7 клас Г. М. Валочка Пераходныя і непераходныя дзеясловы




Дата канвертавання26.01.2018
Памер25.18 Kb.
7 клас

Г.М. Валочка

Пераходныя і непераходныя дзеясловы


  1. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, абгрунтуйце сваю думку.

Дзеясловы, якія абазначаюць дзеянне, што непасрэдна накіравана на які-небудзь прадмет, называюцца пераходнымі.

Пры пераходных дзеясловах ужываюцца:

а) назоўнікі або займеннікі ў форме вінавальнага склону без прыназоўніка: пісаць сачыненне, будаваць дом, сустрэць сваіх;

б) назоўнікі або займеннікі ў форме роднага склону, калі дзеянне накіравана не на ўвесь прадмет, а толькі на яго частку: выпіць малака, купіць хлеба, насыпаць цукру;

в) адмоўе не: не прынёс хлеба, не купіў цукру, не ўбачыў мяне.

Усе астатнія дзеясловы адносяцца да непераходных: ісці па лесе, думаць пра іх, працаваць у агенцтве. Непераходныя дзеясловы абазначаюць дзеянне, якое непасрэдна не накіравана на прадмет.



Заўвага. Да непераходных адносяцца зваротныя дзеясловы на -ся, -цца: займацца, будавацца, смяяцца, задумацца.

  1. Прачытайце тэкст. Абгрунтуйце думку, што Якуб Колас не любіў курортаў.

Выкарыстоўваючы матэрыял папярэдняга практыкавання, раскажыце, да пераходных ці непераходных адносяцца дзеясловы, ужытыя ў тэксце.

Колас не любіў курортаў. За ўсё сваё жыццё ён пабываў толькі разы два ці тры ў курортных мясцінах. Кожнае лета ён выязджаў у якую-небудзь вёску, звычайна ў Пухавіцкі раён, бліжэй да лесу, да Свіслачы. Уладжваўся ў сялянскую хату і праводзіў лета сярод лясоў, палёў і лугоў. Любіў ён чыстыя баравыя лясы, дзе прасторна воку. Ён любіў наведвацца ў лес і ранняй вясной, калі толькі-толькі паяўляліся ў лесе сухія праталіны, дзе побач з лапікамі снегу расцвітаў блакітам сон баравы, а па нізінах, па лагчынах гарэлі пад сонцам залатыя пухнацікі на вербах і лозах (Паводле С. Александровіча).




  1. Прачытайце ўрывак з артыкула Я. Коласа. Якую праблему закранае ў ім аўтар? Выкажыце свае адносіны да гэтай праблемы.

Выпішыце дзеяслоўныя словазлучэнні з тэксту, запішыце склон назоўніка (займенніка) у словазлучэнні. Скажыце, да пераходных ці непераходных адносяцца дзеясловы ў словазлучэннях.

Узор. Уносіць паняцці і разуменні (В. склон).

Вымагае пашырэння (Р. склон).



Наша багатае жыццё штодзённа ўносіць новыя паняцці і разуменні, а гэта вымагае пашырэння рамак мовы. Тут паўстае пытанне аб наватворах і запазычаннях з іншых моў. Кожны наватвор і запазычанае слова тады атрымаюць распаўсюджанне, калі яны будуць адпавядаць духу мовы, яе лексічнаму і фразеалагічнаму складу. Гэта меркаванне не павінна абмяжоўваць складанейшага працэсу папаўнення мовы, трэба смялей ствараць новыя словы і ў патрэбных выпадках звяртацца да запазычання. Аднак перад увядзеннем кожнага новага слова трэба добра абшарыць кішэні сваёй памяці, перагледзець слоўнікавыя і фальклорныя крыніцы, прыслухацца да жывой гаворкі – а можа і знойдзецца якраз тое, што неабходна, што ўжо ўжывалася намі, але чамусьці забыта ці ўжываецца і невядома нам (Паводле Я. Коласа).


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка