Апісанне вопыту педагагічнай дзейнасці развіццё беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту шляхам выкарыстання фальклору



Дата канвертавання21.06.2017
Памер273.38 Kb.
#10339
ДУА “Яслі-сад № 33 г. Маладзечна”

АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ



РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ
ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ
ШЛЯХАМ ВЫКАРЫСТАННЯ ФАЛЬКЛОРУ


Ў РОЗНЫХ ВІДАХ ДЗЕЙНАСЦІ

Максімчыкава Алеся Вітасаўна,

выхавацель дашкольнай адукацыі

+375 (33)3417832;

e-mail: smaksimchikov@bk.ru

`

Актуальнасць вопыту. Усім вядома, што дашкольны ўзрост з'яўляецца самым спрыяльным перыядам для актыўнага маўленчага развіцця чалавека. Менавіта ў гэты час адбываецца фарміраванне вуснай мовы i навыкаў маўленчых зносін - асновы для станаўлення дзіцяці як асобы. Аднак чалавек, які жыве ў грамадстве, дзе функцыянуюць дзве дзяржаўныя мовы (пераважна руская i беларуская), сутыкаецца з праблемай білінгвізму (двухмоўя). Гэта азначае, што акрамя мовы, на якой размаўляюць бацькі i суседзі, вядзецца навучанне i выхаванне ў дашкольнай установе. Маленькі чалавек на працягу свайго развіцця павінен засвоіць другую мову. Для вялікай колькасці дзяцей такой мовай з'яўляецца беларуская. Ёй яны авалодваюць не ў сям'і, не ў працэсе актыўных зносін з блізкімі людзьмі, а ва ўмовах спецыяльна арганізаванага навучання. У сувязі з гэтым узрастае роля дашкольнай установы, на якую ўскладваецца адказнасць не толькі за развіццё камунікатыўных навыкаў у дзіцяці, але за фарміраванне сродкамі роднай мовы нацыянальнай самасвядомасці, за перадачу літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, назапашаных беларускім народам на працягу гісторыi свайго існавання. Задача ўскладняецца тым, што многія дзеці, а нават і бацькі не толькі не ўмеюць размаўляць па-беларуску, не разумеюць мовы. Пры правядзенні кансультацыі “Роля беларускай казкі ў выхаванні дзяцей” бацькі шчыра прасілі расказваць толькі на рускай мове, бо не зразумела, вельмі цяжка ўспрымаць, да і не хочацца.

Такім чынам, перад сабой я арэсліла праблему павышэння статуса беларускай мовы ў сваёй групе, развіццё не толькі мовы дзяцей, але і зацікаўленнасці бацькоў, каб гучала родная мова.

Адной з прычын нізкай эфектыўнасці навучання дашкольнікаў беларускай мовы у рускамоўным дзіцячым садзе, на маю думку, з'яўляецца недахоп часу, адведзенага вучэбнай праграмай на арганізацыю адпаведных заняткаў. Роднай мова становіцца тады, калі чалавек карыстаецца ёй у важных, асобасна значных або эмацыянальна яскравых сітуацыях зносін, напоўніць такімі сітуацыямі працэс навучання – задача педагога.

Большасць дашкольнікаў выхоўваецца ў рускамоўных сем’ях, з малку вучыцца размаўляць і думаць на рускай мове. У той жа час менавіта беларуская мова, якой карысталіся нашы продкі і якая захоўвае нацыянальную ідэнтыфікацыю з’яўляецца сапраўды роднай. Яна тлумачыць дзецям прыроду роднага краю, знаёміць з грамадствам, гісторыяй, традыцыямі і памкненнямі, уводзіць у народную паэзію, народныя вераванні і філасофію. Што ў большасці адбываецца праз прыказкі, прымаўкі, народныя гульні, песні, казкі, праз народную педагогіку і скарбонку – фальклор. Знаёміць з мовай патрэбна як мага раней, у ідэале ад нараджэння і галоўнай асобай у гэтым з’яўляецца маці або бацька.

Абследванне маўленчага развіцця старэйшых дашкольнікаў у маі 2015, а таксама назіранні паказалі, што дзеці зусім не карыстаюцца роднай мовай у паўсядзённым жыцці і імкнуццца пазбегнуць адказаў на роднай мове. У працэссе сумеснага з дарослым разглядвання беларускай ілюстраванай дзіцячай кніжкі, дзеці адказвалі на пытанні пры разглядзе малюнкаў пераважна на рускай мове, самастойныя выказванні на беларускай мове амаль зусім не гучалі. Але вельмі добра ўзнаўлялі кароткія літаратурныя вершы, у тэатралізаванай дзейнасці таксама карысталіся актыўна беларускай мовай. Каб пазбегнуць такіх акалічнасцей у будучым пачынаць працаваць над тэмай развіцця беларускага маўлення пры новым наборы дзяцей я і запланавала ўжо з другой малодшай группы.



Мэта вопыту - развіццё беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі выкарыстання фальклору ў розных відах дзейнасці.

Задачы:

- пазнаёміцца, а таксама прааналізаваць навуковую і метадычную літаратуру па дадзенай тэме;

- падабраць найбольш эфектыўныя метады і прыёмы з выкарыстаннем фальклору па авалоданню мовай;

- стварыць умовы для паспяховага авалодання беларускай мовай дашкольнікамі;

- далучаць бацькоў да выхавання ў дзяцей любві і павагі да роднай мовы.
Працягласць работы над вопытам. Май 2015 – сакавік 2017. Першы этап работы арганізацыйны (май 2015-верасень 2015), або інфармацыйна-аналітычны, у гэты перыяд вывучалася літаратура, падбіраліся дапаможнікі, сродкі развіцця, метады і прыёмы. Асноўны (верасень 2015- тудзень 2016) або практычны, на гэтым этапе і рэалізоўвалася работа з децьмі і бацькамі. Заключны (студзень 2016-сакавік 2017) або кантрольна-ацэначны, дзе подвозіліся вынікі дадзенай працы.

Апісанне тэхналогіі вопыту

Вядучая ідэя вопыту стварэнне ўмоў для развіцця маўлення дашкольнікаў сродкамі выкарыстання фальклору.

Апісанне сутнасці вопыту. Паўнацэннае беларускамоўнае развіццё дзяцей патрабуе стварэння ў дашкольнай установе нацыянальна-культурнага фону, беларускамоўнай атмасферы, якую дзеці маглі б успрымаць як натуральную. Летам 2015 вырабіла чатыры беларускія лялькі без твару ў рознай вопратцы. На працягу другой малодшай групы карысталася імі на занятках па матэрыялу распрацаванаму Пралыгінай Н.В. Набыла малюнкі адзення розных строяў Беларусі, рушнікі, жаночы нацыянальны касцюм, упрыгожыла беларускім арнаментам куфар, падрыхтавала картатэку беларускіх рухомых гульняў, а таксама дыдактычных па развіццю маўлення І.Каравайчык, стварыла картатэку беларускіх лічылак, прыказак і прымавак, тэатр “Батлейка”, маскі дзікіх і свойскіх жывёл, падабрала неабходную метадычную літаратуру. Усё гэта потым спрыяла хуткай падрыхтоўцы да моўнай дзейнасці.

У нашай дашкольнай установе беларускамоўнаму дню адводзіўся адзін дзень у месяц, мая практыка паказала, што гэта вельмі мала, таму я ўключала мову штодзённа ў спрыяльнай сітуацыі або ў пэўныя рэжымныя моманты, карыстаючыся правілам “адна асоба - адна мова” або “адна сітуацыя – адна мова” па прынцыпу Грамонта. Старжынская Н.С. таксама рэкамендуе праводзіць штодзённую працу па засваенню звычаяў, традыцый, культуры беларускага народа, фарміраванні ўяўленняў аб тэрыторыі, гісторыі краіны нацыянальных колерах, сімвалах і героях дзяржавы на беларускай мове, што правамерна на мой погляд у старэйшых групах, аднак, не заўсёды дзецям усё зразумела належным чынам, так як асноўныя паняцці сфармірованы на рускай мове.

Калі ў другой малодшай групе я пачынала размаўляць па-беларуску, дзеці глядзелі вялікімі вачыма, не разумелі, а калі пачалі, то з нездавальненнем. Але кожны дзень дзіцяці ў дашкольнай установе павінен быць напоўнены радасцю, усмешкамі, добрымі сябрамі, вясёлымі гульнямі. А гульня – самая любімая дзіцячая дзейнасць, вось і стала ўключаць усе гульні на беларускай мове пераважна беларускія народныя з дыялогамі “Бабка Ёжка”, “Вожык і мышы”, “Адгадай, чый галасок”, гульню “Схавай рукі” з пацешкай “Сонейка” і г.д., песні “Знайшоў коцік паясок” абыгрывалі з нацыянальным поясам, хавалі, а той, хто ў крузе адгадваў у каго і г.д., гульні-імітацыі з забаўлянкамі “Кукарэку певунок” і “Ягорачка” і г.д., у працэсе гульні дзеці запаміналі словы, а калі была неабходнасць паўтарыць, карысталіся мадэлямі Т.А.Ліра. Забаўлянку “Кую, кую ножку” мы развучвалі на музычным занятку з логарытмікай. Так паступова ўвадзіла беларускую мову ў розныя віды дзейнасці дзяцей (лепку, маляванне, музыку, працу) з мэтай развіцця ў малых першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, песні, лічылкі), што служыла фарміраванню ў іх пачуцёвай асновы руска-беларускага двухмоўя. Ужо праз месяц, калі дзеці чулі беларускую мову з радасцю крычалі: “Ура! Зараз гуляць будзем”, праз паўгода, размаўляць па-беларуску стала звычайнай справай для дзяцей, і тады з’явілася ідэя прэзентаваць, як гавораць дзеці бацькам, так мы вырашылі правесці сход бацькоў у сярэдняй групе у не зусім традыцыйным выглядзе.

Па вучэбнай праграме ў другой малодшай групе асобнага раздела “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” няма, змест аб тым, з чым знаёміць толькі ў раздзеле “Связная речь”: “Различение белорусской и русской речи, употребление формул белорусского этикета (в адекватных ситуациях), разыгрывание коротких произведений на белорусском языке”. На маю думку, гэты змест мала што акрэслівае, таму актыўна карыстаюся дапаможнікам Дз.М.Дубінінай, дзе вельмі хораша звыш базавага кампанета распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па азнаямленню дашкольнікаў з фальклорам, прапаноўваецца не толькі завучванне, але і сумеснае з педагогам расказванне.

У сярэдняй группе працягвала навучанне дашкольнікаў рэпрадуктыўнаму маўленню (пераказ, завучванне і узнаўленне паэтычных твораў), але ўжо пачынала навучанне прадуктыўнаму маўленню, будавалі і самастойныя па зместу і форме выказванні на беларускай мове (расказвалі па малюнку, пра цацку, прадмет, з асабістага вопыту). Актыўна выкарыстоўвала ў паўсядзённым жыцці гутаркі, расказы на беларускай мове, разгляданне карцін, малюнкаў, ілюстрацый, камунікатыўныя сітуацыі, драматызацыю беларускіх народных казак, вельмі падабаецца драматызацыя казкі “Каза-манюка” з дапамогай тэатра “Батлейекі”, ужывалі беларускую мову і пры фарміраванні культурна-гігіенічных звычак, у сумеснай працы дарослых і дзяцей. Імкнулася як мага часцей ужываць беларускія ветлівыя словы. Пасля размовы, калі заўважу, што дзеці неправільна вымаўляюць гук, прашу паўтарыць чыстагаворку адразу або раніцай на наступны дзень з усімі. Калі ў нерэгламентаваную дзейнасць уключала беларускае дэкаратыўнае маляванне нацыянальнага адзення для папяровых беларускіх лялек (якіх пасля абыгрывалі), абрусаў, рушнікоў і г.д., тады творчую дзейнасць суправаджала пераважна беларуская мова. Каб хутка і лёгка вывучыць шмат лічылак, прасіла бацькоў вывучыць з дзецьмі па адной. Па прыходу дзяцей мы станавіліся ў круг і пачыналі кальцоўку, той, на кім скончылі лічыць, пачынаў сваю, так пакуль кожны не раскажа. За кароткі час, усе дзеці змаглі расказаць тое, што падрыхтавалі дома і пазнаёміць астатніх. Пасля таго, як дзеці згулялі ў гэту гульню 4 разы за тыдзень, то ўсе адразу ведалі аж па 20 лічылак без усялякіх намаганняў. Планавалі амаль кожны тыдзень праслухоўванне мастацкіх твораў ужывую і на аўдыяносьбітах, або разыгрывалі знаёмыя казкі з дапамогай тэатраў (лыжак, пальчыкавага, настольнага,“Батлейкі” і г.д.). На зімовых канікулах ставілі для дзяцей “Калядную казку” з беларускімі абрадамі і песнямі, дзецям вельмі спадабалася. Вясной праводзілі свята “Гуканне вясны”, з танкамі, карагодамі, прымаўкамі і прыкметамі пра вясну, заклікальнымі песнямі разам са старэйшай групай. Было шмат работы па развучванню тэкста. Часта ў дзіцячы сад прыязджаў “Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка”, дзе ўсе пастановы адбываліся выключна на беларускай мове і дзеці ўжо ў 3,5 гады пасля ўсё дакладна пераказвалі (хаця і па-руску, але добра зразумелі змест) выхавацелю і бацькам, у сярэдняй групе яны расказваюць пераважна на беларускай. У лютым 2017 праводзілі сумесную са старэшай групай забаву “З рога ўсяго многа”, дзе актыўна выкарыстоўвалі сучасную мультымедыйную устаноўку, яна дазволіла дзецям убачыць ілюстрацыі да казак-шумелак, якія дзеці самі агучвалі, пашырыць слоўнікавы запас словамі, якія цяжка растлумачыць (ляжаў у стозе). Карыснай з’явілася ўстаноўка і пры знаёмстве з пацешкай “Гулі-гулі”, паказвалі дзецям, якія птушкі да нас прылятаюць першыя, іх знешні выгляд і як яны спяваюць, а затым ужо праводзілі “Гуканне вясны”, у наступным годзе планую паказаць яшчэ працу ганчара, як вырабляліся гарлачыкі, фільм пра родны горад.

Выхаванне на карнях нацыянальных традыцый немагчыма без зносін на роднай мове і ведаў аб сваёй старане не толькі з боку выхавацеля, але і бацькоў. Таму, што фарміраванне патрыятычных пачуццяў, развіццё беларускага маўлення адбываецца больш эффектыўна, калі педагогі устанаўліваюць цесную сувязь з сям’ёй у ідэале яшчэ задоўга да прыходу ў дзіцячы садок. У нашым садку працуе ўжо некалькі гадоў “Школа маці”, гэта пытанне будзем акрэсліваць пры планаванні працы ў “трыядах”. Неабходнасць уключэння сям’і да працэссу азнаямлення дашкольнікаў з сацыяльным акружэннем, мовай тлумачыцца асаблівымі педагагічнымі магчымасцямі, якімі валодаюць бацькі, што не можа замяніць дзіцячы сад: любоў і прыхільнасць да дзяцей, эмацыянальна-пачуццёвы бок зносін, іх грамадскі, а неэгаістычны накірунак. Гэта і дае спрыяльныя ўмовы для выхавання высокіх маральных пачуццяў і мовы выхаванцаў. З гэтай мэтай былі распрацаваны памяткі для бацькоў “Пастулаты народнай педагогікі”, “Не шанавалі роднай мовы!”. У сваёй працы абапіраюся на бацькоў не як на памочнікаў, а як на раўнапраўных удзельнікаў фарміравання дзіцячай асобы. На канкрэтных прыкладах, фактах з жыцця сям’і праводжу работу па азнаямленню з роднай старонкай. Нашы бацькі рыхтавалі інфармацыю на роднай мове пра сваю вуліцу, інфармацыю пра знакамітых людзей, у гонар якіх назвалі вуліцы. Таксама іх прасіла часцей гуляць па гораду і звяртаць увагу на помнікі, архітэктуру нашага горада, чытаць на нач беларускія казкі, а раніцай разам з дзецьмі ўспамінаць пра што яны. Ва ўмовах дзіцячай установы знаёмства з горадам адбываецца з дапамогай фотаздымкаў і бясед. Ніякія заняткі не дадуць станоўчых вынікаў, калі самі дарослыя не будуць ганарыцца сваёй краінай, сваім народам, мовай, горадам. Адносіны бацькоў да роднай мовы і фальклору, іх ўжыванне ў выхаванні дзяцей, мы змаглі праназіраць і ў час анкетавання, па іх выказванням. Меркаванні вельмі розныя, таму галоўная задача на маю думку, паказаць праз дзяцей, якая наша мова мілагучная, краіна самабытная, талерантная. З гэтай нагоды мы запрасілі бацькоў на інтэрактыўную форму ўзаемадзеяння “Свята беларускай мовы”, дзе пасля прэзентацыі мовы дзецьмі, якія спявалі, гулялі, расказвалі вершы і казку, дарослыя самі сталі спрабаваць размаўляць па-беларуску, а дзеці ператварыліся ў журы і вельмі перажывалі. Бацькі не толькі ўспомнілі як гучыць мова, але і самі станцавалі “Кракавяк” і пагушкалі з забаўлянкамі сваіх дзетак. Пасля ўдзельнікі, бацькі і бабулі дзякавалі за такое цікавае мерапыемства, усім спатрэбіліся прапанаваныя памяткі з народнымі забаўлянкамі, пацешкамі і лічылкамі.

Бацькі значна папоўнілі нашу бібліятэку беларускімі кнігамі, асабліва цікавая - “Легенды і паданні Беларусі”. Запрашала бацькоў на літаратурную віктарыну: “Мой родны край!” і на “Гуканне вясны”, на адкрыты прагляд занятка па тэатралізаванай дзейнасці, дзе бацькі з асалодай слухалі беларускую мову з вуснаў іх родных дзяцей. Планую часцей запрашаць бацькоў у якой-небудзь ролі на заняткі па развіццю маўлення.

Планаванне работы ў дадзеным накірунку доўгі час выклікала цяжкасці. Перш за ўсё гэта было звязана з тым, што акружэнне дзіцяці на роднай мове не размаўляе, па другое, метадычнае забеспячэнне, неабходнае для планавання, было размешчана ў розных дапаможніках, не сістэматэзавана і не канкрэтызавана ў адпаведнасці з праграмай, тэматычным планаваннем, а таксама ўзростам дзяцей. Таму падчас падрыхтоўкі гублялася шмат часу, а паспешнацсь прыводзіла да фармальнага падыходу.

У гэтым годзе добрымі дапаможцамі сталі кнігі Дз.М. Дубінінай “Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору”, дзе прапануюцца гатовыя канспекты заняткаў і “Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў” разам з наглядным дапаможнікам для дзяцей Н.С.Старжынскай і Дз.М.Дубінінай. На маю думку, толькі выкарыстанне творчага падыходу да выхавання, аб’яднанне класічных і сучасных метадаў і прыёмаў арганізацыі работы з дзецьмі і бацькамі, з вузкімі спецыялістамі, уключэнне ў змест выхаваўчага працэсу інавацыйных тэхналогій побач са сродкамі народнай педагогікі і галоўнае жаданне дапамаглі дасягнуць станоўчых вынікаў і забяспечыць якасць адукацыйнага працэсу.
Выніковасць і эфектыўнасць вопыту.

Эфектыўнасць выкарыстання дадзеных форм і метадаў у нашай групе пацвярджаецца тым, што дзеці сярэдняй групы не толькі разумеюць беларускую мову, але і карыстаюцца ёй пад час гульняў, Данік П. і Аліса Я. пераказваюць казкі практычна на беларускай мове. Усе дзеці могуць расказаць некалькі забаўлянак, лічылак, праспяваць вывучаныя беларускія народныя песні, гуляюць у народныя гульні з вялікай ахвотай. У час адкрытых праглядаў калегі зазначылі, што мова дзяцей, чысцей па гукавому вымаўленню нават за мову выхаванцаў старэйшых груп, лёгка гучаць і выбухны [г’], [ў], зацвярдзелы [р], цвёрды [ч]. Канешне сутракаюцца і арфаэпічныя памылкі часта не пісаць, а “пясаць”, “лясток”, не чырвоны , а “чарвоны”, над гэтым мы будзем працаваць і ў наступным годзе. Праведзеная работа аказала станоўчы ўплыў на зацікаўленнасць бацькоў у выхаванні дзяцей на роднай мове, якія раніцай прывітаюцца па-беларуску і шчыра ўсміхаюцца, калі дзеці расказваюць па-беларуску, што рабілі без іх. Дзеці расказваюць, з якімі беларускімі казкамі і мультфільмамі (“Піліпка”, “Дзед”) яны пазнаёміліся дома.



Заключэнне.

Вынікі праведзенай педагагічнай работы пацвярджаюць, што галоўным фактарам ў развіцці беларускага маўлення з’яўляецца ўзор правільнай мовы выхавальніка, жаданне ўжывання мовы ў штодзённым жыцці ўсімі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу, ўключаючы і бацькоў. Правядзенне не толькі гульняў, святаў, але і арганізацыя ўсяго выхаваўчага працэсу на беларускай мове раўназначна як і на рускай. З дадзеным падагагічны вопытам я знаёмлю калег праз адкрытыя прагляды і выступленні на педагагічным савеце, дзялюся канспектамі, некаторым дапамагаю ў арганізацыі беларускіх гульняў і заняткаў. Кожны беларус павінен ведаць сваю мову, а размаўляць на ёй або не ў штодзённым жыцці, кожны вырашае для сябе сам.



Спіс выкарыстаных крыніц.

  1. Бадак, А. М. Маленькі чалавек у вялікім свеце / А. М. Бадак. – Мінск: Ураджай, 1995. – 80 с.

  2. Барташэвіч, Г. А. Дзіцячы фальклор / Г. А. Барташэвіч, В. І. Ялтаў. – Мінск: Навука і тэхніка, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, 1972. – 736 с.

  3. Дубініна, Дз. М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапам. для педагогаў устаноў дашк. адукацыі / Дз. М. Дубініна. – Мінск: Новое знание, 2016. – 208 с.

  4. Дубініна, Дз. М. Родная прырода ў вуснай народнай творчасці: і дап. для педагогаў дашкольнай адукацыі / Дз. М. Дубініна, А. А. Страха, Д. У. Дубінін. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2012. – 136 с.

  5. Лира, Т. А. Заучивание стихотворений с использованием моделей / Т. А. Лира. - Мозырь : Содействие, 2012. – 64 с.

  6. Ляшук, В. М. І прарастаюць словы : дап.для педагогаў дзіц. дашк. устаноў / В. М. Ляшук. – Мінск : НМЦэнтр, 1997. – 176 с.

  7. Пралыгіна, Н. В. Гульні з лялькай : фарміраванне сацыяльнага вопыту і асабістых якасцей у дзяцей 3 га жыцця сродкамі вуснай народнай творчасці ў гульнёвай дзейнасці / Н. В. Пралыгіна. – Мінск : Новое знание, 2015. – 40 с.

  8. Старжынская, Н. С. Маўленчае і лінгвістычнае развіццё дашкольнікаў: дапаможнік для ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашк. адукацыі / Н. С.Старжынская. - Мінск: Зорны верасень, 2007. - 88 с.

  9. Старжынская, Н. С. Развіццё беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў: вучэбн.-метад. дапам. для педагогаў устаноўдашк. адукацыі з руск. мовай навучання / Н. С. Старжынская, Дз. М. Дубініна. – Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2016. – 184 с.

  10. Старжынская, Н. С. Методыка развіцця роднай мовы: вучэбны дапаможнік / Н. С. Старжынская, Дз. М. Дубініна. - 2-е выд., выпр. - Мінск: Выш. шк., 2008. – 301 с.

11. Учебная программа дошкольного образования.- Министерство образования Республики Беларусь, 2012. – 416 с.

Дадатак 1

Гульнёвая дзейнасць у сярэдняй групе

Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да нацыянальнай мовы, стварэнне ўмоў для развіцця беларускага маўлення.

Задачы: - пабуджаць да ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове, да разыгрывання іх;

  • развіваць элементарныя навыкі зносін на беларускай мове;

  • фарміраваць уменні распарадкоўваць ролі паміж дзецьмі;

  • развіваць зрокавую і слыхавую ўвагу, хуткасць рэакцыі, кемлівасць, спрыт, уменне дзейнічаць па сігналу.

Ход дзейнасці. Выхавальнік: - Добрай раніцы паважаныя госці! Сёння мы вас пазнаёмім з беларускімі народнымі гульнямі, у якія мы любім гуляць у группе раніцай і ў другой палове дня, але паглядзіце, хто там хаваецца пад лаўкай. А гэта наш сябар – кот Мацей. (Хлопчык з лялькай ката ўстае з-пад лаўкі і мяўкае). Давайце ўспомнім вершык пра ката. Усе:


Кот Мацей пад лаўкаю

Скварку з’еў і мяўкае:



Данік, гледзячы на ката:- Дзякуй, баба, дзякуй дзед.

-Дзякуй, Данік за абед!

Выхавальнік: - Добры дзень Мацей, як добра, што ты прыйшоў, дапамажы паглядзець нам маленькага браціка Янку, а мы пагуляем. Кот: Добра, дапамагу! (пачынае калыхаць калыску)

Дзеці: Ой, ты коцінька, каток.

У цябе шэранькі хвасток,

Ты прыйдзі к нам начаваць,

Будзеш Янку калыхаць.

А я шэраму кату за работу заплачу.

Дам гарлачык малака і кавалак пірага.





Выхавальнік: - Вялікі табе дзякуй, вось ўжо і заснуў наш Яначка. Можна і пагуляць. Сёння я прынесла вам чароўную кветачку, на кожным пялёстку – заданне, выбірайце адзін, толькі аднаго колеру разам дамаўляйцеся. (На пялёстках умоўна намаляваны зязюля, пеўнік, сонейка, мышка, рукі, самалёт, нос, хлопчык) гэта наступныя гульні:

Мышка”. Пры дапамозе лічылкі:



Тут на лаўцы дзеці селі,

Тут вароны паляцелі,

Тут прыселі ля варот,

Гэта маці,

Гэта кот.


Выбіраецца маці і кот. Кот адыходзіць у бок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. Маці, заціснуўшы мышку паміж складзенымі далонямі абыходзіць гуляючых і, імітуючы перадачу мышкі, праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага іграка, пры гэтым гаворыць: “Гэтаму не дала, гэтаму не дала, гэтаму падумаю, гэты няхай пачакае” - і непрыкметна перадае каму-небудзь мышку. Абышоўшы гуляючых, яна кліча ката, які павінен адгадаць у каго мышка, той становіцца катом, а былы кот займае месца іграка. Не адгадае, адыходзіць убок, і гульня працягваецца. Кот, які не знайшоў мышку пасля трох спроб, выбывае з гульні, а яго месца займае ігрок, у якога была мышка ў апошні раз. А можна па лічылцы кожны раз выбіраць новага ката і новую маці.

Схавай рукі” з пацешкай “Сонейка, сонца”. Па лічылцы выбіраецца сонца, яно становіцца ў круг, ловіць рукі, а ўсе дзеці трымаюцца за вяроўку і павінны сачыць за тым, каб яна не звалілася і ў пэўны час адпускаць, каб не папаліся рукі, разам з тым дражняць сонейка.

Птушкі ляцяць”. Выхавацель называе словы. Дзеці махаюць рукамі, калі прадмет лятае і не рухаюцца, калі не лётае. Напрыклад: птушкі ляцяць, званочкі, канапа, мухі, жабы, пчолы, самалёты, дзьмухаўцы, рамонкі, дываны…

Нос, нос, лоб”. Выхавацель паказвае на розныя часткі свайго цела, а дзеці павінны правільна паказваць тое, што ён называе і не заблытацца.

Зязюля” і “Адгадай, чый галасок”. Дзеці ўтвараюць круг. Адзін з ігракоў становіцца пасярэдзіне яго і закрывае вочы. Дзеці гавораць:


Сталі ў круг і –раз, два, тры!

Павярнуліся сябры!

А як скажам – скок, скок.

Адгадай, чый галасок?



На апошнія словы ўсе паварочваюцца вакол сябе і спяваюць. Дзіця, што стаіць у цэнтры з закрытымі вачамі, павінна адгадаць, хто праспяваў “Скок, скок”. Той, каго пазналі выходзіць на сярэдзіну круга.

Аналагічна праводзіцца гульня “Зязюля” у суправаджэнні слоў:



У сад зязюля прылятае,

Зранку песню нам спявае,

Ты (імя…) не зявай,

Хто кукуе адгадай!



Кукарэку певунок” гульні з пальчыкамі ў у суправаджэнні пацешкі, хлопчыкі за певунка, дзяўчынкі адказваюць за курачку.

Ягорачка” абыгрыванне пацешкі ў адпаведнасці з тэкстам.

Застанецца час, можна прапанаваць згуляць у “Вожыка”, але лавіць ручкі. Выхавальнік: Вы ўсе малайцы, але на развітанне хачу пазнаёміць вас з новай гульнёй “Прэла-гарэла”. Станавіцеся ў круг:


Прэла-гарэла,

За мора ляцела,

А як прыляцела,

Дзе-недзе села.

Хто першы знойдзе,

Той сабе возьме.



А зараз вам патрэбна знайсці ўсе васількі, што схаваны ў групе, хто больш знойдзе, той і пераможца. Шукайце, а пасля падлічам. Спадабаліся гульні! Я спадзяюся, што і без кветачкі вы самі ў іх зможаце пагуляць.



Дадатак 2

Інтерактыўная гульня з бацькамі “Свята роднай мовы!”

Мэта: ўзбагачэнне вопыта межасабовых адносін людзей, іх пачуццёвага жыцця, трансляцыя педагагічнага вопыту і стварэнне ўмоў для матывацыі ўдзельнікаў гульні ў выкарыстанні прапанаваных метадаў і прыёмаў у зносінах са сваімі дзецьмі па-беларуску.

Задачы: - арганізваць сумесную дзейнасць праз далучэнне бацькоў да этнакультуры,

- развіваць жаданне бацькоў супрацоўнічаць з дзіцячым садам па развіццю беларускага маўлення дзяцей,

- стварыць умовы для таго, каб у бацькоў з’явілася жаданне практыкаваць родную мову пры зносінах з дзецьмі ў розных формах узаемадзеяння.

Абсталяванне: беларускія народныя касцюмы для вядучых і дзяцей, дэкарацыі для казкі, малюнкі – рэбусы прыказак, магнітафон, запіс беларускіх вясёлых песень, беларускія лялькі, зборнікі фальклору, памяткі, васількі.

Падрыхтоўка: развучванне з дзецьмі беларускіх песень, танцаў, вершаў і казак для прэзентацыі бацькам, стварэнне міні-музея этнічнай культуры “Беларуская хатка”, арганізацыя выстаўкі народных умельцаў, насычанасць памяшкання, ў якім будзе праводзіцца гульня знакамі і сімваламі культуры.

Ход мерапрыемства. 1. Прэзентацыя.


  • Пачынае мерапрыемства выхавацель:

- Добры дзень паважаныя госці, сёння мы адзначаем свята беларускай мовы, запрашаю вас стаць актыўнымі удзельнікамі нашага мерапрыемства.

(Гучыць павольная беларуская музыка і ідзе хлопчык, выконваючы адпаведныя рухі і грае на свісцёлцы, а дзяўчынка чытае забаўлянку.)

Горкай-горкай горачкай

Ішоў малы Ягорачка.

Ваўкоў не баяўся,

Страхаў не пужаўся,

Выразаў Ягорачка

Дудачку-свісёлачку

І пяяў ён птушачкай,

Птушачкай-пяюшачкай.

Выхавацель:- Так ішоў Ягорка і сустрэў сваіх свяброў, якія гулялі з пальчыкамі:

Кукарэку певунок

Залаценькі чубок

Пад ветачку пайшоў,

Курку-рабку там знайшоў,

Пачаў курку пытаць,

Ці ўмее чытаць.

Не чытаю, не пішу,

Толькі яйкі нясу,

Штодзень яйкі нясу

Аж па цэламу кашу.



Выхавацель:- Узяў Ягорка сваіх сяброў і пайшлі яны вандраваць разам. Ідуць і бачаць, што сабралася на вуліцы шмат дзяцей, яны і запрасілі нашых знаёмых пагуляць разам.

(Праводзяцца гульні “Журавель” і “У нашага Трыхвана”).

Стаміліся дзеці гуляць і тут прыйшла цётка Алена, кажа:

- Дзеткі, я хачу вам казку расказаць пра зайчыка, а вы мне дапамажыце, калі ласка. (Дзеці выконваюць адпаведныя рухі на музычных інструментах, а музычны кіраўнік расказвае казку “Зайкава хатка”).



Выхавацель: - Але гэта яшчэ не ўся казка, слухайце, што адбылося ў наступныя дні. (Песня “Бегаў зайка, шэранькі ля ракі”).

Выхавацель: - Паважаныя дарослыя, ці спадабалася вам наша казка? Мы запрашаем вас станцаваць народны танец “Кракавяк”. Выходзяць дзяўчынка з хлопчыкам за руку і расказваюць вершы. Дзяўчынка - Алеся Бадака “Беларусачка”, хлопчык - Сяргея Сокалаў-Воюш ”Блакіт нябёс”:


Блакіт нябёс і белы бусел,

І кветкі ў полі, як абрус…

Мой край завецца Беларуссю,

А сам я хлопчык беларус.

Твар румяненькі.

Белая хустачка.

Я ўжо ведаю, я – беларусачка.

І хачу так, як тата і мама

Родны край свой любіць я таксама.


2.Пастаноўка праблемы. (Дзеці ператвараюцца ў слухачоў, а бацькі наадварот становяцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства.) Выхавацель: - Паважаныя бацькі! Ці спадабаўся вам наш міні-канцэрт? Так нас усіх уразіла, як прыгожа нашы дзеці размаўляюць і спяваюць на роднай мове. А скажыце, калі ласка, чаму ў сучасным жыцці я ніколі не чую, каб вы з імі размаўлялі на роднай мове? Па чарзе выслухаць меркаванні кожнага. Сення мы з вамі будзем спрабаваць размаўляць па-беларуску. Але спачатку падзелімся на дзве каманды, прыдумаем назву і дэвіз на беларускай мове. Выхавацель: Першае заданне - размінка. Адкажыце, калі ласка на пытанні, але па-беларуску, можаце адзін аднаму дапамагаць. (Пытанні можна задаваць па чарзе, або прапанаваць выцягваць карткі і самаму чытаць). За кожны правільны адказ каманда атрымае васілёк.

1.Самая буйная сава? (Пугач)

2. Якое дрэва ў Беларусі называюць мядовым? (Ліпа)

3. Спецыяліст па знішчэнню вусеняў? (Зязюля)

4. Калі поле бывае блакітным? (Калі цвіце лён)

5. Хто такі Іван Дамінікавіч Луцэвіч? (Янка Купала)

6. Самая вялікая птушка Беларусі? (Белы бусел)

7. Галоўная рака Беларусі? (Днепр)

8. Дзень канстытуцыі Беларусі? (15 сакавіка)

9. Назавіце возера Беларусі ў якое ўпадаюць 17 ручаёў, а выцякае адна рэчка? (Нарач)

10. Які беларускі горад стаіць на вулкане? (Брагін)

Выхавацель: Шаноўныя бацькі, скажыце, а ці ведаеце вы беларускія народныя прыказкі і прымаўкі? Зараз мы праверым, па малюнку патрэбна здагадацца, што гэта за прыказка:


  • “Ваўка ногі кормяць”.

  • “Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужэеш”.

  • “З пустога посуду не п’юць, не ядуць”.

  • “Не слухаў малы не паслухае і вялікі”.

  • “ На вярбе грушы не растуць”

  • “Беражыся каровы спераду, а каня ззаду”.

  • “У дзіравым вядры ваду не носяць”.

Выхавацель: Прапаную бел. загадкі.

  • Было жоўтым, вырасла зялёным, сонца пацалавала, зноў жоўтым стала. (Збожжа)

  • Спераду шыльцы, ззаду вільцы, наверсе чорнае сукно, падыспадам белае палатно. (Ластаўка)

  • Зімою хаваюся, вясною з’яўляюся, летам весялюся, восенню спаць кладуся. (Рака)

  • Ні мора, ні зямля, караблі не плаваюць, бо нельга. (Балота)

  • Коціцца катушка, ні звер, ні птушка, ні камень, ні вада, а што – адгадай! (Сонца)

  • Хадзілі мужыкі ў лес без тапароў ды зрабілі хату без вуглоў. (Мурашкі)

  • У адным клубочку ды сем дзірачак. (Галава).

Вось мы з вамі і ўспомнілі беларускі фальклор.

Выхавацель: А зараз я прапаную вам успомніць нашы беларускія песні, хто пазнаў падпявае (БНП”Мікіта”, “Мішанька”, “Бегаў зайка шэранькі”, У.Алоўнікаў, А.Бачыла “Радзіма, мая дарагая”, І.Лучанок, А.Ставер “Жураўлі на Палессі ляцяць”, І.Лучанок, Я.Купала “Спадчына”, БНТ “Бульба”, “Крыжачок”).

3.Абмен вопытам. Выхавацель: Вось мы пераканаліся ў тым, што ведаем нашу мову і спадчыну. Аднак, скажыце, дома, ці размаўляеце вы на роднай мове хоць час ад часу? А ў якіх сітуацыях гэта можна зрабіць? Выслуховаем адказы ўсіх жадаючых. Затым удакладняем. У якія гульні вы з дзецьмі гуляеце дома? Ці ведаеце беларускія? Калі бацькі змарыліся, можна прапанаваць гульню “Міхасік”. Напэўна, часцей за ўсё маці выкарыстоўваюць беларускія калыханкі або забаўлянкі, дзеці іх так любяць за простыя і запамінальныя словы. Шмат з іх суправаждаюцца пастукваннем, пагладжваннем, лёгкай казыткай, інакш кажучы, сапалучаюцца з рознымі варыянтамі массажу.

Я Алінку пасаджу,

Добрым вокам пагляджу,

У анела папрашу,

Каб вялікая расла.

Каб шчаслівая была.

Або такая.

У аблічча прыгажок,

У галованьку разумок,

У раток гаварок,

А ўсё злое - за парог: тфу!


Гэтыя вершыкі маюць яшчэ і функцыю суцяшалак – можаце іх прыгадаць, калі дзіцятка пабіла каленку. Усім вядомая сарока-варона, не проста рыфмаванка. Падчас гульні з пальчыкамі, стымулююцца рэцэптары на далоньках і кончыках пальчыкаў, што таксама спрыяе развіццю мовы дзіцяці. А якія гушкалкі і казыталкі вы ведаеце, з вамі ў дзяцінстве гуляла маці або бабуля з дзедам? (Хто ўспомніў, прыгадае)

Паглядзіце, што за лялькі стаяць у мяне на стале? Чаму яны без твару?

Так, раней рабілі без твару, гэты падкрэслівалася тое, што рэч не жывая, а значыць ніхто не зможа зрабіць зла і жывому чалавеку. А лялькі ў нашых продкаў былі не толкі дзіцячымі забаўкамі, але і надзейным абярэгам ад ліхога вока і хвароб.

Калі сароміцеся размаўляць па-беларуску таму, што робіце шмат памылак, вам у дапамогу лялька, ад яе імя, памылкі дзеці і не заўважаць. Але каб пазбегнуць трасянкі ва ўмовах білінгвізму (двухмоўя) старайцеся, у пэўнай сітуацыі выкарыстоўваць толкі адну мову, або прыцып “адзін чалавек - адна мова”, гэта спрыяе разуменню маленькага чалавека таму, што ў дадзенай сітуацыі размаўляем па-беларуску.

Ці чытаеце вы дзецям казкі на нач? Пераказ не толькі развівае маўленне, але спрыяе развіццю слыхавай памяці, мыслення, а не хапае часу, дапаможа гуказапіс, шмат казак можна знайсці ў інтэрнеце, зараз і мультфільмаў з’явілася шмат на роднай мове. Вам застанецца толькі спытаць у малечы пра што яны.

4.Рэфлексія. Падвядзенне вынікаў. Выхавацель: - На прыканцы нашай сустрэчы хочацца даведацца: Ці спадабаўся вам наш сход? Што вы адзначылі для сябе? Што хочацца змяніць у зносінах са сваімі дзецьмі? Спадзяюся, ад усяго сэрца, што наша сустрэча выклікала ў вас жаданне размаўляць на роднай мове. На памяць прапаную памяткі з беларускімі лічылкамі, рухомымі гульнямі, гульнямі з лялькай. Забаўляйце дзетак часцей!

Дадатак 3

Тэма: Тэатралізаваная дзейнасць у сярэдняй групе.

Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жадання авалодаць ёю.

Задачы развіцця выхаванца ў дзейнасці:

- далучаць дашкольнікаў да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе,

- развіваць навыкі маўленчага самакантролю,

- развіваць навыкі разумення беларускай мовы,

- фарміраваць уменне самастойна і выразна весці сваю ролю ў спектакле.

Нагляднасць і абсталяванне: тэатр «Батлейка», магнітафон, каляска з лялькай.



Ход дзейнасці. Раздаецца званок тэлефона, выхавацель з некім размаўляе, выходзіць з группы, а потым вяртаецца з каляскай і лялькай .

Выхавацель : - Паглядзіце, калі ласка, каго я вам прывезла? Так маленькага хлопчыка, яго імя Васіль, а маці яго ласкава называе Васілёк. Гэта дзіцё маёй знаёмай, яна пайшла ў цырульню і папрасіла мяне пабыць гадзіну з сынам. Вы мне дапаможыце яго паглядзець? У многіх з вас есць маленькія сястрычкі або брацікі, што яны любяць больш за ўсё? Так, калі з імі гуляюць (выхавацель з дзецьмі разказвае забаўлянку : “Кую, кую ножку…”)

Выхавацель: - А зараз пакажыце маленькаму хлопчыку, як вы ўмееце гуляць у лічылкі, сутнасць гульні ў тым, каб кожны з дзяцей змог стаць вядучым, на кім астанавіліся лічыць, той выходзіць і сам рассказвае.

Выхавацель: А давайце пазабавім Васілька гульнёй у ладачкі? (Дзеці пляскаюць у далоні пад забаўку “Лады-ладушкі прыляцелі птушкі”)

Пасля зноў раздаецца плач дзіцяці. Выхавацель: - Дзеці нешта не падабаецца нашаму госцю, можа яму спаць хочацца? Што вы прапануеце? Дзяўчынкі пяюць калыханку:


“Баю, баю спацькі,

няма дома бацькі,

пайшоў на работу,

прыедзе ў суботу,

прывязе гасцінцаў

цэлую хусцінку,

будзем мы гасцінцы браць,

будзем татку цалаваць”.



Выхавацель: - Не спіць наш хлопчык, чым яшчэ мы можам пазабавіць маленькага? Так, можам паказаць яму казку.

Драматызацыя з дапамогай тэатра, беларуская “Батлейка”. Гучыць музыка, аўтар-выхавацель пачынае расказваць казку “Каза-манюка”, яму дапамагаюць дзеці - дзеючыя асобы. Пасля прагляду выхавацель цікавіцца ў гледачоў, спадабалася, ці не, прапануе паслухаць прыказкі і пытаецца, як дзеці іх разумеюць, ці падыходзяць яны да гэтай казкі, калі так, абгрунтаваць чаму?



*Шукай сабе сябра ў бядзе.

*Штот галава, то розум.

*Прыйшоў не званы, ідзі не гнаны.

*Бяда розуму вучыць.



Выхавацель: - А вось і матуля прыйшла! Дапабачэння!

Дадатак 4

На пачатку другой малодшай группы дзеці не размаўлялі на беларускай мове. нават не разумелі яе. У студні 2017 яны адказвалі на пытанні і нават пераказваюць невялікія казкі (сярэдняя група).



Фрагмент гутаркі. Выхавацель: - Дзеці, хто мы? Як сказаць адным словам? (Беларусы, усе адказваюць).

Ксюша В.: Не, Алеся Віктараўна, толькі хлопчыкі беларусы, а ўсе дзяўчынкі беларускі, яны ж не хлопцы і ты таксама беларуска.

(Пасля працавалі над утварэннем назоўнікаў множнага ліку).



Апісанне цацкі. Выхавацель: - Раскажы, якая цацка ў цябе любімая?

Сафія Н.: - Лялька Барбі.

Выхавацель: - А якая яна?



Сафія Н.: - Яна як мама. Валасы прыгожыя, даўгія. Вочы, як блакіт. Сукенка ў яе ружовая. На нагах “чарвоныя” туфлі, я хачу, каб яна жыла тут у лялечным доміку, мы з ёй гуляць разам з дзяўчынкамі будзем.

Пераказ казкі. Данік П.: Казка называецца “Пра зязюлю”. Жылі – былі брат і сястра. Брат быў вельмі бедны, а сястра была дужа багатая. Брат “адной ночы” пайшоў да сястры, каб кавалкам хлеба дапамагла, а сястра сказала, што ключы згубіліся. Ён чакаў, чакаў, чакаў, чакаў, не вытрымаў і пайшоў на дарогу, паваліўся і памёр. А сястра зразумела, што зрабіла дрэнна і кліча “Якуб, Якуб, ключы знайшліся”. І ў лясу чуецца : “Ку-ку, ку-ку, ку-ку!”.

Дадатак 5

Дыдактычная гульня “Вясёлы цягнічок”.

(для дзяцей ад 3-7 гадоў)

Мэта: садзейнічанне станаўленню рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення.

Задачы: - фарміраваць уменні сачыць за разгортваннем дзеянняў у творах, разумець яго змест;



  • фарміраваць уменні захоўваць паслядоўнасць пры пераказе казак, як знаёмых, так і ў першыню прачытаных;

  • фарміраваць уменні ствараць самастойныя па задуме і моўным афармленні выказванні;

  • фарміраваць уменні прыдумваць казкі або свой зачын ці канец яе.

Склад: наборнае палатно ў выглядзе цягніка і вагончыкаў, якія прычэпліваюцца ў залежнаці ад колькасці казак або колькасці герояў адной казкі; карткі з пэўнымі героямі, калі ў казках сустракаюцца такія ж героі, то колькасць аднолькавых картак павінна быць у адпаведнасці з колькасцю казак.

Варыянт гульні 1

Выхавальнік чытае казку і выстаўляе герояў па меры іх з’яўлення, што потым дапамагае пры пераказе, ці адказе на пытанні. Калі знешні выгляд героя супадае са зместам, можна прапанаваць апісаць героя. Карткі могуць быць і схематычныя ў залежнасці ад узросту дзяцей.



Варыянт гульні 2

Выхавальнік прапануе дзецям знайсці тых герояў, якія ёсць ў пэўнай казцы і расказаць яе.



Варыянт гульні 3

Выхавальнік дае заданне, размеркаваць гарояў па казкам (вагончыкам).



Варыянт гульні 4

Дзеці запрашаюць у казку новых герояў і расказваюць, што з імі там адбывалася, ці як яны там апынуліся і г.д.



Варыянт гульні 5

Параўнанне рускіх і беларускіх казак (сюжэта, колькасці герояў). Напрыклад значна адрозніваецца “Курка Раба”, у беларускай казцы ёсць і сабакі, і гусі, воўк і нават мядзець, які ад гора сабе хвост адарваў.



Варыянт гульні 6

Дзецям старэйшага ўзросту можна прапанаваць вырабіць свае карткі і прыдумаць гісторыю. Цягнік прывёз герояў адной казкі ў другую і г.д. у залежнасці ад задач.





Каталог: gallery
gallery -> Індывідуальныя заданні для паглыблення ведаў па беларукай мове і літаратуры 8-11 класы 1
gallery -> Расклад заняткаў дуа “Крываносаўская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Р. Н. Мачульскага” на 2 паўгоддзе 2015/2016 навучальнага года
gallery -> Тэма ўрока: Клас Малашчацінкавыя. Дажджавы чарвяк (8кл.) Мэта
gallery -> Урок па тэме: " Будова і функцыі касцей. Злучэнні касцей шкілета чалавека"
gallery -> Фарміраваць уменні і навыкі знаходзіць у сказах і тэкстах дзеепрыметнікі на аснове іх марфалагічных прымет і сінтаксічных асаблівасцей
gallery -> Інтэлектуальная гульня «Беларусь – сінявокая»
gallery -> Развагі пра здароўе
gallery -> Прыметнік, прыслоўЕ: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля
gallery -> -


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал