Змест работы




старонка1/3
Дата канвертавання08.03.2018
Памер445.51 Kb.
  1   2   3


Змест работы


Уводзіны

4

  1. Генеалагічныя тэрміны

6

  1. Гісторыя роду Каішэўскіх герба Старжа

10

  1. Гісторыя роду Дамбраўскас

22

  1. Гісторыя роду Мігаль

28

  1. Гісторыя роду Кукаравых

39

Заключэнне

Спіс літаратуры



46

48


Дадатак 1. Радаводы






Уводзіны

«Божие благословение почивает на тех,

кто созидает семью, почитает и хранит

память о своих предках и воспитывает детей.

Божие благословение всем тем, кто начинает

вести летопись своего рода, свою семейную летопись.

Пусть она становится кладезем жизненного

опыта для вас и ваших потомков. Пусть

поможет осознать место каждого члена

вашей семьи в истории и вечности».



Патриарх Московский и всея Руси Алексий ІІ
Пэўна мала знойдзецца школьнікаў, якія змогуць з лёгкасцю адказаць на пытанне: “Як звалі твайго прадзеда?” Мы амаль не цікавімся жыццём не толькі далёкіх продкаў, але і нашых бацькоў. Нам здаецца, што мінулае не прадстаўляе для нас, людзей ХХІ стагоддзя, ніякай цікавасці. Мы здзіўляемся, што старыя людзі цяжка прызвычайваюцца да новых рэчаў: мабільных тэлефонаў, інтэрнету. А між тым, жыццё нашых бацькоў, бабуль і дзядуль не менш цікавае за новы высокабюджэтны галівудскі фільм. Трэба толькі знайсці патрэбны час і запытаць у родных, дзе яны вучыліся, дзе дзядуля пазнаёміўся з бабуляй, як тады праводзілі вечары, на якія фільмы хадзілі ў кінатэатры, чым цікавіліся і г. д. Пры такіх аповедах не толькі пазнаеш шмат новага, але і ўласна дакранаешся да гісторыі свайго роду. І калі школьнік даведваецца больш пра сваіх прадзедаў, ён становіцца духоўна багатым, яму лягчэй жыць, бо ён ведае, што за плячыма – не пустэча, а шмат пакаленняў, якія зрабілі ўсё, каб ён нарадзіўся і жыў на свеце.

У аснову дадзенага даследавання пакладзена гісторыя роду настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Хальчанскай базавай школы Мігаль Алены Генадзьеўны. Мы выбралі для вывучэння менавіта гэты род, таму што на прыкладзе гісторыі яго асобных імёнаў добра відаць, як складваўся лёс пасляваеннага пакалення людзей. Ваеннаму ліхалеццю прысвечана шмат навуковых работ, а жыццю рэпрэсіраваных людзей – менш. Сучаснае пакаленне нават не ведае, што такое было ў гісторыі Савецкага Саюза. Мы вырашылі прыўзняць завесу невядомасці і расказаць пра лёс мужчын і жанчын, якія ў выніку гістарычных супярэчнасцяў змаглі не толькі выжыць, але і наладзіць сваё шчасце. Многія з іх пры іншых умовах ніколі б не сустрэліся.

Зробім заўвагу: у дадзенай рабоце даследуюцца лёсы асобных людзей, і не трэба на іх прыкладзе рабіць нейкія вывады. Жыццё бывае вельмі складаным, і ніхто не ведае, што чакае яго наперадзе, з якімі людзьмі ён сустрэнецца. Злодзей можа аказацца міласэрным, а прадстаўнік закону – жорсткім і беспрынцыпным.

Мэта даследавання: вывучэнне радаводу Мігаль А. Г. і лёсу яго асобных прадстаўнікоў як носьбітаў гістарычнай памяці, нашчадкаў лепшых рыс, каштоўнасцей і якасцей продкаў, пераемнікаў і прадаўжальнікаў духоўных культурных традыцый свайго роду і народа.

Задачы даследавання:


  1. Вывучыць лёс асобных прадстаўнікоў роду Мігаль А. Г.

  2. Набыць пачатковыя веды пра метады і прыёмы генеалагічных даследаванняў.

  3. Даць ацэнку матывам і дзеянням прадстаўнікоў роду ў гісторыі, а таксама гістарычным падзеям і працэсам.

Матэрыял даследавання: фотаархіў Мігаль А. Г., дакументы (пасведчанні аб нараджэнні, аб заключэнні шлюбу, атэстаты і г. д.)

Прагназуемыя вынікі:

  1. Апісанне гісторыі кожнага роду.

  2. Складанне радаводных дрэў кожнага з выяўленых родаў.




  1. Генеалагічныя тэрміны

Генеалогія стагоддзямі выпрацоўвала нормы афармлення звестак аб родных у выглядзе разнастайных табліц, роспісаў, дасье, картак, устанаўлівала выразныя правілы запаўнення гэтых дакументаў: графіку, сімволіку, нумарацыю і г. д. Перш за ўсё пададзім азначэнне радаводу.

Радавод – гэта пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. [1, с. 204]

Радавод можна аформіць у выглядзе дрэва, табліцы або роспісу.



Радаводнае дрэва

В


Табл. 1.

Узыходны радавод
а ўзыходным радаводзе (гл. Табл. 1) пачынаюць з пэўнага чалавека, потым ідуць па ўзыходных прыступках або каленах да бацькі, дзеда, прадзеда і г. д., ад вядомага да невядомага. [2; 3]

У сыходным радаводзе (гл. Табл. 2) пачынаюць з самага аддаленага з продкаў і паступова пераходзяць да нашчадкаў. [2; 3]


Табл. 2

Сыходны радавод





Мужчынскі сыходны радавод указвае ўсё патомства родапачынальніка па мужчынскай лініі з указаннем імёнаў іх жонак.

Мужчынскі ўзыходны радавод выглядае як адна лінія, паколькі ў кожным пакаленні паказаны толькі адзін продак мужчынскага полу. Прозвішча ў мужчынскіх радаслоўях толькі адно.

Змешаны сыходны радавод паказвае ўсіх нашчадкаў родапачынальніка незалежна ад полу.

Змешаны ўзыходны радавод паказвае ўсіх продкаў па мужчынскай і жаночай лініі. У першым калене адзін чалавек, у другім – два, у трэцім – чатыры, і г. д. у геаметрычнай прагрэсіі, прычым кожны чалавек належыць да іншага роду, так што ў чацвёртым калене прысутнічаюць прадстаўнікі васьмі родаў.

У стандартным радаводзе выкарыстоўваюцца простыя ўмоўныя абазначэнні і правілы:



  1. Мужчыны заўсёды абазначаюцца ў выглядзе квадратаў ці ромбаў, жанчыны – у выглядзе авалаў. У сярэдзіне фігур можа змяшчацца інфармацыя аб продку (імя і прозвішча, гады жыцця і г. д.)

  2. Графічна абазначаюцца толькі сувязі трох відаў: “муж-жонка”, “бацькі-дзеці”, “брат-сястра”.

  3. Муж і жонка, браты і сёстры (у тым ліку стрыечныя) заўсёды паказваюцца на адным гарызантальным узроўні, г. зн. у адным пакаленні. Розніца ва ўзросце значэння не мае.


Радаводная табліца

Радаводная табліца – гэта тое ж самае, што і радавод, толькі без усялякіх упрыгожванняў. Кожнае пакаленне размешчана строга па гарызанталі. Старшынство асоб у кожным пакаленні ідзе злева направа. Узыходную табліцу зрабіць лёгка, сыходную цяжка: перашкаджае розная колькасць імёнаў у пакаленні і нашчадкаў у кожнага чалавека. У 17 ст. у генеалагічных табліцах, у рускіх радаводных кнігах 17 ст. і дарэвалюцыйнай гістарычнай літаратуры родапачынальнік змяшчаецца ў верхнім радку, а далей уніз – пакаленні яго нашчадкаў.

У гарызантальнай табліцы інфармацыя размяшчаецца злева направа: спачатку родапачынальнік або чалавек, чый радавод складаецца, затым слупкамі па пакаленнях усе яго продкі ці нашчадкі. Старэйшыя нашчадкі змешчаны зверху, і табліца чытаецца зверху ўніз.



Кругавыя табліцы выкарыстоўваліся ў англійскай і французскай генеалогіі. У цэнтры – чалавек, для якога складаўся радавод. Далей круг дзеляць напалам, у адной палове продкі па бацькоўскай лініі, у другой – па мацярынскай. Кругавыя табліцы бываюць толькі ўзыходнымі. [4]

Кожнаму чалавеку ў табліцы прысвойваюць свой нумар.



Радаводны роспіс

Радаводны роспіс – гэта пераказ табліцы, куды дабаўлены звесткі пра кожнае імя, пры гэтым указваецца крыніца інфармацыі. Пры кожным імені з левага боку ставіцца нумар па парадку. У Расіі радаводныя роспісы з’явіліся ў канцы 15 ст. У саракавыя гады 16 ст. з’явіліся радаводныя кнігі, складзеныя ў Разрадным прыказе, які рэгуляваў паступленне на вайсковую службу. Пры Пятры І была створана Геральдмайстарская кантора, якая праіснавала да 1917 г., мяняючы свае назвы.

Існавалі два самыя распаўсюджаныя спосабы нумарацыі. Згодна сістэме Д’Абовіля родапачынальніку прысвойваецца нумар 1, другое пакаленне будзе складацца з дзвюх лічбаў, першая з якіх указвае на родапачынальніка, другая – на нумар яго дзіця (1.1, 1.2, 1.3). У трэцім калене будзе ўжо тры лічбы – дабаўляецца нумар унука (1.1.3, 1.2.1, 1.2.2) і г. д.

Другі спосаб – фармат Канавалава. Па ім кожнаму члену роспісу даецца нумар па парадку, а ў дужках указваецца нумар бацькі (2-1, 19-3). Такім чынам, можна даведацца пра агульную колькасць прадстаўнікоў таго ці іншага роду. Цяжкасці пры такой сістэме ў тым, што пры з’яўленні звестак пра новае імя прыходзіцца перанумароўваць увесь спіс нанава. [2; 3]


  1. Гісторыя роду Каішэўскіх герба Topor (Старжа)

Р
Мал.1

Герб “Topor”

(да зменаў)
одапачынальнікам лічыцца граф Юліян Каішэўскі, які жыў у канцы 18 ст. у Рэчы Паспалітай. Юліян належыў да клана гебра Старжа, аднаго з самых старажытных гербаў Рэчы Паспалітай. [5] У кнізе А. Б. Лакнера “Руская геральдыка” падаецца апісанне герба: “В красном поле топор, острием обращенный влево. Лезвие у него серебряное, рукоятка золотая. На самом железе изображена луна с несколькими кружками. В нашлемнике такой же топор в наклоненном только положении. Самая фигура усвоила этому гербу название Топор; а по древней фамилии Старжа, которой он был впервые пожалован, дано этой эмблеме и другое название Старжа (польск. Starza).” [6, с. 292, табл. 25, мал. 16]

Герб Сякера лічыцца адным са старажытнейшых польскіх шляхетных знакаў. Упершыню ён быў выкарыстаны ў 13 ст. Да Гарадзельскай уніі ўключаў у сябе прыкладна 220 шляхетных родаў. У наш час іх колькасць узрасла да 370. Герб быў распаўсюджаны ў асноўным у Кракаве, Любліне, Сандаміры.

Родапачынальнік граф Юліян Каішэўскі прыняў удзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, за што страціў маёмасць, тытул і быў сасланы ў Сібір. Аднак імператар Павел І многім дазваляў вярнуцца на Радзіму і нават вяртаў тытулы і ўласнасць пры ўмове, што шляхта прысягне на вернасць Расійскай імперыі і імператару.

Калі Юліян Каішэўскі прысягнуў на вернасць Паўлу І, той дазволіў вярнуцца ў Польшчу, але тытул графа не вярнуў і загадаў часткова змяніць герб Старжа. Карона, якая была размешчана на нашлемніку герба, павінна была б знікнуць (бо яна азначала тытулаваны род), але Павел І вырашыў інакш: ён дабавіў над каронай выяву яшчэ адной сякеры ў нахіленым стане. Новы герб нібыта распавядаў гісторыю, што яго носьбіт узняў руку на жыццё імператара (карона такім чынам таксама памяняла сваё значэнне).




Мал. 2.

Герб “Topor”

(пасля зменаў, унесеных па загаду Паўла І)
У сям’і Каішэўскіх існуе паданне, якое расказвае гісторыю ўзнікнення новай галіны роду. Юліян Каішэўскі перад паўстаннем пазнаёміўся з дачкой графа Шуйскага Кацярынай. Дзяўчына была вельмі прыгожай і ганарлівай. Яна адмаўляла ўсім прыхільнікам, чым яе бацька быў вельмі незадаволены. Каб звярнуць на сябе ўвагу, Юліян прадпрыняў новую тактыку: ён зусім не глядзеў на графіню, але часта расказваў, што яго нявеста ў Польшчы хоць і не такая прыгожая, як Шуйская, ды ён яе кахае. Выдуманую нявесту Юліян праслаўляў кожны раз пры сустрэчы з Кацярынай, робячы гэта як бы незнарок. Ганарліўка не магла сцярпець, што на яе не звяртаюць аніякай увагі і, больш таго, аддаюць перавагу якойсьці там польцы, яшчэ і непрыгожай. Дзяўчына сама пачала дамагацца сустрэч з Юліянам, той спачатку адмаўляў ёй, чым яшчэ больш распаліў цікавасць да сваёй асобы. Урэшце, Кацярына закахалася ў графа Каішэўскага.

Яны павінны былі ажаніцца, ды ў 1794 г. пачалося паўстанне. Юліян быў сасланы, а Кацярына прызналася бацьку, што цяжарная. Граф быў раз’юшаны. Ён адаслаў дачку ў далёкую вёску, дзе тая нарадзіла дзяўчынку, якую назвала Юліяй.

Пасля смерці Кацярыны ІІ, калі граф Шуйскі стаў адным з фаварытаў Паўла І, дзяўчына выпрасіла дазвол на вяселле з Каішэўскім. Шуйскі згадзіўся, але ён так і не змог дараваць дачцэ незаконнанароджанае дзіця. Каішэўскаму не вярнулі тытул, былыя землі адабралі, затое далі новыя – вёскі Падалессе, Буховічы і Басяч у Кобрынскім павеце.


Карта 1.

Вёскі, якія Павел І падараваў Юліяну Каішэўскаму

Так Юліян Каішэўскі трапіў на Кобрыншчыну. [7]

Польская шляхта, прысягнуўшая на вернасць Расіі, павінна была даказаць сваё дваранскае паходжанне. У Расійскай імперыі ў кожнай губерні існавалі дваранскія сходы, якія і займаліся падцверджаннем шляхетнага паходжання. Такія сходы былі створаны і ў новых губерніях (былой частцы Рэчы Паспалітай). Усе зацверджаныя дваранскія роды запісваліся ў губернскія Дваранскія Радаводныя кнігі (ДРК), якія складаліся з 6 частак. У кожную з такіх частак запісваліся роды на пэўных умовах.

У 1 частку запісваліся роды сапраўднага (пазней 1685г) і новыя дваранскія роды. У 2 частку – роды выслужанага дваранства ваеннай службай, у 3 частку – роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, у 4 частку – роды замежнага паходжання, у 5 частку ДРК – тытулаваныя роды, у 6 частку – старажытныя дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685 г. Згодна Даравальнай грамаце 1785 г. расійскае дваранства вызвалялася ад службы. Губернскія дваранскія сходы ўзялі за аснову гэты дакумент, каб падзяліць польскую шляхту на новую і старажытную. Кожны род павінен быў падцвердзіць сваё дваранскае паходжанне, прадаставіўшы дакументы (метрычныя кнігі, апісанне маёмасці, пасямейныя спіскі і іншыя дакументы). Калі шляхта магла падцвердзіць сваю прыналежнасць да дваранскага саслоўя на працягу не менш за 100 год да моманту выдання Даравальнай граматы 1785 г, то яна запісвалася ў 6 частку ДРК. Калі шляхта не магла сабраць дакументы за 100 год, яна запісвалася ў 1 частку ДРК. [1]

Юліян Каішэўскі сабраў усе неабходныя дакументы і даказаў сваё шляхетнае паходжанне (меркавана ў 1820-х гг., калі заявы на ўстанаўленне паходжання сталі масава падавацца ў губернскія дваранскія сходы). Род Каішэўскіх быў запісаны ў 6 частку Дваранскай Радаводнай кнігі Гродзенскай губерні за № 725. [7]

Сто гадоў пражылі Каішэўскія на Кобрыншчыне. На жаль, адсутнічае інфармацыя пра ўсіх прадстаўнікоў гэтай сям’і. Усе дакументы, якія датычацца гісторыі Брэсцкай і Гродзенскай вобласці да 1917 года, захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна (фонд 332). Гэты фонд амаль поўнасцю знішчаны. [8] Таму прасачыць гісторыю рода за 19 ст. не прадстаўляецца магчымым. У вёсках, якія належылі Каішэўскім, не захаваліся старыя могілкі, на якіх можна было б знайсці надмагільныя пліты і па іх устанавіць гады жыцця членаў сям’і Каішэўскіх.

Такім чынам, вядома толькі наступнае: у Юліяна і жонкі нарадзілася некалькі дзяцей, у тым ліку дачка Юлія і сын Вацлаў, які атрымаў шляхетнае паходжанне па спадчыне. У яго нарадзіўся сын, якога назвалі Юзаф. Пра дзяцей Юзафа Каішэўскага вядома намнога больш. Першае дзіця, дзяўчынка, нарадзілася прыкладна ў канцы 1850-х - пачатку 1860-х гадоў, калі Юзаф быў вельмі малады. Дзяўчынку назвалі Тэафіліяй. Бацькі вельмі яе любілі і апякалі. У Тэафіліі з дзяцінства былі здольнасці да вершаскладання. Яна часта пісала кароценькія вершыкі і падкладвала іх у розных месцах у доме. Бацькі знаходзілі іх і пад падушкай, і каля вазы на тэрасе, і ля талеркі. Такім чынам Тэафілія хацела паказаць, наколькі яна любіць сваіх родных. У падлеткавым узросце дзяўчына стала пісаць песні, у аснову якіх клала свае вершы.

У 1870-1871г. нарадзіўся Адам Каішэўскі. Сям’я жыла тады ў вёсцы Буховічы Кобрынскага павета. У той жа час здарылася непрыемная гісторыя – Тэафілія была вельмі прыгожай і багатай нявестай. Пра гэта даведаўся адзін ашуканец. Ён быў прывабны і лёгка змог закахаць у сябе дзяўчыну. Каханне было настолькі моцным, што хлопец жыў на сродкі Тэафіліі. А калі дзяўчына стала часта намякаць на вяселле, ён уцёк з усімі яе грашыма і каштоўнасцямі. Паліцыя не змагла знайсці аферыста. Тэафілія вярнулася да бацькі, назаўсёды страціўшы веру ў справядлівасць і каханне. Яна так і не выйшла замуж.


Мал. 3.

Адам Каішэўскі
Адам Каішэўскі атрымаў у Варшаве добрую адукацыю, стаўшы адвакатам. У 1910 годзе ён падцвердзіў сваё дваранскае паходжанне, пра што сведчыць запіс у Памятнай кніжцы Гродзенскай губерніі. Ён ажаніўся, і, здавалася, усё будучае будзе ясным і цудоўным – практыка ў Кобрыне, прыгажуня-жонка, сябры, ўдзячныя кліенты… Аднак жонка хварэла на сухоты і неўзабаве памерла. Пэўны час Адам жыў адзін, служыў адквакатам.


Мал. 4.



Першая жонка Адама Каішэўскага
На погляды Адама на сацыяльнае становішча сялян паўплывала Тэафілія, якая ў гады рэакцыі пасля паўстання Кастуся Каліноўскага збірала ў сябе тайныя сходы, распаўсюджвала рэвалюцыйныя пракламацыі. Таму і Адам спачуваў сялянам і часта адстойваў інатрэсы іх у судзе, нават не беручы платы за свае паслугі з тых, хто не мог яму заплаціць. Пра Адама Каішэўскага і зараз успамінаюць у Кобрынскім судзе як пра сумленнага і таленавітага адваката. [9]

У вёсцы Падалессе была летняя дача Каішэўскіх. Там Адам сустрэў прыгожую дзяўчыну Надзею, якая служыла эканомкай. Адам закахаўся ў яе, і пражыў з ёю да канца свайго жыцця. Так Данілюк Надзея Платонаўна стала любімай жанчынай адваката Каішэўскага.




Мал. 5.

Надзея Данілюк
У Адама Каішэўскага і Данілюк Надзеі Платонаўны нарадзілася трое дзяцей. У 1921 годзе – Марыя, у 1925 – Ян, у 1928 – Соф’я. Сям’я жыла ў в. Падалессе. Адам не займаўся маёнткам, а здаваў яго ў арэнду за нізкую плату. Каля дома быў вялікі сад, у якім расло шмат яблынь, а таксама 20 кустоў бэзу (яго любіла Надзея Платонаўна) і 150 кустоў руж.


Мал. 6.

Летняя дача Каішэўскіх

у в. Падалессе
Адам Каішэўскі вельмі любіў сваіх дзяцей. У малодшай дачкі Соф’і было слабое здароўе (хварэла на малакроўе), і бацька часта вазіў ўсіх дзяцей на курорты Польшчы.

Вельмі добрыя адносіны былі ў Каішэўскага з жыхарамі Падалесся. Сяляне любілі свайго пана. Калі завяршалася ўборка ўраджаю, Адам Каішэўскі наладжваў у маёнтку дажынкі, на якія запрашаў усіх жыхароў вёскі і частаваў іх.


Мал. 7.

Польская гімназія, у якой вучылася Марыя Каішэўская
З прыходам савецкіх войскаў у верасні 1939 г. жыццё сям’і карэнным чынам змянілася. Марыя і Ян паспелі скончыць гімназію ў Кобрыне на вуліцы Легіёнаў, Соф’я правучылася толькі некалькі гадоў у польскім пансіёне пры манастыры урсулінак.

Чырвонаармейцы прыйшлі ў Падалессе. У вёсцы быў створаны калгас. Камуністы хацелі расстраляць усю сям’ю Каішэўскіх, але сяляне не далі. Яны выратавалі свайго былога пана і толькі спалілі маёнтак, каб савецкія ўлады не праследавалі іх за “маладушша”. Адам Каішэўскі быў вымушаны пакінуць жонку і дзяцей. Яму не давалі жыцця новыя ўлады, і ён паехаў у Варшаву, каб уладкавацца там. Сям’ю пакінуў у Падалессі, бо сам ехаў “ў нікуды”, і меркаваў забраць іх да сябе, як толькі знойдзе месца працы і жытло. Аднак у той час у сталіцы Польшчы гаспадарылі немцы. Адам Каішэўскі быў забіты, ён так і не паспеў знайсці працу.

Пасля трагедыі сям’і прыйшлося вучыцца жыць у новай дзяржаве, дзе паноў ненавідзелі, лічылі ворагамі. Каб пракарміць сям’ю, Надзея Платонаўна пайшла працаваць, а Марыя і Ян дапамагалі маці па гаспадарцы. Соф’я вучылася ў мясцовай сямігодцы.


Мал. 8.

Соф’я Каішэўская
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Каішэўскія жылі ў Падалессі ў чужой хаце, куды іх пусцілі спагадлівыя сяляне. Яны аддалі панскай сям’і два пакоі. Соф’я Адамаўна, малодшая дачка, ўспамінала, што партызаны ў вёску прыходзілі часта, і амаль заўсёды за самагонам. Аднойчы зімовай ноччу пастукалі ў вокны і пад дулам аўтамата загадалі пячы хлеб. Пры гэтым п’яна пасмейваліся, што настаў той час, калі панскія дзеці сялянам прыслугоўваюць. Пасля сталі рабаваць, вынеслі цёплыя рэчы, боты, ежу. Гаспадары хаты маўчалі. У люльцы спала малое дзіця, і адзін з партызанаў убачыў, што яно ўкрыта прыгожым пакрывалам. Ён захацеў забраць, але на яго шляху ўстала Соф’я. Яна пачала саромець мужчыну, за што ледзь не паплацілася жыццём. П’яны наставіў на дзяўчыну аўтамат, але астатнія адцягнулі нягодніка і выпіхалі яго з хаты. Партызаны забралі нарабаванае і цёплы хлеб і пайшлі. Адзін з іх, самы малады, ішоў апошні. Ён спыніўся каля дзвярэй і няголасна, каб не пачулі сябры, сказаў: “Даруйце нам, калі зможаце”.

Можа, і не трэба было б апісваць такі зладзейскі ўчынак партызанаў, аднак на вайне бывала ўсялякае. І ў партызаны не заўсёды ішлі людзі з чыстым сумленнем. Былі і такія, што проста любілі пастраляць, атрымлівалі асалоду ад здзекаў. Адзін з такіх, Шэмецюк Фёдар, пачаў прыставаць да Марыі, старэйшай дачкі Надзеі Платонаўны. Ён адкрыта пагражаў дзяўчыне, што калі тая не адкажа ўзаемнасцю, ён перастраляе ўсю сям’ю. Марыя цярпела заляцанні да самага канца вайны. З прыходам Чырвонай арміі ў 1944 годзе Фёдара забралі ў войска, і дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.


Мал. 9.



Ян Каішэўскі
У гэтым жа годзе Яна Каішэўскага, якому споўнілася 19 гадоў, забралі у Войска Польскае. Марыя і Соф’я ездзілі праваджаць яго ў г. Косава Брэсцкай вобласці, адкуль Ян паехаў на фронт. Больш сёстры не бачылі ціхага, спакойнага і разважлівага Яна – ён прапаў без вестак.


Мал. 10.

Марыя Каішэўская
У 1945 годзе з вайны пачалі вяртацца салдаты. Вярнуўся і Фёдар Шэмецюк. Ён адразу ж пайшоў да Марыі і сказаў, што калі дзяўчына не выйдзе за яго замуж, усю сям’ю вышлюць у Сібір. Марыі нічога не заставалася, як згадзіцца. Аднак яна паставіла ўмову, што Фёдар дазволіць ёй жыць з сям’ёй. Так адукаваная дзяўчына, якая ведала некалькі замежных моў, выйшла замуж за паўадукаванага калгасніка, пераехала ў Буховічы, тую самую вёску, якая калісьці належыла яе продкам, і пачала працаваць у калгасе.

Соф’я так і не змагла знайсці працу, бо яе, панскую дачку, не жадалі бачыць ва ўстановах Савецкай Беларусі. Прыйшлося ў 1947 г. завербавацца ў Карэлію. Туды Соф’я паехала не адна, яна забрала з сабой маці. Надзея Платонаўна стала хварэць, а даглядаць чужога чалавека, ды яшчэ “з былых паноў”, у сям’і Шэмецюкоў ніхто не жадаў. Марыя плакала, развітваючыся з маці, аднак нічога не магла зрабіць. Паехаць з імі разам таксама не атрымлівалася: яна чакала дзіця.


Мал. 11.

Уладас Дамбраўскас.

Здымак 1946 г.
У Карэліі 20-гадовая Соф’я працавала на лесанарыхтоўках, у мароз і спёку, пад дажджом і ветрам абсякала сучча. Аднак жыццё не заўсёды бывае складаным, здараюцца і светлыя моманты. Адным з іх была сустрэча з літоўцам, які таксама апынуўся далёка ад роднай вёскі. Яго звалі Дамбраўскас Уладас. Уладас працаваў у калгасе механікам на катэры і дапамог Соф’і ўладкавацца касірам. У 1953 г. яны прымаюць рашэнне выехаць з Карэліі. А куды ехаць жыць? Уладас хацеў вярнуцца дадому, але Соф’я баялася, што да беларусаў там будуць дрэнна ставіцца. Ды і Надзея Платонаўна марыла пабачыць унука. Такім чынам, сям’я Дамбраўскас вярнулася на Беларусь, у Кобрын. Спачатку яны жылі на чужой кватэры, але пасля Уладас атрымаў служэбнае жыллё, і сям’я перабралася туды. У тым жа годзе яны пабраліся шлюбам.

За той час, калі Соф’я і Надзея Платонаўна жылі ў Карэліі, у Марыі Шэмецюк нарадзілася два сыны – Яўген і Пётр. Марыя хацела, каб яны былі адукаванымі, як іх дзед Адам Каішэўскі, але Фёдар быў супраць. Ён гаварыў, што калі дзеці не хочуць вучыцца, то і не трэба іх прымушаць. Праз некаторы час жанчына падала на развод: яна не магла больш жыць з нялюбым, які прыніжаў жонку і здзекваўся з яе. Фёдар выехаў у Растоўскую вобласць разам з сынамі, “каб маці не ўплывала на іх і не рабіла ворагамі савецкай улады”. Марыя пераехала ў Кобрын і забрала Надзею Платонаўну да сябе.

У 1957 г. у сям’і Соф’і і Уладаса Дамбраўскас нарадзілася дачка, якую назвалі Людмілай. З самага дзяцінства было відаць, што дзяўчынка з роду Каішэўскіх: яна выдатна вучылася ў школе. Кожны год Соф’я Адамаўна атрымлівала ўдзячныя лісты ад настаўніц. З 2 класа фотаздымак Людмілы – неад’емная частка Ганаровай дошкі школы №2 г. Кобрына.

У 1964 годзе на свет з’явіўся сын Аляксандр. У гэты час сям’я жыла ў цэнтры горада над аптэкай. Хоць яны і жылі на другім паверсе, аднак за вадой трэба было хадзіць да калодзежа або калонкі, дровы таксама прыходзілася цягаць наверх. Соф’я, якая ў час працы на лесанарыхтоўках падарвала здароўе, стала хварэць.

У канцы 1960-х на Беларусь вярнуўся Пётр, сын Марыі Адамаўны. Яўген застаўся з бацькам. Пётр ужо адслужыў у арміі, ён быў рады бачыць маці і бабулю. На жаль, Надзея Платонаўна памерла ў снежні 1967 г., і Марыя Адамаўна засталася з сынам. У хуткім часе Пётр пазнаёміўся з Марыяй Саўчук. Марыі Адамаўне не падабалася будучая нявестка, але яна настолькі баялася, што сын кіне яе і вернецца ў Растоўскую вобласць, што дала згоду на шлюб, аб чым не аднойчы пашкадавала.


Мал. 12.

Людміла Дамбраўскас
У 1973 г. у сям’і Дамбраўскас здарылася трагедыя: Уладас пайшоў на працу і не вярнуўся – яго ўдарыла токам. Соф’я на той час хварэла, у яе аднялася нага. Сям’я засталася без сродкаў да існавання. Людміла і Аляксандр выконвалі ўсю працу па гаспадарцы, аднак жыць на другім паверсе стала немагчыма – Соф’я не магла хадзіць. На былым месцы працы Уладаса пайшлі насустрач і выдзелілі двухпакаёвую кватэру на першым паверсе ў толькі што пабудаваным доме. Сям’я перабралася туды. Аляксандр памяняў школу, з трэцяй чвэрці 1973 года ён пачаў наведваць сярэднюю школу №1, былую польскую гімназію (тую самую, у якой вучыліся Марыя і Ян).

У гэтым жа годзе ў сям’і Пятра і Марыі Шэмецюкоў нарадзілася дачка Алена. Марыя Каішэўская пачала даглядаць ўнучку.

У 1974 г. Людміла скончыла школу і паступіла на вучобу ў Кобрынскую школу-магазін. Пасля некалькі год працавала прадаўцом. Соф’я Адамаўна акрыяла, аднак знайсці добрааплочваемую працу не змагла. Яна была вымушана працаваць прыбіральшчыцай, каб зарабіць грошай для дзяцей. У 1977 г. Людміле далі накіраванне ў гандлёва-эканамічны тэхнікум у Навагрудку. Дзяўчына не хацела ехаць, бо маці застанецца адна з сынам-школьнікам, але Соф’я Адамаўна ўгаварыла дачку. У гэтым жа годзе Людміла пазнаёмілася з Генадзем Мігалем, сваім будучым мужам. Людміла ўспамінала, што першая іх сустрэча адбылася на дні нараджэнні сяброўкі, куды Генадзь прыйшоў са сваёй дзяўчынай. Аднак праз некаторы час Генадзь расстаўся з ёю і пачаў сустракацца з Людмілай.

У 1976 г. у сям’і Шэмецюкоўна свет з’явілася другая дачка, якой далі імя Святлана.

У 1978 г. Людміла скончыл тэхнікум і атрымала дыплом з адзнакай. Ёй, адзінай з усіх выпускнікоў таго году, далі накіраванне на вучобу ў інстытут народнай гаспадаркі, але Людміла адмовілася – у маці маленькая зарплата, вырас Аляксандр, а пракарміць двух студэнтаў цяжка. Людміла 1 сакавіка 1978 г. забрала дыплом і вярнулася ў Кобрын, а 11 сакавіка выйшла замуж за Генадзя Мігаля.

У 1979 г. у Генадзя і Людмілы Мігаль нарадзіўся першынец – дачка Алена. Людміла працавала бухгалтарам, Генадзь – рабочым на ткацкай фабрыцы. У 1983 г. на свет з’явіўся сын Дзмітрый, у 1988 г. – сын Павел.

У 1984 г. ажаніўся Аляксандр Дамбраўскас, сын Соф’і Адамаўны. Яго жонкай стала Андранюк Алена Міхайлаўна. У 1985 г. у іх нарадзілася дачка Аксана, а ў 1998 г. – сын Максім.

Алена і Святлана Шэмецюкі пайшлі ў свайго дзеда Фёдара – у школе вучыцца не жадалі. Пасля яе заканчэння Алена пазнаёмілася з Трубчыкам Юрыем і выйшла за яго замуж. Яны некаторы час жылі на радзіме мужа, а потым вярнуліся ў Кобрын. Алена працавала нянечкай у дзіцячым садку, а потым дворнікам. Святлана таксама нікуды не паступіла. Яна пазнаёмілася з дагестанцам Валерыем Чуйковым і выйшла за яго замуж. Зараз яна гандлюе каля рынка роднымі дробязямі.




Мал. 13.

Марыя Каішэўская з праўнукамі (злева направа: Ігар, Марына, Анжаліка)
Марыя Адамаўна дачакалася праўнукаў: у Алены ў 1993 г. нарадзіўся сын Ігар, у 1995 – дачка Марына, у Святланы ў 1997 – дачка Анжаліка. Яны яшчэ школьнікі, вучацца ў школе №9 г. Кобрына. Тут размешчаны адзін з апошніх здымкаў Марыі Адамаўны з праўнукамі. У 2008 г. у Святланы нарадзілася яшчэ адна дачка – Дар’я, але яе жанчына ўжо не ўбачыла. У 1995 годзе памерла Соф’я Адамаўна, а ў 2002 – Марыя Адамаўна.

Жыццё Каішэўскіх у 20 ст. было вельмі складаным. На лёс старажытнага роду ўплывала гісторыя краіны: рэвалюцыя 1917 г.; Рыжскі мірны дагавор 1921 г, паводле якога Беларусь падзялілася на Заходнюю і Усходнюю; верасень 1939, Вялікая Айчынная вайна – усё гэта так ці інакш мяняла лёсы людзей, адных рабіла ворагамі, другіх – блізкімі і роднымі.

Можа быць, 21 стагоддзе будзе больш літасцівым да роду Каішэўскіх? Пачатак пакладзены – Аксана Дамбраўскас, унучка Соф’і Адамаўны, у 2008 г. выйшла замуж за Андрэя Радыванюка. Пачынаецца гісторыя новага пакалення, і пісаць яе будуць нашчадкі герба Topor: Алена, Дзмітрый і Павел Мігалі, Аксана Радыванюк і Максім Дамбраўскас, Ігар і Марына Трубчыкі, Анжаліка і Дар’я Чуйковы.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка