А. М. Лапіцкая Мінск вёска ў сучаснай беларускай прозе




Дата канвертавання14.01.2017
Памер117.44 Kb.
А. М. Лапіцкая

Мінск

ВЁСКА Ў СУЧАСНАй БЕЛАРУСКАй ПРОЗЕ
For a long time peasant's life has been the main theme of belarussian prose. Nowadays it's considered, that modern writers prefer to describe urban environment. But what about the country? How do our contemporaries reflect it in their works? Original stile, interesting plot, unusual ideas, bright characters – all this is necessary to make an excellent story, what tells about country-life...
Абіраючы для даследавання менавіта гэтую тэму, я ўяўляла будучую працу даволі скептычна: тэма не папулярная, для чаго маецца шэраг відавочных падстаў («зацяганасць» тэмы ў савецкі час; на сёння вяскоўцы складаюць адно 24% насельніцтва Беларусі, дый заняткі літаратурай - не самае ўлюбёнае хобі сельскай моладзі). Дзеля сцвярджэння вартасці вясковай тэмы меліся быць прааналізаваныя некалькі паспяховых твораў і зробленыя высновы накшталт таго, што «ўдалыя рэчы на вясковую тэму - плён глыбокіх роздумаў, сведчанне высокага майстэрства, вынік якаснага сінтэтызавання сучаснага з традыцыйным, традыцыйным не ў сэнсе звыклага і банальнага, а ў сэнсе адвечнага, архетыповага, характэрнага...»

Аднак з цягам часу выявілася: сучасных аўтараў, якія не прамінулі звярнуцца да вясковых рэалій, даволі шмат. Між імі - Наталка Бабіна, Альгерд Бахарэвіч, Анатоль Казлоў, Югася Каляда, Юрась Нераток, Уладзімір Някляеў, Марыйка Мартысевіч, Павал Севярынец, Ігар Сідарук. Трэба адразу заўважыць, што, па-першае, тэма вёскі для гэтых аўтараў не з’яўляецца магістральнай - аднак уяўляецца мэтазгодным правесці панарамны разгляд асобных іхніх твораў з тым, каб выявіць адметнасці сучаснага падыходу да тэмы. Па-другое, вышэйзгаданыя пісьменнікі вельмі розняцца творчым вопытам, светапоглядам, мастацкім модусам, належаць да розных кірункаў - і, адмяжоўваючыся ад усяго гэтага, мы вызначым як аб’ект разгляду выключна тое наватарскае, арыгінальнае, што робіць іхнюю «вясковую» прозу своеасаблівай і прывабнай для сучаснага чытача.

Прычым паводле жанравай дыферэнцыяцыі мы будзем мець справу не толькі з шматлікімі апавяданнямі, але таксама з раманамі (Н. Бабіна, «Рыбін горад», 2007; А. Казлоў «Юргон», 2006), аповесцямі (А. Казлоў, «Незламаная свечка», «Перакуліся, перакуленае», 2000; Ю. Нераток, «Закуцце», «Мутант», 2007; У. Някляеў, «Вежа», 1988), цыклам эсэ (П. Севярынец, «Лісты з лесу», 2007), дзённікам (М. Мартысевіч, «Палеская хроніка», 2008). Арыгінальным паводле жанру з’яўляецца твор Н. Бабінай, што, сапраўды, «лучыць у сабе рысы прыгодніцага, дэтэктыўнага, жаночага і вострасацыяльнага раману», а таксама «Лісты зь лесу» П. Севярынца, галоўным чынам прысвечаныя вёсцы Малое Сітна, у якой аўтар імкнецца бачыць «своеасаблівы фокус траціны тэрыторыі Беларусі» [12, 7]. Выданне акрэслена як літаратурна-публіцыстычнае, агульная назва арыентуе чытача на эпісталярны жанр, самі ж тэксты месцамі нагадваюць то нарыс, то казанне, то прыпавесць, то эсэ...

У сюжэтах твораў, прысвечаных вёсцы (альбо твораў, у якіх вёска з’яўляецца фонам) шмат якія пісьменнікі звяртаюцца да міфаў. Рэдказаселеныя і малакантралюемыя абшары лясоў ды палёў напраўду прывабныя для ведзьмакоў і чараўнікоў... Так, у аповесці «Закуцце» Ю. Нератка галоўная гераіня - старая знахарка, таму сон ейнага госця, карэспандэнта газеты «Сенсацыі і будзённасць», поўны паганскіх сімвалаў і вобразаў. У аповесці «Незламаная свечка» А. Казлоў распавядае пра даўнюю варожасць дзвюх вясковых сямей, дзе не цураюцца гаспадарчай магіі, у рамане «Юргон» пісьменнік стварае велічны вобраз знахара Чорнага Гардзея, у іншых жа творах дзейнічаюць альбо людзі з надзвычайнымі здольнасцямі, альбо ірэальныя істоты, створаныя выключна фантазіяй пісьменніка (Гундзіла, Поўня, Ноч-маці, Нішто). Зварот да міфаў мае працяглую традыцыю ў беларускай літаратуры - і прозе ў тым ліку (Я. Баршчэўскі, М. Гарэцкі, Зм. Бядуля) - на сёння ж істотна, «каб абагульняючыя вобразы ўтрымлівалі не проста мясцовы каларыт, а неслі ў сабе саму сутнасць народнай душы», з’яўляліся не толькі белетрыстычным сродкам, але і «абазначалі сабой увагу да самых тыповых рыс народнага светапогляду» [5, 34].

Папулярная сёння фантастыка таксама мае месца ў творах пра вёску. Так, у аповесці «Мутант» ціхамірныя вакацыі школьніка Антона парушаюцца з’яўленнем іншапланетнікаў, а галоўная гераіня рамана Н. Бабінай мае здольнасць «рыць норы ў часе», то бок раптам у якасці назіральніцы трапляць у мінулае. Праз гэта пісьменніца ўводзіць у раман апісанні сярэднявечнага гарадскога жыцця, а таксама распавядае сумную гісторыю пані Макрыні (ейная бойка з маладзёнам-Кукалем у старажытным Бярэсці дублюе, адцяняе кульмінацыю рамана).

Між адметных для вясковай прозы вобразаў абавязкова варта згадаць захопленую сваёй працай ветарынарку Зарніцкую і трактарыста Толіка, які выпадкова не трапіў на гістфак, але дзіўным чынам зрабіўся дасведчаным антыкварам. З таго ж «Рыбінага горада» - цёця Маня, што дае прытулак афрыканцу Нгваасі, які праз Дабрацічы эмігруе ў ЕС.

Запамінальнымі падаюцца героі апавяданняў І. Сідарука (зборнік «Квадратная варона») - вясковыя маргіналы, алкаголікі, малаадукаваныя і неўладкаваныя людзі з безліччу крыўдаў і комплексаў, якія могуць выклікаць у чытача як агіду, так і вострае шкадаванне. Праз эстэтычны шок, гідоту, абурэнне І. Сідарук звяртае ўвагу на тыя праблемы, якія хвалююць і іншых аўтараў - нізкі ўзровень жыцця на сяле, змяншэнне прэстыжу сельскагаспадарчай працы, выцясненне вяскоўцаў дачнікамі, змена каштоўнасцей і прыярытэтаў. Пісьменнік красамоўна апісвае сцэны гвалту і забойстваў, ствараючы беларускія міні-баевікі. Апавяданні з «Квадратнай вароны» - брутальныя, вострасюжэтныя, парадаксальныя, створаныя найчасцей з дапамогай гратэску. Так, у «Каравайчыку-34» злосны на ўвесь свет мужык расстрэльвае з адкапанага на гародчыку танка ўсю родную вёску, у «Нагавіцах клятчастае масці» чалавечая абыякавасць даводзіць героя да абурэння, шаленства і, зрэшты, злачынства: у крамнай чарзе з яго здзёрлі нагавіцы, а людзі гэтага нават не заўважылі, гэтаксама, як не заўважылі і далейшага забойства героем выпадковага дзядка... У апавяданні «Табе што, болей трэба?» следам за дзедам-самагубцам усё мястэчка сыходзіць з жыцця - толькі адзін з вяскоўцаў, не зважаючы ні на што, нават пасля дэманстратыўнага «зачаўлення ў брудзе» свайго суседа, працягвае глыбакадумна збіваць стары зэдлічак...

Ютка і Хведар з «Вежы» У. Някляева - антыподы героям І. Сідарука. Ім уласцівыя глыбакадумнасць, спагадлівасць, іранічнасць, працавітасць, пэўная рамантычнасць і характэрнае для беларускага мужыка стрыманае стаўленне да замежных ноў-хаў і нечаканых вялікіх магчымасцей. Гэтых крыху паэтызаваных сялян вылучае і «шукшынска-дудараўская» дзівацкасць: галоўнае ў аповесці - эканамічны поспех Юткі Казубоўскага, што ўзводзіць «вежу да неба», якая хутка робіцца вельмі прыцягальнай для турыстаў. Для старшыні калгаса Ютка тлумачыць сваю справу проста: «Мне ўрачы горны клімат рэкамендуюць. А ты мне пуцёўку ў санаторый даў? Не даў. Дык я вежу збудую, лягу там на самым версе і буду дыхаць горным паветрам». На пытанні ж іншых стары адмоўчваецца; шмат хто прыязджае зірнуць на вежу і кожны бачыць свой сэнс у гэтай будоўлі. «Мне беспрытульна ў свеце, я адзінокі ў ім, нібы Юткава вежа, на якую я гатовы залезці і кінуцца ўніз - сторч галавою ад сваёй адзіноты» [11, 169], - прызнаецца вяскоўцам турыст-міліярдэр Морган. Але Юткава вежа - не адзіная незвычайнасць у Карунах. Калісьці пан Цырлюкевіч збіраўся пракапаць калодзеж да Ціхага акіяна і адпаведна ўзяўся будаваць вялізны карабель...

Робіцца відавочным, што для кожнага аўтара своеасаблівай з’яўляецца ягоная «тэмпература» палітры, настраёвая танальнасць. Так для Наталкі Бабінай, Юрася Нератка, Уладзіміра Някляева, Марыйкі Мартысевіч вёска - гэта штосьці светлае праз дзіцячыя ўспаміны і любае сёння, непарыўна звязанае з гісторыяй роду і памяццю аб бабулях-дзядулях. Любоў, замілаванне, чуласць іхніх герояў абсалютна чужасныя героям I. Сідарука і А. Бахарэвіча.

Калі ў першага пісьменніка ў адпаведнасці з паэтыкай гратэску ўсё вельмі макабрычна і чорна, то вёска ва ўрыўках з прозы А. Бахарэвіча па-авангардысцку жорстка адчужаная, непрымальная. Героі А. Бахарэвіча глядзяць на вёску вачыма сучаснага гараджаніна-скептыка, гараджаніна ў трэцім ці чацвёртым пакаленні - таму бачанне адмоўнага ў сялянскім жыцці не спалучаецца ў іх са шкадаваннем ці шчырай засмучанасцю. «Паэтычнае ўяўленне пра родную зямлю - гэта важны духоўны набытак народа», - сцвярджаў В. Каваленка. Але «патрэбна ...унутраная абжытасць мясцовасці, каб яна выклікала эмоцыі замілавання» [5, 22]. Вёска ў вачах адчужанага героя А. Бахарэвіча паўстае трывіяльнай і аднастайнай: ад усюдыісных цётак на роварах, бабак з «капуснымі кубламі» і «спэрматазоідаў» за пляшкай да не менш аднолькавых дамоў культуры і помнікаў-блізнюкоў. Самым запамінальным «вясковым» эпізодам для прыхільнікаў гэтага пісьменніка, пэўне, сталася кукурузнае поле з «Сарокі на шыбеніцы», куды мясцовыя хлапчукі і дванаццацігадовая Вераніка (ужо даволі свядомы ўзрост) прыходзяць зусім не па катахі... У творы «Гюнтер Вальдхоф і яго крэдыторы» чытач сустракаецца з сатырычным вобразам патрыёта Пятруся Аборкі, на думку якога правінцыя дае магчымасць пераканацца ў жыццяздольнасці беларускай нацыі. Для галоўнага героя, які выдае з сябе жыхара Кёльна, пазычаючы ў знаёмых грошы на належную вопратку й рэстарацыі, гэткі погляд Аборкі смешны, а вёска - цалкам непрывабная. Пытанне вясковага дзеда, адрасаванае ўнучцы, якая прыехала з «замежным» жаніхом, - «Што, у Мінску нармальныя хлопцы перавяліся, што ты за немцамі бегаеш?» [3, 108] - правакуе чытача на аўтаматычны адказ: «Так». I не толькі з-за стэрэатыпаў пра тое, што нашыя мужыкі спраўна «выконваюць свой доўг» адно за пляшкай, але й таму, што галоўны герой, беларус і вялікі аматар Нямеччыны, таксама не знаходзіць больш вартай дзейнасці, чым выдаваць з сябе немца.

Тым самым беларускім патрыётам, які ў «глухой, аддаленай ад гораду» вёсцы такі бачыць «мацерык беларускай мовы ды традыцыі» [12, 23], паўстае П. Севярынец. Безумоўна, рэчаіснасць заўсёды супярэчлівая, таму ў «Лістах з лесу» штосьці шакуе, а штосьці наадварот абнадзейвае чытача. Дзякуючы хрысціянскаму светапогляду аўтара ягоныя тэксты азначаныя аптымізмам і гуманізмам, а пісьменнік ставіцца да рэчаіснасці з цікавасцю, без прадузятасці ды пагарды, і здатны як усцешана заўважыць станоўчае, так і абурыцца на заганы (найперш на заганы, а не на іх носьбітаў).

Але сарказм А. Бахарэвіча - датычна родных краявідаў у тым ліку («Сцэна скончвалася сцяной з фоташпалерамі: зь вялікай вышыні, быццам са шпіёна спадарожніка, надзвычай цьмяна быў зьняты цудоўны куточак сінявокай Беларусі, зь нязьменнай супрацьтанкавай рэчкай і разбаўленым лесам полем (ці наадварот)» [4, 38]) - уласцівы далёка не ўсім аўтарам, што звяртаюцца да тэмы вёскі. М. Мартысевіч у «стансах для Беларускага Калегіюму» сцвярджае, што «палі, лясы, балоты, лугі - і чым там яшчэ захапляюцца нашыя клясыкі і графаманы - у рэчаіснасці яшчэ менш рэальныя, чым на старонках кнігаў і вэб-сайтаў» [9, 14] - але паспяхова аспрэчвае саму сябе ў «Палескай хроніцы», усцешана ўсклікаючы: «Нарэшце лес!» («Падстаўляючы голыя плечы першым камарам, я скуголіла ад шчасця. Я так стамілася ад гораду ...што, ледзьве сышоўшы на станцыі, адчула сябе ля брамы раю» [9, 69]). У апісанні вёскі аўтарка, як звычайна, імкнецца быць арыгінальнай, мадэрновай, інтэлектуальнай ды крыху агрэсіўнай, але эмацыйны фон дзённіка нечакана робіцца іншым. Як ні дзіўна, Марыйцы ўласцівыя спагада, гуманізм, любоў да бабулі і дзядулі, павага да рэлігіі і нават захапленне «палямі, лясамі, балотамі». Так, «поле, якое на пачатку мінулага стагодзьдзя ў згодзе й ласцы аралі тры браты» сама ж аўтарка называе адным з «топасаў сямейных мітаў» [9, 86].

Для галоўнай гераіні рамана Н. Бабінай на вёсцы таксама «прыгажэнна». Дзякуючы разнастайнасці лексікі, простай сінтаксічнай будове сказаў, сцісласці і пэўнай неахайнасці частотныя апісанні прыроды ўспрымаюцца без напружання («Сівыя завесы дробнага дажджу падзялілі прастору на ярусы: бліжэйшы зялёна-шэры, далейшы - шэра-зялёны... Лугавіна. Вада. Рыфлёная паверхня дажджавога патоку. Спакойная яшчарка з дзіцячымі далонькамі. Натапыраныя лапкі яшчаркі на дзіва падобныя да маленечкіх ручак дзіцяці» [2, 7].

Сённяшнія пісьменнікі не схільныя да працяглых апісанняў побыту, вясковай працы, размеранага жыцця, шмат хто імкнецца паказаць вёску нязвыклай, амаль экзатычнай. У таго ж А. Бахарэвіча на вясковай плошчы Ленін займаецца «кітайскай гімнастыкай», а М. Мартысевіч, апісваючы цэнтр палескага мястэчка («аточаны гаспадаркамі кавалак стэпу», клуб, пясок, «маленькі цагляны будыначак» крамы), параўноўвае яго з Афрыкай: «да поўнага падабенства пэйзажу бракуе адно прадавачкі-мурынкі і парасончыка «кока-кола» [9, 81]. Дзякуючы ж А. Казлову (апавяданне «Крывавы прысмак») здзіўляешся таму, што вясковы антураж (сіратлівы стогн калодзежных журавоў у час завірухі; лопнутая фанерная абшыўка, з якой «пераспелымі грушамі-гнілушкамі» сыплюцца ў хату мышы; проса ды каноплі, рассыпаныя па падлозе - каб на іх спатыкнулася Смерць) выдатна пасуе для стварэння беларускага трылера.

Адно з галоўных сведчанняў сацыяльнага аптымізму пісьменніка - выяўленне прыкметаў мадэрновасці і цывілізаванасці сяла. «Уздоўж дарогі - акуратны гаёк, а за ім - дагледжаная вулка, абсаджаная паабапал туямі. За пятнаццаць гадоў яны вырасьлі нібыта ў Ялце ...Вёска - гэта збольшага ў тэрытарыяльным сэнсе, звычайны прыватны дом за горадам. Дом з цэнтральным ацяпленьнем ды газам» [14, 40], - так піша пра бабульчыну вёску Ю. Каляда. Вёска Ажарцы Ю. Нератка таксама даволі «прасунутая»: «У дзядзькі Колі сваё кафэ: «Тэрыторыя» называецца. А над кафэ спадарожнікавая антэна стаіць. I «Космас-ТV» ловіць, і да Iнтэрнэта падключана. Дзядзька Коля дыскатэкі ўвечары ладзіць, а ў офісе відак працуе ледзь не з абеду» [10, 150].

Безумоўна, творы пра вёску маюць і шэраг агульнага. Гэта зварот да традыцыйных тэмаў: Чарнобыль, «сена на асфальце» (адпаведна апавяданні «Нішто» А. Казлова і «Шкельцы, шкельцы...» Н. Бабінай), стварэнне ўласцівых для гэтага жанру вобразаў. Так, беларуская літаратура мае цэлую галерэю вясковых бабуль: ад бабкі Мар’і (Я. Колас «У палескай глушы») да Анэты (А. Жук «Халодная птушка»). Бабулі ж сучасных аўтараў не толькі працавітыя, спагадлівыя, разумныя, але й на дзіва дасціпныя, жвавыя, вострыя на язык. Такія бабулі - гераіні шматлікіх вышэйзгаданых твораў, між якімі «Рыбін горад», «Закуцце», «Палеская хроніка», апавяданне У Някляева «Сцяна», фантасмагорыйка І. Сідарука «Як цётка Прузына нацыю шукала».

Творчасць апошняга як пісьменніка-постмадэрніста была б немагчымаю без літаратурных перагукаў, гэтаксама гратэскна афарбаваных. Так, апавяданне «Пяць хлябоў з Дабравесця» паводле сюжэту апелюе да «Пяці лыжак заціркі» Зм. Бядулі, «Выкраданне вепрука» змушае да супастаўлення з рэзка кантрастным паводле настрою «Смаленнем вепрука» М. Стральцова, а схільнасць аўтара ў адным сказе супрацьпаставіць безуважную, адмежаваную і балюча-прыгожую прыроду жыццёвай несправядлівасці і бязладдзю («І як тыдзень, другі, трэці таму сыпаў дробны, няспынны, халаднаваты дождж ды нясьцерпна пахла бярозамі» [13, 63] - заканчэнне «Каравайчыка-34») можа нагадаць стыль ранняга Я. Коласа. Усе аўтары, пішучы пра вёску, уводзяць у мову сваіх герояў народныя ідыёмы, дыялектызмы, сталыя эпітэты, стылістычна заніжаную лексіку - кожны, аднак, у сваіх мастацкіх мэтах.

Такім чынам, маючы справу з традыцыйнай тэмай, кожны аўтар усведамляе, што звыклы сюжэт ці банальная метафара могуць з першай старонкі адштурхнуць чытача. Таму сёння вясковая тэма цалкам выключае эпігонства, штурхае пісьменніка да вынаходніцтваў, жанравых эксперыментаў, патрабуе арыгінальнага стылю, новых сюжэтаў ды вобразаў. Зварот да тэмы вёскі мае быць шматабяцальным для чытача, выяўляючы прэтэнзію аўтара паказаць штосьці неардынарнае, раней не заўважанае. Так і вышэйазначаныя творы сцвярджаюць «жыццяздольнасць» тэмы ў сённяшні час, адно - з умовай арыгінальнага падыходу...
Літаратура:

1. Бабіна, Н. Крыві не павінна быць відна / Н. Бабіна. - Мінск: Логвінаў І. П., 2007. - 220 с.

2. Бабіна, Н. Рыбін горад / Н. Бабіна. - Вільня: Інстытут Беларусістыкі, 2007. - 309 с.

3. Бахарэвіч, А. Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў / А. Бахарэвіч. - Санкт-Пецярбург: «Невскій прастор», Вільня: «Рунь», 2002. - 146 с.

4. Бахарэвіч, А. Натуральная афарбоўка / А. Бахарэвіч. - Мінск: Логвінаў І. П., 2003. - 228 с.

5. Каваленка, В. А. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры / В. А. Каваленка - Мінск: Навука і тэхніка, 1981. - 320 с.

6. Казлоў, А. Горад у нябёсах / А. Казлоў. - Мінск: Литература и искусство, 2009. - 222 с.

7. Казлоў, А. Незламаная свечка / А. Казлоў. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2000. - 220 с.

8. Казлоў, А. Юргон / А. Казлоў. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2006. - 253 с.

9. Мартысевіч, М. Цмокі лятуць на нераст / М. Мартысевіч. - Мінск: Логвінаў, 2008. - 112 с.

10. Нераток, Ю. Закуцце / Ю. Нераток. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. - 246 с.

11. Някляеў, Ул. Цэнтр Еўропы / Ул. Някляеў - Мінск: Медысонт, 2009. - 440 с.

12. Севярынец, П. Лісты зь лесу / П. Севярынец - Вільня: Інстытут Беларусістыкі, 2007. - 314 с.

13. Сідарук, І. Ф. Квадратная варона / І. Ф. Сідарук. - Полацкае ляда, 2000. -118 с.

14. Каляда, Ю. Замалёўкі з вясковага жыцця / Югася Каляда // Пакахай мяне, калі ласка. - Мінск: «Кнігазбор», 2009 - С. 40-74.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка