Беларуская мова марфалогiя вучэбна-метадычны дапаможнік




старонка1/30
Дата канвертавання16.04.2018
Памер7.58 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30
Установа адукацыі

«Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»



БЕЛАРУСКАЯ МОВА

МАРФАЛОГIЯ


Вучэбна-метадычны дапаможнік

Брэст


БрДУ імя А.С. Пушкіна

2015


УДК 373.5.016:81(082)

ББК 81.2 Рус+81.4 Бел

К 19
Рэкамендавана рэдакцыйна-выдавецкім саветам

Установы адукацыі

«Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

Рэцэнзенты:

загадчык кафедры лінгвістычных дысцыплін і методыкі іх выкладання УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Я. Купалы», кандыдат філалагічных навук, дацэнт

I. М. Кавінкіна
загадчык кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»,

кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Л. В. Леванцэвіч

К 19 Беларуская мова : Марфалогія : вучэб.-мет. дапам. / Брэс. дзярж. ун-т імя А.С. Пушкіна. – Брэст : БрДУ, 2015. –294с.


Вучэбна-метадычны дапаможнік змяшчае


Дапаможнік адрасаваны студэнтам спецыяльнасці 1-01 02 01 «Пачатковая адукацыя».
УДК 373.5.016:81(082)

ББК 81.2 Рус+81.4 Бел



ПРАДМОВА
Настаўнік пачатковых класаў павінен быць адукаваным чалавекам з адпаведнай тэарэтычнай падрыхтоўкай па беларускай мове, якая мае статус нацыянальнай мовы і статус дзяржаўнай мовы. Курс «Беларуская мова» займае важнае месца сярод асноўных вучэбных дысцыплін у падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых класаў. Вывучэнне беларускай мовы носіць нарматыўны характар, які прадугледжвае засваенне сукупнасці правілаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, што забяспечвае правільнае авалоданне ёю.

Курс «Беларуская мова» мае на мэце сфарміраваць у студэнтаў навуковы погляд на беларускую мову як грамадскую з’яву, як форму выражэння культуры і сродак выражэння нацыянальнай самасвядомасці, прывіць практычныя навыкі самастойнага аналізу разнастайных моўных фактаў, супастаўлення іх з адпаведнымі фактамі ў рускай мове. Курс арыентаваны на структурна-семантычны падыход да тлумачэння лінгвістычных з’яў, што дазваляе прадэманстраваць іх шматаспектнасць, раскрыць сувязі ў сістэме иовы і паказаць пераходнасць моўных адзінак. Такі падыход дазваляе таксама выявіць нарматыўнасць моўных фактаў і тэндэнцыі іх развіцця.

Будучыя настаўнікі пачатковых класаў павінны ведаць ролю мовы і маўлення ў працэсе сацыялізацыі асобы; месца і ролю беларускай мовы ў славянскім свеце; канцэпцыі паходжання і развіцця беларускай мовы; сістэмы лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы, іх камунікатыўныя крыніцы. У працэсе засваення курса студэнты павінны авалодаць уменнямі: вызначаць паняцці, параноўваць, абагульняць, канкрэтызаваць, класіфікаваць моўныя факты і з’явы; выдзяляць галоўнае, аргументаваць уласныя думкі; праводзіць розныя віды лінгвістычнага аналізу (лексічны, фразеалагічны, фанетычны, арфаграфічы, марфемны, словаўтваральны, марфалагічны, сінтаксічны).

Вучэбна-метадычны дапаможнік «Беларуская мова : Марфалогія» адрасаваны студэнтам спецыяльнасці 1-01 02 01 Пачатковая адукацыя, можа быць выкарыстаны для аўдыторнай і самастойнай працы. Мэта дапаможніка – выпрацаваць у студэнтаў уменне лінгвістычнага аналізу на марфалагічным узроўні.

Выданне змяшчае тэарэтычны матэрыял, заданні для самастойнага выканання (маюць розную ступень цяжкасці і дазваляюць індывідуалізаваць навучанне), пытанні для самападрыхтоўкі і да экзамену.


МАРФАЛОГIЯ
Марфалогія як раздзел граматыкі

Прадмет марфалогіі. Сувязь марфалогіі з фанетыкай, лексікалогіяй, сітаксісам
Марфалогія ( ад грэч. слоў morphe ’форма’ і logos ’вучэнне’) – раздзел граматыкі, у якім вывучаюцца граматычныя ўласцівасці слова (часцінамоўная прыналежнасць, здольнасць змяняцца ці быць нязменным і яго граматычныя значэнні). Такім чынам, у марфалогіі разглядаюцца часціны мовы як граматычныя класы слоў, а таксама іх марфалагічныя катэгорыі і формы.

У задачы марфалогіі ўваходзіць вызначэнне такіх паняццяў, як слова, словаформа (ці граматычная форма слова), парадыгма, граматычнае значэнне, граматычная форма, граматычная катэгорыя, часціна мовы; размеркаванне па часцінах мовы, а ўнутры часцін мовы – па лексіка-граматычных разрадах, функцыянаванне і ўзаемапераход часцін мовы.

Слова як асноўная будаўнічая адзінка мовы з’яўляецца аб’ектам вывучэння ўсіх раздзелаў навукі аб мове, пры гэтым фанетыку цікавіць гукавы бок слова, лексікалогію – лексічнае значэнне (унутраны змест, суаднесенасць з пэўным паняццем), марфеміку цікавіць, з якіх значымых частак складаецца слова, для словаўтварэння важна вызначыць, як і якім спосабам утворана вытворнае слова, прадметам сінтаксіса з’яўляецца слова ў яго адносінах і сувязях з іншымі словамі ў маўленні, а таксама правілы ўтварэння са слоў больш буйных адзінак – словазлучэння і сказа.

Марфалогія звязана з усімі раздзеламі навукі аб мове. Разгледзім гэтыя сувязі.

Марфалогія звязана з фанетыкай. Сувязь гэтая заключаецца ў тым, што фанетычная структура слова, характар канцавых зычных асновы вызначаюць прыналежнасць да пэўнага тыпу скланення і ўплываюць на канчаткі (гарох – гаросе, дарога – дарозе, рака – рацэ). Націск як катэгорыя фанетыкі дае магчымасць размяжоўваць граматычныя значээнні слоў (братам – братам).

Марфалогія звязана і з лексікай, так як слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў, пры размеркаванні слоў па часцінах мовы і лексіка-граматычных разрадах неабходна ўлічваць асаблівасці іх семантыкі: ад лексічнага значэння слова можа залежыць магчымасць/немагчымасць утварэння марфалагічных формаў ( напрыклад, не ўтвараюць ступеняў параўнання прыметнікі з «абсалютным» якасным значэннем: глухі, сляпы, лысы, а таксама многія прыметнікі з семантыкай суб’ектыўнай ацэнкі якасці: светленькі, завялікі, звышмагутны). як Лексічнае значэнне слова можа ўплываць на ўжыванне канчаткаў у пэўных склонавых формах назоўнікаў (стаяць каля дуба –шафа з дубу).

Звязана марфалогія і са словаўтварэннем, так як для кожнай часціны мовы ўласцівы свае спосабы і сродкі словаўтварэння. Напрыклад, прыставачна-суфіксальны спосаб выкарыстоўваецца пры ўтварэнні некалькіх часцін мовы: назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, прыслоўяў (адгалосак, безбілетны, узмацніць, збоку). Постфіксальны спосаб выкарыстоўваецца толькі пры ўтварэнні займеннікаў, дзеясловаў і прыслоўяў (што-небудзь, вітацца, кудысьці).

Марфалогія цесна звязана з сінтаксісам, так як граматычныя формы і значэнні слоў выяўляюцца ў словазлучэннях і залежаць ад сінтаксічнай функцыі, якую выконваюць словы ў сказе.

Марфалогія і сінтаксіс самым цесным чынам звязаны паміж сабой і служаць дасягненню адной мэты – фарміраванню і выражэнню думак.
Асноўныя паняцці марфалогіі

Слова ў марфалогіі разглядаецца як лексіка-граматычная адзінка. Канкрэтнае ўжыванне слова ў тэксце называецца словаформай. Сукупнасць канкрэтных словаформаў з тоесным лексічным значэннем называюць лексемай. Пры марфалагічнай характарыстыцы словаформы выкарыстоўваюць тэрмін ’форма слова’, напрыклад: форма назоўнага склону, форма прошлага часу і г.д. У беларускай мове формы слова ўтвараюцца сінтэтычна, пераважна пры дапамозе канчаткаў (маляваць – малюю); у некаторых выпадках пры дапамозе суфіксаў (маляваў, малявала, весялейшы, вышэй), і аналітычна (буду маляваць, найбольш высокі). Утварэнне сінтэтычных формаў можа суправаджацца: 1) чаргаваннямі (пісаць – пішу, сон – сну, рака – рацэ); 2) змяненнем месца націску ынам – сынам, рукі – рукі); 3) нарашчэннем, усячэннем ці зменай суфіксаў у аснове (прамокнуць – прамок, неба – нябёсы, зубраня – зубраняты); 4) суплетывізмам (я – мяне, чалавек – людзі).



Упарадкаваную сукупнасць усіх формаў слова называюць яго марфалагічнай парадыгмай. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца і ў іншым значэнні –’узор, схема словазмянення’. Ёсць парадыгмы іменныя (скланенне, формы ступеняў параўнання прыметнікаў, поўныя і кароткія формы) і парадыгма дзеяслоўная (спражэнне, г.зн. змяненне дзеясловаў па асобах, ліках, часах, ладах). Парадыгма, якая мае поўны набор словазмяняльных формаў, называецца поўнай. Напрыклад, назоўнікі стол, бяроза маюць дванаццаць словазмяняльных формаў, па шэсць склонавых формаў у адзіночным і множным ліках, адпаведна, для іх характэрна поўная парадыгма. Парадыгма, якая мае няпоўны набор словазмяняльных формаў, называецца няпоўнай. Напрыклад, назоўнікі мужнасць, цукар маюць толькі шэсць склонавых формаў адзіночнага ліку; назоўнікі канікулы, суткі – толькі шэсць склонавых формаў множнага ліку. Няпоўную парадыгму маюць дзеясловы зелянець, набухнуць і інш. У іх няма формаў 1-ай і 2-ой асоб адзіночнага і множнага лікаў.

Граматычнае значэнне – гэта абагульнена-адцягненае значэнне аднатыпных словаформаў, якія маюць рэгулярнае марфалагічнае выражэнне. Напрыклад, дзеяслоў намалюем не толькі абазначае пэўнае дзеянне, але і ўказвае на тое, што дзеянне, пра якое гаворыцца, толькі будзе адбывацца, што яно будзе выконвацца не адной асобай, а многімі, менавіта тымі, якія пра гэта дзеянне паведамляюць, што гэтае дзеянне будзе закончаным і сапраўды адбудзецца. Гэтыя агульныя значэнні, непасрэдна не звязаныя з лексічным значэннем слова, так як яны будуць назірацца і ў другіх словах, якія абазначаюць іншыя дзеянні (напішам, зробім), і называюцца граматычнымі значэннямі. У адрозненні ад лексічнага значэння слова, якое можа быць і канкрэтным (аловак, стол), і абстрактным (дабрыня, сум), граматычнае значэнне заўсёды мае абстрактны характар. Граматычнае значэнне – гэта абстрактнае значэнне, адцягненае ад лексічнага значэння слова і ўласцівае цэламу класу слоў; гэта самае агульнае значэнне аднатыпных словаформаў з рэгулярным марфалагічным выражэннем. Напрыклад, значэнні мужчынскага роду адзіночнага ліку назоўнага склону аб’ядноўваюць словы, у лексічных значэннях якіх няма нічога агульнага (дом, пень, горад). Граматычныя значэнні неаднолькавыя. У марфалогіі адрозніваюць тры тыпы граматычнай семантыкі: часцінамоўнае граматычнае значэнне (значэнне прадметнасці для назоўнікаў, прыметы прадмета для прыметнікаў, дзеяння – для дзеясловаў і г.д.); агульнакатэгарыяльнае значэнне ўласціва марфалагічнай катэгорыі, напрыклад, агульнакатэгарыяльнае значэнне катэгорыі ладу – адносіны дзеяння да рэчаіснасці; катэгорыя ліку назоўнікаў выражае колькасныя адносіны прадметаў і г.д.; прыватна-катэгарыяльным значэннем валодаюць супрацьпастаўленыя адзін аднаму члены адной марфалагічнай катэгорыі: напрыклад, значэнне абвеснага ладу – уяўленне дзеяння як рэальнага, значэнне загаднага ладу – пабуджэнне да дзеяння з боку гаворачага, значэнне ўмоўнага ладу – пажаданасць дзеяння.

Граматычнае значэнне – гэта максімальна абагульненае значэнне, уласцівае ўсяму класу слоў. Больш тонкія адрозненні ў значэнні адлюстроўваюць разрады па значэнні, якія вылучаюцца для той ці іншай часціны мовы. Напрыклад, граматычнае значэнне назоўніка – «прадмет». Яно выражаецца словамі, якія адказваюць на пытанні Хто?, Што?: кніга, смеласць, цукар, дубняк, Мінск. Гэтыя словы, зразумела, перадаюць розныя значэнні: канкрэтныя і абстрактныя, рэчыўныя, зборныя, уласныя. Для марфалогіі важна, што гэтыя адрозненні ў значэнні выражаны на марфалагічным узроўні. Напрыклад, большасць назоўнікаў з канкрэтным значэннем звычайна маюць формы адзіночнага і множнага ліку: кніга – кнігі, бяроза – бярозы, аловак – алоўкі. Усе астатнія назоўнікі маюць звычайна толькі адну форму: ці адзіночнага ліку, ці множнага: Мінск (уласны) – адзіночны лік; цукар (рэчыўны) – адзіночны лік; смеласць (абстрактны) – адзіночны лік; дубняк (зборны) – адзіночны лік. Аднак усе гэтыя словы аднаго класа. Яны адказваюць на адны пытанні, што адрознівае іх ад іншых класаў слоў, напрыклад, ад дзеясловаў, якія адказваюць на пытанні Што рабіць?, Што зрабіць? і выражаюць граматычнае значэнне дзеяння: смяяцца, вучыць, маляваць, прачытаць.

Граматычныя значэнні выражаюцца пэўнымі моўнымі сродкамі, якія называюцца граматычнымі формамі. Формы слова – гэта разнавіднасці аднаго і таго ж слова, якія адрозніваюцца граматычнымі значэннямі. Па-за граматычнай формай не існуе ніводнага граматычнага значэння. Граматычныя значэнні могуць выражацца не толькі з дапамогай марфалагічных відазмяненняў слова, але і з дапамогай іншых слоў, з якімі яно звязана ў сказе. Напрыклад, у сказах Яна купіла сабе паліто і Яна рада новаму паліто форма слова паліто аднолькавая, аднак у першым выпадку паліто мае граматычнае значэнне вінавальнага склону, а ў другім –давальнага склону. Гэтыя значэнні ствараюцца рознымі сувязямі гэтага слова з іншымі словамі ў сказе.

Icнуюць розныя спосабы выражэння граматычных значэнняў: сінтэтычны, аналітычны і змешаны.

Сінтэтычны спосаб – гэта выражэнне граматычнага значэння слова пры дапамозе сродкаў, якія знаходзяцца ў самім слове. Iнакш гаворачы, лексічнае і граматычнае значэнні выражаюцца формай аднаго і таго ж слова.

Пры сінтэтычным спосабе граматычныя значэнні выражаюцца звычайна афіксацыяй (стол – стала, нізка – ніжэй), значна радзей –націскам (сынам – сынам, памерці – паміраць), а таксама суплетыўна (чалавек – людзі, добра – лепш). Афіксацыя можа сумяшчацца са змяненнем націску (сасна – сосны), а таксама з чаргаваннем гукаў (сон – сну, пень – пня). З афіксаў самым распаўсюджаным з’яўляецца канчатак. Флексіяй выражаюцца значэнні склону лічэбнікаў (два, двух, двум, двума і г.д.), значэнні ліку і склону назоўніка (бяроза, бярозы, бярозе, бярозу і г.д.; бярозы, бяроз, бярозам і г.д.), значэнні роду, ліку і склону прыметніка (прыгожы, прыгожага; прыгожая, прыгожай) і ліку і склону ў множным ліку (прыгожыя, прыгожых), значэнні ліку і асобы дзеяслова (пішу, пішаш, піша і г.д.).

З дапамогай суфіксаў утвараюцца формы прошлага часу дзеяслова (маляваў, пісаў), формы трыванняў дзеяслова (перачытаць – перачытваць, запісаць – запісваць), формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і прыслоўяў (прыгожы – прыгажэйшы, смелы – смялейшы, весела – весялей).

Прыставачным спосабам утвараецца адна з формаў найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў (найсмялейшы, найразумнейшы) і формы закончанага трывання многіх дзеясловаў (будаваць – пабудаваць, маляваць – намаляваць).

Прыназоўнік шырока выкарыстоўваецца для выражэння склонавых значэнняў, суправаджаючы канчатак. Абавязковае ўжыванне прыназоўніка для выражэння значэння меснага склону (у лесе, на дарозе, пры бацьку). Самастойна (без канчаткаў) прыназоўнікі выкарыстоўваюцца пры выражэнні значэння склонавых значэнняў нязменных назоўнікаў (падысці да метро, спусціцца ў метро).

Пры аналітычным спосабе граматычныя значэнні атрымліваюць сваё выражэнне па-за асноўным словам, г.зн. у іншых словах (чытаць – буду чытаць). Да аналітычнага спосабу выражэння граматычных значэнняў належаць дапаможныя словы, функцыя якіх – абслугоўваць граматычныя патрэбнасці іншых слоў, не мяняючы іх лексічнага значэння.

Аналітычна ўтвараюцца формы ўмоўнага ладу дзеясловаў (ён пайшоў бы, яна пранесла б), некаторыя формы загаднага ладу дзеясловаў (няхай сходзіць, давайце падумаем), формы будучага часу дзеясловаў незакончанага трывання (буду маляваць, будзе прасіць), формы вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання прыметнікаў і прыслоўяў (больш складаны, самы важны, найбольш поўна, больш яскрава). Да аналітычнага спосабу адносіцца і выражэнне граматычнага значэння сродкамі кантэксту, г.зн. формамі слоў, якія акружаюць данае слова: смачнае жэле, новае бра, яна вядомая ціхоня, ён вядомы ціхоня.

Пры змешаным спосабе граматычныя значэнні выражаюцца і сінтэтычна, і аналітычна, г.зн. і па-за і ўнутры слова. Напрыклад, граматычнае значэнне меснага склону выражаецца прыназоўнікам і канчаткам (на дарозе, у хаце). Да змешанага спосабу неабходна аднесці і тыя выпадкі, калі для выражэння неабходнага граматычнага значэння выкарыстоўваецца пэўны парадак слоў: Аўтобус абагнаў тралейбус і Тралейбус абагнаў аўтобус.

Формаўтваральныя афіксы могуць выражаць адначасова некалькі граматычных значэнняў. Напрыклад, у дзеяслове чытаюць канчатак -юць выражае і асобу, і лік, і лад.

Граматычныя катэгорыі – гэта найбольш абстрактнае паняцце, сістэма супрацьпастаўленых словаформаў з агульным граматычным зместам. Да іменных катэгорый адносяць род, лік, склон; да дзеяслоўных – трыванне, стан, лад, час, асобу. Граматычныя катэгорыі дзеляцца на класіфікацыйныя (лексіка-граматычныя) – да іх адносяцца катэгорыі роду і адушаўлёнасці/неадушаўлёнасці назоўнікаў; словазмяняльныя – род (прыметнікаў), лік, склон, ступені параўнання, дзеяслоўныя катэгорыі (акрамя катэгорыі трывання). Члены класіфікацыйных катэгорый прадстаўлены рознымі словамі, словазмяняльныя катэгорыі выражаюцца ў супрацьпастаўленні розных словаформаў аднаго слова. Граматычныя значэнні, якія выражаюцца граматычнымі формамі, утвараюць апазіцыі, якія складаюць сутнасць граматычнай катэгорыі. Напрыклад, формы адзіночнага ліку супрацьпастаўлены формам множнага ліку, формы незакончанага трывання – формам закончанага трывання і г.д. Граматычная катэгорыя можа быць двухчленнай (бінарнай) (напрыклад, граматычная катэгорыя ліку – формы адзіночнага і множнага лікаў) і трохчленнай – граматычныя катэгорыі ладу, часу, роду. Катэгорыя склону ў беларускай мове мае самую вялікую колькасць членаў.

Граматычныя катэгорыі суадносяцца з аб’ектыўнай рэчаіснасцю, аднак гэтыя адносіны не з’яўляюцца дакладным адлюстраваннем рэчаіснасці ў мове. Напрыклад, катэгорыя ліку назоўнікаў адлюстроўвае колькасць прадметаў у рэчаіснасці, аднак гэта датычыцца толькі канкрэтных назоўнікаў; у слоў тыпу канікулы, весялосць ёсць форма, аднак няма значэння ліку.


Часціны мовы як лексіка-граматычныя класы слоў
Часцiны мовы – гэта лексіка-граматычныя разрады слоў, для якіх уласціва абагульненае граматычнае значэнне, пэўны комплекс граматычных катэгорый, агульнасць словазмянення і агульнасць асноўных сіктаксічных функцый.

Падзел слоў па часціах мовы адбываецца на аснове іх катэгарыяльнага значэння, марфалагічных прымет, сінтаксічных уласцівасцяў і сістэмы словаўтварэння.

Катэгарыяльнае значэнне – гэта абагульненае значэнне слоў пэўнай часціны мовы, не звязанае з лексічным значэннем кожнага асобнага слова. Катэгарыяльнае значэнне абагульняе, аб’ядноўвае словы ў адзін клас (разрад). Напрыклад, словы дом, сон, туман, чырвань, дарога аб’яднаны агульным катэгарыяльным значэннем прадметнасці ў адну часціну мовы – назоўнік; словы высокі, глыбокі, зімовызначэннем прыметы, уласцівай прадмету, у адну часціну мовы – прыметнік.

Марфалагічныя прыметы – гэта характарыстыкі граматычнай прыроды слоў.

Марфалагічныя прыметы, якія ўлічваюцца пры класіфікацыі часцін мовы, – гэта зменнасць ці нязменнасць, спосаб змянення (скланяюцца ці спрагаюцца), граматычныя катэгорыі і іх спецыфіка.

Адны марфалагічныя прыметы з’яўляюцца агульнымі для некалькіх часцін мовы (напрыклад, склон); другія ўласцівы толькі аднаму класу слоў (напрыклад, час).

Словы адной часціны мовы маюць агульныя марфалагічныя прыметы. Напрыклад, да назоўнікаў адносяцца словы, якім уласцівы граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону. Прыметнікі – гэта словы, у якіх граматычныя катэгорыі роду, ліку, склону залежаць ад назоўнікаў, да якіх яны дапасаваны.

Адрозніваюцца часціны мовы сінтаксічнымі ўласцівасцямі: спосабам сінтаксічнай сувязі і сінтаксічнай функцыяй. Напрыклад, назоўнік у назоўным склоне ў сказе пераважна з’яўляецца дзейнікам, а назоўнікі ва ўскосных склонах – звычайна даданыя члены сказа і звязаны з галоўным словам сувяззю кіравання.

Пры класіфікацыі часцін мовы неабходна ўлічваць і асаблівасці іх словаўтварэння – кожная часціна мовы мае свае словаўтваральныя мадэлі. Напрыклад, для назоўнікаў і прыметинікаў найбольш характэрна суфіксальнае ўтварэнне, а для дзеясловаў – прыставачнае.

Слова не заўсёды валодае ўсімі прыметамі, характэрнымі для данай часціны мовы. Напрыклад, слова звон абазначае не прадмет у літаральным сэнсе, а дзеянне, аднак па марфалагічных уласцівасцях (наяўнасці пастаяннай прыметы роду) і сінтаксічных характарыстыках (здольнасці быць у сказе дзейнікам ці дапаўненнем) мы адносім яго да назоўнікаў.

Слова кіно не змяняецца па ліках і склонах, як гэта ўласціва для назоўніка, аднак і па семантычных, і па сінтаксічных, і па некаторых марфалагічных (мае характарыстыку роду) уласцівасцях яно адносіцца да групы назоўнікаў.

У залежнасці ад таго, улічваюцца толькі фармальныя прыметы ці граматычныя і лексічныя асаблівасці слова, пытанне аб розных часцінах мовы і іх колькасці рашаецца па-рознаму. Традыцыйна вылучаецца 10 часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы і выклічнік. Першыя шэсць часцін мовы – знамянальныя словы, так як называюць прадметы ці іх прыметы або ўказваюць на іх і здольныя функцыянаваць у якасці членаў сказа. Прыназоўнікі, злучнікі і часціцы – службовыя часціны мовы, не маюць намінатыўнай функцыі і служаць для выражэння розных сінтаксічных адносін (прыназоўнікі і злучнікі), а таксама для выражэння сінтаксічных і мадальных значэнняў сказа (часціцы). Выклічнік – гэта асобы клас слоў, якія выражаюць пачуцці, пабуджэнні, волевыяўленні, не называючы іх: ах, ну, цыц і інш. Выклічнікі не адносяцца ні да самастойных часцін мовы, ні да службовых часцін мовы. Ад знамянальных часцін мовы выклічнікі адрозніваюцца тым, што не называюць ні прадметаў, ні прымет, ні дзеянняў, а ад службовых – тым, што не выражаюць адносін паміж словамі ў словазлучэнні і сказе, не служаць для сувязі слоў і сказаў, не ўносяць у сказ дадатковых сэнсавых адценняў.

Усе самастойныя часціны можна падзяліць на зменныя і нязменныя. Зменнымі часцінамі мовы з’яўляюцца назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі, дзеясловы, нязменнымі – прыслоўі. Зменныя часціны мовы скланяюцца (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік) або спрагаюцца (дзеяслоў).

Часціны мовы ўтвараюць сістэму, у аснове якой ляжаць адносіны падабенства і адрознення. Для знамянальных часцін мовы пры ўсіх адрозненнях паміж імі характэрныя агульныя прыметы: 1) яны называюць розныя з’явы рэчаіснасці, г.зн. валодаюць намінатыўнай функцыяй; 2) з’яўляюцца членамі сказа. Службовыя часціны мовы не маюць намінатыўнай функцыі і не з’яўляюцца членамі сказа, яны выражаюць адносіны паміж словамі і сказамі (прыназоўнікі і злучнікі) ці падкрэсліваюць адценні значэння іншых часцін мовы (часціцы).

Асобна разглядаюцца выклічнікі (выражаюць эмоцыі і пачуцці) і гукаперайманні (імітуюць гукі чалавека ці жывёл, прадметаў), якія не з’яўляюцца знамянальнымі, але і не выконваюць у сказе службовых функцый: Нарэшце яна сказала: «Бог мой! Які госць!» (I. Холад).

У некаторых дапаможніках як асобныя часціны мовы вылучаюцца словы катэгорыі стану (у школьных падручніках разглядаюцца як група прыслоўяў), дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі (часцей за ўсё разглядаюцца як формы дзеяслова), мадальныя словы.

Безасабова-прэдыкатыўныя словы абазначаюць стан прыроды ці чалавека, выконваюць функцыю выказніка ў аднасастаўным безасабовым сказе: У лесе гэтак жа ціха, як і у полі …(М. Стральцоў).

Мадальныя словы выражаюць суб’ектыўныя адносіны гаворачага да таго, што ён выказвае, не змяняюцца і не з’яўляюцца членамі сказа: Я думала: лёсам мне дадзена многае. I многае, праўда, мне лёс падарыў (Я. Янішчыц). Нават ад невялічкага павеву ветру галінкі падымаліся і, здавалася, вось-вось паляцяць на дол (А. Пальчэўскі).

Часціны мовы – гэта лексіка-граматычныя класы слоў, якія выдзяляюцца на аснове трох асноўных прынцыпаў: семантычнага, які ўлічвае лексічнае значэнне; марфалагічнага, які вызначае ўсе агульныя і прыватныя катэгорыі, уласцівыя гэтым словам, асаблівасці словазмянення і формаўтварэння; сінтаксічнага, які ўлічвае характар спалучальнасці і функцыю ў сказе.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   30


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка