Алексяевіч Ганна Віктараўна




Дата канвертавання07.03.2017
Памер68.15 Kb.
Алексяевіч Ганна Віктараўна

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, г.Мінск
ПАЭТЫЧНЫ АВАНГАРД КАНЦА XX СТАГОДДЗЯ

(на прыкладзе ўсходнеславянскай і заходнеславянскай літаратур)


Развіццё літаратур на постсавецкай прасторы за апошнія пятнаццаць гадоў мінулага стагоддзя адбываецца пад уплывам двух буйных працэсаў. Па-першае, назіраецца маштабная рэвізія папярэдніх мастацкіх парадыгм (сацрэалізму, рамантызму, мадэрнізму, авангарду, барока), па-другое, паступова акрэсліваюцца новыя тэндэнцыі і прыярытэты, адрозныя па свайму канцэптуальнаму напаўненню і формам рэалізацыі.

Актуалізацыя авангарднай практыкі ўяўляецца, бадай, найбольш паказальным прыкладам першага працэсу аднаўлення і пераасэнсавання. Зразумела, што зварот да авангарду меў розную ступень інтэнсіўнасці сярод асобных нацыянальных літаратур. Напрыклад, для беларускай і ўкраінскай літаратуры вялікую ролю таксама адыграла рамантычная традыцыя, для рускай – класічныя ўзоры рэалізму. Датычна заходнеславянскіх літаратур, якія пазней астатніх падпалі пад прэс сацрэалізму (прыблізна ў 50-ыя гады XX стагоддзя), прасочваецца найбольш паслядоўнае ўзнаўленне авангарднай эстэтыкі.

Семантычны дыяпазон паняцця “авангард” цяжка акрэсліць. З аднаго боку, ён (таксама авангардызм) пазначаецца як рух, кірунак, школа ў літаратуры і мастацтве, з іншага боку, разглядаецца як агульнаеўрапейскі працэс трансфармацыі светапоглядных асноў папярэдніх эпох, маштабны зрух у разуменні традыцыі і яе ролі. Такім чынам, дадзенае паняцце сягае за тэрміналагічныя межы літаратуразнаўства/мастацтвазнаўства і ўключаецца ў значна шырэйшы культурны кантэкст. Аўтар артыкула будзе ўлічваць абедзве трактоўкі. Гэта абумоўлена спецыфічнасцю сітуацыі, якая пачала складвацца з сярэдзіны 80-ых і далей у 90-ыя гады XX стагоддзя на тэрыторыі былых сацыялістычных дзяржаў. Грамадска-палітычныя і эканамічныя змены прадвызначылі і развіццё літаратуры, якое прадугледжвала адмаўленне ад сацрэалістычных канонаў і ідэалагем шляхам іх дэканструкцыі. Авангардная эстэтыка была актуалізавана ў новых умовах. Яна выканала дзве асноўныя задачы. Першая з іх – гэта пераадоленне традыцыі сацрэалізму разам з яго ідэалагічнымі і фармальнымі ўстаноўкамі. Другая задача заключалася ў аднаўленні перарваных сувязей з дасацрэалістычнымі мастацкімі кірункамі і забароненай самвыдатаўскай і эмігранцкай літаратурай. Такім чынам, авангард напрыканцы мінулага стагоддзя набывае адначасова агульнакультурнае і ўласнамастацкае значэнне.

Паэзія ўсходняга і заходняга славянскага арэалу прытрымліваецца гэтай тэндэнцыі, якая ў меншай ступені запатрабавана прозай і драматургіяй. Авангард замацаваўся як у творчасці асобных паэтаў, так і цэлых суполак, творчых фармацый. Скрыстоўваліся галоўным чынам канцэптуальныя і фармальныя здабыткі дадзенай мастацкай парадыгмы.

Узнікненне новых суполак напрыканцы XX стагоддзя адбывалася стыхійна, іх існаванне было нядоўгім, між тым, нельга аспрэчыць факт іх уплыву на станаўленне новага ў паэзіі. Падкрэслім, што фарміраванне альтэрнатывы пануючым канонам сацрэалізму ў сярэдзіне 80-ых – 90-ыя гады было выключна неабходнай умовай для далейшага развіцця літаратуры. Таму дзейнасць творчых згуртаванняў была скіравана першапачаткова на дэканструкцыю сацрэалістычнай традыцыі, і для гэтай мэты найбольш прыдатным быў авангард. Актуалізацыя апошняга таксама была абумоўлена прэферэнцыямі дэсідэнцкай творчай эліты, якая актыўна развівала авангардысцкую эстэтыку і, такім чынам, аспрэчвала манаполію сацрэалізму. Сярод найбольш значных суполак варта адзначыць беларускія Таварыства Вольных Літаратараў і “Бум-Бам-Літ”, украінскія “Бу-Ба-Бу”, “Прапала грамата” і “Лу-Го-Сад”, рускія клуб “Паэзія” і “Ордэн куртуазных ман’ерыстаў”, польскія “TotArt” і “Na Dziko“, чэшскую “A.I.V.”, славацкую “варварскую генерацыю”. Зразумела, што па свайму колькаснаму складу, арганізацыйнаму складніку, прадстаўленасці ў друку яны адрозніваліся. Напрыклад, украінскае аб’яднанне “Прапала грамата” налічвае толькі трох паэтаў: Ю.Позаяка, С.Лыбоня В.Недоступа, польская суполка “TotArt” акрамя паэтаў (Зб.Сайнуга, П.Коньо Конака, Т.Зайонца, Гж.Брала, Б.Кубана і інш.) уключае таксама немалую колькасць мастакоў, музыкаў, рэжысёраў. Нягледзячы на гэтыя адрозненні, творчыя фармацыі канца XX стагоддзя паміж сабой яднае наступнае: адсутнасць канцэптуальнага адзінства, стыхійнасць, эклектызм, практыка перфоманса.

Адсутнасць канцэптуальнага адзінства палягае ў адсутнасці выразна акрэсленай эстэтычнай праграмы. Маніфесты, якія прапануюцца новымі згуртаваннямі, маюць дастаткова ўмоўны характар і часта ствараюцца з індывідуальнай ініцыятывы. Да прыкладу, беларуская суполка “Бум-Бам-Літ” на старонках газеты “Культура” была прадстаўлена сяммю аўтарскімі маніфестамі (маніфест транслагізму А. Туровіча, маніфест логафармізму А. Кавалеўскага, “Маршавы “Там-там” Бум-бам-літа” Зм. Вішнёва і іншыя). Славацкая група паэтаў, якія абвясцілі сябе “варварскай генерацыяй” (А.Туран, Р.Біелік, К.Збруж, Я.Літвак), выдала маніфест, асноўным палажэннем якога з’яўляецца лозунг “нікому не належыць, нікому не давяраць”, гэта, бадай, адзінае што аб’ядноўвае творчыя пошукі прадстаўнікоў т.зв. “варварскай генерацыі”. Такім чынам, згуртаванням канца мінулага стагоддзя ўласцівы слабое ідэйнае ядро, варыятыўнасць базавых мастацкіх пастулатаў, плюралізм, перавага індывідуальнага, аўтарскага над калектыўным, неразвітая структурна-арганізацыйная сістэма.

Стыхійны характар новых суполак абумоўлены знешнімі фактарамі, пад уплывам якіх знаходзілася паэзія “перабудовачных” часоў. Хуткі распад ці трансфармацыя афіцыйных літаб’яднанняў і адначасова выхад з падполля нелегальных груп паспрыялі інтэнсіфікацыі літаратурнага жыцця, яго раздрабленню на больш вузкія колы са сваімі прыватнымі задачамі. Новыя суполкі імкліва ўзнікалі і знікалі, распадаліся на меншыя групы, стваральнікі часта самі абвяшчалі аб “смерці” свайго згуртавання. Рускі клуб “Паэзія”, заснаваны ў 1986 годзе, уключаў у сябе тры групоўкі: “Трэцяе аб’яднанне”, “Эпсілон-салон” і “Задушэўная бяседа”, у 1988 годзе згубіў свой юрыдычны статус, але працягваў праводзіць разнастайныя акцыі да сярэдзіны 90-ых гадоў і спыніў сваё існаванне са смерцю лідара Ніны Іскрэнка. Украінскія згуртаванні “Бу-Ба-Бу”, “Прапала грамата”, беларуская “Бум-Бам-Літ”, польская “TotArt”, славацкая “варварская генерацыя” ўварваліся ў постсацыялістычную літаратуру, але неаднойчы альбо істотна трансфармаваліся, альбо неўзабаве знікалі. Відавочна, тут варта казаць пра стыхійную літаратурную самаарганізацыю, якая яднала новае пакаленне, але ў рэшце рэшт не прадвызначыла кірунак творчых пошукаў асобных яго прадстаўнікоў.

Мастацкі эклектызм уяўляе сабой сумяшчэнне авангардысцкай паэтыкі з іншымі эстэтычнымі парадыгмамі, галоўным чынам мадэрнізмам і постмадэрнізмам. Гэта стала магчымым, з аднаго боку, у сувязі з агульнымі тэндэнцыямі развіцця паэзіі канца XX стагоддзя, з іншага боку, з сітуацыяй, якая склалася ў суполках, калі канцэптуальнае адзінства не вытрымлівалася, кожны паэт прапаноўваў індывідуальна-аўтарскі мастацкі праект.

Перфоманс з’яўляецца неад’емнай часткай мастацкай дзейнасці новых паэтычных згуртаванняў. Па сутнасці практыка перфоманса распачалася ў крызісны для літаратуры час на мяжы стагоддзяў. Паэтаў прываблівала навізна, нязмушанасць, гульнёвы пачатак, эпатажнасць, працэсуальны характар гэтага віда мастацтва. Перфоманс можна таксама разглядаць як спробу папулярызацыі сучаснай паэзіі, якая ў параўнанні з прозай не выклікае ў чытачоў вялікай зацікаўленасці. Рускія канцэптуалісты, украінская суполка “Бу-Ба-Бу”, беларуская “Бум-Бам-Літ”, польскія “TotArt” і “Na Dziko“ актыўна ўключалі перфоманс у сваю дзейнасць. Сярод чэшскіх і славацкіх паэтаў распаўсюджанне набыла т.зв. slam poetry. Гэта своеасаблівае перакрыжаванне перфоманса і паэзіі, калі літаратару даецца магчымасць прэзентаваць свае творы шырокай публіцы ва ўстаноўленым часавым рэгламенце. Тут важна не столькі “што” гаворыць паэт, але “як”.

Паэтычны авангард канца мінулага стагоддзя можна разглядаць таксама на прыкладзе творчасці асобных яго прадстаўнікоў, часта даследчыкі ў такім выпадку скарыстоўваць паняцце “неаавангарду”. Сярод беларускіх паэтаў варта назваць С.Мінскевіча і Зм.Вішнёва, сярод украінскіх Ю.Андруховіча, В.Небарака і Ал.Ірванца, рускі авангард прадстаўлены творчасцю Л.Рубінштэйна, Дз.Прыгава, Ц.Кібірава, М.Айзенберга, польскі прэзентуе А.Сасноўскі, Я.Подшадла, Д.Фокс, чэшскі А.Надворнікава, Я.Эфенбергер, Д.Яржаб, Т.Пршыдал, славацкі І.Коленіч, А.Туран, В.Клімачак.



Спецыфічнасць славянскага паэтычнага авангарду звязана ў першую чаргу з уплывам на яго постмадэрнісцкай эстэтыкі. Нездарма сучасныя даследчыкі падкрэсліваюць гэтую асаблівасць. Напрыклад, І.Сц.Скарапанава, аналізуючы постмадэрнізм у рускай літаратуры, падкрэслівае яго “авангардны” характар [1, 63]. Літаратуразнаўца Т.І.Гундарава, разважаючы над праблемай замацавання постмадэрнізму ва ўкраінскай літаратуры, зазначае: “Ва Украіне постмадэрнізм з’яўляецца рэфлексіяй і заканчэннем украінскага мадэрнізму і адначасова чыннікам, які працягвае і развівае авангардысцкія тэндэнцыі 20-30-ых гг.” [2, 39]. Падобныя меркаванні апошнім часам усё часцей гучаць таксама ў крытыцы Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Беларусі. Трактоўка ж сучаснай паэзіі толькі ў межах постмадэрнізму ці авангарду выглядае па меншай меры няпоўнай і сумнеўнай. Зразумела, што знарочыстае спрашчэнне, аднабаковы разгляд літаратурнага працэсу, імкненне ўсе мастацкія з’явы прывесці да агульнага назоўніка не можа даць належнага плёну. Нягледзячы на тое, што заходнееўрапейскія даследчыкі супрацьпастаўляюць постмадэрнізм і авангард, вопыт сучасных славянскіх постсацрэалістычных літаратур дэманструе сумяшчэнне несумяшчальнага, цеснае ўзаемапранікненне постмадэрнісцкай і авангардысцкай эстэтык. Такім чынам, развіццё паэзіі заходне- і ўсходнеславянскага арэалу канца XX стагоддзя варта разглядаць як спецыфічны працэс са сваімі адметнымі заканамернасцямі.

Літаратура:
1. Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература: новая философия, новый язык / И.С. Скоропанова. – СПб.: Невский Простор, 2011. – 416 с.

2. Гундорова Т. І.  Післячорнобильська бібліотека. Український літературний постмодерн / Т.І. Гундорова. — Київ, Критика. —  2005. – 263 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка