Апублікавана: Stosunki polsko-białoruskie. Historia i współczesność. Pod red. D. Michaluk, Wyd. “Avalon”, Kraków, 2013. – s. 213-221




Дата канвертавання20.07.2018
Памер101.5 Kb.

powerpluswatermarkobject127743


Анатоль Вялікі

Апублікавана: Stosunki polsko-białoruskie. Historia i współczesność. Pod red. D. Michaluk, Wyd. “Avalon”, Kraków, 2013. – s.213-221

Ключавыя словы: перасяленні, БССР, Германія, Польшча, Чэхаславакія, Україна, Тэгеранская, Ялцінская, Патсдамская канферэнцыі, рэпатрыяцыя, эвакуацыя, абмен насельніцтвам.


Беларуска-польскія перасяленні 40-х – 50-х гг. XX ст.:

Параўнаўчы аналіз.
Вядомая польская даследчыца К.Керстэн у адным са сваіх артыкулаў адзначыла, што XX стагоддзе для мільёнаў людзей Цэнтральнай і Усходняй Еўропы стала “сталеццем перасяленцаў”1. На самай справе, адным з важнейшых вынікаў двух сусветных войнаў, што адбыліся ў XX ст., стала змяненне дзяржаўных межаў у Еўропе. Аднак дзяржаўныя межы не заўсёды супадалі з этнічнымі, што вымушала мільёны людзей добраахвотна ці прымусова перасяляцца ці быць пераселенымі з адной краіны ў другую. Пасля Другой сусветнай вайны адбыліся масавыя перасяленні немцаў з Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыіі, Румыніі і Югаславіі ў Германію, узаемнае перасяленне насельніцтва адбылося паміж Венгрыяй і Румыніяй, венграў са Славакіі, Югаславіі, Закарпацкай Украіны ў Венгрыю, высяленне італьянцаў з Харватыі ў Італію, балгар з Македоніі і Грэцыі ў Балгарыю, турак з Балгарыі ў Грэцыю2. Беларусь, а дакладней беларуска-польскае памежжа, таксама двойчы, у 1944-1946 гг. і 1956-1959 гг., стала арэнай масавых перасяленняў – палякаў і яўрэяў з заходніх абласцей БССР у Польшчу, а беларусаў, рускіх, украінцаў з Польшчы ў Беларусь. Перасяленчыя працэсы, што адбываліся на беларуска-польскім памежжы з’яўляліся інтэгральнай і неад’емнай часткай еўрапейскіх перасяленчых працэсаў і мелі як агульныя рысы з імі, так і асаблівасці ўнутранага характару, параўнаўчаму аналізу якіх прысвечаны артыкул.

Дастаткова падрабязна і ўсебакова беларускія гісторыкі прааналізавалі і даследавалі прычыны, ход, вынікі перасялення 1944-1946 гг.3 . Перасяленню 1956-1959 гг. прысвечана ўсяго некалькі артыкулаў агульнага характару, без глыбокага і ўсебаковага аналізу яго прычын, ажыццяўлення4. Гэта тлумачыцца тым, што ўвесь комплекс дакументальных матэрыялаў знаходзіцца ў архіве Міністэрства Унутраных Спраў (МУС) РБ і мае абмежаваны доступ для даследчыкаў. Польскія гісторыкі, у адрозненні ад беларускіх, значна раней прыступілі да ўсебаковага вывучэнння вышэйадзначаных праблем і маюць значна большыя напрацоўкі ў гэтым накірунку. Перасяленню 1944-1946 гг. прысвечаны грунтоўныя і фундаментальныя працы Я.Чарнякевіча5, Я.Мірановіча6, К.Керстэн7, П.Эберхардта8, зборнікі дакументаў9. Перасяленчы працэс 1956-1959 гг. знайшоў адлюстраванне ў працах М.Рухневіч10, М.Латуха11, Ю.Сядлецкага12, зборніках дакументаў, выдадзеных польскімі гісторыкамі ў сярэдзіне 90-х г.13. Разам з тым, польская гістарыяграфія разглядае гэтую праблему выключна ў кантэксце савецка-польcкіх адносін і засяроджвае ўвагу на праблеме вяртання палякаў з СССР у Польшчу, не акцэнтуючы і не вылучаючы асобна праблему перасялення палякаў з БССР у ПНР. Параўнаўчаму аналізу перасяленчых працэсаў 1944-1946 гг. і 1956 – 1959 гг. ні ў беларускай, ні ў польскай гістарыяграфіі не прысвечана ні аднаго артыкула, таму мэта яго напісання – запаўненне маючага прабела па гэтай праблеме.

Міжнародна-прававымі актамі, на аснове якіх ажыццяўляліся еўрапейскія перасяленні ў 1944-1950 гг., з’яўляліся міждзяржаўныя двухбаковыя дагаворы ці пагадненні пры гарантыі з боку “вялікіх” дзяржаў, што яны будуць неўхільна і ў поўным аб’ёме выкананы. Беларуска-польcкае Пагадненне аб узаемнай “эвакуацыі” насельніцтва ад 9 верасня 1944 г. і дадатковы Пратакол да яго ад 25 лістапада 1945 г. поўнасцю адпавядалі гэтым умовам. Рашэнне аб перасяленні палякаў з Савецкага Саюза, а гэта значыла і з заходніх абласцей БССР, было прынята на канферэнцыі “вялікай” тройкі (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі) у Тэгеране14. На наступных міжнародных канферэнцыях вялікіх дзяржаў перыяду Другой сусветнай вайны (у Маскве, Ялце і асабліва Патсдаме) гэта пытанне неаднаразова абмяркоўвалася, удакладнялася і ў рэшце-рэшт саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі пагадзіліся аказаць Польшчы дапамогу ў хутчэйшым і безперашкодным вяртанні палякаў з Савецкага Саюза (у тым ліку і з БССР) у Польшчу.

Характэрнай асаблівасцю гэтага перасялення з’яўляецца той факт, што Беларусь выступала на міжнароднай арэне ў якасці раўнапраўнага суб’екта міжнародных адносін. Змены ў Канстытуцыі БССР, стварэнне Наркамата замежных спраў (НКЗС БССР), права ажыццяўленне самастойнай знешнепалітычнай дзейнасці, дазволілі ёй падпісаць 9 верасня 1944 г. Пагадненне, а 25 лістапада 1945 г. дадатковы Пратакол да яго, якія з’яўляліся да 1989 г. адзінымі міжнародна-прававымі актамі, што падпісала БССР з замежнай дзяржавай - Польшчай15. Адзначу, што польскія гісторыкі дастаткова крытычна ставяцца да “самастойнасці” люблінскага ўрада, створанага выключна па ініцыятыве І.Сталіна. Аднак, дэ-факта менавіта “люблінцы” заключылі і ажыццявілі абмен насельніцтвам. Такім чынам, перасяленчая акцыя 1944-1946 гг. ажыццяўлялася на аснове двухбаковага беларуска-польскага Пагаднення і дадатковага Пратакола да яго. Яно выконвалася на аснове рашэнняў міжнародных канферэнцый перыяду Другой сусветнай вайны, гарантамі якіх выступалі перш за ўсё СССР, ЗША і Вялікабрытанія. Такім чынам яно мела геапалітычны характар, бо было звязана з перадачай часткі тэрыторыі Беларусі – амаль усёй Беластоцкай і часткі Брэсцкай абласцей Польшчы. Перадача тэрыторыі непазбежна выклікала неабходнасць перасялення людзей.

Рэпатрыяцыя 1956-1957 гг. ажыццяўлялася ў кардынальна змяніўшыхся геапалітычных і ўнутрыпалітычных умовах і на іншай міжнародна-прававой аснове. Саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі аказаліся ўцягнутымі ў “халодную вайну”, а Польшча стала бліжэйшым сатэлітам Масквы. Не менш істотныя змены адбыліся ва ўнутрыпалітычным жыцці Савецкага Саюза і Польшчы. Канец “эпохі” І.Сталіна, прыход да ўлады ў СССР М.Хрушчова, а ў Польшчы У.Гамулкі, XX з’езд УКП(б) і распачаўшаяся “хрушчоўская адліга” стварылі трывалы падмурак і сталі асновай для перамоваў паміж Масквой і Варшавай аб выездзе ў Польскую Народную Рэспубліку тых палякаў, якія ў выніку розных абставін не змаглі пераехаць ў Польшчу ў 1944-1946 гг. Распачатыя ў 1956 г. савецка-польскія перамовы завяршыліся падпісаннем 25 сакавіка 1957 г. савецка-польскага Дагавора аб рэпатрыяцыі асоб польскай і яўрэйскай нацыянальнасцей з СССР у Польшчу16.

Рэпатрыяцыя, нягледзячы на міжнародную правасуб’ектнасць БССР, яе членства ў ААН ды іншых міжнародных арганізацыях і ўстановах, ажыццяўлялася на аснове савецка-польскага Дагавора, які быў падпісаны не ад імя БССР, а ад імя СССР і з’яўляўся двухбаковым савецка-польскім Пагадненнем. Беларусь не ўзгадвалася ні ў адным з артыкулаў гэтага Пагаднення. Гэтым самым палітычнае кіраўніцтва Савецкага Саюза поўнасцю праігнаравала кіраўніцтва БССР і нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы рэспублікі, бо ні на перамовы, якія вяліся з палякамі, ні на падпісанне савецка-польскага Дагавора прадстаўнікі рэспублікі не запрашаліся і не прымалі ў іх удзел17.

У 1944-1946 гг. перасяленнем займаліся спецыяльна створаныя органы - упаўнаважаныя польскага ўрада і прадстаўнікі СНК БССР, якія мелі свой штат, правы і абавязкі, вызначаныя беларуска-польскім Пагадненнем ад 9 верасня 1944 г. Таму міжнародная практыка і вопыт перасяленчых аперацый, дазваляе характарызаваць яе як перасяленне ці двухбаковы абмен насельніцтвам. У 1956-1959 гг. палякі маглі выехаць ў Польшчу выключна ў індывідуальным парадку, а дакументы афармлялі праз органы ўнутраных спраў БССР - аддзелы віз і рэгістрацыі (АВіР), якія, разглядалі заявы грамадзян аб рэпатрыяцыі і прымалі рашэнне аб дазволе ці забароне рэпатрыявацца ў Польшчу. У сувязі з гэтым, з пункту гледжання ўнутрысаюзнага і міжнароднага права гэта была рэпатрыяцыя ці аптацыя, а не перасяленне ці абмен насельніцтвам.

Перасяленне 1944-1946 гг. ажыццяўлялася ў складаных грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных абставінах, абумоўленых Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнамі, пасляваенным аднаўленчым перыядам, дзейнасцю ў заходнім рэгіёне Беларусі разгалінаванай сеткі ўзброенага польскага падполля, панаваннем у значнай часткі беларусаў і палякаў антысавецкіх настрояў. Галоўнымі матывамі, якія вымушалі абсалютную большасць палякаў выязджаць з Беларусі, з'яўляліся грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя.

Акцыя 1956-1959 гг. ажыццяўлялася ў мірны час, амаль праз дзесяцігоддзе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Аднак, як заўважае амерыканскі даследчык гэтай праблемы Д.Кірк, што “найвялікшыя перамяшчэнні насельніцтва выклікае не толькі сама вайна, але перш за ўсе мір і спакой, які наступае пасля яе”18. Вайна даўно скончылася, але яе вынікам стала тое, што сотні тысяч сем’яў засталіся раз’яднанымі.. Многія людзі з заходніх абласцей Беларусі памяталі аб родных, якія выехалі ў Польшчу ў 1944-1946 гг. і наадварот, тыя, хто пераехаў у ПНР ніколі не забывалі сваякоў, што засталіся ў Беларусі. Таму ў 1956-1959 гг. ажыццяўлялася так званае “уз’яднанне сямей”, якое дало магчымасць дзесяткам тысяч раз’яднаных сем’яў уз’яднацца. З боку кіраўніцтва Савецкага Саюза і Польшчы, нягледзячы на ўсе складанасці рэпатрыяцыі і ўсялякія перашкоды, якія чыніліся рэпатрыянтам, гэта быў дэмакратычны, гуманны крок. У 1956 – 1959 гг. абсалютная большасць (звыш 90% палякаў) заяўляла, што яны едуць у Польшчу з мэтай уз’яднання з роднымі. “Аддалёнасць” вайны, пераход рэспублікі да мірнага жыцця, спыненне масавых рэпрэсій, знішчэнне рэшткаў польскага падполля ў заходнебеларускім рэгіёне ўжо не выклікалі такіх эмацыянальных пачуццяў сярод польскага насельніцтва, як гэта было ў 1944-1946 гг. Разам з тым, неабходна бачыць інтэгральную повязь паміж гэтымі двума працэсамі, якія пачаліся ў 1939 г.

Рэпатрыяцыя палякаў і яўрэяў з БССР у Польшчу ў 1956-1959 гг. ажыццяўлялася ў абстаноўцы сакрэтнасці ды інфармацыйнага “вакууму”. Ні адна рэспубліканская, абласная, раённая газета ў 1956-1959 гг. не надрукавала паведамлення, абвесткі ці іншай інфармацыі аб умовах, тэрмінах, магчымасцях, арганізацыях ды ўстановах, якія займаліся рэпатрыяцыяй. За ўвесь час перасялення толькі “Известия” надрукавалі ў жніўні 1958 г. невялікую абвестку аб тым, што з Савецкага Саюза адбываецца “рэпатрыяцыя” палякаў і яўрэяў у Польшчу19. Разам з тым, інфармацыйная “блакада” створаная кіраўніцтвам Савецкага Саюза, ва ўмовах Беларусі не была эфектыўнай. Памежныя сувязі, наяўнасць родных у Польшчы, магчымасць слухаць у заходнебеларускім рэгіёне польскія радыёперадачы, перапіска, наведванне палякамі сваіх родных і блізкіх у Беларусі – усё гэта давала магчымасць атрымоўваць поўную і даставерную інфармацыю аб умовах рэпатрыяцыі.

У 1944-1946 г. праводзілася дастаткова шырокая інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія, якая тлумачыла праз мясцовы і рэспубліканскі друк (газеты, абвесткі, спецыяльныя лістоўкі), мэты, умовы, тэрміны, значэнне перасялення20.

1956-1959 гг. вызначаюцца значна меншымі колькаснымі памерамі. Калі ў 1944-1946 гг. у Польшчу выказала жаданне перасяліцца звыш 550 тыс чалавек, а фактычна выехала звыш 240 тыс.21, то ў другой палове 50-х г. у ПНР змагло выехаць трохі болей за 100 тыс чалавек22. Да таго ж, рэпатрыяцыйная акцыя 1956-1959 гг. мела аднабаковы накірунак, бо паводле Пагаднення ад 25 сакавіка 1957 г. рэпатрыяцыя ажыыцяўлялася толькі з Савецкага Саюза ў Польшчу. У Пагадненні ні ў адным артыкуле не ўзгадвалася аб магчымасці рэпатрыяцыі з Польшчы ў СССР.

Рэпатрыяцыйная акцыя 1956-1959 гг. “замкнула”, завяршыла пачатыя Другой сусветнай вайной масавыя перасяленні (перамяшчэнні) насельніцтва ў беларуска-польскім памежжы. Пасля 1959 г. у Беларусі не было і нават патэнцыйна не магло быць такіх масавых рухаў насельніцтва.

Такім чынам, абмен насельніцтвам, які ажыццявіўся ў 1944-1946 гг. і рэпатрыяцыя 1956-1959 гг. мелі як значныя адрозненні так і падабенствы. Нягледзячы на значныя адрозненні, перасяленчыя акцыі 1944 – 1946 гг. і 1956 – 1959 гг. з’яўляюцца звёнамі аднаго ланцуга, лагічным працягам аднаго складанага, супярэчлівага працэса этнапалітычных пераўтварэнняў, якія распачаліся ў заходнім рэгіёне Беларусі ў верасні 1939 г. Для іх было характэрна як падабенства, так і адрозненне, як агульнае, так і адрознае. Рэпатрыяцыя 1956-1959 гг. – лагічны працяг і завершанасць “незавершанага” перасялення, што адбывалася ў 1944-1946 гг. Яднае іх і агульнаеўрапейскі характар, нягледзячы на ўнутраныя асаблівасці развіцця Беларусі ў складзе СССР.

Streszczenie

Białoruscy i polscy przesiedleńcy z lat czterdziestych i pięćdziesiątych XX wieku. Analiza porównawcza.


W drugiej połowie lat czterdziestych i pięćdziesiątych XX w. pomiędzy BSRR a Polską odbyły się dwa przesiedlenia ludności, ktore miały szereg podobieństw, ale także znaczne odrębności. Przesiedlenia ludności polskiej z Bialorusi do Polski, a ludności białoruskiej z Polski do Bialorusi w latach 1944-1946 odbywały sie na podstawie umowy polsko-białoruskiej z 9 września 1944 r. Była to jedyna umowa miedzypaństwowa, jaką latach 1944-1989 r. podpisała Bialoruś jako członek ONZ z innym państwem.

Repatriacja Polaków z Białorusi do PRL w latach 1957-1959 odbywałą się w czasie chruszczowowskiej “odwilży” na podstawie umowy radziecko-polskiej z 25 marca 1957 r. Repatriację przeprowadzały organy Ministerstwa Spraw Wewnetrznych. Rząd Białorusi, ani Ambasada PRL w Moskwie nie miały wplywu na ten proces.



1 Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997. – s.100.

2 Национальная политика в странах формирующегося советского блока. 1944-1948 / Отв. ред В.В.Марьина; Институт славяноведения. – Москва: Наука, 2004. – с.498.

3 Белазаровіч, В.І. Рэпатрыяцыя на Гродзеншчыне ў 1944-1948 гг. / В.І.Белазаровіч // Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця: матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі: у 4 ч.- Ч.3. – Гродна: ГрДУ, 2003.-С.84-89; Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-319 с.; Вялікі, А. Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах 30-х – 50-х гг. XX ст. / Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Матэрыялы IV Міжнароднага Кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін” (Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г.) (Адказн. рэд А.Мальдзіс, А.Смалянчук. – Мінск: газ. “Голас Радзімы”, 2006.-с.336-343; Злотнікаў А. Міграцыйныя працэсы ў Беларусі ў канцы XIX-XX ст. // Беларускі гістарычны часопіс, №11, 2004.-с.25-32.;


4 Вялікі, А. Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах 30-х – 50-х гг. XX ст. / Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Матэрыялы IV Міжнароднага Кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін” (Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г.) (Адказн. рэд А.Мальдзіс, А.Смалянчук. – Мінск: газ. “Голас Радзімы”, 2006.-с.336-343; Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дейнасць Беларусі. 1944-1953 гг. / Пад рэд. Ю.П.Броўкі.- Мінск: Беларуская Навука, 1977; Снапкоўскі У.Е. Савецка-польскія пагадненні аб абмене насельніцтвам 1944-1945, 1957 г. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: // Гал. рэд. Г.П.Пашкоў.- Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.-Т.6. Кн.1.-С.197-198.

 Czerniakiewicz J. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1944-1948. Warszawa.-Wyd-wo Nauk. PWN, 1987; Яго ж. Przemieszczenia Polaków i Żydów na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej w ZSRR 1939-1959.-Warszawa: Uniwersytet Warszawski, 1991.

5 Czerniakiewicz J. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1944-1948. Warszawa.-Wyd-wo Nauk. PWN, 1987; Яго ж. Przemieszczenia Polaków i Żydów na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej w ZSRR 1939-1959.-Warszawa: Uniwersytet Warszawski, 1991.

6 Mironowicz Е. Bialorusiny w Polsce. 1944-1949. Warszawa. Wyd-wo Nauk. PWN.-1993; Яго ж. Polityka narodowościowa PRL.- Białystok. -T-wo Hist., 2000;

7 Kersten K. Repatriacja ludności polskiej po II wojnie światowej (Studium historyczny). Wrocław. 1974; Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997.

8 Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі. 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997.

9 Przesiedlenie Ludności Polskiej z Kresów Wschodnich do Polski 1944-1947. Wybór, opracowanie i redakcja dokumentów Ciesielski S.- Warszawa: “Neriton”. Instytut Historii PAN, 1999; Białostocczyzna 1944-1945 w dokumentach podziemia i oficjalnych władz. Oprac.J.Kulak.-Warszawa,1998; Sprawy narodowościowe i wyznaniowe na Białostocczyznie (1944-1948). W ocenie władz Rzeczpospolitej Polskiej. Wybór dokumentów: Sytuacyjne sprawozdania wojewody Białostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostów Białostockiego i Sokolskiego w latach 1944-198 / Zebr. G. Sosna.- Ryboly, 1996; B.Kacka, S.Stepka, Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybór dokumentów, Warszawa, 1994.

10 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa, 2000.

11 Latuch M. Repatriacja ludności polskiej w latach 1955-1960 na tle zewnętrznych ruchów wędrówkowych. Warszawa, 1994.

12 Siedlecki J. Losy Polaków w ZSRR w latach 1939-1986. Londyn: Gryf. Publ. 1998.

13 Przesiedlenie Ludności Polskiej z Kresów Wschodnich do Polski 1944-1947. Wybór, opracowanie i redakcja dokumentów Ciesielski S.- Warszawa: “Neriton”. Instytut Historii PAN, 1999; Białostocczyzna 1944-1945 w dokumentach podziemia i oficjalnych władz. Oprac.J.Kulak.-Warszawa,1998; Sprawy narodowościowe i wyznaniowe na Białostocczyznie (1944-1948). W ocenie władz Rzeczpospolitej Polskiej. Wybór dokumentów: Sytuacyjne sprawozdania wojewody Białostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostów Białostockiego i Sokolskiego w latach 1944-198 / Zebr. G. Sosna.- Ryboly, 1996; B.Kacka, S.Stepka, Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybór dokumentów, Warszawa 1994.


14  Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-с.146.

15 Снапкоўскі У.Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. для студэнтаў факультэт міжнародных адносін: У 2 ч. Ч.2. Ад канца XVIII да пачатку XX ст. / У. Е. Снапкоўскі. – Мінск: БДУ, 2004. – с.163.


16 Документы и материалы по истории советско-польских отношений (ДМИСПО), Т. XI. С.101-103.

17 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.- s.149.


18 Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997. – s.104.


19 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.- s.193.

20 Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-с.82-83.

21 Там сама, с.221.

22 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.- s.255.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка