«Беларуская мова» для VІІІ клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі



Дата канвертавання13.10.2018
Памер221.49 Kb.
#22927

Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Беларуская мова»

для VІІІ клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання


Беларуская мова
Тлумачальная запіска

Праграма па беларускай мове падрыхтавана ў адпаведнасці з канцэпцыяй вучэбнага прадмета «Беларуская мова». Асноўныя палажэнні канцэпцыі грунтуюцца на тым, што беларуская мова з’яўляецца адной з дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь і каштоўным сацыяльна-культурным скарбам нацыі.

Ва ўстановах адукацыі беларускую мову трэба вывучаць не толькі як знакавую сістэму і сродак абмену думкамі. Неабходна так наладжваць працэс навучання, каб адным з галоўным напрамкаў у працы настаўніка стала фарміраванне сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, удумлівага чытача, адукаванага суразмоўніка, спагадлівага, высакароднага чалавека. Патрэбна дапамагаць вучням назапашваць навыкі, неабходныя для самаадукацыі, самапазнання і выхавання, вучыць карыстацца імі ў штодзённым жыцці. У сістэме ўсіх навук надзвычай важнае значэнне мае логіка-лінгвістычны кампанент. Менавіта ён забяспечвае функцыянаванне навукі ў грамадстве. Хоць кожная з яе галін і мае сваю ўласную мову (слоўнікі, алфавіты, паняцці, тэрміны, формулы выражэння сэнсу), аднак усё гэта дапаўняецца і суправаджаецца ў практыцы навучання словам. А гэта азначае, што беларуская мова з’яўляецца не толькі прадметам вывучэння, але і сродкам пазнання, развіцця і выхавання.

Вывучэнне беларускай мовы не можа абмяжоўвацца запатрабаваннямі асобы ў лінгвістычных ведах, азнаямленнем вучняў з моўнымі адзінкамі і законамі. Абавязак устаноў адукацыі – навучыць сваіх выхаванцаў карыстацца беларускім словам, дапамагчы ім авалодаць маўленчай этыкай і культурай. Вучням трэба даць такую лінгвістычную адукацыю, якая дапаможа ім не толькі граматычна правільна ствараць і афармляць свае вусныя і пісьмовыя паведамленні, але выбіраць з багатага арсенала выяўленчых моўных сродкаў самыя трапныя, самыя дасканалыя і пераканальныя. У сувязі з гэтым неабходна штодзённа ўдасканальваць маўленчую практыку вучняў, якая наладжваецца ў форме гутаркі, пісьма, чытання, публічных выступленняў, слухання радыё- і тэлеперадач, вучэбных лекцый, дакладаў, паведамленняў. Гэтым сцвярджаецца думка, што да маўлення трэба падыходзіць як да адной з форм пазнавальнай дзейнасці чалавека, спосабу яго грамадскай актыўнасці, сродку сацыялізацыі.

Менавіта на вырашэнне гэтых і іншых задач скіраваны змест і будова праграмы па беларускай мове. Адметнай яе асаблівасцю з’яўляецца тое, што ў цэнтры ўвагі – вучань як суб’ект, зацікаўлены ў пазнанні, вывучэнні разнастайных законаў беларускай мовы і правіл карыстання ёй; яго запатрабаванні ў сферы маўлення як форме грамадскай дзейнасці і спосабе праяўлення ўласнай жыццёвай актыўнасці.

Мэта навучання прадмету «Беларуская мова» – сфарміраваць у вучняў сістэму ведаў пра мову і маўленне, навучыць карыстацца беларускай мовай ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (чытанне, слуханне, гаварэнне, пісьмо); развіваць камунікатыўную, духоўна-маральную, грамадзянскую і мастацка-эстэтычную культуру вучняў.

Задачы:

засваенне сістэмы мовы (фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, складу слова і словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу), заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, норм беларускай літаратурнай мовы, развіццё ўменняў карыстацца мовай у розных відах маўленчай дзейнасці (моўная і маўленчая кампетэнцыі);

фарміраванне камунікатыўных уменняў на аснове авалодання маўленчай тэорыяй і культурай маўлення, спосабамі перадачы думкі ў вуснай і пісьмовай формах, уменняў ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў (маўленча-камунікатыўная кампетэнцыя);

усведамленне мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і гісторыі народа, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы, валоданне нормамі маўленчага этыкету, культурай міжнацыянальных зносін; развіццё сродкамі мовы камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай і мастацка-эстэтычнай культуры вучняў (лінгвакультуралагічная і сацыякультурная кампетэнцыі).

Працэс развіцця асобы вучня пры навучанні беларускай мове павінен быць узаемазвязаным і садзейнічаць рэалізацыі наступных напрамкаў: моўнага (засваенне сістэмы мовы, заканамернасцей і правіл функцыянавання моўных сродкаў у маўленні, норм беларускай літаратурнай мовы), маўленчага (авалоданне спосабамі перадачы думкі сродкамі мовы ў вуснай і пісьмовай формах, у розных відах маўленчай дзейнасці: чытанні, слуханні, гаварэнні, пісьме), камунікатыўнага (авалоданне культурай маўлення, правіламі маўленчых зносін, уменнямі ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных тыпаў, стыляў і жанраў), рытарычнага (авалоданне рознымі відамі публічных выступленняў, адпаведнымі рытарычнымі прыёмамі і сродкамі, якія забяспечваюць эфектыўныя зносіны), лінгвакультуралагічнага (усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні, засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, развіццё здольнасці адэкватна ўжываць іх у маўленні, авалоданне мовай як сістэмай захавання і перадачы каштоўнасцей культуры), сацыякультурнага (засваенне сацыяльных норм маўленчых паводзін, культурных каштоўнасцей беларускага народа і агульначалавечых каштоўнасцей, ідэалаў, традыцый, звычаяў, якія рэгулююць узаемадзеянне і паводзіны людзей у грамадстве, фарміраванне здольнасці карыстацца культуразнаўчымі звесткамі ў працэсе маўленчых зносін, развіццё сродкамі мовы інтэлектуальнай, камунікатыўнай, духоўна-маральнай, грамадзянскай культуры вучняў).

Навучанне беларускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі абумоўлена практычнай накіраванасцю і арыентавана на рэалізацыю кампетэнтнаснага, сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага, лінгвакультуралагічнага і сацыякультурнага падыходаў пры выкладанні ўсіх тэм і раздзелаў.

Сучасная адукацыя скіравана на фарміраванне функцыянальнай пісьменнасці. Функцыянальная пісьменнасць – гэта здольнасць выкарыстоўваць набытыя веды, уменні і навыкі для рашэння максімальна шырокага дыяпазону жыццёвых задач у розных сферах чалавечай дзейнасці і сацыяльных узаемаадносін. Вынікам развіцця функцыянальнай пісьменнасці з’яўляецца авалоданне вучнямі сістэмай ключавых кампетэнцый, якія дазволяць эфектыўна прымяняць веды, уменні і навыкі ў практычнай дзейнасці, паспяхова выкарыстоўваць іх у працэсе сацыяльнай адаптацыі. Любы тып кампетэнцыі не фарміруецца без ведаў (каб умець, трэба ведаць), аднак веды самі па сабе не з’яўляюцца самакаштоўнасцю (веды па-за практычнай дзейнасцю, не скіраваныя на асобаснае развіццё чалавека, пераўтвараюцца ў дагматызм – аднабаковае, схематычнае мысленне). Сучасная адукацыя імкнецца пераарыентавацца з пазіцыі «ведаць, каб памятаць» на пазіцыю «ведаць, каб умець і дзейнічаць». У гэтым агульная сутнасць кампетэнтнаснага падыходу.

У адносінах да моўнай адукацыі кампетэнтнасны падыход звязаны з фарміраваннем у вучняў моўнай, маўленчай, камунікатыўнай, рытарычнай, лінгвакультуралагічнай і сацыякультурнай кампетэнцый.



Сістэмна-функцыянальны падыход забяспечвае засваенне вучнямі моўных сродкаў, адбор і арганізацыю моўнага матэрыялу для авалодання моўнай кампетэнцыяй.

Вядома, што задачы навучання мове нельга зводзіць да апісання сістэмных адзінак і з’яў розных моўных узроўняў. Неабходна так наладжваць навучальны працэс, каб вучні асэнсоўвалі кожную моўную адзінку, арыентуючыся на асаблівасці яе ўжывання ў маўленні. Менавіта пры такім падыходзе можна забяспечыць асэнсаванне цеснай узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці ўсіх аспектаў і ўзроўняў моўнай сістэмы: фанетыкі, лексікі, фразеалогіі, складу слова і словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу і стылістыкі. Такі падыход накіроўвае на тое, каб вучні:

на ўроках мовы не абмяжоўваліся аналізам моўных фактаў і з’яў, а шмат увагі аддавалі сінтэзу – складанню сказаў рознай будовы і функцыянальнага прызначэння, стварэнню звязных выказванняў;

пры вывучэнні марфалогіі вызначалі, якую сэнсава-стылістычную і тэкстаўтваральную ролю выконвае тая ці іншая часціна мовы; вучыліся адрозніваць часціны мовы і іх формы на аснове склонавых і сінтаксічных пытанняў;

сістэматычна і паслядоўна фарміравалі і развівалі арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі.

Камунікатыўна-дзейнасны падыход дае магчымасць рэальна забяспечыць дзейнасць вучняў у розных маўленчых сітуацыях, што з’яўляецца асновай фарміравання маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі.

У сувязі з гэтым на першы план у моўнай падрыхтоўцы вучняў выходзіць удасканаленне іх маўленчай практыкі, якая наладжваецца ў форме суразмоўніцтва, пісьма, чытання, пераказу і абмеркавання радыё- і тэлеперадач, вучэбных лекцый, дакладаў, паведамленняў.



Лінгвакультуралагічны падыход звязаны з усведамленнем мовы як формы выражэння нацыянальнай культуры, узаемасувязі мовы і культуры, нацыянальна-культурнай спецыфікі беларускай мовы і садзейнічае фарміраванню ў вучняў лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі.

Сацыякультурны падыход накіраваны на асэнсаванне ролі беларускай мовы ў жыцці чалавека і грамадства, засваенне сацыяльных норм маўленчых паводзін у розных сітуацыях зносін, фарміраванне нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі, выхаванне каштоўнасных адносін да беларускай мовы і культуры, павагі да культурных каштоўнасцей народаў свету і садзейнічае фарміраванню ў вучняў сацыякультурнай кампетэнцыі.

Асноўныя прынцыпы адбору зместу навучання беларускай мове:

сістэмна-функцыянальны прынцып прадугледжвае цэласнае адлюстраванне ў змесце навучання ўсіх узроўняў моўнай сістэмы (фанетыка, лексіка, фразеалогія, марфеміка, словаўтварэнне, марфалогія, сінтаксіс, стылістыка, арфаграфія, пунктуацыя) і характарыстыку функцыянальных магчымасцей моўных адзінак кожнага ўзроўню (роля, якую яны выконваюць у маўленні);

прынцып мінімізацыі моўнага і маўленчага тэарэтычнага матэрыялу патрабуе адбіраць матэрыял з улікам яго значнасці для дасягнення пастаўленых мэт і задач моўнай адукацыі;

камунікатыўна-рытарычны прынцып азначае, што працэс навучання патрэбна забяспечыць адпаведным зместам для авалодання вучнямі ўсімі відамі маўленчай дзейнасці (слуханне, гаварэнне, чытанне, пісьмо);

прынцып тэкстацэнтрызму мае на ўвазе адбор зместу навучання, які павінен забяспечыць арганізацыю адукацыйнага працэсу на аснове тэксту: тэкст разглядаецца ў якасці мэты (камунікатыўныя ўменні пададзены ў мэце навучання), зместу (вучні авалодваюць уменнямі ствараць тэксты розных тыпаў, стыляў і жанраў) і выніку навучання (авалоданне мовай як сродкам зносін).

Лінгвістычны матэрыял падаецца ў праграме лінейна: у V класе вывучаюцца фанетыка і арфаэпія, графіка і арфаграфія, лексіка і фразеалогія; у VI класе – склад слова і словаўтварэнне, назоўнік, прыметнік, займеннік, лічэбнік; у VII – дзеяслоў і яго формы (дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе), прыслоўе, службовыя часціны мовы і выклічнік. Сістэматычны курс сінтаксісу з’яўляецца прадметам вывучэння ў VIII-IX класах. Аднак першапачатковыя звесткі пра сінтаксіс і пунктуацыю ўводзяцца ўжо ў V класе. Гэта дазваляе на практыцы забяспечыць рэалізацыю такога метадычнага прынцыпу, як вывучэнне марфалогіі на сінтаксічнай аснове (пры вывучэнні часцін мовы выяўляецца іх сінтаксічная функцыя ў сказе). Акрамя таго, задоўга да вывучэння сістэматычнага курса сінтаксісу і пунктуацыі вучні знаёмяцца з асноўнымі сінтаксічнымі паняццямі, што дазваляе фарміраваць у іх пунктуацыйныя ўменні і навыкі, развіваць і ўдасканальваць граматычны лад маўлення, вучыць складаць словазлучэнні рознай будовы, сказы, тэксты і карыстацца імі ў практычнай маўленчай дзейнасці.

У кожным класе прадугледжваюцца ўводныя ўрокі, якія раскрываюць ролю і значэнне беларускай мовы ў жыцці чалавека і грамадства. Гэтыя ўрокі даюць магчымасць фарміраваць лінгвістычны светапогляд і ствараюць эмацыянальны настрой, што садзейнічае павышэнню цікавасці да прадмета і паспяховага яго вывучэння. Веды, атрыманыя на гэтых уроках, падагульняюцца і сістэматызуюцца ў раздзеле «Агульныя звесткі пра мову», які завяршае сістэматычны курс беларускай мовы ў IX класе.

Значнае месца ў праграме адводзіцца паўтарэнню вывучанага. У V класе раздзел «Паўтарэнне вывучанага ў I-IV класах», з’яўляючыся неабходным звяном паміж І і ІІ ступенямі агульнай сярэдняй адукацыі, скіраваны на вырашэнне наступных задач: узнавіць і актуалізаваць, сістэматызаваць і паглыбіць веды, уменні і навыкі, набытыя ў пачатковых класах; у межах магчымага выявіць і ліквідаваць недахопы.

Работа па развіцці маўлення арганізуецца на кожным уроку, пры вывучэнні ўсіх раздзелаў і тэм курса беларускай мовы. Асобныя гадзіны на развіццё маўлення па гэтай прычыне не выдзяляюцца. Праграма адводзіць асобныя гадзіны толькі на пісьмовыя работы (напісанне пераказаў, перакладаў, сачыненняў, розных відаў дыктантаў).

У адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі да моўнай і маўленчай падрыхтоўкі вучняў узмоцнена маўленчая накіраванасць курса беларускай мовы. Пры гэтым маўленчая тэорыя (маўленчыя паняцці: тэкст і яго будова, тып, стыль і жанр маўлення) набліжана да патрабаванняў практыкі, яна з’яўляецца асновай для свядомага фарміравання ўменняў і навыкаў камунікацыі. Апора на маўленчыя паняцці і правілы маўленчых паводзін садзейнічае свядомаму ўдасканаленню вуснага і пісьмовага маўлення вучняў, павышэнню культуры маўленчых паводзін.

Вывучэнне сінтаксісу ў VIII-IX класах наладжваецца на аснове структурна-семантычнага падыходу, адметнай асаблівасцю якога з’яўляецца тое, што пры аналізе моўных з’яў прымаецца пад увагу не адзін які-небудзь аспект, а некалькі. Найважнейшымі з іх з’яўляюцца будова, значэнне і функцыя.

Шмат увагі надаецца выпрацоўцы ўменняў, неабходных для таго, каб тая ці іншая моўная з’ява выкарыстоўвалася ў маўленчай практыцы. Пры такой арганізацыі навучання галоўным дыдактычным матэрыялам з’яўляюцца тэксты, на аснове якіх вырашаюцца задачы, накіраваныя на засваенне норм літаратурнага вымаўлення, граматыкі, правапісу, узбагачаецца слоўнік вучняў, забяспечваецца іх выхаванне і развіццё. Выбар тэксту як дыдактычнай адзінкі стварае сінтаксічную аснову вывучэння моўных з’яў, якія па-за тэкстам не могуць раскрыць сваіх функцыянальных магчымасцей. Толькі ўступаючы ў граматыка-семантычныя адносіны ў тэксце, моўныя адзінкі здольны перадаць змест выказвання. Тэкст на ўроках мовы з’яўляецца сродкам удасканалення камунікатыўных здольнасцей вучняў, забяспечвае магчымасць для развіцця маўленчых навыкаў слухання і разумення, чытання, гаварэння і пісьма.

Асноўная частка праграмы складаецца з трох кампанентаў: ведавага (тэарэтычны матэрыял), аперацыйнага (спосабы дзейнасці) і практычнага (уменні і навыкі), што ў сукупнасці і складае змест навучання.

На вучэбных занятках рэкамендуецца выкарыстоўваць разнастайныя метады навучання і выхавання: расказ, гутарка, самастойная работа, наглядныя метады, выкананне практыкаванняў, напісанне творчых работ і інш. З мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў выкарыстоўваюцца метады праблемнага навучання, інтэрактыўныя, эўрыстычныя, гульнявыя метады, дыскусіі, метад праектаў і інш.

Мэтазгодна спалучаць франтальныя, групавыя, парныя і індывідуальныя формы навучання, выкарыстоўваць такія віды ўрокаў, як урок-даследаванне, урок-практыкум, урок-гульня, інтэграваны ўрок і інш.

Выбар форм і метадаў навучання і выхавання вызначаецца настаўнікам самастойна на аснове мэт і задач вывучэння пэўнай тэмы, сфармуляваных у вучэбнай праграме патрабаванняў да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей.


Змест вучэбнага прадмета
(70 гадзін на год, 2 гадзіны на тыдзень,

з іх 10 гадзін — на пісьмовыя работы)
Роля беларускай мовы ў развіцці

нацыянальнай культуры

(1 гадзіна)


Тэкст

(1 гадзіна)

Тэкст і яго асноўныя прыметы (паглыбленае паўтарэнне). Паглыбленне паняцця пра паслядоўную і паралельную сувязь сказаў у тэксце.

Чытанне тэкстаў, вызначэнне іх асноўных прымет (тэматычнае адзінства, разгорнутасць, паслядоўнасць, звязнасць, завершанасць).
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Ведаць прыметы тэксту. Вызначаць прыметы тэксту, спосабы і сродкі сувязі сказаў і частак тэксту.
Паўтарэнне вывучанага ў V-VII класах

(2 гадзіны)

Самастойныя і службовыя часціны мовы. Правапіс не, ні з рознымі часцінамі мовы.

Чытанне тэкстаў, вызначэнне іх тэмы, адрасата, мэтанакіраванасці і стылістычнай прыналежнасці.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Называць асноўныя прыметы тэксту, вызначаць яго стыль і тып. Выяўляць у тэксце самастойныя і службовыя часціны мовы, рабіць іх марфалагічны разбор, правільна ўжываць у маўленні.
Стылі маўлення

(2 гадзіны)

Паглыбленне паняцця пра стылі маўлення. Стылеўтваральная роля самастойных і службовых часцін мовы.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Вызначаць ролю самастойных і службовых часцін мовы ў стварэнні тэкстаў розных стыляў маўлення.
Сінтаксіс i пунктуацыя

(1 гадзіна)


Словазлучэнне: будова, значэнне, ужыванне

(4 гадзіны)

Словазлучэнне як сінтаксічная адзінка. Граматычнае значэнне словазлучэння (азнаямленне). Віды падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове (у параўнанні з рускай). Свабодныя і несвабодныя словазлучэнні (азнаямленне).

Класіфікацыя словазлучэнняў. Разгортванне словазлучэнняў, іх выкарыстанне пры апісаннях прадметаў, людзей, з’яў. Пераклад сказаў (тэкстаў) з адметнымі беларускімі словазлучэннямі.

Вызначэнне апорных словазлучэнняў у тэкстах, выяўленне іх сэнсава-стылістычнай ролі.

Пераказ тэксту навуковага стылю з выкарыстаннем апорных словазлучэнняў.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Знаходзіць словазлучэнні ў тэксце; выяўляць галоўнае слова, групаваць словазлучэнні паводле будовы і значэння; ствараць і разгортваць словазлучэнні з рознымі відамі сінтаксічнай сувязі; перакладаць з рускай мовы на беларускую сказы (тэксты) з адметнымі беларускімі словазлучэннямі; адрозніваць свабодныя і несвабодныя словазлучэнні; дакладна перадаваць змест прачытанага тэксту з выкарыстаннем апорных словазлучэнняў, выконваць сінтаксічны разбор словазлучэнняў.

Просты сказ
Двухсастаўныя сказы: будова, значэнне, ужыванне

(16 гадзін, з іх 1 гадзіна – на пісьмовую работу)

Сказ як сінтаксічная адзінка, яго асноўная функцыя. Тыпы сказаў паводле мэты выказвання і інтанацыйнага афармлення (апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя; клічныя і няклічныя сказы). Простыя і складаныя сказы. Развітыя і неразвітыя сказы.

Парадак слоў у сказе. Лагічны націск (азнаямленне).



Чытанне маналагічных і дыялагічных тэкстаў; падзел дэфармаваных тэкстаў на сказы, вызначэнне тыпу сказаў па мэце выказвання і інтанацыі. Вызначэнне меж сказаў.

Знаходжанне сказаў, якія выражаюць асноўную думку ў тэксце, і тых, якія яго паясняюць.

Падрыхтоўка паведамлення на маральна-этычную тэму на аснове дзвюх-трох крыніц.

Кантрольны дыктант.

Двухсастаўныя сказы. Дзейнік і выказнік, сэнсава-граматычныя адносіны паміж імі.

Спосабы выражэння дзейніка. Спосабы выражэння выказніка (простага дзеяслоўнага, састаўнога дзеяслоўнага і састаўнога іменнага). Сувязь выказніка і дзейніка, выражанага колькасна-іменным спалучэннем. Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.

Пераказ зместу кінафільмаў, урыўкаў з мастацкіх твораў, радыё- і тэлеперадач з выкарыстаннем двухсастаўных сказаў.

Даданыя члены сказа: азначэнне, дапаўненне, акалічнасць, іх граматычнае значэнне. Спосабы выражэння даданых членаў сказа. Прыдатак як разнавіднасць азначэння.



Перабудова неразвітых двухсастаўных сказаў у развітыя.

Чытанне і аналіз мастацкіх тэкстаў, вызначэнне ў іх сродкаў эмацыянальна-экспрэсіўнай выразнасці; спосабаў і сродкаў сувязі частак і сказаў. Складанне двухсастаўных развітых сказаў на тэмы, звязаныя з працай людзей розных прафесій; напісанне тэкстаў на аснове складзеных сказаў.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Выяўляць двухсастаўныя неразвітыя сказы ў тэкстах; рабіць сінтаксічны разбор двухсастаўных неразвітых сказаў.

Дзяліць дэфармаваны тэкст на сказы і абазначаць іх межы; вызначаць сказы, якія выражаюць асноўную думку ў тэксце, і тыя, якія яе паясняюць; правільна інтанаваць апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя сказы.

Адрозніваць развітыя сказы ад неразвітых, вызначаць мэтазгоднасць ужывання іх у тэксце; знаходзіць галоўныя і даданыя члены сказа; характарызаваць найбольш пашыраныя спосабы выражэння дзейніка і выказніка, вызначаць простыя дзеяслоўныя, састаўныя дзеяслоўныя і састаўныя іменныя выказнікі; ставіць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам; рабіць сінтаксічны разбор двухсастаўных развітых сказаў.

Правільна далучаць выказнік да дзейніка. Складаць двухсастаўныя развітыя сказы на тэмы, звязаныя з працай людзей розных прафесій, аб’ядноўваць іх у тэксты з дапамогай паслядоўнай і паралельнай сувязі; вызначаць у тэкстах сродкі эмацыянальна-экспрэсіўнай выразнасці.

Пераказваць змест радыё- і тэлеперадач з выкарыстаннем двухсастаўных сказаў; ствараць паведамленне на маральна-этычную тэму.
Аднасастаўныя сказы:

будова, значэнне, ужыванне

(5 гадзін, з іх 2 гадзіны — на пісьмовыя работы)

Аднасастаўныя сказы. Віды аднасастаўных сказаў: пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя, абагульнена-асабовыя, безасабовыя, назыўныя (азнаямленне).

Знаходжанне ў тэкстах аднасастаўных развітых і неразвітых сказаў, вызначэнне іх сэнсава-стылістычнай ролі, абгрунтаванне мэтазгоднасці ўжывання. Замена двухсастаўных сказаў сінанімічнымі аднасастаўнымі. Пераклад з рускай мовы на беларускую мастацкага тэксту з апісаннем з’яў прыроды.

Кантрольны падрабязны пераказ тэксту з дадатковымі заданнямі.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Выяўляць у тэкстах двухсастаўныя і аднасастаўныя сказы, адрозніваць іх па асноўных прыметах; ствараць вусныя і пісьмовыя разважанні з ужываннем аднасастаўных сказаў розных відаў; рабіць сінтаксічны разбор аднасастаўных сказаў.

Перакладаць з рускай мовы на беларускую тэксты з апісаннем з’яў прыроды; падрабязна пераказваць тэксты.


Няпоўныя сказы:

будова, значэнне, ужыванне

(2 гадзіны)

Няпоўныя сказы. Працяжнік у няпоўным сказе.

Параўнальны аналіз маналагічных і дыялагічных тэкстаў, вызначэнне сродкаў моўнай выразнасці.

Абмеркаванне пэўнай падзеі ў форме дыялогу.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Выяўляць у тэкстах няпоўныя сказы, вызначаць іх будову, мэтазгоднасць ужывання; адрозніваць няпоўныя двухсастаўныя сказы ад поўных аднасастаўных; карыстацца няпоўнымі сказамі ў маналагічным і дыялагічным маўленні; рабіць сінтаксічны разбор няпоўных сказаў; афармляць няпоўныя сказы на пісьме ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі.
Ускладнены сказ
Сказы з аднароднымі членамі:

будова, значэнне, ужыванне

(9 гадзін, з іх 2 гадзіны – на пісьмовыя работы)

Паняцце пра ўскладнены сказ. Сказы з аднароднымі членамі. Аднародныя і неаднародныя азначэнні. Знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

Сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах, знакі прыпынку.



Чытанне і аналіз тэкстаў з апісаннямі. Вызначэнне ў іх сэнсава-стылістычнай ролі сказаў з аднароднымі членамі, у тым ліку з абагульняльнымі словамі, абгрунтаванне мэтазгоднасці ўжывання.

Водгук на празаічны або вершаваны твор.

Кантрольны дыктант.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў


Вызначаць сказы з аднароднымі членамі, звязанымі спалучаль­нымі, супраціўнымі і размеркавальнымі злучнікамі, у тым ліку сказы з абагульняльнымі словамі пры аднародных членах, правільна афармляць іх на пісьме; выкарыстоўваць сказы з аднароднымі членамі пры стварэнні пісьмовых тэкстаў; рабіць сінтаксічны разбор сказаў з аднароднымі членамі.

Пісаць водгук на празаічны або вершаваны твор.


Сказы са звароткамі, пабочнымі словамі, устаўнымі канструкцыямі: будова, значэнне, ужыванне

(8 гадзін, з іх 2 гадзіны – на пісьмовыя работы)

Зваротак. Неразвітыя і развітыя звароткі, іх выдзяленне ў вусным і пісьмовым маўленні.

Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, устаўныя канструкцыі; знакі прыпынку.



Кантрольны падрабязны пераказ тэксту з дадатковымі заданнямі.

Чытанне лістоў знакамітых людзей, знаходжанне сказаў са звароткамі, пабочнымі словамі і выклічнікамі. Вызначэнне іх сэнсава-стылістычнай ролі, абгрунтаванне мэтазгоднасці ўжывання.

Напісанне віншаванняў, афіцыйных пісьмаў і сяброўскіх лістоў.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў

Вызначаць сказы са звароткамі, пабочнымі словамі, правільна інтанаваць іх, ужываць пры стварэнні вусных і пісьмовых тэкстаў розных стыляў, афармляць на пісьме; карыстацца пабочнымі словамі як сродкам сувязі сказаў і частак тэксту; рабіць сінтаксічны разбор сказаў са звароткамі, пабочнымі словамі, устаўнымі канструкцыямі.

Пераказваць апавядальныя тэксты з элементамі разважання; пісаць віншаванні, афіцыйныя пісьмы і сяброўскія лісты.


Сказы з адасобленымі членамі:

будова, значэнне, ужыванне

(13 гадзін, з іх 3 гадзіны – на пісьмовыя работы)

Паняцце пра адасабленне. Адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні.

Сказы з адасобленымі прыдаткамі, знакі прыпынку.

Сказы з адасобленымі дапаўненнямі, знакі прыпынку.

Сказы з адасобленымі акалічнасцямі, знакі прыпынку.



Аналіз і пераказ мастацкіх тэкстаў на гістарычную тэму. Вызначэнне сэнсава-стылістычнай ролі адасобленых членаў сказа, абгрунтаванне мэтазгоднасці іх ужывання. Выяўленне ў тэкстах апісання гістарычнай падзеі. Пераклад з рускай мовы на беларускую тэкстаў гістарычнай тэматыкі з элементамі апісання.

Сказы з адасобленымі ўдакладняльнымі членамі, знакі прыпынку.



Сачыненне-апісанне помніка гісторыі (культуры).

Кантрольная тэставая работа.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў

Выяўляць у тэкстах сказы з адасобленымі членамі, вызначаць іх сэнсава-стылістычную ролю, абгрунтоўваць мэтазгоднасць ужывання; рабіць сінтаксічны разбор сказаў з адасобленымі членамі. Карыстацца сказамі з адасобленымі членамі ў вусных і пісьмовых выказваннях, правільна інтанаваць і ставіць знакі прыпынку.

Перакладаць з рускай мовы на беларускую тэксты гістарычнай тэматыкі; пісаць сачыненне-апісанне помніка гісторыі (культуры).


Сказы з параўнальнымі зваротамі

(2 гадзіны)

Параўнальны зварот. Знакі прыпынку пры параўнальных зваротах.

Выяўленне ў сказах і тэкстах параўнальных зваротаў, вызначэнне іх ролі ў маўленні.
Асноўныя патрабаванні

да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў

Вызначаць сказы з параўнальнымі зваротамі, ужываць іх пры стварэнні вусных і пісьмовых выказванняў, правільна інтанаваць і ставіць знакі прыпынку; адрозніваць параўнальныя звароты ад аманімічных сінтаксічных канструкцый.
Падагульненне і сістэматызацыя вывучанага за год

(2 гадзіны)


Рэзервовыя гадзіны

(2 гадзіны)
Каталог: images -> 2018
2018 -> Праграма факультатыўных заняткаў для вучняў 11 класаў агульнаадукацыйных устаноў г. Магілёва тлумачальная запіска
2018 -> Пастанова мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь 22 жнiўня 2012 г. N 101
2018 -> Пастанова мiнiстэрства адукацыi рэспублiкi беларусь 27 лiстапада 2017 г. N 148
2018 -> Праект вучэбная праграма гісторыя беларусі ХІХ – пачатак ХХІ ст. 11 клас
2018 -> Праект вучэбная праграма гісторыя беларусі ХІХ – пачатак ХХІ ст. 11 клас
2018 -> Палажэнне аб правядзенні адкрытага праекта «віртуальная фотазамалёўка „мая родная вуліца“» агульныя палажэнні
2018 -> -
2018 -> Праект вучэбная праграма гісторыя беларусі ХІХ – пачатак ХХІ ст. 11 клас


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал