Асаблівасці перакладу з кітайскай мовы на беларускую




Дата канвертавання01.02.2017
Памер96.36 Kb.
АСАБЛІВАСЦІ ПЕРАКЛАДУ З КІТАЙСКАЙ МОВЫ

НА БЕЛАРУСКУЮ

М.П. Кенька (Мінск)

Калі звярнуцца да гісторыі перакладаў кітайскай мастацкай літаратуры на беларускую мову, то можна заўважыць, што рабіліся яны ад выпадку да выпадку, часцей за ўсё былі звязаны з юбілейнымі датамі кітайскіх пісьменнікаў. Цэласнае ў’яўленне аб гісторыі кітайскай літаратуры атрымлівалі хіба толькі студэнты філалагічных факультэтаў па курсе замежнай літаратуры, а тэксты твораў кітайскіх пісьменнікаў яны чыталі ў перакладах на рускую мову. Гэта было добра да той пары, калі выкладанне замежнай літаратуры стала весціся на беларускай мове. Але перад студэнтамі паўстала новая праблема. Нямногія пераклады твораў кітайскіх пісьменнікаў на беларускую мову губляліся на старонках перыёдыкі, студэнтам для чытання іх ніхто не рэкамендаваў. Трэба сказаць, што пэўнае ажыўленне цікавасці да кітайскай літаратуры было ў 50-60 гады мінулага стагоддзя, у пару сяброўскіх адносін СССР і КНР. Менавіта на тую пару прыходзяцца публікацыі як асобных твораў, так і зборнікаў. Пераклады рабіліся зазвычай з ужо зробленых раней рускіх перастварэнняў, рэдка з падрадкоўнікаў. Паасобныя творы кітайскіх пісьменнікаў перакладалі М. Танк, М. Аўрамчык, У. Дубоўка, В. Вітка, А. Русецкі, С. Дзяргай, А. Бачыла, К. Кірэенка, С. Міхальчук і шэраг іншых пісьменнікаў. Нізку вершаў кітайскага паэта Ду Фу пераклаў Янка Сіпакоў. Перакладаліся нават раманы: “Сонца над ракой Сангань” Дзін Ліна, “Перад світаннем” Мао Дуня, “Ураган” Чжоу Лі Бо. Перакладзена даволі многа ўзораў кітайскага фальклору, пераважна байкі і казкі. Трэба сказаць, што і беларуская літаратура перакладалася на кітайскую мову досыць актыўна. Нават у не дужа спрыяльныя часы непрыхільных адносін СССР да Кітая літаратура народаў СССР гучала на кітайскай мове. Выдаваліся творы самых вядомых у тыя часы беларускіх пісьменнікаў – І. Мележа, І. Шамякіна, В. Быкава, І. Навуменкі, а з нашага боку тады запанавала маўчанне, нічога, акрамя хіба казак, у перакладах з кітайскай мовы не друкавалася.

І вось цяпер сувязі нашых культур аднаўляюцца, наладжваюцца кантакты, ужо і пісьменнікі нашы пачалі наведваць Кітай, кітайскія студэнты навучаюцца ў нас, нашы вывучаюць кітайскую мову і літаратуру. Трэба спадзявацца, што і творы кітайскіх пісьменнікаў зацікавяць беларускіх пісьменнікаў, перакладчыкаў. Добры пачатак ужо зроблены. Паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі пераклаў вершы ста кітайскіх паэтаў. Выдавецкі дом “Звязда” надрукаваў іх асобнай кніжкай – “Пад крыламі дракона”. Выдадзена яна ў 1912 годе, які па усходняму календару лічыўся годам дракона, так што ў назве зборніка закладзена і пэўная сімволіка. Паспрабуем на прыкладах з ягоных перакладаў як самых апошніх па часе прасачыць, што за цяжкасці сустракаўцца ў перакладах з кітайскай мовы на беларускую. Якраз удалося адшукаць падрадкоўнікі і, для параўнання,пераклады на рускую мову некаторых вершаў.

Мікола Мятліцкі не хавае таго, што кітайскай мовы ён не вывучыў, перакладаў з рускіх вершаваных перакладаў і з падрадкоўнікаў. Але узяўся за пераклад не з налёту, а пасля таго як адмыслова пазнаёміўся з гісторыяй Кітая, яго культурай, гісторыяй кітайскай мастацкай літаратуры. Да таго ж у яго ўжо меўся за плячыма вопыт перакладу усходняй лірыкі. Жаданне пазнаёміць з кітайскай паэзіяй беларускага чытача ў больш звязным, паслядоўным прачытанні, не прымушаючы яго перагортваць у бібліятэцы старыя выданні і перыёдыку, перасіліла боязь перад нязвыклым і экзатычным, і ён адважыўся ўзяцца за цяжкую, амаль непасільную працу. Хочацца на прыкладзе перастварэння аднаго верша са зборніка паказаць, наколькі яна сапраўды цяжкая. У зборніку ёсць верш кітайскай паэтэсы Лі Цінчжао, якая жыла ў XI і XII стагоддзях (1084-1151). Як нам удалося даведацца, гэта верш-песня, напісаны на мелодыю “Юй цзя ао” («渔 家 傲»). Мы мелодыі не ведаем, і гэта ўжо некалькі збядняе наша ў’яўленне пра арыгінал. Для тых, хто ведае кітайскую мову, мы і даем арыгінал, а потым падрадковы празаічны пераклад на беларускую мову, а таксама пераклад гэтага верша, зроблены рускім паэтам М. Басманавым і пераклад на беларускую мову са зборніка.

Спачатку арыгінал:

天接云涛连晓雾,

星河欲转千帆舞;

彷佛梦魂归帝所,

闻天语,殷勤问

我归何处。我

报路长嗟日暮,

学诗漫有惊人句;



里风鹏正举,

风休住,蓬舟吹取

三山去。

Падрадкоўнік:


Неба з зямлёй злучылася, валы хмар, раніцай − туман,
Зорная Рака хутка павернецца, тысячы ветразяў танцуюць;
Мне сніцца, што мая душа прыляцела ў абіцель багоў,
Чую нябесную гаворку,
Яны пранікнёна пытаюць мяне, куды я вярнуся.
Я кажу, што дарога доўгая, туманная, і наступае вечар,
Перачытвала свае вершы − яны перапоўненыя радкамі, што здзіўляюць людзей;
На дзевяноста тысяч лі птушка Пэн уздымае вецер.
Ветры, не трэба вам сціхаць,
Няхай жа лёгкі човен аднясе мяне да трох вяршыняў.

Пераклад на рускую мову:


Там, где слились воедино

Тучи с озерным простором,

Где предрассветная дымка

Тает над сонной волной, −

Тысячи парусных лодок

В танце закружатся скоро.

Небо бледнеет, и гаснут

Звезды одна за одной.


Сон необычный мне снился,

Будто бы в Небо я взмыла,

Голос из бездны небесной

Вдруг обратился ко мне.

Ласково и с участьем

Небо меня спросило,

Путь свой куда направляю

В этой земной стороне.


Горькое Небу признанье

Было моим ответом:

"Солнце клонится к закату,

Путь же, как прежде, далек.

Вся моя жизнь - постиженье

Трудного дела поэта,

Но совершенных так мало

Мною написано строк!.."


Ветер поднялся в округе,

Ветер от края до края.

Гордо парит надо мною

В выси заоблачной гриф...

Мчи за Саньшань меня, ветер,

Лодку волной подгоняя,

Пусть ни на миг не ослабнет

Твой дерзновенный порыв!


Пераклад на беларускую мову:
Там, дзе злілося ўзаемна

Хмарыва з возера плёсам,

Там, дзе світальная дымка

Цьмее над соннай вадой, −

Тысячы парусных лодак

Ціш скалануць шматгалоса

Неба святлее, і гаснуць

Зоркі над ім чарадой.


Сон незвычайны мне сніўся,

Быццам бы ў небе лунала.

Голас з нябеснае вышы

Раптам аклікнуў мяне.

Са спачуваннем ласкава

Неба мяне спытала,

Шлях свой куды скірую

Ў гэтай зямной старане.


Горкае небу прызнне

Стала маім адказам:

Сонца ужо на спадзе,

Ды не суняць шляхоў.

Я ўсё жыццё спасцігаю

Мне дараванае часам,

Ды дасканалых нямнога
Створана мной радкоў…”
Вецер падняўся ў акружжы,

Дужы, парыўны і лёткі.

Вольна кружляе у вышы –

Аж пад аблокамі – грыф.

Мчы на Саньшань мяне, вецер,

Хваляю гонячы лодку.

Пошуг твой свежы і дужы

Хай не аслабне й на міг!


Як бачым, пераклад на беларускую мову адштурхоўваецца і развівае матывы вершаванага перакладу на рускую мову. Мабыць, Басманаў карыстаўся падрадкоўнікам, або, нават і ведаючы мову, недастаткова ведаў кітайскую паэзію, міфалогію і філасофію даасізму. Ён не змог перадаць алегарычнасць некаторых вобразаў верша, алегорыю сну, алегорыю Зорнай ракі (Млечны шлях), тысячы ветразяў (зоркі), лодкі як сімвалу жыцця, што, гэтак жа падпарадкоўваецца волі лёсу, як лодка хвалям. Не дапамагае часам і слоўнік. Так, “птушка Пэн” перакладаецца звычайна як “грыф”. Але ў вершы Лі Цінчжао гэта зусім не грыф, а міфічная істота, кіт, які ператварыўся ў птушку, вобраз з верша папярэдніка Лі Цынчжао, паэта і філосафа, паслядоўніка даасізма Жуань Цзі (ён таксама прадстаўлены ў зборніку). Жуань Цзі пісаў, што паводле старадаўняга міфа калі тая гіганцкая птушка Пэн ляціць да Паўднёвага акіяна, то на вадзе ўзнімаюцца хвалі вышынёй у тры тысячы лі (кітайская мера даўжыні), калі ж яна ўзлятае увысь, то ўзнімаецца вецер на дзевяноста тысяч лі. Гэтая асацыяцыя, калі б мы маглі яе ўсвядоміць, магчыма, нагадала б нам вобраз Страцім-лебедзя. Багдановіч абапіраўся на міфалогію, Лі Цінчжао − таксама. Але ў перакладзе мы асацыяцый з Жуань Цзі, з міфалогіяй адчуць не можам, з грыфам пад аблокамі ніякіх думак не звязваем, апроч той непрыемнай, ды і непажаданай у гэтым вершы, што грыф харчуецца мерцвячынай. А для кітайскай паэтэсы птушка Пэн была сімвалам сувязі зямнога і нябеснага, увасабленнем жыццёвай сілы.

Тое самае і з сімвалам гары Саньшань (тры гары) – гэта тры горныя вяршыні на востраве ў Усходнім моры, дзе паводле кітайскай легенды жывуць тры святыя, Пэнлай, Фанчжан, і Інчжоў. Згадваючы пра гэтую гару, паэтэса празрыста намякае на сваё жаданне атрымаць паэтычную несмяротнасць. Нам назва Фуньшань нічога не гаворыць, мы нават не ведаем, што гэта гара. Для кітайцаў жа то свайго роду Парнас, ці Рай.

Дадаць да гэтага яшчэ і тое, што ў дадзеным вершы, як і ў многіх кітайскіх вершах, скарыстоўваецца свайго роду “зрокавае рыфмаванне іерогліфаў”, відавочная для кітайца блізасць малюнка іерогліфа (лодка, чаўнок) да іерогліфа (прыпадабненне, параўнанне), якое ўжо ніяк не перадаць пры перакладзе, то што ўжо там казаць пра ўсё іншае. Да таго ж, каб адэкватна ўспрыняць гэты верш, трэба яшчэ ведаць біяграфію Лі Цінчжао, тое, што верш быў напісаны ў невясёлы для паэтэсы час, калі яна пасля смерці мужа у пару міжусобных войн у Кітаі засталася адна ў чужой старане, часам ёй не было дзе жыць і яна начавала ў лодцы (вось прамая згадка пра чаўнок у яе лёсе!), што ў яе вершах гэтай пары многа сумнага і роспачнага, той пары, калі яна усумнілася ў сваім таленце і ўсё ж спадзявалася на тое, што яе вершы будуць жыць і пасля яе.

Пераклад з кітайскай мовы ўскладняецца яшчэ і тым, што для беларускай гэта мова няроднасная, вельмі непадобная па фанетычным складзе. І, як мы бачым, адэкватнае, ці хаця б набліжанае да адэкватнага, успрыняцце кітайскай паэзіі патрабуе не проста ведання мовы, але яшчэ і адчування духу кітайскай паэзіі. А вось гэта паэту, які выступае ў ролі паўнамоцнага прадстаўніка іншакраіннай культуры, якраз даступна. Нейкім звышчуццём, грунтуючыся на няўлоўных нюансах, на агульным адчуванні Мікола Мятліцкі змог пранікнуцца гэтым духам, данесці ў сваіх перастварэнннях адчуванне магутнага подыху мудрай кітайскай лірыкі.  Вядома, як і ва ўсякай зробленай рабоце, можна знайсці ў тых перастварэннях і пэўныя агрэхі.

Нельга не заўважыць  і таго, што пераклады, набыўшы новую моўную абалонку, загучалі ў духу беларускай паэзіі, зрадніліся з ёй, сталі нам сваімі. У іх адчуваецца і асоба перакладчыка. Мы знаходзім ягоныя ўлюбёныя словы, ўспамінаем яго паэтычны стыль. Вось верш Лу Ю “Слухаю куванне зязюлі ўначы”, у якім адчуваецца гэтая лучнасць, ён і кітайскі, і як бы ўжо блізкі нам,  свой, родны:

Лампада гасне. Ў хаціне спакой, // Завабяць думкі ў новую вандроўку. Царуе весні вечар над ракой, // І дождж і вецер наляцелі зноўку. Спіць івалга і ластаўка ў гняздзе Больш не шчабеча – ціха спачывае. Адно зязюля – невядома дзе – // Самотна ноччу месячнай кувае.  Разбудзіць, //Зноў мяне пазбавіць сну, //Нагорне слёзы Тым куваннем-сумам, //Зляціць у лес – пакіне зноў адну //Тугу, мяне аддаўгы скрутным думам. //Прыпомніцца далёкі родны кут// І раніцы ягонай колен сіні. І што казаць! Цяжар сваіх пакут //Нясу гады, выгнаннік, на чужыне.



Прачытаеш, і не хочацца звяртацца да арыгінала, параўноўваць, шукаць, што там страчана, што перайначана. Галоўнае, што захавана паэтычнасць, дух верша. Гартаючы зборнік, адчуваеш, што ў перакладчыка былі і свае захопленасці, асаблівая ўлюбёнасць у вершы такіх паэтаў, як Тао Юаньмін, Ван Вэй, Су Шы, Лу Ю, Ай Цін. І зразумееш, што яны аказаліся сугучнымі таму, над чым засяроджаве ўвагу сённяшні Мятліцкі-паэт, што яму асабліва блізка. Вершы кітайскіх паэтаў Мікола Мятліцкі уклаў не па алфавіту, а паводле гадоў іх жыцця, што дазваляе чытачу прасачыць гістарычны шлях кітайскай паэзіі, убачыць яе ў развіцці. Першы прадстаўлены ў зборніку паэт Цюй Юань тварыў яшчэ да нашай эры, а завяршаецца кніга вершамі Бянь Джыліня, нашага сучасніка. Разлічана кніга на падрыхтаванага чытача, які ўжо пэўным чынам абазнаны ў гісторыі і культуры Кітая, валодае пэўнымі ведамі пра краіну. Менавіта пагэтаму ў кнізе няма тлумачэнняў пекаторых слоў, звязаных з побытам, культурай кітайцаў, што, па праўдзе сказаць, не пашкодзіла б. Але ў свет кітайскай літаратуры ўводзіны зроблены – прадмова Алеся Карлюкевіча “Спеў душы” прадстаўляе найбольш выдомых у Кітаі паэтаў – Цюй Юаня, Тао Юаньміня, Лі Бая, Ду Фу, ён жа ў пасляслоў’і змясціў кароткія біяграфіі іншых вядомых кітайскіх творцаў. Кніга прыгожа аздоблена мастаком А. Г. Званаровым. Зборнік перакладаў “Пад крыламі дракона”  пачаў служыць сваю добрую службу  як сведчанне сяброўскіх сувязяў двух народаў, як дапаможнік тым, хто цікавіцца Кітаем, яго літаратурай. Цяпер, калі павялічваецца лік людзей, якія вывучаюць кітайскую мову, спрабуюць перакладаць творы кітайскай літаратуры па-беларуску,  ёсць упэўненасць, што добры пачын Міколы Мятліцкага будзе падхоплены, што творчасць кітайскіх пісьменнікаў будзе з цягам часе яшчэ  больш вядомай у беларускамоўным абліччы.

Зборнік перакладаў “Пад крыламі дракона” пачаў служыць сваю добрую службу як сведчанне сяброўскіх сувязяў двух народаў, як дапаможнік тым, хто цікавіцца Кітаем, яго літаратурай. Цяпер, калі павялічваецца лік людзей, якія вывучаюць кітайскую мову, спрабуюць перакладаць творы кітайскай літаратуры па-беларуску, ёсць упэўненасць, што добры пачын Міколы Мятліцкага будзе падхоплены, што творчасць кітайскіх пісьменнікаў будзе з цягам часе добра вядомай у беларускамоўным абліччы. Зборнік “Пад крыламі дракона” ўпершыню прадстаўляе на беларускай мове кітайскую паэзію цэласна, шматаблічна. Ён будзе добрым дапаможнікам, своеасаблівай хрэстаматыяй да гісторыі кітайскай літаратуры, якая чытаецца студэнтам “кітайскіх” груп на філфаку БДУ, у іншых навуковых установах філалагічнага профілю. У гэтым яго важнейшая значнасць.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка