстытуцыйнай законнасці, праў и свабод чалавека і грамадзяніна.

Рэспубліка Беларусь прызнае, выконвае і забяспечвае агульнапрызнаныя правы і свабоды чалавека, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах, а таксама прадугледжаныя яе міжнароднымі абавязацельствамі.

Міжнародныя дамовы, ратыфікаваныя Рэспублікай Беларусь, з'яўляюцца састаўной часткай нацыянальнага заканадаўства і выкарыстоўваюцца ўсімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі як непасрэдна дзеючае права.

Малая Канстытуцыя носіць часовы характар і дзейнічае аж да прыняцця новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.


РАЗДЗЕЛ І. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
Глава 1. ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА
Артыкул 1. Выбары дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіравання народам, з'яўляюцца ўсеагульнымі: права абіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў.

У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі. Любое непасрэднае або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у іншых выпадках з'яўляецца недапушчальным і караецца згодна з законам.

Узроставы цэнз дэпутатаў і іншых асоб, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
Артыкул 2. Выбары з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць.

Ніхто не мае права ўплываць на выбаршчыка з мэтай прымусіць яго рознымі спосабамі да ўдзелу або няўдзелу ў выбарах, а таксама на яго волевыяўленне.

Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна.
Артыкул 3. Выбары з'яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў.

Колькасць выбаршчыкаў у кожнай выбарчай акрузе для выбрання аднаго дэпутата пры кожным відзе выбараў не можа адрознівацца больш чым на 10 працэнтаў.

Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіравання, удзельнічаюць у выбарах на роўных падставах.
Артыкул 4. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў прадстаўнічых органаў і службовых асоб мясцовага самакіравання з'яўляюцца прамымі — яны выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна.
Артыкул 5. Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.
Артыкул 6. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць палітычным партыям, выбарчым блокам (саюзам) палітычных партый, а таксама грамадзянам у парадку, устаноўленым законам.
Артыкул 7. Расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, спецыяльна вылучаных на гэтыя мэты.

Кандыдаты, што выбіраюцца народам на дзяржаўныя пасады, а таксама на пасады ў органах мясцовага самакіравання, палітычныя партыі, выбарчыя блокі (саюзы) палітычных партый, якія прымаюць удзел у выбарах, маюць права ствараць выбарчыя фонды за кошт уласных сродкаў і добраахвотных унёскаў арганізацый і грамадзян у парадку, устаноўленым законам.


Артыкул 8. Правядзенне выбараў, садзейнічанне ў рэалізацыі выбарчых праў грамадзян, кантроль за іх выкананнем забяспечваюць выбарчыя камісіі.

Цэнтральная выбарчая камісія з'яўляецца стала дзеючым органам дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе падрыхтоўку і правядзенне выбараў і рэферэндумаў у Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з кампетэнцыяй, устаноўленай законам.

Цэнтральная выбарчая камісія фарміруецца з прадстаўнікоў палітычных партый, выбарчых блокаў (саюзаў) палітычных партый, якія атрымалі прадстаўніцтва ў Вярхоўнай Радзе па выніках галасавання па прапарцыйнай сістэме. Акрамя таго, у склад Цэнтральнай выбарчай камісіі ў парадку, устаноўленым законам, таксама дэлегуецца па адным прадстаўніку ад абласцей і горада Мінска.

Іншыя выбарчыя камісіі фарміруюцца ў парадку, устаноўленым законам.

Рашэнні выбарчых камісій, якія парушаюць выбарчыя правы грамадзян, могуць быць абскарджаныя ў судовым парадку.
Артыкул 9. Умовы прадстаўлення выбарчага права грамадзянам замежных дзяржаў могуць быць устаноўленыя законам.
Артыкул 10. Парадак правядзення выбараў вызначаецца Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.

Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча.


Глава 2. РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)
Артыкул 11. Для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы.
Артыкул 12. На рэспубліканскі рэферэндум не выносяцца пытанні, звязаныя

з магчымым парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь;

са змяненнем парадку і тэрмінаў абрання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, суддзяў.

На рэспубліканскі рэферэндум таксама не выносяцца іншыя пытанні, устаноўленыя законам.


Артыкул 13. Рэферэндумы ў Рэспубліцы Беларусь праводзяцца на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбару тайным галасаваннем.

У рэферэндумах удзельнічаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам.


Артыкул 14. Рэспубліканскія рэферэндумы назначаюцца рашэннем Вярхоўнай Рады, прынятым большасцю не менш як у дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў.

Прапанову аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму маюць права ўносіць дэпутаты Вярхоўнай Рады ў колькасці не меней за 60 чалавек або не менш за 300 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у тым ліку не менш як 30 тысяч грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска.


Артыкул 15. Вярхоўная Рада не пазней чым за 30 дзён пасля ўнясення на яе разгляд у адпаведнасці з законам прапановы аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму абавязана прызначыць дату правядзення рэферэндуму або адмовіць у прызначэнні рэферэндуму матываванай пастановай.

Дата правядзення рэферэндуму ўстанаўліваецца не пазней як праз чатыры месяцы з дня прыняцця пастановы Вярхоўнай Рады аб прызначэнні рэферэндуму.

Рашэнне Вярхоўнай Рады аб прызначэнні або аб адмове ў прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму на працягу 30 дзён можа быць аспрэчана ў Канстытуцыйным Трыбунале Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне Канстытуцыйнага Трыбунала па дадзеным пытанні з'яўляецца канчатковым.


Артыкул 16. Рашэнні, прынятыя рэспубліканскім рэферэндумам, падпісваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 17. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымі прадстаўнічымі органамі мясцовага самакіравання па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10 працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.
Артыкул 18. Парадак назначэння і правядзення рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумаў вызначаецца Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь.

РАЗДЗЕЛ 2. ПРЭЗІДЭНТ, ПАРЛАМЕНТ, УРАД, СУД


Глава 3. ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Артыкул 19. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Кіраўніком дзяржавы.

Прэзідэнт прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у зносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Прэзідэнт арганізуе ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, а таксама органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання.

Прэзідэнт з'яўляецца Вярхоўным Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь і ў парадку, вызначаным Канстытуцыяй і законамі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці. У мірны час Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь кіруе Узброенымі Сіламі праз Міністра абароны.

Прэзідэнт валодае недатыкальнасцю на час выканання паўнамоцтваў.
Артыкул 20. Прэзідэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі.
Артыкул 21. Прэзідэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь. Адна і тая ж асоба не можа быць Прэзідэнтам больш за два тэрміны.

Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь шляхам збору не менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Выбары Прэзідэнта назначаюцца Вярхоўнай Радай не пазней чым за пяць месяцаў і праводзяцца не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта.

Калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай, выбары павінны быць праведзены на працягу трох месяцаў з дня адкрыцця вакансіі.


Артыкул 22. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш за палову грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў.

Прэзідэнт лічыцца выбраным, калі за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Калі ні адзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмін праводзіцца другі тур галасавання па двух кандыдатах, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лічыцца кандыдат у Прэзідэнты, які атрымаў пры паўторным галасаванні больш за палову галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні.

Парадак правядзення выбараў Прэзідэнта вызначаецца законам Рэспублікі Беларусь.


Артыкул 23. Прэзідэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі наступнага зместу:

«Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, выконваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі».

Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці дэпутатаў Вярхоўнай Рады, суддзяў Канстытуцыйнага Трыбунала, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Вышэйшага Адміністратыўнага Суда і не пазней за два месяцы з дня абрання Прэзідэнта. З моманту прынясення Прысягі новавыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца.
Артыкул 24. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь:

1) вядзе перамовы, падпісвае міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь;

2) па прадстаўленні Урада прызначае і адклікае дыпламатычных прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях, прымае даверчыя і адзыўныя граматы дыпламатычных прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый, надае вышэйшыя дыпламатычныя рангі і спецыяльныя званні;

3) назначае выбары ў Вярхоўную Раду;

4) прымае рашэнне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады ў выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй;

5) прадстаўляе Вярхоўнай Радзе кандыдатуру Прэм'ер-міністра;

6) прадстаўляе Вярхоўнай Радзе кандыдатуры на пасаду Старшыні Вярхоўнага Суда, Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшыні Вышэйшага Адміністратыўнага Суда, Старшыні Канстытуцыйнага Трыбунала, Генеральнага пракурора, Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка;

7) па прадстаўленні органаў судзейскага самакіравання прызначае суддзяў ніжэйшых судоў Рэспублікі Беларусь і вызваляе іх ад пасады, за выключэннем міравых суддзяў;

8) па прадстаўленні Урада ў выпадку стыхійнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасці і існаванню дзяржавы, уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на разгляд Вярхоўнай Рады;

9) уводзіць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становішча, абвяшчае поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на разгляд Вярхоўнай Рады;

10) штогод звяртаецца з Пасланнем да Вярхоўнай Рады аб становішчы ў дзяржаве;

11) падпісвае законы Рэспублікі Беларусь і рашэнні рэспубліканскіх рэферэндумаў;

12) у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй, мае права вяртаць закон са сваімі пярэчаннямі ў Вярхоўную Раду;

13) валодае правам заканадаўчай ініцыятывы;

14) вырашае пытанні аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь і яго спыненні, а таксама аб прадстаўленні прытулку;

15) па прадстаўленні Урада ўзнагароджвае дзяржаўнымі ўзнагародамі, надае класныя чыны, званні;

16) па прадстаўленні Урада надае вышэйшыя воінскія званні;

17) ажыццяўляе памілаванне асуджаных;

18) фарміруе Канцылярыю Прэзідэнта, якая забяспечвае яго дзейнасць;

19) утварае, рэарганізуе і ліквідуе Раду Бяспекі, а таксама іншыя кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце;

20) прызначае прадстаўніка Прэзідэнта ў Вярхоўнай Радзе і іншых службовых асоб, пасады якіх вызначаюцца законам.
Артыкул 25. Прэзідэнт для рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Указы і распараджэнні Прэзідэнта не павінны супярэчыць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.


Артыкул 26. Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.

Прэзідэнт прыпыняе членства ў палітычных партыях, іншых грамадскіх аб'яднаннях, якія маюць палітычныя мэты, на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў.


Артыкул 27. Прэзідэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзідэнта прымаецца Вярхоўнай Радай.
Артыкул 28. Прэзідэнт можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады пры ўстойлівай няздольнасці па стане здароўя выконваць свае абавязкі. Рашэнне аб датэрміновым вызваленні Прэзідэнта ад пасады прымаецца большасцю не менш за дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады на падставе заключэння спецыяльна створанай камісіі.

Прэзідэнт можа быць зняты з пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пытанне аб зняцці Прэзідэнта з пасады можа быць пастаўлена па прапанове не менш як адной трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Заключэнне аб факце парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі даецца Канстытуцыйным Трыбуналам.

Рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады прымаецца большасцю не менш як у дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады на падставе заключэння Канстытуцыйнага Трыбунала, які пацвярджае факт парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі.

Прэзідэнт можа быць адхілены ад пасады ў сувязі са здзяйсненнем дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства. Рашэнне аб вынясенні абвінавачання і яго расследаванні прымаецца па прапанове не менш за адну трэць ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, калі за яго прагаласавала не менш за дзве трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Расследаванне па вынесеным абвінавачанні ва ўстаноўленыя тэрміны праводзіць спецыяльны пракурор, прызначаны Вярхоўнай Радай.

Па заканчэнні расследавання спецыяльны пракурор прадстаўляе Вярхоўнай Радзе абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні Прэзідэнта або пастанову аб спыненні расследавання на падставах, устаноўленых законам. У выпадку прадстаўлення абвінаваўчага заключэння Вярхоўная Рада большасцю ў дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады прымае рашэнне аб адхіленні Прэзідэнта ад пасады.

На час расследавання, падрыхтоўкі абвінаваўчага заключэння Вярхоўная Рада большасцю галасоў ад ліку абраных дэпутатаў часова адхіляе Прэзідэнта ад пасады.

Непрыняцце Вярхоўнай Радай рашэння аб адхіленні Прэзідэнта ад пасады на працягу месяца з дня паступлення абвінаваўчага заключэння спецыяльнага пракурора азначае спыненне працэдуры па адхіленні Прэзідэнта ад пасады. Паўторнае ўзбуджэнне працэдуры па адхіленні Прэзідэнта ад пасады па тых жа падставах не дапускаецца.
Артыкул 29. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта, немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі зноў абраным Прэзідэнтам выконвае Старшыня Вярхоўнай Рады. У гэтым выпадку паўнамоцтвы Старшыні Вярхоўнай Рады пераходзяць да першага намесніка Старшыні Вярхоўнай Рады.
Артыкул 30. Парадак ажыццяўлення Прэзідэнтам сваіх паўнамоцтваў, фінансавае, матэрыяльнае і іншае забеспячэнне Прэзідэнта вызначаюцца законам.
Глава 4. ПАРЛАМЕНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ — ВЯРХОЎНАЯ РАДА
Артыкул 31. Парламент Рэспублікі Беларусь — Вярхоўная Рада — з'яўляецца найвышэйшым прадстаўнічым, стала дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 32. Вярхоўная Рада складаецца з 260 дэпутатаў, абраных грамадзянамі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з законам на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады праводзяцца ў адпаведнасці з прынцыпамі прапарцыйна-мажарытарнага прадстаўніцтва: 130 дэпутатаў абіраюцца па аднамандатных выбарчых акругах (адна акруга — адзін дэпутат), 130 дэпутатаў абіраюцца па адзінай тэрытарыяльнай шматмандатнай выбарчай акрузе прапарцыйна ліку галасоў, пададзеных за рэспубліканскія спісы кандыдатаў у дэпутаты, вылучаных афіцыйна зарэгістраванымі Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь да прызначэння выбараў палітычнымі партыямі альбо выбарчымі блокамі (саюзамі) гэтых палітычных партый.


Артыкул 33. Дэпутатам Вярхоўнай Рады можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які валодае выбарчым правам і дасягнуў 21 года.
Артыкул 34. Выбары дэпутатаў Вярхоўнай Рады па мажарытарнай сістэме праводзяцца ў адзін тур па прынцыпе адноснай большасці. Абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў большую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
Артыкул 35. Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады — чатыры гады.

Паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады могуць быць спыненыя датэрмінова пастановай Вярхоўнай Рады, прынятай большасцю не менш як у дзве трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады.

Паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады могуць быць спыненыя датэрмінова па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:

пры двухразовай адмове ў зацвярджэнні кандыдатуры, прапанаванай Прэзідэнтам на пасаду Прэм'ер-міністра, і пры незацвярджэнні пасля гэтага ў пасадзе Прэм'ер-міністра кандыдатуры, прапанаванай дэпутатамі Вярхоўнай Рады;

пры выказванні двухразовага вотуму недаверу Ураду на працягу года.

Вярхоўная Рада не можа быць распушчаная ў час ваеннага і надзвычайнага становішча, уведзенага ў Рэспубліцы Беларусь; у апошнія шэсць месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ў час вырашэння Вярхоўнай Радай пытання аб датэрміновым вызваленні, зняцці або адхіленні ад пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама калі пасля датэрміновых выбараў Вярхоўнай Рады не прайшло шэсць месяцаў.

Чарговыя выбары Вярхоўнай Рады прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не раней чым за пяць месяцаў і не пазней чым за чатыры месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады і праводзяцца не пазней чым за месяц да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады.

Датэрміновыя выбары Вярхоўнай Рады павінны быць праведзены не пазней чым на працягу трох месяцаў пасля прыняцця рашэння аб датэрміновых выбарах.

Артыкул 36. Дэпутаты Вярхоўнай Рады працуюць на прафесійнай сталай аснове.

Дэпутат Вярхоўнай Рады не можа займаць іншыя пасады, атрымліваць акрамя заработнай платы грашовыя ўзнагароды, за выключэннем выкладчыцкай дзейнасці, ганарараў за творы навукі, літаратуры і мастацтва.

Дэпутат Вярхоўнай Рады не можа быць дэпутатам прадстаўнічага органа мясцовага самакіравання.
Артыкул 37. Першая пасля выбараў сесія Вярхоўнай Рады склікаецца Цэнтральнай выбарчай камісіяй не пазней чым праз 30 дзён пасля выбараў.

Першае паседжанне сесіі Вярхоўнай Рады адкрывае найстарэйшы па веку дэпутат.

Паседжанні Вярхоўнай Рады лічацца правамоцнымі, калі ў іх прымае ўдзел не меней за палову дэпутатаў ад поўнага складу Вярхоўнай Рады.

Паседжанні Вярхоўнай Рады праводзяцца адкрыта і галосна. Вярхоўная Рада большасцю галасоў ад абраных дэпутатаў можа прыняць рашэнне аб правядзенні закрытага паседжання.

Артыкул 38. Вярхоўная Рада:

1) прымае і змяняе Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь;

2) прымае законы, пастановы і кантралюе іх выкананне;

3) дае тлумачэнне законаў Рэспублікі Беларусь;

4) прымае рашэнне аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму;

5) назначае выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

6) назначае выбары прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання;

7) абірае суддзяў Канстытуцыйнага Трыбунала Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;

8) абірае на пасаду і вызваляе ад пасады Упаўнаважанага па правах чалавека Рэспублікі Беларусь;

9) абірае на пасаду, вызваляе ад пасады Старшыню і членаў Кантрольнай Палаты Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;

10) абірае на пасаду, вызваляе ад пасады Старшыню і членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь і прымае іх адстаўку;

11) па прадстаўленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абірае:

Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь;

Старшыню Канстытуцыйнага Трыбунала Рэспублікі Беларусь;

Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

Старшыню Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

Старшыню Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;

Старшыню Вышэйшага Адміністратыўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

Старшыню Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь;

12) па прапанове Прэм'ер-міністра зацвярджае склад Урада Рэспублікі Беларусь, выказвае вотум даверу Ураду, прымае яго адстаўку;

13) па прапанове Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь прызначае намеснікаў Генеральнага пракурора і прымае іх адстаўку;

14) па прапанове органаў судзейскага самакіравання прызначае і вызваляе суддзяў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Вышэйшага Адміністратыўнага Суда, а таксама прымае іх адстаўку;

15) па прапанове Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацвярджае членаў Праўлення Нацыянальнага банка і прымае іх адстаўку;

16) у трохдзённы тэрмін з моманту ўнясення разглядае ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб увядзенні ў краіне ваеннага або надзвычайнага становішча, поўнай або частковай мабілізацыі ваеннаабавязаных;

17) вызначае парадак вырашэння пытанняў адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання дзяржавы;

18) вызначае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь;

19) зацвярджае рэспубліканскі бюджэт і справаздачу аб яго выкананні, нарматывы адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў і збораў у мясцовыя бюджэты;

20) вызначае рэспубліканскія падаткі і зборы, ажыццяўляе кантроль над грашовай эмісіяй;

21) ратыфікуе і дэнансуе міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь;

22) па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацвярджае ваенную дактрыну, абвяшчае вайну і заключае мір;

23) засноўвае дзяржаўныя ўзнагароды, класныя чыны і званні Рэспублікі Беларусь;

24) прымае адстаўку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

25) датэрмінова вызваляе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад пасады пры ўстойлівай няздольнасці па стане здароўя выконваць свае абавязкі;

26) вылучае па прапанове не менш як адной трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады прапанову аб зняцці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з пасады ў выпадку парушэння ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады прымаецца большасцю не менш як у дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады на падставе заключэння Канстытуцыйнага Трыбунала, які пацвярджае факт парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі;

27) выносіць па прапанове не менш як адной трэці ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады абвінавачанне супраць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у здзяйсненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства.

Прызначае для расследавання спецыяльнага пракурора і на падставе яго заключэння не менш як дзвюма трацямі галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады прымае рашэнне аб адхіленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад пасады;

28) прымае па прапанове Урада на падставе рашэння Канстытуцыйнага Трыбунала пастановы аб роспуску прадстаўнічых органаў мясцовага самакіравання ў выпадку грубага або неаднаразовага парушэння імі Канстытуцыі або законаў і прызначае новыя выбары;

29) устанаўлівае дзяржаўныя святы і святочныя дні;

30) прымае рашэнне аб амністыі;

31) адмяняе рашэнні Старшыні Вярхоўнай Рады ў выпадках, калі яны супярэчаць законам і пастановам Вярхоўнай Рады;

32) зацвярджае Рэгламент дзейнасці Вярхоўнай Рады, вырашае іншыя пытанні, аднесеныя Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь да кампетэнцыі Вярхоўнай Рады.


Артыкул 39. Галасаванне на паседжаннях Вярхоўнай Рады ажыццяўляецца дэпутатамі асабіста.

Законы і пастановы Вярхоўнай Рады лічацца прынятымі пры ўмове, калі за іх прагаласавала большасць ад ліку абраных дэпутатаў, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй.

Прынятыя законы ў двухтыднёвы тэрмін са дня прыняцця накіроўваюцца на подпіс Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт у двухтыднёвы тэрмін падпісвае закон або вяртае яго ў Вярхоўную Раду непадпісаным са сваімі заўвагамі і прапановамі.

Калі закон на працягу двух тыдняў не вяртаецца Прэзідэнтам у Вярхоўную Раду, ён лічыцца падпісаным.

Калі Вярхоўная Рада на працягу месяца з дня вяртання непадпісанага закона Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прагаласуе за яго прыняцце большасцю галасоў ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, закон лічыцца прынятым, і Прэзідэнт абавязаны яго падпісаць у пяцідзённы тэрмін.


Артыкул 40. Вярхоўная Рада з ліку дэпутатаў Вярхоўнай Рады выбірае Старшыню, першага намесніка і намеснікаў Старшыні.
Артыкул 41. Старшыня Вярхоўнай Рады выбіраецца дэпутатамі тайным галасаваннем. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі за яго абранне прагаласавала большасць ад ліку абраных дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Старшыня Вярхоўнай Рады падсправаздачны Вярхоўнай Радзе.
Артыкул 42. Старшыня Вярхоўнай Рады:

1) ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва падрыхтоўкай пытанняў, якія падлягаюць разгляду Вярхоўнай Радай;

2) вядзе паседжанні Вярхоўнай Рады;

3) прадстаўляе Вярхоўную Раду ў дачыненнях з іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў краіне і за мяжой;

4) падпісвае пастановы, прынятыя Вярхоўнай Радай;

5) прадстаўляе Вярхоўнай Радзе кандыдатуры для абрання на пасады першага намесніка і намеснікаў Старшыні Вярхоўнай Рады;

6) кіруе працай апарату Вярхоўнай Рады.

Першы намеснік і намеснікі Старшыні Вярхоўнай Рады выконваюць па даручэнні Старшыні Вярхоўнай Рады асобныя яго абавязкі і замяшчаюць Cтаршыню Вярхоўнай Рады ў выпадку яго адсутнасці або немагчымасці ажыццяўлення ім сваіх абавязкаў.


Артыкул 43. Вярхоўная Рада з ліку дэпутатаў абірае пастаянныя камісіі і іншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі Вярхоўнай Рады, ажыццяўлення кантролю над выкананнем законаў і пастаноў.

У выпадку неабходнсці Вярхоўная Рада можа ствараць следчыя, рэвізійныя і іншыя часовыя камісіі.


Артыкул 44. Для арганізацыі працы Вярхоўнай Рады ствараецца Прэзідыум Вярхоўнай Рады.

У склад Прэзідыума Вярхоўнай Рады ўваходзяць: Старшыня Вярхоўнай Рады, першы намеснік і намеснікі Старшыні Вярхоўнай Рады, а таксама асобныя дэпутаты ў парадку, прадугледжаным Рэгламентам Вярхоўнай Рады.

Прэзідыум Вярхоўнай Рады ўзначальвае Старшыня Вярхоўнай Рады.
Артыкул 45. Права заканадаўчай ініцыятывы ў Вярхоўнай Радзе належыць дэпутатам Вярхоўнай Рады, Прэзідэнту, Ураду, Упаўнаважанаму па правах чалавека, Вярхоўнаму Суду, Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду, Вышэйшаму Адміністратыўнаму Суду, Генеральнаму пракурору, Кантрольнай палаце, Нацыянальнаму банку, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не меней за 30 тысяч чалавек.

Парадак унясення ў Вярхоўную Раду праектаў законаў і паправак да іх вызначаецца Рэгламентам Вярхоўнай Рады.


Артыкул 46. Паўнамоцтвы Вярхоўнай Рады захоўваюцца да адкрыцця першага паседжання Вярхоўнай Рады новага склікання.
Артыкул 47. Дэпутат Вярхоўнай Рады не нясе юрыдычнай адказнасці за сваю дзейнасць у Вярхоўнай Радзе, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, як у час выканання дэпутацкіх паўнамоцтваў, так і пасля іх спынення.

Дэпутат Вярхоўнай Рады не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды без згоды Вярхоўнай Рады, акрамя выпадкаў затрымання на месцы здзяйснення ім цяжкага або асабліва цяжкага злачынства.

Крымінальная справа супраць дэпутата Вярхоўнай Рады можа быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнай Рады, а ў час паміж сесіямі — са згоды Прэзідыума Вярхоўнай Рады.
Артыкул 48. Парадак дзейнасці Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь, яе органаў і дэпутатаў вызначаецца Рэгламентам Вярхоўнай Рады, а таксама законамі Рэспублікі Беларусь. Рэгламент Вярхоўнай Рады прымаецца Вярхоўнай Радай і падпісваецца яе Старшынёй.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка