4 сакавіка ў Гродзенскім раёне сябры апб бачылі першых палявых жаўрукоў! Птушкі вяртаюцца з выраю. Хто ж нясе нам вясну на крылах?




Дата канвертавання05.05.2018
Памер30.86 Kb.



07 сакавіка 2018 г.

Жаўрукі ўжо прыляцелі – сустракаем вясну!

4 сакавіка ў Гродзенскім раёне сябры АПБ бачылі першых палявых жаўрукоў! Птушкі вяртаюцца з выраю. Хто ж нясе нам вясну на крылах?

Палявыя жаўрукі заўсёды прылятаюць рана, яны першыя прадвеснікі вясны. Бывае, ужо ў лютым мы заўважаем гэтых птушачак, як было ў папярэднія два гады. У гэтым годзе вясна ў нас позняя. У пачатку сакавіка – маразы і снег. Але палявыя жаўрукі ўсё адно не марудзілі, а вярнуліся на Радзіму як найхутчэй. Чаму яны так спяшаюцца?

Першымі з выраю вяртаюцца самцы палявых жаўрукоў, – тлумачыць Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. – Яны хочуць паспець заняць найлепшыя месцы для гнездавання. Раней за ўсіх прылятаюць самыя моцныя, у якіх найбольш шанцаў займець патомства. Хутка мы пачуем у небе іх песні.

Дарэчы, маразоў яны не баяцца і корм сабе знаходзяць – жывяцца насеннем, стрэсеным на дол і снег. Рагатыя жаўрукі і жаўрукі-смецюхі нават адзначаліся ў нас на зімоўцы. Сярод іншых незвычайных відаў, якія заставаліся ў нас на зіму, можна адзначыць канаплянак, сняжурак, шэрых і белалобых гусяў ды гусяў-гуменніц.



Вясна ляціць да нас – як яе ўбачыць?

Настаўнікі і сем’і з дзеткамі, а таксама ўсе аматары птушак могуць удзельнічаць у стварэнні сапраўднай карты вясны. Калі першыя птушкі вяртаюцца на Радзіму, мы разумеем: вясна ідзе. І за яе прыходам можна сачыць, удзельнічаючы ў міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”.

Вось пяць птушак – вястунняў вясны, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), звычайная зязюля (обыкновенная кукушка) і шчурка-пчалаедка (золотистая щурка). Убачыш адну з гэтых птушак – зрабі пазнаку на спецыяльнай карце або напішы пра сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.

Штодня людзі з розных краін заносяць сюды свае назіранні. Ты ўбачыш на свае вочы, як вясна ляціць у Беларусь ды іншыя краіны!



Калі звычайна гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?

У 10-х лічбах сакавіка вяртаюцца ў краіну першыя буслы, у першай палове красавіка - вясковыя ластаўкі і зязюлі, у траўні - свіргулі і шчуркі-пчалаедкі.



Навошта сустракаць птушак?

- Назіраць птушак, якія толькі-толькі вяртаюцца да нас з далёкіх краёў - прыемна і захапляльна, выдатная магчымасць адчуць прыродныя змены, адзначыць надыход сапраўднай вясны. Усе птушкі “Жывой вясны” шырока распаўсюджаныя, акрамя шчуркі-пчалаедкі – пабачыць яе будзе сапраўднай удачай! Ці атрымаецца ў цябе сёлета? Далучайся да кампаніі разам з сябрамі і блізкімі! – запрашае кіраўнік аддзела развіцця АПБ, каардынатар “Жывой вясны” па Беларусі Карына Салавей.

А яшчэ ў межах кампаніі адбудуцца конкурсы фотаздымкаў і слоганаў (падрабязней глядзі на ptushki.org), пройдуць птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.

Сустракай вясну разам з птушкамі!



Кантактная асоба: Карына Салавей, тэл. 8 (029) 264-87-66, электронная пошта salavei@ptushki.org.

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект. Потым далучылася і Сярэдняя Азія. З 2010 года «Жывая вясна» пайшла ў Афрыку: з верасня жыхары гэтага кантынента назіраюць, як абраныя пяць відаў птушак ляцяць на зімоўку ў іх краіны. У мінулым годзе ў звыш за 700 падзеях кампаніі паўдзельнічалі больш за 150 000 чалавек у краінах Еўропы, Центральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы вашаму актыўнаму ўдзелу наша краіна апынулася на 3-м месцы сярод 55 краін-удзельніц.

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 113 краін. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў, валанцёраў і прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!



Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4.

(+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87



info@ptushki.org


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка