11 клас. (12-годка) Гісторыя Беларусі




Дата канвертавання30.11.2017
Памер51.7 Kb.
11 клас. (12-годка)

Гісторыя Беларусі.

Тэма: § 2. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэдневякоўі.

Падзел славян на тры групы.

Рымскія аўтары 1 — II стст. н. э. пісалі пра плямёны «венедаў». Гэта самая старажытная назва славян. У V ст. пачалося засяленне славянскімі плямёнамі Балканскага паўвострава, які належаў Візантыі.

Гісторыкі VI ст. называлі славянскія плямёны антамі і склавінамі. Славяне рассяліліся на вялікую тэрыторыю ад Лабы (Эльбы) да Ніжняга Дуная, Сярэдняга Дняпра, Дона і Чорнага мора. Яны сталі найбольш небяспечнымі суседзямі Візантыі.

К сярэдзіне VII ст. славяне занялі сваімі паселішчамі амаль усю тэрыторыю Балканскага паўвострава. Яны рабілі частыя набегі, а ў 626 г. нават асаджалі сталіцу Візантыйскай імперыі — Канстанцінональ. Нямала славян перасяліласн ў Малую Азію.



У VI—VII стст. славяне падзяліліся на тры вялікія групы:

  • адны з іх праніклі на захад—на берагі Одры і Лабы. Разам з насельніцтвам, якое жыло на берагах ракі Віслы, яны сталі продкамі сучасных заходнеславянскіх народаў — польскага, чэшскага, славацкага.

  • Славянскія плямёны, якія пасяліліся на Балканскім паўвостраве, былі продкамі сучасных паўднё-ваславянскіх народаў — балгар, сербаў, харватаў, славенцаў, македонцаў, чарнагорцаў.

  • Амаль адначасова з заходнімі і паўднёвымі славянамі вылучылася трэцяя група—усходнія славяне, продкі сучасных беларусаў, украінцаў і рускіх.

Пісьмовых звестак пра рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі амаль не захавалася. У «Аповесці мінулых часоў» вельмі коратка гаворыцца пра рассяленне славян ва Усходняй Еўропе з Дуная. Асноўныя звесткі пра гісторыю насельніцтва тых часоў вучоныя атрымліваюць з археала-гічных крыніц.

Славяне на поўдні Беларусі.

У V—VПІ стст. на поўдні Беларусі з'яўляюцца помнікі пражскай культуры, якія, бясспрэчна, належалі славянам. Упершыню яны былі даследаваны каля Прагі, у Чэхіі.

Славянскія плямёны гэтай культуры насялялі тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ад Эльбы і Одэра на захадзе да Днянра на ўсходзе і ад Віслы і Прыняці на поўначы да Дуная на поўдні. Спачатку насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах. Рэшткі такога славянскага паселішча V—VI стст. з паўзямлянкамі і печамі-каменкамі выяўлены на ўскраіне горада Петрыкава.

Пазней, з VII ст., узнікаюць умацаваныя валамі і равамі славянскія гарадзішчы. У навуцы добра вядомы дэталёва вывучаныя гарадзішча і паселішча каля в. Хатомель Столінскага раёна на Брэстчыне. Гарадзішча было не толькі месцам сховішча для навакольнага насельніцтва, але і з'яўлялася ўмацаванай сядзібай знаці. Тут знаходзіліся ўзброеныя дружыннікі. Простае насельніцтва жыло побач на неўмацаваным паселішчы. Яно займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй І забяспечвала знаць усім неабходным. Гэта былі, магчыма, славяне-дулебы, вядомыя па пісьмовых крыніцах. Мяркуюць, што славянскае племя дулебаў складвалася ў рымскі час паблізу заходнегерманскага насельніцтва. Адтуль дулебы рассяляліся ў розных напрамках. Дулебы былі на Валыні, у Чэхіі, на Сярэднім Дунаі і ў многіх іншых месцах. Магчыма, з Валыні яны трапілі ў Беларусь, дзе вядомы асобныя назвы вёсак «Дулебы» (Бярэзінскі, Клічаўскі раёны).



Суседнія плямёны.

Аднак асноўную тэрыторыю Беларусі і суседнія раёны ў V—VІІІ стст. засялялі іншыя плямёны. Яны жылі на неўмацаваных паселішчах, а ў час ваеннай небяспекі карысталіся невялікімі гарадзішчамі-сховішчамі. Такім з'яўляецца Банцараўскае гарадзішча на беразе Свіслачы на паўноч-на-заходняй ускраіне Мінска каля вадасховішча Дразды. Ад Банцараўшчыны атрымала назву банцараўская культура. Яна была распаўсюджана ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Паня-монні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні.

Паселішчы з паўзямлянкамі і наземнымі жытламі размяшчаліся на пакатых узвышшах у поймах рэк або на мысах іх берагоў. Шмат паселішчаў узнікла недалёка ад ранніх гарадзішчаў, якія дадаткова ўмацоўваліся землянымі валамі і ператвараліся ў гарадзішчы-сховішчы. У матэрыяльнай культуры на-сельніцтва прысутнічаюць прыкметы як культуры славян (паўзямлянкавыя жытлы з печамі-каменкамі), так і балтаў (ляпныя слоікападобныя пасудзіны). На Віцебшчыне былі даследаваны доўгія курганы з пахаваннямі па абраду трупаспалення і пасудзінамі банцараўскай культуры. Пахаванні належаць крывічам-палачанам. Банцараўская культура — своеасаблівая балта-славянская культура. Гэта быў перыяд балта-славянскага сінтэзу, узаемапранікнення культур, асіміляцыйных працэсаў.

Выдатнае гарадзішча VI —VIII стст., дзе знаходзіўся ваенны правадыр з дружынай, вывучылі археолагі каля в. Нікадзімава Горацкага раёна і знайшлі шмат матэрыялаў таго часу.



Рассяленне ўсходніх славян.

Згодна з паведамленнямі летапісаў, славянская гісторыя пачынаецца з Дунаю. Адсюль, як даводзіць летапісец Нестар,



  • славяне прыйшлі на Днепр, дзе яны сталі вядомы як паляне,

  • тыя, што «седоша в лесех»,— драўляне.

  • За Дняпром па Дзясне, Сейму і Суле рассяліліся севяране.

  • Славяне, што аселі паміж Прыпяццю і Дзвіной (Заходняй), назваліся дрыгавічамі.

  • А тыя славяне, якія аселі па рэчцы Палаце, назваліся палачанамі.

Яны з'явіліся пачынальнікамі крывічоў, якія засялілі вытокі Дзвіны, Дняпра і Волгі. На поўнач ад крывічоў на возеры Ільмень рассяліліся славене і заснавалі Ноўгарад.

Назвы славянскіх плямён даволі розныя па сваім паходжанні — славяне называлі сябе па рэках (палачане), тыпах мясцовасцей (дрыгавічы, паляне, драўляне), па сваіх легендарных заснавальніках (радзімічы — нашчадкі Радзіма, вяцічы — нашчадкі Вяткі).



Усходнеславянскія супольнасці на тэрыторыі Беларусі.

Летапісы ўпамінаюць на сучаснай Беларусі некалькі аб'яднанняў усходніх славян. Яны ўяўлялі сабой супольнасці крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, у аснове якіх ляжалі не столькі родаплемянныя, колькі тэрытарыяльныя сувязі.



Крывічы былі самым вялікім аб'яднаннем плямён, яны жылі ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Першае датаванае ўпамінанне змяшчаецца ў «Аповесці мінулых часоў» і адносіцца да 859 г., дзе гаворыцца, што варагі бралі з іх даніну. Пазней назва «крывічы» яшчэ шмат разоў сустракаецца на старонках летапісу: у 862 г. у сувязі з запрашэннем варагаў, у 882 г. падчас захопу Кіева Алегам, у 907 і 944 гг.— у сувязі з паходамі на грэкаў. Сярод крывічоў гісторыкі вылучаюць тры групы: полацкую, смаленскую, пскоўскую. Полацкія крывічы рассяліліся ў Паўночнай Беларусі. Найбольш старажытнымі іх гарадамі былі Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў.

Дрыгавічы займалі тэрыторыю Паўднёвай і Цэнтральнай Беларусі. Важнымі гарадамі з'яўляліся Тураў і Пінск. У летапісе дрыгавіцкімі называюцца Слуцк і Клецк. Паўночная частка дрыгавічоў, размешчаная ў вярхоўях рэк Пціч і Свіслач, была падпарадкавана палачанамі, верагодна ў Х ст., і тут пазней сфарміравалася Мінскае княства.

Радзімічы рассяліліся ў міжрэччы Дняпра і Дзясны па цячэнню ракі Сож і яе прытокаў. Найбольш значным горадам у землях радзімічаў быў Гомій (Гомель). Першыя летапісныя звесткі пра радзімічаў адносяцца да 885 г. Пад гэтым годам паведамляецца, што кіеўскі князь Алег абавязаў радзімічаў плаціць даніну яму, а не хазарам, як было раней. У міжрэччы Нёмана і Буга ў частцы Верхняга Панямоння плямёны дрыгавічоў, валынян, мазаўшан, крывічоў суседнічалі і суіснавалі з лета-літоўскімі, яцвяжскімі і іншымі плямёнамі.

Такім чынам, у выніку славянскай каланізацыІ ў апошняй чвэрці 1 тысячагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі сфарміраваліся супольнасці, якія атрымалі назву крывічоў-палачан, дрыгавічоў, радзімічаў і сталі тут асноўным насельніцтвам. Увабраўшы ў сваю культуру шэраг балцкіх элементаў, яны захавалі спецыфічныя рысы славянскай культуры. Гаворкі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў былі разнавіднасцямі ўсходнеславянскай мовы. Полацкія і смаленскія крывічы, дрыгавічы і радзімічы, ра-зам з іншымі славянскімі аб'яднаннямі, з'явіліся асновай для фарміравання культуры ўсходнеславянскай (старажытнарускай) супольнасці.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка