Зала сарака




Дата канвертавання15.11.2017
Памер27.24 Kb.

Читаем Детям

Францыск Скарына,
альбо Як да нас прыйшла кніга
(урыўкі)
Анатоль Клышка


Зала сарака

У Італіі, у адным з найстарэйшых у свеце Падуанскім універсітэце, ёсць славутая «Зала сарака». На покуці стаіць зробленая з тоўстых дошак, сёння паточаная ўжо шашалем трыбунка-кафедра. Яна памятае, як некалі тут чытаў лекцыі Галілей. Цяпер на гэтым месцы стаіць бюст геніяльнага вучонага.

На сценах універсітэта скрозь памятныя знакі — эмблемы, гербы славутых родаў. Падуанскі ўніверсітэт з гонарам ушаноўвае тых вялікіх, хто вучыўся альбо вучыў тут. Ды чаму не ганарыцца: адно такое імя, як Капернік ці Галілей, шмат што кажа ўсяму адукаванаму чалавецтву.

На сценах універсітэта — эмблемы… Але ў «Зале сарака» ўжо не эмблемы, а сорак вялікіх партрэтаў слаўных з найслаўнейшых. Сярод іх другі ад покуці, каля кафедры Галілея, — Францішак Скарына.

Так за тысячы кіламетраў ад Беларусі, у далёкай Італіі, ушаноўваецца памяць аб нашым першадрукару Францыску Скарыне.

Якраз са Скарынавых рук без мала пяцьсот гадоў таму назад усходняе славянства атрымала першую друкаваную кнігу.



У слаўным горадзе Полацку
(Скарочана)

Дзень 6 сакавіка 1486 года запомніўся ўсім тады ў Полацку. Ды і не толькі ў Полацку.

Ранішняе сонца, якое цешыла ўжо вясновым цяплом, раптам пачало засланяцца цемраю. Людзі з жахам глядзелі, як яно ўсё меншала і меншала. Ці не канец свету? Чорны цень хутка бег па зямлі. Раптам зусім сцямнела. Набожныя пачалі горача маліцца…

Гулка бухалі званы полацкіх сабораў. Узбуджаныя, зарыкалі каровы, забрахалі сабакі. Суцэльная цемра схавала ўсё. I людзі адчулі страшэнны холад.

Але праз хвілю сонца зноў выбліснула. I ўсе ўсцешна ўздыхнулі… Мабыць, якраз у гэты час у жонкі праваслаўнага купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын.

Бабка-павітуха, пакліканая з гэтай нагоды, абмывала немаўля і прыгаворвала:

— А дай, Божа, гэтай дзіцяці ўсякую долю ўзяці: I хлебавую, і салявую, Трэцяю — здаровейкую.

Паважаны Лука адно падтакваў: «Дай, Божа!» Бабулька далей прыгаворвала над малым:


А спі доўга,

Расці скора.

Бацьку, маці —

На пацеху,

Чужым людзям —

На паслугу…


I як у ваду глядзела. Паслужаць кнігі, «выложеныя доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька… людем посполитым к доброму научению», а нашаму народу — на ўхвалу. I як бы ўспамін аб гэтым дні на гравюрах тых кніг будзе сустракацца сонечны дыск, прыслонены паўмесяцам…

Абмыўшы дзіця, бабка прылажыла да яго пяткі кавалачак паперы. Барадаты Лука, убачыўшы, толькі заківаў галавою: «Дзе ж яе гэта раздабыла старая?» (папера была тут яшчэ ў навіну і дорага каштавала). А бабка, схіліўшыся, тым часам прыгаворвала над паперынаю:

— Хай будзе вельмі вучоным малайцом,

— Хай ён будзе ў бацьку — купцом!

Лука ўсміхнуўся і, вецячы старую мёдам-ліповікам, даў круглы, як сонца, бохан хлеба, а ў кішэнь ёй упусціў сярэбраную манету.

Першадрукар, перакладчык, паэт, мовазнавец, педагог, астраном, філосаф, медык, батанік, Скарына сваімі ідэямі, працаю прадвызначыў цэлыя стагоддзі ў культурнай і грамадскай гісторыі Беларусі.

Удзячныя нашчадкі помняць вялікі подзвіг свайго славутага першадрукара.

Штогод, калі з дрэў злятае першы восеньскі ліст, на радзіме асветніка праводзіцца скарынінскае свята, свята кнігі.

Імя нашага першадрукара ўбачыш ты сёння і ў назве вуліцы, бібліятэкі, друкарні.

Цудоўны помнік узняўся яму на прыгожай плошчы ў родным Полацку. Задуменна натхнёны стаіць Скарына, як бы вярнуўшыся з далёкіх дарог чужыны на Бацькаўшчыну.






ChitaemDetyam.com


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка