Амонімы, сінонімы, антонімы Тэма ўрока: Амонімы, сінонімы, антонімы Мэта ўрока




Дата канвертавання30.04.2017
Памер82.75 Kb.
Амонімы, сінонімы, антонімы

Тэма ўрока: Амонімы, сінонімы, антонімы

Мэта ўрока: стварыць умовы для паглыблення ведаў вучняў пра мнагазначныя словы, амонімы, антонімы, сінонімы

Задачы ўрока:

адукацыйная: стварыць умовы для замацавання ведаў вучняў пра сінонімы, антонімы, амонімы, мнагазначныя словы, іх ролю ў мове і маўленні;

развіваючая: фарміраваць арфаграфічную пісьменнасць; папаўняць слоўнікавы запас вучняў;

выхаваўчая: выхоўваць беражлівыя адносіны да прыроды, любоў да яе

Тып урока: урок комплекснага прымянення ведаў і спосабаў дзейнасці.

Рэсурснае забеспячэнне: карткі з заданнямі, малюнкі, карціны і фотаздымкі, выявы асенняй прыроды, асеннія лісты з каляровай паперы, на дошцы запісаны верш, словы П.Панчанкі.

Прагназуемы вынік урока:

  • вучань павінен ведаць: азначэнні асноўных паняццяў, выкарыстаных на ўроку (сінонімы, антонімы, амонімы, мнагазначныя словы);

  • вучань павінен умець: працаваць у прапанаваным тэмпе, прыцягваць уласны вопыт назіранняў за прыродай пры замацаванні моўнага матэрыялу, прымяняць веды ў новай сітуацыі; ажыццяўляць самакантроль і ўзаемакантроль.

Ход урока

1. Арганізацыйны этап

Мэта дзейнасці: псіхалагічная падрыхтоўка вучняў.

Прывітанне. Пажаданне добрага настрою, поспеху ў сумеснай працы. Псіхалагічны настрой на сумесную дзейнасць.



2. Падрыхтоўка да работы на асноўным этапе

Актуалізацыя суб’ектыўнага вопыту вучняў

Паведамленне тэмы і фармулёўка задач урока

Мэта дзейнасці: забяспечыць матывацыю і ўключэнне вучняў у сумесную дзейнасць.

—Вы знаёміліся з сінонімамі, амонімамі, антонімамі. Сёння наша задача: высветліць наколькі добра вы ведаеце матэрыял, як умееце прымяніць яго на практыцы.



3. Этап замацавання вывучанага

Прымяненне ведаў і спосабаў дзейнасці

Арганізацыя дзейнасці вучняў па выкарыстанні ведаў у змененай сітуацыі

Мэта дзейнасці: забяспечыць павышэнне ўзроўню ўсведамлення вывучанага, па магчымасці, стварэнне сітуацыі поспеху.

Заданне 1

На дошцы змешчаны верш “Восень” С. Грахоўскага. Звяртаецца ўвага вучняў на ілюстрацыі з выявамі кожнага асенняга месяца.

–Паслухайце верш, падумайце, якую карціну восені намаляваў аўтар?

Восень

Адшумела лета



Роснымі лугамі,

Апусцела поле,

Нівы адцвілі.
Праплываюць хмары

Нізка над стагамі,

І ляцяць у вырай

3 крыкам жураўлі.


На рабіне скачуць

Шустрыя сініцы,

Пад дажджом намоклі

Клёны і дубы.

Наліліся сокам

Спелыя брусніцы,

I каля дарогі

Выраслі грыбы.

С. Грахоўскі.

Заданне 2

Два вучні атрымліваюць карткі з індывідуальнымі заданнямі (праца ля дошкіі:

1. Зрабіць фанетычны разбор слова нізка

2. Зрабіць сінтаксічны разбор першага сказа

У гэты час клас запісвае 2 першыя страфы верша па памяці.

Узаемакантроль правільнасці пісьма па памяці. Адказы вучняў, якія выконвалі індывідуальныя заданні.

–Якая прыкмета восені самая яскравая і прыгожая? (Лістапад)

–Давайце сабяром прыгожы асенні букет. За кожны правільны адказ вы атрымліваеце каляровы лісток, у каго іх больш — той пераможца.

—У восені 3 месяцы. Назавіце іх. Ці можна назвы асенніх месяцаў лічыць гаваркімі словамі? Абгрунтуйце адказ.

—А вось як пра іх гаворыць П.Панчанка:

...Спелы яблычны верасень,

Светлы кастрычнік

У празрыстасці чыстай, крынічнай.

Лістапад — залаты лістапад.

Заданне 3

–Месяц верасень падрыхтаваў вам загадкі:
Мы — словы-блізняты,

Сакрэт наш увесь:

Падобныя знешне,

Ды розны ў нас сэнс.


– Якія гэта словы? Чым яны адрозніваюцца ад мнагазначных?
БАЙКУ 3 БАЙКАЮ НЕ БЛЫТАЙЦЕ

Гавару я адмыслова,

У паэзіі жыву.

Нагадаю вам Крылова

I Кандрата Крапіву.
Апрануць магу таксама,

Прыгажосцю адарыць,

Бо тканінай баваўнянай

Я з'яўляюся, сябры.

(Байка I. Літаратурны твор. II. Тканіна)
ЕХАЛІ ГАСЦІНЦЫ ПА ГАСЦІНЦЫ

У нядзелю днём з базару,

На калёсах па гасцінцы,

Дзед прывёз маленькай Вары

Вельмі смачныя гасцінцы.

(Гасцінец I. Дарога, шлях. Гасцінец II. Ласунак, падарунак)


ДЗВЕ ЛАСКІ

Адна — святло ў душы людзей,

Мы берагчы яе павінны,

Бо з ёю жыць усім цяплей,

А без яе і свет пустынны.

Другая — на лугах жыве,

Узлескі любіць і балоты.

Хоць цела дробнае яе,

Ды кажушок дабротны.

(Ласка I. Пяшчота. Ласка II. Невялікая жывёліна)


ДЗВЕ СОЛІ

Нараджаецца ў вадзе,

Нам патрэбная ў ядзе.

Ёсць і ў музыцы таксама —

Пяты гук музычнай гамы.

Іх у меру вы ўжывайце,

Імі вы не злоўжывайце,

Бо, сябры мае, інакш

За настрой баюся ваш.

(Соль I. Сталовая соль. Соль II. Нота.)


— Якую соль нельга растварыць?

— Каб наш настрой не сапсаваўся, давайце крышку адпачнём!


ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА

—Паглядзіце, бяроза скінула літок...

—А там ляціць кляновы ліст...

—А колькі колераў пад нагамі?

—Збяром асенні букет. Якія прыгожыя букеты атрымаліся!

—Падарыце свой букет каму пажадаеце.

—А чаму нельга паліць згорнутае лісце?
Заданне 4

– Кастрычнік падрыхтаваў заданне на картках, яно знаходзіцца перад вамі. Прачытаем гэты тэкст.

– Якія словы называюцца сінонімамі?

Картка 1.

Восень

Адышло, адкрасавала лета. I неяк нячутна, спадцішка падкралася восень. Шалясціць, шапоча залатым лісцем бяроз вецер. Трапечуцца агніста-чырвоныя макаўкі асін. Зацвілі сінія верасы. Зардзеліся чырвоныя гронкі рабіны. Пунсавеюць, гнуцца долу галінкі спелай каліны.

Сцелюцца, ападаюць на зямлю аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя, белыя пялёсткі апошніх асенніх кветак. У празрыстым паветры плывуць серабрыстыя павуцінкі. Над рэчкаю і лагчынамі паўзе сівы туман.
—Знайдзіце ў тэксце словы-сінонімы.Дапоўніце сінанімічныя рады.
Заданне 5

- Сустрэча з лістападам, спадзяюся, прынясе вам задавальненне.

Вам загадкі зноў,

Ды на пары слоў.

Іх сакрэт увесь —

Процілеглы сэнс.


- Што гэта за словы? Што такое антонімы?

Адна — прыроду ажыўляе,

У квецень дрэвы апранае

I з поўдня цёплага дамоў

Вяртае ластавак, буслоў...

Другая — ураджай збірае

I хутка дрэвы распранае.

Крылатых рупных жыхароў

На поўдзень адсылае зноў.

(вясна--восень)

- Наступнае заданне (на картках). Перабудуйце тэкст. Перапішыце яго, замяняючы выдзеленыя словы антонімамі.
Картка 2

Надышла ранняя, цёплая вясна (позняя, халодная восень). У поўдзень сонца плыло па небе высока (нізка) і пасылала на зямлю свае прамыя (касыя) стрэлы-праменні, шчодра (скупа) адараючы прыроду сваім цяплом. Дні станавіліся даўжэйшымі (карацейшымі), а ночы карацейшымі (даўжэйшымі). Паўднёвы (паўночны) вецер разганяў (наганяў) хмары, і яны рэдка (густа) ўкрывалі неба.


4. Этап інфармацыі аб дамашнім заданні

Мэта дзейнасці: забяспечыць разуменне вучнямі мэты, зместу і спосабаў выканання дамашняга задання.

Настаўнік інфармуе аб дамашнім заданні, тлумачыць, што яно дапаможа падвесці своеасаблівы вынік уроку, дамаможа абагуліць набытыя веды па тэме.

Заданне на дом: напісаць сачыненне “За што я люблю восень”.
5. Этап падвядзення вынікаў урока. Выстаўленне адзнак. Рэфлексія

Мэта дзейнасці: даць якасную ацэнку работы класа і асобных вучняў, мабілізаваць вучняў на рэфлексію ўласнай дзейнасці.
–Як вы думаеце, ці ўдалося нам сабраць прыгожы асенні букет?

Падлік лістоў, выстаўленне балаў, каментарый адзнак.


Рэфлексія.

Калектыўнае складанне апавядання “Восень прыйшла” па малюнках з выкарыстаннем матэрыялу ўрока. Вучні прыдумваюць па адным сказе да прапанаванага малюнка або без апоры на ілюстрацыі. Праз хвіліну агучваюцца сказы ланцужком.

Настаўнік дзякуе за працу, высвятляе, якія цяжкасці ўзнікалі на працягу ўрока. Ацэньвае ўласную дзейнасць і дзейнасць класа на ўроку.

Дадатак да ўрока

ВЕРАСЕНЬ


Да вавёркі-паскакухі

Сябра вожык прывалюхаў

I грыбоў паўнюткі кошык

Перад ёй паставіў вожык.

Кажа: «Добры дзень у хату!

Пачастунак забірай!

Зноўку Верасень багаты

Завітаў у родны гай!»

КАСТРЫЧНІК

Ад дрэва да дрэва ідзе пехатой

Кастрычнік, мастак адмысловы,

I фарбай бурштынавай і залатой

Распісвае кроны дубровы.

Зірні на ягонае ўмельства і спрыт,

На колераў зваблівы россып,

Зірні, як заззяў, запалаў краявід

На сінім мальберце нябёсаў.

Зірні: ён і сам, адступіўшы на крок,

Глядзіць на абсяг маляўнічы,

I робіць апошні агністы мазок,

I подпіс выводзіць: КАСТРЫЧНІК!

ЛІСТАПАД


Абляцелі жалуды.

Дапякаюць халады.

Пад нагой лісцё шуршыць.

А навокал — ні душы.

У выгоністым бары,

У прыціхлым гушчары

То наперад, то назад

Ходзіць сумны Лістапад.

Адпачнуў бы ён крыху

У зацішку на імху,

Ды не грэе болей дух

3 лісця зроблены кажух.

Алег Мінкін
Тэхналагічная карта ўрока



Тэма ўрока

Амонімы, сінонімы, антонімы (“Залатая восень”)


Асноўныя паняцці

да тэмы


Амонімы, сінонімы, антонімы, мнагазначныя словы

Што павіннен

ведаць вучань



Азначэнні асноўных паняццяў, выкарыстаных на ўроку (сінонімы, антонімы, амонімы, мнагазначныя словы), іх асаблівасці. Назвы веснавых месяцаў. Парадак фанетычнага разбору слова і сінтаксічнага разбору сказа

Што павінен

умець вучань



Знаходзіць у тэкстах сінонімы, антонімы і амонімы. Падбіраць да слоў сінонімы і антонімы, карыстацца імі як сродкам сувязі сказаў у тэксце

Тып урока

Комплекснае прымяненне ведаў і спосабаў дзейнасці


Формы і метады ра-

боты вучняў на ўроку



Праслухоўванне верша, запіс яго часткі па памяці. Адгадванне загадак. Знаходжанне ў тэксце сінонімаў, працяг сінанімічных радоў. Падбор антонімаў, перабудова тэксту. Калектыўнае складанне апавядання “Восень прыйшла” па малюнках, выкарыстоўваючы матэрыял урока.

Паўтарэнне: фанетычны разбор слова і сінтаксічны разбор сказа



Дамашняе заданне

Сачыненне “За што я люблю восень”



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка