Адказная пара суполкі (Руху сужэнскай духоўнасці) Na podstawie oryginału francuskiego: «Le foyer, responsable d’Equipe»




старонка1/6
Дата канвертавання12.02.2019
Памер0.97 Mb.
  1   2   3   4   5   6
АДКАЗНАЯ ПАРА СУПОЛКІ

(Руху сужэнскай духоўнасці)
Na podstawie oryginału francuskiego: «Le foyer, responsable d’Equipe»
Шаноўныя сябры!
Вашая суполка абрала вас сваёй «адказнаю параю», гэта значыць, даверыла вам клопат пра функцыянаванне суполкі і кіраванне ёю на шляху да Пана.

Вы прынялі гэтую адказнасць з усведамленнем сваёй слабасці, але поўныя даверу да Пана, які гаворыць вам тое, што казаў святому Пятру: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9). Таму вы павінны прысвяціць сябе Пану, аддаць Яму сваю волю, каб Ён мог дзейнічаць праз вас.

Аднак усё, што вы робіце, трэба рабіць у чалавечай перспектыве, каб вашая суполка была прыкладам братэрскай любові, каб яна развівалася ў напрамку, прапанаваным Суполкамі Маці Божай.

Безумоўна, вы задаяце сабе шмат пытанняў пра свае новыя абавязкі. Гэты дакумент быў распрацаваны для таго, каб дапамагчы вам адказаць на іх. У ім вы знойдзеце наступнае:


Частка І. Суполкі Маці Божай

Крыху гісторыі.

Што такое суполка Маці Божай?

Рух Суполак Маці Божай сёння: у Касцёле і ў свеце.


Частка ІІ. Адказная пара суполкі

Што такое адказная пара суполкі?

Абавязкі адказнай пары суполкі.

Як яна дзейнічае?


Частка ІІІ. Жыццё суполкі

Шлях суполкі Маці Божай.

Сустрэча суполкі.

Выбар адказнай пары і духоўнага дарадчыка.

Фармацыя адказнай пары.

Заданні адказнай пары.


Прачытайце гэты дакумент вельмі ўважліва і як мага хутчэй; звярніце асаблівую ўвагу на другую частку. Прызвычайцеся звяртацца да гэтага тэксту заўсёды, калі ўзнікне якое-небудзь пытанне ці сумненне. Аднак не ўспрымайце яго занадта літаральна. Суполка з’яўляецца жывым арганізмам, кожная з іх павінна мець сваю адметнасць. Вашая задача заключаецца ў тым, каб дапамагчы суполцы сцвердзіць сваю адметнасць, а пасля развіваць яе. Аднак даверцеся досведу тысячаў суполак з усяго свету, якія ўжо на працягу пяцідзесяці гадоў імкнуцца жыць паводле прынцыпаў, якія мы прапануем у гэтым дакуменце. Такім чынам вы пазбегнеце шмат цяжкасцяў.

Памятайце, што вы заўсёды маеце сувязную пару і адказную пару сектара, якія дапамогуць вам зразумець і прымяніць прынцыпы, што дзейнічаюць у руху Суполак Маці Божай.

Мы просім Бога, каб Ён спаслаў на вас свайго Духа і вы былі такой адказнаю параю, якая неабходна вашай суполцы.
З братэрскаю любоўю,

адказная суполка


Частка І.

СУПОЛКІ МАЦІ БОЖАЙ
Прымаючы адказнасць за рух Суполак Маці Божай, вы, безумоўна, жадаеце лепш зразумець яго, ведаць, як ён быў створаны, як развіваўся на працягу гадоў і якія сёння мае заданні, метады, структуры...

Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў першай частцы. Яна складаецца з трох раздзелаў:



A.1. Крыху гісторыі

Гэты выклад гісторыі дапаможа вам прасачыць развіццё руху Суполак Маці Божай, пачынаючы з 1938 г.: яго нараджэнне, развіццё, паступовае сцвярджэнне яго месца ў Касцёле і прыстасаванне да сучаснасці — каб лепей адгукацца на патрэбы сённяшняга дня, адначасова захоўваючы вернасць пачатковым прынцыпам.



A.2. Што такое суполка Маці Божай?

Гэты тэкст, падрыхтаваны ў 1976 г. і спецыяльна адрэдагаваны дзеля большай сцісласці, акрэслівае сённяшнюю спецыфіку руху Суполак Маці Божай, вызначае яго агульны фундамент ва ўсім свеце — з’яўляецца крыніцаю ведаў для ўсіх. Ён актуалізуе «Дэкларацыю Суполак Маці Божай», якая была выдадзена ў 1947 г.



A.3. Рух Суполак Маці Божай сёння: у касцёле і ў свеце

Дзе сёння дзейнічае рух Суполак Маці Божай? Як ён арганізаваны? Як удзельнічае ў жыцці Касцёла? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць вам вызначыць месца нашай вялікай супольнасці і ўсвядоміць адказнасць, якую бярэ на сябе рух у Касцёле і ў свеце.


A.1. КРЫХУ ГІСТОРЫІ
Вытокі

1938 год. Чатыры маладыя сужэнствы, поўныя любові і хрысціянскай свядомасці, жадаюць перажыць сваю любоў у святле веры. Яны просяць ксяндза Кафарэля спадарожнічаць ім у гэтых пошуках. «Пойдзем разам», — адказвае ім ксёндз.

Захапляльныя сустрэчы. Паступова ім адкрываецца асаблівае месца сям’і ў Божым плане — гэта жывы вобраз любові, якая яднае Хрыста з Яго Касцёлам. Адначасова яны вучацца жыць у супольнасці, дзе рэалізуецца абяцанне Хрыста: «Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). Такім чынам, іх жыццё праходзіць у трох вымярэннях: еднасць у Богу, еднасць у сужэнствах і сем’ях, адкрытасць на патрэбы бліжніх.
Дапрацоўка

Падчас Другой сусветнай вайны ствараюцца новыя суполкі — з тым жа памкненнем, але ў больш складанай (па прычыне вайны) сітуацыі. Рэфлексія паглыбляецца. Веды пра хрысціянскае сужэнства вядуць да адкрыцця ўсёй паўнаты Божага плану, у якім цалкам напаўняюцца сэнсам. Такім чынам акрэсліваецца тое, што мы будзем называць «сужэнскай і сямейнай духоўнасцю», або «спосабам перажывання ў сужэнстве ўсяго багацця хрысціянскага жыцця».

У той жа час цяжкасці штодзённага жыцця ўмацоўваюць сяброўства паміж сем’ямі. Вопыт жыццёвых выпрабаванняў дапамагае ім лепш зразумець канкрэтныя патрэбы братэрскай любові Хрыста. Матэрыяльная ўзаемадапамога — разам з духоўнай — становіцца характэрнаю рысаю гэтых суполак. Супольная малітва становіцца больш інтэнсіўнай, а практыка — больш асэнсаванаю.
«Дэкларацыя»

У 1945 годзе скончылася вайна. Для сужэнскіх групаў зноў настае спрыяльны час. Дапамагаючы адна адной, суполкі пашыраюцца. Ці згубіцца народжаны рух у сваім уласным поспеху? Адчуваецца патрэба ў адзінстве і фарміраванні структур, апісаных у Статуце. Гэта час дапрацоўкі «Дэкларацыі», завершанай у 1947 г.


Развіццё

Абапіраючыся на «Дэкларацыю», рух Суполак Маці Божай хутка развіваецца ў Еўропе. Затым ён пашыраецца на іншых кантынентах. У 1950 г. дасягае Бразіліі, у 1953 г. з’яўляецца ў Сенегале і на востраве Маўрыкій, у 1955 г. — у Канадзе, у 1958 г. — у Злучаных Штатах Амерыкі, у 1961 г. — у Аўстраліі і Калумбіі, у 1962 г. — на Мадагаскары і ў В’етнаме, у 1963 г. — у Ліване, у 1966 г. — у Конга і Японіі, у 1969 г. — у Індыі.

Развіццё руху па-за межамі Францыі вымагае выбару паміж дзвюма яго формуламі: або ён будзе федэрацыяй падобных нацыянальных рухаў, або адным наднацыянальным рухам. Пасля шматлікіх дыскусій і разважанняў на гэтую тэму быў выбраны другі шлях. Ён падаецца больш прыстасаваным да эвалюцыі сённяшняга грамадства (унутраная незалежнасць краінаў, лёгкасць камунікацыі і абмену), да паўсюднага паклікання Касцёла і да братэрскай любові, якая не прызнае межаў.
Новая адказнасць

Першы крызіс у руху прывёў да абвяшчэння «Дэкларацыі» ў 1947 г. Але праз няпоўныя 10 гадоў з’яўляецца новая праблема. У той час, як некаторыя асяродкі, кіраваныя Духам, пасля некалькіх гадоў жыцця ў суполцы адчуваюць жаданне развівацца ў евангельскім жыцці, іншыя, наадварот, жывуць у руціне і выяўляюць прыкметы закасцянеласці. Як не падмануць даверу адных і заахвоціць да дзейнасці іншых?

Гэтая новая праблема паставіла перад рухам больш прынцыповае пытанне: або Суполкі Маці Божай павінны абмежавацца ўвядзеннем сваіх сяброў у патрэбы хрысціянскага сужэнскага жыцця, або, наадварот, іх задача — усё больш укараняць Евангелле ў сваё асабістае жыццё?

У першым выпадку не будзе плёну, бо праз некалькі гадоў рух спыніць сваё развіццё. У другім выпадку, наадварот, імкненні сужэнстваў змогуць развівацца ў руху на працягу ўсяго сужэнскага жыцця.

Пасля разважанняў над гэтым пытаннем можна зрабіць выснову, што Суполкі Маці Божай павінны выконваць абедзве гэтыя задачы: на працягу першых гадоў — увядзенне сужэнстваў у жыццё суполкі, а пазней — з часам — паглыбленне веры.
Май 1970 г.

Жыццё працягваецца. Другі Ватыканскі Сабор і глыбокія змены ў свеце і ў Касцёле ставяць Суполкі Маці Божай перад новым выклікам. Нагода для падвядзення вынікаў і новых пачынанняў з’явілася падчас сустрэчы ў Рыме ў маі 1970 г. Дзве тысячы сужэнстваў, якія прыбылі з 23 краінаў, на працягу пяці дзён атрымалі тут выключны досвед. З гэтай нагоды Папа Павел VI у прыгожай прамове ўрачыста пацвердзіў галоўную думку, якая спадарожнічала ўтварэнню першых суполак: чалавечая любоў з’яўляецца шляхам да святасці; сакрамэнтальнае сужэнства, галоўны вобраз Творцы, з’яўляецца «прыгожым і мірным абліччам Касцёла» і па гэтай прычыне яно мае сваё ўласнае пакліканне і своеасаблівае сведчанне для свету.

Падчас канферэнцыі, якая адбылася на наступны дзень, айцец Кафарэль прасіў і заахвочваў яе ўдзельнікаў супрацьстаяць атэізацыі сучаснага свету. Пакліканнем Суполак Маці Божай з’яўляецца дапамога сужэнствам ў абвяшчэнні Бога, які жыве ў іх любові, спазнанай ва ўсёй паўнаце. З гэтага пункту гледжання сужэнская духоўнасць набывае апостальскае вымярэнне. Для таго, каб падрыхтаваць сужэнствы да гэтага апостальства, неабходна паглыбіць чытанне Божага слова, малітву і аскезу. Робячы акцэнт на ўвядзенне гэтых элементаў у хрысціянскае жыццё, запрашаючы сваіх сяброў да больш поўнага ўдзелу ў наследванні Хрыста, Суполкі Маці Божай адгукаюцца на патрэбы сучаснага свету.
Наступны этап

У чэрвені 1973 г., пасля 35 гадоў служэння руху айцец Кафарэль, заснавальнік Суполак Маці Божай, вырашае пайсці на адпачынак і вызваліць сваё месца для маладзейшых кадраў. Ён пакідае ім наказ: прыкладаць і надалей вялікія намаганні ў малітве, рэфлексіі і развіцці «з моцным жаданнем адкрыць волю Бога ў руху і яго місіі, у вернасці яго караням і разуменні патрэбаў часу». На месцы духоўнага дарадчыка руху айца Кафарэля замяніў айцец Рожэ Тандоннэ, затым — у студзені 1986 г. — гэтыя абавязкі ўзяў на сябе айцец Бернар Аліўе (OP), якога ў лютым 1995 г. замяніў айцец Крыстобаль Сар’яс (SJ).


Верасень 1976 г.

1500 сужэнстваў і 200 духоўных дарадчыкаў зноў сустракаюцца ў Рыме, каб паразважаць над сваёй адказнасцю ў Касцёле і свеце. На працягу пяці дзён яны шукаюць адказу на пытанне: якім чынам можа рэалізаваць сваё пакліканне хрысціянская сям’я, пакліканая да жыцця і сведчання пра Евангелле ў сучасным свеце. Іх прымае Папа Павел VI. У прамове, якая працягвае сказанае ў 1970 г., ён заклікае іх да «пашырэння ва ўсіх краінах галоўных каштоўнасцяў сужэнства і да павелічэння колькасці сем’яў, якія жывуць імі».

У апошні дзень айцец Тандоннэ акцэнтуе ўвагу на евангелізацыйнай місіі сям’і: ён прапануе ўсім сябрам руху тры пазіцыі, прадстаўленыя ў трох Евангельскіх сказах:

• «Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых» (Лк 9, 2);

• «Нічога не бярыце з сабою ў дарогу» (Лк 9, 3);

• «Дух Айца вашага будзе гаварыць праз вас» (Мц 10, 20).


Верасень 1982 г.

На гэты раз у Рым прыехала 2400 сужэнстваў і каля 300 святароў з пяці кантынентаў. Яны прыехалі, каб правесці там тыдзень малітвы і абмену досведам, асэнсаваць шлях, пройдзены з 1976 г., і абраць новы шлях на новы час.

Папа Ян Павел ІІ прыняў іх вельмі цёпла і прапанаваў доўгія разважанні на тэму, якая была абраная для гэтай сустрэчы: «Калі б ты ведаў дар Божы, сужэнства і Эўхарыстыю». Папа заахвочваў сужэнствы END да развіцця.

На наступныя пяць гадоў быў выбраны напрамак: «Калі б ты ведала дар Божы» (Ян 4, 10), — і два яго дадаткі: «Вы ж — цела Хрыстовае» (1 Кар 12, 27) і «Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (1 П 3, 15).


Верасень 1988 г.

Новы сход, на гэты раз — у Люрдзе. Вынікам марыйнага года і падзякаю Богу — праз Марыю — за сорак гадоў «Дэкларацыі» стала прыняцце гімна «Магніфікат».

Міжнародная адказная суполка запрашае сем’і руху знайсці «другое дыханне», аднаўленне жыцця ў Духу Святым. Айцец Аліўе нагадвае, што хрысціянскае сужэнства служыць Любові, што яно з’яўляецца шляхам Шчасця і Святасці. Місія Суполак Маці Божай — абвяшчаць яго праз жыццё сваіх сяброў і іх дзейнасць у свеце.
Ліпень 1994 г.

У сусветны год сям’і сябры суполак з 49 краінаў «запрошаныя на Вяселле ў Кане», яны сустракаюцца ў Фаціме, пад апекаю Панны Марыі. Запрошаныя разам з Марыяй і Езусам, суполкі з усяго свету атрымліваюць парады на наступнае тысячагоддзе: «Не маюць віна», «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце», «Напоўніце збаны вадою».

Запрошаныя на Вяселле і пасланыя з місіяй, яны адкрытыя на словы Пана, які просіць іх апекавацца ўбогімі.
Верасень 1996 г.

18 верасня 1996 г. у г. Бавэ айцец Кафарэль памірае, ідзе да Пана, якога так любіў і якому так верна служыў. Ён пахаваны на малых могілках у Труссюры, недалёка ад «Дома малітвы», у якім працаваў столькі гадоў, адкрываючы шляхі яднання з Богам для многіх тысяч жанчынаў і мужчынаў.

Няхай яго адыход будзе для нас нагодаю для новага адкрыцця ўсяго багацця яго сведчання пра чалавечую любоў і сакрамэнт сужэнства.
Снежань 1997 г.

6 і 7 снежня 1997 г. суполкі з Францыі, Люксембурга і Швейцарыі адзначалі пяцідзесяцігоддзе «Дэкларацыі» руху ў г. Вільпенце каля Парыжа. Гэтая сустрэча, на якую сабралася 7500 чалавек, праходзіла ў форме малітвы, спрыяла пабудове супольнасці і дзяленню жыццёвым досведам. У некалькіх інсцэніроўках былі прадстаўленыя галоўныя этапы жыцця руху, пачынаючы ад першай сустрэчы айца Кафарэля з сужэнствамі, якія жадалі перажыць сваю веру ў сужэнстве. У нядзелю, падчас дзялення жыццёвым досведам, удзельнікі сустрэчы выслухалі чатыры сведчанні, якія дазволілі пазнаць багацце асабістай малітвы, сужэнскай малітвы, абавязку сужэнскай размовы («Прысядзем разам!») і статута жыцця. Напрыканцы сустрэчы адбылася святая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Парыжа кардынал Жан-Мары Люстыжэ.


Верасень 2000 г.

«Быць сужэнствам сёння ў Касцёле і ў свеце» — такая тэма сабрала тысячы сужэнстваў Суполак Маці Божай, якія прыбылі ў Сант’яга дэ Кампастэла і знаходзіліся там з 18 па 23 верасня з нагоды IX Міжнароднага з’езду руху і Вялікага Юбілею 2000-га года.

Гэтая сустрэча сяброў руху, якія прыбылі з 58 краінаў, падкрэсліла важнасць вучэння Суполак Маці Божай, якое было згадана ў пасланні, дасланым з Дзяржаўнага Сакратарыяту Ватыкана.

У гэтыя дні, прымеркаваныя да вялікіх эўхарыстычных урачыстасцяў, суполкі працавалі над тэмамі: «Быць асобаю», «Быць сужэнствам» і «Быць слугою сужэнства і сям’і». Праца праходзіла ў форме канферэнцыі, сустрэчаў і дзялення досведам у суполках.

Пасля выступлення айца Сорджэ (нацыянальнага каардынатара езуіцкага цэнтра сацыяльных навук у Італіі) на тэму: «Сям’я — ячэйка Касцёла, якая служыць для развіцця грамадства», а затым доктара Яцэка Дамініяна (заснавальніка Цэнтра даследаванняў сужэнства ў Англіі) на тэму вернасці і прабачэння, Ксаўе Лакруа паставіў пытанне: «Ці здольны чалавек на ўсё жыццё з’яднацца з іншым чалавекам?» Каб паказаць сужэнцам рэальнасць гэтай «неабходнай немагчымасці», дэкан тэалагічнага факультэта Каталіцкага універсітэта ў Ліёне патлумачыў, што сужэнская сувязь — гэта вобраз узаемаадносінаў Святой Тройцы, яна павінна быць адначасова «воляй, мастацтвам і дарам».

У сваёй катэдры арцыбіскуп Сант’яга выклікаў агульнае захапленне, запрасіўшы ўсе сужэнствы да аднаўлення «ТАК», якое яны прамовілі падчас заключэння шлюбу, і паўторнага абмену пярсцёнкамі.

Напрыканцы гэтых пяці дзён сяброўства і супольных малітваў новая Міжнародная адказная пара — Марыя-Крыстына і Жэрар дэ Рабэрці — была запрошаная да таго, каб зноў распавесці сабраным сужэнствам, як іх праца над сужэнскаю духоўнасцю дазволіла ім стаць сведкамі вернасці — вернасці Хрыста свету, вернасці ахрышчаных паводле Евангелля, вернасці каштоўнасцям, якія пашыраюць чалавечнасць і, урэшце, вернасці сужэнцаў сакрамэнту, які яны атрымалі.


А.2. ШТО ТАКОЕ СУПОЛКА МАЦІ БОЖАЙ?
1. Агульнае ўяўленне

«Ідзі за Мною» — гэты заклік Хрыстус скіроўвае да кожнага з нас, да кожнага сужэнства, запрашаючы адкрыць нашыя сэрцы для Яго любові, каб сведчыць пра Яго там, куды Ён нас паклікаў.

Сужэнцы, якія жадаюць адказаць на гэты заклік, але ўсведамляюць сваю слабасць, давяраючы ласцы сакрамэнту сужэнства і верачы ў неабходнасць братэрскай дапамогі, у абяцанне Хрыста: «Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20), — вырашаюць стварыць суполку і просяць рух дапамагчы ім у гэтым. Такім з’яўляецца агульнае ўяўленне пра сужэнствы Суполак Маці Божай.
2. Аблічча суполак
Суполкі Маці Божай — гэта хрысціянская супольнасць сужэнстваў.
Супольнасць

Ад пяці да сямі сужэнстваў з дапамогаю святара добраахвотна ствараюць суполку Маці Божай. Ніхто не ўступае і не застаецца ў ёй пад прымусам. Кожны прымае актыўны ўдзел у яе дзейнасці, захоўваючы вернасць Духу Святому.

Каб паспяхова рэалізоўваць свае задумы, сябры суполкі абавязаны прымаць актыўны ўдзел у яе жыцці.

Суполка падпарадкоўваецца ўласным правілам і патрабаванням, выбірае супольныя мэты сваёй дзейнасці і канкрэтныя спосабы іх рэалізацыі (гл. ч. 3); кожны сябар суполкі прымае гэты выбар як свой уласны.

Суполка сама па сабе з’яўляецца часткаю большага аб’яднання — міжнароднага руху Суполак Маці Божай, з якім ва ўсёй паўнаце падзяляе сваё жыццё.
Хрысціянская супольнасць

Суполкі Маці Божай — гэта не звычайная супольнасць; яна збіраецца «ў Імя Хрыста» і жадае дапамагаць сваім сябрам узрастаць ў любові да Бога і бліжняга, каб лепш адказаць на пакліканне Хрыста.

Хрыстус хацеў, каб чалавечая супольнасць прымала і практыкавала любоў, якую Ён нам перадаў. Ён сабраў супольнасць, паабяцаў сваю дапамогу, падарыў ёй свайго Духа, даверыў несці свету радасную навіну. Гэтаю супольнасцю з’яўляецца Касцёл, які ёсць целам Хрыста і які служыць супольнасці людзей.

Гэтая вялікая супольнасць складаецца з маленькіх супольнасцяў, прадстаўленых у розных формах. Нават калі гэтыя супольнасці маюць іншую структуру, яны ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла, гэтак жа, як кожная клетка ўдзельнічае ў жыцці ўсяго цела, у жыцці, якое з’яўляецца любоўю Хрыста да Айца і да людзей.

Суполка Маці Божай — адна з такіх невялікіх супольнасцяў; яна жадае жыць у еднасці з Айцом і Касцёлам і быць цалкам адкрытаю на свет. У гэтым заключаецца яе пакліканне. Святар, які «прадстаўляе Хрыста як Кіраўніка супольнасці» (Сінод біскупаў, 1971), падтрымлівае яе, каб яна не адхілілася ад сваёй канчатковай мэты.
Сужэнская супольнасць

Хрысціянскае сужэнства само па сабе з’яўляецца «хрысціянскай супольнасцю», якая мае ўласцівасці, апісаныя вышэй.

З аднаго боку, гэтая супольнасць абапіраецца на чалавечую рэчаіснасць: яна з’яўляецца дарам — свабодным, дасканалым, неабходным і плённым у дачыненні да любові сужэнцаў. З іншага боку, гэтая чалавечая рэчаіснасць у Хрысце становіцца сакрамэнтам, або знакам, які выражае любоў Бога да людзей, любоў Хрыста да Касцёла і робіць сужэнцаў саўдзельнікамі гэтай любові.

Так, Хрыстус асаблівым чынам прысутнічае ў сужэнскай супольнасці: Яго любоў да Айца і да людзей перамяняе чалавечую любоў. Таму чалавечая любоў, якая перажываецца па-хрысціянску, ужо па сваёй прыродзе з’яўляецца сведчаннем пра Бога, і ў яе паўнаце бярэ пачатак апостальскае служэнне сужэнства.

Узаемадапамога ў Суполках Маці Божай набывае асаблівую форму: сужэнствы дапамагаюць адно аднаму будаваць сваё жыццё ў Хрысце (гэты працэс з’яўляецца няспынным) і ахвяраваць сваю любоў для пашырэння Божага Валадарства.

Суполкі Маці Божай аддаюцца пад апеку Панны Марыі. Іх сябры такім чынам падкрэсліваюць сваю веру ў тое, што няма лепшага правадніка на шляху да Бога, чым Марыя, якая «... займае першае месца сярод пакорных і ўбогіх Пана, што з даверам чакаюць ад Яго збаўлення і атрымліваюць яго» (Lumen Gentium, 55).


3. Шлях

Для кожнага хрысціяніна існуе толькі адзін шлях — Езус Хрыстус, уцелаўлёнае Божае слова: «...шчаслівыя, хто слухае і захоўвае слова Божае» (Лк 11, 28).

Рух Суполак Маці Божай не прымушае сваіх сяброў практыкаваць канкрэтную духоўнасць: ён жадае дапамагаць сужэнствам ісці дарогай, якую вызначыў для іх Хрыстус.

Для гэтага ён прапануе:

• кірункі жыцця,

канкрэтныя заданні,

• жыццё суполкі.
Кірункі жыцця

Галоўны кірунак жыцця Суполак Маці Божай вызначаны любоўю, якую прынёс нам Хрыстус:

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёю моцаю тваёй. ...Любі бліжняга твайго, як самога сябе.» (Мк 12, 30–31).

Узрастанне ў гэтай любові — задача ўсяго нашага жыцця. Рух Суполак Маці Божай прапануе сваім сябрам дапамогу; таму просіць іх:

• дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у Божай любові праз:

- прысвячэнне дастатковай колькасці часу на малітву;

- рэгулярнае чытанне Божага слова і жыццё паводле Яго;

- няспыннае паглыбленне ведаў аб праўдах веры;

- частае прыняцце сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі;

- практыкаванне хрысціянскай аскезы;

• дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у любові да бліжняга праз:

- сапраўдную сужэнскую дапамогу — слуханне, дыялог, абмен вопытам — ва ўсіх галінах, асабліва ў духоўных справах;

- няспынны клопат пра хрысціянскае выхаванне дзяцей;

- адкрытасць на патрэбы бліжняга і гасціннасць;

- канкрэтнае сведчанне пра любоў Хрыста — асабліва праз удзел у жыцці Касцёла і мясцовай супольнасці.
Канкрэтныя заданні

Вопыт паказвае, што без выканання канкрэтных заданняў абраны стыль жыцця можа застацца толькі на паперы. Таму рух Суполак Маці Божай прапануе сваім сябрам:

• выконваць шэсць дакладна вызначаных «заданняў»;

• рэгулярна кантраляваць рэалізацыю заданняў і дапамагаць адно аднаму ў іх выкананні. Гэтаму спрыяе «дзяленне» падчас штомесячных сустрэчаў.

Вось гэтыя заданні:

1) рэгулярнае «слуханне» Божага слова;

2) штодзённая непасрэдная «сустрэча» з Богам (асабістая малітва);

3) штодзённая сустрэча мужа і жонкі ў сужэнскай малітве (калі гэта магчыма — сямейнай);

4) штомесячны сапраўдны сужэнскі дыялог перад абліччам Пана (т. зв. заданне «Прысядзем разам!»);

5) устанаўленне «статута жыцця» і штомесячная справаздача аб яго выкананні;

6) штогадовы ўдзел у рэкалекцыях (прынамсі 48-гадзінных, калі гэта магчыма, разам з сужэнцам), каб адкрыта стаць перад абліччам Пана.
Жыццё суполкі

Суполка не з’яўляецца мэтаю сама па сабе, а служыць сваім сябрам і дае ім магчымасць:

• перажываць супольную малітву і дзяліцца досведам;

• плённа дапамагаць адно аднаму на шляху да Бога і даваць сведчанні пра Яго.

У жыцці Суполак Маці Божай як і ў жыцці кожнай хрысціянскай супольнасці, можна схематычна вылучыць тры аспекты, тры важныя моманты:

• З Хрыстом суполка імкнецца да Айца, каб прыняць Яго любоў;

• У Хрысце суполка дзеліцца гэтай любоўю: «Адзіныя сэрцам і душою...»; (Дз 4, 32);

• Пакліканая Духам Святым, суполка пасылае сваіх сяброў у свет, каб абвяшчаць гэтую любоў.

Гэтыя тры аспекты перажываюцца перш за ўсё падчас штомесячнай сустрэчы.

Этапы сустрэчы:

• пасілак, які з’яўляецца асаблівым часам для ўсталявання сяброўства;

• супольная малітва, якая з’яўляецца цэнтрам і вяршыняй сустрэчы і якая часам можа набываць форму Эўхарыстыі;

• дзяленне досведам аб рэалізацыі заданняў і жыццёвымі клопатамі (гэта час узаемадапамогі, асабліва духоўнай і апостальскай);

• разважанні над тэмаю месяца, якія з’яўляюцца асаблівым часам для паглыблення веры.

Жыццё суполкі не абмяжоўваецца штомесячнымі сустрэчамі. Малітва ў еднасці з іншымі сябрамі і ў іх інтэнцыях, абмен досведам, узаемадапамога ажыццяўляецца згодна са звычаямі кожнай суполкі.

Адказная сужэнская пара, якая выбіраецца сябрамі суполкі, сочыць за тым, каб усе сапраўды ўдзельнічалі ў жыцці суполкі і дзякуючы гэтаму ўзаемадапамога прыносіла плён, а кожны сябар адчуваў сябе прызнаным, любым і ахінутым апекаю суполкі.

З гэтаю мэтаю яна прапаноўвае кожнаму канкрэтызаваць сваю прыналежнасць да руху Суполак Маці Божай:

• на ўзроўні суполкі:

- удзельнічаючы ў штомесячных сустрэчах,

- падрыхтоўваючы сустрэчы ў малітве і разважаннях і занатоўваючы плён разважанняў штомесячных сустрэчаў;

• на ўзроўні руху:

- сістэматычна сочачы за жыццём руху, у прыватнасці, чытаючы Ліст Суполак Маці Божай (слова адказнай пары руху),

- імкнучыся жыць паводле рэкамендацый руху і прымаючы ўдзел у яго духоўных пошуках,

- удзельнічаючы у сустрэчах, якія арганізоўваюцца на розных узроўнях,

- прымаючы удзел у жыцці руху і яго апостальскай місіі,

- прымаючы на сябе пэўную адказнасць,

- штогод ахвяруючы на дзейнасць руху матэрыяльны ўнёсак, роўны дзённаму заробку,

- молячыся за кожнага сябра руху.


ЗАКЛЮЧЭННЕ

Рух Суполак Маці Божай — гэта рух сужэнскай духоўнасці. Ён прапануе сваім сябрам жыццё ў суполцы і канкрэтныя сродкі, каб дапамагаць ім ва ўзрастанні ў сужэнскай і сямейнай духоўнасці, у любові да Бога і да бліжняга. Такім чынам ён рыхтуе сужэнствы да сведчанняў, формы якіх самастойна выбіраюцца сужэнствамі. Хоць гэты рух не займаецца пэўнай грамадскай дзейнасцю, але ён жадае быць рухам актыўных людзей.

  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка