Зялёныя пацеркі казка




Дата канвертавання28.12.2016
Памер67.41 Kb.
ЗЯЛЁНЫЯ ПАЦЕРКІ
Казка
Bёска Альшанка стаіць на вялікай выспе. 3 трох бакоў яе акружаюць балоты, а з чацвёртага боку цячэ рэчка. Характар у рэчкі дзіўны — то яна перасыхае, і ты можаш загразнуць, перабіраючыся цераз яе, то разліваецца бурлівай паводкай, і яе цяжка пераплыць нават на чоўне. Адным словам, дабрацца да Альшанкі можна толькі тады, калі мароз навядзе над вадою свае іскрыстыя маеты. Тады едуць у адведы да сваякоў, тады едуць сваты, бо альшанскія дзяўчаты славяцца сваёй прыгажосцю.

У хаце каваля Сцяпана, які меў пяць дачок, штогод гулялі вяселлі. А як аддаў ён апошнюю дачку ў чужую вёску, засумаваў. Быў Сцяпан удаўцом. А як без жанчыны ў хаце? Пачаў ён раіцца са сваім работнікам Ігнасем.

— Я ўжо стары, каб жаніцца. ЦІ не ажэнішся ты, Ігнась? Такі хлопец ладны, прыгожы, за цябе кожная пойдзе.

— Не, гаспадар, не згодзен. Гэта калі казу ці авечку выбіраеш, думаеш, якая ад іх карысць табе будзе. А жонка... Да яе трэба душой прыкіпець, сэрцам прывязацца...

I не скончыў гаварыць, таму што на парозе стаяла і слухала яго чарнавокая маладая кабета, трымаючы за руку такога ж чарнавокага хлопчыка.

Сцяпан кінуўся распранаць іх.

— Ігнась, гэта ж дочка мая старэйшая, Міхаліна, ты яе не ведаеш. I сын яе, Юзік, — гаварыў Сцяпан, завіхаючыся каля гасцей. — Клікалі мы яе на вяселле, ды не прыехала, казала, што года яшчэ няма, як муж памёр. А вось жа надумала...

— Можа, ты не рады, бацька? — жартам спытала Міхаліна.

— Што ты, што ты, Міхаліначка! Гасцюй на здароўе. Ты надоўга прыехала?

— Думаю, што да вясны.

— Значыць, і да восені. Вось як нам пашанцавала, Ігнась! Будзе маладзіца ў доме.

А Міхаліна ўжо ўзялася ў хаце прыбіраць, бульбу ў печ паставіла, бліны на заўтра рашчыніла. Потым села, Юзіку кашульку вышывае ды паціху спявае:

Не ўсе лугі пакошаны,

Не ўсе сенажаці.

Пытаецца сын у мацеры,

Каторую ўзяці.

Словам, хата ажыла, зазвінела, стала ў ёй хораша і ўтульна.

Так пачалі яны жыць учатырох. Пакуль зіма была, Юзік усё больш у хаце гуляў ці ў кузні сядзеў ля агню. А як вясна пачалася, цягне яго з дому то ў поле, то ў лес, то на рэчку. Дзякуй Ігнасю — калі не было работы ў кузні, браў яго ўсюды з сабой.

Аднойчы Юзік убег у хату расчырванелы, радасны, вочы гараць, светлыя валасы раскудлаціліся.

— Мама, глядзі, што мы табе прынеслі!

Міхаліна зірнула і ўбачыла ў руках Юзіка нейкія незвычайныя зялёныя пацеркі. Ярка свяціла сонца, і яны пераліваліся жоўта-зялёнымі агеньчыкамі. Ля парога стаяў Ігнась, усміхаючыся ў вусы.

— Дзе вы іх узялі?

— У рэчцы. Яны за куст зачапіліся. А дзядзька Ігнась узяў човен і паплыў за імі. Яго некалькі разоў адносіла ад куста, але ён усё ж такі іх зачапіў.

— Ну, дзякуй вам, — сказала Міхаліна і ўскінула зіхатлівыя ніткі сабе на грудзі.

— Ой, мама, якая ты прыгожая! — закрычаў Юзік і адразу пачаў прыспешваць Ігнася: — Пойдзем хутчэй на рэчку, можа, яшчэ што-небудзь знойдзем.

I пацягнуў яго за сабою.

Міхаліна засталася адна. Сонца зайшло за хмару і пацеркі адразу страцілі свой сонечны бляск, сталі непрыемнага чорна-зялёнага колеру. Нешта сціснула Міхаліне сэрца, на вочы набеглі слёзы.

Міхаліна ціхенька зняла пацеркі і паклала іх у скрыначку на стале. Калі Юзік спытае, дзе пацеркі, яна скажа, што хавае іх на свята.

А праз дзень прыйшла у Альшанку гэтая дзіўная жабрачка з дзіцем. Яна была худая, рукі прыкрывалі доўгія рукавы, а твар здаваўся нават зеленаватым, такі ён быў бледны. Прывёў яе Юзік з выгану, дзе дзеці пасвілі гусей.

— Як жа ты трапіла да нас, нябога? — спытала яе Міхаліна. — Адтуль жа ніводнай сцежкі няма, адны балоты.

— Мама, яна нямая, — сказаў Юзік. — Пакармі іх чым-небудзь, яе дзіця так жаласна плача.

Немаўля, захутанае ў нейкія лахманы, сапраўды надрывалася ад крыку. Міхаліна вынесла ім паесці, яшчэ бульбы насыпала ў торбачку і, бачачы, што жабрачка хістаецца ад стомы, прапанавала ёй адпачыць у пуні.


Юзік узяўся паказаць, дзе пуня, і жабрачка, нешта мармычучы і кланяючыся, выйшла з ім з хаты.

Пуня стаяла адкрытая, жабрачка магла ў любы момант пакінуць яе, і Міхаліна занялася хатнімі справамі.

Вечарэла. Юзік сядзеў нейкі ціхі, не балбатаў, не дурэў.

— Што з табой, Юзічак? — спытала Міхаліна.

— Мне холадна, — адказаў Юзік. Міхаліна паклала яго на ложак, накрыла коўдрамі, футрамі, чым магла. I ўсё роўна ён калаціўся ад холаду.

Мужчын дома не было, яны паехалі за дровамі. Міхаліна з адчаем чакала іх. Вось нарэшце зарыпелі вароты, воз з дровамі ўехаў на двор. Сцяпан і Ігнась увайшлі ў хату.

— У Юзіка ліхаманка, — сказала ў роспачы Міхаліна. — Што рабіць?

У нас рэдка бывае ліхаманка, — задумаўся Сцяпан. — Выспа высокая, вятры дзьмуць. Вось хіба што... Скажы, не прыходзіла сюды надоечы жабрачка?

— Так, сёння прыходзіла, Юзік яе ў пуню завёў.

— Чуў я ад старых людзей, што пад выглядам жабрачкі ў вёскі часам прыходзіць сама Балотная Трасца. Асабліва калі злуецца на кагосьці. Юзік не мог нічога ёй зрабіць?

— Пацеркі! — ахнула Міхаліна. Падбегла да скрыначкі, адчыніла яе — пацерак няма. — Калі што-небудзь здарыцца з Юзікам, — ціха сказала Міхаліна, — я жыць не стану.

Ігнась непрыкметна выйшаў з хаты. Пуня была пустая. На мяккай зямлі добра відаць былі дзіўныя сляды —дарослы і дзіцячы — з перапонкамі паміж пальцамі.

Ігнась убачыў на беразе балота невялікае вогнішча і схаваўся за кустом. Тут сядзелі жабрачка і яе дзіця. Але якое гэта было дзіця! Вялікае тоўстае жабяня са зморшчаным чалавечым тварам. Яно час ад часу кукарэкала.

"Багнік! — падумаў Ігнась. — Гэта ён умее і плакаць па-чалавечаму, і кукарэкаць, як певень".

— Ну што, — спытаўся Багнік, — хутка будзе печаная бульба?

— Хутка, хутка, — адказала яму жабрачка, перабіраючы свае пацеркі і любуючыся імі. — Мне гэтыя пацеркі яшчэ мая бабуля падарыла. Казала, яны каго хочаш могуць прычараваць. А каго тут чараваць? Вось апошнім часам новы Лясун аб'явіўся на суседнім балоце. Я гэтыя пацеркі дастала з багны і павесіла на куст у рэчцы, каб прамыць іх. Ды тут тэты хлопец усё просіць дзядзьку: "Дастань ды дастань пацеркі з рэчкі".

"Ну, пачакайце ж", — падумаў Ігнась. Ён прымерыўся і схапіў Багніка за нагу. Трасца, убачыўшы гэта, дзіка закрычала, пазелянела, падабрала спадніцу і, мільгануўшы тонкімі нагамі з вялізнымі, як лапці, ступнямі, трыма скачкамі дасягнула балота і знікла ў "воўчым воку", як яе і не было.

А вось Багнік, колькі ні тузаўся, колькі ні крычаў рознымі страшнымі галасамі, не вырваўся з рук Ігнася. Ігнась звязаў яго, прымацаваўшы яшчэ на карку пятлю, каб зручней было несці, і сказаў:

— Слухай мяне ўважліва. Альбо зараз я занясу цябе пад павець і высушу разам з дровамі...

— Усё, усё, я зразумеў, — сказаў Багнік. — Першае "альбо" мне не падыходзіць. Давай другое "альбо".

— Альбо ты зараз жа дасі мне зёлкі ад ліхаманкі. Як толькі Юзік ачуняе, я выпушчу цябе ў балота.

— Вось гэта лепш. Ёсць тут недалёка балотца, дзе вы дурніцы збіраеце. Там расце непрыкметная трава. Ніхто не ведае, што яна цвіце толькі пад месяцам, як іншыя зёлкі — пад сонцам. Звары гэтыя кветкі ў чыгунку і напой дай Юзіку.

Толькі яны дайшлі да балотца, узышоў месяц і ўсё балотца пакрылася бела-блакітнымі кветкамі, якія трапяталі пры месячным святле: месяц зойдзе за хмару — яны закрываюцца, выйдзе — раскрываюцца. Ігнась міжволі залюбаваўся імі, але час прыспешваў. Ён набраў поўны мяшэчак кветак і кінуўся дадому.

Замкнуўшы Багніка ў каморы, Ігнась даў кветкі Міхаліне:

— Звары хутчэй, і Юзік будзе здаровы!

Адвар атрымаўся густы і духмяны, Юзік выпіў яго з асалодай і заснуў моцным сном. А Ігнась з Міхалінай сядзелі ля яго, і хлопец расказваў пра свае прыгоды.

Юзік прачнуўся, вочы ў яго былі ясныя, ён адразу сказаў:

— Мама, дай есці.

— Пачакай, — сказала Міхаліна, — давай спачатку падзякуем дзядзьку Ігнасю за тваё выратаванне.

Яна абняла і пацалавала Ігнася. У тэты час недзе зусім блізка аглушальна закукарэкаў певень.

— Што гэта? — спалохана спытала Міхаліна.

— Гэта Багнік нагадвае мне з каморы, што час яго выпускаць, — усміхнуўся Ігнась.

Ён узяў Міхаліну за рукі:

— Можна мне прыйсці да цябе сватацца?

— А чаму не?

— Ну, ты можаш знайсці сабе лепшага жаніха. Багацейшага.

— За багатым я была, шчасця не мела. А лепшага за цябе — не, не знайду!

— Што яшчэ Юзік нам скажа? — звярнуўся Ігнась да хлопчыка.



— Прыходзь, дзядзька Ігнась!
Святлана КЛІМКОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка