113 партызанскі полк




Дата канвертавання04.03.2017
Памер29.51 Kb.
113 партызанскі полк

У ліпені 1941 года ў нашым раёне пачала баявую дзейнасць партызанская група ваеннаслужачых на чале з Канстанцінам Белавусавым.

Вялікая Айчынная вайна застала Канстанціна Міхайлавіча на пасадзе начальніка штаба асобнага танкавага батальёна, што дыслакаваўся ў горадзе Ліда. Пасля кровапралітных баёў давялося адступаць на ўсход. Так напачатку ліпеня каля вёскі Хатушчына ўтварылася партызанская група ў складзе старшага лейтэнанта Канстанціна Белавусава, палітрука Паўла Кавешнікава, лейтэнанта Віктара Хорсава, малодшага лейтэнанта Міхаіла Абрамава, ваентэхніка Сямёна Лагуціна, чырвонаармейца Івана Цітова. Пазней да іх далучылася некалькі пагранічнікаў.

Камандзірам групы быў выбраны Канстанцін Белавусаў, камісарам – палітрук Захар Гапонаў.

Як баявая адзінка партызанская група заявіла пра сябе ўжо напачатку яе фарміравання. Непадалёку ад вёскі Сярмяжанка (Асман-Касаева) каля моста праз рэчку Ліпаўка народныя мсціўцы зрабілі засаду. Падчас бою яны знішчылі пяць гітлераўцаў, захапілі зброю і іншыя трафеі.

Прывяду некаторыя звесткі з баявых данясенняў групы К. Белавусава, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Беларусі. “12 жніўня 1941 года сумесна з атрадам Авяр’янава разграмілі Вугольшчынскую і Падзевіцкую паліцыі. У жніўні 1941 года разбіта адна нямецкая аўтамашына, забіты 2 немцы, захоплены вінтоўка, два пісталеты, абмундзіраванне.

У верасні 1941 года разбіта нямецкая павозка, забіты 7 гітлераўцаў, захоплены ручны кулямёт, дзве вінтоўкі, пісталеты”.

Восенню 1941 года членамі атрада сталі камандзір батарэі 383 палка 121 стралковай дывізіі лейтэнант Асман Касаеў, старшына гэтага палка Іван Хазаў, чырвонаармеец 628 стралковага палка Фёдар Шагалін, пагранічнік Георгій Меднікаў і іншыя.

У красавіку 1942 года ў бялыніцкіх лясах арганізацыйна аформіліся тры партызанскія атрады, якія, у адпаведнасці з загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра, атрымалі свае нумары. Атрад К. Белавусава атрымаў нумар 113, М. Абрамава – 121, М. Авяр’янава – 600.

Паводле архіўных дадзеных, па стане на 15 кастрычніка 1942 года 113 партызанскі атрад у сваім складзе налічваў 65 байцоў, меў тры станковыя і восем ручных кулямётаў, два мінамёты, чатыры аўтаматы, 35 вінтовак.

Напрыканцы лістапада 1942 года партызанскія атрады правялі сумесную аперацыю па разгроме варожага гарнізона на чыгуначнай станцыі Друць. Гэты бой працягваўся больш за гадзіну. Былі знішчаны 45 гітлераўцаў, паланёны камендант гарнізона і 86 былых ваеннапалонных, якія прыслужвалі фашыстам, перайшлі на бок партызанаў.

27 лістапада гэтага ж года 113, 121, 600 і 425 партызанскія атрады ўвайшлі ў склад утворанай 6 Магілёўскай брыгады, якая, да слова сказаць, першапачаткова называлася Бялыніцкая. Камандзірам брыгады быў прызначаны К. Белавусаў, камісарам – З. Гапонаў, начштаба – С. Сідарэнка-Салдаценка. Адной з буйнейшых аперацый брыгады стаў разгром 11 лютага 1943 года Пашкаўскага фашысцкага гарнізона. У ліпені 6 Магілёўская брыгада была расфарміравана, а на яе аснове створаны Бялыніцкая і Магілёўская ваенна-аператыўныя групы. 113 і 121 партызанскія атрады ўвайшлі ў склад Магілёўскай ВАГ.

Згодна пастановы Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б і загада абласной ваенна-аператыўнай групы, 113 партызанскі атрад у студзені 1944 года быў разгорнуты ў 113 партызанскі полк на чале з К. Белавусавым, якога ў маі замяніў З. Гапонаў, камісарам быў прызначаны Дзмітрый Альховік, начштаба – І. Хазаў. Полк дзейнічаў на тэрыторыі Быхаўскага, Бялыніцкага, Клічаўскага і Магілёўскага раёнаў. 30 чэрвеня 1944 года ў выніку аперацыі “Баграціён” 113 полк, у якім налічвалася 920 партызан, злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі.

У складзе палка з ворагам змагаліся 619 беларусаў, 223 рускія, 39 украінцаў, 20 – іншых нацыянальнасцяў. Камуністамі былі 21 народны мсціўца, кандыдатамі ў члены партыі – 26, камсамольцамі з’яўляліся 178 чалавек.

За гады Вялікай Айчыннай вайны партызаны 113 палка знішчылі 3248 і паранілі 67 гітлераўцаў. Ад куль народных мсціўцаў загінулі 137 здраднікаў з ліку былых палонных чырвонаармейцаў і 302 паліцаі. Партызаны палка пусцілі пад адхон 23 варожыя воінскія эшалоны, знішчылі 24 цягнікі і 227 вагонаў, 88 аўтамабіляў, бронемашыну, дзве танкеткі, двухматорны самалёт, 55 чыгуначных і 45 шасейных мастоў, 7 маслазаводаў, вывелі са строю 11 кіламетраў чыгуначнага палатна і 31 км правадной сувязі, разграмілі 15 паліцэйскіх участкаў, 8 нямецкіх гарнізонаў.



У баях, праведзеных на тэрыторыі нашага раёна, 37 партызанаў 113 палка загінулі і пахаваны на Бялыніччыне.

Анатоль МАРОЗАЎ, краязнаўца.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка