А. Ф. Рацько, Ю. Л. Коўшык сістэма кіравання сялянскай справай падчас рэалізацыі




Дата канвертавання08.05.2017
Памер329.62 Kb.


А.Ф. Рацько, Ю.Л. Коўшык

СІСТЭМА КІРАВАННЯ СЯЛЯНСКАЙ СПРАВАЙ ПАДЧАС РЭАЛІЗАЦЫІ

Беларусь у пачатку ХХ ст. Да 100-годдзя БДПУ : зб. навук. арт. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка ; рэд. кал. А.І. Андарала [і інш.]. – Мінск, 2014. – С. 313-321.
Ключавыя словы:сялянская рэформа 1861 г., міравыя пасрэднікі, міравыя ўчасткі,губернскія па сялянскіх справах установы,валасны старшыня, сельскі стараста, валасны пісар.

Кароткі агляд (рэферат):Аналізуецца створаны ўладамі механізм выканаўчых устаноў, які ажыццяўляў рэалізацыю сялянская рэформа 1861 г. у пяці заходніх губернях.

Адмена ў 1861 г. прыгоннага права стала важнейшай падзеяй, вазначыўшай развіццё Беларусі, як і ўсёй Расійскай імперыі, ў другой палове ХІХ ст., мадэрнізацыю сялянскай краіны, яе пераход з аграрнай у аграрна-індустрыяльную і індустрыяльную стадыю. Для рэалізацыі сялянскай рэформы 1861 г. стваралася сістэма выканаўчых устаноў. У ліку іншых дакументаў рэформы было прынята спецыяльнае “Палажэнне аб губернскіх і павятовых па сялянскіх справах установах” [13, № 36660]. Першым звяном у сістэме губернскіх устаноў з’яўляліся міравыя пасрэднікі; затым ішоў павятовы з’езд міравых пасрэднікаў, які зацвярджаў рашэнні пасрэднікаў і разглядаў паступіўшыя на іх скаргі. Трэццім звяном былі губернскія па сялянскіх справах установы. Галоўнай мэтай міравых ўстаноў (міравыя пасрэднікі, міравыя з’езды і губернскія па сялянскіх справах установы) была рэалізацыя сялянскай рэформы і кантроль над органамі сялянскага самакіравання. Вышэйшай інстанцыяй у справе правядзення рэформы з’яўляляўся “Галоўны камітэт аб уладкаванні сельскага стану”, створаны адначасова з зацвярджэннем Палажэнняў 19 лютага 1861 г. пры Дзяржаўным савеце.

Перш чым пачаць непасрэдную рэалізацыю рэформы на месцах, неабходна было як мага хучэй падабраць і назначыць міравых пасрэднікаў, стварыць органы сялянскага самакіравання – сельскія грамады, разбіць паветы на воласці, ў якіх адкрыць валасныя праўленні.

Міравыя пасрэднікі ўводзіліся для вырашэння вялікага кола адміністрацыйных і судова-натарыяльных спраў. Распрацоўшчыкі рэформы прадстаўлялі міравых пасрэднікаў як незалежных паўнамоцных праваднікоў рэформы. Яны павінны былі “пасрэднічаць” паміж памешчыкамі і сялянамі, абараняць інтарэсы адных і другіх, быць няйтральнымі пры вырашэнні спрэчных пытанняў, клапаціцца аб дабрабыце ўсіх саслоўяў [9, с. 132]. Асноўным абавязкам міравых пасрэднікаў з’яўлялася: увядзенне устаўных рамат, павышэнне ці паніжэнне павіннасцей, увядзенне выкупных актаў, разверстанне ўгоддзяў. Міравыя пасрэднікі наглядалі за дзейнасцю сельскага і валаснога самакіравання. Яны зацвярджалі на пасады і прыводзілі да прысягі валасных старшынь, а таксама мелі права часова вызваляць іх ад пасады, змяняць іх і прызначаць новых па патрабаванню памешчыка [13, № 36657]. Выконваючы судова-паліцэйскія функцыі, міравыя пасрэднікі разбіралі спрэчкі аб найме рабочых, аб арэндзе зямель, аб патравах і парубках лясоў. Яны адказвалі за спраўнае адбыванне сялянамі павіннасцей на карысць памешчыкаў, усімі справамі па афарменню выкупных здзелак і спагнання з сялян выкупных плацяжоў. Пасрэднікі атрымалі права накладання штрафа, заключэння пад арэст і пакарання розкай. Натарыяльныя справы ўключалі сведчанне розных актаў, якія заключаліся паміж памешчыкамі і часоваабавязанымі сялянамі.

У 1861 г., калі толькі пачаўся падзел паветаў на міравыя ўчасткі, на якія распаўсюджвалася ўлада пасрэдніка, ў склад участкаў ўваходзілі ад 2 да 9 валасцей, а кожны павет падзяляўся звычайна на 4–6, у вельмі рэдкіх выпадках – на 2–3 участкі міравых пасрэднікаў. Так, Гродзенская губерня была падзелена на 39 міравых участкаў, у якіх налічвалася 165 валасцей, 1524 памешчыцкія маёнткі, 2409 паселішчы, у якіх пражывала 164043 душ мужчынскага полу часова-абавязаных сялян [1, с. 778]. У сярэдзіне 60-х гадоў ХІХ ст. у Беларусі існавала 127 міравых участкаў [2, с. 83].

Права быць абраным на пасаду міравога пасрэдніка мелі патомныя дваране-памешчыкі, у якіх было не меней 500 дзесяцін зямлі. Зямельны цэнз мог быць зніжаны на 150 дзесяцін у выпадку, калі патомны дваранін скончыў вучэбную ўстанову і атрымаў права на чын ХІІ класа. Пры недахопе патомных дваран у спіс кандыдатаў уключаліся ўласныя дваране, меўшыя двайны зямельны цэнз. Кандыдатуры міравых пасрэднікаў абмяркоўваліся на павятовых дваранскіх сходах і рэкамендаваліся прадвадзіцелямі дваранства губернатарам для наступнага зацвярджэння іх у Сенаце. Каб падняць прэстыж міравых пасрэднікаў, заканадаўства прадугледжвала іх нязменнасць і незалежнасць ад органаў мясцовай улады. Пасрэднікі не падпарадкоўваліся губернскай адміністрацыі і таксама МВД, а па класу пасады ўраўноўваліся з павятовымі прадвадзіцелямі дваранства. Гэта забяспечвала магчымасць выканання пасрэднікамі сваіх абавязкаў [7, с. 182-183].

Падбору міравых пасрэднікаў урад надаваў вялікае значэнне. У цыркуляры ад 22 сакавіка 1861 г., падпісаным Аляксандрам ІІ, падкрэслівалася, што ад міравых пасрэднікаў ”будзе ў ва многім залежыць поспех прадпрымаемага дзяржавай прадпрыемства” [13, № 36770]. Выказвалася пажаданне выбіраць на пасаду пасрэднікаў людзей, якія спачувалі рэформе і карысталіся павагай да іх сялян. Сярод міравых пасрэднікаў Беларусі на пачатку рэалізацыі рэформы былі і такія, якія адстойвалі інтарэсы сялян насуперак мясцовым памешчыкам. Гэта прыводзіла іншы раз да канфліктаў паміж пасрэднікамі і памешчыкамі ў вырашэнні спраў. Напрыклад, у 1862 г. два пасрэднікі Быхаўскага павета Магілёўскай губерні вымушаны былі прасіць аб адстаўцы з-за абструкцыі з боку мясцовых дваран, бо дзейнічалі, як патрабаваў закон, у інтарэсах сялянства [3, с. 42].

Шматлікімі цыркулярамі і інструкцыямі Міністэрства ўнутраных спраў каардынавала дзейнасць пасрэднікаў у пытанні хуткага вырашэння размежавання зямлі паміж памешчыкамі і сялянамі. Так, міністр унутраных спраў 2 мая 1862 г. у цыркуляры на імя губернатара адзначаў неабходнасць больш хуткага складання ўстаўных грамат і дакладным іх выкананні як асноўнага сродка супраць “ілжывых чутак”. Пры гэтым звярталася ўвага на задавальненне законных скаргаў сялян, хуткі разгляд спрэчак у павятовых міравых з’ездах, якія павінны былі, на думку міністра, збірацца рэгулярна, не менш за 1 раз у месяц. Міністр адзначыў: “Хуткае вырашэнне сумніўных выпадкаў і разгляд скаргаў на рашэнні міравых пасрэднікаў пераканаюць памешчыкаў у сапраўднасці правілаў, створаных для абароны іх законных інтарэсаў у Палажэннях 19 лютага. З другога боку, свабодны ход сялянскіх скаргаў і прысутнасць сялян пры міравым разбіральніцтве, даказваючы ім пераканаўчым чынам, што “Палажэнні” ўвайшлі ў сілу, не могуць застацца без добрых наступстваў для знішчэння ілжывых чутак … і ўвогуле для заспакаення іх розуму” [11, арк.14 адв.].

Аднак былі і такія міравыя пасрэднікі, якія, па словах губернатара Гродзенскай губерні І.В. фон Галера, “абраныя прадвадзіцелямі дваранства з ліку дробнапамесных дваран, даражыўшы ўтрыманнем і адносінамі самастойных памешчыкаў, ухіляліся ад разгляду скаргаў сялян і ад дастаўлення пакрыўджаным належнага задавальнення” [6, с. 28].

У пяці заходніх губернях на пачатку сваёй дзейнасці большасць пасрэднікаў склалі мясцовыя дваране рымска-каталіцкага веравызнання, якія былі ў апазіцыі да ўрада. Будучы “ініцыятарамі” сялянскай рэформы, мясцовыя памешчыкі разлічвалі на беззямельнае вызваленне сялян пры захаванні поўнай улады над былымі прыгоннымі. Ва ўмовах рэвалюцыйных падзей у Польшчы, маніфестацыйнага руху ў беларуска-літоўскіх гарадах і хваляванняў сялян, нязгодных з умовамі вызвалення ад прыгону, міравыя пасрэднікі краю сталі на шлях ігнаравання аграрнай палітыкі ўлад і падтрымкі нацыянальна-вызваленчага руху. Даючы характарыстыку пасрэднікам заходняга краю, кіраўнік Міністэрства ўнутранных спраў стас-сакратар П.А. Валуеў паведамляў у пачатку верасня 1861 г. Аляксандру ІІ, што “… некаторыя з іх дзейнічаюць у відах сучаснага польскага хвалявання ў краі” [5, с. 71].

У адпаведнасці з “Палажэннем аб губернскіх і павятовых па сялянскіх справах установах” ад 19 лютага 1861 г. па ўсёй краіне ствараліся павятовыя з’езды міравых пасрэднікаў [13, № 36660]. Павятовы міравы з’езд быў галоўным распарадчым органам ўлады па арганізацыі сялянскай справы ў межах павета, галоўнай апеляцыйнай інстанцыяй па ўсіх справах, якімі займаўся міравы пасрэднік. Міравы з’езд вырашаў шэраг пытанняў, звязаных з зацвярджэннем устаўных грамат, вызначэннем тэрмінаў узносу аброкаў, найму землямераў і да т. п. Паседжанні міравога з’езда адбываліся пад старшынствам павятовага прадвадзіцеля дваранства пры ўдзеле міравых пасрэднікаў павета, а таксама назначанага губернатарам і зацверджанага міністэрствам унутранных спраў чыноўніка – “члена ад урада” (арт. 100-101, 107). Пры прызначэнні членаў ад урада ў склад міравых з’ездаў улада імкнулася садзейнічаць дакладнаму выкананню выдадзеных пастаноў па сялянскай справе.

Кіруючымі мясцовымі органамі па рэалізацыі рэформы 1861 г. былі губернскія па сялянскіх справах установы, якія паўсюдна сталі стварацца з сакавіка 1861 г. Кампетэнцыя, функцыі і склад гэтых устаноў раскрываліся ў асобнай главе “Палажэння аб губернскіх і павятовых па сялянскіх справах установах” [13, № 36660]. У склад губернскай установы ўваходзілі: старшыня – начальнік губерні, губернскі прадвадзіцель дваранства, кіраўнік палаты дзяржаўных маёмасцей, губернскі пракурор, два члены мясцовых дваран-памешчыкаў, прызначаных Міністэрствам унутранных спраў, і два члены з мясцовых дваран (арт 123).

На сваіх першых паседжаннях губернскія ўстановы падымалі важнейшыя арганізацыйныя пытанні рэалізацыі рэформы. Так, Мінская губернская па сялянскіх справах установа на паседжанні ад 13 мая 1861 г. прыняла пастанову аб адкрыцці ў кожным павеце камісіі, якая павінна была заняцца выпрацоўкай праекта падзялення паселішчаў на міравыя ўчасткі, складаннем спісаў усіх памешчыкаў для выбараў міравых пасрэднікаў і ажыццявіць самі выбары міравых пасрэднікаў. Старшынямі камісій станавіліся павятовыя прадвадзіцелі дваранства, у склад увайшлі земскі спраўнік, мясцовы памешчык і павятовы землямер [10, арк. 1, 5].

На ўвод у дзеянне сельскага і валаснога кіравання ў “Палажэннях” вызначаўся васьмімесячны тэрмін. Размеркаванне былых прыватнаўласніцкіх сялян па сельскіх грамадах і валасцях у пяці заходніх губернях у асноўным завяршылася ў маі-чэрвені 1861 г. Аднак на працягу амаль цэлага года гэтыя праекты ўдакладняліся і змяняліся. На падставе артыкулаў 43 і 44 “Агульнага палажэння” дапускалася аб’яднанне дробных валасцей і грамад у больш буйныя. Колькасць і склад валасцей былі рознымі ў розных губернях і паветах. Так, у Мінскай губерні ў склад грамады звычайна ўваходзіла некалькі паселішчаў, раскіданых адзін ад другога на вялікай адлегласці, з насельніцтвам 100 і болей участковых двароў, а іншыя, з 1-2 вёсак ці паселішчаў з 10-15 двароў [17, с. 10-11]. У Віцебскай губерні многія грамады таксама налічвалі ад 5 да 10 двароў, і таму вясной і восенню сялянам, што жылі ў аддаленых ад цэнтра воласці паселішчах, было складана дабрацца на валасны сход для вырашэння сваіх асабістых і абшчынных пытанняў. Некаторыя воласці губерні складаліся больш чым з 3 тыс. рэвізскіх душ, а ў іншых не мелася і 1 тыс. [16, с. 8-9]. Усяго ў Беларусі к сярэдзіне 60-х гг. ХІХ ст. было створана 752 воласці [2, с. 83].

У справе рэалізацыі рэформы ўлады надавалі выключна важнае значэнне службовым асобам сялянскага самакіравання. Пытанне аб тым, кім будуць валасны старшыня, сельскі стараста, валасны пісар – агентамі памешчыка і ўрадавай адміністрацыі, ці выразнікамі волі і ітарэсаў сялянскай масы, набывала ў парэформенны перыяд, у час ўвядзення ўстаўных грамат, асабліва вострае значэнне. У сваёй большасці гэтыя службовыя асобы былі стаўленікамі апалячаных памешчыкаў і міравых пасрэднікаў, галоўнай задачай якіх было забеспячэнне выканання сялянамі іх павіннасцей былым гаспадарам. На пасады валасных старшынь звычайна абіраліся “асобы рымска-каталіцкага веравызнання, гатовыя выконваць волю міравых пасрэднікаў” [14, с. LXXXV]. Міравыя ўстановы, у якіх шырока выкарыстоўвалася польская мова, уводзілі яе і ў валасныя праўленні пры вядзенні спраў, перапісцы і да т. п. [15, с. 72-73].

Сяляне скардзіліся ў павятовыя міравыя з’езды і губернатарам на тое, што памешчыкі і міравыя пасрэднікі самі прызначалі валасных старшынь “пакідалі на пасадзе супроць жадання сялян” [17, с. 14]. Былыя прыгонныя нярэдка патрабавалі звальнення тых выбарных асоб, якія адкрыта абаранялі інтарэсы памешчыка. Прыкладам могуць служыць падзеі ў маёнтку Лучай Вілейскага павета, дзе ў канцы ліпеня 1861 г. былыя прыгонныя адмовіліся падпарадкоўвацца панскім стаўленнікам і самавольна стварылі новую валасную канцылярыю, якая выконвала іх інтарэсы. Хваляванні былі падаўлены вайсковай сілай толькі ў пачатку лістапада [8, с. 92-97]. Сяляне вялі барацьбу супроць фактычна назначаных службовых асоб, іншы раз адмаўляючыся ад правядзення выбараў. Так, у адным з маёнткаў Вельскага павета Гродзенскай губерні сяляне не толькі адмовіліся ад правядзення выбараў валаснога старшыні, але і пагражалі тым, хто прыме гэтую пасаду [4, с. 190]. У ліпені 1862 г. часоваабавязаныя сяляне мястэчка Хорацы той жа губерні адмовіліся ад выбараў вясковай адміністрацыі, лічачы сябе мяшчанамі на падставе пастановы Гродзенскай палаты грамадзянскага суду ад 31 сакавіка 1861 г., хоць Сенатам гэтая справа яшчэ не была вырашана. Нягледзячы на перакананні адміністрацыі выбраць асоб на вясковыя пасады, сяляне адмовіліся арганізоўваць сельскае таварыства [12, с. 141]. Усяго ў Беларусі адбылося 20 сялянскіх выступленняў, звязаных з выбарамі сельскіх і валасных службовых асоб [2, с. 70].



Такім чынам, уладамі быў створаны дастаткова гібкі механізм выканаўчых устаноў, які аператыўна вырашаўшаў непазбежна ўзнікаўшыя праблемы і супярэчнасці паміж памешчыкамі і сялянамі. Падчас рэформы сельскія жыхары разглядаліся ўладамі як крыніца даходаў казны: дзяржава клапацілася аб выкананні сялянамі іх абавязкаў перад ёю і памешчыкамі. Дзеля гэтага лічылася магчымым строга рэгуляваць жыццё сялянскага саслоўя і абмяжоўваць яго грамадзянскія правы. Створаная сістэма кіравання сялянскай справай, павінна была ажыццяўляць правядзенне ў жыццё аграрнай рэформы 1861 г. Былыя прыгонныя сяляне атрымалі даволі шырокае самакіраванне, якое, аднак, кантралявалася і абмяжоўвалася міравымі пасрэднікамі, а па сутнасці – дзяржаўным апаратам і, у некаторай, вельмі нязначнай ступені, памешчыкамі.
Літаратура і крыніцы

  1. Бобровский, П. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба: Гродненская губерния / П. Бобровский. – СПб.: тип. Департамента Ген. штаба, 1863. – Ч. 1. – 866 с.

  2. Гісторыя сялянства Беларусі: у 3 т. / рэдкал.: М. С. Сташкевіч [і інш.]. – Мінск: Беларус. навука, 1997-2002. – Т. 2. Ад рэформы 1861 г. да сакавіка 1917 г.; З.Е. Абезгаўз [і інш.]; пад. рэд. В.П. Панюціча; - 2002. – 552 с.

  3. Жытко, А., Талмачова, С. Палітыка самадзяржаўя ў адносінах да інстытута міравых пасрэднікаў у Беларусі (1861–1904 гг.) / А. Жытко, С. Талмачова // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Сер. Гуманітарных навук. – 2013. – № 1. – С. 41-46.

  4. Зайончковский, П.А. Отмена крепостного права в России / П.А. Зайончковский. – 3-е изд. – М.: Просвещение, 1968. – 368 с.

  5. Записка П.А. Валуева Александру ІІ о проведении реформы 1861 г. // Исторический архив. – 1961. – № 1. – С. 66-81.

  6. Комзолова, А.А. Политика самодержавия в Северо-Западном крае в эпоху Великих реформ. / А.А. Комзолова.– М.: Наука, 2005. – 383 с.

  7. Корелин, А.П. Дворянство в пореформенной России. 1861-1904. Состав, численность, корпаративная организация / А.П. Корелин. – М.: Наука, 1979. – 304 с.

  8. Крестьянское движение вБелоруссии после отмены крепостного права (1861-1862 гг.): Документы и материалы / редкол.: И.Н. Лущицкий (гл. ред.) [и др.] – Минск: Госиздат БССР,1959. – 480 с.

  9. Литвак, Б.Г. Переворот 1861 года в России: почему не реализовалась реформаторская альтернатива // Б.Г. Литвак. – М.: Политиздат, 1991. – 302 с.

  10. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд. 242. – Воп. 1. – Спр. 1. Журнал заседания присутствия по распорядительному отделению за 1861 г. Минской губернии.

  11. НГАБ. – Фонд. 2219. – Воп. 1. – Спр. 1. – Арк. 14 зв. Циркуляры и распоряжения правительства и бумаги к руководству по крестьянскому делу за 1861-62-63 гг.

  12. Пічэта, У. Сялянскія рухі на Беларусі пасля аграрнай рэформы 1861 г. / У. Пічэта // Полымя.  1929.  № 89. - С. 126-153.

  13. Полное собрание законов Российской империи (ПСЗРИ). – Собр. 2-е: в 55 т. –СПб.; 1830-1884. – Т. 36. – СПб., 1863.

  14. Сборник документов музея графа М.Н. Муравьёва (26 февраля 1859 г. - 14 февраля 1862 г.) / Сост. А. Белецкий. – Вильна: Тип. “Русский почин”, 1966. – Т. 1. – LXXXIX+233 с.

  15. Сборник правительственных распоряжений по устройству быта крестьян-собственников в Северо-Западном крае. – Вильна: Тип-я штаба Виленс. воен. округа, 1864. – 150 с.

  16. Свод заключений губернских совещаний по вопросам относящимся к пересмотру законодательства о крестьянах: в 3 т. – СПб.: Тип-я М-ва внутренних дел, 1897. – Т. 1. – 795 с.

  17. Талмачова, С.А. Эвалюцыя дзейнасці органаў сялянскага самакіравання (1861–1914 гг.) / С.А. Талмачова // Гісторыя Беларусі перыяду капіталізму: дапаможнік: у 5 ч. – Ч. 2: Актуальныя праблемы аграрнай гісторыі / склад. А.П. Жытко [і інш.]; пад агул. рэд. А.П. Жытко. – Мінск: БДПУ, 2007. – С. 5-110.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка