Балючае апытанне (інтэрв’ю) Балючае апытанне




Дата канвертавання07.02.2017
Памер90.78 Kb.
Балючае апытанне

(інтэрв’ю)

Балючае апытанне
Кашуба К.А.
Дваццаць мільёнаў чалавечых жыццяў – гэта кошт чалавецтва за мірную будучыню. Амаль два з паловай мільёны – сыны нашай Радзімы! Слова «вайна» змяшчае ў сабе ўвесь боль і жах тых дзён, усе паламаныя лёсы тых, хто паклаў сваё жыццё на алтар вялікай перамогі. Попел мільёнаў ахвяр тых падзей стукае ў сэрца кожнага, хто хоць раз у жыцці бачыў помнікі спаленым вёскам: тыя званы, якія ўвесь час нагадваюць пра тое, што кожны спалены жыхар гэтай вёскі тут, ён разам з намі, ён нагадвае нам, нашчадкам, што вайна – гэта страшнейшае, што можа здарыцца з чалавецтвам.

Некаторым здаецца, што мы ведаем амаль усё пра фашызм, пра тую вайну. Але ўсё часцей мне здараецца бачыць маладых людзей, якія ведаюць не больш за тых, каго гэта пакута не знайшла. Яны ведаюць, як і дзе пачалася вайна, якія помнікі ёсць у нашай краіне, яны нават ведаюць прозвішчы генералаў і іх заслугі. Гэта добра, але як многа яны ведаюць пра тое, як іх бабуля ці дзядуля да апошняй кроплі стаялі супраць ворагаў. Магчыма, іх прадзед загінуў у адным са шматлікіх баёў і зараз ляжыць у магіле невядомых салдат.

Каб паказаць моладзі, што памяць – гэта адзінае, што можа перасцерагчы нас ад паўтору такіх падзей, я вырашыла зрабіць невялікую апытанне. Мне было вельмі цікава даведацца, што ведае кожны пра лёс яго сям’і падчас Вялікай Айчыннай вайны. Адразу скажу, што адказы тыпу «извини, но я ничего не знаю» або «я знаю слишком мало, чтобы рассказывать» сустракаліся. Некаторыя спрабуюць абяліць тых нелюдзяў. Яны апавядаюць пра «добрых» немцаў, пра немцаў, якія давалі цукеркі, якія давалі цацкі, якія не забівалі ўсіх. Таксама распавядаюць пра «дрэнных» партызанаў, якія адбіралі ежу, адзенне, якія хаваліся ў хатах сялян і не пыталі дазволу. Але такая пазіцыя памылковая. Гэта аднабокі погляд на тое, што адбываецца. Як можна гаварыць пра тое, што фашысты, якія знішчалі вёскі, забівалі мірных сялян, якія вымушалі сялян рабіць на карысць Германіі, добрыя людзі? Добрыя людзі, якія планавалі знішчыць амаль усё насельніцтва, а тое, што застанецца, зрабіць рабамі? Добрыя людзі, якія рабілі медыцынскія вопыты на дзецях? Добрыя людзі, якія рабілі падушкі і коўдры з чалавечых валасоў? А зараз паразважайце, ці можа цукерка або шакалад закрэсліць усё гэта… Нават жывёлы за ежу не здраджваюць сваёй зграі.

Падчас апытання я выслухала шмат гісторый, якія не змогуць пакінуць абыякавым нікога. Гісторыі, якія змяшчаюцца ў некалькіх сказах, але вельмі балюча колюць.



Яўген Вайткевіч (23 гады): «Усё, што я ведаю пра лёс маіх родных падчас вайны, – гэта тое, што казала мне мая прабабка. Я быў вельмі маленькі ў тыя гады, калі яна была яшчэ жывая, але памятаю, што мне падабалася слухаць гісторыі пра вайну.

Прабабка мая перажыла дзве сусветныя вайны, аднак распавядала толькі пра другую. З таго, што я памятаю, вылучаюцца гісторыі пра тое, як яна са сваёй сям’ёй хавалася ад немцаў, калі тыя прыходзілі ў вёску.

Аднойчы яны хаваліся ў возеры: яна са сваёй дачкой (маёй бабуляй) хавалася пад вадой і дыхала праз трубку. А другі раз – у ямах, куды людзі скідалі сена. У гэты другі раз немцы ведалі, куды хаваюцца людзі, і доўгія штыры тыкалі ў сена. Не ўсім жыхарам пашчасціла застацца жывымі пасля гэтага рэйду».

Вольга Дзмітрыева (20 гадоў): «Адна з самых жудасных падзей у жыцці маёй бабулі была, калі гітлераўцы прыйшлі ў вёску і шукалі гамяльчан (не ведаю, чаму менавіта іх), магчыма, вёска знаходзілася побач з Гомелем. Яны бегалі па вуліцах, пляскалі ў далоні і крычалі "Гомэл! Гомэл!" Некаторых знайшлі.

Як мне потым распавяла бабуля, іх усіх пасадзілі на плыт, звязалі і пусцілі па рацэ (магчыма, гэта і была гомельская Сож). Калі хто змог выблытацца і плыць, то адразу быў расстраляны ў вадзе.

Яе бабуля, пачуўшы мітусню на вуліцах, адвяла сям'ю ў хлеў, да каровы, схавала ў сене і загадала не рухацца. Карова тапталася па ім! Не ведаю, як яны выйшлі без пераломаў і гематом, але ніхто не вымавіў ні гуку.

Немец падышоў да яе і спытаў, ці яна хавае каго. Бабуля яго назвала вырадкам. Ён прыгразіў, калі яна не закрые рот, то стрэліць ёй ў грудзі. Яна скінула вопратку на грудзях, крыкнула: "Страляй! Страляй (як іх там? гіцляў? ці не... ці так)!" Фашыст наставіў пісталет. Яна паўтарала: "Страляй, страляй". Ён апусціў зброю».

Напрыканцы ўсіх інтэрв’ю, я вырашыла спытаць у сябе: а што ведаю я?

Пачну з таго, што ў самым пачатку вайны мая прабабуля (Леакадзія) і прадзед (Іван) вырашылі ажаніцца, таму што з сям'і забіралі ў Германію толькі аднаго чалавека. Такім чынам, у лютым 1942 года майго прадзеда пагналі ў Германію. Там ён рабіў у пана (так дзед яго зваў), у якога была вялікая сям'я. Калі ў Германію прыйшла Чырвоная Армія, прадзед пайшоў з імі. Каля горада Калінінград (падчас адной з бітваў) яму сказалі ісці па параненага на поле. Мой дзед папоўз, і, як вынік, расплюшчыў вочы толькі ў шпіталі. Больш на вайну ён не трапіў. У той час прабабуля жыла і працавала ў вёсцы Гарадняны, дзе немцы амаль не знаходзіліся. Аднак вестак ад прадзеда не было, не было іх і пасля перамогі ў 1945-м. І толькі праз два гады прадзед змог павярнуцца на Радзіму.

Будучыня без вайны і нянавісці магчыма толькі тады, калі мы памятаем пра тое, што можа здарыцца. Але памятаць недастаткова, трэба адчуць на сабе той боль, які адчувалі нашы продкі. А для гэтага кожны павінен ведаць, што на самой справе адбывалася ў сэрцах і галовах сваіх бабуль і дзядуляў.

Чалавек, які нічога не ведае пра сваю гісторыю, – гэта проста жывёла, якая робіць толькі тое, што ёй трэба, каб выжыць. Але ж мы і адрозніваемся ад жывёл тым, што маем пачуцці, памяць, розум. Як чалавек можа гаварыць пра сябе, калі ён не ведае нічога пра тых, хто дараваў яму жыццё? Менавіта подзвіг нашых дзядоў, бабуль дараваў нам магчымасць жыць і рабіць усё, каб увесь мір навокал станавіўся лепей. Падчас майго апытання высветлілася, што КОЖНЫ ЧАЦВЁРТЫ з 34-х нічога не ведае пра сваіх продкаў, і амаль КОЖНЫ ДРУГІ адчуў сорам і жаль… Менавіта дзеля гэтага я вырашыла зрабіць гэта апытанне. Каб кожны зразумеў, адчуў і аднойчы спытаў у самога сябе: «А што ведаю я ?»

Скончу я радкамі з кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка: «Аднак жа ёсць яна, жыве народная памяць – непадкупная памяць пра фашызм гестапаўскі, канцлагерны, хатынскі. Суд народаў не закончыўся ў Нюрнбергу. Ён працягваецца – у памяці народнай. Суд гэты ідзе не толькі дзеля гістарычнай справядлівасці. Ён жывым патрэбен дзеля жыцця. Бо нездарма гаворыцца, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць. I таму так важна, жыццёва важна, каб на ўвесь свет гучала народная памяць, праўда пра фашызм».
Пакутніца
Нікіценка А.У.
Калі вы гаворыце слова “вайна”, што перш за ўсё вам уяўляецца. Можа, разбураныя хаты і спусцелыя вёскі? А можа, змучаныя холадам і голадам дзеці? Ці партызаны? Мне вось, напрыклад, цяжка ўявіць, што перажыў беларускі народ у Вялікай Айчыннай вайне.З гісторыі я ведаю,што гэтая вайна пакінула моцны адбітак на Беларусі. Яна засталася незагойнай ранай на кожным беларускім сэрцы, бо няма той сям’і, якую б не закранулі жудасныя падзеі 1941-1945-ых гадоў.

Калі я была маленькая, мая бабуля, Аляксандра Уладзіміраўна, часта расказвала мне гісторыі пра вайну, але тады я не магла добра разумець тое, пра што яна гаворыць, бо я не ведала нават, што яна расказвае рэальныя гісторыі, якія здараліся з ёй самой. Памятаю, што яна заўсёды плакала, калі гаварыла пра вайну…Яшчэ зусім малым дзіцём я бачыла бабуліны слёзы, што ціха каціліся па яе састарэлым твары. Яго я не забуду ніколі. Столькі болю і горычы мне яшчэ не даводзіласа бачыць. Здавалася, што ў тыя моманты кожная маршчынка расказвала пра тыя жахі, што адбываліся з бабуляй. Я глядзела ў яе паблеклыя вочы, разглядала пасівелыя валасы, старыя, тонкія, кволыя рукі. І, ведаеце, толькі праз некаторы час я ўсё зразумела. Бабуля, ведаючы, што маленькае дзіця не здольна яшчэ ўспрымаць тое, што яна расказвае, усё роўна гаварыла пра гэта, нібыта лічыла гэта сваім абавязкам. Яшчэ добра памятаю, як я любіла разглядаць яе медалі. На жаль, я не памятаю, якія гэта былі ўзнагароды, бо даўно ўжо не бачыла іх, але тады для мяне гэта было як жывы помнік, я з вялікай асцярогай краналася іх, нібыта чагосьці святога. Пасталеўшы,я кожны раз успамінаю яе гісторыі і разумею, як моцна паўплывала гэта на мяне, на маё ўспрыманне вайны. Страчаныя надзеі, паламаны лёс, унутраная пустэча, бясконцыя пакуты – вось, што яна прынесла людзям. Бабуля ўжо памерла,але я добра памятаю ўсё, што яна гаварыла, таму жадаю падзяліцца гэтым з вамі.



  • Я ж тады была маладая, прыгожая дзяўчына, унучка. Мне было каля васямнаццаці гадоў, - вось так заўсёды з вялікім сумам пачыналіся яе гісторыі. Мая стрыечная сястра Алена была многім сур’ёзнее за мяне, яна больш разумела, таму заўсёды задавала бабулі пытанні, а я толькі слухала, быццам казку, поўную жахаў, яна здавалася мне нерэальнай.



  • Баба Шура, а ці памятаеце вы той дзень, калі пачалася вайна? – часта запытвалася Аленка.




  • Ведаеце, дзяўчаты, такое ж ці магчыма забыць. Мы жылі ў вёсцы тады. Добра помню, што было вельмі рана. Уся хата ціха сапела ў тры насы: я, мая маці і бацька. Я прачнулася ад моцнага грукату. Спачатку не зразумела, што здарылася. А здарылся вось што: нашу вёсачку пачалі бамбіць немцы, адзін са снарадаў трапіў у нашу хату, якраз у тую сценку, каля якой спала я тады. Прачнулася, гляджу – перада мной вуліца і дым ад вогнішча, якое пачалося ў хаце. Я нічога не чула, бо ад шуму мне заклала вушы. Маці падскочыла да мяне і пачала выцягваць з хаты да сараяў, што былі на двары. Бацька яшчэ спрабаваў уратаваць нашае адзенне і іншыя рэчы. А калі я зноў пачала добра чуць, першае,што я пачула, быў лямант жанчын і плач дзяцей. На самой справе гэта было адзіным, што я потым чула на працягу ўсёй вайны. Я яшчэ доўга не магла зразумець, што здарылася, чаму ўсе плачуць, чаму нашая вёска гарыць і што рабіць далей. З адказамі на гэтыя пытанні прыйшоў бацька. Ён сказаў нам з маці, што пачалася вайна. Праз некаторы час яго забралі на фронт. Мы атрымалі толькі некалькі лістоў ад яго, а потым нам прынеслі гэты жудасны канверт з весткай аб тым, што ён загінуў.




  • А што было з вамі? Як вы жылі далей? – запытваліся мы ў бабулі.




  • Пасля таго, як вёску спалілі, мы збеглі ў лес. У нас была кароўка, якую я вельмі любіла, дык мы яе з сабой забралі. Нас там шмат было такіх. І ўсе вялі з сабой сваіх дамашніх жывёл: у каго каровы, у каго свінні. Кур не бралі, яны ўсё роўна пазбеглі б. Я добра памятую, як маці рабіла нам падсцілку з яловах лапачак. Малых адпраўлялі збіраць іх, а потым дарослыя ладзілі нам ложкі. У вёску нас не пускалі, гаварылі, што там цяпер немцы паўсюль. А нам дужа ж цікава было. Раз быў выпадак, калі мы вырашылі пайсці з саначкамі ў вёску накапаць бульбы, бо вельмі хацелася есці, а галоўныя запасы былі ўжо амаль што знішчаны. Нас было чатыры ці тры. Прыйшлі ў вёску, пайшлі да майго двара, бо ў нас заўсёды шмат чаго расло. І вось мы пачалі капаць бульбу. Тады ўжо схваціліся першыя маразы. Сваімі дзіцячымі рукамі мы капалі змерзлую, крэпкую, як камень, зямлю. Накапаць трэба было нямала, каб хапіла ўсім. Накапаўшы бульбы, пачалі збірацца ісці назад, але тут адзін з хлапчукоў шэптам сказаў: “Ціха, рабяты, вунь немец ідзе з цыгарэтай. У яго вінтоўка.Ён нас застрэліць, калі ўбачыць”. Каб растлумачыць, як мы спужаліся, не хопіць слоў, я зразумела, што наўрад ці калі пабачу зноў сваю сям’ю, я пачала плакаць, жалела сваю кароўку, так не хацелася яе пакідаць. Паўзком мы пачалі прабірацца да лесу, неяк валаклі за сабой саначкі. Але немец нас заўважыў, крыкнуў нешта па-нямецку, а мы прытаіліся, узяліся за рукі, некаторыя пачалі маліцца. Чутна было, што ён набліжаўся. Але тут яго нехта паклікаў. Мы так зразумелі, што гэта быў яго начальнік, таму ён пайшоў да яго, а мы, перачакаўшы, калі ён адыдзецца зусім далёка, пабеглі ў лес да нашых.




  • А ці былі моманты, калі табе, бабуля, прыходзілася сустракацца з немцамі, калі ты была адна? - усё пыталіся мы.




  • Было раз, калі я пайшла пасвіць сваю кароўку, немцы ўбачылі нас. Тады яны забіралі ў людзей усіх жывёл, а асабліва кароў. Яны падышлі да мяне, паказалі на карову. Я разумела, што яны хацелі забраць яе, але мяне адпусцяць, калі я аддам карову сама. У мяне не было іншага выйсця. Я з такім болем перадала ім вяровачку, за якую вадзіла кароўку. Я бачыла яе вочы. Яна быццам прасіла мяне не аддаваць яе немцам, яны былі поўныя смутку, жалю, крыўды. Я прыбегла да маці, расказала ёй усё, захлёбваючыся слязьмі. Пасля гэтага я не магла нават спаць ноччу амаль штодня. А праз некаторы час я захварэла на тыф. На вайне захварэць – гэта ўжо значыла смерць. Лячыцца было цяжка, нечым. Мне пашанцавала, што я была маладзенькая і хваробы пераносіла лягчэй за старэйшых. Я памятаю, як у мяне пачалі вылазіць валасы, я не разумела, чаму. Большую частку часу я спала, у мяне быў вялікі жар. Лежачы ў нейкай канаўцы, што была як ложак для мяне, я бачыла праз сон, як нейкая цётачка прыходзіла да мяне і давала нейкія зёлкі. Праз месяц я аклімалася. Гэта быў сапраўдны цуд, бо маці амаль што ўжо і не верыла ў тое, што я ачуняю. Шмат людзей тады загінула з-за хвароб. Я да сённяшніх дзён памятаю той страшэнны пах, калі чалавек пачынае гніць. Шмат могілак тады было ў лесе. У некаторых было па некалькі чалавек.




  • А калі вас вызвалілі? Што было тады?

Бабуля мала расказвала пра іх вызваленне. Адзінае, што я помню, дык гэта, што яны на той час ужо перайшлі ў другую вёску, там было зацішней, не было немцаў. Гэтыя мястэчкі вызвалілі хутка. Людзі не верылі сваім вушам, калі пачулі, што ўсё скончылася. Але нават радасць перамогі не змагла заглушыць той боль страт і пакут.



Юнакі пасталелі на вайне. Гэта павінны былі быць самыя шчаслівыя гады іх жыцця: першая любоў, светлая будучыня, шмат шляхоў, цікавае дарослае жыццё, але вайна змяніла іх лёс. Нават з цягам часу немагчыма пазбыцца таго цяжару ад жахаў і выпрабаванняў, што давялося перажыць нашаму народу, простым жыхарам беларускіх вёсачак. Так, я не была там у гэтыя гады, але, гледзячы на вочы, перапоўнеыя слязьмі нашых дзядуль і бабуль, якія бачылі ўсё гэта, адчуваеш, наколькі табе пашанцавала нарадзіцца і жыць на зямлі пад мірным небам, бачыць птушак у небе, а не бомбы, чуць іх спеў, а не гул рэактыўных самалётаў і свіст куль. За гэта мы павінны ўсё нашае жыццё дзякаваць ветэранам. Дык ці хопіць слоў, как перадаць усю ўдзячнасць… Я хачу, каб і далей дзеці малодшых пакаленняў помнілі пра падзеі, што адбываліся на нашай роднай зямлі і помнілі тых людзей, якія выратавалі Беларусь і падаравалі нам лепшае жыццё!


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка