Аксіялагічныя аспекты аналізу мастацкага твора




Дата канвертавання03.08.2018
Памер84.23 Kb.
УДК 821.112.2+821.161.
АКСІЯЛАГІЧНЫЯ АСПЕКТЫ АНАЛІЗУ МАСТАЦКАГА ТВОРА

(НА ПРЫКЛАДЗЕ «ФАЎСТА» Ё.В. ГЁТЭ)
Т.С. Супранкова
Кафедра культуралогіі, факультэт сацыякультурных камунікацый, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

ул. Курчатава, 5/401 А, 220108, г. Мінск, Беларусь, tatsupr@tut.by
Анатацыя: Артыкул прысвечаны выяўленню аксіялагічных аспектаў «Фаўста» Ё.В. Гётэ. На прыкладзе гэтага шэдэўра сусветнай класікі разглядаецца фармаванне каштоўнасных арыенціраў у студэнтаў пры аналізе мастацкага тэксту.
Ключавыя словы: аксіялогія; «Фаўст»; Ё.В. Гётэ; аналіз мастацкага твора.
Axiological aspects of the literary TEXT’S analysis

(on an exemple OF «Faust» BY J.W. Goethe)
T. Suprankova
Department of Cultural Studies, Faculty of social and cultural communications, Belarusian State University

Kurchatov Street, 5/401 А, Minsk 220108, Belarus, tatsupr@tut.by
Summary: The article is dedicated to the study of axiological aspects of "Faust" by J.W. Goethe. The author also considers on an example of this masterpiece of world classics the formation of value orientations of students in the process of literary text's analysis.
Keywords: axiology; "Faust"; J.W. Goethe; the literary text's analysis.
Выхаванне ўніверсальных агульначалавечых каштоўнасцей і высокіх грамадзянскіх ідэалаў з’яўляецца задачай гуманітарных навук, і гэтаму спрыяе курс вывучэння гісторыі культуры і літаратуры. Вялікія пісьменнікі і мысляры розных культур падымаюць у сваіх творах як універсальныя, так і нацыянальныя аспекты, таму іх шэдэўры сталі класікай і маюць агульначалавечае гучанне. «Фаўст» Ё.В. Гётэ з’яўляецца прыкладам такіх твораў, стоячы ў адным шэрагу з эпасам Гамера, драмамі Шэкспіра, «Боскай камедыяй» Дантэ і іншых геніяў сусветнай літаратуры.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце дадзены твор падрабязна вывучаецца на лекцыйных і практычных занятках студэнтамі другога курсу спецыяльнасці 1-21 05 06 «Рамана-германская філалогія» па дысцыпліне «Гісторыя замежнай літаратуры XVII–XVIII стст.» і трэцяга курсу спецыяльнасці 1-21 04 01-01 «Культуралогія (фундаментальная)» у раздзеле «Гісторыя заходнееўрапейскай літаратуры XVIII ст. у кантэксце культуры». На практычных занятках увага перадусім надаецца аналізу мастацкага тэксту студэнтамі, разбіраюцца ключавыя пытанні твора.

У «Фаўсце», якога Ё.В. Гётэ пісаў ад гадоў юнацтва да канца свайго жыцця, спалучыліся ўсе выбітныя ідэі эпохі Асветніцтва, якія сёння лічацца прагрэсіўным дасягненнем развіцця чалавечай цывілізацыі. У творы разлядаецца роля асобы ў гісторыі як канкрэтнага народу, так і чалавецтва, ідэі спасціжэння ідэалаў антычнай культуры, дэізму, касмапалітызму, натуральнага чалавека з яго натуральным правам, антыабсалютызму, антыфеадалізму і антыклерыкалізму, вынаходніцтваў чалавечага генія і навуковага прагрэсу. Паводле стылістыкі і жанравай асаблівасці «Фаўст» таксама адметны сваім мастацкім універсалізмам і сінтэзам усіх родаў літаратуры. Г. В. Сініла адзначае: «В нем соединились, кажется, все оттенки поэтического языка: стиль философского трактата – и живая народная речь, вплоть до просторечия; высокое, трагическое – и самое низменное, даже вульгарное; прозрачно-щемящая искренность интонации в песенках Гретхен, простеньких внешне, но скрывающих за этой обманчивой внешностью чрезвычайно трудную в художественном отношении “неслыханную простоту” (Б. Пастернак), – и ядовито-ироническая, саркастическая стихия житейских максим Мефистофеля. В “Фаусте” сошлись, как в учебном пособии по стихосложению, все мелодии и ритмы, все стихотворные размеры, выработанные европейской литературой, – от античных ямбических триметра и тетраметра (размеров греческой трагедии и комедии) до белого стиха шекспировских трагедий, от простонародного немецкого книттельферса и песенного дольника – до александрийского стиха и итальянской октавы. Вся эта разнородная глыба, сцементированная воедино поэтическим гением Гёте, требует особой чуткости и особого таланта от переводчика, берущегося передать “Фауста” на другом языке» [1, с. 352].

Твор таксама стаў і метатэкстам еўрапейскай культуры, паколькі выклікаў вялікую колькасць усемагчымых інтэрпрэтацый. Ідэя фаўсціяны з’явілася на глебе нямецкай культуры яшчэ ў эпоху Рэнесанса, але геніяльная апрацоўка Гётэ зрабіла фабулу аб Фаўсце, шукальніку ісціны, неўміручай. Вялікі нямецкі пісьменнік стаў настаўнікам для наступнага пакалення аўтараў-рамантыкаў, які прыходзілі ў сферу літаратуры, ў прыватнасці, і ўвогуле культуры: «Паслягёгэўскую эпоху распачынае еўрапейскі рамантызм, эстэтычная платформа якога падпітвалася крыніцамі асветніцкай культуры і палемізавала з ёю, цікавасць для рамантыкаў прадстаўляла найперш творчасць Ё. В. Гётэ. Першая частка гётэвага “Фаўста” выходзіць у свет у 1808 годзе. Калі другая стадыя нямецкага рамантызму (гейдэльбержскага) пачынала набіраць сілы, некаторыя рамантыкі паспрабавалі стварыць сваю інтэрпрэтацыю слыннага нямецкага сюжэта (А. фон Шаміса, В. Гаўф, Х. Д. Грабе, Н. Ленаў і інш.). Пасля Гётэ цяжка было ўступаць з ім у творчае спаборніцтва, але тым не менш, гэты факт абудзіў цівасць пісьменнікаў-рамантыкаў, дэкадэнтаў, мадэрністаў. Цікавую канцэпцыю Звышчалавека прадставіў Ф. Ніцшэ, О. Шпэнглер прааналізаваў мадэль фаўстаўскай (заходнееўрапейскай) культуры, Т. Ман у сваім рамане праз фаўсціянскі сюжэт разважае пра віну Германіі» [2, с. 403–404].

Стварэнне «Фаўста» Ё. В. Гётэ паўплывала і на развіццё нацыянальных еўрапейскіх культур: пачынючы ад спробаў перакладу тэксту і заканчваючы ўзнікненнем твораў з алюзіямі на нямецкі шэдэўр альбо сюжэтамі ўласна фаўсціянскага характару: «Беларуская культура (як частка еўрапейскай) таксама далучаецца да дыялогу з фаўсціянай яшчэ ў часы Гётэ, калі нямецкі геній супрацоўнічае з Антоніям Радзівілам, ствараючы оперу. У музычным “Фаўсце” (1819) дзіўным чынам спалучылася эстэтыка рамантызму (менавіта так вызначае музычны стыль даследчык і рэжысёр-пастаноўшчык оперы на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Віктар Скарабагатаў) з рысамі сентыменталізму, класіцызму, барока і ракако. Але гэта ўжо непасрэдны ўплыў мастацкага ўніверсалізму аўтара тэксту лібрэта» [2, с. 404].

Опера «Фаўст» у перапрацоўцы Гёте пацярпела пэўныя змены. Акцэнт у ёй робіцца на каханні, таму на першы план разам з Фаўстам выходзіць Маргарыта, распавядаецца іх трагічная гісторыя, што вельмі імпанавала эстэтычнаму полю рамантызму. У падцвярджэнне гэтаму прывядзем вынікі праведзенага намі даследавання: «…Віктар Скарабагатаў адзначае, што “Фаўст” А. Г. Радзівіла з’яўляецца тэатральна-музычным здабыткам эпохі еўрапейскага рамантызму. Улюбёнымі музычнымі жанрамі кампазітараў рамантыкаў таго часу былі опера, сімфонія і балет. Вялікая ўвага ў творах надавалася гераічнаму мінуламу, народным песням, баладам і легендам. Асоба надзвычайная, індывідуальная, арыгінальная, якая дзейнічае ў выключных абставінах, − такім быў ідэал рамантыкаў. Вельмі часта майстры рамантызму надавалі важнае значэнне свету ідэальнаму, які так адрозніваўся ад зямнога чалавечага быцця. Адсюль вынікае наступнае пытанне: ці можна лічыць лібрэта мастацкім творам эпохі рамантызму? На гэтае пытанне цяжка даць адназначны адказ, таму што сам Гётэ пры ўсім сваім універсалізме не змог цалкам прыняць рамантычную культуру. Што тычыцца музыкі оперы, яе кампазітар не проста рэагаваў на новыя павевы ў мастацтве, а вырас у інтанацыйным полі рамантызму, і гэта значна паўплывала на музычнае афармленне, на музычную стылістыку твора» [3, с. 134].

Гётэ як цудоўны майстар слова галоўныя ідэі твора заключае ў своеасаблівыя песні-балады, якія па праву могуць лічыцца самастойнымі творамі і абавязкова ўключаюцца ў музычныя адаптацыі драматычнай паэмы. У душы галоўнага героя адбываецца перамена: ад жарсці да глыбокага і ўзвышанага пачуцця да Грэтхен. Аб высокіх пачуццях галоўных герояў сведчыць балада аб Фульскім каралі, які на працягу жыцця захоўваў падарунак сваёй каханай – залаты кубак: «Уладца Фулы слаўнай / Меў кубак для бясед / Каханай дар, што рана / Сышла ў лепшы свет. // З яго гаючы трунак / Піў на пірах кароль, / Глядзеў на падарунак, – / Стаіўшы ў сэрцы боль» [4, с. 245–246].

Гэты ўстаўны твор з’яўляецца алегорыяй кахання герояў: «Матыў вернасці ўзмацняецца Гётэ яшчэ больш, і менавіта такім будзе каханне галоўных герояў: Маргарыта памрэ, а Фаўст пранясе ўспаміны аб ёй да самай смерці. Гэтая песня – своеасаблівы пралог да іх кахання. Як пазней аўтар раскажа пра задуму твора ў трох пралогах да “Фаўста”, так і тут Гётэ прадказвае трагічны характар гэтага кахання. “Der heilige Becher”, “der goldene Becher” (‘святы кубак’, ‘залаты кубак’) атаясамліваецца для галоўнага героя з памяццю пра каханую. Кубак сімвалізуе і самое каханне, якое можа сыйсці толькі са смерцю таго, хто здольны кахаць, варты кахання: “Er sah ihn stuerzen, trinken // Und sinken tief ins Meer, // Die Augen taeten ihm sinken, // Trank nie einen Tropfen mehr” [1, S. 391]. – (‘Ён бачыў як ён [кубак] абярнуўся, запоўніўся, // І апусціўся глыбока ў мора, // Павекі яго апусціліся, // Болей не піў ні кроплі’).

Само пітво – “Lebensglut” – ‘жыццёвы запал’, ‘полымя жыцця’, якое п’е кароль з кубка, атаясамліваецца з любоўным пітвом, які выпілі з аднаго кубка Трыстан і Ізольда…» [5, с. 284].

Яшчэ адным важным каштоўнасным аспектам з’яўляецца спроба Гётэ прадставіць у «Фаўсце» нямецкую культуры ў кантэксце сусветнай, бо твор складаецца з дзвюх частак. Першая ўяўляе сабою Германію напярэдадні Новага часу, яна інтэрпрэтуецца як «мікракосм (малы свет)» «Фаўста», канкрэтнага героя ў канкрэтных абставінах. Другая – метафарычнае ўвасабленне ўсёй гісторыі чалавецтва, «макракосм». Таму ў першай частцы мы знаходзім адлюстраванне рэалій культуры Нямеччыны: зацікаўленасць народнымі павер’ямі і міфалогіяй, вобразы людзей з народу, адлюстраванне асаблівасцей нямецкай гаворкі, што ярчэй за ўсё праявілася ў першай версіі – «Пра-Фаўсце»: «Малады Гётэ дэманструе таксама ў тэксце асаблівасці арфаграфіі, якія адрозніваюцца ад прынятай нормы: ужывае імператывы, дзеясловы першай і трэцяй асобы адзіночнага ліку без канчатка “е” (“Bild mir nicht ein, / ich koennt was lehren”, “Es moecht kein Hund so laenger leben!” [1, S. 367]), гэты канчатак ён ігнаруе таксама ў назоўніках і прыметніках (“Und ziehe schon an die zehen Jahr’…”, “Meine Schueler an der Nas’ herum / Und seh…”, “Dafuer ist mir auch all Freud entrissen” [1, S. 367])» [5, с. 280].

Гэта таксама і адаптацыя вершаванага памеру, што з’яўляецца цалкам здабыткам нямецкай культуры: «Вершаваны памер Knittelvers, якім размаўляе галоўны герой, адсылае нас да твораў нямецкіх мейстэрзінгераў эпохі позняга Сярэднявечча. У творах “Народнай кнігі пра доктара Фаўста” Лесінга і іншых нямецкіх аўтараў, якія звяртаюцца да тэмы Фаўста, тэкст празаічны. Пад уплывам Гердэра – ідэйнага тэарэтыка шцюрмераў – Гётэ вывучаў народную паэзію і дзякуючы гэтаму адкрыў для сябе творчасць нюрнбергскага шаўца Ганса Сакса, аўтара шматлікіх вершаваных прыпавесцяў, шванкаў, трагедый і камедый, напісаных ім для народнага тэатра, шматлікіх фастнахтшпіляў (калядных жартоўных п’есак).

Рознаскладовы Knittelvers (літаральна “дубовы верш” – пагардлівая назва, якая з’явілася для абазначэння падобнага тыпу вершу ў XVII ст., яго яшчэ называюць гутарковым вершам з сілабічнымі зрухамі націскаў) Ганса Сакса вельмі блізкі да жывой размоўнай мовы, гучыць лёгка і натуральна. Гётэ часта ўстаўляе ў рэплікі Фаўста характэрную для народнай паэзіі простамоўную лексіку…» [5, с. 281].

Яшчэ адным важным аксіялагічным аспектам мастацкага твора з’яўляецца яго адаптацыя ў далейшай культурнай традыцыі. У беларускай культуры інтэпрэтацыяй фаўсціяны займаліся А. Міцкевіч, Я. Баршчэўскі (Гл.: [2]), Я. Купала, М. Гарэцкі, Ф. Аляхновіч, Ядвігін Ш. (Гл.: [6]), Ул. Караткевіч (Гл.: [2]) і іншыя пісьменнікі, што кажа і пра вялікую дыдактычную функцыю твора.

Такім чынам, у працэсе аналізу «Фаўста» Ё. В. Гётэ раскрываецца шмат аксіялагічных аспектаў, найперш даследаванне багацця нацыянальнай культуры, цікавасць гісторыка-культурнай спадчынай, аналіз філасофскіх канцэптаў Асветніцтва і супастаўленне іх з наступнымі эпохамі, якія таксама падпітваліся гэтымі ідэямі.


Спіс выкарыстаных крыніц:
1. Синило, Г. В. История немецкой литературы XVIII века : учеб. пособие / Г. В. Синило. – Минск : БГУ, 2012. – 400 с. http://elib.bsu.by/handle/123456789/114769

2. Супранкова, Т. С. Фаўсціяна ў беларускім рамантычным дыскурсе / Т. С. Супранкова // Национальные культуры в межкультурной коммуникации: сб. науч. ст. В 2 ч. Ч. 2. Национальные формы художественной культуры в процессе межкультурного взаимодействия / редкол.: Э. А. Усовская (отв. ред.) [и др.]. – Минск : Колорград, 2016. – С. 403–410. http://elib.bsu.by/handle/123456789/168678

3. Супранкова, Т. С. Лібрэта Ё. В. Гётэ «Фаўст» у міжкультурнай камунікацыі / Т. С. Супранкова // Сучасні лінгвістичні парадигми: матеріали Міжнародної наукової конференції (м. Бахмут, 18 квітня 2017 р.) / відп. ред. Р. М. Ситняк. – Слов’янськ : Вид-во Б. І. Маторіна, 2017. – Вип. 4. – С. 133–136. http://elib.bsu.by/handle/123456789/187487

4. Гётэ, Ё. В. Выбраныя творы / Ё. В. Гётэ; уклад., прадм. Л. Баршчэўскага і П. Копанёва, камент. Л. Баршчэўскага і В. Сёмухі. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1999. – 640 с.



5. Супранкова, Т. С. Праблематыка і паэтыка “Пра-Фаўста” Ё. В. Гётэ / Т. С. Супранкова // Иностранные языки: инновации, перспективы исследования и преподавания [Электронный ресурс] : материалы междунар. науч.-практ. конф., Минск, 22–23 марта 2018 г. / редкол.: Е. А. Пригодич (отв. ред.) [и др.]. – Минск : БГУ, 2018. – С. 279–287. http://elib.bsu.by/handle/123456789/194266

6. Супранкова, Т. С. Фаўсціяна ў беларускім мадэрнісцкім дыскурсе / Т. С. Супранкова // Национальные культуры в межкультурной коммуникации: сб. науч. ст. / редкол.: Э. А. Усовская (отв. ред.) [и др.]. – Минск : Изд. центр БГУ, 2017. – С. 332–347. http://elib.bsu.by/handle/123456789/188971


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка