Аляксандр Казелла Дыялог №1



Дата канвертавання08.03.2017
Памер123.74 Kb.
#5204
Аляксандр Казелла

Дыялог №1
Напісана адмыслова

для Зоі Валянцінаўны Белахвосцік

ды Валянціны Гарцуевай
Пераклад з рускай мовы

Віталя Краўчанкі


Пакой. На крэсле з накінутаю на твар мужчынскаю кашуляю, сядзіць Другая. Яна не варушыцца, глыбока дыхае, цела ейнае выглядае саслабелым і млявым. Недзе зусім побач чуваць, як выразна і безупынна шуміць вада. З’яўляецца Першая.


Першая. Вы зноўку нюхаеце ягоныя рэчы? А на вуліцы так людна, і ўсе крычаць, крычаць! А чаго крычаць – невядома! Жах ды і толькі! Дык вы зноўку нюхаеце ягоныя рэчы?

Другая. Я не нюхаю, я ўдыхаю…

Першая. Адна жанчына мне ўчора сказала, что хутка ўсё вельмі падаражае. І я адразу падумала пра шакалад. Я так люблю шакалад, а пасля таго, як Майго пагналі з працы, мы не вельмі-то разбагацелі. Усё на маіх плячах. Усё на мне. Цалкам усё. А я так люблю шакалад. І калі ён будзе занадта дарагім, я папросту памру… памру і ўсё тут.

Другая. Якая зараз гадзіна?

Першая. Ужо поўдзень, Дарагая! А вы яшчэ напаўсонная нейкая. Вось мне адзін доктар сказаў, што доўгі сон разбуральны для псіхікі. Я ніколі не дазваляю сабе падоўгу спаць. Ніколі. І зірніце – я сама бадзёрасць! Я ўжо паспела перавярнуць ворах справаў. А што гэта за кашуля? Я такой не памятаю. Не, але ж вы проста не адымаеце яе ад твару. Усё нюхаеце, нюхаеце.

Другая. Я не нюхаю, я ўдыхаю…

Першая. Называйце, як вам будзе заўгодна. Учора была такая перадача па тэлевізары – пра паветрана-кропельныя шляхі. Гасподзь Міласэрдны! Колькі ўсяго трапляе ў наш арганізм пад час удыху. Не магла вачэй адарваць ад экрану. Папросту не магла. Нейкія газы, часціцы, мікраэлементы. Там было столькі завумных словаў, што я і паловы не зразумела. Вы што-небудзь напісалі?



Другая. Не, не было часу… І неяк зусім не ішло.

Першая. Так, з пісьменнікамі здараецца такое, я чула. Творчы крызіс – так гэта называецца?

Другая. Гэта не толькі з пісьменнікамі.

Першая. Маеце рацыю. Вось месяцы два таму – выкінуўся адзін мастак з вакна. Такая шуміха была. І хто яго ведае, што там з ім здарылася. А раптам той самы крызіс і не абмінуў яго?

Другая. Я ведала яго…

Першая. І чаго ён?...

Другая. Не ведаю.

Першая. А вось ніхто і не ведае. Ніхто.

Другая. Ён зусім аніякі ўжо быў…

Перашая. Вядома, аніякі. Хто не аніякі, той з вокнаў не сігае.

Другая. Не працаваў апошнім часам зусім. Хадзіў па вуліцах… збіраў мёртвых птушах… і хаваў іх у сваім садзе… У яго быў шыкоўны сад…

Першая. Жах нейкі. Птушыныя могілкі ў садзе. Вось у мяне быў знаёмы адзін – ён на маяку жыў. Па некалькі месяцаў не бачыў твару чалавечага. А птушкі аб маяк кожную бужую ноч разбіваліся. І куды іх там закапаеш, калі толькі камяні вакол. Дык ён іх у мора выкідваў. Збіраў у мех з каменнем і выкідваў. Як тут не паехаць розумам? Але ён не паехаў. Застудзіўся – і памер ціхенька.

Другая. Я ніколі не была на маяку…

Першая. Я таксама. Ён неяк запрашаў, але я сказала: “Не, дзякуй!” (Прыслухоўваецца) Ён зноў у ваннай?

Другая. Так…

Першая. Слухайце, я як ні прыйду – ён увесь час у ваннай. Так і не бачыла яго жыўцом. Толькі на фота, калі пра вас у газеце напісалі. Да чаго ж прыемна было. Насілася з гэтай газетаю і ўсім паказвала. А вы там такая прыгажуня – і ён нічога сабе. Не магу сказаць, што прыгажун, хаця на гэтых газетных фотаздымках ніколі як след і не разгледзіш.

Другая. ЁН вельмі прыгожы…

Першая. Мой мне таксама некалі прыгожым падаваўся – а пасля – ХОП! Праплешына і пуза вонкі (смяецца). Вядома, і я ўжо не тая, што калісь была, але без плешы і без пуза, дзякуй Богу! Мужчыны ўвогуле старэюць непрыгожа. Мала каму шанцуе.

Другая. Вы крухмаліце яму каўнерыкі?

Перашая. Што, Дарагая?

Другая. Вы каўнерыкі яму крухмаліце?

Першая. А як жа. Ён, праўда, даволі просты ў мяне, але любіць акуратнасць. Усё павінна быць памыта, адпрасавана, накрухмалена… І перад кім яму малявацца, не разумею.

Другая. Мне так хацелася б быць каўнерыкам ЯГОНАЙ кашулі…

Перашая. Ой, Дарагая, ці не маглі б вы залезці на крэсла з нагамі, мне тут трэба працерці.

Другая. Мне б так хацелася… Церціся аб ЯГОНУЮ шыю… Прыціскацца да яе, шчыльна…

Першая. У мужчынаў шыя – самае бруднае месца. Але ў вашага, мабыць, не. Столькі мыцца – так і скура можа злезці. Вада зараз зусім паскуднаю зрабілася. Што яны ў яе дадаюць – не ведаю. Але іншым разам адкруціш кран – а з яго нібыта балотам смярдзіць. А пасля – хлорам, які ўвогуле вельмі небяспечны.

Другая. ЁН не любіць, калі я ў ванную заходжу… калі ЁН там…

Першая. І ўсё гэта мы на цела выліваем. Ды яшчэ і ўціраем, як мага мацней, каб увабралася, як след. А пасля дзіву даемся – адкуль столькі болек. Мой вось таксама, як у ваннай заляжа, так і засне. А я прыйду, затычку выцягну, пакуль ён спіць, вада спусціцца – а ён замерзне і прачнецца. Можа, ваш таксама спіць, а вы і не ведаеце.

Другая. ЁН не спіць… ЁН не прымае ванну… Стаіць пад душам па некалькі гадзінаў… А вада ўсё шуміць…

Першая. Магу саме ўявіць, колькі вы за адну толькі ваду плоціце. З такімі коштамі на паслугі проста не выжыць.

Другая. ЁН не дазваляе мне ўваходіць у ванную, калі ЁН там. А мне так карціць памыць ногі. Так карціць… Мне сёння сон дрэнны прысніўся пра ногі… Калі ласка, можна мне?

Другая падыходзіць да вядра і становіцца ў яго абедзвума нагамі.

Першая. Госпадзі, да чаго ж вы худзенькая. Ці вы ясцё што-небудзь, бо так жа можна і знікнуць увогуле! Вось у мяне пытаюцца ўвесь час пра вас – ЯКАЯ ЯНА Ў ЖЫЦЦІ? Усе чамусьці думаюць, што пісьменнікі – гэта нейкія самотныя вар’яты, з акулярамі на носе і цыгарэтаю ў роце. Але я ўвесь час кажу: “Яна надзвычайная!” І ўсё! Хопіць ім. Не буду ж я расказваць пра вашыя дзівацтвы, якія я так палюбіла. Ды і хіба яны зразумеюць? Вось каб я сказала ім, што ўсе гэтыя тры месяцы, што я ў вас прыбіраюся, вы сустракаеце мяне альбо з кашуляю, ці то з нагавіцамі на твары, яны адразу вырашаць – ПСІХАПАТКА! А я ж ведаю, што гэтя не праўда. І ўсё ж-такі вы вельмі схуднелі. Засталіся скура ды косці. Так нельга!

Другая. Дзякуй Вам…

Першая. За што? Абсалютна няма за што. Я нічога звышнатуральнага не раблю. А вы вось кніжкі пішаце, пра вас гавораць… Вы застанецеся, вас запомняць! А мая справа простая – махай анучаю, ды і ўсё тут…

Другая. Я не хачу, каб мяне запаміналі…

Перашя. Але ж так яно і будзе, можаце не сумнявацца. Вось усе кажуць, што вашыя кнігі чытаць скадана. Што вельмі завумна напісаныя. А я прачытала адну, і ведаеце, мне вельмі спадабалася. Я, вядома, не спецыяліст, але ж гэта якую галаву трэба мець, каб так ладна ўсё скласці, склеіць. Я ўвогуле люблю нешта больш простае – столькі працы, што асабліва не да чытанняў, - вось, напрыклад, гэтыя танныя раманчыкі пра псеўдакаханне. Але ж у вас таксама пра каханне, але пра іншае, пра сапраўднае, я б сказала. У вас неяк так выходзіць – па-сапраўднаму. А так глытаеш бясконца гэтыя бязглуздыя байкі пра ўсялякіх там Ізабэлаў ды Катрынаў, і радкі ляцяць, ляцяць, і забываешся на дурноты жыцця, але ж гэта ўсё неяк хлюснёю папахвае. А іншым разам нават ідэатызмам. “Яна ўзняла атласныя бровы, і кінула позірк на ягоную пульсуючую торсу!” Ну дзе такое можна пабачыць? А ў вас усе неяк іначай. І сюжэту няма асабліва, але так дакладна, аж сэрца замірае, і не трэба быць вялікім разумнікам, каб усё зразумець. Я вось лаюся на Свайго, кплю з Яго, а Ён абдыме мяне раптам, а мне ўжо і не трэба больш нічога. Нічога…

Другая. Дзякуй Вам…

Першая. Можа мне таму вашае лёгка чытаецца, што я ведаю вас ды і прыкіпела да вас ужо. Але ж не. Ці мала каго я ведаю. Вось прыбіралася я неяк у аднаго прафесара. Гады два ў яго правяла. Сапраўдны кашмар!!! Яму было гадоў 70, жонку пахаваў, жыў адзін у агромністай кватэры з коткаю. Колькі было марокі! Ён па некалькі тыдняў хадзіў у адной і той жа адзежы, не здымаючы, усё навокал пахла лекамі і кацінымі брулямі. Вокны не адчыняў, увесь час сядзеў, нешта чытаў, пісаў… А котка гадзіла, дзе ёй заманецца. Ён нейкія паперы на падлогу кіне, а яна ўжо тут як тут. А мне даводзілася тыя паперы сушыць ды прасаваць – нешта вельмі важнае ў іх было. І яшчэ – кожны раз мне даводзілася яму тлумачыць, хто я. Ён забываўся, а то бывала і пужаўся. Думаў – злодзейка! А аднойчы прыйшла, а ён ляжыць – халодны, як лёд, і котка побач – ужо халат ягоны пазначыла. Дык вось каб ён такое напісаў, як вы, я б здзівілася. Але ж ён некі фізік быў. Ці то хімік? Бог яго ведае.

Другая. А што з коткаю сталася?

Першая. Нехта з суседзяў забраў, але, думаю, яны не вельмі-то ўзрадаваліся такому набыццю. А з мяне затое цяжар зваліўся. Хаця плаціў ён добра.

Другая. Я б хацела, каб вы часцей заходзілі.

Першая. Ды ў вас тут працы зусім няма. Раз на тыдзень памыла, прыбралася… Але я магу, калі вам хочацца.

Другая. Так, я хачу…

Першая. Дарагая, вы нешта сама не свая…

Другая. Вада халодная…

Першая. Дык можа пастукаць яму? Не будзеце ж вы цэлы дзень у вядры стаяць?

Другая. Не-не…

Першая. Я пастукаю.

Другая. Не. Малю вас. ЁН не адчыніць. ЁН не выйдзе…

Першая. Ведаеце, мне іншым разам здаецца, што ён проста здзекуецца над Вамі, а іншым разам – што… яго ўвогуле няма,… зусім няма.

Другая (перапыняючы). Мне сёння сон прысніўся, нібыта ЁН крычыць на мяне. Крычыць і душыць. А сам слязьмі абліваецца… Я ніколі не бачыла, каб ЁН плакаў… Ніколі… А па нагах кальчакі поўзаюць. Кальчакі – гэта ЯГОНЫЯ слёзы. Яны мне на ногі капалі. Я ніколі не бачыла, каб ЁН плакаў… ніколі…

Першая. Так, мужчыны скупыя на такія рэчы. Але калі ўжо прарве, дык спыніць немагчыма. Мой вось аднойчы прыйшоў увечары, адразу ў ложак лёг і выў да раніцы. Выў, як звер. Страшна было, нават жудасна. І не падыйдзеш, і не запытаешся – да таго страшна. Так і не даведалася, што з ім было. Ён не сказаў, а я і не выпытвала.

Другая. І я не ведаю, чаго ЁН плакаў… У маім сне… Такімі горкімі былі ЯГОНЫЯ слёзы…

Першая. Але, Дарагая! Гэта толькі сон. І не трэба браць гэта блізка да сэрца…

Другая. Такімі горкімі былі ЯГОНЫЯ слёзы…

Першая. Вось я чытала недзе, што сны – гэта прадукт стомленасці. Чаго там толькі ў гэтай галаве нямашака. А ў вашай – пісьменніцкай дык тым больш. Але ўсё гэта праз тое, што мазгі стамляюцца.

Другая. Такімі жорсткімі былі крыкі ЯГОНЫЯ…

Першая. Хаця, ведаеце, у мяне цётка была, дык вось яна ўмела сны разгадваць. Мы тады яшчэ ў порце жылі, і яна трымала кафэ для маракоў. Дык яны не толькі выпіць заходзілі, але і пра сны свае паслухаць. Але якія ў іх там сны? Пяць месяцаў у моры – толькі жанчыны і сняцца! Але памятаю, як прыйшоў адзін тутэйшы хлопец, толькі ў маракі запісаўся. І расказаў, што прыснілася яму, нібыта ён сядзіць на беразе і зямлю жуе… Проста жменямі бярэ, з травою, камянямі і ў мелкі пясок перажоўвае і сплёўвае на сябе. Дык цётка яму піва бясплатна паставіла і сказала: “Кінь дурное. Не вернешся ты!” І што вы думаеце? Не вярнуўся! У першым плаванні з некім там бойку ўчыніў, за борт вываліўся і патануў. А жонка ягоная, гарэтніца, зусім розум страціла. Кожны дзень у порт хадзіла і караблям махала. А чаго махаць ужо? Калі ён на дне ляжыць і дамоў зусім не збіраецца. Але ж прыходзіла, чакала, пакуль не загінула зусім…

Яго ж там няма?



(паўза)

Другая (спалохана). Каго?

Першая. Вашага. Яго ж там няма!..

Другая. Такімі жорсткімі былі крыкі ЯГОНЫЯ…

Першая. Я зразумела гэта нядаўна. Ды ўсё неяк сказаць баялася. Але зараз… Дарагая, вы зусім ашалелі… Мне так…

Другая. У ЯГО такія прыгожыя рукі. Такая цішыня ў іх… Я неяк пра іх напісала… Я столькі напісала пра ЯГО… І ўсё захавалася…

Такімі жорсткімі былі крыкі ЯГОНЫЯ…



Першая. Ён…

Другая. ЁН пакінуў мне адзежу сваю… Я папрасіла. І ЁН пакінуў. Але я ўсё роўна схавала яе. На ўсякі выпадак. І кожны дзень – выбяру сабе адну якую-небудзь рэч, а астатняе схаваю… Я папрасіла… І ЁН пакінуў. ЁН застаўся. ЁН захоўваецца ў ёй. Тут ЯГОНЫЯ рухі… Імя ЯГОНАЕ… Мне нельга з ёю развітвацца…

Першая. Але, Дарагая!..

Другая. Я ніколі не бачыла, каб ЁН плакаў. ЁН не дазволіў мне гэтага. Як і не дазваляў уваходзіць у ванную, калі ЁН там… Я пыталася ў сябе: чаму для мяне гэта так важна? Чаму гэта так патрэбна мне? Я ведаю, што Вы не будзеце пытацца. Вы ўсё ведаеце. Мне так здавалася ўвесь час. І сёння падцвердзілася. Вы ведаеце. Разумееце ўсё. І цяпер я пытаюся ў сябе – чаму Вы ведаеце?

Першая. Ну што вы… Гэта зусім не так…

Другая. Можна я папрашу Вас?

Першая. Вядома, можна…

Другая. Ці не маглі б Вы адключыць гэтую ваду. Я сама не магу. Я спрабавала, але ЁН не дазваляе мне ўваходзіць у ванную, калі ЁН там. А пакуль вала ільецца – ЁН там. А Вам ЁН ніколі не забараняў… Я ЗРАБІЛА ГЭТА З САБОЮ! Тры месяцы яна ільецца. Проста ільецца. Я думала, што ваду адключаць за няўплату. І я чакала, не плаціла… А рахункі ўсё прыходзілі і прыходзілі. Але яны, відаць, давяраюць мне… Не ведаю… Яны нічога не зрабілі… Нічога… А я так стамілася… ЯГО нехта павін выгнаць адтуль. Выганіце ЯГО для мяне. Прашу вас!..

Першая. Так, я магу…

Другая. І яшчэ, калі вас не абцяжарыць, прынясіце, калі ласка, мне ручнік. Які заўгодна. Які знойдзеце…

Першая. Зараз, Дарагая!

Першая выходзіць. Другая моўчкі стаіць у вядры, перабіраючы нагамі. Калі шум вады сціхае, яна замірае. Першая уваходзіць разгарачаная і задыханая.

Першая. Ох, але ж і душагубка там. Пары столькі, хоць лапатаю выграбай. Дыхаць няма чым. (Выцірае твар рукавом і рэзка выдыхае) Выгнала!!! А ён яшчэ і зыходзіць не хацеў. Аказаў супраціў – кран нешта заклініла. Ледзь закруціла. А калі закруціла, дык пакланілася яму і сказала: “З лёгкім ветрам! Уся найлепшага! Дармавая вада скончылася!!!”

(Другая спрабуе ўсміхацца)

(усміхаецца)

Другая. Дзякуй Вам!..

Першая. Адзінае, Дарагая. Там усё так адвільжэла, што з усіх ручнікоў можна ванну вады набраць. Нават тыя, якія ў шафе ляжалі, не ўцалелі. Але ведаеце, як у нас у народзе кажуць, - КЛІН КЛІНА ПАГАНЯЕ!

Першая падносіць крэсла да вядра, дапамагае сесці Другой, бярэ з ейных рук кашулю і пачынае абціраць ёю ногі Другой.

Чаго толькі ў жыцці ны бывае. Вось маці мая, сьвятая жанчына, столькі год сукенку, у якой я першы раз сакрамэнт прыняла, захоўвала. І так яе ўжо аберагала. Здаралася, дастане з засекаў, на калені сабе пакладзе і кожны брыж, кожную стужку пагладзіць і скажа: “Гэта быў Вялікі дзень! На яго нельга забывацца!” – і раз на месяц да мора яе насіла – у вадзе салёнай памые, высушыць, і дамоў – назад у куфар схавае. І вось аднойчы, калі несла назад, убачыла дзяўчынку на дарозе, брудную і зусім голую. А быў ужо лістапад – асабліва не пазагараеш! Дык маці на яе гэтую сукенку і апранула. Святая жанчына была! А пасля некалькі дзён, як зачараваная хадзіла і паўтарала: “Няма больш тваёй сукенкі…” А я ўсё ніяк не магла зразумець – навошта так убівацца праз нейкую сукенку, няма і няма. Пасля, як падрасла, дадумалася – бацька мой ненаглядны на наступны дзень пасля майго сакрамэнта знік. Рознае казалі. Людзі ўвогуле любяць чужым горам рот прапаласкаць. А так нічога і не высветлілася. І маці захоўвала гэтую сукенку, як апошні дзень з ім. А як сукенкі не стала – выправілася. Безумоўна, паляжала нейкі час, як васковая лялька, але ж выправілася! І Вы выправіцеся!



Другая. Я… Я так даўно не ела смажаныя каштаны…

Першая. О, гэта Вы дарма! У іх столькі ўсяго карыснага – не пералічыць! Вядома, не столькі, як у шакаладзе, але ж… Да таго ж яны бязлітасна паўняць, а Вам гэта як раз-такі і трэба. Галоўнае – добра падсмажыць. Я гэта раблю выдатна! Не тое, што гэтыя прайдохі на вуліцах. Заўтра ж прынясу Вам, калі дазволіце!

Другая. Я хачу, каб Вы часцей прыходзілі…

Першая. Ну вось і прыйду! З каштанамі! (пазірае на гадзіннік) А, Божачкі! Зусім забалбаталася з Вамі. Мне ж яшчэ ў адзін дом бегчы. Вось бачыце, Дарагая, не магу ад Вас адарвацца зусім. А мяне там адна МАДАМА чакае, якая ўвесь час па гадзінніку сустракае. Такая ўся дакладная, правільная, аж моташна. Парчою ўсё абвешала, і думае, што яна каралева! А па мне – сцерва, якіх яшчэ пашуаць трэба! Усё з кветкамі сваімі няньчыцца. Памешаная на іх – жудасць! Я падлогу ў яе мыю, а яна мне і кажа: “Мілачка, зірніце на гэты амарыліус, гэта ж палярная зорка батанічнага небасхілу!” А пасля ўсю біяграфію гэтай дзіва-расліны! А людзей папросту ненавідзіць! Пра мужчын з ёю ўвогуле страшна гаварыць. Я пра Свайго неяк сказала нешта, дык яна ледзь вазон не вывернула! Збялела ўся, зморшчылася: “Мужчыны ніколі не зразумеюць гэтыя страварэнні!” І так пагладзіла свой гэты амарыліус, нібыта гэта Далоня Госпада Бога! Уяўляеце? Але што зробіш? Хочаш есці – цярпі! Так што пабягу! Пра ўсялякія агапандусы і легерстрэміі слухаць!

Другая. Дзякуй Вам!

Першая. Усё! Чыста – як у палацы! Дарагая, паабяцайце мне, што не будзеце над сабою здзеквацца, усё будзе, вось пабачыце! Толькі мне здаецца, што мы пра нешта забыліся…

Другая. Забыліся?

Першая. Ягоныя рэчы! Скажыце, дзе яны і я хуценька адпраўлю іх яму ўдагонку! Няма чаго вам з імі больш рабіць.

Другая. Я… Я сама… трэба ж мне нешта зрабіць самой…

Першая. (недаверліва). Гэта праўда… Да таго ж Вам проста неабходна выйсці і падыхаць паветрам! Паабядайце, што пагуляеце… А я прыйду… Заўтра абавязкова прыйду…

(лёгка дакранаецца да рукі Другой)

Ой, ну і дзянёк! Пабегла!



Другая. Дзякуй Вам!

Першая (выходзячы). Паабяцайце, што пагуляеце! А я прыйду… я прыйду… з каштанамі…

Першая выходзіць. Другая застаецца адна. Нейкі час нерухома стаіць. Нешта мармыча сабе пад нос. Ціха пачынае напяваць словы…

Другая. Не маю дыяментаў,

І жэмчугу не маю,

Але ўсё роўна я шчаслівая дзяўчынка.

Яна бярэ кашулу. Падносіць да твару. Удыхае.

Удзень са мной вясёлка,


А ноччу месяц…

Зноўку ўдыхае. Зноў. Зноў. З цішыні чуецца шум вады, спачатку гук перарывісты, невыразны… Паволі робіцца больш выразным і гучнейшым.

ЗАСЛОНА


Каталог: download -> version
version -> Адукацыя І навука ў першай палове XIX стагоддзя
version -> Тэма: Алесь Ставер “Мой народ” Адукацыйныя мэты
version -> У кантэксце беларускага тэатральнага поля дзейнасць драматурга Мікалая Рудкоўскагаможна смела назваць паспяховай
version -> Пратакол пасяджэння прафсаюзнага камітэта
version -> Павуціна” (Гульня для вучняў 5-11 класаў па раздзеле “Лексіка. Фразеалогія”) Мэта: падагульніць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял па тэме «Лексіка. Фразеалогія»
version -> -
version -> Ганна Кушнер (Ева)
version -> Аб зацвярджэнні Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал