Беларускі гістарычны анекдот




Дата канвертавання14.02.2019
Памер18.67 Kb.


Беларускі гістарычны анекдот

Гістарычныя анекдоты — гэта, па сутнасці, своеасаблівыя побытавыя і гістарычныя хронікі, часам дакладныя, часам міфалагізаваныя (дакладнасць тут, паводле законаў жанру, зусім не абавязковая), але заўсёды без афіцыйнага глянцу і, калі казаць пра найноўшую гісторыю, без ідэалагічных выкрутасаў. Да таго ж адзначым, што, не зважаючы на стэрэатыпнасць уяўлення пра анекдот, смех у дадзеным выпадку не з’яўляецца самамэтай — часам дастаткова адной павучальнасці. Без гістарычных анекдотаў бытапісанне любой нацыі няпоўнае не толькі таму, што персанажы тут — пераважна асобы, якія не маюць патрэбы ў прадстаўленні. Гістарычныя анекдоты — гэта пах і колер часу, гэта ў нечым альтэрнатыўная некананізаваная гісторыя, якой няма месца ў падручніках, але адмаўляць яе існаванне не толькі бессэнсоўна — недаравальна.

Слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран збіраў гэтую кнігу 15 гадоў. У выніку маем выданне амаль на 400 старонак, дзе сабрана каля 500 гісторый больш, чым пра 100 асобаў найноўшай гісторыі. Вокладку аздобілі шаржы мастака Кастуся Куксо.

Без цырымоній

Ідзе «творчая» сустрэча з дзедам Талашам. Знакаміты партызан прывёў з сабой баявога таварыша, каб і той распавёў пра яго. Пакуль дзед Талаш сядзіць у крэсле, таварыш выступае, але кажа нецікава, нудна, студэнты яго не слухаюць, круцяцца і шэпчуцца. Талаш глядзеў на гэта, глядзеў, і раптам як грукне кіем:

— Ціха! Гэта вам не воўк пярдзіць, а чалавек гаворыць! Усе адразу змоўклі.

Прыўкрасна

Някляеў спытаўся аднойчы ў Караткевіча, адкуль у яго звычка да слова «прыўкрасна» — відавочнай калькі з рускай.

— А што, хіба кепска? — шчыра здзівіўся Уладзімір Сямёнавіч. — Па-мойму, прыўкрасна!

Заклікі

Рыгора Барадуліна, калі быў малады і часам п’янаваты, цягнула на рыфмаваныя заклікі, бо й час быў такі— суцэльных заклікаў да светлай будучыні. Так, аднойчы ён прапанаваў напісаць над акенцам у паліклініцы, куды здаюць аналізы:



Браточкі, хворыя, сюдой

Здавайце першы свой надой.

Іншым разам жартам напісаў рэкламу часопіса «Бярозка» на запалках:



Стой! Не запальвай папяроску.

Ты сыну выпісаў «Бярозку»?!

На этыкетках жа гарэлкі ці віна рэклама «Бярозкі» магла выглядаць так:



Цвярозы ты ці выпіўшы,

А наш часопіс выпішы!

А аднойчы зарыфмаваў заклік у выдавецтве «Мастацкая літаратура», супрацоўніцы якога любілі курыць у вестыбюлі мужчынскай прыбіральні, пакуль жаночая была на рамонце:



Мiлыя паненкi, лэдзi!

Не курыце ў туалеце.

Лепш займiце,

Будзьце любы,

Нечым iншым вашы губы!



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка