А. У. Марчанка Мінск свет рэчаў у творах якуба коласа




Дата канвертавання05.03.2017
Памер81.3 Kb.
А. У. Марчанка

Мінск

СВЕТ РЭЧАЎ У ТВОРАХ ЯКУБА КОЛАСА
The article deals with the artistic possibilities of describing in colours in creating the images of things in Yakub Kolas's creative works according to the author's outlook.
Рэчы акружаюць чалавека ўсё жыццё. Яны ўтвараюць сферу, у якой жыве чалавек, вызначаюць яго сувязь са знешнім светам. Рэчы непасрэдна звязаны з побытам, паводзінамі людзей, іх свядомасцю і складаюць пэўны кампанент культуры [5, 201-204]. Практычна ўсе прадметы акрамя свайго функцыянальнага прызначэння валодаюць і нейкім інфармацыйным патэнцыялам. Месца рэчы ў свеце чалавека змянялася, яе роля і стаўленне да яе залежалі ад форм светаўспрымання нашых продкаў [1, 8-9]. Як адзначае рускі даследчык А. Чудакоў, «духоўны вопыт чалавека ў рэчавым рукатворным свеце адбіваецца не менш, чым у свеце ідэальных спараджэнняў яго розуму - паэзіі, філасофіі, музыцы» [7, 17].

Як уладальнік вялікага эпічнага таленту, Якуб Колас бачыў усё багацце навакольнага свету нават у найменшых праявах, дэталях. Пісьменнік з магутнай народнай асновай, ён ствараў свой нацыянальны вобраз свету, дзе знаходзілі месца не толькі глабальныя карціны рэчаіснасці, але і эпізадычныя прадметы, якія таксама не трацілі сваёй значнасці. Маюцца на ўвазе якраз рэчы, якія паэтызуюць побыт, раскрываюць пэўныя нюансы жыцця герояў, што і характэрна для творчасці класіка беларускай літаратуры. Вядомы расійскі тэарэтык літаратуры В. Халізеў сцвярджае, што найбольш плённай у навуковым плане з’яўляецца метадалогія даследавання вытокаў семантыкі розных вобразаў і з’яў у творчасці пісьменніка ў сувязі з духоўнай культурай народа. У якасці крыніцы мастацкай вобразнасці вялікае значэнне маюць факты матэрыяльна-побытавай культуры нацыі і грамадства, што маюць светасузіральны, духоўны сэнс [6, 110]. У сувязі з вышэйсказаным, разгледзім больш падрабязна семантыку тых вобразаў-рэчаў, што найбольш часта сустракаюцца ў мастацкім свеце пісьменніка, і адзначым ролю ў іх стварэнні колеравых абазначэнняў. Асаблівасць творчай манеры Якуба Коласа заключаецца ў тым, што ён нешматслоўны ў сваіх апісаннях, але заўсёды дакладны. З дапамогай колераапісанняў ён можа стварыць цэлы вобраз, аб’ёмны, напоўнены глыбокім сэнсам. Рэчы ў творах могуць падрабязна не апісвацца, але па сваёй значнасці яны не саступаюць іншым вобразам. Гэта той выпадак, калі нават адным штрыхом можна паказаць маштабнасць некаторых з’яў, калі разглядаць маштабнасць не як колькасную, а якасную катэгорыю.

Сярод вялікага арсеналу рэчаў, якімі Якуб Колас акружае сваіх герояў, перадусім, спынімся на адной з тых, якая непасрэдна звязана з існаваннем беларуса, з’яўляецца кампанентам большасці нацыянальных культур. Мы маем на ўвазе стол. У мікракасмічным сэнсе стол можна лічыць цэнтрам хаты, у макракасмічным - цэнтрам Сусвету. Стол спрадвеку быў прадметам асаблівага ўшанавання [4, 501]. У сувязі з гэтым прывядзем словы беларускага даследчыка-фалькларыста Т. Валодзінай, якая адзначае, што нацыянальная своеасаблівасць характару накладала свой адбітак на светаўспрыманне і ўласнае вобразнае, рэчавае напаўненне старажытнай славянскай мадэлі свету. Беларус набліжае ідэальнае, узвышанае, да зямнога, больш блізкага яму, побытавага. Традыцыйная культура беларусаў, асабліва яе побытавы зрэз, дэманструе данесенае практычна да нашых дзён арганічнае злучэнне будзённага, утылітарнага, з сакральным, ідэальным [1, 7].

Падкрэсліваючы асаблівы статус стала ў сістэме прадметаў, што напаўняюць дом, Колас акцэнтуе ўвагу толькі на такой дэталі, як белы абрус, якім засланы стол: «Пакой быў прасторны, чысты, акуратна выбелены. Каля аднае сцяны стаяла канапа і вялікі просты стол каля яе, засланы белым настольнікам» [3, 45]. Белы абрус упрыгожвае стол нават у звычайны дзень, прыносіць утульнасць у штодзённы побыт: «Насупраць увахода стаяў стол, накрыты белым абрусам, а на стале ўжо весела пашумліваў самаварчык, ведучы няўпынную гутарку» [2, 132]. Колас асабліва паэтызуе высокую культуру сялянскага жыцця, стварае ўражанне ідэальнага існавання: «Там стаяла многа вазонаў, кветак, дужа пашыраных у сялянскім абыходку. У хате была прохаладзь, стаяў своеасаблівы пах і наогул чыстае паветра. Паміж фікусаў утульна прымайстраваўся стол, засланы белым абрусам» [3, 704]. І гэта ў звычайны будні дзень, не кажучы пра белы абрус як неад’емны атрыбут святочнага стала: «На вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол, засланы белым абрусам і ўсцяж застаўлены багатаю і разнастайнаю закускай, выпіўкаю, пасудаю» [3, 621]. На нашу думку, тут белы колер - менавіта тая ключавая характарыстыка, якая ўзмацняе сакральны сэнс рэчы, што мае адно з цэнтральных значэнняў у нацыянальным космасе беларуса і, адпаведна, ва ўласным мастацкім свеце пісьменніка. Такім чынам, усю глыбіню народнай традыцыі Колас па-майстэрску выяўляе, падкрэсліваючы толькі дэталь - чысты белы абрус, якім засланы стол у хаце.

У некаторых выпадках для ўзмацнення мастацкага ўражання пісьменнік у адным кантэксце выкарыстоўвае некалькі азначэнняў, што набываюць сінанімічнае значэнне, напрыклад, характарыстыкі «белы» і «чысты»: «Прасторная і светлая зала была ўбрана чысценька і акуратна <...> Сталы і столікі былі засланы чыстымі настольнікамі і настольнічкамі. Крэслы стаялі ў парадку. На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Па кутках залы стаялі круглыя столікі пад белым кружавам: на століках ляжалі альбомы для фатаграфій. На вокнах вазоны розных гатункаў. Адным словам, на ўсім быў відзен адбітак дзявочага прызору і акуратнасці» [3, 27]. Невыпадкова аўтар звяртае ўвагу на тое, што гармонію ў гэты свет прыносіць жанчына. Яна якраз стварае і памнажае прыгажосць навакольнага свету, надае яму ўтульнасць, упрыгожвае чысцінёй, нясе ў сабе іскру боскага ззяння. Увогуле, падбіраючы адпаведныя словы з канатацыямі, блізкімі да колеравых характарыстык, Колас здольны стварыць уражанне пэўнай колеравай карціны.

Адзначым, што ў творах Якуба Коласа апісанне стала можа несці і зусім іншае сэнсавае напаўненне. Напрыклад, у аповесці «Дрыгва» ў кабінеце чыноўніка мы бачым абсалютна іншую карціну: павятовы намеснік сядзіць за сталом, засланым зелёным сукном. Дзякуючы гэтай характарыстыцы прадмет набывае ў святле аўтарскага светаўспрымання супрацьлеглае значэнне, пазбаўленае той святасці, на якую ўказвае белы колер: «Пан Крулеўскі сядзеў у сваім кабінеце на шырокім мяккім крэсле. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма і розныя дарагія рэчы, для пісьмовага стала спецыяльна прызначаныя. Тут жа ляжалі і розныя паперы. А ўсё гэта павялічвала значэнне адміністрацыйнай асобы пана павятовага «камісаржа» [2, 227]. Зялёны - колер прыроды, вясны, юнацтва. Але «зялёнае сукно» - атрыбут, характэрны менавіта для бюракратычнага дзяржаўнага механізму.

Неаднойчы Колас канцэнтруе сваю ўвагу на зялёным колеры сукна. Кожны раз, апісваючы кабінет чыноўніка, ён падкрэслівае гэтую дэталь: «Зборная была прасторная, як абора. На процілежным яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялікі стол, абіты зялёным сукном, а за сталом на шырокім крэсле засядаў сам пісар» [3, 24]. У варожым свеце рэч страчвае свой сакральны сэнс і ператвараецца ў нейкую падручную прыладу, сродак, які ўспрымаецца проста як неабходны ва ўжытку чыноўніка.

Стол даволі часта з’яўляецца адным з галоўных прадметаў, якія апісвае аўтар. Але ён надае ўвагу і іншым рэчам, што арганізуюць сферу жыцця і дзейнасці чалавека. Напрыклад, каб падкрэсліць заможнасць аднаго з настаўнікаў у трылогіі «На ростанях», Колас, апісваючы яго жыллё, адзначае сярод усіх прадметаў менавіта мэблю, абітую чырвоным плюшам, нібыта такую, якую калісьці мелі ў сваіх палацах арыстакраты. Але робіць пісьменнік гэта не ў сатырычных мэтах, а хутчэй, каб падкрэсліць эстэтычнае ўражанне ад інтэр’еру: «Кватэра тутэйшага настаўніка зразу кідалася ў вочы кожнаму чыстым выглядам і сваім убранствам. На сценах віселі розныя фатаграфіі ў прыгожых аправах, мяккая, абітая чырвоным плюшам мэбля, каберац каля стала, прыгожы абрус, - усё казала пра тое, што Грынько жыў панам» [3, 171].

Бясспрэчны камфорт у інтэр’ерах, якія апісвае Колас, стварае лямпа пад вялікім абажурам. Ён заўсёды белы або светлы. Гэта таксама падкрэслівае пісьменнік. Відаць, гэтая дэталь стварае асаблівы настрой пры ўспрыманні карцін, створаных аўтарам, такіх цёплых, блізкіх сэрцу, па-сапраўднаму дамашніх: «...Лабановіч усё яшчэ не лажыўся. На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік» [3, 12]. Класік настолькі пранікнёна апісвае нюансы побыту, што складваецца ўражанне, нібы абажур, святло, якое сыходзіць ад лямпы, захіне ад любой жыццёвай нягоды. Камфорт, што ствараецца пры дапамозе святла, кантрастуе з цёмнай-цёмнай ноччу за вокнамі хаты: «Яму было прыемна пачуваць, што ён цяпер у гэтым цёплым і прытульным пакоіку, дзе прыветна і так мнагазначна гарыць лямпа пад белым абажурам, дзе ўсё так ціха і спакойна і нішто не перабівае думак. І тут жа паспагадаў ён і тым падарожным, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах, праз брады і грэблі сярод лясоў і балот» [3, 13].

Трэба адзначыць, што часам пісьменнік выкарыстоўвае і няўласна колеравыя характарыстыкі, выклікаючы пэўныя асацыяцыі, што збліжаюць людзей на падсвядомым (генетычным, этнічным узроўні): «На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў даматканы абрус акраец хлеба» [3, 628]. Пры згадванні слова «даматканы» ў беларуса ў свядомасці ўзнікае нейкі вобраз, рэч менавіта такой якасці (абрус, рушнік), што суадносяцца з нейкім колерам, які бывае не заўсёды проста апісаць іншымі словамі, аднак яго даволі проста ўявіць носьбітам пэўнай культуры - у дадзеным выпадку беларусам.

Такім чынам, ствараючы свет рэчаў у сваіх творах і пры гэтым удала выкарыстоўваючы менавіта колеравыя характарыстыкі, Якуб Колас паўстае як вялікі майстар мастацкага слова. Ён падбірае колераабазначэнні прадметаў настолькі дакладна, што яны могуць з’яўляцца сэнсавым цэнтрам усёй апісанай карціны, выражаць настрой, стан душы, асаблівасці эстэтычнага светаўспрымання беларуса, і, адпаведна, самога пісьменніка як аднаго з трывалых прадстаўнікоў народнай традыцыі ў беларускай літаратуры і глыбокага самабытнага філосафа.
Літаратура:

1. Валодзіна, Т. В. Семантыка рэчаў у духоўнай культуры беларусаў / Т. В. Валодзіна. - Мінск: Тэхналогія, 1999. - 167 с.

2. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. - Мінск: Маст. літ., 1973 - 1975. - Т. 8: На прасторах жыцця. Адшчапенец. Дрыгва: Аповесці. - 1975. - 472 с.

3. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. - Мінск: Маст. літ., 1973 - 1975. - Т. 9: На ростанях: Трылогія. - 1975. - 792 с.

4. Краткая энциклопедия славянской мифологии / сост. Н. С. Шапарова. - М.: ООО «Издательство АСТ»: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Русские словари», 2001. - 624 с.

5. Хализев, В. Е. Теория литературы: учеб. 2-е изд. / В. Е. Хализев. - М.: Высш. школа, 2000. - 398 с.

6. Хализев, В. Е. Художественный мир писателя и бытовая культура (На материале произведений Н. С. Лескова) / В. Е. Хализев // Контекст-1981: Лит.-теоретич. исследования. - М.: Наука, 1982. - С. 110-145.

7. Чудаков, А. П. Вещь в реальности и в литературе / А. П. Чудаков // Вещь в искусстве: Сб. статей / Под ред. Е. П. Юрьевой. - М.: Сов. художник, 1986. - 333 с. - С. 15-46.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка