Агонь на далоні Уцешна слухаць песню хваляў родных




Дата канвертавання19.11.2017
Памер277.14 Kb.

Агонь на далоні




Уцешна слухаць песню хваляў родных


Пад ліпамі нябёснай вышыні.

Каля крыніц вытокаў срэбнаводных

Лічу бяздумна страчаныя дні.
У шатах ночы пакланюся зорам.

Яны мудрэй мяне, шчадрэй святла

Запалкі той, што вогненным узорам

Цень д’ябла спапяляе ўміг датла.


Ці уратуе неба ад нікчэмных,

Бяздумных і сухіх калекаў-слоў?

Імкнуся ў свет пачуццяў узаемных,

Ды толькі прачынаюся ізноў.


Я не зайздрошчу ўсім тварэнням Бога

І спачуваю ссохламу галлю.

Знікае ў хмарах зорная дарога,

Далонь цярусіць попел на зямлю.


01.09.2003г.

Люстэрка часу

Пад шэрым небам, як у павуціне,

Што парасла ў кутах замшэлай хаты,

Ўвесь сэнс жыцця ў палоне вязкай стыні

Пільнуюць часам з’едзеныя краты.
А побач – шматпакутная Радзіма,

Паволі сонца хіліцца да бору.

Душы няўтульна і нязвыкла зімна,

Нібыта тут чужынцам быў учора.


Як жыць шчасліва і забыць пакуты,

У марах сустракаць чарговы вечар,

Што ў ноч спаўзае, цішынёй крануты,

Якую раскудлаціў прыткі вецер?


О, як самотна грэшным быць анёлам,

Ці ў сценах роднай хаты, нібы прывід,

Пражыць жыццё, якое гнутым колам

Люстэрка часу ненаўмысна скрывіць.


А мо аддацца снам, што быццам совы

Лятуць нячутна змрокам расставанняў?

Стварыць малітву! І свет чысты, новы

Мне болей не задасць пустых пытанняў.


01.11.2003г.

Вечар

Стынуць густаплынна барвы ў небе,

Морак ахінае любы гай,

Конікі стракочуць звонка недзе,

Горнецца да сну азёрны край.
У палон бярэ ля хваляў лёгкіх

Водар нарачанскіх кветак-сноў.

Сэрца вызваляецца ад крохкіх

Хваляванняў і нясмелых слоў.


Сінія глыбіні таямніцаў

Сёння для мяне, для аднаго.

Даплываюць спевы беражніцаў

Да туманных, сонных берагоў.


Вечар – цуда Матухны-прыроды, –

Крылы развінаючы свае,

Ап’яняе мяккай асалодай

І ў душы спагадліва пяе.


06.10.2003г.

Песня

Салодкія вусны, як неба пасля навальніцы,

А словы кахання – цнатлівай расой на траве.

І зоркі гараць, як пад ранішнім сонцам суніцы,

І сэрца пяшчотную песню кахання пяе.
Юначыя мары падхоплены подыхам ветру,

А вочы галактык – у кропельцы чыстай вады.

Прачыстыя думы душу прасвятляюць да нетраў,

А вера мацуе, ратуе ад лютай бяды.


Прыцішаным голасам песня крынічна ліецца.

Нясмелыя зоры цалуюць расу на траве.

Бяздоннае неба ў каханых вачах адаб’ецца, –

Народзіцца дзень, – значыць свет у каханні жыве.


10.01.2004г.
Выпрабаванне часам

Н. Н.

Даўно…


Эх, як даўно

я ў роспачы

мог назіраць

твой цень

на вільготным

асфальце,

дакрануцца злёгку

да гарачых вуснаў

і назаўсёды…

назаўсёды сэрца апячы,

і ўтапіцца

ў светла-русых

валасах.

Расстанне

ўзяло сваё…

Ты побач,

але я не бачу.

Толькі пот халодны

маладзіковай ноччу

мне нагадвае

цябе,

і фотаздымак –



падарунак –

сведка жыцця майго

на сцяне пацёртай.

Час бяжыць,

як увесну ручай,

і нарэшце

я змог

зразумець,



што яго абагнаць

і спазнаць

сэнс жыцця

можна толькі,

калі ты са мною.
07.11.2002г.

Споведзь аркушу




Прыткі, расхлістаны вецер


Пакінуў прастуджаны двор.

Змоклым вандроўнікам вечар

Блукае пад кроплямі зор.
Мокрымі вокнамі хата

Глядзіць у асенні садок.

Паруе духмяна гарбата,

І словы кладуцца ў радок.


Ноч мне дыктуе:

– Пішы


Таемную споведзь душы.
Поўня з-за хмары цікуе,

Пагляд за алоўкам вядзе,

Цень-крыжык, нібыта бракуе, –

На спісаны аркуш кладзе.


10.09.2004г.
Душа паэта
Не вярнуць санцавокага лета,

Не забыць тапалёвых завеяў.

А душа маладога паэта

Зачарована спевамі феяў.


Углядаецца ў далеч сівую

Час вачыма пакрыўджаных зораў.

Дотык радасці вусны мілуе,

Заварожвае веліччу мора.


Блудзяць цені забытага лета,

Вецер грыву ў чароце хавае,

А душа маладога паэта

Жаўруком аж пад сонцам спявае.


23.10.2003г.
Трызненне

Над галавой тужлівыя аблокі –


Хвіліна безгалосай сумятні.

І ценяў шэрых здрадлівыя крокі

Адлічваюць наканавання дні.
Застылы погляд любай на прыпынку,

Чаканне – безвыходнасці туман.

Мне дорыць вечар зорную іскрынку,

Каханне, горад сноў – усё падман.


Усё трызненне, мроя на дарозе,

Няма ні сцюжы, ні цяпла, ні слоў.

Жыццё стаіць, як грэшнік на парозе

Святога храма, дзе жыве любоў.


І як жа не заплакаць ад трывогі

За невыразнасць сноў, за немач слоў!

Ляжаць праз сэрца крыжам дзве дарогі –

Дарога ў заўтра і ў глыбінь вякоў.


19.01.2004г.

Віртуальны далягляд




У расколіне начнога далягляду

Спадзяваўся стрэцца з прывідам-самотай,

Але ў колерах размытых перападаў

Спакусіўся віртуальнай адзінотай.

У абрысах скамянелага стагоддзя

Енчаць высахлыя душы змрочных ценяў.

Уцякаючы з чужога асяроддзя,

Заблудзіў у мёртвым лесе без карэнняў.

І я ўкленчыў ля вытокаў песняў светлых –

Скарб душы па залаціначцы шукаю.

Абрываючы пялёсткі ўсмешак ветлых,


Спадзяюся, што каханне напаткаю.
02.10.2003г.
Аднаўленне
Нешта змянілася…

Смягла ручай дапівае вясёлку ўрачыстую.

Лета забылася

Высветліць небам надзею, па-срэбнаму чыстую.


Пасачкам вузенькім

Зоркі ўліваюцца ў бездань вачэй непарушаных.

Трэснутым гузікам

Поўня зашпільвае крысы нябёсаў прастуджаных.


Свет страпянаецца

Яшчаркай кволай у віры збавення містычнага.

Сонца вяртаецца…

Глянуць зямляне у вочы бяздоння касмічнага.


03.07.2003г.
Галінка бэзу

Маёй Матулі

Сцяжынка ўецца між бярозак беластволых,

Душа смяецца і працягвае любіць.

Гарыць агеньчык у вачах ад слёзаў кволых.

З глыбокай верай сэрца б’ецца зноўку жыць.
Галінка бэзу разважае у праменні

Льнянога сонца, што распальвае расу,

Куды лятуць зачаравана летуценні,

Што заплятаюць з каласоў жыцця касу.


Блакіт прастору водар кветкавы люляе,

Гудзе, заняты дружнай працай, пчолак рой.

Бялюткі бэз павевы ветрыку вітае

І зачароўвае расквечаны настрой.


14.06.2003г.

Распятае каханне

Барвовай заранкай на вуснах ірдзела надзея,

Яе калыхалі бясшумныя крылы вясны.

А ночы акраец пад чарамі зор палымнее,

Блакiтам нябёсаў асвечаны мары i сны.
Глухія куты не пачуюць прыцішаны голас,

I здрада паточыць пачуцці, як вопратку моль,

Пасохнуць яны, як спякотай засмужаны колас,

Душу запалоніць нясцерпны, заслужаны боль.


Астыў на стале чорны прысак згарэлай лучыны,

I зоркi адбітак размыты у шклянцы вады.

Павыстылі сцюжна пачуцці і думы дзяўчыны,

У садзе кахання трымціць бадыллё лебяды.


Святое пачуцце распятае бачыць нязвыкла.

Лязо халадком жыццядайныя вены кране.

Знявечана шчасце да смешнага дробным і прыкрым, –

Прысуд агалошаны. Сорам карае мяне.



05.01.2003г.

Лістапад

Мае лісты не вернуцца ніколі.

Сваіх лістоў мне не напішаш ты.

Стаю адзін у пасівелым полі,

Чытаючы аблокі, як лісты.
Чакаю з неба вестак белакрылых.

Чакання час бясследна не міне.

Пакуль пульсуе верай кроў у жылах,

То сэрца тонкім лёдам не кране.


05.01.2004г.
Не для нас
Нам наканавана

бясконцасць,

але мы захапляемся

надзённым.

Аслепленыя

бесклапотнай

ілюзіяй часу,

скіроўваем

дапытлівы

погляд вачэй

туды,

дзе нас чакае



вечнасць,

дзе кожная мара

баліць

уваскрашэннем душы,



куды

пругкім промнем

імкнецца думка,

дзе кружляюць,

не зважаючы

на нашы


захапленні,

буслы.
14.11.2003г.


Горад
Горад пакінутай думкі

Дыхае прысакам дзён.

Страчаныя паратункі

Шлюць нам праклён

Наўздагон.
Вуліцы бронзавых мараў –

Даўкія петлі шляхоў.

Колькітут ходзіць ахвяраў,

Што п’юць віно,

Быццам кроў.
Колькі скалечаных душаў

Стогнуць у пастцы быцця.

Слёзы засмужаных ружаў

Жыццям ці вернуць

Працяг?
Горад распятага шчасця

Гасне над свечкамі сноў.

Дай, Бог, дарогу пракласці

Сонейку


Ўспыхнуць ізноў.
17.02.2004г.
Навальніца
Свабода не давалася ў далоні Перуну,

Дарожны пыл клубіцца пад дугою.

І сон праднавальнічны пазалотаю крануў

Рамонак пад струхнелаю страхою.


Жахнуўся і хаваецца нядбайны грэшны люд

Уласнаручна створанага пекла.

Няхай прырода-матухна бяздумства змые бруд,

І сонца шэрасць промнямі рассекла.


Узыдзе сонца і штовечар зойдзе –

Не высахне жыццёвая крыніца.

Грымотна-бліскавічнай ноччу пройдзе

У душах ачышчэння навальніца.


23.05.2003г.

З забыцця

Як пустыя вочы мерцвяка,

Дні сівой мінуўшчыны няўцешнай.

Праз вякі цячэ жыцця рака

Па каменні памяці бязгрэшнай.
Колькі сцерла забыццё імён!

Колькі чорных дзір на хусце зорнай!

Хто ім кінуў наўздагон праклён,

Затушыў агмень у ночы чорнай?


Памяццю удзячнай да нябёс

Душы адлятаюць незваротна.

Час на спадзяванні – уваскрос,

Ды ад стратаў цяжка і маркотна.


18.01.2004г.
Паэзія

Не хаваючы твару пад маскаю,


Не шкадуючы слоў добрых, поглядаў,

Намалюю чароўнаю казкаю

Свет узнёслых пачуццяў, што Божа даў.
Нечакана, загадкава сталася –

Мяккім ценем, народжаным свечкаю,

Закаханай паэткаю клалася

Ганарлівая котка за печкаю.


Выпраменьвае існасць узнёслае:

Лікі светлыя, верай натхнёныя,

Думы чыстыя, словы іх простыя,

А пачуцці, душой усхвалёныя.


Думак рух уздымаецца кіпенем…

Не паэт той, хто ісціны страшыцца.

А паэзія дыхае ліпенем

І даверлівай коткаю лашчыцца.


15.11.2003г.

Пасля прозвішча

Засталіся ад прозвішча літары,

Як іскрынкі разбітага шкельца,

Зіхатнулі трывожна і хітра так,

Што імгненна працялі мне сэрца.
Спеюць словы туманнымі ранкамі,

Прамаўляюцца думкі няўмела,

І з каменнай няволі –

Падранкамі –

Мкнуцца белымі птушкамі смела.
Не закрэсліць размашыстай лініяй

Маладога імя падарожніка

У бясконцасці сонечных ліліяў,

На старонках жыццёвага слоўніка.


25.11.2003г.
Песімістыка
Кавы глыток і дымок дарагой цыгарэты…

Шчырасць пачуццяў скрывіў безаблічны кураж.

Вечнага ззяння душы а ні зведаць паэтам,

Толькі трымценне яе – дасягальны міраж.


Кроплі спакою на ранішніх кветках свабоды,

Як безвыходнасць прыняў, не хаваючы слёз.

Страчаны вобраз убачыць твой без перашкоды

Мне не дае ўсведамленне той страты

Ўсур’ёз.
Кветкі уяўнага шчасця пад шэранню пылу,

Межы рэальнага дня расплыліся ў вачах.

Мяккім крылом развярэдзіўшы боль мой астылы,

Памяць вяртае цябе ў дрогкі сон па начах.


05.08.2003г.
Князёўна”
Пад хвалі ударныя

нізкіх частотаў,

што адбіваюць

бяздушныя гульні

у бліках святла,

ад рытмаў,

струной

працінаючых

цела,

яна пачувала



найлепшай сябе

на вачах,

паглынаючых сквапна

спажыву.
Між падобных сабе

Яна лепшага бляску.

І цану ёй дае

таўстасум немалую,

ды ёй даспадобы

не цэннік,

а грошы.


І венчык князёўны

ззяннем уяўным

засціць ёй вочы,

слепіць душу

ў ліхтарах

пустазвоннага клуба.



19.09.2003г.


Нарач
Калі бярэ ў палон душу спакой,

Так хочацца пагаманіць з табой.

Дрыготкім голасам цябе гукаю,

З надзеяй водгуку ў адказ чакаю.


Паветра полымем на захадзе гарыць.

Ніхто не ў сілах сонца загасіць,

Вада ж сабрала промні ўсе ў ражок.

Заранкі памяць – поўні паясок.


Блукаў па ім калісьці я адзін,

Шукаючы каханне між вятроў.

Аб гэтым будзіць вечны напамін

Мне шэпат прыбярэжных чаратоў.


Нібы з чароўнага гаршчочка-спарыша

Таемным духам поўніцца душа.

Самотнай хваляй вечар адхлынае,

Нячутна ноч край любы ахінае.


Падкову-бераг хвалі амываюць,

Пясочак мякка-залаты шліфуюць.

А з неба моўчкі зоры назіраюць

І люстра аксаміт святлом цалуюць.


Бурліцца з-пад гары ручай – крыніца,

Частуе любы край жывой вадою.

На бераг з хваляў выйшла беражніца,

Ківае галавой: “Хадзем са мною.”


Такіх дзівос на свеце ці бывае?

Аж пасвятлела уваччу Нарочча.

А прыгажуню хваля ахінае

І срэбрам амывае стан дзявочы.


Так казачна з табою ноч праходзіць

У марах, пацалунках, дрогкіх снах.

А заўтра вечар новых дум народзіць,

І будзем зноў шаптацца ў чаратах.


Істужкаю зляцела зорка ўранні,

Упала на высокі бераг твой.

Заплюшчыў вочы, загадаў жаданне –

Ніколі б не расстацца мне з табой!


17.02.2002г.

Адраджэнне

Нам не знікнуць бясследна ў паветры,

І ў наступнасць не страціць нам веры.

Шлях штурхнуў у жыццёвыя нетры

І у вечнасць расчынены дзверы.
Полем памяці белыя коні

Прад вачыма імчацца маланкай.

І вада, як агонь на далоні,

Як дзівоснай красы нарачанка.


На руінах адновім святыні.

Верай сталіся ўзнёслыя мары:

Дух паўстаў супраць вогненнай плыні,

І не быць нам бяздушша ахвярай.


24.10.2003г.
Шаснаццаць секунд
Мне сорамна.

Я не такі, як усе.

Не ўмею

Раскрыць сваё сэрца

Каханай, адзінай.

Але пакрысе

Я ўсё ж адамкну

Усе дзверцы

Ў сусвет

Асалоды духоўнай,

Туды,

Дзе соладка дрэмле бясчассе,



Дзе горыч палынную

Чорнай бяды

Астудзіць сапраўднае шчасце.
І толькі

Шаснаццаць секунд у мяне,

Каб позірк сустрэць

Развітальны,

Але не магу.

Не хачу.


Нат у сне.

Дванаццаць секунд…

І крыштальны

Душу назаўсёды параніў прамень.

Не трэба спяшацца –

Паспею.


Секунда…

І заўтрашні сонечны дзень

Сустрэць я адзін не пасмею.
Ты – мара,

Што свет сагравала ўначы.

І жыць немагчыма

Ў прасторы

Халоднага лёду.

Дык як зберагчы

Каханне

Ў падзеленым моры,

Свабоду?
Я гонару веру,

Што не падштурхне

Цябе да мяжы.

Я баюся,


Што чорт зарагоча пацешна з мяне,

Калі без каханай прачнуся.


Вайна паміж думкамі,

Праўда – свая.

Прычыны

Яе не цікавяць.

Пятля самазману.

Дзе ўдача мая?

На волі

Пачуцці знікаюць.

З табой адчуваю:

Яшчэ я жыву.

Калі без цябе –

Паміраю.


Расплюшчваю вочы.

Пасля абарву

Заслон забыцця.

Я кахаю.
17.10.2002г.


Не мой дзень
Я навучыўся бачыць гэты дзень,

Сатканы з мітусні, спакус і дыму.

Паволі гасне велічны прамень.

Парыў нянавісці на свет нахлынуў.


І я стаміўся бачыць цьмяным дзень.

Усё без сэнсу, зрэдку – безнадзейна.

За мною сочыць, быццам шэры цень,

Халодны позірк шчасця ліхадзейны.


29.04.2003г.
Надзея
Калі няма ўзаемнасці – бяда.

Я ў існасці такой не сумняваўся.

Няспраўджанай надзеі не шкада,

Хаця я на ўзаемнасць спадзяваўся.


Нашто цяпер на поўню воўкам выць

I адракацца ад сваiх пачуццяў?

Бо сэрцу, што кахае, не астыць,

І спачуванняў не жадаю чуць я.


Шчаку пячэ гарачая сляза,

Баліць душа ад жалю невыносна.

Шкадую, што табе не дасказаў,

Як без цябе на сэрцы сёння млосна.


Наiву ж пацалункi тры цi два

Незацугляны час даўно развеяў.

Пагасла ў небе, і няма святла

Той зоркi, што назвалi мы Надзеяй.


11.11.2002г.

Накрэсленне часам

Там, дзе пачынаюцца стагоддзі,

Дзе сусвет бярэ пачатак свой,

Па жыцця далоні час праводзіць

Рысы лёсу цвёрдаю рукой.
Выпаў не найлепшы лёс паэтам.

Патанае ў Леце рэха слоў,

Праплываючы над сонным светам

Плачам асірочаных радкоў.


Лініі, накрэсленыя часам ,–

Смертным на адзінства запавет,

Што нітуе неразрыўным пасам

Мудры, ды недасканалы свет.


10.12.2003г.
Шчасце
Калі сумленне будзе існаваць

Нязменна ад настрою і эмоцый

І ў той жа час – у еднасці былой

З пачуццямі і думкамі… і гонарам;

І чалавек не стане засяроджваць

На ўдарах сэрца ўвагу халерычна,

І розуму пульсацыю спаўна

Ацэніць у адносінах да болю,

Што дораць выпраменьванні фантазій;

І подыхам рэальнасці імгненна

Прасякнецца яго зямная сутнасць,

Якая існаваць у згодзе будзе

Са стомленай, параненай душой, –

То ў гэты момант толькі й будзе шчасце.


22.05.2002г.
Мой верш
Два аркушы скамечанай паперы

Да болю рэжуць вочы, як у сне,

I мары расчыняюць насцеж дзверы.

Маланкi думак ноч вяртае мне.


Аслеплыя куты, нямыя сцены,

Настольнай лямпы цьмяны дзьмухавец.

Аскепак поўнi песцiць летуценна

Фiранкi аксамiтны акравец.


Пустыя спрэчкi спраўдзiлi жаданне,

Душа слізгае, быццам па лязу.

Завеяных пачуццяў развітанне

Вымольвае фальшывую слязу.


Парушаныя храмы – асуджэнне,

Астуджаная памяць – забыццё.

А розуму жывога заключэнне –

Хлусні пустапарожняй выкрыццё.


Ды шчырасць загартуе болем сэрца.

Стрывае аркуш праўдзішча быцця.

Праб’ецца між сівых каменняў дрэўца –

Мой верш – мой боль зялёнага жыцця.


09.01.2003г.
Чалавек ідзе
Па горах скалістых і дымных вулканах,

Расплаўленай лаве, лясах-веліканах,

Свой век абганяючы, крочыць імкліва

Дзікун-чалавек – першабытнае дзіва.


Аброслае цела шчацінай калючай,

Са следам ад кіпцяў – крывёю цягучай.

Магутныя рукі дубіну сціскаюць,

Бязважкія вочы спажыву шукаюць.


Сам д’ябал з катла на яго зубы точыць,

А ён Чалавек! Чалавек ён! Жыць хоча!

Прад смерцю крывавай ён можа смяяцца

І здатны з чарцямі адважна змагацца.


Упэўнена, смела ў наступнасць ступае,

А думка ў глыбінях стагоддзяў шукае

Свой шлях да свабоды, далей ад магілы,

Суцішыць які набрынялыя жылы.


У пекле на дне апынуцца ён можа,

Але Чалавеку заўжды дапаможа

Пранізлівы розум, здабыты ў малітве,

Які не памрэ ў самай жудаснай бітве.


26.10.2001г.
Мадыфікаваны свет
Спрасаваныя душы сівых валуноў

Прамянеюць у зорнай палонцы,

Як з артэрыі соннай застылая кроў

На пясчаным адбілася донцы.


Ліхаманка глынула свядомасць з віном

І пажэрла аб’едкі настрою.

А празорлівы час акрываўленым лбом

Прабівае бязмежжа спакою.


Эгаізмам пранізаны высахлы лёс

Абяскровіў нядошлую літасць,

На вяршыню надзённасці велічна ўзнёс

Ён вачэй дасягальных адкрытасць.


І жамчужныя мары наіўна ўсплылі,

Упікаючы шлях абнаўлення.

Невыразныя думкі пыхліва раслі

Па-за межамі краю сумлення.


18.05.2003г.
Здрада
Зведаўшы іклішчы здрады,

З пакорай не стаў на калені.

Спытаў той адвечнай праўды

Без енку і без абурэння.


Аднёсся не безадказна

Да сэнсу – апоры лёсу,

І зноў жа ўбачыў выразна

Крыштальнага шчасця слёзы.


Абсурдны саюз пустэчаў

Свядомасць прымаць не хацела.

Прывід недаверу скалечыў

Сумленне, што верыць умела.


Праз боль невыносны здрады,

Спазнаў найчысцейшай праўды...


18.06.2003г.

Непазбежнасць

Як жа хочацца пырхнуць анёлам вышэй,

Ды зямля гэтак моцна трымае.

Непазбежнасці марам іскрыцца ярчэй

Згвалтаваных хвілін не хапае.
Як імгненні, лятуць бесклапотныя дні,

Думкі блытае свет чалавечы.

Назіраць, як трымцяць кветкі лёсу ў агні,

Мне сягоння зусім недарэчы.


Карані раўнадушша скразнога цяпер

Знебылі на мяжы спадзяванняў.

Ды пануе у думках сумніў-недавер

Да памылак паспешных прызнанняў.


26.09.2003г.
Адрэналін
Гарачыя пратэктары нястрыманых машын

Рэцэптары асфальту раздражняюць,


І стомленыя шнары чорна-шэрых жорнаў-шын


У нікуды дарогу абрываюць.
Няўпэўненасць і рызыка спакус – адрэналін

Пульсуе па артэрыях і венах.

У жыццях застаялых пэўна толькі ён адзін

Па вечнасці перадаецца генах.


Яго наканаванне, як штуршок да развіцця.

Вар’яцтва паглынае захапленне.

І неба ціха плача над абрыўкамі жыцця...

Адрэналін – рэальнасці зацьменне.


09.06.2003г.
* * *
Азораны імгненнем нашы душы.

І вечны пераможца – толькі час.

Раняюць на вятрах пялёсткі ружы,

І гэтым так падобныя да нас.


Каралі сарамлівых свечак зорных

Блішчаць, нібыта іней на галлі.

А белы свет даўно ўжо ў плямах чорных,

І многім не пазбегнуць зла пятлі.


11.09.2003г.
* * *

Яўгену Рамяніцы

Была абмежаванаю прастора,

Блукалі словы рэхам між радкоў.

Нас разам паглынула гэта мора

На вуліцы чырвоных ліхтароў.
Знайшоўшы, між людзей, сябе употай,

Узнёсшы на Галгофу цяжкі крыж,

Здалося нам маркотнаю турботай

Усё пакінуць, адысціся ў ціш.


Твае харомы вечнасці – свабода.

Астатняе надыдзе, не тужы.

І шлях, якім кіруе сёння мода,

На моцны вузел смела завяжы.


Бруіцца памяць чыстаю ракою,

І марамі напоўненыя зноў

Не раз яшчэ мы пройдземся з табою

Па вуліцы чырвоных ліхтароў.


17.08.2002г.
Паэт і кат
Паэзія – душы нясцерпны боль,

А плач – пакора прад магутным словам.

Забойцу-кату знак падаў кароль,

Ухвалены натоўпу дзікім ровам.


І над паэтам меч, нібы крумкач…

Заплакала цнатлівая гартэнзія.

Боль, выліты праз слёзы, – проста плач,

А словам выказаны боль – паэзія.


18.03.2004г.
Тэрмінатар*
Утопіяй здавалася сучаснасць.

Сучаснасцю – утопія была.

І міражоі-прывідам свету яснасць

Па хвалях нечаканасці плыла.


Імкнулася у вечнасць чалавечнасць

На абламаных крылах небыцця.

А там, дзе чалавечнасць, – супярэчнасць

Пад мантыяй хімернаю жыцця.


Рэальнасць – не рэаліі, а мары –

Ахвярны лік у дробнай мітусні.

Так наплываюць і сыходзяць хмары.

Рэальнасць страціць – і не мець хлусні.


На зломе дня і ночы – тэрмінатар.

І бессмяротнасць – азарэння міг.

Як патушыць яе вулканны кратэр,

Каб люты смерч не знішчыў нас саміх?


Яшчэ на зле кайданы не закуты,

А ў думках і пачуццях гожы май.

Ды непаразуменні – вось пакуты,

Што нас штурхаюць аж на самы край.


Разносіць ветах полымя насенне,

Што злым бязвер’ем чэпка парасло.

Прачнемся мы, і звон уваскрашэння

Абрыне скрозь пасеянае зло.




22.04.2003г.

* Мяжа дня і ночы на Месяцы.


Ля бездані
Расчараваны ў вязкіх снах, сівой істотай

Кульгае розум, што сквітаўся з пустатой

Вачніц, напоўненых бяздоннай адзінотай,

У чорнай прорве безвыходнасці глухой.


І хаатычна нарастае свету плата

Што называлася адвеку развіццём.

І ўжо рыхтуе жудасная дата

Нам пачастунак, недасмалены агнём.


29.04.2003г.
* * *

Памяці Веры Радзівон


Не справядлiва гэта мера,

Бязлiтасны твой цяжкi лёс.

А ты любiла шчыра, Вера,

I шкадавала нас да слёз.


О, колькi мараў светлых, чыстых

Ляцела ўдаль дзявочых сноў,

I думаў-прамянёў празрыстых,

І вечных, як каханне, слоў.


Дзень плача жалем неспатольным

Журботнiцы вясны-ўдавы.

I звона цiхi стогн няўмольны,

У сэрцах – вобраз твой жывы.


Кружляе чорнай птушкай гора

Над светам велічных надзей.

І цераз край – жалобы мора…

Што можа быць за смерць страшней?


Мы будзем помнiць летуценнi

Тваiх глыбокiх светлых дум.

Жыцця шчаслiвыя iмгненнi

Хай не кране магiльны сум.


29.03.2002г.

Слёзы жалобы
Пад воблакам чарнобыльскага пылу,

Са споведдзю пакутнай у душы

Прынёс нашчадак кветкі на магілу

Бацькоў, што за жыццё парвалі жылы

І леглі ў дол, нібыта спарышы.
Тужлівы плач рамонкаў невыносны

Узнёс на крыж мелодыю жыцця.

Патухла сонца... Цэзію палосы

І стронцыю шырокія пракосы

Крыжуюць свет за дротам небыцця.
Жалобы слёзы – на сухія крылы

Прасветлых душаў родных і бацькоў.

Ніколі не забыць святой магілы

Пад хмараю чарнобыльскага пылу

Сынам і дочкам будучых вякоў.
15.06.2003г.

Звон

Роспаччу пакрэслены сцяжынкі,

Ночы сакавіцкай перазвон.

Грэх за неабдуманыя ўчынкі

Лёг на сэрца, як чыгунны звон.
Ключ ад заржавелай клеткі лёсу

Згублены ў празрыстай сіняве.

І абрус сатканы на хаосе –

Каменем магільным на жарстве.


Голас мкнецца птушкаю надзеі,

Рэхам адгукаецца ў душы.

Прэч ад звар’яцелых сухавеяў,

Дзе няма спакусы саграшыць.


05.10.2003г.
Цень
Палон муроў халодных і магутных

Згрувасціў цені вакол лямпы цьмянай.

Тут не убачыць слёз маiх пакутных,

Маёй душы да сэрца разарванай.


Хаўрус мацуюць сiлы шатанскiя,

Рагоча ў твар драпежнае стварэнне.

І выйшлі з ценю вылюдкi, якiя

Пасеклi жыццяноснае карэнне.


Так прагнеш жыць, калі цябе чакаюць...

Знясілеў, не пачуты, крык жадання.

Зімовым днём ахвяру пахаваюць,

Пакрыўшы ценем твар на развiтанне.


07.02.2003г.
Расстанне
Сняжыначка кахання ледзянога

Слязінкаю прабегла па шчацэ.

А я стаю тужліва ля парога,

Сціскаючы пярсцёнак у руцэ.


Твой падарунак – дар тваіх пачуццяў.

Твой пацалунак горкі, малады

Апёк мне вусны, і таму баюся

Пражыць, як дзень, зялёныя гады.


Жыцця старонкі – лёгкія сняжынкі,

Пярсцёнак важкі ў памяці на дне.

Халодны водбліск зманлівай сцяжынкі

Густым туманам лёг пад ногі мне.


Наіўную душу ў няволю пасткі

Даверлівае сэрца завяло.

Кахання мроі, рваныя на часткі,

Спакоем беласнежным замяло.


06.07.2003г.

Калыханка


Лысай гары

Восеньскаю калыханкай


Полымя дрэвы люляе,

Срэбранаю маланкай

Думкі і сны спапяляе.
Кропелькі соннай вечнасці,

Быццам юнак з гітараю,

Так спадзяваўся вернасці, –

Мусіў расстацца з мараю.


Здані бязважкія мрояцца,

Кружаць распуснай каханкай.

Раны на сэрцы гояцца

Восеньскаю калыханкай.


14.11.2003г.
Свабода
Я перастаў быць цацкай той,

З якой гуляць хацела

Ты росным ранкам, цела агаліўшы.

Мая свабода з кожным днём

Нястрымліва мацнела,

Ад горкіх пацалункаў твар прыкрыўшы.


І вось знікаю я, як сон

У пошуках збаўлення.

Сляпыя думкі выйсця не знаходзяць.

Не ведаючы сутнасці

Свайго прадвызначэння,

Твае пакуты новы дзень народзяць.


І не шукай, не кліч мой свет,

Скамечаны няволяй, –

Нянавісць абвастраецца ў пачуццях.

А я стаміўся быць з табой,

Пакутаваць. І болей

“Кахання” слоў не пажадаю чуць я.


05.07.2003г.

Грэх

Вуснаў дзявочых гарачы давер… –

Тут не ўладарыць каханне.

“Божа, прабач, не хацеў я, павер..,” –

Звычная споведзь пад ранне.
Хтосьці прамовіць: ”Хiба гэта грэх.

Плюнь i забудзь, прыжывецца”.

Грэх не расколеш, быццам арэх.

Ён на душы застаецца.


14.01.2003г.
Анёл
З-пад стосу скамечаных лёсам імён

І дзён безвыходных, суровых

Ён вынес бязлітасны часу праклён,

Чакаючы жыццяў чарговых.


Надзённага грэху свінцовы туман

Рассёк, але сілы не вечны.

І шыю захлёствае даўкі аркан.

Няўжо сам Анёл і той грэшны?


– Навошта хлусліўцы-збавіцелі нам?

Мы самі пад бокам у Бога.

А вы не змаглі захаваць родны храм –

У пекла праклалі дарогу.


Знак сілы і велічы – ўсюднае “Мы”,

А нечысць у розум крадзецца.

Вякамі чакалі смяртэльнай чумы.

Куды ж ад яе вам падзецца?


Без духу і веры стыхіі сыны

Свой дзень дажывалі убога,

Маліліся ідалам чорнай маны,

Забыўшы Збавіцеля-Бога.


За вас пакаянне, нібыта свой крыж,

Анёл нёс з пакутай ад веку.


Наступнасць – сягоння. Яна ёсць

Паміж


Анёламі і чалавекам.
12.04.2003г.

Грэшніку

Ён быў грэшны, як лес на мяжы

Зуха-Дня і блудлівіцы Ночы,

Як у храме Ярылы крыжы,

Як крыніц заімжоныя вочы.

Ён не здолеў падману забыць

І душою, і сэрцам любіць.

Яму ў чорнае неба глядзець

Праз разбітае лёсам вакно,

У чаканні, як будзе ляцець

Чорны птах ці анёл – ўсё адно.

Ён быў грэшны, як келіх віна,

Што прасмягнуў да самага дна.

Ён чакаў толькі суднага дня,

І суддзя яму – сэрца і Бог.

Дзе любоў, дзе падман і хлусня,

Грэшнік ведаць і бачыць не мог.

Ён быў грэшны, як лес на мяжы,

Як у полі паганскім крыжы...
21.12.2003г.
«Казка»
Вы змешвалі гарэлку з самагонкай,

Не ведалі крынічнае вады.

Валяючыся пад бярозай гонкай,

Вярталіся ў мінулыя гады.


Калеючы ў завею на прыступках,

Парэнчы запляваўшы і без мар

Смалілі прэлы ліст у самакрутках,

Не ведаючы імпартных цыгар.


І розум так змаглі закаламуціць

Да колеру іржавай бараны.

А час бяжыць і жоран жыцця круціць,

На даўнасць не зважаючы віны.


Сумленне – ў душы, яснасць – у галовы...

Ды век замольваць вам свае грахі.

Але вы не прайшлі нават паловы,

Таму не позна памяняць шляхі.


02.07.2003г.
Мроя
Перад вачыма толькі вобраз твой,

А калі сплю, то бачу цябе ў снах.

І не прымроіць мне ўначы другой,

Каб да яе імчацца на вятрах.


О, колькі ў думках мрою мілаваць,

Дакуль трызненням зоркамі гарэць,

Прыдуманыя вусны цалаваць,

Душу каханнем выдуманым грэць?


Свет летуценняў мне насустрач мкне.

Не стану думкі-мроі распрагаць.

Так хочацца, як у чароўным сне,

Шчасліва, да бясконцасці кахаць.


14.03.2003г.
Не бяжы
Не імкні ад мяне завірухай распуснасці вольнай,

Не ўцякай бессэнсоўна ў цягуча-ілжывую ціш.

Заставайся на вузкай сцяжынцы гулліва свавольнай,

І ў вышыні імкліва на крылах бяссмерця ўзляціш.


Не чакай пацалункаў гарачых драпежнага звера,

Не ўскладай спадзяванняў на літасць бяздушных гармат.

І з глыбіняў душы хай крыніцай струменіцца вера.

Не бяжы ў забыццё, бо не будзе дарогі назад.


18.05.2003г.
Чаму
Чаму я ўспомніў даўнія хвіліны,

Калі плылі былога шчасця ноты?

На вуснах горыч вогненнай каліны,

А сэрца зноўку прагне адзіноты.


На шчодрай гронцы спелага кахання

Адлюстраванне зманлівага раю?

Мне не знайсці адказу на пытанне,

Пакуль жыву, пакуль яшчэ кахаю.


18.09.2003г.
* * *
Пачнi жыццё сапраўднае спачатку,

Каб след пакiнуць на шляху вякоў.

Сарві з далонi драную пальчатку

I вырвіся з нікчэмнасці акоў.


Не выбірай раўнюткую дарогу

І толькі смейся цяжкасцям услед,

Ды не зайздросцi нiзкаму парогу,

Што так нясмела азірае свет.


Вясенняй навальнiцы мяккi пах

Нянавiсцi агонiю размые.

Высока ў паднябессі белы птах

З надзеяй вочы на жыццё адкрые.


Свой новы дзень упэўнена вітаю

І да здранцвення сціснуў кулакі.

Я проста чалавекам быць жадаю,

Іначай нельга – час прыспеў такі.


04.03.2002г.
Апошняе імгненне
Па вузкай кладачцы прайсці,

не аступіцца.

І ад удараў цяжкіх дум

абараніцца.

Душой узбуджаны інстынкт

звярынай рыкне,

Вар’яцкі одум гучна мары

перакрыкне.

І трэба сэрцу супакоіцца,

забыцца,


А чыстым марам сёння – здрадзіць,

заўтра – збыцца.


Асенні золак праявіўся

блёклым спектрам,

Разнёс насенне мёртвых кветак

буйным ветрам.

А нежывое спарадзіць

жыццё не можа,

І цудадзейны майскі дождж

не дапаможа.

Наскрозь прамоклы дрогкі дзень

ступае ў стоме

З надзеяй легчы адагрэцца

ў цёплым доме

Удзячнай памяці, што верай

мацавала


І новых сілаў жыццястойкіх

надавала.


На чорны крыж быцця прыкута

безнадзейнасць,

Навокал свет застыў, адбыўшы

сваю дзейснасць,

Па струнах вечнасці імгненне

смыкам водзіць,

Жывая радасць успамінаў

карагодзіць.


03.05.2003г.
* * *
Мерна гаснуць на досвітку зоркі,

Ахінаецца вогнішча дымам.

Ранак з водарам крышачку горкім

Глянуў соннымі з ночы вачыма.


Па-асенняму млявае сонца

Зіхатнула адспелай калінай,

Асвятліла крыніцу да донца,

Што гарэла чырвонаю глінай.


24.10.2003г.
Палёты ў вышынях пачуццяў
У подыху цёплым бяссонных начэй

Спеў сэрца спрабую пачуць я.

Мне дораць глыбінi блакiтных вачэй

Палёты ў вышынях пачуццяў.


Але не жадаю ахвяраю быць

Бязлiтаснай прыхацi хворай,

Умеючы шчыра душою любiць,

Ад бедаў і горычы кволай.


Пылiнкай трымціцца істота мая

У свеце надзей незбываных.

У рытме спакусаў пульсуе Зямля –

Планета для зачараваных.


Развеяўшы чары, начны матылёк

Нас вабіць на ростанi ночы.

Да рання не гас малады вугалёк –

Пагляд сарамлiвы дзявочы.


Свiтанак развесіў лісця волкі плед,

Над плыткаю хваляй рачною.

Пакiнуўшы ў памяцi ранішні след,

Ты ў думках заўсёды са мною.


А час не запыніць размераны бег,

Бо зноў я на ростанi рвуся.

І разам з каханай адзінай не грэх

Лунаць у вышынях пачуццяў.


22.07.2002г.
Чараўніца
Мінулі гады

з той хвіліны,

калі ўпершыню

я спаткаўся

пад шум

нарачанскага бору,



пад шэпт

заварожаных хваляў

з табою,

мая чараўніца.


Шукаючы

шлях пераможцы,

блукаючы

ў лесе спакусаў,

я гонар збярог

і з пакорай

не стаў на калені

адчаю,


каб вымаліць долі

найлепшай.


Я верыў

у шчасце зямное,

я марыў

жыццё быць з табою.



Мне зоры

прарочылі гора,

а з сэрца,

свабоднаю птушкай,

увысь

узнялася НАДЗЕЯ.


І час

паяднацца душою,

і час

мацаваць сваю веру,



пачуццям

даць крылы свабоды

і скінуць

кайданы сумненняў

з табою,

мая чараўніца.




01.08.2003г.



Узаемнасць
Я помню лета: сонца – поўна,

І неба сінь над галавой.

Як нечакана, як раптоўна

Спаткаўся, любая, з табой.


Начэй бяссонных адзінота…

Трызненні дораць неспакой.

Лагодных рук тваіх пяшчота

На сумны твар кладзецца мой.


Ірву ланцуг журбы-расстання.

Твой вобраз часу не размыць.

Быць вечным нашаму каханню,

І нам павечна разам быць.


Ты мараў, дум маіх крыніца,

Расінка-яска на траве,

Начной залевы бліскавіца,

Праменьчык сонца ў сіняве.


Туманным і дрыготкім раннем

Я сэрца насцеж расчыню

І прашапчу сваё прызнанне,

Ускалыхнуўшы цішыню.


Як нечакана, як раптоўна

Ты у маё жыццё ўвайшла.

Я помню лета: сонца – поўна,

І поўна шчасця і святла.


08.02.2002г.
Ажына
Пунсовы месяц дыхае на ўзгоркі,

Начны сусвет у вечнай варажбе.

Працягваю далонь да яснай зоркі,

Здымаю і кладу ў далонь табе.


Лагодны ветрык гойдае нясмела

Імгненнай асалоды берагі.

Душу сагрэе зорка, поўня – цела.

Сыходзяць моўчкі колеры тугі.


Зямля ператвараецца ў пярыну.

Пад коўдрай-небам мы ў чароўным сне

Смакуем пераспелую ажыну,

Якой частуе шчодра лёс мяне.


14.02.2003г.
Сцяжыны кахання
Усмешка валошкі на жытнім узмежку

мяне не пазнала,

А поўня князёўнай плыла

па начным харастве.

Няспелыя словы кахання

спакусніца ў ноч прашаптала,

Калі мы ішлі басанож

па іскрыстай жарстве.


Апошняя песня заранкі

тужліва плыла ў паднябессі,

Мой сонны настрой

паглынуў развітальную ціш.

І я не пачуў той,

юнацтвам прапетае песні.

Чаму ты, заранка,

цяпер у самоце маўчыш?


Далёкае рэха апошніх радкоў

замірала за мною.

На вузкай мяжы

пад сузор’ем Надзеі стаім.

Як хочацца зноў на сцяжыне

спаткацца з табою,

Ды мабыць не лёс,

бо па сцежцы ідзеш ты з другім.


Не раз яснавокую поўню

мы ў квецені зорак сачылі,

І Нарачы люстра, як дзень

зіхацела ў вачах.

Павольна сляды

на сцяжыне кахання астылі,

І толькі заранка

самотна пяе па начах.


10.05.2003г.

Прадчуванне

Прадчуванне незакончанай хвіліны –

Спадзяванні неабуджанай вясны.

Як самотна падарожнікам адзіным

Крочыць праз няспраўджаныя сны.
У палоне вераснёвага туману,

У абдымках справядлівага жыцця

Прадчуванне нечаканага падману

І святога, як надзея, пачуцця.


09.12.2003г.
Шлях да цябе

Н. Н.

За кратамі касмічнай цішыні

Твой голас чысты і недасягальны.

У чорнай, некранутай вышыні

Я страціў да каханай шлях астральны.
Блукаючы і ў ноч, і ў ясны дзень,

Знікаючы ў жыцці, як думак кола,

Убачыў, як надзей маіх прамень

Высвечваў з цьмянай шэрані анёла.


А багна слоў засмоктвае мой свет.

Правал у бездань. Шлях святла не мае.

І недзе, сярод тысячы планет,

Мігціць твая адзіная, жывая.


І вусны ценька горкі лёс кране

Засохлаю гартэнзіяй настрою,

Бо голас твой застаўся для мяне

За вечнасцю касмічнага спакою.


16.07.2003г.

Запавет

Вам трымаць на плячах небакрай,

І на цяжар нябёс не зважайце,

Не руйнуйце дарогу у рай,

Безвыходнасць сабе не ўнушайце.
Не бяжыце, як зайцы ў агні,

Незлічонымі сцежкамі душаў,

І не рвіце свае карані,

Каб не здолеў прышэлец адужаць.


У ілюзіі ды ў міражы

Хітра зманьвае краскамі вецер.

За спіной сталі густа крыжы,

І гуляюць з гадзіннікам дзеці.


У апошніх праменнях святла

Плынь жыцця не студзіце на крыгі.

Вы – адтуль, дзе згарэў дзень датла,

Каб устаць над жвірамі Нямігі.


01.12.2003г.
Праз горан
Жыццёвы горан Праўда раздзімае.

Яна у праве знішчыць, нарадзіць.

Дабро, як сталь, іскрыцца і згарае,

А зло бясконца, як гніляк, чадзіць.


Шлях у Дабро бяссмерце нараджае,

Стралой праз сэрца шлях у Зло ляжыць.

Святло заўсёды ноч перамагае,

Ды цемра зноў знаходзіць сілы жыць.


Успыхне Праўда, каб Дабро уславіць,

У кожным сэрцы горан распаліць.

Ці зможам мы Зло свету пераплавіць,

Каб вечны манумент Дабру адліць?


30.03.2004г.
Не ўмёрлі мы
Абернецца бясконцасць у імгненне,

І на камлыгу лёсу лягуць слёзы.

Патрэсканае вечнасцю каменне

Распаліцца карой старой бярозы.


Спакус былых развеюцца пажары,

Што чыстыя памкненні спапялялі.

Жыцця пад дых знянацкія удары

Нас падаць на калені прымушалі.


Імчацца коні памяці бязмежнай.

Глыбокай ночы высахла рака.

З далоні немаўляці незалежнай

Свет зведаў водар краскі-васілька.


Прасветліцца свядомасцю сумленне,

Туман надзей ахутае дамы.

Сябе спазнаўшы, наша пакаленне

Дакажа свету, што не ўмёрлі мы.


16.05.2002г.

Анатацыя
Размерана стрыманая, без рэзкіх нежыццястойкіх наватарскіх хістанняў, без знаку самаўлюбёнасці і характэрнага для многіх маладых эгаізму, паэзія Рагнеда Малахоўскага – жыўлівая крыніца яго асабістай праўды жыцця. Душэўная споведзь аўтара не можа не кранаць шчырасцю і светлым наівам, лірычнасцю і духам роднага краю. Захапляе яскравасцю трапных вобразаў, выверанасцю радка, гарманічнай завершанасцю верша. А жывая, не заляжалая мова не пакідае абыякавым ні маладога ні сталага прыхільніка паэтычнага слова.


Біяграфія
Рагнед Малахоўскі

Нарадзіўся ў 1984 годзе ў пасёлку Сяймчан Магаданскай вобласці. З 1987 года жыве ў Беларусі. Вучыцца ў БДЭУ. Займаецца спортам, піша музыку. Вершы друкаваліся ў калектыўных зборніках, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, рэспубліканскіх газетах.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка