Аповесці з майго часу



Дата канвертавання04.03.2018
Памер125.07 Kb.
#18638
Мікола Хаўстовіч ЖАНРАВА-СТЫЛЯВЫЯ АСАБЛІВАСЦІ "АПОВЕСЦІ З МАЙГО ЧАСУ" ІГНАЦЫЯ ЯЦКОЎСКАГА

Беларускія навукоўцы і публіцысты ХХ ст. не звярталі ўвагі на літаратурны характар кнігі І. Яцкоўскага "Аповесці з майго часу, або Літоўскія прыгоды". І таму аналіз "Аповесці з майго часу" неабходна дзеле таго, каб давесці мастацкую прыроду твора, катэгарычна запярэчыць тым гісторыкам літаратуры, якія сцвярджаюць, што гэты тэкст - успаміны, што гэта - твор мемуарнага жанру.

Знаёмства з "Аповесцю з майго часу" дае падставы гаварыць пра надзвычай адметную жанрава-стылёвую спецыфіку твора.

Па-першае, тэкст, напісаны напачатку 50-х гг. ХІХ ст., мае ўсе падставы лічыцца гістарычным: яго мастацкі час пачынаецца напрыканцы XVIII ст. (бацька пані Войскай быў забіты ў 1794 г. расійскімі жаўнерамі, якія рабавалі яго гаспадарку) і завяршаецца падзеямі 1828 г. у Крашыне). Сам аўтар кажа пра падзеі саракагадовай даўнасці, лічачы асноўнай сцэнай твора паказ фінальнай драмы галоўнай гераіні - Багусі. Пра гэта ён піша ва "Уступе": "Ужо прайшло амаль сорак гадоў з таго часу, калі адбываліся падзеі, апісаныя ў нашым творы; іншыя матэрыялы, выкарыстаныя ў ім, яшчэ больш даўнія" [1, с. І].

Па-другое, асноўная сюжэтная лінія "Аповесці з майго часу" заснавана на сямейна-бытавой драме, "узмоцненай" прыгодніцкімі элементамі: "Думка аўтара пра людзей, якія колісь адыгрывалі славутую, бясспрэчна, адрозніваецца ад іх біяграфій, але не адрозніваецца ад меркаванняў, якія мелі пра іх суседзі, што вельмі добра іх зналі <...> факты, пададзеныя скрупулёзна, даюць магчымасць кожнаму ацаніць мой прысуд, на які не ўплывалі ні паклёпы, ні ліслівасць" [1, с. І].

Па-трэцяе, мемуарамі звычайна называюць тэкст, у якім у пэўнай паслядоўнасці згадваюцца тыя ці іншыя падзеі, бачаныя аўтарам. У "Аповесці з майго часу", сапраўды, прысутнічаюць аповеды пра чутае і бачанае аўтарам. І хоць дадзеная "ўспамінальная" плынь і займае значнае месца ў творы, але яна - пры ўсёй яе значнасці і важнасці - другасная. Яна больш нагадвае лірычныя адступленні, чым мемуары. Яна патрэбна дзеля стварэння каларыту эпохі, у якую жывуць героі. (Зрэшты, асноўную сюжэтную лінію аўтар "скампанаваў" толькі дзякуючы таму, што добра ведаў эпоху, дык мог "ужывіць" у яе пэўную авантурную гісторыю. Больш дакладна, - крымінальную, якую мог чуць напачатку свае адвакацкай кар'еры).

Па-чацвёртае, "Аповесць" І. Яцкоўскага ўзнікла як водгук на "Пана Тадэвуша" А. Міцкевіча. А менавіта, як завуаляванае выяўленне нязгоды з трактаваннем вялікім паэтам падзей, што мелі месца ў 1811-1812 гг. на Наваградчыне і сведкам якіх быў аўтар "Аповесці з майго часу . У першую чаргу, гэта непраўдзівае адлюстраванне А. Міцкевічам стаўлення французскіх і польскіх войскаў да мясцовага насельніцтва на Літве. Пісьменнік таксама "ведаў" прататыпаў герояў "Пана Тадэвуша" і палічыў сваім абавязкам падаць іх рэальныя партрэты. А каб завуаліраваць такі смелы выступ супраць вяшчуна Адама, ён засланяе сваю трактоўку падзей на Наваградчыне ў 1811-1812 гг. даволі банальным сюжэтам сямейна-бытавой тэматыкі. А таксама ананімнасцю твора: "Хто пісаў гэтую кніжку? Гэта неістотна. Тыя, хто ведае мясцовасць і факты, апісаныя тут, адгадаюць аўтара" [1, с. ІІ].

І. Яцкоўскі выразна вылучае і адрознівае дзве плыні апавядання ў сваёй "Аповесці"; плыні, якія існуюць незалежна адна ад адной, але якія ён лучыць з дапамогаю "духу часу", эпохаю: "Факты і асобы кантактуюць не столькі між сабою, як з апісанаю эпохаю" [1, с. І]. Першая плынь апавядання - гэта апісанне прыватнага жыцця сям'і Войскага, а другая - характарыстыка найбольш значных здарэнняў (гістарычных і бытавых) на Наваградчыне. Першая плынь дамінуе, "дэталі" гэтае плыні нараджаюць другую плынь.

Пісьменнік лакалізуе дзеянне свае "Аповесці" на Наваградчыне: "У Наваградскім павеце, на Літве, там, дзе прайшлі найпрыемнейшыя гады мае маладосці, жыло непадалёку панства Войскіх" [1, с. 3]. Палітычныя падзеі канца XVIII ст. самым непасрэдным чынам закранулі сям'ю Войскага: ягоны цесць Багуслаў Р... з Райцы, былы канфедэрат барскі, быў забіты ў 1794 г. на ўласным полі, калі бараніў ад расійскіх казакоў свой статак. Калі Бог даў панству Войскіх дачку, дык назвалі яе ў гонар дзеда - Багуслава. З малых гадоў бацькі гадавалі дзіця як найвялікшы скарб, яго было акружана пяшчотаю, ласкаю і любоўю. Пісьменнік прасочвае кожны значны выпадак сямейнага жыцця Войскіх, але, думаецца, не дзеля таго, каб апісваць дробязі, а каб мець магчымасць расказаць вядомыя гісторыі, пазнаёміць з каларытнымі постацямі, што жылі на Наваградчыне напачатку ХІХ ст. Напрыклад, хвароба Багусі, якая страшэнна напалохала Войскага, выкарыстоўваецца пісьменнікам дзеля знаёмства чытача са станам медыцынскага абслугоўвання ў краі і адначасна засведчвае яго, І. Яцкоўскага, досвед у народнай медыцыне.

Варта пісьменніку згадаць пра адно са свавольстваў Багусі - як яна пераймае рухі і гаворку манаха-квестара, - узнікае шэраг раздзелаў (VI. "Ксёндз Булгак, квестар", VII. "Працяг аповеду пра ксяндза Булгака. Уцёкі моладзі. Спраўнік і сакратар", VIII. "Матовіч, Ланскі, Пётр Пятровіч, Карнееў і Зарэмба") не звязаных непасрэдна з жыццём сям'і Войскіх. Так пісьменнік амаль непрыкметна пераходзіць ад першае, заяўленае як асноўнае, да другое, дадатковае плыні апавядання. І, трэба сказаць, - займальнасць другое плыні апавядання на парадак вышэй, чым першае. Асабліва, калі ўлічыць, што чытач без цяжкасці пазнае ў ксяндзу квестару Булгаку І. Яцкоўскага квестара Робака з "Пана Тадэвуша".

Булгак быў школьным сябрам Войскага, удзельнічаў у паўстанні Ясінскага, сасланы ў Сібір; праз колькі гадоў вярнуўшыся на радзіму, стаў квестарам айцоў бернардынаў у Нясвіжы. І патаемна рыхтаваў суайчыннікаў да ўступленне ў войска Напалеона, а таксама ўладжваў з расійскай адміністрацыяй справы, якія вынікалі з-за ўцёкаў моладзі за Нёман. Добрым словам згадаўшы гродзенскага губернатара Ланскога, прыхільнага да ліцвінаў, І. Яцкоўскі тут жа расказвае пра мінскага губернатара Карнеева, ад якога моцна пацяпрела шляхта, і генерала Тучкова, які зрабаваў Нясвіж ў 1812 г.

У наступных раздзелах (IX. "Адукацыя Багусі", X. "Porcinculum у Нясвіжы", XI. "1811 год. Камета") пісьменнік вяртаецца ў мастацкую прастору першае плыні апавядання. Аднак ён папярэджвае чытача, што не будзе апісваць выхаванне Багусі, такое звычайнае і малацікавае, і зноў "адхіляецца" ад асноўнай сюжэтнай лініі. Праўда, у гэтых раздзелах "адхіленне" ад сямейнай гісторыі Войскіх нязначнае: апісваючы Porcinculum у Нясвіжы пісьменнік увесь час трымае ў полі свайго зроку Багусю - яна аддадзена на выхаванне ў кляштар бенедыктынак у Нясвіжы, ігуменняй якога была сястра Тадэвуша Касцюшкі.

Апісанне рэлігійнага свята дае магчымасць аўтару ўнесці эмацыянальную плынь у ягонае апавяданне, параўнаць, як адбываецца служба "ў нас і за мяжою: той, хто бываў на падобных урачыстасцях у Нясвіжы, не знойдзе такіх уражанняў на ўсім свеце" [1, с. 74].

У 1811 г. дачка Войскага ўжо паненка. Бацькі не жадаюць бачыць яе ў манаскім стане, бо іх маёнтак можа "падшукаць" ёй прыстойную партыю. Але ў свеце неспакойна, як прадвеснік няшчасця - пошасці і вайны - з'яўляецца летам таго году на небе камета. Пачуццё трывогі ў чытача выклікаюць і апісанні пажараў на Наваградчыне. Маёнтак Войскіх толькі цудам ацалеў: пісьменнік прыпісвае гэта малітвам уніяцкага святара, суседа галоўнага героя. Заўважым, што І. Яцкоўскі, апісваючы службу ва уніяцкай царкве, падае яе па-беларуску: "Са страхам Божым паклонімся...", "Пад Тваю Міласць паддаемыся, Божа, Божа, Божа наш..." [1, с. 86-88].

Сямейная гісторыя Войскіх, уключаная да гэтага часу ў аповед пра наваградскія падзеі 1811 г., пачынаючы з раздзела ХІІ. "Пані прэзідэнтава Пацыніна", надоўга знікае са старонак "Аповесці". Прычынаю "замены" першае плыні апавядання на другую сталася "жаданне" бацькоў Багусі даць дачцэ "свецкую адукацыю" - адправіць яе ў Наваградак, дзе з-за адсутнасці жаночага пенсіёну прэзідэнтава Пацыніна прымала ў свой дом шляхецкіх дзяўчат "na dozor". Пісьменнік, цалкам забыўшыся пра Багусю, апавядае пра тое, як і чаму вучылі моладзь у Наваградку; адначасна падае і гісторыі настаўнікаў музыкі, танцаў і малявання. Акалічнасці іх жыцця часам дазваляюць "здрадзіць" і дэталі ўласнай біяграфіі. Як настаўнік музыкі, былы капельмайстар князя Агінскага, памыляўся ў нотах з-за кепскага зроку, так і ён сёння "змушаны ўжываць акуляры дзеля напісання гэтае рамоты (польскае слова ramota мае два значэнні: 1. "Кепскі, без мастацкіх вартасцяў літаратурны твор"; 2. "Невялікі апавядальны твор свабоднай кампазіцыі, вытрыманы ў форме жартаўлівай гавэнды, які мае камічна-сатырычныя элементы і выразны дыдактызм" - М.Х.), пераканаўся, што шмат цікавых дэталяў можа быць прапушчана з-за кепскага зроку і памяці" [1, с. 101].

Апісанне свецкае навукі ў Наваградку змяняецца апісаннем Наваградка. Падмурак дому ў Наваградку, дзе колісь ваявода Несялоўскі адбываў пакаранне - "вежу", дае мажлівасць І. Яцкоўскаму расказаць пра гэтага вядомага магната. Ён пры спрыянні караля бярэ шлюб з Масальскаю, атрымлівае ў якасці пасагу маёнткі на Наваградчыне і павялічвае сваё багацце, крыўдзячы шляхту. Пісьменнік адмыслова спыняецца на апісанні судовага працэсу Несялоўскага са шляхтаю, бо важнаю асобаю ў гэтым працэсе быў Мікалай Міцкевіч, бацька Адама. Пазней Несялоўскі жорстка адпомсціў шляхце, якая не de jure, a de facto хацела быць рознай ваяводзе, - выгнаў яе з бацькоўскіх фальваркаў.

Гэткімі ж фарбамі малюе І. Яцкоўскі і вобраз канцлера Ёахіма Храптовіча. Пісьменнік гаворыць пра яго хцівасць, сквапнасць, нядобразычлівасць. І гэта нягледзячы на тое, што яму вядомы хвалебныя водгукі пра графа ў друку. І. Яцкоўскі ведаў Ё. Храптовіча "па- суседску". Таго Ё. Храптовіча, які "не меў аніякіх пасад у павеце, на якія згода абывацеляў была патрэбна" [1, с. 132], а адзінай памяткай, якую пасля сябе пакінуў, стала тое, як ён не дазволіў атрымаць патэнт на доктара медыцыны таленавітаму Арахоўскаму, што не быў шляхціцам.

Праўда, І. Яцкоўскі аддае належнае Ё. Храптовічу: гаворыць пра скасаванне паншчыны і ўвядзенне чыншу, пра будаўніцтва і ўтрыманне ланкастэрскіх школ для сялян, дзе моладзь вучылася чытаць і пісаць.

Не выключаем, што непрыхільная характарыстыка Несялоўскага і Храптовіча ўзнікла як рэакцыя на іх непатрыятычныя ўчынкі ў часе паўстання 1830-1831 гг. Зрэшты, крытыка магнатаў і арыстакратыі І. Яцкоўскім аніяк не збліжае яго з дэмакратычным лагерам Ё. Лялевеля і С. Варцэля. Пісьменнік выяўляе адно чалавечыя недахопы магнатаў. А ў наступным раздзеле (XIV. ,,Domowienie") (відаць, убачыўшы, што залішне згусціў фарбы) І. Яцкоўскі спрабуе "абяліць" створаныя ім вобразы: "Усё, што вышэй было сказана пра ваяводу Несялоўскага і канцлера Храптовіча, не варта браць за адмаўленне іхніх разнастайных публічных заслугаў, якія дазволілі ім заняць першыя пасады ў краі. Іх учынкі былі духам часу <...> яны дапамагалі каралю Станіславу рухаць край з адсталасці, у якім - усе згодныя з гэтым - уласнасць неасвечанай шляхты на зямлю руйнавала багацце краю і была крыніцаю бесперапынных звадаў з-за іх удзелу ў соймікавых справах, якіх не разумелі, і з-за іх услужлівасці магнатам, што перашкаджалі ўвядзенню патрэбных рэформаў. Дык калі цёмных не мелі надзеі выправіць, яны лічылі, што годнаю справаю з'яўляецца сістэматычна іх губіць і вынішчаць" [1, с. 139].

Пасля характарыстыкі грамадска-палітычных і сацыяльных працэсаў на Наваградчыне пісьменнік шэраг сваіх наступных раздзелаў (XV-XIX) прысвячае апісанню свецкага жыцця Наваградка напярэдадні вайны 1812 г. Перадусім, асноўнае месца займае аповед пра барацьбу Масьляка і Камінскага за права ладзіць у горадзе рэдуты. Галоўная гераіня хіба аднойчы згадваецца як удзельніца наваградскіх рэдутаў. Зрэшты, нават аўтару знайшлося месца сярод свецкае моладзі: "І я там быў, мёд, віно піў" [1, с. 177], - сцвярджае ён, даводзячы сваё ўласнае знаёмства з гераіняю твора і з вуснай народнай творчасцю.

У раздзелах XX-XXV аўтар яшчэ далей адхіляецца ад асноўнае сюжэтнае лініі "Аповесці". Яго героі ці то не бяруць удзелу ў "французскай вайне", ці то пісьменнік не жадае казаць пра іхні ўдзел у ёй. Цікава, што І. Яцкоўскі апісвае вайну як пісьменнік-гуманіст. Вайна для яго - аграмаднае няшчасце для краю. У "Аповесці з майго часу" не паказваецца патрыятычны ўздым шляхты, амаль няма радасных малюнкаў вызвалення. А філасофію народа пісьменнік яскрава выявіў у дыялогу расійскага жаўнера, які са сваім палком маршыруе на захад, са старою беларускаю сялянкаю: "- А што, маці, ці была б ты рада, калі б мы пабілі французаў?" "- О, дай Божа, - пакорна адказала старая, - каб вы іх пабілі, а каб вас пабіў пярун!" [1, с. 178].

І. Яцкоўскі лічыць, што вайна 1812 г. "не была вайною за Польшчу, кожны нас рабаваў, як каму падабалася" [1, с. 179]. У яго разуменні, 1812 г. - гэта "судны дзень на Літве!" Праўда, сітуацыя крыху змянілася, калі ў Наваградак увайшлі войскі Юзафа Панятоўскага і генерала Дамброўскага. Цяпер ліцвіны аказаліся запатрабаваныя: у Наваградку фарміруецца 19 уланскі полк, у які запісваецца шляхта і сяляне. Зусім верагодна, што і сам І. Яцкоўскі ўступіў у гэты полк, бо патрыятычны дух быў уласцівы яго сям'і (яшчэ раней пісьменнік згадваў, што нехта з Яцкоўскіх, перабраўшыся праз Нёман, далучыўся да французскага войска). І як сведчанне сказанаму, - цікавыя апісанні свавольстваў моладзі, што "бавілася" службаю ў 19 уланскім палку.

Прысутнасць аўтара, хоць ледзь улоўная, адчуваецца і ў раздзелах, прысвечаных "французскай вайне 1812 г." Так, апавядаючы пра абывацеля, які нібыта надзейна схаваў каштоўнасці (скрыню з імі зрабіў ложкам для французскага генерала), але ўсё роўна быў абрабаваны, І. Яцкоўскі падкрэслівае, што быў добра знаёмы з гэтым чалавекам. Або да гісторыі пра тое, як ліцвіны хавалі пасля вайны ад расійскіх уладаў французскіх жаўнераў, дадае, што "ў нашым доме знаходзілася трое бедных французаў" [1, с. 226].

І толькі закончыўшы расказваць пра вайну 1812 г. і яе наступствы, пісьменнік вяртаецца да асноўнае сюжэтнае лініі "Аповесці". Багуся, "пра якую мы гэтак даўно не мелі нагоды апавядаць" [1, с. 229], - ужо сталая паненка ("panna skonczona"), рыхтуецца ўпершыню выступіць са сваім свянцоным, г. зн., "на Літве паненцы можна памыліцца ў такце музыкі ці танцы, але аніяк нельга дапусціць памылку гатуючы бабкі ці вяндліны, а рэцэпт не такі лёгкі, як гэта здаецца, бо найменшая драбніца, зробленая не так, усё нявечыць; а калі якая з нашых чытачак не верыць, дык няхай на Літве зробіць бабку паводле рэцэптаў парыжскіх ці лонданскіх пекараў, дык забяспечыць сабе бессмяротнасць у прыказцы, як Заблоцкі ці пані Каўнацкая" [1, с. 241].

Паэтызацыя Літвы, уласцівая усяму твору, дасягае ў XXVII раздзеле ("Свянцонае на Літве. Паходжанне бабак") свайго апагею. Ва ўяўленні пісьменніка Літва, яе людзі, іх звычаі, прырода - вышэй і лепш за ўсё. Нават вядомая ўсяму каталіцкаму свету велікодная Rezurekcia на Літве адбываецца адметна: "Жыхары гарадоў і заходніх краін, вы гэтага не ведаеце! У вас усё гэта аднастайна: каляндар, не сэрца кажа вам: уваскрэс Ісус Хрыстос, а таму вы не цешыцеся так, як мы. У нас люд, сонца, птушкі і снег, які растае, разам гукаюць: Слава Богу Усявышняму, а на зямлі мір людзям добрай волі" [1, с. 252].

Менавіта да гэтага, на думку аўтара, надзвычайнага свята "прывязана" кульмінацыйны момант "Аповесці з майго часу". Багуся, паехаўшы разам з бацькамі на Rezurekci^ ў Крашын, сустракае там сваё каханне. Твор, які дасюль меў рысы сямейна-бытавой аповесці з гістарычнымі і лірычнымі адступленнямі, набывае адзнакі любоўнага рамана. Герой-каханак з'яўляецца нечакана і пры дапамозе банальнага літаратурнага прыёму. (Апрача ўсяго іншага, герой належыць, як высветліцца неўзабаве, да "варожага лагеру"). Сямейства Войскіх спазнілася на пачатак службы: ужо праспявалі звычайны ў гэты дзень гімн і далі залп з трох пушак, што спудзіла коней нашых герояў. На дапамогу кінуўся малады гусарскі афіцэр, што, рызыкуючы жыццём, спыніў спалоханых коней і выратаваў ад калецтва ці нават смерці Войскіх. Удзячнасць нашых герояў не мела межаў. Аднак калі герой- каханак паведаміў сваё прозвішча - паручнік Максіміч, Войскі імгненна змяніў свае адносіны да яго: "Бо бацька нашага рыцара асаблівую меў славу <.. .> Ён уважаўся за бедства для ўсяе губерні" [1, с. 250-251].

Адпаведна з правіламі любоўнага рамана, маладыя людзі закахаліся з першага погляду - ужо на свянцоным у ксяндза Магнушэўскага. Нягледзячы на непрыязнь Войскага, Багуся настаяла на сваім - і бацька запрасіў Максіміча на свянцонае да сябе. Некалькіх спатканняў закаханым было дастаткова, каб зразумець, што яны не могуць жыць адзін без аднаго. Пачуўшы пра гэта ад Багусі, Войскі забараняе паручніку наведваць яго дом. Але закаханыя знаходзяць спосаб сустракацца. А на Запусты, карыстаючыся тым, што па суседству закватараваў полк гусараў, у якім служыў колісь Максіміч, ён разам з афіцэрамі прыехаў "куліком" да Войскага і пад выглядам г. зв. кракаўскага вяселля, пераапранутыя Багуся і Максіміч атрымалі бацькоўскае блаславенне.

Зразумеўшы, што яго ашукалі, Войскі ў роспачы памірае.

Сюжэт аповесці, дасюль нібы адмыслова запаволены, пачынае імкліва развівацца. Пані Войская прабачае дачцэ і зяцю ды перадае яму права распараджацца маёнткам. А як высветлілася ў хуткім часе, Максіміч - карцёжнік і п'яніца. Да таго ж на ім (больш дакладна, на ягоным бацьку) "вісяць" нейкія злачынствы, за якія паручніка і яго сям'ю пераследуе невядомы зламыснік, які ўрэшце даводзіць героя- каханка да самазабойства.

Пісьменнік з самага пачатку не трансфармаваў аповесць у дэтэктыўны жанр, а таму скорагаворкаю патлумачыў фактычна нерэалізаваны дэтэктыўны сюжэт. Бацька героя-каханка, Цімафей Казарэзін, быў беглым расійскім селянінам, што стаў на чале банды злачынцаў. Дзеля запаўнення пратэкцыі ў судзе, ён уцягнуў у банду сакратара Кругліка. "Калі Цімафей Казарэзін і Круглік пасля першага падзелу Польшчы ўцяклі на Украіну, Цімафей меў з сабою значныя грошы і там ажаніўся са шляхцянкаю, маткаю нашага героя <...> З даўняга часу ўкаранілася ў сэрцы экс-сакратара нянавісць да злачынцы; яна выбухнула на поўную сілу, калі ён пабачыў сына тае нікчэмнасці, як ён прыехаў пераняць бацькоўскі маёнтак <...> Сын селяніна моцна зняважыў яго сваімі арыстакратычнымі манерамі, а таму Круглік вырашыў усімі магчымымі сродкамі вярнуць яго ў той стан, з якога паходзіў злачынца-бацька" [1, с. 313-314]. Прыгодніцка-дэтэктыўны фінал "Аповесці" так і застаўся штучна далучаным дадаткам да твора. Пісьменнік не здолеў належным чынам развіць дэтэктыўную лінію.

Зрэшты, трагічны лёс сям'і Войскага, пададзены на фоне трагедыі ўсяго краю, пераканаўча абгрунтоўваў злачыннасць таго рэжыму, які ўстадявада на Літве расійская адміністрацыя. Нават у прыватным жыцці чалавек не можа знайсці шчасця, бо ўсюдыіснае зло гэтага рэжыму ніколі і нідзе не дасць спакою. І каханне Багусі, і талент Пётрака з Крашына і інш. наканаваны на Літве стаць ахвярамі зла. Ігнацы Яцкоўскі на ўласныя вочы бачыў прышэсце ды пашырэнне зла ў краі і па-мастацку адлюстраваў гэтыя працэсы ў "Аповесці з часу майго, або Літоўскіх прыгодах"

ЛІТАРАТУРА:



1. [Jackowski I.] Powieść z czasu mojego, czyli Przygody Litewskie. Poznań, w komisie księgarni Jana Konstantego Żupańskiego, oddruk z stereotypów w drukarni M. Zoerna, 1858.
Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал