Астапчык Т. А




Дата канвертавання17.04.2017
Памер30.58 Kb.
НЕКАДЫФІКАВАНЫЯ ПРЫМЕТНІКІ-КАМПАЗІТЫ ЯК УВАСАБЛЕННЕ СЛОВАТВОРЧЫХ ПОШУКАЎ (НА МАТЭРЫЯЛЕ БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЫ 20-30-Х ГАДОЎ ХХ СТАГОДДЗЯ)

Астапчык Т.А.

Словаўтварэнне выступае своеасаблівай лакмусавай паперкай для працэсаў унутры моўнай сістэмы: разглядаючы прадуктыўнасць словаўтваральных тыпаў, вытлумачваючы выбар тых ці іншых фармантаў, спосабаў словаўтварэння, мовазнаўца можа (і павінен) выйсці за абсягі ўласна граматыкі і паглядзець на аб’ект свайго даследавання з вышыні пазамоўнай рэчаіснасці, тыповай для носьбітаў пэўнай мовы ў пэўную эпоху. У пачатку XX стагоддзя кампазіцыя стала адным з самых прадуктыўных прыёмаў утварэння новых слоў, што абумоўлена багатым знешнім і ўнутраным патэнцыялам кампазітаў: эканомія ў выкарыстанні моўных сродкаў, семантычная цэласнасць, вобразна-выяўленчае багацце.

20-30-я гады ХХ стагоддзя характарызуюцца бурным развіццём беларускай мастацкай прозы, увасобленай у розных жанрах. Літаратурны працэс названага перыяду ахапіў шырокую плынь празаікаў, сярод якіх – імёны тых, хто па розных прычынах патануў у гістарычнай бездані, і тых, хто і па сённяшні дзень “над паверхняй” літаратурнага жыцця Беларусі: Якуб Колас, Міхась Зарэцкі, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны і інш. Працэс і вынік уваходу ў скарбніцу беларускай літаратуры пісьменнікаў, у творчасці якіх ідэалагічныя догмы не сталі вызначальнымі, і да гэтага часу не страціў велічы і значнасці. Застаецца актуальным феномен супярэчлівага, неардынарнага, яркага рамантычнага героя Міхася Зарэцкага, празаіка, якога можна аднесці да першаадкрывальніка новых праблем і тэм, да аднаго з пачынальнікаў рамантычнага кірунку ў беларускай прозе, так званага “эмацыянальнага рамантызму”. Лірычную стыхію ў творчасці Змітрака Бядулі называюць новай асаблівасцю беларускай прозы. В.Максімовіч адзначае, што “планетарнае”, маштабнае мысленне Кузьмы Чорнага дазваляе аднесці яго да кагорты пісьменнікаў новага часу, новага светапогляду і новага мастацтва” [1, с.387]. Чорнаўская мастацка-філасофская карціна свету і па сённяшні дзень застаецца пераломнай прыступкай у беларускай літаратуры.

Заканамернае ажыўленне мастацка-стылявых пошукаў беларускай прозы 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя патрабавала адпаведных моўных сродкаў, здольных перадаць непасрэдную пульсацыю часу, злом, накладанне і перараджэнне поглядаў. М.Прыгодзіч называе 20-30-я гады ХХ стагоддзя часам найбольш значных дасягненняў “у фармаванні і далейшым удасканаленні ўсіх структурных звенняў беларускай мовы” [2, с. 56]. П. Бузук называе індывідуальна-аўтарскія складаныя прыметнікі “падвойнымі эпітэтамі”: “Нарэшце, трэба яшчэ зазначыць, што ў мове маладнякоўцаў пашырана ўжыванне падвойных эпітэтаў” [3, с. 72]. У. Дубоўка ў артыкуле “Пра нашу літаратурную мову” ўзгадвае некаторыя прыметнікі-кампазіты: “За апошнія часы ў нашу мову ўведзена шмат новатвораў, якія добра прышчапіліся і набылі поўнае прызнанне. З ліку такіх слоў адзначым некалькі складаных: мілагучны, мэтазгодны, роўналежны, добрабытны і інш.” [4, с. 179].

Аўтарская словатворчасць, увасобленая ў мастацкіх празаічных тэкстах 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, у многім выявілася праз некадыфікаваныя складаныя прыметнікі, якія шырока ўжываліся як у намінацыйных, так і стылістычных мэтах, што, з аднаго боку, сведчыць пра багатыя словаўтваральныя магчымасці беларускай моўнай сістэмы, а з другога – пра стылёвыя знаходкі асобных пісьменнікаў, на светаадчуванні якіх непазбежна пакінулі адбітак пераломныя гістарычныя падзеі першай трэці ХХ стагоддзя. Большасць прыметнікаў-кампазітаў у беларускай прозе 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя прадстаўлена індывідуальна-аўтарскімі лексемамі, паколькі мастацкія творы ёсць жывое і непасрэднае ўвасабленне словатворчасці пісьменнікаў, асабліва пачынальнікаў рамантычнага кірунку ў беларускай літаратуры. Індывідуальна-аўтарскія прыметнікі-кампазіты характарызуюцца суб’ектыўным адлюстраваннем рэчаіснасці і найперш выступаюць увасабленнем мастацкіх пошукаў, “сканцэнтраваных” вакол філасофскіх роздумаў, пейзажных замалёвак, лірычных адступленняў.

Так, 20-30-я гады ХХ стагоддзя выступаюць часам лёсавызначальных трансфармацый ва ўсіх сферах жыцця маладой незалежнай дзяржавы. Літаратура як адлюстраванне гэтых трансфармацый і заклік да іх (або супраць іх), бясспрэчна, убірала ў сябе адбіткі тагачасных сацыяльна-эканамічных і палітычных падзей, а моўная сістэма, у сваю чаргу, шукала і стварала сродкі для рэпрэзентацыі набытых адбіткаў.

Литература

1. Максімовіч, В.А. Беларуская літаратура першай трэці ХХ стагоддзя / В.А.Максімовіч. – Мінск: Беларуская навука, 2006. – 421 с.

2. Прыгодзіч, М. “Сэнс у іх хаваецца яшчэ большы, чым паэзія…: аўтарскія неалагізмы як факт мовы” / М. Прыгодзіч // Роднае слова. – 1995. – №8. – С. 56 – 60.



3. Бузук, П. Увагі аб мове і стылю маладнякоўцаў / П.Бузук // Маладняк. – 1927. – №5. – С. 63 – 73.

4. Дубоўка, У. Пра нашу літаратурную мову / У. Дубоўка // Узвышша. – 1927. – №2. – С. 174 – 180.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка