Заява міжнароднай місіі праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя І практыка”




Дата канвертавання09.12.2018
Памер28.49 Kb.
ЗАЯВА

міжнароднай місіі праекту “Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка”

аб выніках назірання за першым турам прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы

20 чэрвеня 2010 г., Беласток

20 чэрвеня група з 31 назіральніка з Беларусі, Літвы і Швецыі на запрашэнне Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы назіралі за правядзеннем выбараў у дзень галасавання у якасці акрэдытаваных міжнародных назіральнікаў. Група наведала 171 выбарчы ўчастак у Беластоку і Падляскім ваяводстве.

Каманда назіральнікаў сачыла за днём выбараў, у тым ліку за адкрыццём участкаў, працэсам галасавання і падліку галасоў. Назіранне было заснаванае на палажэннях нацыянальнага заканадаўства Польшчы і міжнародных стандартаў.

Увогуле выбары былі праведзеныя ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі і нацыянальным заканадаўствам. Амаль на ўсіх выбарчых ўчастках заўсёды прысутнічала прынамсі 3 чальцы камісіі, звычайна дружалюбныя і адкрытыя для пытанняў. Таксама мы вітаем тое, што на ўчастках не прадаюцца алкагольныя вырабы па зніжаных коштах. Спрыяльнай практыкай з'яўляецца таксама тое, што ў Польшчы не існуе практыка датэрміновага галасавання, шырока распаўсюджаная ў Беларусі.

Таксама хочам падкрэсліць высокі ўзровень дасведчанасці выбарцаў аб знаку «х», якім трэба пазначаць бюлетэні – што даказвае наяўнасць пэўнай культуры, і выбарцы рэдка памыляюцца пры пастаноўцы знака. Наяўнасць дзвюх пячатак на бюлетэні выключыла магчымасць маніпуляцыі з імі. Чальцы камісіі звычайна ведалі і трымаліся дэмакратычных працэдур.



Тым не меней, некаторыя прынцыпы вольных выбараў былі парушаныя. Пра некаторыя тэндэнцыі хочам распавесці шырэй.

  1. Не заўсёды быў забяспечаны прынцып таемнасці, як базавы міжнародны прынцып, закладзены таксама ў польскім заканадаўстве. У шмат якіх выбарчых участках назіральная місія заўважыла шматлікія выпадкі адкрытага галасавання, калі быў бачны выбар асобы. Адкрытае галасаванне бачылі усе нашы групы. Гэта адбывалася таму, што на некаторых выбарчых участках канструкцыя кабінкі для галасавання не забяспечвала таемнасці, а камісія не патлумачыла выбарцам прынцып таемнасці. Не хапала і разумення сярод выбарцаў. На адным з участкаў наш назіральнік зафіксаваў выпадак, калі журналіст TVN 24 рабіў рэпартаж і здымаў, як людзі галасавалі ўнутры кабінкі.

  2. Надзвычай распаўсюджанае сямейнае галасаванне і групавое галасаванне – сведчанне недахопу разумення з боку выбарцаў і камісіі. Сумеснае галасаванне мужа і жонкі забароненае шмат у якіх краінах, у тым ліку ў Польшчы, бо напрыклад муж можа кантраляваць выбар жонкі. Калі гэта здараецца паўсюдна, гэта можа істотна паўплываць на вынікі выбараў.

  3. Асабліва часта працэдуры парушаліся падчас масавага наплыву выбаршчыкаў на ўчастак (напрыклад пасля імшы ў касцёле). Не было дастаткова чальцоў камісіі, каб забяспечыць складнасць працэсу.

  4. Галасаванне без праверкі дакументаўпраблема, найбольш распаўсюджаная ў вясковай мясцовасці. На некаторых участках пры назіральніках старшыня заклікаў чальцоў камісіі правяраць дакументы. Гэта сведчыць, што ў адсутнасць назіральнікаў дакументы хутчэй за ўсё не правяраюцца.

  5. На жаль, здараліся выпадкі недаверу камісіі да назіральнікаў і некампетэнтнасці камісіі ў справе правоў назіральнікаў. Часам назіральнікам без тлумачэння прычын не дазвалялі фатаграфаваць на ўчастку.

  6. На некаторых участках выклікала пытанні ўсеагульнасць галасавання, асабліва ў плане забеспячэння абсталявання для інвалідаў. На адным з участкаў наша група зафіксавала, як не змагла прагаласаваць жанчына ў інвалідным вазку, бо ёй не было магчымасці падняцца па лесвіцы. Гэта азначала, што не ўсім выбарцам забяспечаны роўны доступ.

  7. Пячаткі на скрынях для галасавання часта былі неналежнай якасці, відаць былі сляды ранейшага выкарыстання. Такім чынам не была гарантаваная цэльнасць скрынь.


У цэлым жа прыемна ўразіла тое, што падлік галасоў на ўсіх участках адбываўся сапраўды адкрыта, якасна. Кожны назіральнік мог бачыць кожны бюлетэнь, камісія і назіральнікі паважалі адны адных і не перашкаджалі адзін адному працаваць. На жаль, пакуль мы можам толькі старацца і спадзявацца, каб аднойчы такі празрысты і справядлівы падлік галасоў адбываўся і падчас выбараў у Беларусі.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка