А. Ф. Рацько уплыў паўстання 1863–1864 гг. На ўмовы вызвалення памешчыцкіх сялян беларусі ад прыгону



Дата канвертавання14.02.2017
Памер138.39 Kb.
#3345


А.Ф. Рацько
УПЛЫЎ ПАЎСТАННЯ 1863–1864 ГГ. НА ЎМОВЫ ВЫЗВАЛЕННЯ ПАМЕШЧЫЦКІХ СЯЛЯН БЕЛАРУСІ АД ПРЫГОНУ*

Весці БДПУ. Сер. 2.Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. – 2014. – № 2. – С. 29-33.
Ключавыя словы:паўстанне 1863–1864 гг., памешчыцкія сяляне Беларусі, віленскі генерал-губернатар М.М. Мураўёў, сялянская рэформа 1861 г.
Кароткі агляд (рэферат):Аналізуецца ўздзеянне паўстання 1863–1864 гг. на палітыку царскага ўрада ў адносінах да памешчыцкіх сялян Беларусі. Прааналізаваны мерапрыемствы віленскага генерал-губернатара М.М. Мураўёва па карэкціроўцы сялянскай рэформы 1861 г. у бок значна большага, чым раней, уліку інтарэсаў і настрояў сялянства, якое прызвана было стаць надзейнай сацыяльнай апорай царызму на гэтых тэрыторыях.Адзначаецца, што і пасля некаторых урадавых уступак становішча памешчыцкіх сялян заставалася вельмі цяжкім. Аграрнае пытанне ў Беларусі вырашана не было.

На сучасным этапе развіцця гістарычнай навукі тэма ўплыву паўстання 1863–1864 гг. на ўмовы вызвалення памешчыцкіх Беларусі ад прыгону застаецца недастаткова раскрытай. Аб’ектыўнае вывучэнне тых зменаў, якія адбыліся ў былой панскай вёсцы пасля карэкціроўкі сялянскай рэформы 1861 г. віленскім генерал-губернатарам М.М. Мураўёвым ускладняецца як залежнасцю гістарычных ацэнак паўстання ад ідэалагічных падыходаў у навуцы, так і адсутнасцю дакладных аб’ектыўных дадзеных аб сапраўдным павялічэнні ў параўнанні з нормамі 1861 г. сялянскага землекарыстання (у тым ліку шляхам вяртання раней адабраных участкаў), азямельванні батракоў і паслабленні ўмоў выкупу надзелаў ва ўласнасць.

Памешчыцкія сяляне Беларусі па дадзеных 10-й рэвізіі (1858 г.) складалі звыш ¾ усіх сялян, ці болей паловы ўсяго насельніцтва краю [12, c. 28]. Яны чакалі не такога вызвалення, якое дэкларавалася ў царскім маніфесце і “Палажэннях” 19 лютага 1861 г. Былыя панскія сяляне былі расчараваныя і абураныя двухгадовым пераходным перыядам, на час якога захоўвалася іх залежнасць ад памешчыка. Пратэст выклікала захаванне ранейшых павіннасцяў на карысць паноў, выбары органаў сельскага і валаснога грамадскага кіравання, у якіх запраўлялі стаўленнікі памешчыкаў і царскай адміністрацыі. “Мясцовыя палажэнні” давалі магчымасць памешчыкам яшчэ болей уразаць сялянскія надзелы, або поўнасцю пазбаўляць значную частку сялян зямлі. У дакументах рэформы поўнасцю было абыйдзена пытанне аб абеззямеленых, большая частка якіх пазбавілася зямлі ў апошнія дзесяцігоддзі перад рэформай. Не была ліквідавана церасполіца, не вырашана пытанне аб сервітутах.

У пачатку 1863 г. пачаўся новы пад'ём сялянскага руху ў Беларусі, які быў выкліканы надзеямі былых памешчыцкіх сялян атрымаць "сапраўдную волю". У той жа час у Польшчы разгарнулася нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Незадаволенасць сялян умовамі адмены прыгону выкарыстоўвалі лідэры радыкальна-дэмакратычнай плыні “чырвоных” Беларусі на чале з К. Каліноўскім. Поспех будучага паўстання ён звязваў з актыўным удзелам у

ім сялянскіх мас, выступаў за перадачу ўсёй зямлі сялянству.

Аграрная праграма паўстанцаў павінна была прынесці рэальнае паляпшэнне сялянам. Гэта спрыяла пад’ёму сялянскага руху на беларуска-літоўскіх землях, што стварала надзвычай небяспечную для царскага ўрада сітуацыю. Ва ўмовах нарастаючага сялянскага і рэвалюцыйнага руху, складанай агульнаеўрапейскай сітуацыі, ўрад вымушаны быў пайсці на паслабленне ў Беларусі і Літве палітычнай, юрыдычнай і эканамічнай залежнасці сялян ад мясцовых памешчыкаў, на перагляд некаторых палажэнняў рэформы 1861 г.

Па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў П.А. Валуева 1 сакавіка 1863 г. выйшаў указ аб абавязковым выкупе сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губернях, Дрысенскім і латгальскіх паветах Віцебскай губерні, які падрываў магчымую сацыяльную базу паўстання і дзе існавала рэальная пагроза аб’яднання паўстання з сялянскай барацьбой за зямлю. Паводле ўказа, часоваабавязанае становішча сялян спынялася з 1 мая 1863 г. З гэтага часу яны пераводзіліся ў разрад “сялян-уласнікаў”, пры гэтым да складання выкупных актаў і вызначэння выкупных плацяжоў яны павінны былі за свой надзел несці грашовую павіннасць. Сяляне, якія знаходзіліся на паншчыне, пераводзіліся на аброк, які ў параўнанні з аброкам па ўстаўных граматах зніжаўся на 20%. Грашовыя плацяжы сяляне павінны былі ўносіць ў павятовыя казначэйствы [13, № 39337].

Указ 1 сакавіка супярэчыў “Палажэнням” ад 19 лютага 1861 г., але расійскі ўрад пайшоў на яго прыняцце, баючыся далейшага пашырэння паўстанцкага руху і далучэння да яго беларускага сялянства. На Магілёўскую, беларускія паветы Віцебскай губерняў гэты ўказ не распаўсюджваўся па прычыне таго, што тут паўстанцкія атрады яшчэ да таго часу не з’явіліся. Улады баяліся ісці на ўступкі сялянам у рэгіёне, які межаваўся з рускімі губернямі, каб не выклікаць у іх абвастрэння сялянскай барацьбы супраць памешчыкаў.

М.М. Мураўёў, назначаны ў маі 1863 г. галоўным начальнікам Паўночна-Заходняга краю замест У.І. Назімава, быў перакананы у тым, что мясцовае апалячанае дваранства разам з ксяндзамі было галоўнай рухаючай сілай паўстання. Генерал-губернатар сцвярджаў, што ў Заходнім краі ўрад можа абапірацца толькі на сялянства, таму неабходна пры дапамозе рэформы раз’яднаць сельскае насельніцтва з землеўладальнікамі [3, с. 496]. 2 лістапада 1863 г. Аляксандр ІІ зацвердзіў указ аб спыненні з 1 студзеня 1864 г. у Магілёўскай, і беларускіх паветах Віцебскай губерняў абавязковых адносін часоваабавязаных сялян з памешчыкамі і зніжэнні на 20% памеру выкупных плацяжоў [13, № 40172].

Рэалізацыю ўказаў 1 сакавіка і 2 лістапада 1863 г. павінны былі ажыццяўляць праверачныя камісіі, дзейнасць якіх павінна была паказаць “клопат” урада аб інтарэсах мясцовага сялянства. У сваю чаргу і сяляне лічылі, што пасля праверкі праверачнымі камісіямі ўстаўных грамат іх становішча адразу палепшыцца. Праверачныя камісіі павінны былі праверыць правільнасць складзеных устаўных грамат, вызначыць памеры выкупных плацяжоў і скласці выкупныя акты.

Мураўёў узяў пад асабісты кантроль работу праверачных камісій. Кожныя два тыдні губернатары прысылалі генерал-губернатару справаздачы аб ходзе праверачных работ, дзе давалі звесткі аб складзеных выкупных актах і колькасці скаргаў ад памешчыкаў і сялян на гэтыя дакументы, зацверджаныя галоўнай выкупной установай [9, арк. 33-35 а]. Каб паскорыць работу, цыркулярам ад 23 верасня 1864 г. камісіям дазвалялася афармляць выкупныя акты ў зімовы час без выезда ў маёнткі [20, с. 140].

Сяляне не жадалі падпісваць складзеныя выкупныя акты ў сувязі з тым, што ім не вярнулі адрэзаныя ў свой час землі. Іншы раз яны самавольна захоплівалі адабраныя ў іх сенажаці і выганы, секлі памешчыцкі лес і адмаўляліся выкупаць надзелы [10, арк. 72]. У адказ на шматлікія скаргі сялян на няправільна складзеныя ўстаўныя граматы 14 жніўня 1863 г. Мураўёў выдаў цыркуляр, па якому праверачныя камісіі атрымалі права “уваходзіць у разбор скаргаў на няправільнае складанне ўстаўных грамат … і неадкладна выпраўляць усе заўважаныя недакладнасці, даючы сялянам ва ўласнасць, пры дапамозе выкупа, ўсе належачыя ім па “мясцоваму Палажэнню” землі” [17, с. 64].

Цыркулярам Мураўёва ад 17 жніўня 1863 г. губернскім і павятовым установам па сялянскіх справах давалася права “… прымаць для разбору паступаючыя ад сялян скаргі на адабраныя ў іх землі ў прамежак часу ад складання інвентароў да ўвядзення ў дзеянне ўстаўных грамат” і, ў выпадку, калі выявіцца, што абеззямеленыя “сапраўды карысталіся інвентарнай зямлёй, … адводзіць ім пазямельныя ўчасткі колькасцю не вышэй за 3 дзесяціны прыдатнай зямлі на сям’ю” [17, с. 64-66]. “Мера гэтая, – пісаў Мураўёў віленскаму губернатару, – адыме на будучы час у крамольнікаў магчымасць, карыстаючыся цяжкім становішчам беззямельных сялян, прыцягваць іх на свой бок” [7, арк. 10]. Улады імкнуліся шляхам раздачы зямель ліквідаваць катэгорыю батракоў, вельмі небяспечных у час паўстання, калі рэвалюцыйныя ўлады абяцалі ім па 3 моргі зямлі пры ўмове ўступлення ў паўстанцкі атрад. Надзел у 3 дзесяціны не прадугледжваў наяўнасці сядзібы. Начальнік краю патрабаваў, каб сяляне “… ні пры якай умове не аддавалі сваіх участкаў у арэнду другім гаспадарам ці іншым асобам без згоды і дазволу валаснога праўлення” [7, арк. 11]. Мураўёў спадзяваўся, што сяляне задаволяцца 3 дзесяцінамі, атрыманымі з рук цара, і не пойдуць разам з паўстанцамі змагацца за 3 моргі зямлі супраць самадзяржаўя [16, с. 127]. Не маючы ні інвентара, ні жывёлы, такі селянін вымушаны быў ўсё роўна ісці ў кабалу да памешчыка.

Напалоханыя размахам паўстання, мясцовыя ўлады гатовы былі пайсці далей таго, што намячалася ў цыркулярах, і аднавіць інвентарныя надзелы поўнасцю. Прапанова Мураўёва прыдаць інвентарным правілам ад 22 снежня 1852 г., якія не былі ўведзены ў дзеянне, абавязковую сілу выклікала трывогу не толькі ў мясцовых памешчыкаў, але і ў петярбургскіх улад. Цыркуляры ад 14 і 17 жніўня 1863 г., атрымаўшыя заканадаўчую моц, не прадугледжвалі аднаўлення поўнага інвентарнага надзела [11, с. 421-422].

Аднак сяляне настойліва патрабавалі вяртання ўсёй адабранай панамі зямлі, і ўлады вымушаны былі пайсці на далейшыя ўступкі. 18 кастрычніка 1863 г. віленскі генерал-губернатар выдае новы цыркуляр, які канкрэтызаваў парадак надзялення абеззямеленых сялян зямлёй. Тым сялянам, якія былі пазбаўленыя зямлі ў перыяд пасля 20 лістапада 1857 г. і пазней, вяртаўся іх надзел у поўным аб’ёме пры ўмове, калі ён не паступіў у надзел іншым сялянам ці не знаходзіўся ў арэндным карыстанні. Абеззямеленыя з 1846 па 1857 г. атрымоўвалі трохдзесяцінны надзел на сям’ю [17, с.77-78]. Удакладнялася, што жанатыя дзеці складалі асобную сям’ю і мелі права на надзел.

Для надзела абеззямеленых выкарыстоўваліся адабраныя ў сялян да рэформы інвентарныя землі, адрэзкі ад сялянскіх надзелаў. У пункце 6 цыркуляра гаварылася: “У выпадку недахопу былых сялянскіх зямель, памешчык абавязаны зрабіць адвод надзела з іншых якіх-небудзь угоддзяў, пазбягаючы цераспалосіцы” [17, с. 77-79], г.зн. з фальварковых зямель. У пастанове Мінскай губернскай па сялянскіх справах прысутнасці ад 7 красавіка 1864 г. было сказана, што “камісіі абавязаны ў выпадку, калі пры надзяленні 3 дзес. не хопіць былых сялянскіх зямель, надзяляць абеззямеленых з памешчыцкіх зямель і занятых чужымі наймальнікамі” [8, арк. 45 адв.].

Памешчыкі накіроўвалі скаргі ў міравыя з’езды і губернскія прысутнасці на тое, што міравыя пасрэднікі вельмі нізка ацэньваюць сялянскія землі [8, арк. 19-20]. Аднак ва ўмовах барацьбы з паўстаннем гэтыя скаргі не прымаліся да ўвагі. Міравыя пасрэднікі і міравыя з’езды новага складу ва ўсім падтрымоўвалі праверачныя камісіі. З 1864 г. старшынёй з’езда міравых пасрэднікаў станавіўся не павятовы прадвадзіцель дваранства, а адзін з чыноўнікаў праверачнай камісіі [14, арк. 4].

Пытанне аб абеззямельных у Беларусі патрабавала свайго далейшага вырашэння. Мерапрыемствы Мураўёва не закранулі значную колькасць батракоў, якія былі пазбаўлены сваіх надзелаў да ўвядзення інвентароў. Між тым батракі неслі ўсе дзяржаўныя і мірскія павіннасці нароўні з сялянамі надзеленымі зямлёй. Цыркулярамі 10 і 11 сакавіка 1865 г. Мураўёў звяртаў увагу міравых пасрэднікаў і праверачныя камісіі на цяжкае становішча батракоў і кутнікаў. Начальнік края загадаў “прасіць” міравых пасрэднікаў, каб яны “тлумачылі” і “схілялі ” сялян-уласнікаў да паляпшэння становішча батракоў шляхам прадастаўлення ім на праве выкупа зямлі для ўладкавання сядзібы з агародам, “не дапускаючы якіх-небудзь прымусовых да гэтага мер”. Прадугледжвалася заахвоціць сялян-уласнікаў, дабраахвотна надзяляць за іх кошт беззямельных сялян сядзібнымі ўчасткамі [6, с. 23-24, 82-83]. У красавіку 1865 г. Мураўёў звярнуўся да міністра ўнутраных спраў П.А. Валуева з прапановай аб надзяленні батракоў і кутнікаў за кошт сельскай грамады. Аднак міністр не падтрымаў прапанову начальніка краю. Грамада выкарыстоўвала любую падставу для адмаўлення патрабаванням батракоў аб зямлі.

Па дадзеных Д. Рыхтэра, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях атрымалі надзелы 20603 двары беззямельных сялян, з іх 7462 двароў па 3 дзесяціны на сям’ю. У выніку абеззямеленыя памешчыкамі ў 1846-1862 гг. сяляне заходніх і цэнтральных паветаў Беларусі (12,4% ад надзеленых зямлёй па выкупных актах) атрымалі зямлю [15, с. 590-591, 602-603].

Надзвычай важную ролю ў гаспадарцы мясцовага сялянства адыгрывалі сервітуты – права карыстацца выганамі, пашамі і пакосамі ў памешчыцкіх лясах. Цыркулярам ад 24 ліпеня 1863 г. праверачным камісіям было загадана ўключаць у выкупныя акты права сялян “… на касьбу сена ў лясах, дзе яны касілі раней, а памешчык абавязваўся не секчы леса ў месцах, дзе знаходзіліся сялянскія пакосы, у той час, калі ад гэтага магла адбыцца шкода для сялянскіх сенажацяў” [17, с. 56; 8, арк. 113]. 10 верасня 1863 г. Мураўёў выдаў цыркуляр, у якім загадаў міравым пасрэднікам рабіць усё неабходнае, каб схіляць памешчыкаў да замены сервітутаў на землі, прыдатныя для сялянскіх сенажацяў і пашаў [1, 275-276]. Распараджэннямі віленскага генерал-губернатара ад 15 лютага і 1 ліпеня 1864 г. сяляне атрымалі права карыстацца выпасамі ў памешчыцкіх лясах, калі яны да адмены прыгоннага права былі агульнымі для сялян і памешчыкаў, а таксама пасвіць сваю жывёлу там, дзе яе пасвілі пры прыгонным праве, калі за карыстанне гэтымі выпасамі яны не адбывалі асобай павіннасці [1, с. 104, 138].

У выніку дадатковых мерапрыемстваў расійскага ўрада, праведзеных пасля паўстання 1863 г., зямельны голад у беларускай вёсцы некалькі зменшыўся. Адбылося намінальнае ў параўнанні з указанымі ва ўстаўных граматах павелічэнне сялянскага землекарыстання ў выніку вяртання сялянам зямель, адабраных памешчыкамі напярэдадні рэформы і за кошт надзялення абеззямеленых сялян. Так, у Мінскай губерні колькасць надзельнай зямлі па выкупных актах у параўнанні з надзелам 1861 г. адпаведна ўстаўным граматам узрасла на 20,6%, у Гродзенскай губерні – 13,8%, у Магілёўскай – 8,9 %, Віленскай – 7,5%, Віцебскай (чатыры паветы) – на 17% [18, с. 450; 19, с. 19-20; 21, с. 566-571; 11, с. 427; 5, с. 176].

У сувязі са склаўшайся палітычнай абстаноўкай у час паўстання 1863-1864 гг. і пад’ёму сялянскага руху ў Беларусі ўлады вымушаны былі пайсці на істотнае зніжэнне выкупных плацяжоў. У адпаведнасці з законам ад 1 сакавіка 1861 г. павятовыя праверачныя камісіі цэнтральных і заходніх паветаў зменшылі гадавую велічыню плацяжоў на дзесяціну надзельнай зямлі па выкупных актах у параўнанні з вызначанымі ва ўстаўных граматах. Так, ў Мінскай губерні плацяжы сялян на карысць памешчыка скарачаліся ў сярэднім на 1 руб. 50 кап. (75,4%), у Гродзенскай – на 1 руб. 48 кап. (68,8%), у Віленскай – на 1 руб. 37 кап. (64,9%) [4, с. 165].

Значна меншае зніжэнне велічыні выкупа назіраецца ва ўсходніх паветах. Тут паўстанне не набыло такіх маштабаў, як на захадзе і ў цэнтры Беларусі, а першапачатковы выкуп планаваўся меншы. У адпаведнасці з указам ад 2 лістапада 1863 г. у Магілёўскай губерні выкупныя плацяжы знізіліся на 23,8%, склаўшы па выкупных актах у сярэднім 1 руб. 18 кап. на дзесяціну надзела, а ў беларускіх паветах Віцебскай губ. – 1 руб 25 кап. [22, с. 568-569].

У параўнанні з суседнімі расійскімі губернямі колькасць надзельнай зямлі на душу пасля паўстання 1863-1864 гг. у беларускіх губернях амаль што паўсюдна была большая, а выкупныя плацяжы – меншыя. Так, напрыклад, сярэдні душавы надзел у Смаленскай губерні складаў 4, а ў Магілёўскай – 4,9 дзес. (на 22,5% больш). Усе плацяжы з дзесяціны з дзесяціны ў Смаленскай губерні былі на 36,6-52,1% большыя, чым у Магілёўскай. У Мінскай губерні ў параўнанні з Чарнігаўскай надзелы былі на 24,4% большыя, а плацяжы з дзесяціны – на 56,5% меньшыя [2, с. 86; 22, с. 105-107].

Такім чынам, паўстанне 1863-1864 гг. выклікала перагляд унутранай палітыкі ўрада на беларускіх землях у бок значна большага, чым раней, уліку інтарэсаў і настрояў сялянства, якое прызвана было стаць надзейнай сацыяльнай апорай царызму на гэтых тэрыторыях. Віленскі генерал-губернатар Мураўёў зрабіў карэктыроўку аграрнай рэформы ў спрыяльных для сялян адносінах: распаўсюджанне ўказа 1 сакавіка 1863 г. на ўсе паветы беларускіх губерняў; заснаванне паўсюднай праверкі сялянскіх надзелаў і павіннасцяў, запісаных у 1861-1862 гг. ва ўстаўныя граматы; аднаўленне надзелаў сялян, абеззямеленых у перыяд пасля 1857 г.; спроба поўнага аднаўлення сялянскага зямельнага фонду, зафіксаванага ў інвентарах 1846 г. і прыданне заканадаўчай сілы інвентарным правілам 1852 г. (у свой час так і не ўступіўшым у дзеянне).

Аднак і пасля некаторых урадавых уступак становішча сялян заставалася вельмі цяжкім. Далёка не ўсе адрэзкі былі вернуты сялянству. У Гродзенскай губерні сяляне атрымалі зямлі на 67,7 тыс. дзесяцін (8,8%) менш, чым яе мелі да адмены прыгону згодна з абавязковымі інвентарамі. У Магілёўскай губерні агульная колькасць прыдатнай зямлі, атрыманай сялянамі, паводле выкупных актаў, адносна плошчы яе напярэдадні адмены прыгону, зафіксаванай ва ўстаўных граматах, скарацілася на 39,9 тыс. дзес. (4,9%), гэта значыць, сялянам вярнулі не ўсе землі, адрэзаныя пры ажыццяўленні рэформы [19, с. 571]. Па дадзеных на 1877 г. толькі 27,6% сялянскіх двароў мелі надзел 15-20 дзесяцін (што было неабходным для самазабяспечэння гаспадаркі), звыш 20 дзес. мела 10,5 і да 15 дзес. – 61,9% сялянскіх гаспадарак [12, с. 318]. Большасць сялян атрымала па 3 дзесяціны на двор. Такі надзел не мог забяспечыць патрэбы сялянскай сям’і таму, што ў Беларусі пераважала малаўрадлівая пясчаная глеба, значная частка зямель была забалочана. Сяляне, якія мелі малыя надзелы, а таксама беззямельныя, вымушаны былі на кабальных умовах ісці працаваць у панскім маёнтку, арэндаваць зямлю ў памешчыкаў.


Літаратура і крыніцы


  1. Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию в пределах Северо-Западного края: в 2 ч. – Ч. 1: Переписка по политическим делам гражданского управления с 1 января 1862 года по май 1863 г. / сост. А.И. Миловидов. – Вильна: Губернская типография, 1913. – 464 с.

  2. Бейлькин, Х.Ю. Аграрная реформа 1861 г. у Беларусі і яе асаблівасці / Х.Ю. Бейлькин // Беларус. гіст. часоп. – 2001. – № 1. – С. 82-87.

  3. Всеподданнейший отчет графа М.Н. Муравьева по управлению Северо-Западным краем (с 1 мая 1863 г. по 17 апреля 1865 г.) // Русская старина. – 1902. – № 6. – С. 487-510.

  4. ГісторыяБеларусі: у 6 т / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. -Мінск: Экаперспектыва, 2000-2005.- Т. 4: Беларусь у складзеРасійскайімперыі (канец ХVІІІ-пачатак ХХ ст.) / М. Біч[і інш.] – 2005. - 518 с.

  5. Литвак, Б.Г. Переворот 1861 года в России: почему не реализовалась реформаторская альтернатива. – М.: Политиздат, 1991. – 302 с.

  6. Муравьев, М.Н. Сборник распоряжений Михаила Николаевича Муравьева по усмирению польского мятежа в Северо-Западной губернии 1863-1864 / сост.: Н. Цилов. – Вильна: Тип-я А.К. Киркора, 1866. – 383 с.

  7. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 242, – Воп. 1. – Спр. 129. – Отношение виленского генерал-губернатора виленскому губернатору об устройстве быта сельского населения и о порядке разрешения и рассмотрения жалоб на помещиков (1 марта 1863 г. – 18 октября 1863 г.).

  8. НГАБ. – Фонд 242,– Воп. 1. – Спр. 133. Дело по предписанию виленского генерал-губернатора о прекращении поверочных работ и созыве совещания для разрешения недоразумений, затруднений и составления очереди имениям, в которых будут производить поверку повинностей крестьян (12 декабря 1863 г. – 21 сентября 1864 г.).

  9. НГАБ. – Фонд. 2642, – Воп. 1. – Спр. 159. – Дело о доставлении сведений о действиях поверочной комиссии.

  10. НГАБ. – Фонд 2642. – Воп. 1. – Спр. 98. – Дело о доставлении в МВД сведений о переходе на оброк и о замене издельной повинности денежной (13 марта 1862 г. – 18 апреля 1863 г.).

  11. Неупокоев, В.И.К вопросу о восстановлении инвентарных наделов крестьян Литвы в результате восстания 1863 г. / В.И. Неупокоев // Проблемы общественно-политической истории России и славянских стран: сб. ст. к 70-летию акад. М.Н. Тихомирова – М.:Изд-во восточной лит-ры, 1963. – С.418-427 с.

  12. Панютич, В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861-1900 гг. / В.П. Панютич. - Минск: Навука і тэхніка, 1990.- 374 с.

  13. Полное собрание законов Российской империи (ПСЗРИ). – Собр. 2-е.: в 55 т. – СПб., 1830-1884. – Т. 38. – СПб.: Гос. тип, 1866.

  14. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА) у Санкт-Пецярбурзе –Фонд 1291. – Воп. 33. –1867 г. – Спр. 7. О назначении уездных предводителей дворянства в Северо-Западном крае из местных дворян непольского происхождения с возложением на них обязанностей председателей мировых съездов.

  15. Рихтер, Д.И. Материалы по вопросу о земельном наделе бывших помещичьих крестьян и о сервитутах в юго- и северо-западных губерниях России / Д.И. Рихтер // Вестн. финансов, пром-сти и торговли. – 1900. – № 39. – С. 584-605.

  16. Самбук, С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХІХ в. / С.М. Самбук. – Минск: Наука и техника, 1980. – 224 с.

  17. Сборник правительственных распоряжений по устройству быта крестьян-собственников в Северо-Западном крае. – Вильна: Тип-я штаба Виленс. воен. округа, 1864. – 150 с.

  18. Фридман, М.Б. Реализация реформы 1861 г. в Минской губернии / М.Б. Фридман // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы. 1962. – Минск: Наука и техника. – 1964. – С. 442-454.

  19. Хилюта, В.А. Землепользование и землевладение бывших помещичьих крестьян Гродненской губернии в середине ХІХ века (40-е – начало 70-х гг.): автореф. дис. … канд. истор. наук: 07.00.02 / В.А. Хилюта; Минский гос. пед. ин-т. – Минск, 1982. – 22 с.

  20. Хилюта, В.А. Политика царизма и крестьянская реформа 1861 года в Западной Беларуси / В.А. Хилюта // Регионалистика: сборник научных трудов / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования "Гродненский государственный университет имени Янки Купалы" – Гродно, 2009. – Вып. 2. – С. 133―151.

  21. Шпаков, М.Ф. Реализация реформы 1861 г. в Могилёвской губернии / М.Ф. Шпаков // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1963 г. / Акад. наук Литов. ССР; редкол.: В.К. Яцунский (отв. ред.) [и др.]. - Вильнюс, 1964. - С. 559-571.

  22. Янсон, Ю.Э. Опыт статистического исследования о крестьянских наделах и платежах / Ю.Э. Янсон. – СПб.; М.: тип. М. Стасюлевича. – 1877. – VІІІ, 160, 26 с.


Каталог: bitstream -> doc
doc -> Альтэрнатыўныя патрабаванні да зместу адукацыйнай работы па павышэнні бяспекі жыццядзейнасці Варывоцкі С. У
doc -> Тугай, У. В. Этнакультурныя і бытавыя асаблівасні жыцця латышоў у Беларусі
doc -> Методыка актывізацыі інтэракцыі на занятках па бяспецы жыццядзейнасці чалавека. Варывоцкі С. У
doc -> Кантэксуальная прастора творцасці паэта-ўрача а. П. Мельнікава
doc -> Transport communications on the territory of belarus before the abolition of serfdom (1795-1861) A. Kanoika бдпу, г. Мінск
doc -> М. М. Забаўскі Урадавыя палітычныя рэформы ў Беларусі ў трэцячэрвеньскі перыяд
doc -> М. М. Забаўскі бдпу, г. Мінск
doc -> Забаўскі М. М. (Мінск, бдпу)
doc -> М. М. Забаўскі Урадавыя палітычныя рэформы ў Беларусі ў трэцячэрвеньскі перыяд
doc -> М. М. Забаўскі Адносіны палітычных партый сацыялістычнага накірунку да “беларускага пытання”


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал