Ахова гiсторыка-культурнай спадчыны артыкул 82. Гiсторыка-культурная спадчына I яе ахова



старонка1/4
Дата канвертавання14.02.2018
Памер0.81 Mb.
#18249
  1   2   3   4
АХОВА ГIСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ
Артыкул 82. Гiсторыка-культурная спадчына i яе ахова
1. Гiсторыка-культурная спадчына ўяўляе сабой сукупнасць найбольш адметных вынiкаў i сведчанняў гiстарычнага, культурнага i духоўнага развiцця народа Беларусi, увасобленых у гiсторыка-культурных каштоўнасцях.

2. Ахова гiсторыка-культурнай спадчыны - напрамак культурнай дзейнасцi, якi ўключае сiстэму арганiзацыйных, прававых, эканамiчных, матэрыяльна-тэхнiчных, навуковых, iнфармацыйных i (або) iншых мер, накiраваных на вылучэнне культурных каштоўнасцей для надання статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, наданне культурным каштоўнасцям статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, улiк, захаванне, аднаўленне, утрыманне i выкарыстанне гiсторыка-культурных каштоўнасцей, што ажыццяўляюцца ў мэтах зберажэння i памнажэння гiсторыка-культурнай спадчыны i стварэння ўмоў для яе перадачы наступным пакаленням.


Артыкул 83. Вiды матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей
Да матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей адносяцца:

дакументальныя помнiкi - акты дзяржаўных органаў, iншыя пiсьмовыя, графiчныя i аўдыявiзуальныя дакументы, у тым лiку старажытныя i iншыя рукапiсы, архiўныя дакументы, рэдкiя друкаваныя выданнi;

запаведныя мясцiны - тапаграфiчна акрэсленыя зоны або ландшафты, створаныя чалавекам або чалавекам i прыродай;

помнiкi археалогii - археалагiчныя аб'екты i археалагiчныя артэфакты;

помнiкi архiтэктуры - капiтальныя пабудовы (будынкi, збудаваннi), асобныя або аб'яднаныя ў комплексы i ансамблi, аб'екты народнага дойлiдства, у склад якiх могуць уваходзiць звязаныя з указанымi аб'ектамi творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, садова-паркавага мастацтва;

помнiкi гiсторыi - капiтальныя пабудовы (будынкi, збудаваннi), iншыя аб'екты, тэрыторыi, якiя звязаны з важнейшымi гiстарычнымi падзеямi, развiццём грамадства i дзяржавы, мiжнароднымi адносiнамi, развiццём навукi i тэхнiкi, культуры i быту, палiтычнымi, дзяржаўнымi, ваеннымi дзеячамi, дзеячамi навукi, лiтаратуры, культуры i мастацтва;

помнiкi горадабудаўнiцтва - забудова, планiровачная структура забудовы або фрагменты планiровачнай структуры забудовы населеных пунктаў з культурным пластом (слоем). Помнiкi горадабудаўнiцтва з'яўляюцца комплексамi гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

помнiкi мастацтва - творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога i iншых вiдаў мастацтва.


Артыкул 84. Беларуская рэспублiканская навукова-метадычная рада па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны i саветы па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны
1. У мэтах навукова-метадычнага забеспячэння ўлiку, захавання, аднаўлення, утрымання i выкарыстання гiсторыка-культурных каштоўнасцей пры Мiнiстэрстве культуры ствараецца Рада.

2. Асноўнымi задачамi Рады з'яўляюцца:

2.1. навукова-метадычнае забеспячэнне аховы гiсторыка-культурнай спадчыны;

2.2. выпрацоўка прапаноў па пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны.

3. Рада:

3.1. прымае рашэннi аб:

неабходнасцi (адсутнасцi неабходнасцi) надання культурнай каштоўнасцi, якая можа мець сусветную, мiжнародную або нацыянальную значнасць, статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

значнасцi культурнай каштоўнасцi для асобнага рэгiёна, на тэрыторыi якога яна знаходзiцца, i рэкамендаваннi адпаведнаму мясцоваму выканаўчаму i распарадчаму органу абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню надаць ёй статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

неабходнасцi аднясення гiсторыка-культурнай каштоўнасцi да катэгорыi "0", "1" цi "2" або неабходнасцi змянення катэгорыi гiсторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыi "0", "1", "2", "3";

немагчымасцi навукова абгрунтаванага аднаўлення нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

магчымасцi (немагчымасцi) узгаднення навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя могуць прывесцi да iстотнага змянення гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей, iх знiшчэння, страты або знiкнення;

3.2. выдае заключэннi аб:

поўным вывучэннi помнiкаў археалогii;

немагчымасцi захавання нерухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi на месцы яе знаходжання;

факце адступлення ад патрабаванняў гэтага Кодэкса i iншых актаў заканадаўства пры ажыццяўленнi кiраўнiцтва распрацоўкай навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях;

прызнаннi змянення матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей навукова абгрунтаваным або навукова не абгрунтаваным;

3.3. ажыццяўляе навукова-метадычнае забеспячэнне аховы гiсторыка-культурнай спадчыны;

3.4. выконвае iншыя функцыi ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам.

4. У склад Рады могуць уваходзiць прадстаўнiкi дзяржаўных органаў i iншых юрыдычных асоб, якiя ў межах сваёй кампетэнцыi ўдзельнiчаюць у вырашэннi пытанняў аховы гiсторыка-культурнай спадчыны.

5. У мэтах садзейнiчання ахове гiсторыка-культурнай спадчыны пры мясцовых выканаўчых i распарадчых органах базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ствараюцца абласныя (Мiнскi гарадскi) саветы па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны.

6. Абласныя (Мiнскi гарадскi) саветы па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны:

6.1. прымаюць рашэннi аб тым, што:

матэрыяльная культурная каштоўнасць мае значнасць для асобнага рэгiёна, на тэрыторыi якога яна знаходзiцца, i ёй неабходна надаць статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

матэрыяльная культурная каштоўнасць можа мець сусветную, нацыянальную або мiжнародную значнасць i неабходна накiраваць прапанову ў Мiнiстэрства культуры аб наданнi ёй статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

адсутнiчае неабходнасць надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

неабходна аднесцi гiсторыка-культурную каштоўнасць да катэгорыi "3";

6.2. выпрацоўваюць прапановы па арганiзацыi i правядзеннi мерапрыемстваў па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны;

6.3. выконваюць iншыя функцыi, прадугледжаныя гэтым Кодэксам.

7. У склад абласных (Мiнскага гарадскога) саветаў па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны могуць уваходзiць прадстаўнiкi дзяржаўных органаў i iншых юрыдычных асоб, якiя ў межах сваёй кампетэнцыi ўдзельнiчаюць у вырашэннi пытанняў аховы гiсторыка-культурнай спадчыны.
Артыкул 85. Вылучэнне культурных каштоўнасцей для надання статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
Культурныя каштоўнасцi вылучаюцца для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi з культурных каштоўнасцей:

якiя рэальна iснуюць, выкарыстоўваюцца ў дзейнасцi чалавека незалежна ад месца iх знаходжання або арэала бытавання;

якiя прафесiйна або выпадкова выяўлены, звесткi аб iснаваннi якiх да моманту iх выяўлення адсутнiчалi i ўласнiк якiх невядомы, адмовiўся ад права ўласнасцi на iх або страцiў права ўласнасцi на iх па iншых падставах, прадугледжаных грамадзянскiм заканадаўствам;

наяўнасць якiх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi, страце або знiкненнi гэтых культурных каштоўнасцей.


Артыкул 86. Выяўленне культурных каштоўнасцей, якiм можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
1. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, якiм можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, могуць быць выяўлены прафесiйна або выпадкова.

2. Нематэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, якiм можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, могуць быць выяўлены прафесiйна.


Артыкул 87. Прафесiйнае выяўленне культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
1. Прафесiйнае выяўленне культурных каштоўнасцей, якiм можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, ажыццяўляецца ў час прафесiйнай навукова-даследчай дзейнасцi, у тым лiку пры правядзеннi археалагiчных даследаванняў.

2. Юрыдычная асоба або грамадзянiн, у тым лiку iндывiдуальны прадпрымальнiк, якiя ў час прафесiйнай навукова-даследчай дзейнасцi выявiлi культурную каштоўнасць, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i якая на момант яе выяўлення не мае ўласнiка, абавязаны:

2.1. правесцi яе фiксацыю, навуковую апрацоўку i мастацкую ацэнку ў адпаведнасцi з патрабаваннямi, прадугледжанымi артыкулам 91 гэтага Кодэкса;

2.2. не пазней за сем каляндарных дзён з дня яе выяўлення пiсьмова паведамiць аб гэтым у мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню i перадаць яму выяўленую рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць на часовае захоўванне, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 гэтага артыкула.

3. Рухомая матэрыяльная культурная каштоўнасць, якая прафесiйна выяўлена дзяржаўнымi музеямi або дзяржаўнымi навуковымi арганiзацыямi, не перадаецца мясцоваму выканаўчаму i распарадчаму органу базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, а ўключаецца ў музейны фонд дзяржаўнага музея або ў калекцыйны фонд дзяржаўнай навуковай арганiзацыi.

4. Пiсьмовае паведамленне аб прафесiйным выяўленнi культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, павiнна ўключаць прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку (пры яго наяўнасцi), месца жыхарства грамадзянiна, у тым лiку iндывiдуальнага прадпрымальнiка, або назву i месца знаходжання юрыдычнай асобы, якiя выявiлi культурную каштоўнасць.

5. Да пiсьмовага паведамлення аб прафесiйным выяўленнi культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, дадаюцца:

5.1. матэрыялы фiксацыi, навуковай апрацоўкi i мастацкай ацэнкi культурнай каштоўнасцi;

5.2. абгрунтаванне неабходнасцi надання культурнай каштоўнасцi статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.
Артыкул 88. Выпадковае выяўленне матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
1. Юрыдычная асоба або грамадзянiн, у тым лiку iндывiдуальны прадпрымальнiк, якiя выпадкова выявiлi матэрыяльную культурную каштоўнасць, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi i якая на момант яе выяўлення не мае ўласнiка, абавязаны:

1.1. прыняць меры па яе захаваннi;

1.2. безадкладна прыпынiць работы або iншую дзейнасць на нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, якiя могуць аказаць на яе ўздзеянне;

1.3. не пазней за два каляндарныя днi з дня яе выяўлення пiсьмова паведамiць аб гэтым у мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню i ў выпадку выяўлення рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi перадаць яе гэтаму мясцоваму выканаўчаму i распарадчаму органу базавага тэрытарыяльнага ўзроўню на часовае захоўванне;

1.4. перадаць яе ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню ў выпадку аднясення яе да археалагiчнага артэфакта.

2. Пiсьмовае паведамленне аб выпадковым выяўленнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, павiнна ўключаць:

2.1. прозвiшча, уласнае iмя, iмя па бацьку (пры яго наяўнасцi), месца жыхарства грамадзянiна, у тым лiку iндывiдуальнага прадпрымальнiка, або назву i месца знаходжання юрыдычнай асобы, якiя выявiлi матэрыяльную культурную каштоўнасць;

2.2. звесткi аб месцы выяўлення рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi;

2.3. звесткi аб месцы знаходжання нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi.
Артыкул 89. Дзеяннi мясцовага выканаўчага i распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню пры прафесiйным або выпадковым выяўленнi культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
1. Мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, што атрымаў пiсьмовае паведамленне аб прафесiйным або выпадковым выяўленнi культурнай каштоўнасцi, якой можа быць нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi:

1.1. не пазней за два каляндарныя днi з дня атрымання пiсьмовага паведамлення аб выпадковым выяўленнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, якая валодае прыкметамi археалагiчнага аб'екта або археалагiчнага артэфакта, накiроўвае iнфармацыю аб выяўленай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi ў абласную (Мiнскую гарадскую) камiсiю па археалагiчных аб'ектах i археалагiчных артэфактах для прыняцця рашэння аб аднясеннi (неаднясеннi) гэтай культурнай каштоўнасцi да археалагiчнага аб'екта або археалагiчнага артэфакта;

1.2. не пазней за тры каляндарныя днi з дня атрымання пiсьмовага паведамлення аб прафесiйным або выпадковым выяўленнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi або атрымання рашэння аб аднясеннi матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi да археалагiчнага аб'екта або археалагiчнага артэфакта iнфармуе Нацыянальную акадэмiю навук Беларусi аб выяўленай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi;

1.3. у выпадках вiдавочнай наяўнасцi ў гэтай культурнай каштоўнасцi адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей або яе аднясення да археалагiчнага артэфакта прымае рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць ад юрыдычнай асобы або грамадзянiна, у тым лiку iндывiдуальнага прадпрымальнiка, якiя яе выявiлi, па акце прыёму-перадачы. Для пацвярджэння наяўнасцi або адсутнасцi ў рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей прыцягваюцца спецыялiсты Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi, iншых навуковых арганiзацый i (або) музеяў, якiя не пазней за дзесяць рабочых дзён з дня звароту мясцовага выканаўчага i распарадчага органа базавага тэрытарыяльнага ўзроўню аб прыцягненнi спецыялiстаў даюць заключэнне аб наяўнасцi або адсутнасцi ў рухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей;

1.4. не пазней за сем каляндарных дзён з дня атрымання пiсьмовага паведамлення аб прафесiйным або выпадковым выяўленнi нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi ажыццяўляе яе агляд i складае акт агляду. Для ажыццяўлення агляду прыцягваюцца спецыялiсты дзяржаўных музеяў i (або) дзяржаўных навуковых арганiзацый;

1.5. не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня атрымання пiсьмовага паведамлення аб прафесiйным або выпадковым выяўленнi нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi вызначае часовы рэжым утрымання гэтай культурнай каштоўнасцi з указаннем тэрмiну яго дзеяння i ў выпадку прыпынення работ або iншай дзейнасцi на нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, якiя могуць аказаць на яе ўздзеянне, у сувязi з яе выяўленнем вызначае перыяд часу, на якi такiя работы або iншая дзейнасць прыпыняюцца;

1.6. ажыццяўляе кантроль за выкананнем патрабаванняў часовага рэжыму ўтрымання нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, патрабаванняў па прыпыненнi работ або iншай дзейнасцi на нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi, якiя могуць аказаць на яе ўздзеянне, пры неабходнасцi скарачае або працягвае тэрмiн дзеяння часовага рэжыму ўтрымання нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi;

1.7. перадае рухомую матэрыяльную культурную каштоўнасць у выпадку яе аднясення да археалагiчнага артэфакта ў дзяржаўны музей;

1.8. арганiзуе падрыхтоўку матэрыялаў, прадугледжаных пунктам 3 артыкула 90 гэтага Кодэкса, за выключэннем выпадку, калi культурная каштоўнасць прафесiйна выяўлена дзяржаўнымi музеямi або дзяржаўнымi навуковымi арганiзацыямi.

2. Для прыняцця абласной (Мiнскай гарадской) камiсiяй па археалагiчных аб'ектах i археалагiчных артэфактах рашэння аб аднясеннi (неаднясеннi) выяўленай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi да археалагiчнага аб'екта або археалагiчнага артэфакта мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню забяспечвае прадстаўнiкам абласной (Мiнскай гарадской) камiсii па археалагiчных аб'ектах i археалагiчных артэфактах доступ да гэтай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi.


Артыкул 90. Парадак унясення прапаноў аб наданнi культурным каштоўнасцям статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
1. Прапановы аб наданнi культурным каштоўнасцям, якiя прафесiйна выяўлены дзяржаўнымi музеямi i дзяржаўнымi навуковымi арганiзацыямi, статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўносяцца гэтымi дзяржаўнымi музеямi i дзяржаўнымi навуковымi арганiзацыямi.

Прапановы аб наданнi культурным каштоўнасцям, якiя прафесiйна або выпадкова выяўлены iншымi юрыдычнымi асобамi, грамадзянамi, у тым лiку iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўносяцца мясцовым выканаўчым i распарадчым органам базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыi якога гэтыя культурныя каштоўнасцi выяўлены.

Прапановы аб наданнi культурным каштоўнасцям, прадугледжаным абзацамi другiм i чацвёртым артыкула 85 гэтага Кодэкса, статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўносяцца юрыдычнымi асобамi, грамадзянамi, у тым лiку iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi.

2. Прапановы аб наданнi матэрыяльным культурным каштоўнасцям статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўносяцца ў пiсьмовай форме ў мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню.

Прапановы аб наданнi нематэрыяльным культурным каштоўнасцям статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ўносяцца ў пiсьмовай форме ў Мiнiстэрства культуры.

3. Да прапановы аб наданнi культурнай каштоўнасцi статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi дадаюцца:

3.1. матэрыялы фiксацыi, навуковай апрацоўкi i мастацкай ацэнкi культурнай каштоўнасцi;

3.2. абгрунтаванне неабходнасцi надання культурнай каштоўнасцi статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

4. Матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, якiя прапанаваны для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, падлягаюць ахове, як i матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi.
Артыкул 91. Фiксацыя, навуковая апрацоўка i мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей
1. Культурныя каштоўнасцi, якiя прапануюцца для надання статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, падлягаюць фiксацыi, навуковай апрацоўцы i мастацкай ацэнцы.

2. Фiксацыю, навуковую апрацоўку i мастацкую ацэнку культурных каштоўнасцей, за выключэннем выпадку, прадугледжанага пунктам 3 гэтага артыкула, забяспечваюць мясцовы выканаўчы i распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, iншая юрыдычная асоба, грамадзянiн, у тым лiку iндывiдуальны прадпрымальнiк, якiя ўносяць прапанову аб наданнi культурнай каштоўнасцi статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

У такiм выпадку фiксацыю, навуковую апрацоўку i мастацкую ацэнку культурных каштоўнасцей праводзяць праектныя арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць распрацоўку навукова-праектнай дакументацыi на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, навуковыя арганiзацыi i музеi, у штаце якiх працуюць спецыялiсты з вопытам работы па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны не менш за два гады.

3. Фiксацыю, навуковую апрацоўку i мастацкую ацэнку прафесiйна выяўленых культурных каштоўнасцей праводзяць асобы, якiя iх выявiлi.

4. Пры правядзеннi фiксацыi, навуковай апрацоўкi i мастацкай ацэнкi культурных каштоўнасцей, якiя прапануюцца для надання iм статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, учыненне перашкод асобам, якiя iх праводзяць, не дапускаецца.

5. Фiксацыя культурных каштоўнасцей праводзiцца шляхам тэкставага апiсання, фатаграфавання i графiчнага адлюстравання. У залежнасцi ад вiду культурнай каштоўнасцi могуць выкарыстоўвацца вiдэа- i аўдыязапiс.

6. У тэкставым апiсаннi культурных каштоўнасцей указваюцца iх вiдавочныя адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi i дадаткова для нематэрыяльных культурных каштоўнасцей - звесткi аб носьбiце нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

7. Пры фатаграфаваннi матэрыяльных культурных каштоўнасцей неабходна забяспечыць перадачу iх аб'ёмна-прасторавага рашэння, наяўнасцi найбольш значных дэкаратыўных i канструктыўных дэталей i элементаў, асаблiвасцей размяшчэння гэтых культурных каштоўнасцей у навакольным асяроддзi.

Фатаграфаванне нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi праводзiцца такiм чынам, каб былi прадстаўлены адначасова яе галоўны i адзiн з бакавых фасадаў, тыльны i другi бакавы фасады. Фатаграфаванне археалагiчных аб'ектаў i археалагiчных артэфактаў ажыццяўляецца з некалькiх ракурсаў, якiя дазваляюць найбольш поўна перадаць асаблiвасцi гэтых культурных каштоўнасцей.

На фотаздымках нематэрыяльных культурных каштоўнасцей павiнны быць адлюстраваны найбольш характэрныя рысы гэтых культурных каштоўнасцей, якiя перадаюць iх асноўныя пастановачныя, выканальнiцкiя прыкметы, асаблiвасцi мастацкага афармлення, вопраткi i ўпрыгажэнняў носьбiтаў нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, традыцыйнай атрыбутыкi.

8. Графiчнае адлюстраванне праводзiцца шляхам пазначэння на картаграфiчным матэрыяле ў маштабе 1:10 000 (для населеных пунктаў у маштабе не больш за 1:20 000) месца знаходжання матэрыяльных культурных каштоўнасцей i ў маштабе 1:200 000 - арэала бытавання нематэрыяльных культурных каштоўнасцей.

9. Навуковая апрацоўка культурных каштоўнасцей праводзiцца для адлюстравання гiстарычных звестак аб iх, прадстаўлення гэтых культурных каштоўнасцей у iх прычынна-вынiковай залежнасцi ў сiстэме падобных культурных каштоўнасцей (аналагаў) i выяўлення асноўных заканамернасцей iх развiцця.

10. Пры аналiзе прычынна-вынiковай залежнасцi культурных каштоўнасцей у сiстэме падобных культурных каштоўнасцей (аналагаў) забяспечваюцца:

10.1. суаднясенне iх з пэўнымi вiдамi i (або) тыпамi аналагаў;

10.2. характарыстыка асноўных кампанентаў, элементаў, структурных прыкмет i iншых характэрных рыс, па якiх гэтыя культурныя каштоўнасцi адносяцца да пэўных вiдаў i (або) тыпаў;

10.3. выяўленне спецыфiчных рыс культурных каштоўнасцей, калi такiя могуць быць выяўлены i прадстаўлены;

10.4. раскрыццё iншых асаблiвасцей i ўзаемасувязей.

11. Аналiз асноўных заканамернасцей развiцця культурных каштоўнасцей праводзiцца шляхам параўнання гэтых культурных каштоўнасцей з аналагiчнымi для выяўлення iх значнасцi.

12. Навуковая апрацоўка змяшчае гiстарычныя звесткi аб характары, аблiччы культурнай каштоўнасцi, яе ўплыве на развiццё краiны або асобнага яе рэгiёна, звесткi аб аўтары або прыналежнасцi знакамiтай асобе, аб перыядзе стварэння (узнiкнення) гэтай культурнай каштоўнасцi i iншыя гiстарычныя звесткi i вывады, у якiх даецца заключэнне па прычынна-вынiковай залежнасцi культурных каштоўнасцей i асноўных заканамернасцях iх развiцця.

13. Мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей утрымлiвае iх аналiз па асноўных стылiстычна-жанравых i марфалагiчных прыкметах, вызначае iх суаднясенне з пэўнай стадыяй або стадыямi развiцця беларускага нацыянальнага i сусветнага мастацтва.

Пры мастацкай ацэнцы матэрыяльных культурных каштоўнасцей праводзiцца аднясенне iх да пэўных вiдаў i (або) тыпаў, апiсанне стылявых асаблiвасцей, структуры i асаблiвасцей забудовы, элементаў i дэталей, iншых характэрных рыс, аддзелкi, колеру, характару i вiду матэрыялаў i iншага.

Мастацкая ацэнка нематэрыяльных культурных каштоўнасцей складаецца з iнфармацыi аб стылявых або жанравых асаблiвасцях гэтых культурных каштоўнасцей, храналогii iх узнiкнення i развiцця, элементах i дэталях, колеры i iншых адметных вартасцях, арэале бытавання i iншых характэрных рысах.

14. Навуковая апрацоўка i мастацкая ацэнка культурных каштоўнасцей афармляюцца ў выглядзе тэксту, да якога ў выпадку неабходнасцi больш поўнага прадстаўлення адметных вартасцей гэтых культурных каштоўнасцей дадаюцца iлюстрацыi.
Артыкул 92. Крытэрыi для надання статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi
1. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi надаецца культурным каштоўнасцям, якiя маюць адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасцi i адпавядаюць аднаму з наступных крытэрыяў:

1.1. з'яўляюцца адным з фактараў фармiравання нацыянальнага менталiтэту;

1.2. маюць значнасць з пункту гледжання гiсторыi, археалогii, архiтэктуры, горадабудаўнiцтва, мастацтва, навукi i тэхнiкi, эстэтыкi, этналогii або антрапалогii, культуры i аказалi значны ўплыў на развiццё краiны або асобнага яе рэгiёна;

1.3. непасрэдна звязаны з жыццём i дзейнасцю знакамiтых асоб, гiстарычнымi падзеямi, традыцыямi, вераваннямi або iдэямi i перакананнямi, якiя аказалi значны ўплыў на ход гiстарычнага, культурнага i (або) духоўнага развiцця беларускага народа;

1.4. з'яўляюцца аўтэнтычнымi з пункту гледжання аўтарскай задумы i яе рэалiзацыi, выкарыстаных пры стварэннi матэрыялаў, захаванасцi навакольнага асяроддзя або найбольш значных яго элементаў;

1.5. уяўляюць сабой выдатны прыклад фармiравання ландшафту, у якiм адлюстроўваюцца традыцыi пэўнага перыяду гiсторыi беларускага народа;

1.6. з'яўляюцца выдатным мастацкiм узорам (шэдэўрам), створаным або пераўтвораным на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь цi створаным беларусамi замежжа.

2. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi можа быць нададзены нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi пры ўмове, што яна з'яўляецца аўтэнтычнай або рэстаўрыраванай у адпаведнасцi з навукова-праектнай дакументацыяй на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасцi павiнна прайсцi не менш за сорак гадоў.

3. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi можа быць нададзены культурным каштоўнасцям, якiя знiклi цi страчаны пры нявысветленых абставiнах, але наяўнасць якiх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi, страце або знiкненнi гэтых культурных каштоўнасцей.

4. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi надаецца археалагiчным аб'ектам, у адносiнах да якiх маюцца матэрыялы археалагiчных даследаванняў, правядзенне якiх прадугледжана артыкулам 126 гэтага Кодэкса, i якiя сведчаць аб фармiраваннi адпаведных археалагiчных культур, развiццi матэрыяльнай культуры на тэрыторыi Беларусi ў пэўны гiстарычны перыяд.




Поделитесь с Вашими друзьями:
  1   2   3   4




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал