Алена Шышко эпохі “нашаніўства” І “УЗВЫШЭНства” як асноўныя ў працэсе фарміравання канцэпцыі нацыянальнага характару



Дата канвертавання20.01.2017
Памер98.05 Kb.
#1751
Алена Шышко

ЭПОХІ “НАШАНІЎСТВА” І “УЗВЫШЭНСТВА” ЯК АСНОЎНЫЯ Ў ПРАЦЭСЕ ФАРМІРАВАННЯ КАНЦЭПЦЫІ НАЦЫЯНАЛЬНАГА ХАРАКТАРУ
Да пачатку ХХ стагоддзя беларуская літаратура, у параўнанні з заходнееўрапейскай і рускай, крыху спазнялася ў сваім развіцці. Пэўную ролю адыгралі ў гэтым нераспрацаванасць нацыянальнай гісторыі, этналогіі, краязнаўства, філасофіі. Праўда, ХІХ стагоддзе спарадзіла даволі шмат прац па даследаванні беларускай этнаграфіі і фальклору, але належалі яны прадстаўнікам рускай і польскай інтэлігенцыі, якія мелі на мэце пазнаёміць культурныя колы з абліччам насельніцтва беларускага краю, які здаваўся тады нязведаным, ледзь не таямнічым. У іх змяшчаліся звесткі пра побыт, апісваліся звычаі, прыводзіліся ўзоры казачнага фальклору і песенных скарбаў. Гэта быў пакуль што этнаграфічны аспект паняцця “нацыянальны характар”.

Пасля рэвалюцыі 1905 г. адбыліся карэнныя змены: легалізацыя друку на беларускай мове спрыяла актыўнаму прыцягненню ў літаратуру новых творчых сіл . У першую чаргу гэта было звязана з выхадам у свет газет “Наша доля” і “Наша ніва”. Першая, больш радыкальная, праіснавала нядоўга, а вось “Наша ніва” ў гісторыі айчыннай літаратуры і культуры склала цэлую эпоху, якая наклала свой выразны адбітак на далейшае развіццё нацыянальнай мастацкай традыцыі. Як заўважыў адзін з даследчыкаў, пры стварэнні гэтых выданняў “...інтэлектуалы і арыстакраты духу Луцкевічы мелі выбар: бунтаваць народ супраць уладаў ці будаваць нацыю, якая ўжо сама не захоча аўтарытарнага рэжыму” [5,с.258]. Як вядома, другі шлях аказаўся больш перспектыўны.

З “Нашай нівай” звязана станаўленне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Ідэолагі і тэарэтыкі нашаніўскага руху ўпершыню ўзяліся за дэталёвую тэарэтычную распрацоўку “беларускасці”. На старонках гэтай газеты былі выразна сфармуляваны мэты нацыянальнага руху, акрэслена гістарычная і духоўная пераемнасць з папярэднікамі, прапанавана беларуская нацыянальная канцэпцыя далейшага развіцця краіны. Як слушна адзначыла І.Багдановіч, “Наша ніва” “...выхоўвала ў сваіх чытачоў павагу да правоў і годнасці чалавека, ...спрыяла пашырэнню беларускага слова і ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння сярод шырокіх колаў насельніцтва..., абуджала пачуццё нацыянальнай самасвядомасці і натуральную прагу самавызначэння ў свеце” [2, с. 74].

Дзейнасць гэтага выдання ў першую чаргу было скіравана на адраджэнне беларускай вёскі, бо большую частку насельніцва – і нацыянальнага асяроддзя – на той час складалі менавіта сяляне. І адным з галоўных дасягненняў “Нашай нівы” з’яўляецца тое, што яна дала вёсцы імпульс да фарміравання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Але, на жаль, гэтая альтэрнатыва ўсё ж прайгравала “рускасці”, “польскасці” і “тутэйшасці”. Беларускае сялянства ў асноўнай сваёй масе заставалася пазанацыянальным. Менавіта па гэтай прычыне нашаніўцы бачылі сваю першасную задачу ў распрацоўцы нацыянальнай праблематыкі.

Галоўным для аўтараў газеты было паказаць сутнасць падзеі і норавы людзей. “Кожная самая глухая вёска тут ажывае, ...кожны допіс, нібы радок эпасу, дазваляе расшыфраваць сябе вялікім артыкулам альбо нават і кніжкай” [6, с. 225]. А эпас, як вядома, -- “...найбольш поўная і дакладная мадэль гістарычнай самаацэнкі народа. ...у часы заняпаду эпас абуджае нацыянальную самасвядомасць і спрыяе фармаванню нацыі” [5,с. 256].

Трэба адзначыць, што літаратура нашаніўскага перыяду з аднаго боку цесна звязана з традыцыямі асветніцка-публіцыстычнай літаратуры ХІХ стагоддзя, з яе апорай на фальклор, міфалагічныя і легендарныя вобразы і сюжэты, з другога – яна ўжо поўнасцю ў новым часе, з яго ідэямі роўнасці і свабоды, абвостранага суб’ектыўнага ўспрыняцця рэчаіснасці, грамадзянскімі і лірычнымі матывамі. Ад публіцыстыкі і асветніцтва трэба было перайсці да творчай дзейнасці, абумоўленай сваімі ўнутранымі законамі. Па меры таго, як літаратура набірала сілу, станавілася паўнакроўнай і незалежнай ад ідэалагічных уплываў, пазбаўлялася ад некаторых, стаўшых прапісной ісцінай матываў і вобразаў аб нешчаслівай долі мужыка, на першае месца выходзілі тэмы фундаментальных асноў народнага жыцця, усебаковага паказу асаблівасцей нацыянальнага характару, раскрыцця душы беларускага селяніна, таямніц грамадскага жыцця і г.д.

Аб тым, што нацыянальная літаратура павінна ўзысці на новы мастацкі ўзровень, упершыню было сказана менавіта ў “Нашай ніве”. У 1913г. на яе старонках нават разгарнулася дыскусія аб шляхах далейшага развіцця беларускага мастацкага слова. З аднаго боку выступіў Ю.Верашчака (В.Ластоўскі) з артыкулам “ Сплачывайце доўг”, у якім аўтар ставіць пытанне аб мастацка-выяўленчым узроўні тагачаснай беларускай літаратуры, пра тое, якім чынам яна можа быць узнята да стану перадавых літаратур свету. Ён кідае выклік Я.Купалу, Я.Коласу і іншым пісьменнікам, гаворачы пра тое, што ўжо “даволі вершаў на сучасныя сацыяльныя тэмы, даволі вершаў пра галечу і бяспраўе народа; пара нашым жыхарам Парнаса вярнуцца да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў – ствараць творы, якія б апявалі “красу жыцця і прыроды” [4]. Адказ на гэта выступленне не прымусіў сябе чакаць і з’явіўся ў тым самым месяцы ліпені (№30) пад назвай “Чаму плача песня наша” за подпісам “Адзін з парнаснікаў”, які быў прыпісаны Я.Купалу. Ён апраўдвае тыя грамадскія пазіцыі, на якіх тады стаяла маладая беларуская літаратура, апраўдвае яе мінорны тон: “ не думайце, што “парнаснікі” не бачылі і не адчувалі ўсёй багатай красы нашай зямелькі... Але што маглі казаць, калі большая палавіна гэтага прыроднага багацця, гэтай неапетай красы была і ёсць не наша, а нашых сытых “культурнікаў”, крывавай працай на каторых беларус асляпіў сабе вочы... . Гледзячы на гэту несправядлівасць, у паэты радзіўся толькі жаль...” [1].

Безумоўна, гэтая дыскусія не магла застацца па-за ўвагай, прымусіла мастакоў слова яшчэ раз звярнуцца да сваёй працы, ацаніць належным чынам яе вартасць і значнасць, падумаць пра перспектыўныя шляхі далейшага развіцця нацыянальнай літаратуры. Трэба адзначыць, што нашаніўцы здолелі слушна зразумець патрэбы часу. Гэты перыяд “быў у поўным сэнсе класічным (узорным) перыядам беларускай літаратуры, паколькі ўсе сферы народнага жыцця былі адлюстраваны і ўвасоблены ў прафесійнай выяўленчай і рытміка-інтанацыйнай форме з апорай на папярэднюю фальклорную і літаратурную традыцыю, а таксама з увагай да літаратурных набыткаў суседніх і больш далёкіх культур” [2,с. 78]. Уклад “Нашай нівы” ў працэс станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры, фарміравання канцэпцыі нацыянальнага характару сапраўды быў неацэнны. Гэта выданне спрыяла таму, што разрозненныя пісьменніцкія сілы былі аб’яднаны на старонках адной газеты. У гэты час быў створаны трывалы падмурак нашай нацыянальнай літаратуры, замацаваны яе эстэтыка і традыцыі, што з цягам часу праявяць сябе ў дзейнасці пазнейшых мастакоў слова.

Многія з тагачасных пісьменнікаў, да таго, як з’явіцца ў друку , ужо мелі пэўны патэнцыял, запас твораў, якія на сённяшні дзень сталі класічнымі. З гэтага боку паказальнай з’яўляецца мастацкая дзейнасць Ядвігіна Ш. Ён пачаў пісаць задоўга да таго, як з’явілася магчымасць друкаваць напісанае на беларускай мове. Яго зборнікі “Бярозка” (1912) і “Васількі” (1914), выдадзеныя адзін за другім, з’яўляюцца вынікам працы не аднаго дзесяцігоддзя. Але перыяд “нашаніўства” аказаўся асбліва плённым у творчай біяграфіі піьменніка. У гэты час ён друкуе шмат апавяданняў, артыкулаў, выступае з успамінамі, піша нататкі з падарожжа па родным краі.

Думаецца, не будзе з’яўляцца перабольшаннем сцверджанне аб тым, што менавіта “Наша ніва” адыграла адну з вызначальных роляў у станаўленні творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Багдановіча і многіх іншых аўтараў, мастацкія дасягненні якіх актыўна выкарыстоўваліся пазнейшым пісьменніцкім пакаленнем. Іх мастацкую спадчыну можна разглядаць як энцыклапедыю жыцця народа, у якой “знаходзяць адбітак усе праявы нацыянальнага бытавання беларусаў на стыку дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзяў...” [7, с. 121]. Самабытны талент Я.Купалы і Я.Коласа плённа ўплываў на тагачасную беларускую літаратуру, абуджаючы яе творчыя сілы, патэнцыяльныя магчымасці, арыентуючы на новыя мастацкія пошукі. Сваімі творамі пісьменнікі “...адлюстроўвалі розныя эстэтычныя мадэлі светаўспрыняцця (з дамінантамі рамантызму ў Купалы і асветніцкага рэалізму ў Коласа...) і розныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя ўласцівасці стылю (індывідуалізаваны і ідэалізаваны ў Купалы, тыпізаваны і характарыстычны ў Коласа), што стварала шматграннасць і шматфарбнасць літаратурнага працэсу, надавала дынаміку сюжэтна-жанравым структурам, сведчыла аб плённым руху традыцыі і аб няспынным наватарскім пошуку” [2, с. 203]. Уклад М.Гарэцкага ў развіццё канцэпцыі нацыянальнага характару не менш значны ў нашай літаратуры, чым Купалы і Коласа. Яго творы сведчаць аб вельмі выразным адчуванні навізны часу, нябачаных перспектыў, што адкрывала ХХст. – з аднаго боку, – і ўсведамленні неабходнасці для беларускай літаратуры сваёй адметнай канцэпцыі чалавека і свету, якая б адпавядала самым высокім эстэтычным патрабаванням і выявіла б нацыянальнае светаадчуванне, сутнасць беларускага характару.

Беларуская творчая інтэлігенцыя, разумеючы неабходнасць абгрунтавання нацыянальнай адметнасці свайго народа і яго спецыфічнага становішча ў свеце, спрабавалі выкласці адпаведныя думкі і высновы ў сваіх працах. Адна з такіх спроб – нарыс Фабіяна Шантыра “Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаазначэння народу” (1918). Гэты нарыс даваў кароткі агляд мінулых часоў нашага краю, незайздроснага становішча беларускай зямлі ў сучаснасці і аналізаваў “нацыянальныя асобнасці беларусаў”. Першыя з іх – мова і звычаі. Далей – казка і песня, у якіх, па словах Ф.Шантыра, у большай ступені выяўляўся нацыянальны характар беларусаў, “гэта крытэрыум яго духоўнага быту, гэта яго псіхічна пачуццёвы воблік” [9, с. 6]. Аўтар працы адным з першых ахарактарызаваў і беларускі феномен “тутэйшасці”, а таксама прааналізаваў нацыянальна-духоўны і палітычны стан жыцця свайго народа.

Яшчэ адной працай падобнага кшталту з’яўляецца твор “Адвечным шляхам” (1921) І.Канчэўскага (Абдзіраловіча). У ім зроблена канцэптуальная спроба асэнсавання гістарычнага, сацыяльнага быцця беларуса, даследавання яго светапогляду. Гэта праца ў свой час стала адным з лепшых твораў усходнеславянскай філасофскай школы. У ёй менавіта з пазіцый беларускага светабачання, беларускага нацыянальнага інтарэсу асэнсоўваюцца праблемы прызначэння і існавання чалавека ў сацыякультурных сістэмах народ – нацыя – дзяржава – чалавецтва.

Значны ўсплёск беларускай літаратуры ў якасным і колькасным развіцці адбыўся ў 20-я гады ХХ стагоддзя, калі ў яе прыйшлі новыя маладыя сілы. Гэты час у гісторыі нацыянальнай літаратуры можна назваць эпохай – геніяльным працягам феномена “Нашай нівы”. Найперш гэта звязана з дзейнасю літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Па словах І.Багдановіч, “...“Маладняк” быў досыць супярэчлівай з’явай у гісторыі беларускай літаратуры... . З аднаго боку, ён быў пераемнікам нашаніўскай традыцыі ў справе выяўлення, падтрымкі і аб’яднання літаратурна адоранай моладзі, з другога – супрацьпаставіў сябе гэтай традыцыі, узяўшы ў якасці ідэалагічнага грунту класава-рэвалюцыйны фактар, у той час як грунтам папярэдняга этапу быў фатар нацыянальна-адраджэнскі...” [2, с. 262]. У адрозненне ад “Маладняка”, літаб’яднанне “Узвышша” стаяла на зусім іншых прынцыпах і ідэалах. Галоўным для яго становяцца арыентацыя на традыцыі папярэднікаў, зварот да сапраўдных, надзённых праблем беларускага сялянства, паэтызацыя сялянскага ладу жыцця, імкненне паказаць селяніна як тую аснову, на якой павінна будавацца новае жыццё. Творчая практыка ўзвышаўцаў паказала, што яны стаяць на правільным шляху, які сапраўды вёў да новых мастацкіх заваёў, што ў поўнай меры выяўлялі асновы нацыянальнага жыцця і стваралі яркую і адметную канцэпцыю нацыянальнага характару беларуса. “Узвышаўцы першымі ўбачылі тую небяспеку, якую нясе для творчасці занядбанне нацыянальнага і абсалютызацыя класавага пралетарскага ў літаратурнай творчасці. Яны пачалі шлях вяртання беларускай літаратуры да сваіх каранёў, да ўзнаўлення традыцый і пераемнасці іх, да акрэслівання сваіх мастацкіх ідэалаў у новым ідэалагічна супярэчлівым часе” [2, с. 318]. Пісьменнікі, якія згуртаваліся ва “Узвышшы” (К.Чорны, К.Крапіва, У.Дубоўка, А.Бабарэка, Я.Пушча і інш.), далі свету яркія мастацкія ўзоры сапраўднай літаратуры, глыбока нацыянальнай па сваёй сутнасці, якая з’яўляецца прыкладам для сучаснікаў і нашчадкаў.

Узвышаўцы ў сваіх творах звярнуліся да традыцыі, якая арыентавалася на філасофска-мастацкую аснову быту і быцця нацыі, і разам з тым выступалі як наватары, актыўна засвойваючы лепшыя набыткі сусветнай літаратуры. “... Ва “Узвышшы” ад шаблоннасці вобразаў і першапачатковай грубай тыпізацыі пісьменнікамі быў пройдзены складаны шлях да адлюстравання характараў герояў ва ўсёй складанасці і часам супярэчлівасці жыццёвых абставін, рухаў душы. Учынкі набылі псіхалагічнае і гістарычнае абгрунтаванне і абумоўліваліся псіхічнымі асаблівасцямі і ранейшымі падзеямі ў жыцці людзей” [8, с. 90]. Мастацкая спадчына, што была створана ў нашаніўскі перыяд, і паслужыла той традыцыяй, якая адыграла вызначальную ролю ў станаўленні і фарміраванні класічных узораў літаратуры эпохі “Узвышша”. У паэзіі, напрыклад, узвышаўцы першапачаткова арыентаваліся на творчыя дасягненні Максіма Багдановіча: “эстэтычная канцэпцыя ... – аквітызм ...быў у пэўным сэнсе працягам “паэзіі красы” М.Багдановіча... у глыбінным сэнсе разумення красы як мастацага ідэалу. ...”Аквітызм” з яго сімвалам “жывой вады” вяртаў беларускую літаратру на скрыжалі ўласных мастацкіх традыцыяў, замацоўваючы плён багдановічаўскай канцэпцыі “чыстай красы” ” [3, с. 96]. Класічныя ўзоры беларускай нацыянальнай прозы, створаныя Л.Калюгам, К.Чорным, А.Мрыем. К.Крапівой, М.Зарэцкім, выспявалі менавіта ў рэчышчы нашаніўскай традыцыі, закладзенай Ядвігіным Ш., Я.Коласам, М.Гарэцкім, З.Бядулем. У жанры драматургіі сапраўднымі мастацкімі дасягненнямі былі п’есы Я.Купалы, якія і сёння могуць паслужыць узорам для драматургаў.



Такім чынам, эпохі “нашаніўства” і “ўзвышэнства”, якія ў сваю чаргу можна аб’яднаць у адзіную, з’явіліся сапраўдным прарывам у гісторыі нашай нацыянальнай літаратуры. У гэты час былі створаны найлепшыя ўзоры беларускай прозы, паэзіі і драматургіі, якія па-сапраўднаму выявілі нацыянальнае светаадчуванне, светабачанне, асноўныя, вызначальныя рысы нацыянальнага характару. Тое, што было зроблена ў нашай літаратуры да гэтага часу, “...Колас...Гарэцкі, а потым цэлая кагорта...пачалі...выкшталцоўваць, рафініраваць” [10, с. 7]. Але, на жаль, гэты працэс, пачынаючы з 30-х гадоў, пайшоў у адваротным накірунку: пачаўся жорсткі ідэалагічны ўціск, і тых пісьменнікаў, што ў сваіх творах дэманстравалі нязгоду з афіцыйнай палітыкай, пратэставалі супраць разбурэння нацыянальнай свядомасці і культуры, ідэалагічных штампаў, схем, ілюстрацыйнасці, проста выкрэслівалі з літаратуры. Літаратура знізіла сваю мастацкую планку, страціла тую стылёвую, жанравую, тэматычную разнастайнасць, якую набыла за перыяды дзейнасці “Нашай нівы” і “Узвышша”.

Літаратура

  1. Адзін з парнаснікаў. Чаму плача песня наша?// Наша Ніва. 1913. 26 ліп.

  2. Багдановіч І. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння / І.Э.Багдановіч. – Мн.: Бел. навука, 2001. – 387 с.

  3. Багдановіч І. Максім Багдановіч і паэтыка “Узвышша”// Зборнік дакладаў. – Мн.:МГА ”Беларускі кнігазбор”, 2000. – с. 95-101

  4. Верашчака Ю Сплачывайце доўг// Наша Ніва. 1913. 5 ліп.

  5. Дубавец С. Стагоддзе НН. Нататкі з нагоды юбілею// Дзеяслоў. 2007. №1. с.255-269

  6. Дубавец С. Стагоддзе НН. Нататкі з юбілею// Дзеяслоў. 2007. №2. с.217-235

  7. Навуменка І. Янка Купала// Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4т. Т.1. – Мн.: Беларуская навука, 1999. – с. 121-175

  8. Назараў В. Ад маладнякоўцаў да ўзвышэнцаў: Набыткі сатырычнай прозы// Пра час “Узвышша”. Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск, 2003-2004). – Мн.: РІВШ, 2005. – с. 87-90

  9. Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу. – Слуцк, 1918. – 21 с.

  10. Штэйнер І. Споведзь перад Богам і людзьмі: беларуская паэзія на стыку тысячагоддзяў: манаграфія/ І.Ф.Штэйнер. – Гомель:КВП УП “Сож”, 2007. – 174 с.

Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал