Барковіч аляксандр аркадзьевіч




старонка1/5
Дата канвертавання09.01.2017
Памер0.73 Mb.
  1   2   3   4   5

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ


УДК 81’16(043.3)+81’42(043.3)

БАРКОВІЧ

АЛЯКСАНДР АРКАДЗЬЕВІЧ

МЕТАМОЎНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА КАМП’ЮТАРНА-АПАСРОДКАВАНАГА ДЫСКУРСУ

Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені

доктара філалагічных навук

па спецыяльнасці 10.02.19 – тэорыя мовы

Мінск, 2016

Работа выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце











Афіцыйныя апаненты:


Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч,

доктар філалагічных навук, прафесар,

член-карэспандэнт НАН Беларусі, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце

ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі»







Старычонак Васіль Дзянісавіч,

доктар філалагічных навук, прафесар,

дэкан факультэта беларускай і рускай філалогіі

УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. М. Танка»


Зубаў Аляксандр Васільевіч,

доктар філалагічных навук, прафесар,

загадчык кафедры інфарматыкі і прыкладной лінгвістыкі

УА «Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт»










Апаніруючая арганізацыя

УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М. Машэрава»

Абарона адбудзецца 22 лістапада 2016 г. у 14.00 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.24 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31, аўд. 62.

Тэлефон вучонага сакратара: (017) 209 55 58.
З дысертацыяй можна азнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Аўтарэферат разасланы «19» кастрычніка 2016 г.

Вучоны сакратар



савета па абароне дысертацый С. А. Важнік
УВОДЗIНЫ
Функцыянаванне мовы ў сучасных сацыяльных і вытворчых умовах патрабуе не толькі даследавання ўзораў маўлення ў асобных храналагічных ці прасторавых абставінах, але і навукова абгрунтаванай сістэматызацыі маўленчай практыкі.

Са з’яўленнем і ўсталяваннем прынцыпова новага фармату функцыянавання моўных фактаў – пры падтрымцы камунікацыйных сетак – лінгвістыка атрымала ў сваё распараджэнне матэрыял недасягальных раней якасці і колькасці. З выкарыстаннем прыкладных методык апрацоўкі маўлення, такіх як корпусныя ці інтэрнэт-пошук, паняцце моўнага матэрыялу набывае своеасаблівую ўмоўнасць: з аднолькавым поспехам можна даследаваць і тысячу моўных адзінак, і сотні мільёнаў словаўжыванняў. Паступова на першы план выходзяць не столькі задачы фарміравання картатэк і патэрнаў (гэта ўжо звышпаспяхова і імгненна робяць камп’ютарныя праграмы), колькі тэарэтычныя пытанні і стратэгія даследчай дзейнасці. Звышактуальным становіцца навуковае асэнсаванне сутнасці новых феноменаў і працэсаў маўленчай практыкі, іх карэляцыя з існуючымі ўяўленнямі, канцэптуальная рэпрэзентацыя.

Непасрэдным чынам з мовазнаўчай тэорыяй і практыкай суадносіцца гіперфеномен сучаснай камунікацыі – сетка Інтэрнэт. Менавіта Інтэрнэт стаў каталізатарам паўнамаштабнага ўключэння ў навуковую парадыгму інструментарыю камп’ютарна-апасродкаванай камунікацыі (далей – КампАК). Навуковае абгрунтаванне адпаведнай праблематыкі, выяўленне яе структурных сувязей і ўзаемазалежнасцей – актуальная лінгвістычная праблема. Несумненна, і акрамя камунікацыйнай спецыфікі ў мовазнаўстве знойдзецца нямала нявырашаных праблем, але так многа «белых плям», якiя не закраналiся i нават не згадвалiся ў навуковай лiтаратуры, у іншых сферах сучаснага мовазнаўства не знайсці. Сярод даследчыкаў КампАК неабходна адзначыць Н. Бэран, С. Херынг, Д. Крыстэла, намаганнямі якіх была сфарміравана і набыла абрысы адпаведная навуковая парадыгма.

У кантэксце тэндэнцый сучаснага развіцця цывілізацыі асваенне інтэрдысцыплінарнай метадалогіі мае бясспрэчныя перспектывы, якія паспяхова рэалізуюцца ў зусім не самадастатковых, сінтэтычных навуковых напрамках, такіх як кібернетыка, штучны інтэлект, вэб-навука. Рэлевантныя праблематыцы камп’ютарнага апасродкавання камунікацыі дысцыпліны і напрамкі даследавання паступова аб’ядноўваюцца ў велізарную сінкрэтычную праблемную вобласць, аб’яднаную спецыфікай камп’ютарна-апасродкаванага дыскурсу (далей – КАД).

Праблематыкай сучаснага дыскурсу займаліся многія вучоныя, сярод якіх неабходна адзначыць Т. ван Дэйка, Д. Шыфрын, У. Чэйфа, Р. Водак, Н. Фэркло, М.Л. Макарава, У.І. Карасіка, А.А. Кібрыка і інш. Але да канцэптуальных пытанняў лінгвістычнага асэнсавання КАД звярталася не так многа даследчыкаў, яго метамоўная спецыфіка як самастойная і шматмерная праблемная вобласць раней увогуле не даследавалася.

Важнай асаблівасцю КАД з’яўляецца яго палікодавы характар, што абумоўлівае выкарыстанне ў нашым даследаванні не толькі беларуска-, але і англа-, рускамоўнага матэрыялу (менавіта англійская і руская мовы займаюць адпаведна першае і другое месца па распаўсюджанасці ў Інтэрнэце), рэлевантных даных з іншых моў.

Такім чынам, навуковае суправаджэнне практычнай дзейнасці ў сферы камп’ютарна-камунікацыйных тэхналогій патрабуе мэтазгоднага выкарыстання, сістэматызацыі і структуравання моўных даных. Менавіта метамоўныя і металінгвістычныя абагульненні надзвычай запатрабаваны ў інавацыйных працэсах сучаснай навуковай сферы, ва ўмовах усё больш цеснага сімбіёзу навукі і вытворчасці. Эпоха камп’ютараў і сеткавых тэхналогій беззваротна змяніла жыццё чалавецтва і, зразумела, лінгвістыку. Актуальнасць тэарэтычнага асэнсавання КАД – у высокай запатрабаванасці абагульненняў адносна камунікацыйнай дзейнасці ў кантэксце сучаснай практыка-арыентаванай лінгвістыкі, лінгвістыкі без штучных абмежаванняў, дамінанты сферы вывучэння маўлення.
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ДАСЛЕДАВАННЯ
Сувязь працы з навуковымі праграмамі (праектамі), тэмамі

Дысертацыйнае даследаванне выконвалася ў межах навукова-даследчых заданняў «Камунікатыўная і метакамунікатыўная арганізацыя дыскурсу (на матэрыяле рускай, беларускай і заходнееўрапейскіх моў)» (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20111796) і «Слоўнікавы склад і граматычны лад сучаснай беларускай мовы ў аспекце інавацыйных тэхналогій і новых метадалагічных падыходаў» (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20114368) у рамках Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2011–2015 гг. «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі (гісторыя, культура, грамадства, дзяржава)»; навукова-даследчага задання «Стварэнне Нацыянальнага корпусу і лексіка-граматычнай базы беларускай мовы і іх праграмнае суправаджэнне» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.



Мэта і задачы даследавання

Мэта даследавання: даследаваць камп’ютарна-апасродкаваны дыскурс (КАД), правесці сістэмнае мадэляванне КАД, выявіць яго структуру і лінгвістычныя характарыстыкі.

Задачы даследавання:

1) выявіць і сістэматызаваць асаблівасці КАД з пункту гледжання зместу дыскурсіўнай спецыфікі камунікацыйных адносін;

2) вызначыць магчымасці і абмежаванні лінгваінфармацыйнага фармату маўленчай практыкі;

3) прааналізаваць метадалагічны патэнцыял КАД;

4) ахарактарызаваць суб’ектна-аб’ектныя ўласцівасці і адносіны ў КАД;

5) стварыць метаапісанне камунікацыйнай асобы ў кантэксце КАД;

6) апрабаваць магчымасці мадэлявання аб’ектнага боку КАД;

7) рэпрэзентаваць лінгвістычна рэлевантныя якасці інтэрнэт-дыскурсу як камунікацыйнага феномена;

8) правесці металінгвістычнае абагульненне спецыфікі КАД.

Аб’ект даследавання – камп’ютарна-апасродкаваны дыскурс (КАД).

Прадмет даследавання – характарыстыкі, уласцівасці, асаблівасці развіцця, складнікі і структура КАД.

Матэрыял даследавання – камп’ютарна-апасродкаваная маўленчая практыка, як беларускамоўная, так і руска-, англамоўная, суадносныя даныя з іншых моў. Аб’ём камп’ютарна-апасродкаванага беларускамоўнага дыскурсу па даных пошукавых сервісаў Інтэрнэту перавышае 20 000 000 тэкстаў, аб’ём КАД у глабальным аспекце вымяраецца мільярдамі моўных адзінак. Колькасць камунікантаў Інтэрнэту, агентаў, кліентаў КАД, камунікацыйных асоб шырокай функцыянальнасці вымяраецца сотнямі мільёнаў адзінак. Для выканання даследавання выкарыстоўваліся магчымасці ўсяго спектра КампАК. Паказальнымі для эмпірычнай характарыстыкі КАД з’явіліся лінгвістычныя корпусы, напрыклад, колькасць словаўжыванняў у 22 244 тэкстах Беларускага N-корпусу склала лічбу 208 474 017 (на момант выканання даследавання), Нацыянальнага корпуса рускай мовы – больш за 600 000 000 словаўжыванняў (для 265 401 717 словаўжыванняў гэта, напрыклад, 109 028 тэкстаў, 22 209 999 сказаў), інтэрнэт-корпуса WaCky – амаль 8 000 000 000 словаўжыванняў (на чатырох мовах). Факталагічную базу даследавання склалі 154 крыніцы – інтэрнэт-рэсурсы, электронныя бібліятэкі, корпусы, тэматычныя зборнікі, слоўнікі, напрыклад, у перакладным слоўніку English–Polish–Russian–Belarusian Dictionary on Informatics and Computer Technology прысутнічаюць даныя аб 11 000 тэрмінах, тэрміналагічных словазлучэннях і абрэвіятурах. Аўтарам самастойна апісаны 810 тэрміналагічных адзінак КАД, некаторыя – упершыню. У аснове метамоўнай арганізацыі матэрыялу – мадэлі маўленчай практыкі, выяўленыя і апісаныя аўтарам.

Навуковая навiзна

Упершыню ўсебакова даследаваны метамоўны патэнцыял камп’ютарна-апасродкаванай маўленчай практыкі. Прадстаўлена цэласная канцэпцыя шырокафарматнага метаапісання маўлення ў кантэксце сучасных рэалій камунікацыі. Праведзена сістэмнае мадэляванне КАД, вырашаны задачы навуковага адлюстравання сутнаснай і функцыянальнай ідэнтычнасці маўленчай дзейнасці ў камп’ютарна-апасродкаваным асяроддзі. Вызначаны кампаненты КАД, іх структура, ахарактарызаваны рэлевантныя сувязі. Характарыстыка метамоўнай спецыфікі КАД істотна паглыбіла сістэматызаванае навуковае асэнсаванне сучаснай маўленчай практыкі і, што немалаважна, наблізіла тэарэтычныя ўяўленні да практычнай сферы.



Дыскурсіўная рэпрэзентацыя маўлення носіць у дысертацыі комплексны і паслядоўны характар. Інавацыйнымі з’яўляюцца як фенаменалагічнае метаапісанне, так і абагульненне метадалогіі метаапісання КАД. Менавіта адзначаныя вектары з’яўляюцца вызначальнымі для метамоўнай характарыстыкі КАД, яго сістэмнага мадэлявання. Дыскурсіўны аналіз уласцівасцей, асаблівасцей сучаснага маўлення дазволіў зрабіць аргументаваныя абагульненні адносна дынамікі і перспектыў развіцця камунікацыі.

КАД ахарактарызаваны як актуальны дамінуючы тып сучаснага дыскурсу, высокаідэнтычны камунікацыйны феномен, істотнымі рысамі якога з’яўляюцца дзейнасны характар, чалавечая суб’ектнасць і камп’ютарнае апасродкаванне ўзаемадзеяння. Фенаменалагічная ідэнтычнасць КАД даследавана як комплекс яго кагнітыўна-семіялагічных, структурных, функцыянальных і інстытуцыянальна-персанальных асаблівасцей.

Прадстаўлена інавацыйная метадалогія метамоўнага мадэлявання. Ключавыя кампаненты метамоўнай мадэлі вызначаны як інтэрпрэтацыя – тлумачэнне, суаднясенне аб’екта метаапісання з рэферэнтным асяроддзем; рэпрэзентацыя – аўтэнтычнае прадстаўленне аб’екта метаапісання ў другаснай семіятычнай сістэме; мадэляванне – стварэнне стабільных абагульненых рэпрэзентацый. Мадэляванне КАД увасобілася ў стварэнні шэрага рэлевантных мадэлей, якія напоўнілі зместам сістэмнае метаапісанне КАД.

Абгрунтавана прадстаўлена лінгвістычнае асэнсаванне лінгваінфармацыйнасці – функцыянальнага адзінства, сімбіёзу лінгвістычнай формы і інфармацыйнага кантэксту дыскурсу. Лінгваінфармацыйная рэпрэзентацыя КАД валодае патэнцыялам адлюстравання не толькі фармальна-катэгарыяльных параметраў дыскурсу, але і яго сутнасных уласцівасцей, напрыклад, дазваляе кваліфікаваць функцыянальнасць семантыкі КАД.

Выканана метамоўнае акрэсленне інфармацыйнай ідэнтычнасці КАД, згодна з якім інфармацыя адлюстроўвае зместавую спецыфіку камунікацыі, канцэптуальна-маўленчую квінтэсенцыю сукупнасці моўных адзінак у кантэксце. Аўтарам прапанавана і абгрунтавана інавацыйная лінгвістычная парадыгма – інфармацыйная лінгвістыка.

Паслядоўна прадстаўлена інтэрдысцыплінарная спецыфіка навуковай рэфлексіі сферы КАД. Абгрунтаваны і замацаваны лінгвістычны прыярытэт практыкі даследавання і выкарыстання КАД. Даказана сумяшчальнасць лінгвістычнай парадыгмы з праблемнай вобласцю КАД і эфектыўнасць яе выкарыстання. Ахарактарызаваны мэйнстрым навуковай рэфлексіі КАД, у мадэлі металінгвістычных тэндэнцый адзначаны: глабалізацыя камунікацыі, масавы перавод дыскурсіўнай практыкі ў камп’ютарны фармат, уніфікацыя моўных стандартаў, навуковая кааперацыя, развіццё вузкай спецыялізацыі, развіццё металексічнага патэнцыялу даных.

Прадстаўлена метамадэль КАД, структуру якой утвараюць як метамоўныя мадэлі («уласнаметамоўныя»): дыскурсіўная гіпермадэль, медыйна-камунікацыйная інфраструктура, мадэль метафармату, метамадэль функцыянальных заканамернасцей, фенаменалагічная мадэль камунікацыйнага персанажа і мадэль антрапацэнтрычных параметраў КАД; так і шаблоны металінгвістычнага ўзроўню: металінгвістычная індэксацыя і мадэль металінгвістычных тэндэнцый КАД.

Эфектыўнасць абранага лінгвістычнага падыходу пацверджана стварэннем комплекса агульнамоўных мадэлей, у тым ліку інавацыйных паняццева-фрэймавай мадэлі, канцэптуальна-дамінантнай мадэлі, іерархічнай метамадэлі дэрывацыі, мадэлі варыятыўнасці мовы, мадэлі развіцця моўных навацый, іншых семантычных, апазіцыйных, культурных, кантэкстуальных мадэлей.

Для характарыстыкі суб’ектнага боку КАД уведзена і разгледжана паняцце камунікацыйнай асобы, вызначаны яго істотныя ўласцівасці і структура. Мэтазгодным у гэтай сувязі з’явілася стварэнне і выкарыстанне такіх спецыфічных мадэлей як камунікацыйная персаналія, камунікацыйны персанаж, камунікацыйны фігурант. Прадстаўлены і ахарактарызаваны інтэр-, суб- і гіперперсанальнасць суб’екта КАД; антрапацэнтрычнасць КАД.

Створаны і апісаны інавацыйныя сінтэтычныя сродкі рэпрэзентацыі даных маўленчай практыкі. Металінгвістычная індэксацыя забяспечыла якасна новы ўзровень абагульнення паказчыкаў фармалізацыі, дэрывацыйнасці, парадыгматычнасці, семантычнасці, кантэкстуальнасці і апазіцыйнасці. Індэксы фармалізацыі, дэрывацыйнасці, парадыгматычнасці, семантычнасці, кантэкстуальнасці і апазіцыйнасці апісаны аўтарам упершыню.

Шырока прадстаўлены інавацыйныя метамоўныя інструменты. Істотным з’явілася ўдакладненне тэрмінаў дэрыватыў, дэрывант, дэрыват (у лексічным аспекце) і дэрыватэма, грамема, флексіянема (у марфалагічным аспекце). Уведзены і апісаны паняцці сістэмнай і катэгарыяльнай якасці – узуалект, культуралект, інтэрнэталект, узуалізм, патэнцыялізм, кантэкстуалізм. Інавацыйнай з’яўляецца прэзентацыя ў лінгвістычным кантэксце паняцця металексічнай значымасці. Лінгвістычнае мадэляванне дыскурсіўных адносін КАД абумовіла ўвядзенне і выкарыстанне такіх інавацыйных паняццяў як кантэкстэма, інфарматэма, дыскурсема. Развіта і дыферэнцыравана катэгорыя адрасацыі, у прыватнасці як суб- і гіперадрасацыі. Прапанавана катэгорыя асінхроннасці для метаапісання адпаведнай спецыфікі камп’ютарна-апасродкаванай камунікацыі.

Сістэмна даследаваны рэпрэзентатыўны складнік КАД – інтэрнэт-дыскурс, у сувязі з чым ахарактарызавана парадыгма інтэрнэт-лінгвістыкі. Апісана практыка даследавання Інтэрнэту ў метамоўным акпекце, што дазволіла зрабіць абгрунтаваныя высновы аб маўленчай інавацыйнасці Інтэрнэту. На базе дысертацыйнага даследавання ў 2015 г. аўтарам выдадзены, і ў 2016 г. перавыдадзены першы па дадзенай тэматыцы вучэбны дапаможнік «Інтэрнэт-дыскурс: камп’ютарна-апасродкаваная камунікацыя» аб’ёмам 288 старонак.

Беспрэцэдэнтна шырокае кола моўных фактаў уключана ў аб’ектную сферу метамоўнай практыкі, эмпірычныя даныя паслядоўна выкарыстаны для верыфікацыі і ўдасканалення структурных аснаванняў метаапісання мовы. Мэтанакіравана задзейнічаны ўнікальныя лінгвістычныя рэсурсы КАД квалітатыўнага і квантытатыўнага кшталту (спецыялізаваныя лінгвістычныя корпусы дазваляюць аналізаваць сотні мільёнаў словаўжыванняў).

Абагульнена рэлевантная экстралінгвістычная спецыфіка КАД. Ахарактарызаваны ўплыў знешніх фактараў на КАД і зваротнае ўздзеянне маўленчай камп’ютарна-апасродкаванай практыкі на інтэнцыі развіцця і гарманізацыі сацыякультурнай дзейнасці чалавека. Вызначаны прыярытэты і арыенціры развіцця сучаснага фармату камунікацыі, адаптацыі маўлення да новых умоў навукова-тэхнічнага прагрэсу.

Упершыню праведзена лінгвістычнае апісанне беларускамоўнай спецыфікі КАД. У кантэксце беларускамоўнай спецыфікі Інтэрнэту абагульнены аўтэнтычныя тэндэнцыі развіцця моўнай сістэмы ў КАД. Даследаванняў КАД у кантэксце беларускай мовы выключна мала, і кожны крок на шляху вырашэння шырокага кола праблем сінхранізацыі сістэмы беларускай мовы з сучасным тэмпам жыцця істотна ўплывае на яе жыццяздольнасць і функцыянальнасць, умацоўвае магчымасці яе паспяховай адаптацыі да глабальных тэхналагічных і сацыякультурных перамен.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Камп’ютарна-апасродкаваны дыскурс – рэлевантнае абагульненне сучаснай маўленчай практыкі – дыскурс, апасродкаваны камп’ютарнымі інструментамі і штучнамоўнымі сродкамі, абумоўлены камунікацыйнай спецыфікай і шырокай маўленчай функцыянальнасцю. КАД – спалучэнне пісьмовага і вуснага дыскурсу; адлюстроўвае як маўленчую практыку, створаную на камп’ютары, так і створаную без дапамогі камп’ютара, але пазней адаптаваную да яго. Характэрнымі рысамі КАД з’яўляюцца: 1) апасродкаванасць тэхнічнымі камп’ютарнымі інструментамі; 2) палікодавасць; 3) комплексная інтра- і экстралінгвістычная структура метаапісання; 4) лінгваінфармацыйны характар функцыянавання; 5) антрапацэнтрычная суб’ектнасць; 6) камунікацыйна-сеткавая інфраструктура; 7) крышталізацыя аб’ектнага складу (фарміраванне феноменаў, мадэлей, тэндэнцый); 8) гібрыдная штучна-натуральнамоўная прырода; 9) прэцызійнасць параметрызацыі. Фенаменалагічная ідэнтычнасць КАД можа быць прадстаўлена як комплекс яго кагнітыўна-семіялагічных, структурных, функцыянальных і інстытуцыянальна-персанальных асаблівасцей.

2. Камп’ютарнае апасродкаванне камунікацыі валодае наступнай спецыфікай: 1) камп’ютарныя тэхналогіі арыентаваны на рэгламентаванасць суб’ектнага ўдзелу ў камунікацыйнай дзейнасці; 2) маўленчая практыка з удзелам праграм абмежавана выкарыстаннем толькі тых баз даных, якія папярэдне ўведзены ў камп’ютарную памяць; 3) камп’ютарныя праграмы КАД не валодаюць ініцыятывай развіцця даных і шляхоў іх мадыфікацыі; 4) даныя КАД патрабуюць шматузроўневай дыскрэтнай імплементацыі і лагічнасці, іерархічнага апісання метаданых; 5) камп’ютарныя праграмы могуць узаемадзейнічаць толькі з адаптаванымі (фармалізаванымі) данымі. Гэтым абумоўлены наступныя абмежаванні інфармацыйнага кантынуума: 1) звужаны парамоўны асартымент камунікацыі; 2) фармалізаваны апарат метамоўнага апасродкавання; 3) фрагментарнае задзейнічанне лінгвістычнага інструментарыю з апорай на лексічны ўзровень; 4) адсутнасць кантэкстнай імплементацыі зместу, якая патрабуе дадатковага натуральнамоўнага суправаджэння і цеснай сувязі з традыцыйнай сферай камунікацыі. Актуальнай у гэтай сувязі характарыстыкай дыскурсу з’яўляецца яго лінгваінфармацыйнасць – функцыянальнае адзінства, сімбіёз лінгвістычнай формы і інфармацыйнага кантэксту метаапісання.

3. Дынаміка развіцця КАД патрабуе як удасканалення тактычнага даследчага інструментарыю на ўзроўні асобных метадаў і методык, так і стратэгічнай прадказальнасці сферы на аснове лінгвістычна абумоўленай дыскурсіўнай метадалогіі. Парадыгма даследавання КАД ва ўмовах складанай сінкрэтычна-сімбіятычнай структуры асяроддзя вызначаецца выразнай метамоўнай спецыфікай, якая стварае якасна новую сутнасць, адзінства спалучэння сукупнасці лінгвістычных і тэхнічных даследчых інструментаў, функцыянальнай мадэлі аб’яднання некалькіх дысцыплін, метадалогій – інтэрдысцыплінарнасць. Спецыфіка сучаснай маўленчай практыкі абумоўлівае паслядоўнае выкарыстанне аналізу, сінтэзу і інтэгравання абагульненняў КАД у метамоўным аспекце. Асновай метадалагічнай структуры даследаванняў КАД з’яўляецца інструментарый метамоўнага характару (метамоўная мадэль), галоўныя кампаненты якога: 1) інтэрпрэтацыя – тлумачэнне, суаднясенне аб’екта метаапісання з рэферэнтным асяроддзем; 2) рэпрэзентацыя – аўтэнтычнае прадстаўленне аб’екта метаапісання ў другаснай семіятычнай сістэме; 3) мадэляванне – стварэнне стабільных абагульненых рэпрэзентацый.

4. КАД характарызуецца спецыфічным метафарматам – абагульненай сукупнасцю суб’ектаў, аб’ектаў, аб’яднаных адносінамі функцыянальнасці суб’ектнага і аб’ектнага бакоў. Вызначальнымі рысамі суб’ектнага боку КАД з’яўляюцца развіццё яго: 1) персаналізаванасці, у тым ліку гіперперсанальнасць; 2) інстытуцыяналізацыі, у тым ліку сітуацыйная абумоўленасць агентска–кліентскай ідэнтычнасці; 3) адрасацыі камунікацыі, у тым ліку гіперадрасацыя; 4) функцыянальнасці, у тым ліку фарміраванне такіх новых метамоўных мадэлей як троль; 5) апасродкаванасці, у тым ліку выразная і мэтазгодная фантомнасць суб’ектаў. Вызначальнымі рысамі аб’ектнага боку КАД з’яўляюцца развіццё яго: 1) маўленчай ідэнтычнасці, напрыклад, узмацненне ідыя- і сацыялектычнасці; 2) структураванасці, у тым ліку з’яўленне і замацаванне фармату сацыяльнай сеткі; 3) тэмпаральнасці, у тым ліку актуалізацыя асінхроннасці камунікацыі; 4) прасторавасці, у тым ліку стварэнне так званай віртуальнай рэальнасці; 5) функцыянальнасці, у тым ліку фарміраванне такіх новых метамоўных мадэлей як флуд, флэйм; 6) апасродкаванасці, напрыклад, адаптацыя мабільнай тэлефаніі; 7) катэгарызацыі, у тым ліку фарміраванне такіх новых жанраў як блог, форум; 8) семіялагічнасці, у тым ліку стварэнне фармальных моў.

5. Суб’ектны склад удзельнікаў КАД прадстаўлены толькі чалавекам, які ў працэсе маўленчай практыкі выкарыстоўвае цэлы арсенал сродкаў прэзентацыі і самапрэзентацыі асабовых прыярытэтаў. Увасабленнем індывідуальнасці ў КАД з’яўляецца камунікацыйная асоба – камунікацыйная праекцыя чалавека, абагульненая рэпрэзентацыя яго псіхалагічна-ментальных і сацыякультурных уласцівасцей, маўленчай ідэнтычнасці, якая вызначаецца шырокай варыятыўнасцю персаналізаваных рэалізацый. Феномен камунікацыйнай асобы мае складаную структуру. У ім вызначаюцца групы характарыстык, якія дазваляюць мадэляваць такія фенаменалагічна значымыя субфрэймы ідэнтычнасці камунікацыйнай асобы, ці метамоўныя мадэлі, як 1) камунікацыйная персаналія – абагульненая рэпрэзентацыя камунікацыйнага патэнцыялу чалавека; 2) камунікацыйны персанаж – абагульненая мадэль камунікацыйнай рэалізацыі чалавека; 3) камунікацыйны фігурант – сітуацыйная мадэль камунікацыйнай дзейнасці чалавека. Функцыянальнасць камунікацыйнай асобы з’яўляецца дынамічнай: у той ці іншы момант часу, у той ці іншай сітуацыі КАД адзін і той жа чалавек можа праяўляць сябе ў рознай камунікацыйнай якасці.

6. Тыпалагічныя і структурныя асаблівасці аб’ектнага боку КАД могуць быць прадстаўлены пасродкам метамоўных мадэлей. Спецыфіка метамоўных мадэлей КАД з’яўляецца лінгвістычна значымай: 1) мадэлі КАД функцыянуюць ва ўмовах высокай дакладнасці, дыскрэтнасці асяроддзя, што абумоўлена бінарнай статыстычнай мадэллю камунікацыі; 2) характэрным з’яўляецца выкарыстанне шырокага кола дадатковых семіятычных кодавых сістэм, у тым ліку штучных і фармальных; 3) метамоўнае мадэляванне стварае перадумовы фармалізацыі шматузроўневага кантэкстна-рэлевантнага зместу дыскурсу і яго рэпрэзентацыі; 4) істотнай характарыстыкай метаапісання КАД з’яўляецца інтэрдысцыплінарны кансенсус яго інтэрпрэтацыі з улікам універсальных метадалагічных каардынат і арыенціраў; 5) высокай актуальнасцю валодаюць дынамічныя мадэлі КАД, напрыклад, мадэль развіцця моўных навацый, што абумоўлена прадуктыўнасцю КампАК, тэмпамі развіцця інфраструктуры і запатрабаванасцю як дыяхронных, так і сінхронных ці асінхронных – разарваных у часе – абагульненняў маўленчай практыкі; 6) распаўсюджаны функцыянальныя мадэлі, такія як прынцып «Элізы», эфект люстэрка, эфект стаката, эфект эсперанта, – якія могуць быць аб’яднаны ў метамадэль функцыянальных заканамернасцей КАД.

7. Значымым і лінгвістычна рэлевантным феноменам КАД з’яўляецца Інтэрнэт. Метамоўная спецыфіка Інтэрнэту характарызуецца 1) фарміраваннем аўтэнтычнай тэрмінасістэмы; 2) фарміраваннем катэгарыяльнага апарата; 3) структураваннем суб’ектна-аб’ектнага боку маўленчай практыкі; 4) тэарэтычна-практычнай мэтазгоднасцю; 5) запатрабаванасцю вынікаў сумежнымі навуковымі парадыгмамі. Метамоўнае мадэляванне інтэрнэт-дыскурсу з’яўляецца багацейшай крыніцай лінгвістычных абагульненняў, прыкладам чаго з’яўляецца актуалізацыя такіх мадэлей як інтэрнэт-сёрфінг, інтэрнэт-ліцэнзія, інтэрнэт-мем і інш. Маўленчая інавацыйнасць Інтэрнэту характарызуецца: 1) варыятыўнасцю маўленчай практыкі; 2) прадуктыўнасцю інавацыйных сродкаў камунікацыі; 3) дынамікай развіцця моўных навацый; 4) эфектыўнасцю верыфікацыі моўных навацый; 5) павышанай рэлевантнасцю агульнагуманітарнай праблематыцы; 6) дыскурсіўнай інтэрактыўнасцю; 7) камунікацыйнай абумоўленасцю маўленчай практыкі.

8. Метаапісанне КАД характарызуецца шматузроўневай рэпрэзентацыяй. Сістэмнае метаапісанне маўленчай практыкі прадугледжвае яго паслядоўную імплементацыю, пры якой металінгвістычная ступень абстрагавання спрыяе стварэнню на аснове першасных абагульненняў мадэлей сінтэтычнага кшталту. Менавіта ў металінгвістычным кантэксце можа апісвацца дынаміка, тэндэнцыі развіцця КАД: 1) глабалізацыя камунікацыі; 2) масавы перавод дыскурсіўнай практыкі ў камп’ютарны фармат; 3) уніфікацыя моўных стандартаў сферы (з арыентацыяй на англійскую мову); 4) навуковая кааперацыя пры спецыялізаваным, у тым ліку лінгвістычным, суправаджэнні адпаведнай дзейнасці (што абумоўлена інтэрдысцыплінарнасцю); 5) развіццё вузкай кампетэнтнаснай спецыялізацыі ў дзейнасці па арганізацыі і суправаджэнні КАД; 6) развіццё металексічнага патэнцыялу даных. Паказальнай у металінгвістычным кантэксце з’яўляецца характарыстыка комплекса параметраў металінгвістычнай індэксацыі, напрыклад індэксаў фармалізацыі, дэрывацыйнасці, парадыгматычнасці, семантычнасці, кантэкстуальнасці, апазіцыйнасці.

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка