Археалогія (ад грэчаскага αρχαιος — старажытны + λογος — слова, вучэнне) — навука, што вывучае гісторыю грамадства па матэрыяльных парэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археалагічных) помніках.
Археабатаніка – навука, якая вывучае рэшткі расліннага паходжання з раскопак помнікаў археалогіі: абпаленае збожжа. адбіткі раслін на кераміцы, матэрыялы, атрыманыя ў выніку флатацыі культурнага пласта.
Археазаалогія — навуковая галіна, якая вывучае фауністычныя рэшткі з археалагічных помнікаў.
Археаіхтыялогія — галіна археазаалогіі. якая вывучае рэшткі рыб.
Стаянка, паселішча – тып помніка археалогіі. Месца каротка- ці доўгачасовага жыцця людзей першабытнага часу, звычайна без дадатковых абарончых умацаванняў
Гарадзішча -- тып помніка археалогіі, рэшткі колішняга ўмацаванага паселішча. Звычайна ўзвышаюцца над навакольнай мясцовасцю і захаваліся ў выглядзе валоў і рвоў. Адносяцца да першабытных часоў (бронзавы, жалезны век) і Сярэдніх вякоў. Назва ўжывалася яшчэ ў сярэднявечных летапісах
Курган — разнавіднасць пахавальных помнікаў, характарызуюцца, як правіла, утварэннем землянога насыпу над пахавальнай ямай.
Раскопкі археалагічныя – метад навукова-даследчай дзейнасці спецыялістаў па вывучэнні археалагічных помнікаў пры дапамозе раскопвання культурнага пласта ў адпаведнасці з прынятай методыкай.
Раскоп археалагічны – адзін з асноўных тэрмінаў у археалогіі. Закладваецца на плошчы вядомых помнікаў археалогіі ў залежнасці ад іх спецыфікі. Прамакутны, квадратны, арыентаваны па баках свету. Разбіваецца на квадраты для дакладнай фіксацыі культурнага пласта і артэфактаў.
Падвеска — упрыгожанне, якое падвешвалася на ланцужку або вяроўцы. Часцей за ўсё насілася на шыі, але часам і на поясе, галаўным уборы ці вопратцы.
Каменная сякера – традыцыйная ўніверсальная прылада працы для апрацоўкі дрэва, а таксама зброя. Выраблялася з крэменя, розных парод каменя. Вядома з палеаліту. Выконвала і рытуальныя функцыі.
Лунніца -- металічнае ўпрыгожанне (завушніцы, падвескі) у выглядзе паўмесяца.
Бранзалет – звычайна круглая металічная, шкляная, керамічная, касцяная, драўляная, бурштынавая, каменная, цяпер і пластмасавая рэч для ўпрыгожвання рук (у некаторых геаграфічных мясцінах і ног).
Скроневыя колцы – упрыгожанні, якія насіліся на скронях.
Скарб — знаходкі манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці іншых месцах, уладальнік якіх у пераважнай большасці невядомы.
Археалагічны музей (напрыклад, “Бярэсце”) – месца захавання і экспанавання археалагічных артэфактаў, прадметаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, папулярызацыі гісторыі і жыццядзейнасці нашых продкаў.
Гістарыяграфія беларускай археалогіі ўзнікла намаганнямі Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў у сярэдзіне 19 ст., практычна адначасова з узнікненнем самой гэтай галіны ведаў.
К. Тышкевіч у сваіх працах не толькі сістэматычна асвятляў тагачасныя даследаванні археолагаў і краязнаўцаў, але і ўпершыню паспрабаваў ахарактарызаваць іх погляды на старажытную гісторыю, разгледзець ідэі і гіпотэзы сваіх папярэднікаў, увёў у навуковы ўжытак раней невядомыя імёны даследчыкаў.